РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
6
        
6

        
        У дарозе ўсе робяцца філосафамі.
        Што, несумненна, трохі крыўдна для філосафаў сапраўдных, якія маюць у кішэні сурдута пасведчанне аб выдатнай датэрміновай здачы іспытаў на званне кандыдата па кафедры філасофіі Санкт-Пецярбургскага універсітэта.
        Вінцэсь паблажліва зірнуў на пана Вакулу Рагманава, які, адкінуўшыся на мяккае сядзенне экіпажа, працягваў натхнёна разважаць пра жывёльны магнетызм на прыкладах з местачковага жыцця і варушыў чорнымі задзірыстымі вусамі, не раўнуючы як хрушч...
        Такі, як гэты, што з мяккім зумканнем даверліва сеў на Вінцэсеў рукаў, нібыта ведаў – гэты чалавек ужо не будзе, як калісьці, лавіць, навязваць на нітку, каб потым пускаць лётаць пакутлівым кругам. Вінцэсь – даўно не дзіця і не падлетак.
        Шкада, што бацька не прыехаў на станцыю сам. Пан Вакула кажа – трохі прыхварэў... Вінцэсю цяжка было ўявіць бацьку хворым, нямоглым. Але за пяць гадоў невядома што магло тут змяніцца...
        Пяць гадоў не быць на радзіме! Бацька слаў грошы, лісты, пасылкі. Вінцэсь увесь час адчуваў ягоную апеку – і тады, калі жыў у Вільні, у дзядзькі Андрэя Каліноўскага, дырэктара Шляхецкага інстытута. І ў Санкт-Пецярбурзе, пасля паступлення ва універсітэт, дзе прытулак даў бацькаў сябра Пятро Шчамлінскі, выкладчык Інжынернай акадэміі.
        Але дадому пан Антось сына не клікаў. Хлопец здагадваўся, чаму бацька пад рознымі падставамі адцягваў ягонае вяртанне. Аберагаў... Баяўся, каб Вінцэсь не пацярпеў ад сваіх небяспечных знаёмстваў. Каб сам не ўвязаўся ў якую авантуру. Горкая крыўда варухнулася ў душы. Якое права мае бацька трымаць яго дасюль у дзіцячым пакоі!
        Ну нічога. Вінцэсь вяртаецца дадому мужчынам, самастойным, дарослым чалавекам.
        Колькі разоў за гэтыя гады юнак уяўляў спатканне з бацькам! І падрыхтаваўся як след. Чорны капялюш з шырокімі брыламі, дастаткова абвіслымі, плед у чырвона-чорныя шашачкі, таксама, як належыць, патрапаны.
        А ў кішэні нават набытая перад ад’ездам люлька: чорная, бліскучая. Вінцэсю так і хацелася заціснуць яе ў зубах... Але неяк было ўсё-ткі няёмка. І, папраўдзе, страшнавата, што заперхаецца, выявіць, што яшчэ не навучыўся курыць як след.
        Такія капелюшы і пледы, як у Вінцэся, насілі бяднейшыя студэнты. Вінцэсь мог дазволіць сабе і форменны мундзір. Але форму, якая нібыта лічылася абавязковай, апраналі на заняткі толькі «белападшэўнікі», сынкі з багатых сем’яў, заклапочаныя будучай кар’ерай і цяперашнім станам сваіх пазногцяў. Вінцэсь ад усяе душы такімі пагарджаў. І нават спецыяльнасць абраў сабе такую, што выклікала падазрэнні, – філасофію. У Маскоўскім універсітэце дык увогуле кафедру філасофіі адкрыць так і не наважыліся, хоць захады рабіліся. І ў Санкт-Пецярбурзе найбольш была ў пашане ў афіцыйнікаў славянафільская «філасофія» Хамяковых, Аксакавых ды іншых. Няхай адукаваная большасць смяялася, а гарадавыя цягнулі ў кутузку «за демонстративное ношение русской одежды». Галоўнае – тры кіты, на якіх стаіць імперыя. Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць. Прыгонныя – дзеці, паны – бацькі іхнія. А ў Пісанні ж сказана, хто пашкадуе розгаў для дзіцяці свайго, той не любіць дзіця сваё.
