РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
VI
        
VI

        
        І пачаліся дні балючай рэўнасці, адчаю і смяротнай тугі.
        Аля як быццам зусім забылася на яго. Яна бавіла ўвесь час у паездках з маткаю і князем то ў Кіславодск, то ў горы, то ў італьянскую калонію.
        Яго месца каля Алі забраў сабе князь – гэта было ясна.
        І навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч, вінаватая вяла іх ад яго.
        На другую за той вечарынку ён не быў запрошаны.
        І бесклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і па-прасцецку казалі яму:
        – Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці ж вы гэта запраўды? Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык... І ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п'ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.
        Абдзіраловіч хацеў бы забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысля ўсміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад усіх і быць аднаму. І буркаў толькі ў адказ ім:
        – Ну, вось яшчэ, любіце плесці нет ведама што, – не варта слухаць.
        Аднак яны ведалі, што ён мучаецца, вельмі тым уражаліся і ніякай рады даць не маглі.
        Аднойчы ўранні і надта рана, калі ён, змучаны бяссоннаю начою, туляўся ў пустым парку і бязмэтна трапіў на вакзал якраз к адходу першага ранняга поезда, яго вочы стыкнуліся там ля касы з няняю Макасеяў з кошыкам у руках.
        Дзяўчына кінула спуджаным вокам убок і прамовіла:
        – Аля тут... Мы паедзем на станцыю Бештаў па пірог: Валя сянні імяніннік.
        Ён нічога не адказаў і паспяшыў да вагона, дзе стаяла Аля і махала новенькім гнуткім стэкам.
        З весялосцю, як быццам нічога не здарылася, усё добра, прывіталася яна з Абдзіраловічам і пачала апавядаць, як цікаўна з'ездзілі яны ўчора.
        – Аля! – у трывозе, і запыхаўся, і хапаўся скарэй сказаць усё, і дрыжачым голасам прамовіў ён. – Скажыце мне, Аля, што гэта ёсць? Няўжо ўсё скончана?
        – Вы задаліся метаю папсаваць мне настрой, хоць некалькі дзён не бачылі мяне. Слухайце, Ігналік, мне ж не выпадае бегаць за вамі... Што могуць усе падумаць! Ці я вінавата, што вы нейкі, нейкі... – яна памаўчала, – самотны нейкі і ўважаеце ўхіляцца ад паязджання з намі.
        Сэрца яго балюча зазнібела.
        – Чаму ж вы не адказвалі на мае пісьмы?
        – Ай, ну вось... Вы ўсім вінаваціце толькі мяне. Я не пісала таму, што спадзявалася сустрэцца з вамі. Спадзявалася кождага дня, і дні беглі адзін за адным.
        – Падумайце, – без абы-якога звязку перапыхнула яна з радасным смехам, – падумайце: князь рыхтуецца прыйсці да мяне ў сваты! Чакаець толькі татусю. Ах, што за дурны чалавек, як усе мужчыны. Хоць, ведаеце, запраўды, ён паважна гэта робіць. Гэткі знялюбелы! Ну, што я адкажу яму? Падараваў мне стэк. Ляньце: срэбраная мышачка і якая прынадная манаграмка!
        – Бывайце здаровы, Аля... так? – апаўшым голасам, абезнадзеіўшы, спытаўся ён.
        – Слухайце, Ігналік, калі не хочаце пасварыцца канец з канцом, дык пакіньце сваю драматычнасць і злуванне, чуеце?
        Паравоз запыхкаў і дзьмухнуў белаю параю. Сірэна чыстым, звонкім і зычным голасам прапела ў свежым горным паветры.
        Яны рассталіся.
        Доўга етаяў Абдзіраловіч і глядзеў туды, гдзе ў лесе хаваўся за дрэвы і кусты, уцякаючы, поезд.
        Яна некалькі разоў, жадаючы пацешыць яго, махнула ручкаю, але скарэй, чымсі ён усё яшчэ спадзяваўся, схавалася за дзвярмі.
        «Міласлівы пане гаспадару! Прашу адкінуць усякія думкі аб маей дачцэ. І гэтае маё жаданне зусім натуральнае пры поўным з майго боку няведанні аб тым, хто Вы і што Вы ў Вашам грамадскім стане па-за вайсковаю службаю, маю надзею, будзе Вамі, як афіцэрам, добра споўнена. Макасеева.» – прачытаў ён у прынесеным пасля снедання пісьме і зняможна лёг на канапку.
        – Князь прадыктаваў! Аб яго залатой торбе яна добра ведае, – скрыгнуў ён зубамі. – А ты, Аля, Аля! Ах, навошта, навошта ўсё гэта было?
        І цяжкі гнёт наваліўся на яго, апанаваў яго.
        Белы тварык з чорнымі бліскучымі вачмі і курчавымі пасмачкамі, дзявоцкі смех і жарты – гэта быў боль і мука без паратунку.
        Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.