РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
УВОДЗІНЫ
        
УВОДЗІНЫ

        
        Мы прыйшлі ў гэты сьвет не для таго,
        каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім сьвятло.

        
        Альбарутэнія для нас пачыналася як Гульня.
        Мы напачатку ня ведалі, што той хто ўвайшоў у гэтую Гульню – ніколі ад яе не адмовіцца, як ня можа крыж пазбавіцца адной з перакладзінаў і застацца крыжам.
        У горадзе нас пяцёра.
        На два мільёны – пяцёра…
        Кожны прыйшоў у Гульню сваім шляхам. Якім? А хіба вы можаце пралічыць шлях кропель дажджу, якія сьцякаюць па шыбе і ўрэшце зьліваюцца ў адну ручаінку?
        Неяк дажджлівым травеньскім вечарам мы сядзелі ў нашай улюбёнай кавярні, сьцены якой упрыгожаныя чорна-белымі сямейнымі фотаздымкамі і калекцыямі манетаў і савецкіх марак у зялёных драўляных рамачках, і спрабавалі паводле дзядулі Фройда згадаць свае першыя дзіцячыя ўспаміны… Таму я, карыстаючыся пачутым тады, проста абмалюю для вас нашыя партрэты — так бы мовіць, у сямейных інтэр’ерах…
        
        Гэта гульня…
        Усяго толькі — наша гульня.
        Што нам да тых,
        хто спрабуе зямлю перайначыць?
        Альбарутэніі позірк, як рана, гарачы,
        Сонца мае… Ты забіла мяне, як ягня
        На ахвярніку белым…
        І кроў — паласою — на белым…
        Ваўкалакі правылі маю пахавальную ноч.
        Час, як рана, загоіцца.
        Лёс разаб’юць, як вакно.
        Гэта толькі гульня…
        І ўсяго толькі — мёртвае цела.
        
        
        
        
УДЗЕЛЬНІК ПЕРШЫ. ДАЛІЛА.

        
        Трубы раўлі, быццам зьбіраліся зьнесьці сьцены кватэры.
        Не ўрачыста-бліскучыя трубы, якія прынята называць меднымі – хоць насамрэч яны Бог ведае з якіх сплаваў, — а схаваныя ў цаглянай тоўшчы сьценаў, з агіднай сьмярдзючай сьлізьзю ўнутры…
        Верагодна, гэтыя сьцены, абклееныя блякла-зялёнымі шпалерамі з малюнкам “вермішэль у палёце”, заслугоўвалі зруйнаваньня.
        Але так казаць несправядліва – бо маленькія катухі “без архітэктурных лішкаў”, рассыпаныя па Савецкім Саюзе пры Хрушчове, нібыта часткі дзіцячага канструктара, былі важнымі дэталямі, з якіх будавалася маленькае шчасьце маленькіх людзей. Мець свой катух, знайсьці ў савецкіх сотах сваю ячэйку, і напаўняць-напаўняць-напаўняць яе мёдам кволага свайго дабрабыту… Камода, плюшавыя шторы, “мяккі вугал”, збор твораў Андрэ Маруа, рэпрадукцыя Рубенса Пітэра Пауля “Саюз Зямлі і Вады” з часопісу “Огонёк” у гіпсавым багеце пад бронзу…
        Даліла так і не палюбіла гэтыя сьцены.
        Для яе яны назаўсёды – сьцены Іерыхона, вакол якіх нясе свой каўчэг войска дзіўнага племя прыхадняў, і ты адчуваеш: Бог – з імі. А тут… маленькае шчасьце мець сваю бетонную ячэйку.
        Божа мой, у кагосьці першы ўспамін дзяцінства – сонечныя зайчыкі на яблыневых галінках, матчына калыханка, урэшце – яркая, неверагодна яркая, як бывае толькі ў несьвядомым дзяцінстве, бразготка…
        А ў яе – выцьцё вадаправодных трубаў. Блякла-зялёныя шпалеры. Незнаёмы мужчына (яна так і не навучылася вымаўляць слова “тата”) прыкладае да сьценаў жалезную стужку, вылічвае нейкія “квадратныя метры”... Праз некалькі гадоў суседкі па пад’езьдзе патлумачаць Даліле: твой нягоднік-татка пасьля разводу хацеў адсудзіць кватэру…
        Даліла была выдатніцай, але з восьмага класу сышла – абрыдла. “На залаты медаль рыхтавалі! У інстытут!” – бедавалі педагогі.
        А яна проста ўзяла даведнік па сярэдніх сьпецыяльных установах і выбрала прафесію з больш-менш прывабнай назвай: афарбоўка тканінаў. Аказалася, праўда, што будучая прафесія зьвязаная не з маляваньнем, а з самым нудным для Далілы прадметам – хіміяй. Гэта толькі ў дзяцінстве цікава: крапаеш кроплю ёду, у яе кроплю зялёнкі, і ўтвараюцца паскудныя брунатныя камякі, ні да чаго не прыдатныя, акрамя як выклікаць тваю цікавасьць. Дыплом Даліле перадалі ў раддом – аднакурсьнікі прычапілі яго да апушчанай з вакна ніткі. Нарадзілася дачка. Хто бацька? А навошта вам ведаць? Даліла выканала прыроднае прызначэньне, найменш пацярпеўшы ад “патрыярхатнага ладу”.
        Яна расьціла дачку і працавала вахцёрам у рэабілітацыйным цэнтры. Працуе і пасёньня. На вахце ціха, чытаць можна, толькі часам уночы загарлае бязногі “афганец”. Спробы мужчынаў пазнаёміцца з Далілай спыняюцца звычайна на першым яе паглядзе. Цяжкі ў яе пагляд, у Далілы. Вузкія зялёныя вочы, халодныя, як у зьмяі. І ўся яна высокая, гнуткая, маўклівая, цёмныя валасы гладка зачасаныя, і “луска” з сэканд-хэнду чорная і шчыльна па фігуры. Улюбёны пісьменьнік Далілы – Оскар Уайльд.
        Чаму? Лепей не пытайцеся. Яна ня любіць спавядацца. Затое сваімі заўвагамі змусіць вас адчуць на сабе, што беларуская прымаўка “душа — не кажух, ня вывернеш” ня мае вялікага практычнага сэнсу.
        Знаёмыя за вочы называюць Далілу “наша кобра” ці проста “кобра”.
        Альбарутэнію Даліла знайшла на цьвінтары. Яшчэ б яна не была некрафілкай… Цэнтр, дзе Даліла працавала, месьціўся ўшчыльную да старажытных могілак, з брамай, падобнай да выбеленага дажджамі чэрапа з прагаламі вачніцаў. Прыхільніца Оскара Уайльда кожны дзень па некалькі разоў праходзіла пад цёмнымі шатамі велізарных ліпаў, стараючыся не наступаць на паваленыя камяні з выбітымі на іх нетутэйшымі прозьвішчамі: Агінскія… Дарбут-Зампольскія… Паэт-дэмакрат, дырэктар гімназіі, пробашч… Урэшце яны сталі як бы яе знаёмцамі, усе тыя, хто жыў раней у яе горадзе, магчыма, на месцы яе дому… Тыя, хто лічыў за гонар загінуць за Альбарутэнію. Хто ведае, як і калі ў яго сэрца пастукаецца радзіма? Выпадкова прачытаны артыкул у самай важнай газеце краіны — пра мастака, які калісьці размалёўваў капліцы на гэтых могілках… Пачутая радыёперадача пра паэта, які выдаваў першую ў горадзе беларускую газету, і таксама тут пахаваны разам з продкамі... Маленькі фотаздымак у сямейным фотаальбоме — матчына бабуля ў цёмнай сукенцы з белым каўняром пад горла, з гладка зачасанымі, на прабор, валасамі, з насьцярожаным поглядам дачкі “буржуазнага элемента”… Даліла пачала шукаць зьвесткі пра гісторыю свайго гораду — скупыя, раскіданыя, перакручаныя ў памяці сьведкаў, усё збольшага на польскай мове. Ад яе прапрадзеда, колішняга менскага аптэкара, не засталося ні фотаздымкаў, ні ўцямных успамінаў. Толькі што пасьля рэвалюцыі ў пана фармацэўта ўсё адабралі да апошняй мікстуры ды саслалі, а яго дачку не прынялі з-за паходжаньня ў тэхнікум — пайшла на завод сарціроўшчыцай.
        Даліла няшмат ведала пра свой род. Якое там сёмае калена… Нават да пятага не сягае памяць. Але ў адрозьненьне ад іншых ёй не было на гэта напляваць. Аднойчы яна пабілася з падлеткамі, што згіналі на помніках жалезныя крыжы. Будучыя мужчыны — чаго ад іх чакаць? У лепшым выпадку — сінякоў ды драпінаў. Цяпер з ёю ветліва вітаюцца ўсе хлапчукі раёну. Увогуле, Даліла цудоўна ладзіць з мужчынамі — калі яны ў якасьці сяброў. Але як толькі пяройдуць рысу павагі…
        І ня дзіўна, што Даліла трапіла ў Гульню. Альбарутэнія — жанчына. Гордая і самотная, як Плачка з аповедаў Яна Баршчэўскага. Даліла часта ўяўляе падчас сваіх начных дзяжурстваў яе побач з сабой…
        
        
        
УДЗЕЛЬНІК ДРУГІ. ГЕНУСЬ.

