РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XII
        
XII

        
        Пяць дзён не сціхала кананада.
        Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сябе тое трэсканне.
        Быў пяты вечар.
        Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на кананаду.
        Карпавіча і Васіля адпусцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.
        Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патранташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сценкамі, прабіраліся да свайго квартала.
        Зрэдку там а там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.
        – Не здаюцца, каб іх удушыла, – мармытаў Карпавіч аб белагвардзейцах.
        – Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграда, – весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.
        – Ах, каб жа бог даў... – уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што – бальшавік, а гаворыць – «бог даў».
        – Каб жа бог даў, як той казаў, – падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.
        – А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, – весяліў успамінамі сябе і старога Васіль, – шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.
        – Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры... Во сам б'ецца, як нячысцік. Усюдых паспее, – гаварыў стары.
        – У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.
        Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.
        Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.
        Яны шпарка ўбеглі ў вароты.
        – Пачакаем.
        – Трэба.
        – Ах, не ведаю, як маецца матка, – сказаў Васіль.
        – Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. І што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.
        – Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.
        – З галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.
        – Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.
        – А цікаўна, як ён цяпер? З чыйго боку? – пытаючы, казаў Карпавіч.
        І раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.
        – Стой!
        Сунуўся груд людзей.
        Група ўсякіх мястовых паноў, з'ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двох-трох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.
        – Свае, свае!
        Яны прад'явілі паролі і сказаліся.
        – А! Таварыш Гаршчок! З Газэтнага завулка? Вы як маб быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.
        – Нічога, як трапілася, – адказаў Карпавіч.
        – Васілёк! – зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.
        – Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? – пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. – Таварыш начальнік, – папрасіўся ён у галоўнага канваіра, – дазвольце паздароўкацца.
        – Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во – запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, – казаў Абдзіраловіч.
        – Вы яго знаеце? – спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.
        – Добра знаю.
        – І я таксама, – адгукнуўся Карповіч.
        – Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе. Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола. Яны пайшлі.
        – А мама дужа хварэець, – зазначыў Васілёк.
        – Ну, што ты?! – занеспакоіўся Абдзіраловіч.
        – А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыйдзеце.
        Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.
        Яны махам крутнуліся ўбок.
        Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.
        – Таварышы! – нейкім пісклявым галаском завапіў ён. – Таварышы, ратуйце!
        З варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.
        Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоння праваліўся.
        Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карповіча.
        – Капітан!! Стойце! Здурнелі!! – праразліва загаласіў Абдзіраловіч і выставіў рукі перад Гарэшкам.
        Той не мог ужо здзержацца і стрэліў, але сківірнуўся перад рукамі, і куля папала толькі ў нагу Гаршку.
        – Ая-я-я-яй!! – заекатаў, як сабака, дзядок, схапіўшыся за нагу.
        – Няма чаго шкадаваць такую дрэнь, – зласліва адказаў капітан.
        – Ператрэсці яго, – даў ён злёгку выспяткам у бок Карповічу. – Ну, а вы, прапаршчык, якім чынам укруціліся ў добрую кумпанію? Яны вас вялі пад канвоем?
        – Так, пане капітане. Яны не далі веры маім паперам і вялі мяне ў свой камітэт.
        – Хваліце ж бога за іхную дурнату. Даўно-о маглі б яны адправіць вас на лона святых радзіцелькаў. Што ж, вааружайцеся. Спадзяюся, вы зробіце, як вам падкажа вашае сумлецне і службовая павіннасць.
        На вуліцы было зусім цёмна.
        Гуд бою сцішыўся на ноч.
        З Карпавіча паздзіралі патранташы і чырвоныя перавязкі, паклалі на насілкі і панеслі ў бальніцу.
        Яны, як афіцэры, вялі перад і йшлі побач. Калі Абдзіраловіч зірнуў збоку на капітана, ён адразу выявіў тыя, быццам надта а надта даўно былыя часы, калі чарод ехаць на Каўказ не прыхадзіў яму, і тонкая, нібы джгала вужакі, нуда незлавімым мамэнтам датыкалася болем да сэрца і на той мамэнт пужала яго. Фізічна чуў сябе тады ўжо досыць добра, і нават іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей, каб толькі даць абы-якую разрыўку думкам сваім. «Бурлячая рэвалюцыя коціцца вось міма», – думаў тады, але не адно гэта смуціла яго. Ён баяўся, што пакуль выправіць паперы ў канцылярыях, сярод немагчымай маруды і куламесы рэвалюцыйнай пары, што йзноў пачнуць круціцца нэрвы, а пасля гэтага з'явіцца, можа, й тое, ненавіднае – у вобразе спакусніцы. А другі голас спрабаваў шаптаць тады яму, што не ўсё ж і адзінота, самота, кнігі і думкі, што трэба нейкага іншага, агульнага з людзьмі і весялейшага бавення. І тры дні бадзяўся прапаршчык па камітэтах, саюзах і пунктах, пакуль-непакуль дастаў усе патрэбныя дакументы, і тым клопатам здушыў крыху вужачае джгала. І ў астатні вечар, ідучы на бульвар па люднаму тратуару з гэтым Гарэшкам, старым дзявочнікам і цынікам, афіцэрам яшчэ мірнага часу, чуў ад яго:
        «Вы праз тое гэткі ціхоня святы, што не ачунялі як мае быць пасля хваробы...»
