РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
VIII
        
VIII

        
        На паўдарозе да станцыі ёсць невялічкія выселкі. Яны прытуліліся збоку шляху, пад узгоркам, і жывуць сваім асобным жыццём, у якім няма нічога супольнага з тымі, што ў балагольскіх будках едуць па шляху з N. на станцыю ці з поезда ў N. З тымі «ў чорным», што ўноччы кураць папіросы, бліскаючы жоўтымі аганькамі, гамоняць то паціху, то голасна, смеючыся і пытаючы з будкі: «Што? Коні паіць будзем?» А ўранні дрэмлюць, жмураць вочы ў халадкаватым паветры рання і няўважна кінуць вокам раз-другі на зялёныя ад моху і пырніку стрэхі высялкоўскіх хат – і едуць сабе далей, і дрэмлюць сабе далей, аж да самага N. Ніхто не заязджае ў выселкі, бо і коні там паіць нязручна: калодзеж дрэнны, вада гніллём тхнець, вядро не скора знайдзецца. Заязджаюць у выселкі хіба падводнікі-сяляне, асабліва з «белага» боку, у якім людзі яшчэ і дагэтуль носяць белыя жупаны «на вілачках» і белыя маргелкі. А ў выселках таксама жывуць «белыя» беларусы.
        Ціха заўсёды на шляху каля выселак. Улетку толькі часам гуляюць пад старой, каравай бярозаю дзеці з беленькімі ці жоўценькімі альнянымі валасамі, у даўгіх, да пят, белых кашулях, ды туляецца гультай-сабака з калматым хвастом і калматымі звіслымі вушамі.
        Поле высялкоўскае за балотам, за хвайняком, па той бок ад выселак, і са шляху яго не відаць. А людзюхны ўлетку на полі.
        А ўвосень яшчэ смутней у выселках. Жывой душы не відаць ад шляху на бруднай і шэрай вуліцы. Дзе ж іхныя хлопцы і дзеўкі, каторым належыцца весяліць усе выселкі, – багавіца іх ведае.
        Глухая старана. Глухі народ.
        Такімі якраз адбіліся выселкі ў памяці Абдзіраловіча, і надта быў ён здзіўлены, што парушаецца чарада яго сумных думак нейкім рухам на шляху і ў выселках, што ў аднастайнасць маркоты ўбіваюцца звонку негарманічныя для цішы ўспамінаў, звонкія гукі.
        Паміж шляхам і выселкамі стаяла старэнькая каплічка на крутым курганку пры вузенькай дарозе. Размывалася дарога, спаўзала чырвоная гліна, і не давалі рады пакутныя вербы. А блізка шляху і каплічкі, каб ніхто не ездзіў па руні, добры селянін згарадзіў плот.
        Стаялі пад каплічкаю, сядзелі на плоце, на карчох вярбін і навет на тым курганку пры дарозе, спусціўшы ногі на чырвоную размытую гліну, высялкоўцы і слухалі аратара, але не ўсе ўважна: апазіцыя, ці што, галдзела.
        А гэты аратар – малады яшчэ хлапец, вучань Гарэцкага каморна-агранаміцкага вучылішча, – калі пад'ехалі калёсы з Абдзіраловічам, аратар гэты, стоячы на плоце і абшчапіўшы аднэй рукою кол, другою, змёрзлаю, грубаю і чырвонаю, быццам тая карэлая гліна, махаў у рытм прастуднага, сіплага, але маладога і дужога голасу:
        – Браты сяляне! Браты беларусы! Значыцца, будзем галасаваць за свой спісак! За беларускі спісак! Спісак нумар восем, памятайце! – і ўсё махаў рукою, як слова бласлаўляў, як поп, сваіх слухачоў.
        Старэйшыя людзі, дзядзькі і цёткі, ветліва і ўважна слухалі хлапца, таксама і частка моладзі, а невялічкі гурток хлапцоў наўмысля рагатаў, каб збянтэжыць аратара. Падбіваў іх кучаравы дзядок у гарадскім адзенні, каторы не пазнаў у лубяной дажджавой накідцы Абдзіраловіча, а той, посля толькі, пазнаў, што гэта Карпавіч.
        – Усім трэба ісці к урнам і ўкідаць свае білецікі. Хоць адзін дзень аджалейце ўжо, не працуйце і йдзіце. Няхай ідуць не толькі мужчыны, але ўсе: і вы, цёткі, – блаславіў вучань кіўком рукі бабскі грудок (тыя ані плюснулі і добра слухалі далей), – і вы, дзевачкі! – кіўнуў ён у дзявоцкі бок.
