РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XI
        
XI

        
        Алечка ведала, што ў яе жыцці ідуць чарадою то добрыя, то нядобрыя дні. Яна нават заўважала, што дрэнны настрой, гэная адзнака злыдняў, пачынаецца заўсёды звечара ў панядзелак.
        І не так было Алечцы прыкра тое, што Ігналік паехаў не развітаўшыся, як тое, што ад'язджанне яго трапіла на пачатак нядобрай паласы жыцця. «Яшчэ падумаюць, што я аб тым шкадую», – разважала дзяўчына і наўмысля хавала ад усіх свой брыдкі настрой.
        – Зусім няможна было спадзявацца, каб прапаршчык Абдзіраловіч быў гэткі неўзгадаваны: выехаў нічога нікому не сказаўшы, быццам уцёк, – так жартам казала яна і так наўмысля смяялася, – а хоць і ўноччы выязджаў, каб ведама, схадзіла б на вакзал, – так яшчэ дадавала яна, каб кожны зразумеў, што ёй ані каліўца не карціць ні яго ўзгадаванне, ні яго ад'язджанне: яна гаворыць, каб пасмяяцца.
        Князь, аднак, разумеў яе зусім іначай і без праўдзівага смеху паднімаў голеную, пульхлую губу з чорнаю мецінкаю, паказваючы белыя, быццам пена, зубы. Заўважыў тое, што яна хавала ад усіх, і перш з прыкраю цярплівасцю, а далей з цярплівай злосцю скаліў ён свае зубы і не хацеў ці, можа, і не мог мець замкнуты твар перад раптам знялюбелаю дзяўчынаю.
        А за гэта і сам знялюбеў ёй.
        – Князь... падумаеш: наўда вялікая! – казала яна ў той дзень сваёй малодшай сястрычцы, клаўшыся спаць. – Усе за яго ніжэйшыя, усе неўзгадаваныя, толькі ён адзін харошы, падумаеш!
        – Мне ён ні разу не падабаўся, – адмовіла маўклівая Лёля.
        – А мне, думаеш, падабаўся? – спыталася Алечка і не ведала, што яшчэ казаць, трошку памаўчала.
        – Хто цябе ведаець, – неяк здалёку і быццам з неахвотай казала сястра, закідаючы рукі за голаў, на падушкі, – пэўне падабаўся, калі прапаршчыка Абдзіраловіча прамяняла на яго, а той быў такі добры і слаўны.
        Ад гэтых слоў Аля яшчэ болей усердзілася.
        – Ат! Нічога ты, Лёлька, не разумееш, – скоранька адказала яна, – не магла ж я сама бегаць за гэтым святым Абдзіраловічам, калі ён не хацеў гуляць з намі...
        – Што там табе казаць, – звярнула Лёля размову на шчырасць, – пан Ігнат быў табе зусім не «гэты», і дарма ты завеш яго святым. Каб ты не слухала князя, хто якога роду, дык ба лепей было.
        – Ну, што б было?
        – А тое, што князю не выпадае казаць у нас аб тым, хто якога роду, калі мы самі з мужыкоў. Аля пачырванела.
        – Ты, Лёлька., малая, а лезеш у вялікае і нічога не разумееш... Ні-чо-гінь-ка, а нічымчагенька! І таксама было б лепей, каб ты ніколі не гаварыла аб нашым родзе. Мамачка, ведай, гэтага не любіць. Наша мамачка ўнучка генерала, а татулькін толькі дзед быў з простых, гэта ўжо даўно. А ты не ра-зу-ме-еш!
        – Няхай сабе я не разумею, а ты, Аля, разумееш, а пана Ігната пакрыўдзіла... А цяпер шкадуеш...
        – Лёлька, маўчы! Пакахаеш сама, тады будзеш ведаць, як казаць... Спі адна, калі ты гэткая, – скрозь слёзы скончыла гутарку Аля і пайшла спаць у пакой да няні.