        Вось і не шкадавалі.
        А для тых, хто хацеў вальнадумстваваць, цытавалі пасланне Паўла аб тым, што філасофія спакушае.
        Са спакушэннямі змагаліся.
        Прафесар Пецярбургскага універсітэта Аляксандр Галіч, разумнік, эстэт, які Пушкіна ў ліцэі вучыў, яшчэ да паступлення Вінцэся адхілены ад выкладання «за пренебрежение к властям и безбожие». А цяпер на ягоным месцы Гіляроў-Платонаў даводзіў, што філасофія Гегеля супярэчыць здароваму сэнсу.
        А студэнты перадавалі адзін аднаму «Лісты аб вывучэнні прыроды» Герцэна, «Фенаменалогію духу» Гегеля і «Тэорыю сусветнага адзінства» Шарля Фур’е. Той, хто хацеў навучыцца, – мог гэта зрабіць. У іх, ліцвінаў, было моцнае зямляцтва – і песня, якую яны спявалі на сваіх сходках, старая блюзнерская песня вандроўных шкаляроў, была на мове іх зямлі.
        
         Пойдзем па свеце, брат мой бяскрыдлы.
         Хай беражэ нас Дзева Марыя.
         Хай нам даруе, што не малітвы
         Нас падтрымалі ў час нешчаслівы.
         І за плячыма ў торбе няважкай
         Біблія, томік Вальтэра і пляшка.
         На Беларусі трактаў багата.
         А каля трактаў – карчомкі і хаты.
         Ёсць у карчомцы пітво і дзічына,
         Ёсцека ў хаце красуня дзяўчына.
         Пойдзем па свеце, брат мой вясёлы.
         Поўня па небе коціцца колам.
         Сонца між хмар, як дзяўчына ў кляштары,
         Тварык хавае, бледны ад мараў.
         Вецер – наш брат, а падпіхвае ў спіну.
         Бог, ты зляпіў нас – чорт плюнуў у гліну.
         Вось мы, дурныя і маладыя.
         Хай беражэ нас Дзева Марыя.
        
        Няхай царскі ўказ адмяніў студэнцкія суды – паняцце гонару заставалася непарушным. Ніякія інспектарскія прывілеі не маглі змусіць бурлівую студэнцкую грамаду паважаць даносчыка ці пакорліва слухаць ненавіснага прафесара.
        Вінцэся таварышы паважалі. Урэшце, цяпер у яго ёсць уласная таямніца – тыя хлопцы, з якімі ён пасябраваў у Санкт-Пецярбурзе, не дадуць, каб іх ператварылі ў зацкаваных звяроў. Сын віленскага дзядзькі, стрыечны брат Юзаф Каліноўскі, ціхмяны хваравіты юнак, дужа рэлігійны, звёў, аднак, Вінцэся з такімі асобамі, перад якімі ўсе лясныя ваўкалакі – няздары і няўдачнікі.
        А вось і Маскалёў лес. І крыж на пагорку, абвязаны рушніком.
        Хрушч прыўзняў матава-рудыя надкрыллі, паважна і павольна, быццам дама – шорсткія крыналіны, і зляцеў з Вінцэсевага рукава ў напоенае сонцам паветра.
        – У Вільню прыехаў нейкі пан Кашмарэўскі ў суправаджэнні мадам у парыжскіх туалетах, пашытых у Варшаве, – усё гэтак жа аптымістычна ракатаў побач бас пана Рагманава. – Абвясціў сябе вучнем доктара Месмера і майстрам гіпнозу. Цудадзейнае вылячэнне ад усіх хваробаў з дапамогай жывёльнага магнетызму, правадніком якога нібыта з’яўляецца тая мадам. І што ты думаеш – паваліў народ! Арыстакраты духу, адукаваныя, соль няшчаснае гэтае зямлі. Пасядуць вакол стала, возьмуцца за рукі і прымаюць на сябе ваганні сусветнага эфіру. А ў Хорашчах брыда якая... Да пана Высокінскага сябра прыехаў, варшаўскі купец. Недалічыўся пятнаццаці рублёў. Падумалі на маладзенькага садоўніка. Дык небараку тыдзень катавалі. Калі ўжо не было як па спіне біць, хвасталі па жываце і грудзях. А па жывым мясе – крапівой напякалі. Дзве тысячы бізуноў дадуць – і ў хлеў, у гной. Піць прасіў – пан загадаў над вадой трымаць у паветры. Чуткі пайшлі па ўсёй акрузе. Нават земскі спраўнік змушаны быў умяшацца. А грошы пасля знайшліся – купец у іншым доме, аж у Беластоку, п’яны забыўся. Вось так мы і жывем, любенькі. У ваганнях сусветнага эфіру.