        Так казаў Гарэшка, па-конску рагочучы, і дадаваў:
        «А я, пане-браце, люблю зірнуць у прыгожыя вочкі».
        «Мне таксама люба бачыць прыгажство, – адказаў Абдзіраловіч, – калі нам хочацца смакаваць хараство ў абробленным па-мастацку каменю ці на палатне, дык чаму ж не палюбавацца на жывое, богам створанае хараство?»
        «Дзіўны чалавек! Дальбо, дзіўны вы чалавек! – зарагатаў капітан, хоць і няўважна зусім слухаў, а можа, і не чуў, што казаў прапаршчык. – Дзіўны вы чалавек, ведаеце, сучасны манах ці... ці хітры мудрагель, прытварака, каторы мае любасць у самаашуканстве, – разумееце вы, пане мой? А я, стары грахавод, люблю зірнуць у прыгожыя вочкі, – разумееце вы, прапар?»
        Яшчэ раз паглядзеў Абдзіраловіч збоку на сівеючыя каля вуха, на чырвонай, спечанай скурачцы, валасы капітана і здзівіўся ад успамінаў сваіх і падзівіў спакою свайму. Падзівіў сябе, што не чуў сораму, што не развітаўся з Карпавічам, навет не паглядзеў, калі яго панеслі ў бок ад іхняй дарогі. Нэрваў быццам не было.
        А капітан распытваўся ў яго, як жылося на Каўказе і як прапаршчык апынуўся тут.
        – Наш начальнік атрада, – казаў ён, – таксама толькі што з Каўказа, і трапіў проста ў гэтую кашу. Ён гвардзеец, князь, – Гальшанскі, можа, чулі калі? Баявы, ведаеце. Ух, працуе! У палон чырвоных не бярэць, а хто і перадасца яму, не ўцешыцца: да сценкі!
        – Я, здаецца, сустракаўся з ім у вайсковага начальства ў Пяцігорску. Але ён не рыхтаваўся выязджаць так скора.
        – Ён, кажа, баяўся, што дарогі стануць, у яго тут справы ў штабу.
        Абдзіраловіч размаўляў ціхім, аслаблым голасам. Ён не мог супоўна ўцяміць частых перамен свайго палажэння. Прыгода з дзядком-бальшавіком, яго айканне стаяла яму ўваччу.
        – Пане капітане! Я павінен вас пакінуць на нейкі час і залучыць тут у вадну знаёмую сям'ю. Заўтра ўранні яўлюся, – папрасіў ён.
        Гарэшка задумаўся і пацёр сваю рэдзенькую сівізну ля вуха.
        – Ано, можаце пайсці! Ды пільнуйце, галубок, сценкі і плота. Смеху будзе варта, калі згінеце за неасцярожнасць.
        Зь! Зь! – зняцейку зазвінела міма вуха.
        Людзі шурхнулі ўва ўсе бакі і прыгнуліся.
        – Во, бачыце? – крыкнуў яму капітан у дагон. І чорт яго ведае, адкуль і хто, свой ці чужы.
        Абдзіраловіч аддаў чэсць і трушком пабег за рог дома, спадзяваўся знайсці Васіля ці прабрацца на вакзал.
        «Так, свой ці чужы, – падумаў ён з нейкім сорамам ці каяннем. – Я не ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікога нейтралітэту і ашуківаю тых і гэтых і самога сябе. Няўжо панская кроў, каторая цячэць у маіх жылах, маець тут нейкае значэнне? Ату, што за дурныя думкі – гэтага не можа быць».
        І адна палова яго, каторая разумела бёлых, маўчала, знямела.
        І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму выспятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку.
        Інстынктыўна, з агідаю матнуў ён рукою, каторую пажмаў Гарэшка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.