РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XVII
        
XVII

        
        На мысль адну аб тым ад болі сэрца млее...
        Нашто ж, нашто было цябе мне палюбіць?
        Тваёй быць не магу – на то няма надзеі, –
        А без цябе... О, не, я не магу так жыць.
        К. Буйло

        
        Іра Сакавічанка, дачка ляснічага, скончыўшы гімназію ў N., паступіла на пасаду земскай настаўніцы ў глухой правінцыі недалёчка ад Крупак, двара Абдзіраловічаў. Яна была на раздарожжы: хацелася ехаць на вышэйшыя курсы, хацелася памагаць бацькам вучыць малодшых дзяцей, значыцца, служыць, зарабляць грошы. Хацелася – от, так, неабмеркавана, няясна чаму – забіцца ў глухі кут, у бедную школку, вучыць дзяцей, чытаць кніжкі і думаць аб нейкіх неспадзяванках у жыцці. З беларускім рухам яна пазнаёмілася яшчэ на школьнай лаўцы: гімназісты давалі чытаць беларускія кніжкі. Перад службай Ірачка думала так: для адраджэння патрэбны людзі з вышэйшай асветаю, дык яна папрацуець год-два ў школцы, заробіць грошы, а потым паедзе вучыцца; дый ці мала чаго перадумала тагды дзяўчына... А выйшла зусім не тое. Ля Крупак яна пранастаўнічала чатыры гады – да той памятнай для яе вясны, калі ўлюбілася ў студэнта Абдзіраловіча. Пасля яна перавялася ў Гарэцкі павет, каб быць бліжэй да Горак: ёй шмат хто казаў, што ў гарэцкіх сельскагаспадарскіх школьных інстытуцыях ёсць надта многа свядомых беларусаў паміж вучняў. Яна хацела вырваць з успамінаў тую вясну, назаўсёды зрачыся ўсякіх любошчаў і ўсёй душою аддацца «толькі аднэй святой працы – працы на ніве беларускага адраджэння». Пераехаўшы ў новую школку, яна незабавам завязала зносіны з Горкамі. Там на першым беларускім спектаклю яна надта расчулілась ад прыемнасці і разам расчаравалася. Пабачыла, з якімі высілкамі працуе жменька ідэёвай маладзёжы, як мала зроблена і як шмат працы ёсць усюдых, усюдых. І яна завінулась ля гэтай працы, колькі дазвалялі сілы і час. Сеяла беларускую свядомасць сярод сялян і сялянскай інтэлігенцыі. Вучыла не толькі дзяцей, але й дарослых чытаць, пісаць, дэкламаваць і пяяць па-беларуску. А вучыла без беларускіх падручнікаў, бо іх няможна было дастаць з-за дэмаркацыйнай лініі.
        Гэтая праца захапляла яе ўсю. Даўгі час Іра быццам не мела а ні той вясны, а ні тога кахання, а ні тых успамінаў. Быццам забылася на Абдзіраловіча.
        Але цяпер, дачуўшыся, што ён жывець у N., што бацька хочаць памірыцца з ім, што можа быць шкода для справы ад яго несвядомасці, – Іра ўзноў згубіла спакой, толькі не мела смеласці прызнацца сабе ў тым. Ёй здавалася, што зусім не любіла Абдзіраловіча, што ў яе было нешта, што няможна было й любоўю назваць... Але чаму ж паміма яе волі думаецца аб ім, плывуць ужо ўспаміны аб той вясне і хочацца без концу ляжаць пад яблынкай у гамаку, зробленым з старога гаспадарскага пехцяра, паціху гутацца з заплюшчанымі вачмі і апалымі ад невядомай, беспрычыннай зморанасці рукамі?
        І чаму першы раз во паўзуць у голаў такія нядобрыя думкі? Думкі аб тым, што працуе, працуе без концу, а дзе ж радасць асабістага жыцця? Было толькі раз, толькі з ім. І тады ж рабіла, працавала, чаму ж тады вясна была ўсцяж святам, сонечным, радасным святам? А цяпер? Ці ж так ужо й не будзе асабістага шчасця? А годы лятуць, лятуць... Яна ўжо не падобна да сябе на картачках, здыманых у N-скай фатаграфіі, у тую вясну. Ужо няма таго вясёлага, радаснага смеху ў дзявоцкіх вачох, няма той маладзенькай дзявочай свежасці. Сэрца сціскаецца ад засмучэння. І самой сабе сорамна за думкі гэтыя! То ж здрада святой справе. Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння бацькаўшчыны?
        Бегла ў хату, ставіла на расчыненае вакно грамафон і завадзіла нешта першае, што траплялась пад руку.
        І сорам чула, што ў будзённы дзень, калі ўсе людзюхны працуюць у поце чала на жніве і сенакосе, яна парушаець сельскую цішу нібы святататным грамафонным крыклівым пяяннем:
        
