РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XIV
        
XIV

        
        І во з тае пары, як яна памёрла, мінула колькі месяцаў.
        Абдзіраловіч меў такі характар, што што-небудзь незвычайнае ў жыцці не ўражала адразу душы яго болем і радасцю.
        У маленстве ён бачыў вялікі пажар перад самымі пакровамі ў вялікім сяле недалёчка ад Крупак. Шалёны агонь, як мятлою, змёў, злізаў і двары й хаты, гумны й сянніцы. Пагарэлі дзеці й бабы, згарэў увесь скот і сабраны за цэлае лета хлеб. Заможныя гаспадары парабіліся старцамі. Людзі з гора ірвалі на сабе валасы, ламалі рукі, горка плакалі, вылі і стагналі. І навет у старога пана Абдзіраловіча кранулася сэрца, і ён, прыляцеўшы на злую прыгоду з сваймі батракамі, кідаўся ў агонь і ратаваў падурнеўшых ад страху людзей. Ігналік тым часам хадзіў толькі асцярожна сярод абгарэлага бярвення і мужыцкай худобы-смяцця, хадзіў як старонняя асоба і не мог адчуць глыбокасці людскога гора.
        Таксама, калі быў на фронце, бачыў з пачатку вайны шмат трупаў ды яшчэ ў адным груду. Іншыя таварышы яго ад гэтага бачання трацілі спакой, сон і апетыт, а ён доўгі час і ў гэтым разе быў толькі пабочным глядзельнікам і ціхім думаннікам.
        Меў такі характар, што нічога не адчуваў глыбока адразу. Затое ж, калі міналіся дні, тыдні й месяцы і калі ў іншых людзей слёзы высыхалі, ён патроху, ды болей а болей пераймаўся тым, што некалі фатаграфічна адбілася ў яго памяці, глыбей а глыбей адчуваў тое, што другіх збівала з ног адразу, а потым пераходзіла ў іх і забывалася імі.
        Апасля таго пажару прабегла болей дзесяцёх гадоў, як давялося быць яму ў Магілеве ў справе паступлення ў войска. Любіў ён гэтае ціхамірнае тыповае беларускае места. Любіў яго ціхія завулкі сярод сонных садоў і маленькіх домікаў аб адзінаццатай гадзіне ціхога вечара ўлетку. Любіў магілеўскага чыноўніка ў жаўтавата-белым з непрыкметнымі плямкамі на грудзёх кіцелю; ведаў, што ў таго ёсць ахвота загаварыць з прыезджым, добра апранутым чалавекам, і для таго ахвотна зюкаў з ім аб жыцці дробнай магілеўскай шляхты ў знаёмых абодвум ваколіцах і засценках (адкуль новы прыяцель чыноўнік і сам родам); і разам з ім ганіў і хваліў магілеўскіх жыдоў. Любіў пасядзець у магілеўскай піўной з напята, па-летнаму, расчыненымі дзвярмі пад зялёнаю вывескаю «Беларуска-амэрыканскі бар». У піўной шэравокая, круглавідая, з белаю шыяю і беленькімі, мяккімі ручкамі мяшчанка ў шырокім, з рабенькага паркалю капоце частуе гасцей не дужа цёплым півам і ласкавай размоваю, жаліцца на духату і тамуючы махаець хвустачкаю перад ружова-потным сытным тварам; і пытаецца, хлопец вы ай не, а калі не, дык чаму не носіце на правай ручцы заручальнага пярсцёнка? Любіў часам падзівіцца на клум жыдоўскай вуліцы, дзе вас палічаць за важнага купца і па заслузе ацэняць вашу адукацыю, уборы і веданне эўрапейскай палітыкі, а ў аптэцы, на рагу, за мятныя ляпёшкі пагамоняць з вамі прыкладам гэтак: «Вы хочаце пайсці ў гарадской са-а-ад? Пажалуйста, лучшэ за ўсіво проста па нашай уліцы да канца і направа...» І любіў сядзець у садзе на лавачцы, сярод кустоў акацыі, высака на кручы, і адтуль любавацца на Няпро, лупалаўскія хаткі і садочкі і залацеючыя далі на заходзе сонца. Цямнеець, халадзеець. Загаманілі па дарожках гуляннікі, завухала аркестровая музыка. За плотам на адхоне дарогі, каля тумбаў, збіраліся хлапцы-галузы, крычалі па-жыдоўску і па-беларуску, і сярод іхнай кашы нейкі мужык спакойна