РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XVIII
        
XVIII

        
        Сухавея і Міколу Канцавога арыштавалі і адаслалі ў N-скую «чразвычайку» – гэткія навінкі прывёз настаўніцы Хаім-перакупшчык цераз некалькі дзён. Дзяўчына надта ўразілася, але ўцяміла, што марудзіць тут няможна, і паспяшыла ў Горкі. Яна была пэўна, што пісьмо таксама папала ў «чразвычайку», і хаця не ведала, што з гэтага можа быць, але баялася, каб за яго не абвінавацілі арыштаваных у шпігоўстве. Гарэцкія хлопцы стараліся супакоіць яе, але і самі зусім страцілі пэўнасць настрою, бо не ведалі, за што схапілі іх сяброў, і баяліся, каб іх без віны не расстрэлілі. Пасля нарады даручылі Іраідзе Аўгенаўне, як дзяўчыне і найменш падазрыванай, ехаць у N., даведацца, у чым іх вінавацяць, і прасіць, каб іх аддалі на парукі школьнай рады і вучыцельскага хаўрусу.
        Ніхто не падняў цяпер старога пытання, каб яна перагаварыла з Абдзіраловічам таксама аб пісьме і аб грашох.
        Калі Іра раненька прыехала ў N., ужо й там чулася другая палавіна лета. Іра адвыкла ад места, але чула прыемнасць ад клуму, люднасці й культуры. Пільна ўглядалася яна ў знаёмае, даўна бачанае, але ёй замінала думка, як то пашчасціць вызваліць арыштаваных?
        Наняўшы номер ў гатэлі, скоранька справіўшысь, яна з нейкім тамаваннем у сэрцы выйшла на вуліцу і шыбка пайшла ў «чразвычайку», каб за адзін дзень паспець зрабіць усё, што там трэба.
        Дом, гдзе змяшчалася страшная бальшавіцкая ўстанова, быў добра знаёмы дзяўчыне: да вайны ў ім была епархіяльная школа, Іра хадзіла туды на вечарынкі, на скокі. Толькі цяпер мала хто хадзіў міма таго дома, і то – сярод вуліцы, бо дом з каменнаю сценкаю і тратуарам быў высака абгароджан і абвіт калючым дротам. Калі настаўніца падышла, ля варот стаяла вялізазная фура, поўная, з салдацкімі булкамі белага хлеба, і салдаты кідалі хлеб з яе на зямлю, на падсцеленыя коўдры. Іра не пайшла туды, а на ганак, з бакоў якога стаялі два чырвонагвардзейцы з карабінамі. Яны запыталіся ў яе перапуск, а як паказала свае дакументы, дык старшы салдат сказаў, што гэтыя дакументы для іх «пляваць», а трэба перапустку ад мястовага каменданта. Падзякавала і пабегла шукаць каменданта места. Шмат каго пыталася, гдзе ён жывець, ды ніхто не ведаў, каго яна шукае, і казалі, каб ішла ў «савет», і салдаты не ведалі. Адылі нейкі хлопчык-газетнік, у якога купіла газету, сказаў, што ўпраўленне каменданта за мастом, ля вагзалу. Скора падышоў трамвай, яна села і паехала. І там, ля каменданцкага дома, на вуліцы шмат было салдатаў і розных людзей. Упускалі туды толькі тых, хто быў савецкі служачы ці знаёмы салдатам, а іншых – не. Іра доўга не магла ўразумець, у чым справа, што яе, і яшчэ нейкіх сялян, і яшчэ нейкіх людзей з места не пускаюць, і ніхто нічога не ведаў, каго яна толькі не пыталася. Прыдзверныя салдаты крычалі: «Паспееце, паспееце, чаго лезеце?», а «хвост» інтарасантаў усё павялічваўся, і ўжо за спінаю ў Іры стала блізка дзесятка чалавек. Усё тое не вешчавала ёй нічога добрага, але цвёрда хацела быць для справы незвычайна спакойнай і цярплівай. Аж выйшаў, як відаць, пісар і пачаў раздаваць чаканнікам белыя білецікі, ды не ўсім, бо іншыя панайшлі з бакоў і тыркалі яму прад вочы сінія білецікі, і тым нічога не