РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
1
        
1

        
        Гэта здарылася слотным сакавіцкім вечарам, паміж коскай і кропкай, на тым кавалачку сказа, дзе згадвалася пра вялікую пошасць у Паазер’і напрыканцы кіравання Жыгімонта Маладога. У дзверы званілі так настойліва, што кропка атрымалася больш падобная да працяжніка.
        Вядома, гэтага не адбылося б (маем на ўвазе сапсаваную кропку), калі б Паліна пісала свой артыкул на кампутары, а не асадкай.
        Але Паліна не любіла спавядацца жменьцы мікраэлементаў. І не любіла разглядаць няўчасных наведнікаў праз дзвярное вочка. Нават без асцярожлівага «Хто там?» расчыняла дзверы наросхрыст.
        Артур стаяў на лесвічнай пляцоўцы, беражліва прыціскаючы да сябе нешта цяжкое, ухутанае ў зялёную саматканую посцілку. Па яго доўгіх валасах сцякала вада, а худы твар быў такі няшчасны, што Паліне адразу ж захацелася зачыніць дзверы. Не, яна не чэрствая. Проста надакучылі няшчасныя мужчыны. А яны ў нас амаль усе такія – пакрыўджаныя ды незразуметыя, і беларускія жанчыны мусяць пажыццёва ратаваць іх ды шанаваць іхнюю спароджаную высокай духоўнасцю тугу.
         Вядома, падстава для тугі ў Артура была – зноў звольнілі з інстытута, дзе ён выкладаў гісторыю беларускай літаратуры. Тое, што студэнты дарэмна чакалі яго на лекцыях, – вядома, не клопат. Арцік у гэты час займаўся святой справай – шукаў духоўнай раўнавагі ў кавярні «Сем пятніц».
        Што праўда, калі ён усё-ткі знаходзіў дарогу ў аўдыторыю, туды крадма прабіраліся нават з іншых факультэтаў. Літаратуразнаўца ад Бога – нават дзіўна, што сам мастацкіх твораў не піша.
        Папярэджвала Паліна ягоную цяпер ужо былую жонку, колішнюю аднакурсніцу Аксану, наконт асаблівасцяў Артуравай творчай натуры…
        Праўда, і сама ў свой час гэтак жа разумна праігнаравала сяброўскія папярэджанні. Таму цяпер і сядзіць адна, разумная і гордая «вучоная дама»… І знаёмыя пры сустрэчах перагаворваюцца: «А як там Палінка? Усё яшчэ адна? Бедная! Трэба ёй было ехаць са Стасікам».
        «Адна» – значыць «бедная»? Недастатковая, няспраўджаная. Чароўная архідэя, непрысмактаная да дрэўца-кармільца, зялёная гірлянда плюшчу, абарваная з апірышча, – бяссілы прыгожы паразіт, які толькі і марыць ласкава аплесці новага гаспадара…
        Так, Стась імкнуўся быць гаспадаром. І калі яму, таленавітаму праграмісту, удалося выйграць грант на стажыроўку ў Штатах, абвесціў адразу: назад – не вернецца, легалам ці нелегалам – застанецца там. І Паліна хоць бэбі-сітэрам, але прыладкуецца. Вядома, наўрад ці – гісторыкам.
        Не, гэта не быў выбар між прафесійнай апантанасцю і сямейнасцю. Хутчэй – уцёкі ад лёсу плюшчу.
        Воля – апошняе суцяшэнне няўдачніка. Пабач Паліна хоць водбліск уласнага кахання ў цёмных прыгожых вачах свайго ўладара – памкнулася б і за акіян, не разважаючы, як калісьці не разважаючы прыняла ягоную дзіўную прапанову: «Мне здаецца, з цябе магла б атрымацца някепская жонка».
        Але акрамя любові да самога сябе, роднага, не бачылася ў Стасевых вачах анічога. Ён нават асабліва не ўгаворваў – хуценька арганізаваў развод, паабяцаў ліставацца…
        А для яе проста скончылася жыццё.
        Хацелася аднаго: спакою, самоты, як смяротна параненаму зверу. І каб ніхто ніколі больш не змог прыўлашчыць нават часцінку ейнае душы. Яны ж не бяруць, не просяць – кусаюць, як ваўкі, ды пакідаюць цябе з незагойнай ранай.
        Паліна заколвала ў цяжкі вузел цёмныя валасы і апранала доўгія сукенкі. Белыя карункавыя каўняры да іх не вязала сама – не хапала цярплівасці. Купляла ў бабулек на Камароўцы. Ёй хацелася быць падобнай на віктарыянскую класную даму, якую-небудзь міс Тэмпль: годнасць, бездакорныя манеры – трымай дыстанцыю, мінак.
        У зменлівых рысах яе гожага на манер візантыйскіх абразоў аблічча былі прыхаваныя цікаўнасць птушаняці і мройлівасць засцянковай паненкі… Хоць Паліна сама сабе не раз паўтарала, што яшчэ крыху – і яна назаўсёды ператворыцца ў нелюдзімку, зледзянее сэрцам, як скрадзены хлопчык Кай. Урэшце – дваццаць восем гадоў, развядзёнка.
        Ці варта гаварыць, што мужчыны аблашчвалі яе позіркамі, але знаёміцца баяліся: штучка!