        Дзяўчаты пачалі саромліва аглядацца па бакох і пільнавацца паважнасці.
        З гэтага ўзрос клум і наперадак, павялічаны дзяцвішчаю ў каплічцы і хлапецкімі жартамі ненаўмысля і Карпавічам і двума-трыма наўмысля.
        – Брахня! Пара канчаць! – крыкнуў адзін з гэтых двух-трох, нейкі абшарпанік, – не то згалелы высялкоўскі гаспадар, не то п'янюга-каменацёс з N. або са станцыі: крыкнуў ён і азірнуўся на Карпавіча.
        – Маўчы, Калістрат! Я цябе знаю з Горак! – злосна блаславіў крыкуна вучань-аратар і ўзноў гаварыў далей.
        А Карпавіч прабіваўся наперад, каб гаварыць за бальшавікоў.
        Абдзіраловіч зразумеў, што гэта выбары ў Устаноўчы Сойм, і захацеў пабыць да канца. Падводнік яго адпусціў каню падпінак і падкінуў яму жмуток сена.
        Сход болей ужо зварочваў ўвагі на калёсы.
        А надвор'е было імгліва-халадковае, нуднае. І лепей ба сядзець у такую пару ў хаце.
        Старэйшыя, слабейшыя, дзяды і бабы, так і зрабілі: патроху, патроху расхадзіліся да хат. Гэткім чынам беларуская старана, што была за вучня, аслабела, і Карпавіч узлез на прасла і абшчапіў другі кол. Вучань пачуў небяспеку і, яшчэ больш напружыўшы свой сіплы голас, крычаў:
        – Браты беларусы! Браты сяляне! Дзядзькі і цёткі! І вы, маладзейшыя! Значыцца, будзем...
        – Таварышы! Таварышы сяляне! – зазвінеў у перабой яму высокім галаском Карпавіч. – Паслухайце ка мне, калі хочаце, каб быў вам мір і зямля. Паслухайце ка мне, я вам скажу самую лепшую праграму, каб быў ужо адразу мір і панская зямля! Паслухайце, таварышы, праграму бальшавіцкую, каб было вам усяго як найболей...
        І да Карпавіча пасунуліся ўсе, хто быў у салдацкіх шынэлях, і Калістрат, і нямала яшчэ каго, навет і дзеўкі ўслед за хлопцамі.
        Вучань спазніўся ў пару змоўкнуць і гаварыў далей, хоць і слабеў ад прыкрасці, што Карпавічаў голас так звініць.
        – Гэй, паніч, кінеш ты ай не? – схапіў яго за падол шынэлі Калістрат. – Усё ж роўна не аддадзім табе галасоў.
        – Мы доўга слухалі паніча, і хоць ён казаў, што належыць да сацыялістаў-рэвалюцыянераў, – вымаўляў акуратна па складох два астатнія словы Карпавіч, – і належыць навет да нейкіх беларускіх рэ-ва-лю-цы-я-нэ-раў, быццам то самых наскіх, але ці пачулі мы ад яго, калі ж будзем дзяліць панскае дабро? Чаму не можам цяпер падзяліць? Ці чулі мы ад яго, чаму не можам зараз жа скончыць ім-пе-ры-ялі-стыч-ную вайну? Ці чулі мы ад яго, што гэта за людзі ідуць па беларускаму спіску нумар восьмы? Не, не чулі? А там ідуць напэўна адны паны, якія кіруюцца, каб як лаўчэй абдурыць мужыка.
        – Так, справядліва! – крыкнуў Калістрат.
        – Але ж гэта спісак беларускі, наш родны! – крыкнуў вучань і блаславіў слухачоў зусім крыва, губячы настрой.
        – Не трэба нам панскай радні, – звінеў Карпавіч з заядласцю.
        – Не трэба! Не трэба! – падхапіў Калістрат і хлопцы ў шынэлях.
        Дзяўчаты троху палахліва, троху сарамліва адсунуліся яшчэ далей ад вучня. Пачалі канфузіцца і дзядзькі.
        – Не трэба нам, паніч, твая праграма, ну! – крыкнуў Калістрат і пацягнуў яго, спрабуючы, далоў за хвост шынэлі.
        Вучань скокнуў з плота на зямлю. Быў ён нязграбны, касалапы, у вялікіх ботах, і захлюпаныя разрэзы шынэлі з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам цялёпалі па шырокіх халявах, калі ён ішоў.
