РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
VII
        
VII

        
        Тая смутна-ціхая пара, каторую так любіў і каторая стаяла ўваччу, калі думкі ляцелі да хатак Беларусі, яна ўжо даўно мінулася, калі ён прыехаў.
        Ужо даўным-даўно перайшлі тыя дні, калі слабнучае сонейка яшчэ прыпякала, а селянін першы раз сёлета паліў пад асеццю. Дым шэра-палавою стружкаю віўся па-над вільчыкам страхі і плыў угару чуць віднымі фарботамі. Цягнулася белая ніцявінка павучыння... Вераб'іная стая дружна хуркала з-за плота на канаплянішча, і хлопчык бег па высокай і вузкай, нязручнай мяжы, сярод зялёных густых канапель, зганяць іх, а яны: хуррр! – паляцелі ў поле на снапы жоўтай пшанічкі ці ў лес. Ёмка кідаў ён шубнём і думаў з прыкрасцю, што – ах, колькі канапелек збіта, і з уцехаю, што – нічога: заўтра яго возьмуць ляшыць жыта і паднасіць сяўню.
        Перайшлі тыя дні.
        Перайшлі ў яго там, дзе было прыгожае сонечнае ранне, курортны поезд бег ад Мінеральных Водаў пад Пяцігорскам. Надта рана. Морыць сон. Пасажары дрэмлюць. Усходзіць сонца. Далякосці абгорнуты посіня-залатою імглою; яна пачынае таяць, і там а тут касулькі бліскуча-радаснага святла граюць ужо на кізілавых кустох, і на тэлеграфным дроце, і на полі. Дзе ж горы? Мясціна то ўжо гарыстая; то скідаецца тэрасамі ў шырокі і бясконцы дол, то карагодзіцца круглымі ад кустоўя курганкамі ўперамешку з роўнымі, кароткімі шнурочкамі чорнай, як сажа, раллі. З левага боку, у другое вакно, сунецца з туману якаясь цёмная грамада. Крутая паваротка дарогі, загрукатаў паравоз у правы бок – і горы блізка, блізка... як на далоні, як на карцінцы або ў біноклю. Там голая скаліна, там зялёныя грудочкі кустоўя. Здаецца, не надта вялікая гара, стаіць на самоце, адна, як курган. Адылі бягуць мінуты, далёка забег поезд, – яна ўсё такая ж блізкая, блізкая. А вёрстаў дваццаць будзе да яе адгэтуль, а можа, і болей. І горны лес, што ўкрыў яе, рысуецца зялёнымі плямамі кустоў ці травы і моху. Гэта гара-волат Бештаў.
        Як сон прайшла тая пара. І светлы, залаты, і чорны, цяжкі сон.
        Сядзіць ля вакна. Адзін. Мікола пайшоў у другую палову, дзе кляс.
        Па небе шпарка ляцяць цёмныя воблакі. Распаўзаюцца, чапаюцца, збіраюцца ў адзін груд і засцяць неба. Смоўжам звілася над зямелькаю брудна-шэрая аграмадная пялёнка; яна хавае сонца. Пачырванелі дробныя ручачкі ў хлопчыкаў і дзяўчынак, што з кніжкавымі торбачкамі цераз плячо бягуць па апусцеламу шляху, абсаджанаму з двух бакоў чарадою смутных бяроз. Сцюдзёна. З неба белым курам пыляцца снежынкі, сіроткамі сыплюцца знеткуль згары, з няяснасці; выплываюць і мякка кладуцца на зямлю, на суччо бяроз, на ўбогую вопратачку дзяцей, на зімовыя шапачкі і хвустачкі.
        Няможна трываць! Як цяжка. Газет няма трэці дзень. У сяле ходзяць нейкія дурныя чуткі. Быццам у Расеі будуць забіваць усіх чыста паноў. Быццам панскія двары сахою ўзаруць.
        І выплываюць абразы...
        Князь, белы, як крэйда, кажа з трыбуны, што на Беларусі няма клясавага змагання. Вялікі груд бежанцаў – старыя, дзеці, бабы – раптам шалёна кідаецца на яго.
        Растоў ля Дона. Станцыя. Каўказскі і маскоўскі сустрэчныя паязды стаяць побач цэлую гадзіну ці блізка таго. Клумлівая куламеса людзей – там усе нацыі і клясы – бітма набіла перон. Малады чарнявы прапаршчык, з глыбокім смуткам у карых прыгожых вачох (гэта ён сам) ідзе ў залю 1-га кляса, дзе па застоллях сядзіць новая і даўнейшая публіка: паны і мужыкі ў салдацкіх шынэлях. Вун там за асобным столікам, у вугле, селі ўдвух: чорны, лысенькі, разумны армянін і кастамары, сур'ёзны пан з калматымі чорнымі бровамі пры сівеючых валасох, з стродкім паглядам. Нешта ўздумаваецца... Ах, ды гэта ж яна казала, што такі яе бацька.