        
Гарні, гарні бульбу з печы,
        У торбачку дый на плечы...

        
        І нэрвовым, смешным ёй самой рухам рукі адкідала йголку і слухала звінячыя ў вушох раптоўныя моўчкі пустога пакоя. Не хацела абедаць. Бегла пад яблынку і клалася на гамак, тварам ніц на падушку. Быццам мімаволі патрошку гуталася і прыціхала.
        Паўднёвае жніўнае сонейка пазлачала лісцё ў садзе і прабіралася скрозь яго навет да калыханай дзяўчыны. Гдзесьці гудзела пчала і далёка на шляху тарарахалі пустыя калёсы. Ківаўся лісцячак на яблынавым сучку, ківаўся ражок хвусцінкі на яе прыніклай да падушкі галоўцы. Спіць яна. Спіць не спіць, усё чуець, ведаець, а быццам спіць, не можа заснуць... Думае думы Іранька.
        То ж не ў гамаку яна гутаецца, а ў люльцы сваёй дзяцінай, як была маленькая. Падпаўзаюць мухі, прыкра неадчэпныя, аж пад посцілку да дзіцёнка, робяць яму яшчэ душнен, і тады бабулька-нянька, чуючы варушэнне, барджэй налягаець на пачопкі і пяець-пяе нашу дзіўную музыку дзяціных гадоў:
        
        
А йдзі, коце, у лясок,
        Прынясі ты Ірцы паясок...
        А йдзі, коце, на рынак,
        Прынясі дзяўчынцы разынак...
        А йдзі, коце, ва таржок,
        Прынясі паненцы піражок...

        
        Цішэй а цішэй скрыпаець люлечка. Ды сонейка прабіваецца скрозь посцілку і варушыць паненачку спелянатую, пяець нянька тое, што цяпер Іраньцы ўспамінаецца, не то нуднае, не то соннае:
        
        
Сядзела котачка на кухні,
        У яе вочачкі папухлі...
        – Чаго ж ты, котачка, плачаш:
        Ці піцькі, ці есцькі хочаш?
        – Ні піцькі, ні есцькі хачу,
        Па сваёй жалосці плачу...
        Сам кухар пячонку злізаў,
        На мяне, котачку, сказаў;
        Хочуць мне лапкі адбіці.
        Чым жа я буду хадзіці?..