        
        Мячык быў сіня-чырвоны. З брудна-белым паскам, які разьмяжоўваў сінюю і чырвоную паловы.
        А яшчэ ён быў чужы, гэты мячык.
        Генусь у свае тры гады гэтага не разумеў. “Дайдайдайдай”…
        Гаспадыня цацкі, вялізная пяцігадовая дзяўчынка ў вязанай шэрай кофтачцы – турэмнага колеру, як цяпер сказаў бы Генусь – забірае свой сіня-чырвона-круглы скарб і моцна штурхае нахабніка, які на гэты скарб спакусіўся. Генусь падае… Дзеці падаюць мякка – кажуць, іх падтрымліваюць анёлы. Але ён усё роўна плача.. Ён хоча чырвона-сіні мячык.
        “Гэта дзяўчынка… Яе нельга крыўдзіць, нельга адбіраць…” хуткі нярвовы шэпт над вухам. Твар Той-каго-нельга-крыўдзіць крывіцца: “Ён стласны, як Баба Юга!”
        І галасы, галасы: “Навошта вы прыводзіце яго да нармальных дзяцей? Яны палохаюцца.”
        “Мама, заечая губа – гэта таму, што я – зайчык?”
        Генусь на ўсё жыцьцё ўсьвядоміў, што ён – вылюдак. Дарэмна яму даводзілі, што ў тры гады чалавек яшчэ мала што помніць.
        Ён – памятаў. Нават тое, што гузікі на шэрай кофтачцы дзяўчынкі, якая яго спалохалася, былі ў выглядзе маленькіх пластмасавых машынак.
        Ён рос сярод нармальных дзяцей. Маці ўпарта адмаўлялася ад нейкіх сьпецыяльных умоваў, школаў-інтэрнатаў — яе дзіця ня горш за іншых! Настаўнікі ставілі чацьвёркі там, дзе трэба было – тры… Цярпліва выслухоўвалі яго гугнявае мармытаньне (воўчае паднябеньне – у ім жыў яшчэ і воўк!) Часам ён зьдзіўляў нечаканымі думкамі – зусім як дарослы! Часам палохаў выбухамі нянавісьці. З яго баяліся сьмяяцца. Ён глядзеў цёмнымі вачыма, як зьверанё, скрозь чорныя пасмы валасоў, якія амаль закрывалі твар: настаўнікі не наважваліся змушаць яго коратка стрыгчы грыўку. Вядома, няшчаснае дзіця хоча прыкрыць сваё калецтва. Гардыня ня высьпела ў ім, але не зьявілася і прыніжанасьці. Толькі ільдзяная самота. Ён увесь унутры адчуваў сябе ільдзяным.
        У шаснаццаць гадоў яму зрабілі аперацыю. Тонкі шнар на верхняй губе, трошкі асіметрыі ў рысах… Генусь стаў надзіва прывабным. Праз некалькі гадоў дзяўчаты будуць шаптаць яму на вуха, што ён падобны да галівудскага пірата Джоні Дэпа… “А што, калі ты завяжаш на валасы чырвоную бандану? Вось так… ну чаму – глупства? Чаму ты такі дзікі?”
        А ён проста ведаў, што ён – вылюдак. Пачвара. І ўсё прыгожае не для яго.
        У Інтэрнэце ня мела значэньня ягоная сапраўдная зьнешнасьць.
        Ён стаў слынным хакерам, у Сеціве яго ведалі пад імем – толькі ня сьмейцеся! – Тэрмінатар. Мы, напрыклад, калі даведаліся — не ад яго, зразумела, – доўга сьмяяліся.
        Дзяўчаты проста ліпнуць да Генуся – можа быць, кожная з іх падсьвядома хоча стаць Гердай, якая выратоўвае маленькага Кая.
        Альбарутэнію Генусь знайшоў у Сеціве. Адразу было сьмешна — купка фанатыкаў перабрэхваецца на “мове”, хто з іх большы патрыёт… Вершы зьмяшчаюць дэпрэсіўныя. А потым адзін з тых дзівакоў, з разраду агрэсіў­ных, спытаў Генуся на чаце: “А хто ты сам ёсьць?” Генусь хацеў запосьціць ганарлівае — “грамадзянін сьвету”, але задумаўся… Лёс Альбарутэніі на­дзіва быў падобны да ягонага. Раптам ён уявіў сябе на дзіцячай пляцоўцы, на якую прыйшла яна, Альбарутэнія, а ён разам з іншымі гідзіцца падысьці — нягеглая, зацкаваная, “не пускайце яе гуляць з нармальнымі”…
        Цяпер ён мадэратар папулярнага беларускамоўнага сайту.
        
        
        
УДЗЕЛЬНІК ТРЭЦІ. МАКС.

