РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXI
        
XXI

        
        На ўсходнім фронце чырвоная армія дужа пабіла белую армію. З гэтай прычыны ў месце N. бальшавікі назначылі свята на суботу. Бедная Іра Сакавічанка не магла ў гэты дзень пабачыцца ў вастрозе з сваімі сябрамі, бо ўсё ўсюдых было па-святочнаму зачынена. Трэба было чакаць яшчэ цэлых сем дзён... Парадзіўшысь з Абдзіраловічам, пастанавіла яна за гэты час з'ездзіць у сяло, гдзе быў Канцавы вучыцелем, і дастаць паперу ад сельскага камбеда, што арыштаваны не ёсць пэўны шкоднік для бальшавіцкай уласці, што камбед бярэць яго на свой адказ да самага суда. Спадзявалася таксама дастаць нейкую паперу і Сухавею ў Горках.
        Вярнуўшыся з Зарэчча, кудой хадзіла дагаварыць сабе падводчыка-балагола, Іра сустрэла на лесвіцы ў гатэлі Абдзіраловіча. На вуліцы ўжо хадзілі з песнямі, з музыкай, насілі штандары, і куламеса з розных адарваных гукаў ляцела аж сюды на лесвіцу, і дзяўчына хацела шыбчэй забегчы ў свой пакой і схавацца ад усяго. Гэтая няўважнасць дзяўчыны пры спатканні чапнула прыкрасцю і так ужо, як самому здавалася, зчэрваваны яго настрой. Ён ішоў за ёю без той радасці, якой жадаў і на якую спадзяваўся. Думаў, што яна маўкліва вінаваціць яго ў тым, што нічога не памог ёй у вызваленні арыштаваных, і дзеля таго і з ім такая. І сам пачынаў вінаваціць яе за гэткую дзявочую легкадумнасць, з якой яна дарма так на яго думае і абніжае рознымі справамі прыемную любасць асабістых яго з ёю адносін.
        – А божухна! Як замарылася за гэты дні і як зусім дарма, ні для чога, ох! – сказала-прастагнала Іра, кінуўшысь на крэсла й абшчапіўшы галаву рукамі.
        – Як дарма? – з малай ахвотай перабіў ён. – Што маглі, зрабілі.
        Абое подаўга маўчалі. У пакой даляталі глухаватыя гукі з вуліцы, там іграў аркестр, а шарэнгі людзей прахадзілі і пяялі. Даляталі гукі «Інтэрнацыянала». Абдзіраловіч прыслухаўся і хацеў бы пайсці на вуліцу. Яна ж зморана схілілася і паглядзелася ў люстра; і паціху адсунулась; схудзела і неяк зблажэла за гэтыя дні беганіны і непакою ў незвычайнай сфэры. Дзівавала сабе, што згубіла і не мае сваёй паўсёднай жыццярадаснасці, што выбілася з духу. Хацела б войстра а войстра адчуць усё тое, што было ў яе, калі тужыла цэлы дзень у гамаку. Няма таго. Во сядзіць той перад ёю, а яшчэ далейшы і чужэйшы, чым тады. О божухна! Гэта ж мінулася жыццё, гэта ж сіл ужо няма, зморанасць апанавала.
        Яму падабаўся матыў «Інтэрнацыянала», падабалася пяянне, пабуджаў той клум, што быў на вуліцы, пабуджаў у ім сілы і некуды клікаў, і ён з прыкметнай жывейшасцю сказаў дзяўчыне:
        – Што б там ні было, а мне надта падабаецца музыка «Інтэрнацыянала ».
        Пачуў, як паволі наплывае нез'яснёны сорам за словы «што б там ні было», і дадаў:
        – Прыгожая музыка, праўда?
        – Ага, прыгожая...
        Яна не ведала напэўна, як разумець словы «што б там ні было», але палічыла іх за яго супярэчнасць з бальшавіцкімі крывавымі ўчынкамі і наўмысля сказала, падумаўшы:
        – Прыгожы матыў «Інтэрнацыянала», але пакуль ён не пабуджае ў маёй душы ўяўлення гора або радасці абы-якой «інтэрнацыянальнай» грамады людзей, пакуль такой грамады сярод нацый на зямным клубку я не відзела й не знаю, – патуль мне больш чаго кажаць матыў нашай мужыцкай беларускай марсельезы, з матывам каторай мне ўяўляецца бясконцы, цярнёвы, крывавы шлях к інтэрнацыяналу майго няшчаснага народа...
        Памаўчаўшы і трошку спакайней, але з яшчэ вялікшай тугой у голасе дзяўчына казала далей:
        – Праўда, мне і з тым і з тым матывам аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ не скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, з яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безміласэрнасцю ўзяліся рабіць з беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчывання сваёй фікцыі інтэрнацыянала. О, будзь яны прокляты! – узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. – Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасці інтэрнацыяналам для нас, – дык дзякуй за ласку... Можа, трапім увайсці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, без гэтай дадатковай формы развіцця!
        – Іраіда Аўгенаўна! Навошта ж прыймаць усё так блізка к сэрцу. Мне здаецца, што ўсё няшчасце тут ад разладу тэорыі і практыкі. Бо, скажыце, калі ласка: тэорыя камунізму дазваляе, каб маскоўскія ці якія іншыя камуністы гвалтам абмаскалівалі беларусаў? Тэорыя інтэрнацыяналу вінавата ў тым, што беларускім народам кіруюць цяпер бальшавіцкія камісары ўсякіх нацый, апрача беларускай? Ці яна вінавата, што ў нашым знамянітым Обліскомзапе* ёсць армяне, латышы, жыды, палякі, маскоўцы, але няма нас, беларусаў? Што правінцыя маець толькі такіх кульгавых беларусаў, як гэты Гаршчок?
        * Па-маскоўску: «Областной Исполнительный Комитет Западной Армии и Фронта», а пакарочана: «Обл-іс-ком-зап».
        – Можа, пойдзем абедаць? – паспыталася ў яго Іра.
        Ён усміхнуўся, змоўк і адказаў, што «з прыемнасцю».
        Калі схадзілі па лесвіцы, Іра прадэкламавала пачатак «Марсельезы»:
        
