РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XVI
        
XVI

        
        Добры, слаўны прыяцель Абдзіраловіча, вучыцель Мікола Канцавы, у каторага ён гасцяваў, ехаўшы з Каўказа ў Маскву, яшчэ раней часам надта шкадаваў, што гэткі, здавалася яму, здольны і развіты чалавек, як Ігнась, прападаець для святой справы адраджэння, гінець у рэнегацтве.
        Але сярод бясконцай і рупатнай штодзённасці Мікола забываўсь на яго і толькі тады, як надта ўжо балючай была нястача свядомых работнікаў сярод інтэлігентных беларусаў, ён ізноў уздумаваў на прыяцеля і папікаў сябе самога, чаму ў сваю пару не навярнуў яго на беларускую свядомасць.
        Разам і вінаваціў і бязвініў сябе за тое ўпушчэнства, бо ў думках у яго праляцеў той нейкі быццам сорам, які апанаваў яго калісьці, калі пачаў быў агітаваць Ігнася.
        Мікола не меў даволі часу, каб разабрацца добра ў прычынах сораму, але ўважаў, што тут глаўную ролю згуляла яго вялікая прыязнасць да Ігнася, хварэўшага тады на рэфлексію і індывідуальныя перажыванні, і яго глыбокая пашана да Ігнасёвых думак і пераконанняў, як чалавека, каторага Мікола змалку ставіў вышэй за сябе па інтэлекту і па агульнаму развіццю.
        Яму здавалася ці як бы чулася, што некалі Ігнась сам разгледзіцца і навернецца і яшчэ павядзець за сабою такіх, як ён, Мікола. Яму здавалася, што наварачываць Ігнася – ненатуральны занятак. Дык жа і сорамна было б даводзіць Ігнасю тое, што можна даводзіць хіба цёмнаму, непісьменнаму чалавеку, каторы навет не ведае, што ён беларус. Апрача таго, Мікола з Ігнасём быў выхаванцам аднэй школы, у якой абодва былі звычайнымі «рускімі», аб беларускай свядомасці нічога й не чулі, дык і дзеля гэтага было неяк сорамна агітаваць Абдзіраловіча ці тое – быццам даросламу і здольнаму чалавеку выкладаць па-настаўніцку новую азбуку, заместа той фальшывай, якую дала ім маскоўская школа. Ігнась Абдзіраловіч і азбука, хоць бы й новая, – гэта ж дапраўды сорам, калі такі чалавек дасюль яшчэ патрабуець яе, – так разважаў Мікола аб любым сваім таварышу, аднак не ганіў яго, бо ведаў, што і тут ёсць свае важныя прычыны, толькі гэты пункт, праз недахват часу, быў найболей нез'яснёны для самога вучыцеля. Апрача таго, Міколу Канцавому здавалася, што адраджэнне ў астатні час, праз вайну і рэвалюцыю, зваявала сябе каласальны паспех, так што няма ўжо патрэбы давадзіць шмат чаго такога, што вымагала даводжання яшчэ ўсяго якіх пяць гадоў таму назад... Яму здавалася, што ўсе рэнегаты-беларусы ведаюць аб адраджэнні і аб тым, што павінны адраджацца, і калі не адраджаюцца, дык з прычыны прыкрай людской нядбайнасці і папсаванасці сваей натуры. Разумеецца, Абдзіраловіч у вачох Міколы залічаўся да катэгорыі нядбайных, а не папсаваных рэнегатаў. Навет для нядбайнасці Абдзіраловіча Мікола прызнаваў важныя бязвінячыя прычыны, бо дужа любіў і шанаваў яго.