        – Во, душа, Мікола Мартынавіч, дагуляліся вы, радыкалы! На Каўказ захацелі, на самоту?
        – А трэба даведацца сям'і, – хмурна кажа той. Подаўга маўчыць.
        – Мы работалі, мы працавалі, з нічога стварылі многа, скажу я вам, – вядзе ён гутарку далей так, быццам адказвае на свае думкі, – і каб гэткіх, як я, як мы, болей а болей, – Расея была б слаўна, заможна і магутна. Ды ці мы ж вінаваты, што ідуць зладзеі і гультаі і лезуць на месца, здабытае намі.
        Яны абодва злёгку аглядаюцца на яго і гамоняць паніжонымі галасамі.
        А не думае Мікола Мартынавіч, што побач сядзіць той, каторы любіў Алю, яго папсаваную багаццем дачушку. Не, ён яму не паможа. Апошняя надзея праходзіць міма. І клумлівая куламеса людзей з перона раптам шалёна кідаецца на яго і лысенькага армяніна.
        І душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі, цяпер цвярдзеець, але робіцца нядобраю, набірае ўсё болей нейкай калянасці і навет жорсткасці. Няхай сабе тая плача па нейкай паненцы. Ёй не шкода, і яна не здрыгнецца, калі дзікая людская куламеса пашарпае на шматкі і князя, і Макасея-міліёншчыка, і разумца-армяніна. Ёй не шкода... А тая, другая, падумала і здрыгнулася.
        Плывуць абразы...
        Бывае так, што сярод холаду, шэрасці, пустэльнасці і нуды асенняй прыроды, сярод прыкрага надвор'я самай познай восені на небе неяк неўпрыцям прагаліцца маленькі сіненькі лапічак – адзін, другі, трэці. Вось ужо не малая частка неба вызваляецца з-за хмар, сіняя, радасная; яшчэ лёгка плывуць па яе берагох прыгожыя фарботы цёмных пасяродку і белых наўкол болачак. Яшчэ вісіць чорная, палавая туча далёка-далёка над лесам, як слова яна там дужа добра ўчапілася. А зірніце, зірніце скарэй, як вун там шпарка перасунулася астатняя срэбная хмарка цераз сонца; бліснуў з неба першы сноп светлага калосся на крыллі пруда-ветрака; перабег залатой пасцілкаю цераз папоў сад – і ўсё весялеець, робіцца прыгожым; ціхенька варухнуліся галінкі на старой бярозе, убачыўшы сонца, і мякчэйшай хоча быць мёрзлая груда пад нагамі дзяўчыны, што схапіла вёдры, бяжыць вады, бяжыць і нечага смяецца, а сонейка забылася, забавілася, любуецца на дзявоцкае прыгажство.
        Бывае так.
        А там ізноў – шэрая нуда.
        Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі; а ў тых вачох радасна-вясёлы, ціхі смех, – стаіць Аля ў сонечным арэоле. І ўсё весялеець, робіцца прыгожым. Аля! Аля!
        Ах... аднойчы распачаў гутарку аб яе паглядах на пахаджэнне з роду, багацце і – як уважае палітычныя пытанні, але яна, відаць, зразумела так, што ён бяднейшы за яе, і зажмала яму рот бусямі, прасіла, каб болей не казаў аб палітыцы.
        А можа, і тады навет думала, што ўсё роўна ў іх нічога не выйдзе, дык няма чаго аб тым гаварыць, няма на што супакоіваць яго.
        А можа, і яшчэ гарэй зразумела яна? Напэўна! Яна думала, што на яе багацце галяцца!
        Бывае так.
        І тады – шэрая нуда.
        – Так, так, так! Бывае!! – кінуўся ад вакна.
        – Што ты крычыш тут адзін? – уваходзіць Мікола, добры, слаўны Мікола.
        – Кажу: бывае... усё бывае! Вось уздумаў на аднаго знаёмага. Міколу Мартынавіча, цёзку, бач, твайго. Ніколі не бачыў яго, а як жывы стаіць мне ўваччу.
        – Ну, так, бывае, – не зразумеў Мікола. – А ведаеш, – кажа ён наўмысля дужа звычайным голасам, – навіну пачуў ад дзяцей: Крупкі ўчора таксама, ведаеш, разбіты мужыкамі... Дом, ведаеш, братка, спалілі. Нічога, бацька паспеў уцячы ў Магілёў. Ездзілі нашы на станцыю, даведаліся. Дык вось, ведаеш. Цябе тут ніхто не знае, не думай. А бацька, аднак, паспеў жа ўцячы...