даваў. Пакуль Іра разгледзела, што на яе белым білеціку стаіць ля пячаткі абы-як наскрабаная дата заўтрашняга дня, пісар крыкнуў: «Сінія – прыём... пачынаецца!» – і схаваўся. Сінія рынуліся ў дзверы, тузаючысь і не гледзячы на салдатаў з стрэльбамі, а белыя, быццам вінныя ў чым, недаўменна адышліся і аглядалісь. Іра станула ля абгрызенай канём ліпкі, каб абдумацца, што рабіць, і да яе падлез нейкі мястовы чалавечак, з нямытым тварам, сярод канцоў пастаўленага каўняра, чорны, як жыд, але з добрай вымовай, і сказаў ёй зусім нячутна, што ён можа памяняцца білетамі. Іра была рада, бо ўжо поўдзень мінуўся і мог прапасці адзін дзень зусім. І хацела памяняцца, ды пачула на сабе нечы пільны пагляд, зірнула туды і ўвідзела нейкага тоўстага, з зялёным, хворым тварам чалавека ў шабадраным чыноўніцкім пальце, каторы паглядам гаманіў з ёй аб тым самым, што й чорны. Іра занепакоілася, каб з гэтай менкі не трапілась абы-якой прыкрасці, – няхай лепей прападзе цэлы дзень. Тагды чорны пайшоў да сялян, а шабадраны чыноўнік зблізіўся да яе, заплюскаў губячымі сорам вачмі і сказаў, дастаючы з рукава сіні білецік:
        – Не карыце згаладнялага й дайце што ласка ваша...
        Іра памянялась на білецікі і дала чыноўніку тры царскія рублі, а каб не відзець, як ён кланяецца і як па зялёным твары паўзець слязіна, шыбчэй пайшла міма людзей і салдатаў у канцылярыю. Сабраўшы ўсе дакументы ў жменю, яна стала ў невялікую чараду перад пісарскім столікам і з жахам убачыла канец другой чарады, што цягнулась у нейкі калідорчык да дзвярэй зачыненага пакоя з дошчачкай над імі: «Камендант». Ужо пайшла першая гадзіна папоўдні, і Іра надта каялась, што не зрабіла менкі білетаў троху раней. Яна паказала свае паперы пісару. Той не ўзяў іх і сказаў, каб прыхадзіла заўтра, бо сянні камендант усё роўна не паспеець прыняць. Іра быццам нясмелым, адылі настойлівым голасам запытала: «А ці няможна дастаць перапуску без каменданта?» І потым цвярдзей дадала: «У мяне ўсе дакументы ў парадку, вот...» Яна ўжо адна толькі стаяла перад пісарам, і ён доўга чытаў і разглядаў яе паперы, а тады сказаў ёй:
        – Дык чаго вы ад нас хочаце, таварыш? Мы перапустак у чразвычайку не выдаём. Выдаець савет. Калі вы хочаце купіць бацінкі, то напэўна не шукаеце іх у аптэцы... Я вас проста не разумею, чаго вы хочаце...
        – Даруйце! Мяне да вас паслалі за перапускам з «чразвычайкі», не сама ж я выдумала...
        – Таварыш, не спірайцеся!! Не маглі вас паслаць да нас, бо перапускі ў чразвычайку мы не выдаем ужо блізка месяца, разумееце вы ай не?
        – Я разумею... Толькі скажэце, будзьце ласкавы, напэўна, хто ж цяпер выдае?
        – Савет, разумеецца... Звярніцесь там да каменданта савецкага будынка – вуліца Карла Маркса, быўшая «Беларуская гасцініца», кожны дурань вам пакажа!
        – Ага... дзякую!
        Іра спацелая выбегла на вуліцу і рада была, што развязалася з гэтым пісаром і што на вуліцы ўсё спакойна, сядзяць пад плотам безуважна-цярплівыя сяляне, а там лузгаюць сланешнікавыя семечкі, седзячы на лавачцы, салдаты, і з абгрузненай канём ліпкі валіцца зжаўцелы ліст на выбіты цагляны тратуар.
        Савет быў недалёчка, і Іра спадзявалася яшчэ паспець да другой гадзіны дастаць перапустку для ўваходу ў «чразвычайку», хоць для заўтрашняга дня.