        У гэты час у сенцах зазвінеў званок.
        Няна адчыніла і шыбка прыбегла назад сказаць, што прыехаў сам Мікола Мартынавіч.
        Алечка была ў бацькі аблюбёнаю дачушкаю, аблюбёным дзіцёнкам і з прыемнасцю чула на сабе бацькаву любоў.
        Алечка заўсёды бывала дужа рада, калі ён прыязджаў, і не ведала, што рабіць з тае радасці: чапалася яму на шыю, абляпляла яго бусямі, гладзіла яго сівую бараду і парослыя валаскамі рукі, тулілася да яго, чуючы, што ўва ўсім свеце толькі ён адзін разумеець яе, даруець ёй памылкі і абмашкі і любіць яе так, што дзеля гэтага толькі й жывець. Яна была зачараваная бацькавым розумам, яго цвёрдасцю ў адносінах да людзей, яго багаццем. З маткаю ж не мела тых прыязналюбых звязкаў і любіла матку менш, чымся яго. А з гэтых прычын чакаць татульку было для яе быццам нейкай дадатковай і паўсёднай, у запасе, прыемнасцю, каторая ратавала ад вялікага смутку ў чарод нядобрых дзён і надавала асаблівай прынаднасці, салодкага прыгажства яе шчасным дням.
        Цяпер жа, калі няня прыбегла і сказала, што прыехаў сам Мікола Мартынавіч, Алечка, замест радасці, пачула нешта новае, дзіўное, зусім не добрае. Было ёй ці то прыкра, ці то боязна. Чула, што будзе нешта дрэннае, благое. Быццам апала яе сэрца.
        Яна стаяла ў дзвярах пакоя, дзе жыла няня, глядзела ўздоўж па калідоры, дзе з канца, з цямноты выходзіла вялікая фігура бацькі, аб нечым разважала і ведала адно, толькі адно, што ёй боязна перад новым, невядомым...
        – Што, Алюся, не пазнала таты? – з пяшчотаю, і негасцю, і наплываннем асабліва вялікай любасці ў сэрцы пасля даўгога разлучэння сказаў Мікола Мартынавіч і далікатненька абшчапіў яе і пацалаваў яе.
        – Татусю, пазна-а-ла! – адказала яна і прытулілася да бацькі, але тое новае не пакінула яе.
        – Сцюдзёна табе, Алюся? – спытаўся стары, заўважыў, што яна не такая, як заўсёды, быццам мімаволі куксіцца.
        І калі выйшла жонка, ён, павітаўшыся, перш-наперш спытаўся, што гэта з Алюсяй, ці здарова яна.
        – Чаго ж ёй хварэць? – спакойна і навет трошку іранічна адмовіла матка. – Здарова, толькі непаседліва, нападалася за дзень, бо ў хаце не стыкаецца.
        Аля чула, што сказала матка, і падумала, як яна нялюба кажаць, і з прыкрасцю чакала, што зараз яна пачне яшчэ хваліцца князем, што ён напэўна прыйдзе ў сваты.
        І нялюбасць да ўсяго чыста спавіла дзяўчыну і піхала на самыя неспадзяваныя ўчынкі, – толькі Аля ведала, што гэта пройдзе, што гэта – благая чарада жыцця, і дзеля таго толькі адзержывала сябе.
        Цяжкі настрой не пакінуў Алю і ўранні на другі дзень. Яна сніла Ігналіка, быццам яна з ім і з нейкімі людзьмі плавала ў чаўне па мору. Човен абярнуўся, і яна з Ігналікам абшчапілася, і абодва заліваліся ў сцюдзёнай, сцюдзёнай, сольнай і мутна-сіняй вадзе.
        З беленькага катэра, знеткуль, кінулі ім вяроўкі з гумавымі паясамі, яна схапілася, а Ігналік з маўклівай, пакутнай і даруючай за крыўды ўсмешкаю адпіхнуўся і пачаў залівацца адзін.