        
        Маленькая дзіўная цацка, якую ён знайшоў на ніжняй паліцы чужой шафы, была прахалодная, на ёй блішчэлі белыя шарыкі, якія так прыемна намацваць языком. На маленькіх ланцужках віселі іншыя шарыкі – маленечкія, металёвыя, яны бразгалі пяшчотна-пяшчотна, быццам сьмяяліся феі. Як у мультфільме – у белых сукенках-званочках, вісяць у паветры проста перад тварам галоўнага героя, і сьмяюцца… І вось-вось падораць цуд… Магчыма, нават тут, у гэтым цёмным куце чужой кватэры, пад чужымі футрамі, што грувасьцяцца над галавой Макса, нібыта яліны зьвесілі стамлёныя пухнатыя лапы. Тут адчувалася бясьпека. Ніхто ня выцягне на сярэдзіну ярка асьветленага пакою, ня стане казытаць за жывот, за шчокі – “Уй, які халосанькі! Бутузік! Анёлачак!”, ня змусіць чытаць абрыдлы верш… Адзіны, які Макс мог расказваць без памылак – пра елачку, на якой вырасьлі залатыя шышкі. Лухта. Феі бываюць, а елак з залатымі шышкамі ён пакуль ня бачыў. Колькі шуму ад гэтых дарослых…
        — Вось тут… Тут, на шафе, ляжала брошка. Яшчэ гадзіну назад ляжала.
        — Мусік, ты, напэўна, яе пераклала.
        — Мы зараз пашукаем, Марыя Вітальеўна. Яна, можа, звалілася, пакуль мы таньчылі.
        — На ёй сапраўдныя перліны. І срэбра шмат. Праца дызайнерская…
        — Мусік, ня псуй настрой гасьцям… Знойдзеш сваю цацку.
        — І ўсё-ткі… Гадзіну таму я яе бачыла на месцы.
        — Я зараз зазірну пад шафу, Марыя Вітальеўна… Хвілінку… Не, няма…
        Макса знайшлі ў цёмным куце калідору пад чужымі футрамі.
        — А ты што тут робіш? Што ў цябе ў роце? Дай… Ах, ты…
        Вядома, ён не разумеў, чаму на яго абрынуўся гнеў, чаму ён стаў для маці і бацькі такім нядобрым.
        — Не чапайце дзіця, яно ня ведае, што робіць…
        Цёмная вуліца… Сьвятло ліхтароў у сьняжынках, нібыта яны раскрадаюць яго, імкнуцца аднесьці далей, у сьцюдзёную цемру – але не даносяць, губляюць, гаснуць…
        — Ты разумееш, Марыя Вітальеўна можа вырашыць, што мы падгаварылі малога нягодніка сьцягнуць брошку…
        — Глупства.
        — У любым выпадку – калі дзіця можа ўзяць чужую каштоўнасьць, застаецца падазрэньне, што гэта з-за бацькоў… Што гэта гены… Ты зразумей, Марыя Вітальеўна — дырэктар нашай крамы, а я на касе сяджу, з грашыма працую... Першая наступная недастача – і падазрэньне на мяне… У-у, сволач маленькая! Злодзей расьце! У каго толькі?
        Макс удаўся ні ў кога.
        Чытаць навучыўся ў пяць гадоў. І кнігі сталі ягоным ратункам і ягонай сапраўднай сям’ёй. Макс хаваўся з чарговым томам на шафе, пад столом, на закінутай будоўлі побач з домам. Аднойчы ўзяў у бібліятэцы старую кнігу з незнаёмым прозьвішчам на вокладцы: “Караткевіч”. Чытаў усю ноч, з ліхтарыкам пад коўдрай. А нараніцу ведаў: у яго ёсьць радзіма.
        Калі яго першы раз забралі за ўдзел у пікеце — баранілі старасьвецкі будынак, на месцы якога спланавалі чарговы бізнэсцэнтр, — бацькі нават не прыйшлі ў пастарунак.
        На чацьвёртым курсе гістфаку Макс перавёўся на завочнае. З-за “крымінальных плямаў” армія па ім ня плакала. Да таго ж ён так і вырас “бутузам” — вялізным, паўнаватым і тонкаскурым, наіўныя блакітныя вочы, сьветлыя валасы трохі віюцца… Уладкаваўся ў архіў. Старыя супрацоўнікі яго любілі — надзея, прадаўжальнік… Макс жа адчуваў сябе злодзеем — ён выхопліваў з мінулага тое, што належала не яму, і за гэта плацілі. “Томб райдэр”, разумееш.
        Рабаваць чужыя ўсыпальніцы, каб збудаваць сваю...
        Ёсьць такая птушка ў тропіках, якая, каб прывабіць самку, будуе з травінак, каменьчыкаў, кветак, ягадаў дзівосныя палацы, выкладвае неверагоднай прыгажосьці арнамент… Чым мы лепшыя за тых птушак? Тым, што сьцьвярджаемся, разбураючы чужыя арнаменты?
        Макс спадзяваўся хоць адзін аднавіць… Прынамсі, на сайце Генуся ў яго ёсьць свая рубрыка, дзе ён займаецца адначасова і гістарычным лікбезам, і выкладвае сенсацыйныя гіпотэзы наконт беларускай гісторыі. Дасьледуе беларускія радаводы. Пра свой раскапаў такое — не паверыце. Бацькі Максавы дык ня вераць. Кажуць — ілжэ. Якія там шляхецкія карані, сваяцт­ва з князямі?
        Яшчэ ёсьць у яго хобі — цягаецца па беларускіх сядзібах, фатаграфуе руіны, урослыя ў зямлю помнікі… Мінулым летам зваліўся з дрэва, на якім шукаў лепшы ракурс, паламаў скабы — адна рабрына прабіла лёгкае. Ледзь дацягнуўся да шашы. Каб не міласэрны кіроўца машыны з нейкай птушкафабрыкі — ці быў бы Макс у нашай кампаніі? Вядома, марыць выдаць кніжку. І заваяваць каханьне Далілы.
        
        
        
        
УДЗЕЛЬНІК ЧАЦЬВЁРТЫ. ЕДРУСЬ.

        
        Сонца прасейвалася скрозь зялёныя парцьеры, зусім як скрозь лясныя шаты. Але тут не было водару ядлоўцу, грыбной цьвілі, сьпелых ягадаў… Толькі пах падгарэлых катлетаў.
        — Я табе пакажу “тата”! Ня тата, а “папа”! Ну, паўтарай: “па-па”!
        — Та-та!
        Па вуснах стукае даланя. У роце солана.
        — Чаго ты прычапілася да малечы. Няхай гаворыць, як хоча. У школе ўсё роўна перавучаць.
        — У, калгасьнікі! — злосьць цяпер скіраваная ў іншы бок. — Гаварылі мне, што ня трэба выходзіць за дзеравенскага. А ўсё твая маці. “Падгадуецца ўнучак на сьвежым малачцы”… Вярнуўся — як чужы. І на дзень болей не пушчу!
        — Ды сьціхні, “гарадская”… Паляндвіцу вунь сама трэскаеш, ня гідзішся, што з вёскі.
        — А табе толькі прапіска патрэбная была, быццам я ня ведаю!
        Трохгадовы Эдзік абдымае плюшавага кракадзіла, зялёнага, як мох на маладой яліне. Ён не разумее, чаму вакол — крык, чаму дарослыя сварацца. Але разумее, што гэта — ягоная віна.
        Напэўна, ён вельмі важная персона, калі з-за яго такі моцны шум. Эдзік заплюшчвае вочы і пачынае ўяўляць, як ён ідзе па лясной дарозе, даланя бабулі — шурпатая, сухая, але цёплая. “Гэта ядловец, Едрусік… Калі ўзяць ягадку ядлоўцу ў рот і доўга смактаць — перастане балець горла… А вось гэты вялізны камень бачыш? Каля яго спачываў князь Палямон… Ішоў ён некалі са сваімі воямі па гэтай дарозе, дзе мы з табою ідзем, змарыўся, уторкнуў у зямлю меч — і патрапіў у земляную жылу. І выскачыў каменны пухір. Вось гэты валун. Бачыш, які круглы, беленькі… Нават мох на ім не расьце.”
        — Навошта я з табой зьвязалася! Цямноцьце! Звыклі жыць у брудзе! І ў горад свой бруд цягнеце!
        Бацькі разьвяліся. Эдзік рос у няпоўнай сям’і. З татам удавалася бачыцца зрэдку. Той вінавата адводзіў вочы, саромеючыся сваёй нягегласьці, чырвонага абветранага твару, старой кашулі, дарыў цацку, перадаваў прывітаньне ад бабулі. У бацькі зьявілася іншая сям’я ў райцэнтры. Эдзік нават бачыў аднойчы сваю зводную сястру — рудую таўставатую дзяўчынку са шчарбінай між верхнімі зубамі. Вядома, маці пра гэта знаёмства гаварыць было нельга. Яна ўладкоўвала Эдзіка ў музычную школу, у ізастудыю, на бальныя танцы. У яго былі касьцюмчыкі з гальштукамі-батэрфляямі, пулаверы з шатландскай воўны, пад якія апраналіся белыя ад­прасаваныя кашулькі, самыя дыхтоўныя чаравікі, стрыжка “пад пажа”… І нянавісьць да ўсяго ўпарадкаванага, акуратненькага, фальшывага, як слова “папа”. З шостага класу маці пачала вадзіць яго па псіхолагах. Яму ставілі дыягназы “неадэкватныя паводзіны”, “павышаная эмацыйнасьць”, “агрэсіўнасьць”. Эдзік змрочна слухаў, як маці скардзіцца на ягоную дрэнную спадчыннасьць. Яна жыцьцё кладзе, каб сына вывесьці ў людзі, а сын не жадае прымаць нават методыку “разьдзельнага харчаваньня”. І ўвогуле, яна падазрае… ну, так, як ні прыкра… што Эдуард ужывае наркотыкі. Не, не знаходзіла. Але ён такі... дзіўны. Часам псіхолаг, які з прафесійнай цярплівасьцю слухаў адукаваную матулю ў вязаным капялюшыку і карункавай белай блузачцы, лавіў кінуты спадылба позірк “некіруемага” падлетка. І столькі недзіцячай іроніі было ў гэтым позірку, і столькі тугі, што рука доктара сама лезла ў шуфляду стала за новым стосам тэстаў…
        Эдзік паступіў пасьля восьмага класу ў “хабзу” пры хлебзаводзе проста таму, што ня мог знайсьці менш рамантычнае месца. Нават працу ў моргу (была ў яго і такая думка) маці магла неяк вытлумачыць (Гамлет, чэрап Йорыка, дэкаданс, некрафілія)… А так — як сказаць сяброўкам, з якімі разам ходзіць у прыватны паэтычны салон ( такія ж капялюшыкі, блузачкі, Ах-Ахматава), што сын вучыцца на хлебапёка… Булачніка. Ганьба.
        Тое, што ён граў у рок-гурце — ягоны сапраўдны занятак — было таксама па-за межамі ейнага эстэтычнага разуменьня.
        Ён пілаваў на сола-гітары, і някепска. Бялявыя валасы зьвязаныя ў хвосьцік, тонкія цьвёрдыя вусны, велікаваты нос… ня тое каб гожы, але… Сінія вочы ня страцілі іроніі. Гралі гранж, апантана, зараблялі грошы, каб зьняць прыстойную “кропку” дзеля рэпетыцыі, паступова выпаўзаючы з падвалаў на клубныя сцэны.
        Там, у рок-тусоўцы, здавалася б, такой далёкай ад лясной сьцяжыны, па якой хадзіў князь Палямон, Эдзік і спаткаўся з Альбарутэніяй. Ён пазнаў яе адразу — як пах ядлоўцу. І назаўсёды застаўся Едрусем.
        У яго была гітара, магіла бабулі на вясковых могілках на Лагойшчыне і Альбарутэнія.
        Гэтага досыць, каб быць самадастатковым — і чужым.
        Калісьці ў яго здарыўся яшчэ кароткі, на два абзацы, раман з Далілай. Дакладней, Едрусь спрабаваў яго наладзіць з дзіўнай дзяўчынай, што пацягвала піва ў кутку арт-кавярні ў падазронай самоце. Яна відавочна ніколі не нацягнула б на сябе карункавую блузачку і не зацікавалася б “разьдзельным харчаваньнем па метадзе Поля Брэга”.
        Замест рамана нечакана для абодвух выйшла сяброўства. Для нашае суполкі гэта проста файна.
        Што яшчэ пра Едруся? Ад арміі “адкасіў” — скарысталіся ўсё-ткі былыя візіты да псіхолагаў. З хлебзаводу сышоў. Гандлюе газетамі. Грае на вясельлях. Жыве… Шмат дзе жыве. Абы ня ў маці.
        Толькі ў дзень барацьбы з наркаманіяй — ёсьць такі ў календары ЮНЭСКА — дасылае мамачцы букет жоўтых хрызантэмаў.
        Навошта? Каб верыла, што выратавала сыночка ад “белай сьмерці”? Ці проста — вытанчаны зьдзек? Магчыма… Мы ж тут усе… гадзючыя.
        