        
Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі,
        Сказалі, што трэба рабіць,
        Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
        Што трэба зладзеяў пабіць...

        
        І сказала, патроху адпускаючысь у злосці:
        – Я лічу аднакава зладзеямі як тых, што даюць замест хлеба камень як камень, так і тых, што даюць яго пад відам хлеба. І аднакава пабіла б іх, ці яны – разлад тэорыі і практыкі, ці яны – простая сваволя.
        Прыкрасць ізноў, яшчэ горшай, чапнула настрой яго. «Змоўкла бы ты ўжо, – падумаў аб ёй, – ты не чула таго, што чуў я надоечы ў таго праклятага Гаршка, ты не ведаеш, што робіцца ў маёй душы, а ўсё мяне папікаеш няведама за якія ўчынкі...»
        А яна паглядзела на яго збоку, падумала, што ён, аднак, прыгожы, а потым адвярнулася і памысліла: «Ты ловак цяпер разважаць, а гдзе ты сам, вайсковы беларус, быў тады, як украінцы арганізавалі свае нацыянальныя вайсковыя часці, выдзяляючысь з маскоўскага войска? Пэўне, і тады вельмі разумна разважаў».
        На вуліцы яна хапалася шыбчэй абмінуць маніфестантаў і забегчы ў страўню, а ён углядаўся, й слухаў, і думаў: «Я з-за непаразумення трапіў у панскія сыны, я сын гэтай чорнай грамады і хацеў бы павесці яе ляпей за ўсіх да шчасця».
        Паабедаўшы, яны разышліся. Іра не хацела, каб ён увечары прапускаў яе ў ад'езд, толькі цвёрда-пільна прасіла, каб усё рабіў, што толькі змога, для вызвалення Міколы й Сухавея. Яна чуць не заплакала, казала, што сэрца яе знібеець, быццам вяшчуючы нешта злашчаснае, дык каб зараз даваў ёй вестку аб усякай новай змене ў справах. З свайго боку чуць не клялася, што за сем дзён пастараецца ўсё справіць і адаб'ець яму тэлеграму, як дастанець паперу ад камбеда. Ён сунімаў і супакаіваў дзяўчыну, а развітаўшыся, пачуў аж нейкую палёгку, так усім гэтым знэрваваўся.
        Цэлы гэты дзень бальшавіцкага свята бадзяўся па вуліцах і скверы, быў на плошчы і слухаў прамовы аратараў з трыбуны. Асабліва падабаўся слуханнікам кульгавы Гаршчок. Хоць ён не столькі выказываў новыя ці паважныя думкі, сколькі лаяў рознае панства і манахаў, каторыя некалі мучылі яго, біў кулаком у грудзі і па більцу загародкі і крычэў тонкім, звонка-пісклявым голасам, хоць так, – але прамову яго просты народ паймаў найляпей і біў яму ў ладкі з усяе сілы і прыемнаеці.
        Седзячы ў скверы на лавачцы, Абдзіраловіч уздумаў на Іру з мешаным чуццём нейкага жалю, крыўды і раздражнённасці, а потым уздумаў на свае любошчы з Алечкаю. «За якую мяккасць характару неспанараўны быў я для яе?» – думаў сабе. «Што не здолеў вырваць яе дужасцю свайго кахання з прыкрай мне буржуазнай сферы? Не, добра, што ў нас нічога не выйшла і мы разышліся ў розныя бакі. Абое былі б няшчасныя, бо скрозь усё жыццё цягнула б нас нешта ў гэтыя розныя бакі. А так яна, прынамсі, знайшла свой пэўны прытулак жыцця, пабраўшыся з тым князем». І тут жа ўзноў уздумаў на Іру, на яе шэрыя круглыя вочы, такія разумныя, але ўжо без той маладзенькай дзявоцкай свежасці, што ў Алі. Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі бліскучых чорных валасоў стаяў уваччу, і не меў ён на яго ніякага жалю, ніякай крыўды. А голас Іры, мяккі, густы, нутраны, дрыжэў увушшу ды будзіў жаль і раздражнёнасць.
        Часам мітусіўся той вечар у Гаршка і забірала злосць на народ і на бальшавіцкіх такіх Гаршкоў. А проці Гарэшкі было штосьці тупое, цяжкое, ненавіднае, што не магло яшчэ прарвацца ў звычайнай злосці і быццам чакала асаблівай дарогі для свайго разгону.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.