        У савеце ёй лёгка далі ля дзвярэй перапуск, і яна шыбка пабегла на гару па лесвіцы да пакоя № 3, гдзе была агульная канцылярыя і прымаў дзяжурны пісар. Аднак ля гэтага пакоя стаяў вялікі груд чаканнікаў, і Іра, змораная і раздражнёная, прыхінулася да сценкі. Яна згубіла надзею зрабіць сянні хоць што-небудзь і шкадавала дарма патрачанага часу. Разгарнула газету, каб за чытаннем супакоіцца і сабраць патрэбныя думкі, пакуль не выгукнуць яе номер. Вочы няўважна бегалі па газетных радкох, а розныя думкі таўпесілісь і не слухалі аднэй, найлепшай: «Чаго ж я так хапаюся? Паспею, паспею – болей цярплівасці...»
        – Дзень добры! – пачула яна ля сябе і шыбка ўскінула вочы.
        – Ах!.. Дзень добры... Я вас не пазнала, – звонку зусім спакойная, а ў душы прыкра згубіўшыся ў парадку, глядзела настаўніца на Абдзіраловіча і скарэй падала руку яму, бо забылася. Ён паціснуў злёгку і прыязна яе ручку, і дзяўчына пачула прыемнасць, даткнуўшысь да яго рукі. Ён быў у шынэлі без пагон і ў шапцы без какарды, з чарнейшым ад аколышу плямкам ад яе. Значна памужнеў. Пастарэлі яго карыя вочы, і былі пад вачмі, збоку, зморшчынкі, якіх раней яна не бачыла. Вусы не галіў, а толькі падразаў. Каб не той самы мяккі з прыемным тэмбрам голас, яна адразу не пазнала б яго ці ён здаўся б ёй чужэйшым. Неяк неўпрыцям адсунуліся ад чарады чаканнікаў да вакна. Ён не пытаўся, па якой справе яна тут, але пацікавіўся, які намярок на яе білеціку. Пабачыў, што 315-ты, і сказаў, што яна дарма будзе чакаць сянні, бо прымуць толькі да 300-га номеру, – так сказаў яму знаёмы пісец, якога ён выгукнуў з канцылярыі праз прыдзверніка. На яе твары адбілась такое нездавальненне, такі жаль, што ён падумаў, што яе прывяло сюды нейкае гора, жаданне знайсці ратунак. Хацеў спытацца і ўзноў змоўчаў.
        Яны выйшлі з савета і пайшлі па вуліцы к бульвару.
        – Калі вы, Іраіда Аўгенаўна, не маеце ніводнага знаёмага вінціка ў гэтай новай пішучай машыне, дык доўга бескарысна будзеце стаяць у розных чародах, – сказаў Абдзіраловіч.
        – Не, нікога не маю, а можа, й маю каго, ды не ведаю, бо толькі сянні прыехала сюды. Мне патрэбен перапуск у «чразвычайку», каб навесці там спраўкі аб арыштаваных... аднаго з каторых вы добра знаеце.
        – Хто ж гэта?!
        – Вучыцель, свядомы беларус, Мікола Канцавы.
        – Ён у «чразвычайцы»?!
        – Ну, ага.
        – Божа мой! Мікола, добры, слаўны Мікола ў N-скай «чразвычайцы». Гэта ж няшчасце! Ці якая абмылка? Трэба ж яго ратаваць! За што, у чым справа? Іраіда Аўгенаўна, скажыце?
        – Або я сама ведаю? – пытаннем адказала яна. – Прыйшлі, ператрэслі ўсё чыста, забралі ўсю перапіску, некаторыя беларускія кніжкі, арыштавалі самога, а з ім аднаго вучня з Горак, таксама свядомага беларуса, Сухавея.
        – А за што?
        – Ніхто з нас не ведае... Баімся, што за беларускую працу абвінавацяць іх у контррэвалюцыі і расстрэляць.
        – О, барані бог, гэтага не можа быць, вы несправядліва дрэнна думаеце аб бальшавікох. Невінаватых не могуць забіць!
        Дзяўчына нічога не адказала, і яны моўчкі прайшлі палавіну алеі ў гарадскім садзе. Яна засмуцілася, ён гэта заўважыў і надта хацеў, каб даўжэй пабавіць з ёю і супакоіць яе.