стаяў, слухаў музыку і ўвесь гам і маўкліва дзіваваўся на ўсё і на гуляючых паноў – адзінокі тут у сваёй белай кароткай світцы з даматканым паясом і ў белай маргелцы. Ну, і што ж за дзіва? Невялікая ў тыя часы пракуда: мясцовая публіка гуляла ў садзе, а мужык стаяў за плотам і дзіваваўся на «паноў». Але нейкае засмучэнне агарнула душу Абдзіраловіча, быццам сорамна зрабілася яму, слёзы навярнуліся на вачох, і ён глыбака адчуў усё вялікае гора тых даўных, мінулых, няшчасных пагарэлых і разам – усё вялікае спрадвечнае гора мужыцкай Беларусі. Так бывае з іншымі людзьмі, што не могуць яны памятаваць абы-якога матыву, абы-якога голасу ад першага разу. Затое ж, калі мінуцца дні, тыдні й месяцы або й цэлыя годы, неўспадзеўкі, нечакана, з найменшай прыгоды, маючай нейкае адношанне да мінулай пары, у вушох раптам ясна, выразна і з дэталічнасцю падобна загучыць той матыў, і запяець той голас, і збудзіць у душы абраз даўна пражытога часу, і выгукнець асабліва тонкія пачуванні.
        Гэтакі ўжо меў ён характар, што трупы, бачаныя на вайне, безуважна пачыналі парушаць часам яго спакой толькі тады, калі адышлі яны болей-меней у мінуўшчыну, а фатаграфічны адбітак іх паспеў болей-меней урэзацца і намуляць след у мозаку.
        І во цяпер, калі з той пары, як старая памёрла і як пачаўся бальшавіцкі лад жыцця, ужо мінула колькі месяцаў і новае троху-патроху траціла сваю новасць, во цяпер толькі Абдзіраловіч быццам абдумаўся і пачаў прыймаць не новую навіну блізка да свайго сэрца...
        Старую хаваў ён з Васільком, калі цела ўжо смярдзела, бо нябожчыца пралежала на стале колькі дзён, пакуль вуліцы сцішылісь апосле калатніны, і можна было завезць яе на могільнік – скончыць нікому не патрэбную даўготу прыкрых і тупых мясцовых хаўтур. Ні Васіль, ні ён за ўсі гэтыя дні, і навет у дзень пахавання маткі, не плакалі па ёй і ў душах не шкадавалі, што памёрла, толькі як бы саромілісь, што яны так думаюць і чуюцца, працівілісь з'ясненню той думкі і таго чуцця і выглядам чэсна маўчалі. Спачатку ім замінаў заняты стол, а после – нічога; толькі ўвечары, як пахавалі, яны без поўнай шчырасці пагаманілі троху аб той, што ўжо не было ля іх і ні разу не будзець ля іх, а між іншым прыемна зліліся абодва думкамі на ўспаміне, як яна заўсёды ірвалася з мураванага падзямелля к жыццю пад саламянай стрэшкай сярод вольных палёў і лясоў роднай старонкі.
        – Надарма ірвалася, – сказаў Васіль, барабанячы ў парозе бляшанаю самаварнаю трубою і не зірнуўшы к Абдзіраловічу.
        – Ото ж, надарма, – дадаў ад столу той, лістаючы «Капітал», і падумаў, што будуць гніць яе старыя косці сярод мураваных падзямелляў чужое Масквы.
        Пайшлі дні за днямі. Васіль хадзіў на работу, бегаў на сходы, працаваў у камітэце, і Абдзіраловіч рэдка заходзіў да яго, нудзіўся ад дзяньгубства і разважаў, што рабіць. Так было, пакуль не прыкульгаў з бальніцы Карпавіч. Рана яго была зусім не цяжкая і лёгка загаілася, але кулька зачапіла нешта такое, што Карпавіч так і застаўся кульгавым. Ён надта бедаваў, што схаўтурылі бабу без яго, але незабавам уцешыўся з важнай для яго прычыны: цэнтральны камітэт партыі запрапанаваў яму паехаць у N., у сваю старану, і памагчы там таварышам наснудзіць бальшавіцкі лад жыцця. Першы раз давалі такую веру Гаршку, і дзядок так дужа здаволіўся, што доўга ніяк не ўмеў схаваць свае гордае радосці. Падбіў ехаць Васіля і не быў працівен, што хлапец намовіў ехаць з імі ў N. прапаршчыка.