        Дысертацыю Паліна таксама не абараніла з-за сваёй «недатыкальнасці». Проста ў пэўны момант зрабілася брыдка: арганізатарская беганіна, бясконцыя перамовы, намёкі на тое, што Кастусь Каліноўскі – асоба супярэчлівая…
        А ў гімназіі выкладаць добра. І гучыць амбітна. Пару гадоў таму называлася школай, а сёння – гімназія…
        Але мы адхіліліся ўбок ад падзей. Дык вось, стаіць няшчасны Артур, мокры, як вадзянік, на лесвічнай пляцоўцы і працягвае нешта, ухутанае ў саматканую посцілку.
        – Палінка, купі!
        Ведае, хітраванец, што яна ўсё роўна яго пашкадуе. Сказала была, што апошні раз пазычае. Дык вось табе сёння – «купі»… Відаць, вазу Аксанчыну прывалок, геній непрызнаны…
        Вада з Артура капала ўжо на дыванок у вітальні. Пад зялёнай посцілкай хавалася зусім не ваза. Жаба. Каменная жаба велічынёй са шчанючка. Бугрыстая, шэрая, але зусім не монстр – утульна кругленькая, лапкі ўмольна складзеныя, велізарныя вочы глядзяць так кранальна… Не раўнуючы, як цяпер Арцікавы. Праца прафесійнага скульптара, і не з нашага стагоддзя…
        – Адкуль гэта ў цябе?
        Артур задуменна пагладзіў жабу па каменнай спіне. А пальцы дрыжаць… Дапіўся.
        – Не хвалюйся, не крадзеная. Ад майго таты засталася. Гэта з надмагілля Вінцэся Рашчынскага. Ну таго, паўстанцкага філосафа. Ты лепш за мяне мусіш ведаць.
        Паліна недаверліва зірнула на каменную зачараваную царэўну. Вядома, Артураў тата быў важны чыноўнік за Саветамі, ездзіў па свеце… Сыночка-«бітніка», дарэчы, лічыў страчаным, нават неяк прымусова засадзіў у прывілеяваную псіхушку.
        – Калі не памыляюся, Рашчынскі пахаваны ў Парыжы.
        – А вось і памыляешся. – Артур раптам перастаў быць няшчасным, і Паліна вельмі любіла такія ў ім перамены, якія адбываліся, калі справа тычылася таго, чым ён цікавіўся, магчыма, больш за жыццё, але, на жаль, менш за сваю сусветную тугу. Вочы госця заззялі, голас загучаў спеўна, як на лекцыі. – Так, Рашчынскі пасля разгрому паўстання дзесьці з 1867-га жыў у Парыжы, нават браў удзел у рэвалюцыйных падзеях, але на пачатку дзевяностых вярнуўся сюды. Людзі тых часоў цяжэй перажывалі расстанне з роднымі мясцінамі. Гэта для нас настальгія – амаль што жарт, а для іх – куля ў жывым сэрцы. Ад гэтага паміралі. Дарэчы, Рашчынскі памёр неяк дзіўна, усяго год пражыўшы на радзіме. Падобна, што яго забілі. Нават працавала камісія па расследаванні смерці. І пахавалі яго ў касцёле ў Гарнушках, у магіле, якую ён сам сабе падрыхтаваў, – там была цэлая скульптурная галерэя, мармур, граніт, малахіт… Грошай ляснуў у сваё надмагілле… Як ведаў, што хутка спатрэбіцца.
        – Першы раз чую пра такое…
        – Не дзіўна. – Артур зноў пагладзіў каменную жабу, нібы пакінутага гаспадаром сабаку. –Адразу пасля пахавання надмагілле зганьбавалі, нехта разбіў цэнтральную скульптуру, алегорыю смерці. І на працягу года невядомыя зламыснікі разбівалі фігуры адну за адной. Нібыта нехта так ненавідзеў былога інсургента, што хацеў знішчыць нават памяць аб ім. А калі мой бацька ўзначаліў барацьбу з помнікамі рэлігіі ў раёне, там ужо амаль не было чаго руйнаваць. У прыдзеле касцёла, дзе радавая ўсыпальніца Рашчынскіх, засталося толькі некалькі пашкоджаных дзіўных фігурак, і ўсё. Адну бацька загадаў адбіць для сябе. Сказаў, што надта нагадвае маю маці. Маўляў, паставіць у хаце, каб глядзела на сваю выяву і сядзела моўчкі.
        Арцік прыглушыў голас і з нянавісцю сціснуў зубы – Паліна ведала, ён дасюль не дараваў бацьку стаўлення да маці, хоць абаіх ужо няма на свеце. Тым жа здушаным голасам госць скончыў аповед:
        – Касцёл узарвалі. Цяпер на тым месцы Дом культуры. Вось табе і ўся гісторыя маёй жабкі… Чырвонец не дорага?
        Апошнія словы Арцік прагаварыў са звыклай няўпэўненасцю няшчаснага беларускага мужчыны. Але Паліна не магла адмовіць і са скрухай глядзела, як ён хавае атрыманую паперчыну ў кішэню і рукі яшчэ больш трасуцца, а вочы загараюцца непрыемным хваравітым бляскам…
        Божа мой, Паліне б тады ўзяць гэтую жабу ды абрынуць са свайго пятага паверха, каб разляцеліся ейныя шэрыя друзачкі па мокрым асфальце…
        Але яна гэтага не зрабіла. Таму далей адбылося тое, што адбылося.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.