        За астатні час Мікола Канцавы часта знаходзіўся ў ажыўлёным, падвышаным настрою і нават траціў сваю ранейшую нясмеласць, ціхасць і дагодлівасць перад усякім чалавекам. Беларуская праца неспадзявана шырылася вялікім валам у абкружаючым сялянскім моры і быццам шырыла дух ці то нутро вучыцеля... Рух набіраў усё болей сацыяльнага выгляду. Гармонія ранейшых, пераважна ці навет часам выключна нацыянальных асобнасцяў руху з навейшымі, цяперашняга часу, сацыяльнымі яго асобнасцямі поўніла незвычайнай радасцю сэрца Міколы, бо ён дасканальна пераверыўся, што толькі на шляху нацыянальна-сацыяльным беларускае адраджэнне будзе пэўным і абхопіць шыбка й памысна вялізазныя масы беларускага сялянства. І не толькі сялянства, адылі й беларускага мяшчанства, думаў ён, гдзе яно яшчэ ёсць і маець у свае ідэалогіі і сваім жыцці шмат а шмат беларускасці. Такое мяшчанства Мікола бачыў у некаторых губэрнскіх і павятовых местах усходняй Беларусі, дзе траплялася бываць яму, і ён ніколі не забываўся ў сваім глухім дзеравенскім куце, што якраз гэтае мяшчанства яшчэ можа згуляць ролю першых байцоў у змаганні з нясходаным, праклятым русіфікацыйным павевам і ўплывам, сучасных беларускіх гарадоў, беларускіх у значнай меры толькі па назову. Сацыяльны бок адраджэння захопіць найбольш годныя і надта карысныя (як даволі культурныя) часткі непамершага беларускага мяшчанства! Гарэцкія вучні-беларусы, якія ўносілі ў працу вядомую сістэму і арганізацыю і з якімі цяпер Мікола і другія вучыцялі мелі добра наснуджаны звязак і бесперастанку зносіны, яны надзеілі яго ў гэтай думцы сваімі паведамленнямі, гутаркамі і дакладамі аб іхняй агітацыйна-асветнай дзеяльнасці на прасторы ўсяе бацькаўшчыны і, глаўным чынам, горацкіх ваколіц і наогул усходняе палавінкі Беларусі, гдзе не замінала той дзеяльнасці, як на заходзе, разнавер'е з маскоўцамі і гдзе сацыяльны грунт быў шмат ляпейшы, болей бо падрыхтаваны. Надзеілі яго й тыя рэзультаты беларускай працы, якія падвышаліся ў сялянстве разам з падвышаннем рэакцыі ў ім проціў бальшавіцкага ладу жыцця. Як прызвычаена шчыраму і мяккаму чалавеку, Мікола сазнаваў, што радасць яго гэтай рэакцыі прынцыпіяльна не можа быць абязвінена і пахвальна, бо яна можа паставіць яго побач з ненавіднымі ворагамі народа і справядлівасці, што радавацца асабліва няма чаму, бо ідэя нацыянальнага бальшавізму (гэтае слова мімаволі прыдумалася і склалася ў яго ў галаве), тая ідэя ні каліва не патускнела ў мужыцкай свядомасці, і што толькі сучасная форма бальшавіцкай ідэі спрыклілась мужыком дзеля розных прычын звонку, як блакада бальшавіцкай тэрыторыі, і прычын знутры, як камісарскае злачынства і няўмельства. Мікола шчыра зазначаў для спакою свае душы, што, быць можа, і зусім не было б у яго той радасці, каб гнятучая большасць вядомых яму бальшавікоў не была несвядома для самае сябе маскалячай сілай ці проста варожай для беларускага адраджэння сілай. Міколе, як і ўсім адраджэнцам, было дужа цяжка знасіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізму, апрача чужынцоў, ачынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партыйна-тупыя праціўнікі «ўсякага там яшчэ адраджэння», пагарджаўшыя, з іх убогай духоўна фанатычнасцю, беларускай моваю і ўсім нацыянальна-беларускім. Дык Мікола ведаў прынцыпіяльную цану свае радасці з прычыны сялянскай няласкі да бальшавікоў, аднак радаваўся, бо бачыў у тым настрою сялян карысць для руху. Калі гэткі самы настрой пануе сярод сялян і за дэмаркацыйнай лініяй, – думаў вучыцель, – дык там правадыры беларускага руху напэўна здолеюць к часу адыходу з Беларусі немцаў стварыць беларускае войска і аружнай сілай абараніць бацькаўшчыну! А там... а там... – думкі яго ляцелі шпарчэй і шпарчэй і губілі парадак і звязак з далёкай ад іх сапраўднасцю. Ажыўлёны, падвышаны настрой ці быццам нейкае нэрвовае абурэнне, ад якога лёгка хмялілась галава і гарэлі шчокі, было ў Міколы цяпер надта часта. Яно было, аднак, не толькі ад радасцяў, што беларускасць добра пашыраецца, але таксама з тае прычыны, што ён уцягнуўся ў небяспечнае змаганне, якое пагражала страшнай «чразвычайкай». Калі прад вачмі плылі абразкі арышту, дапытаў у той «чразвычайцы» ці трыбунале, – ён мімаволі шукаў думкамі, хто абстоіў ба яго перад бальшавіцкімі дыктатарамі, ён прыемна азяляўся, хмяліўся, расчуляўся. Тут думкі яго ўзбавіліся на Абдзіраловіча. А той пісаў Міколу неяк раз, што жывець у N., што некалі абараніў ад смерці цяперашняга бальшавіцкага N-скага завадэвуша кульгавага Гаршка, значыцца, блізак да бальшавіцкіх вярхоў і можа вызваліць навет з «чразвычайкі». І ён вызваляець адтуль свайго Міколу... Так летуцеў вучыцель і раптам чырванеў, схапіўшыся, што ў гарачы, грозны час крывавага змагання займаецца такім дзяцінствам. А ўздумаўшы на друга, ізноў шкадаваў, што ў сваю пару не зрабіў з Абдзіраловіча рупнага працаўніка на ніве беларускага адраджэння.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.