        
УДЗЕЛЬНІК ПЯТЫ. Я.

        
        Ну што вам пра сябе расказаць?
        У адрозьненьне ад іншых, я нарадзілася проста ў абдоймах Альбарутэніі. Пакладзеная на ейныя калені і накрытая вышываным фартухом. Татуся і мамуся мае такія сьвядомыя, што ад іх можна запальваць купальскія вогнішчы. Мусіць, першае, што я памятаю — гэта і ёсьць купальскае вогнішча. Цемра, языкі полымя, мільгаценьне постацяў у сьветлых кашулях, высокі моцны голас маці: “Ку-па-лі-інка, Ку-па-а-лі-нка...Цё-омна-ая но-очка…” Халодны мокры дотык да твару кветак, што зьвісаюць з майго купальскага вянка…
        Галасы аддаляюцца, аддаляюцца… Я адна. Прыціскаюся да шурпатага камля, пачынаю ціхенька ўсхліпваць… Гучна плакаць нельга — тут Дзед Лясун, русалкі, якія казычуць непаслухмяных дзяцей, цмок, які жыве ў гэтым возеры… Я ня ведаю, што такое цмок, але слова страшнае. Успамінаецца метро — аднавокае страшыдла ляціць з жахлівым грукатам… Увогуле — машыны гэта страшна… Сьмярдзючыя, шумныя, бязьлітасныя… У майго таты няма машыны. Бо рэчы для нас не галоўнае. Галоўнае — духоўнасьць. “А ну, Руся, раскажы верш Янкі Купалы “Чаго вам хочацца, панове!” Не, яна ведае, проста саромецца… Расказвай, Руся! Як ты магла забыцца такі верш? Ну дык ідзі адсюль, нам паразмаўляць трэба, пагартай там, у куточку, часопісы”.
        Бацькі мяне ўвесь час забывалі. У куточку залы, дзе адбываецца чарговая імпрэза. У дзіцячым садку. У школе, у “прадлёнцы”, якую бацькі ахрысьцілі “падоўжанкай”. Яны вельмі занятыя сабою і “справай”. Канферэнцыі, прэзентацыі, вечарыны, эксьпедыцыі… Цяпер я разумею, ім здавалася, што я ведаю, якую важную справу яны робяць, і ганаруся, і падзяляю… Што? Іх усьведамленьне сябе інакшымі, далучанымі, лепшымі за іншых? Бабуля, матуліна мама, неяк расказала, што бацькі калісьці захапляліся містыкай Рэрыхаў. Нават у таварыства ўваходзілі. Дапамагалі праводзіць выставы. Езьдзілі на Алтай, па касьмічную мудрасьць.
        Потым на зьмену Рэрыхам прыйшла Альбарутэнія. Яны пазалацілі ейны твар, закавалі ў бліскучыя рызы і ўперліся ілбамі ў падлогу перад ёю.
        А яна жывая. З усімі наступствамі. І ўжо колькі стагоддзяў з жорсткай усьмешкай назірае за пакутамі тых, што гінуць за яе.
        Вядома, яна гэтага вартая. Але ўдзячнасьці не дачакаецеся.
        “Марь-Ванна, а Руслана снова сказала на “кровать” — “ложка”!”
        У дзявятым класе я абрэзала сваю пшанічную касу пад самае нічога. Зрабіла пірсінг на ніжняй губе і пачала слухаць выключна “Нірвану”. Калі бацькі ўсьвядомілі, што я маю іншыя зацікаўленьні, а не наведваньні нудотных паэтычных вечарынаў і сьпяваньне народных песьняў у хоры (голасу мне Бог ня даў, але слыху, на жаль, дастаткова, каб усьведамляць уласную музычную бездапаможнасьць), я стала для іх здрадніцай. Нарэшце, яны мелі магчымасьць пакараць пагардай хоць аднаго ворага, тым болей ён быў побач, і яго было лёгка дастаць. Я паступіла на архітэктурны факультэт і нават вершы пачала пісаць на рускай мове. І, напэўна, дзякую­чы дурному фанатызму бацькоў, узьненавідзела б Альбарутэнію і ўсё, што з ёю зьвязанае, да канца дзён сваіх, ня мною палічаных… Калі б не сустрэча ў падземным пераходзе з двума музыкамі… Карацей, двое ў чорных майках з белымі выявамі ваўчыных пысаў, у хустках-банданах… Яны сьпявалі так прачула-нягучна — пра пакаленьне прысаку, пра мячы ў ножнах, пра сэрца ваўкалака і верасовыя пусткі — што мяне нібыта за абрэзаную касу залатым цьвіком прыбілі да каменнае сьцяны. Я прастаяла побач з музыкамі да вечара — яны, здавалася, не зьвярталі на мяне ўвагі, як зрэшты і на тых, хто праходзіў побач і кідаў — ці ня кідаў — у адчынены футарал ад гітары грошы. Але потым — вельмі проста, бяз ценю нядобрай зацікаўленасьці — паклікалі мяне на піва.
        Адзін з музыкаў быў Едрусь.
        Я зрабіла вокладку для іхняга дыску. Ваўкалак на фоне верасовага поля і начнога неба. Готыка… ня ведаю, наколькі гэта па-мастацку — але хлопцам падабаецца.
        Так, я не сказала… Я гатовая памерці за яго. За бландзіністага Ваўкалака Едруся.
        Але яшчэ хутчэй памру, каб ніхто пра гэта не даведаўся.
        Бо для хлопцаў існуе толькі Даліла. Якая ненавідзіць заляцаньні і закаханасьці.
        Ува мне ж няма нічога, што б магло прывабіць. Я — сярэдняя па жыцьці. Рост сярэдні, вочы — сярэднія… Паміж шэрымі і зялёнымі. Часам да мяне прыходзяць вершы. Душаць, балюча варочаюцца дзесьці пад сэрцам, просячыся на сьвет — здараецца, я іх запісваю. Друкаваць, вядома, не зьбіраюся. Я ня ведаю, для чаго я. Я ня ведаю, як мяне адрозьніваюць у натоўпе. Я б сама сябе не пазнала — дакладна. І ў гэтым аповедзе я ня буду галоўнай. Вы можаце ў большасьці выпадкаў нават уявіць, што мяне няма.
        Вось такія мы, пяцёра. Калі сустракаемся дзеля нашых дзіўных для непасьвечаных справаў, мне так і хочацца засьпяваць на матыў піянерскага маршу: “Мы, маргіналы, дзеці падпольля…”
        Мяне не адразу далучылі да Гульні.
        Каб я была сёмай дачкой сёмай дачкі, гэта значыць, вядзьмаркай па нараджэньні, я б, напэўна, раней зразумела, аб чым перамаўляюцца пад час сустрэчаў мае новыя сябры, і куды яны час ад часу зьнікаюць, каб зьявіцца. І адзін з іх заўсёды выглядае як пасьля шпацыру на той сьвет.
        Але я была адзінай дачкой адзінай дачкі, і мне давялося чакаць, пакуль Даліла аднойчы не сказала: “Цяпер мы выкарыстаем цябе”.
        
