РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXII
        
XXII

        
        За сем дзён Іра не справілась вярнуцца, бо сяляне за пільнай работай не маглі сабрацца на зборку, а за гэты час у N. знайшлі контррэвалюцыйны замысел і ўжо колькі чалавек буржуяў аддалі пад расстрэл.
        На неабмеркаваны час быў забаранены ўезд у N., дык Іра, пачуўшы ад людзей, што там ідуць расстрэлы, а яна прыехаць туды, каб бараніць сваіх, не можа, – проста з галавы схадзіла ад чорных думак. Глаўнае, што нічога не ведала: Абдзіраловіч нічога не пісаў.
        Тым часам Абдзіраловіч пабыў у другую суботу ў вастрозе і пагаманіў пры вартаўніку з Міколам і Сухавеем. Мікола быў незвычайна рад, што Ігнат даведаўся яго, а Сухавей пазнаў, што Абдзіраловіч той падарожны рэнегат, і непрыхільна наставіўся да яго. Мікола дужа схудзеў, збялеў і аброс шчацінаю, вельмі мучыўся ад боязні, што расстраляюць, і зусім апаў духам. Сухавей быў спакойны, засмучоны, але цвёрды, «Аб бацьку вашым тут ніхто нічога не ведае, – сказаў ён Абдзіраловічу з падказанным значэннем слоў, – веданне знішчылась у сяле, вусны пераказ, як давядзецца, после...» Абдзіраловіч зразумеў, што пісьмо не папала ў рукі «чразвычайкі», і з асаблівай ласкавасцю адказаў яму: «Надта вам дзякую... Добра, добра...» – «А грошы?» – спытаўся вучань. «Я йшчэ не ведаю...» – адказаў Абдзіраловіч. «Дык вы йшчэ рэнегат... Я йзноў памыліўся», – злосна буркнуў яму Сухавей, кінуў іх, адышоў ад рашоткі на нары, сеў там і больш не падышоў, як ні прасіў яго Мікола «быць чалавекам».
        Вартаўнік-чырвонаармеец з увагай слухаў іхнюю гаворку, а потым прыхільна ўхмыльнуўся і сказаў: «Па-мужыцку гамоніце, а йдзіцё проці народа». – «А вы самі адкуль?» – спытаўся ў яго Канцавы. «А з С-кай воласці, калі ведаеце». – «О, ведаем! Таварыш Сухавей! – гукнуў ён хлопца. – З тваёй, братка, воласці чалавек». Вучань не адгукнуўся. «Ён сярдзіты, – сказаў вартаўнік, – з гарэцкіх студэнтаў, я пазнаў па форме...»
        На тым і скончылась пабачанне. Абдзіраловіч намагаўся заспакоіць свайго любага Міколу, ды той мала няў веры ў яго няпэўныя словы.
        Дальш за гэтыя дні падзеі раскаціліся шырокім клубком.
        Глаўнай навіной для ўсяго N. была страшная і загадковая смерць камуніста Гаршка, каторага знайшлі на яго кватэры зарэзанага, а з запіскай, пісанай яго рукою, каб нікога не вінавацілі ў яго смерці.
        У газетах нічога не было друкована, але пераказы штораз болей страшныя і фантастычныя аб смерці «кульгавага» плылі сярод людзей.
        На другі дзень пасля тае смерці, увечары, Гарэшка прыйшоў да Абдзіраловіча, сеў проці яго за стол, закурыў цыгару і сказаў:
        – Гэта я зарэзаў яго...
        – Дык што вы ад мяне хочаце? – сказаў Абдзіраловіч, вытрашчыўшы вочы, і пачуў, як пасцюдзянелі яго пальцы.
        – Хочу, каб вы паслухалі, што я кажу.
        – Я слухаю...
        – Я меў загад якім толькі мага спосабам вывезці з Бальшавізіі аднаго друзленькага, старэнькага архірэя і яго двух манахаў. Я здолеў іх перавезці сюды з Масквы. Патрэбны былі толькі перапускі да дэмарклініі. Нам не пашчасціла. Па нейчыму даказу іх забралі, білі, укінулі ў «чразвычайку». Я быў у ласцы ў нябожчыка Гаршка. Заслужыў гэтую ласку цэлымі цэбрамі густой, запечанай, чорнай крыві паўстанцаў. Аднойчы Гаршчок запрасіў мяне паглядзець на нешта прыемнае. Ён павёў мяне ў «чразвычайку», гдзе начальнікам – яго прыяцель-латыш, сын быўшага прыказчыка князёў Гальшанскіх. Нас завялі ў цёмны склеп, гдзе было толькі трое гэтых манахаў, бо звычайна арыштаваных адсылаюць у вастрог. Гаршчок пераказаў мне, каб чулі й манахі, цэлую гісторыю, як яны яго некалі пакрыўдзілі ў манастыры. Потым ён пляваў ім у твар, здзекаваўся, а потым мы выйшлі. Уноччы ўчора... ці сёння, як гэта выходзіць... я прыйшоў падзякаваць яму за ласку і прыемнае зрэлішча. Выслаўшы Ахмета, запёршы дзверы, я зламаў яго, забіў рот, звязаў і сцягнуў у склеп – ведаеце... робяць тут такія пад кватэрамі... Прынёс туды паперу, чарніла. После нядоўгага падпалівання яму пятак ён згадзіўся напісаць усё, што я прадыктаваў: каб далі перапускі і інш. Праўда, ён зробіў спробу паўстання: кінуўся на мяне з асадкай і зламаў пяро аб лоб, хацеў выкаліць вока... во, бачыце знак? Але я лёгка сцішыў паўстанца і ўспамяніў яму, як мы сцішалі мужыцкае паўстанне ў некаторых паветах. Ён прызнаўся, што ён мізэрны паўстанец. Затым я прынёс колькі трэсачак з лучыны, шкумацця паперы, запаліў другую свечку, сеў побач на нейкую калодачку і, гледзячы на звязанага, як цяпер на вас, пераказаў яму цікаўную гісторыю з жыцця майго брата, якая трапілася ў слаўным чырвонай славаю Кранштаце... Гэта было зараз после сацыяльнай рэвалюцыі. Адну таварыш прастытутку, маю знаёмую, чырвоныя матросы запрасілі да сябе на баль. У вадным антракце кавалер гэтай дамы запрасіў яе на гарбату і павёў у трум. Там ляжаў на спіне, голы і прыбіты к падлозе рукамі і нагамі, зусім маладзенькі і прыгожанькі мічман, а на голых грудзёх у яго гарэў грудок трэсак і стаяў саганок з вадою, каб, зварыўшы, піць гарбату... Пераказуючы гэта, я здзёр вопратку з грудзей Гаршка, насыпаў на касматае цела трэсак, кавалкаў паперы і сказаў, што «ну, зараз падзівуюсь, ці добра выглядала вогнішча на грудзёх у майго брата»...