        
        Пяець бабулька песню, якую пяяла сваім дзяцём і якую соладка сама слухала восемдзесят год назад таму.
        Думае думы Іранька.
        Чаму з бабамі сянні жаць не пайшла? От бы не нудзілася!
        Уранні, з расіцаю, па халадочку, люба й лёгка жаць. А за дзень замлеець спіначка. І сорам жа, каб яе постаць ды адзаду цягнулася. Хруп, хруп! Шуміць серп. Распаўзаюцца жучочкі, казюлечкі й божыя кароўкі. Кінулась сівая мышынка з-пад камлыжкі да свае норухны. Дарма не пайшла ты сянні з бабамі жаць, Іранька! Сніцца табе на сонейку няведама што, і млеець тваё сэрданька.
        Так ташнавала дзяўчына аж да вечара, то ляжала, то бегала, спакою сабе не знаходзіла. А калі ўсё паснула ў ціхім сяле і маркотны месяц паплыў па сінім небе, а нейкія адзінотныя трывожныя ваблокі абміналі яго і трывожным ветрыкам варушылі спячы сад, Іра выйшла з хаты і глядзела на чорна-крывавы мак яа градох, дыхала паветрам ад красуючай табакі і слухала тую цішу. А пастаяўшы, хадзіла па садзе, варочалась у хату, хадзіла па сваім пакою, ішла ў парожні кляс, хадзіла там, гледзячы праз тускла-бліскучае шкло на ясны месяц і ўзноў ішла ў свой пакой, дзе вакно было адчынена, а праз яго цягнуў свежы халадок.
        Школа яе дзялілась вузкім калідорчыкам на дзве палавіны: у аднэй быў кляс, а ў другой жыла настаўніца. Другая палавіна была шмат меншая за першай; гэта быў адзін невялікі пакой з адгароджаным тонкаю драўлянаю пераборкаю кутом, у якім настаўніца спала. Ля адной сцяны стаяў даўгі, вялікі стол, увесь закладзены кніжкамі, нотамі, рознымі паперамі і грамафоннымі кружэлкамі. Паміж столам і вакном стаяла пляцёнае з ракітніку крэсла, з высокаю адкінутаю спінкаю, надта добрае для сядзення зморанаму ці летуцённаму чалавеку. Ля другой сцяны – шырокая, мяккая канапа, а на ёй – гітара з чырвонаю стужкаю, а з двух канцоў канапы – крэслы ў беларускім стылю, з рэзьбаю, вялікія, цвёрдыя і простыя. На сценах – без шпалераў – вісела невялічкая карта Беларусі, а над ёю, абвіты беларускім паяском, вісеў маленькі партрэт у рамцы Янкі Купалы. На другой сцяне быў Тургенеў і колькі выразаных з ілюстраваных часопісаў і проста налепленых на паперу фатаграфій беларускіх літаратараў і дзеячоў. Два вакны былі ў сад. Адно – усё загароджанае хатнімі краскамі; другое ўдзень паказвала праз сябе клумбы з прыгожымі, буйнымі краскамі, некалькі градак з гароднінаю і далей – невялікі садок, некалькі яблынак і слівак, кусты шуры і парэчак. На градох было дужа многа цвітучага добрага маку з густа-чырвонымі вялікімі ляпёсткамі і ўжо некалькімі досыць буйнымі мачынкамі. Тут жа блутаўся вусаты, кручаны гарох, звісаў з высокіх, уваткнутых сукаватых кійкоў сваімі кволымі кручастымі вусікамі, пачынаў цвіцець бела-фіялетавымі дробнымі красачкамі. На клумбах расла табака, леўкоі, пахнючы гарошак і яшчэ колькі розных красак. І клумбы й грады разрасліся густа і багата, навет дзіка, не ведалі штодзеннага пільнага дагляду і буялі самадумам.
        І ўзноў маркотны месяц і ціхі сонны сад цягнулі дзяўчыну з яе цеснага пакойчыка туды, гдзе ў цямноце буяў гарох і чарнеўся добры мак. А ці надоўга? Пастаяўшы безнадзейна сярод прыгожых, ды невясёлых моўчак ночы сярод тае пакутнае начы, зараз бегла назад у цясноту свайго пакойчыка.
        Ідучы па вузкай тропцы, што зарасла нізкай, стаптанаю травіцай, перапечкаю і безыменнаю мураўкаю, Іра сашчыпнула чырвоны, выгнуты, з чорным плямам пасярод, маковы ляпёстак і неўпрыцям ірвала яго ручкаю, падносячы да вуснаў. Прыйшла, накруціла грамафон, паставіла «Веснавую казку», а сама села ў пляцёнае крэсла, прыхінулася спінаю і заплюшчыла вочкі. З грамафоннай трубы ляцелі свежыя і звонкія, як вясна, гукі скрыпкі, а дзяўчына наперакор ім дэкламавала з Канстанцыі Буйло:
        
        
Я каханне маё пахаваю ў душы,
        Спакой сфінкса на твар налажу,
        І хоць сэрца ад болю сканае ў грудзях,
        Я нічога табе не скажу...

        
        Астанаўляла грамафон, ішла да вакна, садзілася і глядзела ў заліты бліскам месяца сад, аблёгшыся падбародкам на пастаўленыя ручкі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.