        
        
АБСТАЛЯВАНЬНЕ ДЛЯ ГУЛЬНІ

        
        Леанарда да Вінчы вучыў, што лягчэй за ўсё маляваць зусім старых: варта толькі зразумець, якая ў іх асноўная рыса характару. Бо чым бліжэй да сьмерці, тым болей у чалавеку разьвіваецца адна ягоная якасьць. Сквапнасьць або шчодрасьць, юрлівасьць або сьціпласьць, дабрыня або зласьлівасьць…
        Гэтая бабулька жадала павучаць.
        Даліла адразу думала, што бабулька была калісьці настаўніцай. Пакуль адна санітарка не распавяла, што зьвяглівая хворая раней працавала прыбіральшчыцай, ды яшчэ гандлявала кветкамі. Вырошчвала ля свайго прыватнага дамка. А ўзімку прадавала часнык і сушаныя прыправы. Ды яшчэ нібыта была ці то баптысткай, ці то вядзьмаркай. І нікогенька ў яе не за­сталося са сваякоў. Са сьвету зжыла. Карацей, асоба непрыемная. І звалі “кветкава” — Разалія. Разалія Іванаўна.
        Здавалася, што твар бабулькі калісьці зьляпілі са сьнегу. А потым на сонцы ён стаў раставаць, усе рысы паплылі ўніз, абсунуліся, і раптам застылі. Ды хіба Даліла ня бачыла, як выглядаюць пасьля інсульту? Гандлярка кветкамі, уся ў зморшчынах, але каротка стрыжаныя валасы пафарбаваныя ў каштанавы колер, — гаварыла-гаварыла-гаварыла рыпучым голасам, у якім нельга было разабраць і паловы словаў, пра ўмовы ў бальніцы, пра моладзь, пра горад... Усё было кепскае. Медсёстры з прафесійным цынізмам жартавалі — шкада, не адняло ў старой стрэмкі мову.
        Так выйшла, што найчасьцей пабыць з хворай прасілі Далілу. Тая ніколі не падлагоджвалася, не падтаквала. Проста маўкліва дапамагала прайсьціся па ўнутраным дворыку да лавачкі, прыносіла ваду… Ёй у рэабілітацыйным цэнтры даўно ўжо дадаткова налічвалі паўстаўкі санітаркі. Нават уколы навучылі рабіць. Такая разумная дзеўка — і вартаўнічка… Ішла б хаця на завочнае ў медвучылішча!
        Неяк Разалія Іванаўна і Даліла сядзелі побач на лавачцы, пад травеньскім сонейкам, і мая сяброўка дастала з кішэні кніжку Както — у мяккай вокладцы з гравюрай Бердсьлея. Больш пафаснае чытво для бальнічнага дво­рыку і ўявіць цяжка. Хворая спытала:
        — Што, падабаецца?
        Даліла лена адказала:
        — Наш час — гэта час яркіх этыкетак, не хапае падтэкстаў. Вось і кампенсую.
        Бабулька ўважліва паглядзела на вахцёрку.
        — А чаму размаўляеце па-беларуску? Звычайна аматары інтэлектуальных кніжак пазьбягаюць усяго, што можа даць намёк на іх… правінцыйнасьць, скажам.
        Даліла ўскінулася — на падобныя закіды ў яе быў даўно гатовы адказ — наконт сапраўднай культуры… Які яна і агучыла. Разалія Іванаўна заўсьміхалася перакрыўленым ротам, нібыта перадачу доўгачаканую атрымала:
        — Ведаеце, маладым нельга доўга знаходзіцца са старымі. Старасьць раней лічылася нечым... проста непрыстойным. Быў такі філосаф Ісідор Севільскі, які жыў тысячу гадоў таму. Дык ён казаў, што старасьць — гэта калі чалавек ператвараецца ў немаўля, поўніцца кашлем і нечыстотамі, пакуль не сыходзіць у пыл і тло. Я не баюся. І вы не саромцеся, што вам гэта гідка ўва мне. Галоўнае — што чалавек пасьпеў набыць за сваё жыцьцё… Ці нейкія транты, якія альбо спарахнеюць, альбо нашчадкі за іх перагрызуцца, ці …веды.
        Старая гаварыла ясьней, чым звычайна, толькі расьцягваючы словы, як зблытаную вяроўку. Даліла паціснула плячыма.
        — І нікога я ня гіджуся. Вы проста стаміліся. Давайце можа адвяду вас у палату.
        Хворая абурана замахала дрыжачай рукой — на сярэднім пальцы бліснуў срэбны пярсьцёнак, падобны да заручальнага.
        — Ня трэба ў палату. Я выдатна сябе адчуваю. Ніколькі ня горш, чым батлеечная шынкарка. Вось яе пакруцілі на дроціку — і яна ўжо таньчыць. Мой дрот трымае вельмі ўчэпісты батлейшчык, надакучу — кіне ў скрынку і вечка замкне. А пакуль я патрэбная на гэтай мізэрнай сцэне — буду выходзіць і таньчыць. Як мне шкада, што зьніклі батлейкі… Вам не хапае шматслойнасьці, дзяўчынка… Ведаеце, за кожны слой прасторы і часу, за іх спазнаньне трэба плаціць. Вы гатовыя?
        Даліла чамусьці паглядзела на казённыя пантофлі Разаліі Іванаўны, на якіх красаваўся шмат разоў падмаляваны надпіс белай фарбай: “3-я п., кард.”, што азначала трэцюю палату кардыялагічнага аддзяленьня. Вось вам “шматслойнасьць”… Старая відавочна з галавою не сябруе. Ну дык што, з вар’ятамі часта цікавей размаўляць, чым з нармальнымі.
        — За ўсё, што я раблю ў сваім жыцьці, я гатовая плаціць, — цярпліва адказала Даліла. — Таму раблю толькі тое, што хачу. І, дарэчы, я даўно не дзяўчынка. Маёй дачцы шэсьць гадоў.
        — Што ж, — Разалія Іванаўна зноў трохі прывяла, яе мова зрабілася няўцямнай, як з воўнаю ў роце. — Тады… вам… ня будзе цяжка… Я жыву тут, тут… побач, адразу за могілкамі. Мне б хацелася, каб вы прыходзілі. Я... магу плаціць. Уколы… вы ж умееце рабіць, праўда? Вы… давядзеце мяне дадому, калі я выпішуся. Гэта ўжо… хутка. Мне трэба паспрабаваць яшчэ… хоць раз. На адзін раз мяне хопіць.
        Апошнія фразы Разалія Іванаўна прагаварыла зусім шэптам. Інсультнікі нярэдка трызьняць. Але рэабілітацыйны цэнтр — не бальніца і ня дом састарэлых. Прайшоў курс працэдураў — і выпісвайся. Праз тры дні са­праўды давялося весьці бабульку дахаты. Даліла так нічога толкам пра яе не даведалася, а распытваць, як вы ўжо зразумелі, не ў характары маёй сяброўкі. Бабулька адукаваная. Хаця часам гаворыць надта па-простаму, хіба — знарок? І яшчэ дзіўна… Па дакументах выходзіла, што старой мусіць быць усяго пяцьдзясят два гады. Сучасныя жанчыны ў гэтым узросьце на фітнэс бегаюць ды джынсы носяць… А Разалія Іванаўна выглядала на ўсе семдзесят. Можа, памылка ў дакументах?
        Дом быў зусім блізка ад могілак, заціснуты між шыкоўнымі катэджамі, быццам жабрак у чорных лахманах між сьвецкіх дам у дэкальтэ на прыё­ме ў губернатара. Ды яшчэ пабудаваны ў нейкай яміне, так што з-за плоту з пачарнелых дошак відаць толькі дах. І крыты нават ня шыферам, а рубероідам, там-сям парослым зялёным імхом — нібыта мокрая, зьмятая і брудная трохвуголка напалеонаўскага ветэрана, які з цяжкасьцю пераадольвае супраціў беларускай гразі. Падсьлепаватыя вокны. А між шыбамі — зжаўцелая вата, пасыпаная навагоднімі блішчынкамі — патрушчанымі шклянымі елачнымі цацкамі. Вокны, відаць, гадоў трыццаць не адчыняліся. Пад вокнамі тырчаць мальвы з блякла-ружовымі, нібыта выцьвілымі, кветкамі. Хто б мог падумаць, што пасярод горада захаваліся такія халупы… Двор быў таксама няўтульны, толькі хохлікам па ім бегаць. Пакуль гаспадыня лячылася, зарос травой, пустазельле на градах вымахала вышэй галавы. Асабліва шмат палыну. Тужліва глядзеліся між учэпістых “плябеяў” яркія галоўкі цюльпанаў ды хрызантэмаў — нібыта гімназісткі згубіліся на бядняцкім кірмашы, і галадранцы шчыкаюць іх, пасьміхаючыся, штурхаюць і не даюць сабрацца разам і паклікаць строгую класную даму. З дрэваў — толькі некалькі вішанек ды клён з незвычайна буйнымі лістамі.
        Гаспадыня, абапіраючыся на кавеньку, успаўзла на бетонны ганак, як сьлімак на антычную ўcыпальніцу, і забразгала ключамі.
        Унутры было таксама бедна, але чыста. Ня верылася, што за вокнамі — шумны горад.