        – Вы едзеце на станцыю? – спытаўся ён у прапаршчыка. – Можа, падвязлі б мяне троху?
        – Добра. Будзе весялей. Сядайце.
        Яны паехалі.
        Сход слухаў Карпавіча, і толькі мала хто, найболей з дзяўчат, правадзіў іх падводу маўклівым паглядам.
        Ізноў пачалася імгліва-халадкаватая нуда ў апусцелым полі.
        – Чаму ж вы не давялі змагання да канца? – запытаў Абдзіраловіч.
        Вучань памаўчаў, пакрактаў, пахухаў па пальцы.
        – Усё роўна, – сказаў ён.
        – Чаму?
        – Так... Няхай гэты дзядок-бальшавік выедзе ў Маскву, тады да галасавання можна будзе яшчэ падысці сюды, калі я ці хто з нашых паспее. А цяпер трэба агітаваць у С-й воласці. А тут нічога не выйдзе, бо селяніну бліжэй і знаямей цяпер пытанне аб міры і зямлі, чымся аб беларускім адраджэнні. Дзядок карыстае.
        – І многа вас, вучняў, ходзіць так?
        – Даволі...
        – Ад партыі, ці як?
        – Не, мы так, самі па сабе.
        Абдзіраловіч усё больш дзівіўся і цікавіўся.
        – Адкуль жа ў вас гэткая стараннасць? – не мог ён прыдумаць далікатнейшага пытання і збоку ўзіраўся на просты, сялянскі і тыпічны беларускі твар хлопца.
        – Адкуль? – весялей пачаў казаць хлопец, гледзячы проста перад сабою. – Ці вы не беларус, што пытаецеся?
        – Беларус, – адказаў Абдзіраловіч роўна і проста, але з дробачкай спагаднага смеху.
        – А калі беларус, – дык скажыце ж вы мне: што вы робіце, каб адрадзіць нашую няшчасную бацькаўшчыну?
        Абдзіраловіч няўмысля ўсміхнуўся, але здзержыўся і спытаў у вучня:
        – Вы кажаце ўжо каторы раз аб адраджэнню. Што гэта вы хочаце тым словам сказаць?
        – Аб ім вы лепей даведаецеся з беларускай літаратуры, чымся ад мяне, – сказаў хлапец непрыхільна, думаў ужо, што перад ім вораг, – а вы мне, аднак жа, адкажыце, што вы робіце для бацькаўшчыны, для маткі Беларусі?
        Абдзіраловіч зноў няўмысля, але дужэй засмяяўся і не мог здзержыцца, хоць пасля і ўцяміў, што пакрыўдзіць хлопца, і несур'ёзна, як ужо пайшло адразу, смеючыся, сказаў:
        – Бацькаўшчына – матка Беларусь? Ха-ха! Выбачайце, паночку, але мая бацькаўшчына – уся Расія.
        – А! Так! – раптам выскачыў хлапец з калёс. – Ну, дык мне не па дарозе з рэнэгатам, – сказаў і, не глянуўшы назад, пайшоў пехатою па сцежачцы збоку дарогі, пад бярозамі.
        – Паночку! Што вы? Пажартавалі, ці што? Сядайце, паедзем шыбчэй! – не ведаў, што казаць, бо не разумеў хлапца, Абдзіраловіч.
        – Які я вам чорта «паночку»? – зусім зло і ўзноў не паглядзеўшы, адгукнуўся хлапец. – Я мужык-беларус і пасылаю да ўсіх чартоў змаскаленых паноў-рэнэгатаў... Да ўсіх чартоў! Чуеце? – са злосцю крыкнуў ён і звярнуў на ўбочную вузенькую дарожку, пайшоў і пайшоў у імгліва-халадкаватую нудную восенную далячыню.
        – Стой! – крыкнуў узлаваны Абдзіраловіч свайму хурману і схапіўся за вожкі, меўся ўжо бегчы за хлапцом: чаго ён і як ён паважыўся лаяцца?
        – Едзь! – пусціў, падумаўшы, вожкі з рук. – Дурны нейкі, ці што, – казаў быццам сабе, быццам падводніку і пачаў супакойвацца, – яшчэ ён і лаецца, вось дурань!
        – Дурань нейкі, – згодзіўся і маўклівы падводнік і перасунуў белую маргелку з лба на зморшчаную старую патыліцу.
        А той пайшоў і пайшоў у сваіх вялікіх ботах.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.