        «Ах, так, Крупкі... Дзе я радзіўся, дзе я рос, дзе вісеў партрэт надменнай прыгажунні полькі, што людзі казалі: «Твая матка, яна памёрла, як ты радзіўся». Забілі мужыкі – даведаўся я. Крупкі, касавіца, сенажаць, маленства... Ану, чорт і з ім, ці не ўсё роўна? Так, ці не ўсё роўна? Дачка ляснічага Іра кахала мяне, а не прызналася, бо не мела веры, каб я, багатыр, узяў яе, мяшчанку без пасагі. Я люблю Алю, а павінен даць дарогу князю. Якая дурата! І чорт з ім, з усім!»
        – Чорт і з ім, чорт і з ім, – мармочыць ён і палохае Міколу.
        – Што ты кажаш?
        – А? Бацька ўцёк? Чорт з ім...
        – З кім? – зусім не разумее Мікола свайго Ігнася і ўзноў пытаецца: – З кім?
        – Так, з усім. Не шкода.
        – Бібліятэка, братка, згарэла.
        – Ат, няхай сабе. Яны створаць сабе, калі ім будзе ў тым патрэба.
        – Хто яны?
        – Людзі аднэй з табою косці і аднаго і табою цела, браце Мікола, але з духам, не папсаваным цывілізацыяй, як у цябе, – аб іх кажу...
        – Ну, і што?
        – Што? Нашы дзяды мардавалі вашых, а даўгі спаганяюць, бач, унукі з унукаў.
        – Э, браце Ігнась, мне цяпер не ймецца веры ў цалебнасць каўказскіх мінеральных водаў, – з натугаю жартуе сціплы друг, каб скіраваць думкі з прыкрай, нейкай дурной сцежкі.
        – Так... яны атручаны.
        Мікола, згубіўшыся ў парадку, пабегаў па пакоі.
        – Во што, Ігнась. Буду прасіць цябе. Пасядзі ў класе, пакуль я збегаю на сяло. Дзядулька там адзін памірае. Прыслаў па мяне. Нешта хоча, ведаеш, сказаць прад смерцяй.
        – Добра. Зроб ласку.
        – Даведаюся якраз, якія навіны ёсць. У Маскве быццам салдаты б'юцца з юнкерамі і афіцэрамі. Нешта, ведаеш, незразумелае. Не йму веры, пакуль не прыйдуць газеты. Трэці дзень няма іх.
        Пайшоў Мікола.
        Кляс быў даволі раскошны.
        Ціха сядзелі дзеці і ўкрадня, а пільна прыглядаліся да чужога, маўклівага, новага.
        Абдзіраловіч сеў за стол, пісаў. Сажмаў галаву. Прайшоўся па клясу. Раз, другі.
        Дзеці прызвычаіліся і пачынаюць патроху шумець.
        За печкаю, у куточку, дзе ў пагодлівыя дні можаць добра прыгрэць сонейка, сядзіць дробненькі хлопчык з мізэрным, хударлявенькім цельцам і вялікаю галавою з валасамі ёжыкам. Спачатку ён кідае зладзейскім вокам на гэтага злога пана, але бачыць: не глядзіць той на яго ані-ні. І хлопчык захапляецца нейкай вельмі пацешнай гульнёю. Пад партаю, прыставіўшы да яе пакладзены на калені буквар, ён ставіць у парадку панскія партрэцікі, што прыняслі людзі з панскага двара, калі хадзілі разбіваць яго. Ставіць іх і з рознымі хітрыкамі і кпінкамі, з пануючай радасцю даець ім кукішы.
        Абдзіраловіч нарэшце заўважае, што хлопчык вырабляецца.
        – Што ты робіш?
        – Нічога... вось яй жа богу нічогінька...
        Картачкі валяцца на зямлю. Хлопчык утупіў вочы.
        Абдзіраловіч падняў іх і надта ўразіўся: пабачыў сябе (маленькім хлопчыкам), пабачыў таго, што людзі казалі: «Твой бацька». Пабачыў яшчэ некалькіх далёкіх знаёмых, што часам гасцявалі ў бацькі.
        «На вечную памятку аб шчаснай пары, прагасцёванай у мілых, прынадных Крупках у нашага каханага...» – прачытаў ён на адвароце.
        – Таўкач паноў дражніць, – сказалі наперабой дзеці. – Яго бацька прыгожую кніжку з людзьмі прынёс сабе, як панскі будынак згарэў.
        Разнародныя пачуцці збунтаваліся ў яго і пакаціліся вялікім, непрыемным клубком.
        Адна душа казала: «Мне ўсё роўна... Мне ўсё роўна...»
        А другая прыкра балела і маўчала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.