РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
IV
        
IV

        
        Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі; а ў тых вачох радасна-вясёлы, ціхі смех – вось гэткая Аля Макасеева, старэйшая дачушка N-га домаўласніка, што нажыў за вайну вялікія міліёны.
        Апошнія два гады Макасеі з пачатку вясны і да астатніх дзён сезону жылі на Каўказскіх курортах, а з прыгоды рэвалюцыі і голаду ў N., стары Макасей, хаця ж сам бавіў найболей у N., надумаўся купіць у Пяцігорску ці Кіславодску дом і пакінуць там сям'ю сваю на ўсю зіму.
        Пад канец сезону курорт быў бязлюдны, і ў небыццё свайго старога мадам Макасеіха, ад нуды, ахвотна запрашала да сябе афіцэраў, што лячыліся там. Не бачыла яна ў тых знаёмствах нічога асаблівага і старалася толькі бавіць сябе і сваю капрызную супярэчніцу Алечку.
        Часам пісала ў лазарэт пісульку, рыхтавала стол з фруктамі, віном і папіросамі, і моладзь уз'яўлялася скакаць і весяліцца, піць і есці.
        Алечка летуцела быць балерынаю, танцавала многа і з вялікай прыемнасцю, а матулька бавіла час на балконе ў гутарках з князем Галынанскім, каторы не любіў сябраваць з афіцэрамі простага роду, дзеля таго, што яны, зазвычай, нядобра ўзгадованы. І чорная маленькая мецінка, падобная да барадаўкі, на верхняй губе, збоку, не магла змягчыць яго грэблівай замкнутасці, а давала навет часам выгляд дурнаватай, здаволенай пышнасці.
        Князь не хаваўся, што нялюб яму Абдзіраловіч, другі паўсёдны гасцяваннік макасееўскага дому. А той чуў да князя тое самае: памятаў ліпнёвую ноч у купэ, як князь еў парасёнка. І калі ў прысутнасці князя маці дражніла Алечку Абдзіраловічам, казала, што дзяўчына трызніць ім ува сне і ў яві і клоніцца яму быццам богу – гвардзеец быў маўклівы, уважаў, што за нудою і так ужо вельмі рызыкоўна бярэць у абшар сваіх знаёмых нежаданы элемент.
        Аля яшчэ ніколі, бадай, не кахала і не ведала, ці так наагул кахаюць, як яна Абдзіраловіча.
        У парку, зрання, сцярог ён, калі, ці скора пакажацца яе лёгкая фігурка з курчаваю, без хвусткі, чорнай галоўкаю сярод грудка маленькіх браткоў і сястрыц.
        І быў несказана як рад, калі яны ўсёй вятачкай валілі к лавачцы, дзе сядзеў ён; хлопчыкі па-салдацку казыралі, а дзяўчынкі прысядалі, вітаючы, і потым лезлі яму на плечы.
        Яна ж ведала, што яму салодка карціць адысціся з ёю ўдвох у глыб парку ці лезці на гару і бавіцца там.
        Яны часта ўздумавалі на сваю першую сустрэчу ў Маскве на вакзале, калі яна ўсміхнулася яму, а ён адхіліў свае вочы.
        Яны даўно сказалі сабе, што любяцца, і згаварыліся чакаць да налецця. Яна ж спадзявалася, што незабавам прыедзе бацька; вельмі хацела паведаць старому радасную тайну сваю і пахваліцца Ігналікам. Болей нікому не ймела яна веры. Ігналік павінен быў спадабацца Міколу Мартынавічу, яна была ў гэтым пэўна.
        Аднойчы Абдзіраловіч распачаў гутарку аб яе паглядах на пахаджэнне з роду, багацце і – як уважае палітычныя пытанні, але яна, відаць, зразумела так, што каханак бяднейшы за яе, і зажмала яму рот бусямі, прасіла, каб болей не казаў аб палітыцы.
        Ён пачуў прыкрасць і боль, адылі супакоіў сябе, што вінават, гэта, буржуазны лад жыцця, а яна не вінавата.
        І зараз на тое забыўшыся, дзівіўся, што гэта ў душы яго з якоюсь прыкрасцю дваілася? Тым часам князь, як слова наўмысля, выдумляў паездкі вярхом у горы ці ў экіпажах у італьянскую калонію – есці мёд і купляць віно. І Абдзіраловіч мусіў сачыняць у галаве розныя добрыя прыгоды, каб адмовіцца, бо не меў на тое кампанейства грошы.
        Цалюткі дзень меўся ён тагды ў парку з яе браткамі і сястрыцамі, і яны пыталіся, што яму, што ён гэтак засмуціўся; і з дзяцінай простасцю пацяшалі, што Аля ўвечары прыедзе.