        Даліла азіралася з цікавасьцю — перш за ўсё ў любой хаце шукала вачыма кніжкі. Што яшчэ раскажа пра гаспадароў лепей? Але кніжак у доме не было. Сьцены, абклееныя зялёнымі шпалерамі з ружамі, выцьвілыя амаль да таго стану, калі кіч становіцца антыкварыятам. Жалезны ложак, упрыгожаны шышачкамі на парэнчах. Засланы, праўда, не даматканай посьцілкай, а звычайнай, куплёнай у краме, ды яшчэ з выявамі цвыркуноў, якія граюць на скрыпачках. Ля супрацьлеглай сьцяны канапа, старая, пакрыўленая, быццам цыганскі шарабан. Здавалася, дакрані­ся да яе — і з праседжанай абшыўкі, як разбойнікі з засокі, вымкнуць іржавыя спружыны… Ні вышыванак, ні вазонаў. А казалі, бабулька — любіць кветкі і вырошчвае іх. Абшарпаны круглы чорны стол, на ім — вазачка з зялёнага шкла, у якую насыпаныя катушкі з ніткамі, гузікі, голкі, шпількі. По­бач з вазачкай нататнік з залатым надпісам на зялёнай дэрмацінавай вокладцы “Ленинград” і танная асадка. У яе целе з празрыстага пластыку, як венозная артэрыя, цямнеў напалову сьпісаны сіні стрыжань. Пачак пернікаў, якія, відаць, пасьпелі ператварыцца ў камяні... І адзіны цікавы прадмет — тоўсты фотаальбом у вокладцы з вырабленага пад скуру цёмна-брунатнага кардону. Чым можа займацца чалавек, які жыве ў такой пустой кватэры? Хіба што маліцца… У куце праваслаўны абраз, але ня Божае Маці, як зазвычай, а “Маленьне аб Чашы”. Ісус Хрыстос у Гефсіманскім садзе. У сваю апошнюю ноч перад пакутамі, абапершыся на халодны камень, моліцца бацьку: “Пранясі гэтую чашу паўз мяне… Але, зрэшты, ня як Я хачу, але як Ты хочаш”. Можа быць, самы кранальны момант Сьвятога Пісаньня… Абраз танны, наклееная на дошку карцінка, але, відаць, яшчэ даваенны — бо малюнак таксама выцьвіў, па краях выцерся… У прынцыпе, напэўна, для веруючага чалавека не павінна быць розьніцы — маліцца на дарагі абраз, маляваны на якой-небудзь кіпарысавай дошцы вядомым майстрам, альбо на танную, набытую ў царкве штампаваную карцінку… Гэта як вакно, праз якое можаш глядзець на сонца — галоўнае ж не каштоўнасьць рамы, а сонца… І здольнасьць яго бачыць. З другога боку, намоленыя абразы, пацямнелыя ад дыму сьвечак, абразы, якія помняць погляды тысяч людзей у найвышэйшых духоўных парываньнях, набываюць асаблівую прыцягальнасьць, можа быць, яны больш празрыстыя вокны ў неба…
        Перад гэтым абразом, напэўна, таксама часта маліліся. Хаця імя “Разалія” — нейкае не праваслаўнае.
        Разалія Іванаўна тупала па хаце, абапіраючыся на новенькую мыліцу з шэрага пластыку, нешта мармытала сабе пад нос... Даліла падышла бліжэй да абраза. Пацягнула руку, каб паправіць вышыты крыжыкам рушнік, які зусім па-вясковаму аздабляў сьвятыню…
        — Прэч адсюль! — голас бабулькі быў такі адчайна-пранізьлівы, што Даліла здрыганулася… Хаця мала што магло змусіць яе страціць душэўную раўнавагу.
        — Пайшла! Зараз жа!
        Разалія Іванаўна стукала мыліцай у падлогу, азызлы твар дрыжэў, як быццам яе біла токам, здавалася, па скуры ішлі дробныя хвалі. Даліла моўчкі пакрочыла да дзьвярэй, перакінуўшы зручней свой улюбёны джынсавы заплечнік. З такімі хворымі гаварыць — як шрот есьці.
        — Стойце!
        Ну што яшчэ? Але старая зусім супакоілася. Толькі позірк з-пад аб­віслых павекаў стаў яшчэ больш змрочным.
        — Я гэты дом вам адпішу. Разам з… усім. Толькі абяцайце, што ня будзеце выходзіць… туды… занадта часта.
        Даліла цярпліва кіўнула і выскачыла за дзьверы. Трэба зараз жа схадзіць да галоўурача. Або няхай прымацоўваюць да старой прафесіяналку са шпрыцам, альбо ўладкоўваюць у патрэбную ўстанову. Гэта ж ні ў краму сама Разалія Іванаўна ня сходзіць, ні есьці сабе ня зварыць…
        Хаця… Даліла сама лепей памерла б з голаду, чым пераехала б ва “установу”.
        І ўжо праз гадзіну прыцягнула старой сетку з прадуктамі. Разалія нават дзякуй не сказала. Дарэчы, Даліла і не чакала ўдзячнасьці. Прычым ніколі і ні ад кога. Таму і ня мела крыўды на гэты сьвет. Яна з тых, хто здольны на надзвычайную міласэрнасьць — і надзвычайную жорсткасьць. Таму што дараваць таксама ня ўмее.
        Цяпер маршрут Далілы быў такі: шпіталь-могілкі-Разалія-могілкі-дом. Часам яна брала з сабой дачку Віку, ціхмяную зеленавокую дзяўчынку з русявымі коскамі. Малая чужой бабулі палохалася, захіналася ад яе плюшавым заплечнікам-мядзьведзікам… Некалькі разоў складаў кампанію Едрусь. Праўда, кветачніца няўхвальна глядзела на ягоныя чорныя строі з заклёпкамі, таму булачнік-музыка часьцей чакаў на ганку, пакуль Далі­ла аддасьць закупленую правізію ды лекі. Толькі аднойчы Разалія зірнула больш памяркоўна, калі маладыя госьці засьпелі яе за разгляданьнем фотаальбому. Дакладней, адной фоткі. Так разглядаць можна толькі былое каханьне. Старая сядзела ў брунатнай у чорныя палоскі сукенцы, высунуўшы з каўняра тонкую маршчыністую шыю, як чарапаха Тарціла. Галава з коратка пастрыжанымі валасамі трэслася… А вочы з непрыгожа адвіслымі павекамі малітоўна ўпёрліся ў мужчынскае аблічча. Фотаздымак трохі пажаўцеў, ён быў любоўна абклеены плёнкай… Але з яго пазіраў не які-небудзь бравы лётчык альбо чырвоны камандзір, а звычайны хлопец у груба зьвязаным швэдары, з чорным чубам, амаль як у Джэймса Бонда, і цалкам разьняволенай іранічнай усьмешкай.
        — Се-ева…— пяшчотна працягнула старая, гледзячы на фотаздымак, і тут жа быццам раззлавалася на сябе за гэтую пяшчоту. — Блазьнюк… Такі самы, як ты…
        Гэта адрасавалася Едрусю, які намагаўся ў гэты момант прыладзіць на месца перакошаны карніз. Хаця навошта? Уся справа карнізу была трымаць вартыя жалю падабенствы занавесак. Тканіна пад французскім найменьнем дэдэрон, з якога яны былі калісьці створаныя, зжаўцела, як костка, і здавалася гэткай жа шорсткай і хрусткай. Увесь пыл стагоддзяў быў у гэтых дэдэронавых анучах, якія нібыта аддзялялі хату ад могілкавага краявіду, а насамрэч прыўносілі ў яе магільны пыл.
        — Ваш муж на фотаздымку? — няўважна папыталася Даліла, якая раскладала шпрыцы, каб зрабіць бабульцы ўкол. Я, дарэчы, заўсёды дзівілася, як Даліла можа гэтак спакойна і ўпэўнена ўтыкаць іголку ў чужое цела, не баючыся, што яму — баліць… Найбольш, на што выявілася здатнай я — гэта пароць у гумавую задніцу, якія нам раздавалі на ўроках медпадрыхтоўкі ў інстытуце. І то — прызнаюся — мне было шчыра шкада той кавалак гумы, безабаронны, сколаты грубымі голкамі, пяшчотна-памаранчыкавы…
        Гэткім жа пяшчотна-памаранчыкавым стала аблічча Разаліі, калі тая пачула пытаньне Далілы.
        — Калі жанчына разглядае фотадымак мужчыны, значыць, успамінае мужа? Ці вы лічыце мяне такой старой, што не пра мужа я не магу й думаць? Каб вы ведалі, як вы памыляецеся… А гэта… гэта ўнук нягодніка і ката.
        Даліла і Едрусь перазірнуліся. Але старая заківала галавой.
        — Меладраматычна гучыць? Але праўда… Мы з Севам вучыліся разам у… Якая розьніца, дзе? У будатрадзе ён выцягнуў мяне са студні. Ды не, назва была адна, а ня студня. Ламаччам закіданая і без вады. А я заўсёды была… няўважлівай. Мы плавалі ў рэчцы пад назвай Лана, ноччу, сам-насам з поўняй… І… не было між намі таго, пра што вы падумалі, маленькія амаральныя істоты. Мы бераглі гэта… Каб спраўдзіць менавіта тады, калі належыць, калі нас блаславіць і неба, і зямля, і людзі… Хаця думкі апошніх нас цікавілі найменей. А потым я даведалася, з якой ён сям’і. Я ж думала — супадзеньне, падобнае прозьвішча… Не, аказваецца, дзед ягоны — той самы Касіянаў, былы гэпэушнік і нкусавец… Вядома, калі мы пазнаёміліся з ягоным унукам, таварыш Касіянаў быў ужо генерал у адстаўцы. Я нават у госьці да яго хадзіла, у якасьці нявесты ўнука. І дзед той мне падабаўся… Старэнькі, паперхвае ўвесь час, але ўсьмешлівы, вясёлы… Жартуе разумна. Кніжкі інтэлектуальныя чытае. У мастацтве разьбіраецца. Мне кніжку пра Сальвадора Далі падараваў — а тады ж гэта быў страшэнны дэфіцыт. І памёр сваёй сьмерцю ня так даўно, паляжаўшы ў лечкамісіі, паезьдзіўшы па Друскеніках ды Місхорах. А мае родныя — яны ж амаль усе тут ляжаць. Расстраляныя, як ворагі народу. Ноччу, крадма… Так, тут, на гэтых могілках, таксама стралялі, і закопвалі людзей у ямы, як быдла… Каб ні сьледу… Дзед ня быў палітыкам. Ня быў вайскоўцам. Усяго толькі чыгуначнікам, ды яшчэ вернік быў, прыслужваў у Крыжаўзьвіжанскай царкве — яе ўжо няма. У трыццаць трэцім зруйнавалі. А дзеда майго арыштавалі. Падстава для арышту была сьмешная… Нават ня тое, што прыслужваў у царкве, і не сьвяты абраз — а ігруша.