        За прыгожыя відалі ўпадабаў Абдзіраловіч новае места, і гулянне па мястовых ваколіцах было салодкім для яго супакоем ад бальшавіцкай і сабатажнай бесталкоўшчыны на цывільнай службе, дзе пачаў працаваць, калі N-ая вайсковая камісія звольніла яго па беламу білету.
        Меў даволі часу. Жыў адзінотна ў невялікай і ціхай жыдоўскай сям'і. Упадабаў гуляць і любавацца на прыгожыя відалі наўкол N. і разважаць аб жыцці.
        Перабіраў у памяці розныя часіны жыцця свайго, асабліва дзяціных гадоў, як знаходзіўся ў Крупках, і пэўніўся цяпер, што ніколі не меў ён такога сынняга чуцця да старога пана Абдзіраловіча і да памяці забітай сялянамі пані, якое зазвычайнай бываець у дзяцей да сваіх бацькоў. Яму здавалася, што прынамсі да нябожчыцы маткі ён заўсёды болей, чымся да іх, меў прыязнасці і як бы кроўнай блізкасці, хоць і не ведаў, што яна не толькі любая для яго нянька Маланка, а яго родная матка. І цяпер разважаў так: «Ну, ведаю аб матчынай тайне, а што ж змянілася ў думках маіх ці ў учуццях маіх? Нічога...»
        Але бесстаронні чалавек, паглядзеўшы на яго збоку і абмеркаваўшы кожды рух яго нутранога жыцця, сказаў бы, што калі прызнанне канаючай маткі нічога не адмяніла ў яго адносінах (хоць бы ў думках) да блізкіх так ці йначай яму людзей (маткі, старога Абдзіраловіча, забітай пані, Васіля), дык неўпрыцям для яго самога гэтае прызнанне ўжо адмяніла яго адносіны ці, лепей сказаць, – пагляды яго на адношанне да сацыяльнай рэвалюцыі і на ўчасце ў наладжванні новага жыцця. Раней быў ён быццам звонку ад народа, ад сялянскай і работніцкай грамады, пазіраў на рэвалюцыйную завіруху так, як некалі на вялікі пажар у сяле, – гэта значыць – так, як можа пазіраць толькі старонняя асоба. Калі раней бачыў, як на кождым вакзале, на кождай вярсце і чым бліжэй да фронту, дык тым балей катастрафічна гінула жыццё вялікай імперыі, створанае крывавымі мазалямі і потам гэнай грамады; калі бачыў, як разам з тым гінула наўкола астатняя сумленнасць і гінула астатняе спадзяванне, што ком яшчэ зачэпіцца на нейкім сучочку і не разаб'ецца ў дробныя брызачкі пад гарою; калі разважаў раней аб усім чыста, што дзеелася каля яго, дык ізноў-ткі ставіў сябе збоку, воддаль ад народнага няшчасця, па-за праклятаю чыртою, толькі часам плёскаў ён рукамі, як нехта добры над чужою бядою. Цяпер жа адмена яго была ў тым, што, пачуўшы прызнанне маткі, ён быццам пачуў і сябе тою грамадою, ад якой стаяў раней збоку. Калі раней на ўчынкі розных непачэсных ахвотнікаў кіраваць няшчаснаю людскою чарадаю глядзеў, як на ўчынкі адурэлых, каторыя пакуль што сваволяць бескарана, дык цяпер пільнаваў з асаблівай балючасцю кождую з боку іх няпраўду, хоць і заставаўся яшчэ ў угоду свайму характару толькі пабочным глядзельнікам і ціхім думаннікам. Разам з тым усё болей не любіў тых афіцэраў, што ўсё выязджалі і выязджалі па-за чырту бальшавіцкага панавання, і ўсё болей набіраўся прыкрасці да сабатажнікаў у гэнай чырце. Разам з тым, аднак, усё болей цешыўся, што сам звольнены з войска па беламу білету.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.