        Іногды чакаў бясплодна аж да паўночы і раздзіраўся балючаю бязверыцаю, разважаў: ці ж яна кахае, калі шукаець прыемнасці без яго, пакідаець яго аднаго, так лёгка ймець веры, што ў яго галава баліць, калі трэба ехаць. Ці ж яна ткі кахаець?
        Аднойчы ўранні хтосьці прынёс і вывесіў у лазарэце абвестку, што ў той жа дзень у Пяцігорску, у Лермантаўскай галерэі, адбудзецца першы арганізацыйны сход грамадзян-беларусаў, каторыя закінуты доляю на Каўказскія мінеральныя воды. Згукае ініцыятыўная група.
        І Абдзіраловіч з недаўменнасцю прачытаў сярод другіх салдацкіх і афіцэрскіх подпісаў: князь Гальшанскі.
        «Таксама, значыцца, беларус, – падумаў ён, – забаўная штука».
        А быў сам несвядомы і хоць горача любіў бацькаўшчыну, але з якоюсь недавернасцю думаў аб руху адраджэння, аб якім некалі чуў краем вуха.
        Калі ён прыехаў на сход, то пераверыўся, што князь, каторы непрыхільна кіўнуў яму галавою, навет кіруе ўсім карагодам, стоячы сярод груду сабраных на сцэне хлапцоў і дзяўчат, салдатаў і нейкіх, відаць, вучыцялёў-бежанцаў.
        Збіраліся беларусы надта ж неакуратна і марудна.
        А ўрэшце панайшло дужа многа ўкраінцаў, а потым прырынуў вялікі натоўп бежанцаў Горадзенскай губерні: старых і дзяцей, дзяўчат і баб.
        З першаю прамоваю, па-руску, выступіў князь Гальшанскі.
        Ён салідна казаў аб тым, што ён любіць і што ўсім трэба любіць забытую, акінутую намі, няшчасную матку Белую Русь, бо цяпер ужэ самаазначаюцца. Запрашаў да працы і еднасці, каб забыліся на ўзаемныя крыўды з боку паноў і мужыкоў.
        Няможна было зразумець, які чарвяк тут найпільней яго точыць. Але – нічога. Выступалі хворыя салдаты і нясмелыя, але заядлыя вучыцялі. Гарачых слоў было сказана шмат.
        – У нас, белоруссов, нет классовой борьбы! – смачным, зычным голасам прагалашаў, князь у заканчальнай прамове. – Нет ее, не должно быть и не будет!! Мы все, от пана до Степана, как говорится, будем стоять за одно: тесный союз з Россией и законное наделение малоземельных крестьян землею!..
        Так казаў князь, і аніхто з прысутных, ахвяруючы ва імя бацькаўшчыны, не пярэчыў яму, калі быў і не згодны.
        Абдзіраловіч чуў, што сэрца ў яго тыхаець, як молат.
        І раптам штось падхапіла яго і занясло на трыбуну.
        Абурлівым, гняўлівым голасам, надаючы шмат страснай шчырасці і гледзячы ў бок убогай бежанскай масы, казаў ён у яе роднай мове, на якую не паспеў яшчэ забыцца, казаў усё страшней і страшней:
        – Вашых бацькоў паны забівалі бізунамі, і мянялі на заморскіх сучак, і прадавалі, як быдла... Вашых матак гвалтавалі панічы... З вас самых высмактвалі кроў. За бярозавую хлабасцінку з панскага лесу вас гнаілі ў турмах...
        Князь-старшыня патроху бялеў. Заля знямела і занзіла ў прамоўцу тысячы бліскучых вачэй.
        – І цяпер вам кажуць: у вас няма змагання клясаў перад агульным ворагам... О, не! Яно ёсць!! – высокай, хваравітай, звінячай нотаю крыкнуў ён, бачыў, як з туману выходзіць абраз Алі, яна едзе ў горы з маткаю і князем, пакідаець яго. – Яно ёсць, гэтае змаганне, яно павінна быць! Хто яго не прызнае, той не ведае холаду, голаду, а вы, вы... Падзівуйцеся на сябе і ўздумайце, што было! Вы бедны, убогі, дзеці вашыя галодны і няшчасны, і тысячы крыжоў укапалі вы па дарозе, уцякаючы з бацькаўшчыны...
        Ён чуў, што кажа зусім не тое, што меўся казаць, што словы рвуцца без парадку, без яго поўнай волі, а гаварыў, гаварыў доўга... адылі быў гром воплескаў, галасы, плак нейкай бабулькі, – прамова перарвалася.
        Салдаты пакінулі князя і абгуртавалі яго, быццам абіралі так на свайго глаўнага. Князь збялелы, як папера, але замкнуты і маўклівы, горды, нэрвова барабаніў па стале пальцамі.
        Сход гудам гудзеў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.