        – Ігнат Восіпавіч! – зірнула на яго Іра сваімі круглымі шэра-галубымі вачмі. – Не будзем удавацца ў крытыку бальшавіцкага ладу... толькі ўсімі сіламі памажыце ратаваць нашых заарыштаваных, бо, крый бог чаго... гэта будзе такая страта, такая страта, каб вы толькі маглі ведаць! – яна нэрвова паправіла жменьку валасоў ля вуха й змоўкла зноў.
        – Ну, так, ну, разумеецца, – казаў ён, – толькі ж вы загадзя не прымайце так да сэрца; я думаю, што ўсё абойдзецца зусім не так страшна, – хацеў ён супакоіць дзяўчыну і ўздумаў на ладнейшы час, калі разам вучыўся з Канцавым, – я ўсімі сіламі буду вызваляць свайго любага Міколу і яго прыяцеля, бо каб і вы толькі маглі ведаць, як цаню я Канцавога.
        – Вы яго цэніце як наогул добрага чалавека. Я ж цаню яго яшчэ як працаўніка на ніве адраджэння бацькаўшчыны. І страціць яго было б для мяне таксама больна, як некалі было больна, калі памёрла мая мамуся.
        – Ах, так... ваша мамуся памёрла... – Памаўчаў і падумаў. Потым сказаў: – Праўда, я не магу так адчуць гэтага... гэтай балючасці ад яго смерці як беларускага працаўніка... Не мог бы. Я навет не ведаў, што ён іграе ў «руху» такую роль.
        Абдзіраловіч пачуў, як нязлавімая прыкрасць чапнула яго радасны настрой. Прыкрасць з'явілась таго, што яна так уважна гаворыць аб другім, якім не мог быць сам. Але ён не хацеў відзець прычын у гэтым і шукаў яе ў сваёй непрыхільнасці да ўсякай заядласці.
        – А шкода... – сказала яна.
        – Што шкода? Што я не ведаў усіх вартасцей Міколы ці што не працую так... каб мог адчуць...
        – Усё разам, – каротка адказала Іра і падняла з дарожкі жоўты кляновы лісцік. – Вот добра, што вы наўчыліся гаварыць па-беларуску, – сказала і прыязна зірнула на яго сваімі круглымі шэрымі вачмі, – раней, здаецца, надта цяжка гаварылі, слаба ўмелі... ці не хацелі.
        – Не думайце, Іраіда Аўгенаўна, што з мяне ўжо такі дрэнны беларус. Хто ведае? Каб я быў у свядома беларускай сферы, можа, й я рабіў ба нейкую карысную для бацькаўшчыны працу...
        Слова «бацькаўшчыны» сказаў з павольным націсканнем, быццам набіраючыся смеласці ці часткай жартлівасці, абараняючы сваю ранейшую нядзеяльнасць.
        – Я надоечы навет слоўнік маскоўска-беларускі купіў. Знайшоў выстаўлены ў вітрыне.
        – Праўда? – сказала яна ціха, з працягам, нясмела-радасна, з нарастаючым чуццём уцехі і так паглядзела такім самым паглядам у самую душу яго, што пачуў незвычайную салодкасць. – Ну, то вот вам... дарую гэты кляновы лісцік! – дадала яшчэ.
        І з нечаканай для яе невыгоднасцю ўтуліла вочы ў дарожку.
        – Дзякую, – таксама нялоўка і ціхенька прашапацеў ён.
        – Загаварылі аб бацькох... – вярнулася яна, – даруйце мне, Ігнат Восіпавіч, падняла вочы, – што не сказала адразу: не ведала, як будзе лепей: сказаць ці пачакаць... у Сухавея было пісьмо да вас ад вашага бацькі. Адзін гарэцкі вучань прыйшоў з-за дэмаркацыйнай лініі і прынёс. Пісьмо таксама невядома дзе цяпер... Бацька ваш хварэе, кліча вас да сябе.
        – Божа мой! Колькі мне сянні неспадзевак і навін... – сказаў ён і мімаволі закрыў твар далонямі.
        Яна моўчкі зірнула на яго і радасна, нявідна здрыганулася.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.