        — Палітычна няправільная ігруша? — засьмяяўся Едрусь. Бабулька дробна затрэслася.
        — Ненавіджу ігрушы… Галіны, цяжкія ад пладоў, зьвешваліся за плот… Таварыш Касіянаў ехаў на аўтамабілі… разам з яшчэ адным такім, нібыта інтэлігентам-навукоўцам, а насамрэч стукачом слынным. Па нашай вулачцы гэта, напэўна, першы аўтамабіль праязджаў.
        — Начальнік сарваў ігрушу, а ваш дзед пачаў лаяцца? — здагадалася Даліла.
        — Дзед ніколі не шкадаваў ігруш для мінакоў! — пакрыўдзілася хворая. — Проста галіна сьцебанула таварыша навукоўца па твары. Моцна, да крыві… Можа быць, гасподзь падаў яму знак спыніцца на той крывавай дарозе, на якую ён стаў? Але каты ніколі не спыняюцца, каты нават паміраюць катамі. І чаго так блізка да плоту пад’ехалі? І чаму гэты нягоднік не адхі­ліўся? Як сьпецыяльна… Касіянаў раскрычаўся — кантррэвалюцыйны замах. А дзед яшчэ пачаў пярэчыць, што ня трэба сьсякаць дрэва.
        — А што той, навуковец?
        — Нібыта ціха сядзеў… Нават супакойваў сябрука-ката: маўляў, нічога. Добранькім хацеў падацца, сволач. Мне пра яго пасьля расказалі: палову універсітэту свайго перасадзіў, гад. Скаловіч ягонае прозьвішча… Нават у энцыклапедыях дасюль ёсьць. Геній, ці ж бачыце, у хіміі. Нічога, самога праз год разам з ахвярамі расстралялі. А дзеда забралі тым жа вечарам. Ён і хавацца ня стаў – навошта? Людзей нават у Казахстане, у Сібіры знаходзілі. Бабуля насіла перадачы ў турму. Яна была цяжарная маёй маці і чакала гадзінамі кожны дзень у чарзе такіх жа сваякоў арыштаваных — няшчасныя кабеты з клуначкамі... Год хадзіла… А пасьля ў яе аднойчы не прынялі перадачу. А ў трыццаць сёмым забралі і бабулю. Маці выхоўвалася ў дзіцячым доме. Гэта цуд, што бабуля выжыла ў лагеры для жонак ворагаў народу. Называўся ён экзатычна — “АЛЖИР”, “Акмолинский лагерь жен изменников родины”. Другі цуд — што выйшаўшы на волю, пасьля вайны, яшчэ да пачатку “рэабілітансу”, знайшла сваю дачку, тады ўжо трынаццацігадовую дзяўчынку, худую, як запалка, і апантаную піянерку… Якая пасьля спрабавала атруціць злачынную маці.
        — Як гэта? — разгубілася Даліла. — Дзіця?
        — А што — дзіця? — прабурчэла старая. — Дзеці — яны і ёсьць найлепшымі катамі, бязьлітаснымі, вынаходлівымі… Што Аркадзь Гайдар, які ў пятнаццаць гадоў уласнаручна расстрэльваў белагвардзейцаў, што кітайскія хунвэйбіны, якія абмазвалі смалой сваіх школьных настаўнікаў і клалі на сонца… І праз кожныя некалькі гадзінаў — пакуль няшчасныя варушыліся — падмазвалі яшчэ… А высакародная ідэя, каб апраўдаць дзіця-забойцу, знойдзецца заўсёды. Маёй маці было трынаццаць гадоў, яна пакутвала, што жыве з ворагам савецкай улады… Вось тут, у гэтым дамку ля могілак… Ды яшчэ пасьля лагероў мая бабуля не была надта прыветнай ды ласкавай. Піянерка аблупіла галоўкі ад серніцаў — цэлую пушку ўзяла — і натрушчыла ў каву… Яны тады пілі жытнюю каву — з перасмажаных зерняў.
        — І што? Вашая бабуля заўважыла? — зацікавіўся Едрусь. Разалія Іванаўна няўхвальна паглядзела на ягоную фрызуру — валасы забраныя ў хвост, ды яшчэ бялявая коска таўшчынёй з лазіну зьвісае над вухам, пераплеценая чорнай ніткай.
        — Выпіла мая бабуля тую каву… Але арганізм, відаць, загартаваны быў да любой атруты. Паванітавала — і нічога.
        — А потым — як жа? — жаласьліва спытала Даліла, падумаўшы пра сваю зеленавокую дачушку Віку, што зараз адрывае лялькам парэпаныя пластыкавыя ногі ў гульнявым пакоі групы нумар дзесяць дзіцячага садка завода ацяпляльнага абсталяваньня.
        Галава Разаліі Іванаўны трэслася, нібыта старая адмаўляла тое, што гаворыць.
        — А потым — мая маці прызналася… Бабуля даравала… Хаця да канца яны адна адну так і не прынялі.
        Разалія Іванаўна памаўчала.
        — Калі мая маці падрасла, здаецца, тое-сёе зразумела… Прынамсі, чаму ў гэтай хаце піянеры б’юць вокны. А яшчэ пачытала запісы сваёй маці пра тое, што давялося перажыць у турме і ў лагерах. Я таксама пасьпела пачытаць… І прозьвішча Касіянаў было там на кожнай старонцы. Сёньня сказалі б — садыст… Хаця сам ён ніколі нікога ня біў. Нават пальцам, ка­залі, не крануў. Але што ён вытвараў з людзьмі! Быццам хацеў сьцьвердзіцца ў думцы, што любога чалавека можна давесьці да стану жывёлы. Вызваліць з ягонае душы зьвера, а потым — ператварыць зьвера ў казюрку… Нікчэмнасьць… Сапраўдную навуковую сістэму распрацаваў.
        Разалія Іванаўна перарывіста ўздыхнула, і Даліла пасьпяшалася падаць ёй вады ў кубачку з застарэлымі пісягамі ад густой заваркі ўнутры і намаляванымі вішанькамі звонку. Старая прагна выпіла.
        — Дзякую… Гэта называецца — ёсьць каму вады падаць… Мая бабуля ўсё паўтарала — што ёй не падасьць перад сьмерцю ніхто. А мая маці страшэнна злавалася. Яна ж была студэнткай медвучылішча, марыла ратаваць параненых на полі бою. Усё роўна, дзе тое поле бою — ясная справа, “нашы” будуць ваяваць за высокую справу. І бацьку майго яна сустрэла падчас гэткіх “вучэньняў”. Уключалі сірэну, усе, хто ішоў у гэты момант па вуліцы ці гуляў па прысадах парку, абвяшчаліся ў зоне паразы хімічнай зброяй… Вось бацька мой, курсант, і патрапіўся — рупная дзяўчынка-сандружыньніца ўпарта пераконвала яго, што ён цяжка атручаны, і мусіць легчы на насілкі.
        Калі маці выйшла замуж за майго бацьку, нават помнік Сталіну на Кастрычніцкай плошчы пасьпелі зьнесьці. Таварыш Касіянаў вырашыў ратавацца… Вядома, чужымі пакутамі. Вынаходзіць новыя справы. Ён адсачыў сваіх былых “кліентаў”… Мой бацька быў вайсковец. У вайну застаўся сіратой, служыў сувязным у партызанскім атрадзе. Скончыў артылерыйскую вучэльню. Вядома, сувязь з сям’ёй ворага народа даказвала, што ён — шпіён. Маіх дзеда і бабулю яшчэ не пасьпелі рэабілітаваць… Бацька ня вытрымаў ганьбы арышту. Седзячы ў камеры, загнаў у горла алюмініевую лыжку. Так я і вырасла — пад ненавісныя спрэчкі двух пакрыўджаных лёсам кабетаў аб тым, ці шмат дала нам савецкая ўлада і хто вінаваты ў сьмерці мужчынаў з роду. А потым зьявіўся Сева…
        Бабулька ўзяла фотаздымак, заклеены плёнкай, і беражліва схавала між старонак альбому, нібыта зачыніла ў шафу знакаміты шкілет, які мусіць мецца ў кожнай сям’і.
        — І чаму ён уздумаў засіліцца на ігрушы? — цяпер Разалія Іванаўна не гаварыла, а шаптала. — Гэта лёс? Ці ён даведаўся? Калі б ня тая ігруша… Чаму я ні разу не знайшла яе… Можа быць, дастаткова было б адламаць адну галінку… Многімі і разнастайнымі чынамі прыносяць людзі ахвяры нескароным анёлам, казаў блажэнны Аўгустын, які так любіў сваю маці, што адрокся ад маці свайго сына. А я?
        Голас старой стаў зусім нягучны. Едрусь зірнуў на Далілу і пакруціў пальцам ля скроні. Даліла спачувальна прыўзьняла бровы. Хвораму і дурнап’яну есьці ня трэба…
        