        Капітан наліўся крывёю, дрыжачай рукой адарваў канец цыгаркі і казаў далей:
        – Тут Гаршчок неўспадзеўкі для мяне самлеў, і я, замест таго, каб паліць яго, адліў вадою, потым вывалак нагару, у пакой, паклаў на пасцелю і брытвай, каб доўга не мучыўся, зарэзаў яго. Ён ляжаў у крыві – кароценькі, з падагнутаю кульгаваю нагой...
        І Гарэшка і Абдзіраловіч маўчалі доўга. Аж у дзверы стукнулі. Капітан спакойна адчыніў іх і ўпусціў нейкага запыханага чырвонаармейца. Потым узяў шапку і сказаў, махнуўшы на таго, каб сказаў сваё после за яго:
        – Ну, аставайцеся здаровы, таварыш Абдзіраловіч! Можа, яшчэ калі а калі сустрэнемся. Вы пачынаеце беларусіцца, а я, прызнацца, памагаю цяпер Гальшанскаму, а ён якраз працуе сярод беларусаў, там. Надта ж, надта вам дзякую, што ўважна слухалі, бо так мне палягчэла, быццам быў запэцканы ды й вымыўся ў чысценькай вадзіцы.
        І ён пайшоў.
        – Таварыш! – шыбка загаманіў новы госць. – Я прыйшоў сказаць, каб ратавалі і свайго і майго таварыша. Той гарэцкі студэнт заўчора ўцёк з вастрога, калі вартаваў мой таварыш з С-кай воласці, дык і яго цяпер заарыштавалі. А таго вашага, што застаўся, сянні ўноччы павядуць некуды, ёсць ужо прыказ... Ратуйце іх, я нічога не ўмею...
        – Божа мой! Што ж я ўмею?! – мімаволі застагнаў узварушаны Абдзіраловіч і схапіўся за голаў.
        ...У гэты самы вечар Іра выпраўляла ў далёкую дарогу, за дэмарклінію, Сухавея, каторы з рызыкай забегся да дзяўчыны.
        Вучань нязграбна й борзда хадзіў, бесперастанна, ад кута да парога, пакуль яна складала яму нешта ў хатылёк, круціў пачырванелымі, запалёнымі вачмі то на партрэт Янкі Купалы, то на вакно, за якім чарнеўся мак і бялелася табака, і гаварыў, хапаўся, як у трасцы, ды збіваўся і чапляўся за стол сваімі запыленнымі ботамі.
        – Што? Сяброўка думала, што я пакладуся на помач гэтага рэнегата? Яшчэ няведама, як ён паможа сябру Канцавому. Што? Ён казаў вам, што мае «дзве душы»?.. І вы яго бароніце? Дарма! Гэта не «дзве душы», а гэта... гэта... – хлапец круціў рукамі, – гэта расхрыстанасць, разлезласць, мяккацеласць... нешта для мяне гідкае, слізкае. Гэтыя вырадкі губяць бацькаўшчыну, як і ўсякія ворагі-чужынцы... Эт, дрэнь... Што? Ужо! Гатова?
        Яна маўкліва падала яму хатылёк. Ён уздзеў яго на плечы, схапіў кіёк, памкнуўся некуды ўбок, потым ізноў да яе.
        – Ну, аставайцеся здаровенькі, сяброўка! Не закідайце працы!
        Ён нязручна неяк працягнуў руку, ды яна схапіла яго за плечы, прыцягнула да сябе, пацалавала раз і другі і задушаным ад слёз голасам шаптала:
        – Не... не, браточку, не закіну...
        – Не прапускайце, не выходзьце! – крыкнуў з парога. І яна глядзела ў вакно, як схаваўся за яблынкамі, на мяжы, сярод канапелек, у цямноце вечара зусім блізкай восені.
        Села ў плеценае крэсла і плакала горка адна. У расчыненае вакно плыло свежае паветра, і пахла табака.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.