        Яна ўстала, як звычайна, і снедала разам з усімі, хоць і не мела апетыту, але ў парк гуляць не пайшла і лягла з кніжкаю на качалку. І не магла чытаць. Перш чула нейкую мляўкасць ува ўсім целе і як слова хмель у галаве, а потым зразумела, што пачынае гарэць.
        Калі прыйшоў князь, каб паказацца Міколу Мартынавічу і адным заходам пашчупаць грунт у справе сватання (бо маруда была яму не з рукі і надакучыла яму), Аля ўжо ляжала, завінутая коўдраю, на пасцелі, ля яе сядзеў старэнькі вясёленькі дзядок, курортны доктар, і воддаль – Мікола Мартынавіч.
        Князя ўвяла і сказала аб ім сама гаспадыня якраз у той час, калі доктар гладзіў Алю па ручцы і ласкава супакоіваў яе, кажучы ёй і каб чуў бацька:
        – Нічога, нічога, маё дзетка: маленькая нервовая хваробка... Трэба супакоіцца, выпіць мае мікстуркі, хоць ад іх і не вялікая польза, і як рукою здыме. Найлепшая ж рада й лекарства – спакой.
        Мікола Мартынавіч быццам і цікавасці не меў прыгледзецца да князя і безуважна кіўнуў рукою на крэсла, каб той садзіўся.
        Такое прыйманне было нялюба князю, і ён адразу пачуў нейкую непрыхільнасць да мільёншчыка. Аля яшчэ пабольшыла яе тым, што адвярнулася да сцяны, калі князь прыйшоў.
        І пасля візыту князь зразумеў, што абставіны спляліся так, што сватацца няма чаго патыкацца. Мець абы-якія справы з «лапацонам», як ён у думках аблаяў міліёншчыка, было нялёгка. Хвароба ж дрыжонай дачушкі, відаць, зусім у благі бок скіравала настрой і думкі Міколы Мартынавіча. Дарма зрабіў князь спробу завесці з ім размову аб ратаванні маёмасці ад розных у часе рэвалюцыі магчымасцей. Дарма казаў яму пасля абеду ў кабінеце аб лісце ад пэўнага чалавека з Масквы, што трэба – як га – ратаваць домы і капіталы і сваё ўласнае жыццё. Дарма падбіваў старога прадаваць усё і выязджаць за граніцу – той слухаў няўважліва і маўчаў, бо навет гаварыць аб тым не хацеў. Мусіць, не ён, вясковы выхаджэнец, веры, каб хам мог яго зжорці.
        І князь пастанавіў выехаць у сталіцу. Той ліст аб чаканых грозных падзеях напалохаў яго і прымусіў парупіцца.
        Прыкра было яму.
        І ён удаўся ў маркоту.
        Увечары таго ж дня гасцяваў у яго вясёленькі, старэнькі курортны доктар, каторы і памагаў яму развеяць гора і салодка патужыць. Выпілі яны кахетынскага, добра пад'елі, пачырванелі, пасядалі ў мяккія крэслы і курылі, сумна думаючы. Потым князь узяў у рукі гітару і навёў струны на мінорны лад. Гукі гітары, гукі тужлівыя плылі ў дымна-сінім змроку цёплага пакоя да расчыненнага балкона і таялі ў смутным паветры шумячай жоўтым лісцем восені. Замігцелі на цямнеючым небе зорачкі, адна, другая і трэцяя за чорнаю каўказскаю гарою. Гітара дрыжача варкатала, і князь маўчаў і думаў аб тым, што было і што мінулася...
        – Эх, мінулася, мінулася, – казаў доктар і качаў галавою, – да вайны было, а цяпер мінулася, мінулася ўсё, эха-ха, – і ўздыхаў, ківаў галавою.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.