        Аднойчы яны зайшлі да бабулі ўтрох. Чарнявая Даліла ў чорным (туніка з матузамі), бялявы Едрусь таксама ў чорным (майка з выявай пражскага габрэя Кафкі), а чарнявы Генусь, арыгінал такі, у марынарцы. Падобна, чорнае хутка стане фірмовым адзеньнем нашай каманды.
        — Ну, дзе твая бабулька?
        — Ціха, не шуміце, сьпіць яна, відаць.
        Аднак на ложку, пад коўдрай з гарэзнымі надпісамі “Чыкага” — о, вялікі сэканд-хэнд, ты зьядноўваеш народы! — старой не было.
        — Ды куды ж яна падзелася? Запалі сьвятло, Едрусь…
        — Ляжыць! Тут, у куце, пад абразамі… Памажы…
        — Разалія Іванаўна! Спадарыня Разалія! Чуеце?
        — Зараз… Як жа... Пачуе… Яна… яна… не цалкам… Яна разрэзаная…
        — Не гарадзі абы-што, Тэрмінатар.
        — Каб я здох! Дзе ейная галава? І плечы? У сьценцы, ці што?
        — А кроў тады дзе? Ой, халера… Праўда, нібы ў сьценку ўвайшла…
        — Давайце паспрабуем адцягнуць яе…
        — Не чапай! Міліцыю трэба!...
        — Пасьпееш… Лепей цягні… Вось... Галава… проста са сьценкі выходзіць… І рукі…
        — Цэлая твая старая. Але… Матка Боска… Усё роўна…
        — Можа, укол які трэба зрабіць? Даліла, у цябе ж ёсьць…
        Але ніякія ўколы Разаліі не былі патрэбныя. Нават корань мандрагоры ня мог разбудзіць сваім несамавітым крыкам гэтае цела. Старая глядзела ў чорную столь вачыма такімі нерухомымі, што здавалася, па іх можна пастукаць, як па шкле.
        І тады Едрусь падышоў да сьцяны і паспрабаваў дакрануцца да шпалераў з выцьвілымі ружамі…

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.