        Нешта ў голасе дзядзькі Вакулы змусіла Вінцэся пільней угледзецца ў знаёмы з маленства твар. Сустрэў пагляд чорных вачэй, звычайна вясёлых, з гарэзнымі чарцянятамі, а ў гэтае імгненне глыбокіх і халодных, як дзве студні, і здрыгануўся... Як мала ён ведае людзей!
        Дарога збочыла ў невялікі гай – апошні бастыён лесу перад палямі, адваяванымі чалавекам у векавой бязлітаснай барацьбе. Сонца прасявалася скрозь зялёныя шаты вясёлым дажджом – хоць перасыпай промнікі з далані ў даланю, здаецца, зазвіняць, як манеты. Вунь капліца, дзе пахаваны прадзед-чарнакніжнік, праглядвае між ствалоў маладзенькіх соснаў... Вунь – дарога на Весніцы...
        І гэтакі недарэчны боль, які Вінцэсь лічыў пераадоленым, зноў раскроіў сэрца. Бо чорныя вочы дзядзькі Вакулы нагадалі яму іншыя, падобныя – гэткія ж яркія і звычайна гарэзныя. Бровы над тымі вачыма выгіналіся тонкімі лукамі, ліўся чорны шоўк валасоў, сабраных у непаслухмяны вузел... «А што сёння ўпаляваў нам пан Вінцэсь? Няўжо цмока ў залатой кароне?» – нібыта прагучаў наяве звонкі голас.
        Не, гэта немагчыма. Вінцэсь жа ўсё для сябе вырашыў. У кожнага ёсць дзіцячае каханне – першае, няспраўджанае, недатыкальнае. Як пасмачку валасоў, састрыжаных у аднагадовага дзіцяці, яго належыць захоўваць у самай дальняй шуфлядзе памяці.
        І раптам – такая туга і нясцерпнае жаданне ўбачыць... Вінцэсь ведаў, што Вальжына так і не выйшла замуж. І ведаў чаму.
        Не, ён не пойдзе да яе.
        А можа, наадварот – варта зірнуць цяперашнімі вачыма на колішняга куміра. Пабачыць засцянковую паненку, не надта юную – дваццаць пяць гадоў, на погляд Вінцэся, узрост самавіты. І, напэўна ж, яна ніколі не чытала Герцэна і не бачыла на сцэне імператарскага тэатра Прова Садоўскага.
        Як несправядліва – памяць пра тое, чаго не было, што прымроілася, жадалася, куды больш яскравая, чымсьці пра рэальныя падзеі.
        Вазок перастаў падскокваць на каранях соснаў, светлыя абрусы палеткаў слаліся пад ногі траўня, а паабапал скурчыліся ў пакорлівым паклоне хацінкі – век ім не выпрастацца, толькі ў зямлю ўрастаць, хаваючыся ад панскіх паглядаў.
        Гарнушкі... Ласкавая назва – нібыта ад слова прыгарнуць, абараніць, захінуць...
        І так захацелася гэтай абароненасці, утульнасці – як у дзяцінстве...
        Вядома, перш чым зайсці ў кабінет, можна было і зняць капялюш. Але Вінцэсь паддаўся юначаму жаданню паказацца ва ўсёй студэнцкай красе.
        Сустрэўшыся позіркам са знаёмымі вачыма колеру сталі, убачыўшы знаёмую ласкавую ўсмешку, зразумеў: не было патрэбы ў красаванні. Не мела сэнсу і крыўдаваць.
        – Сын... Прыехаў...
        Бацька і сын абняліся. І толькі тады Вінцэсь з жахам усвядоміў, як цяжка ўзняўся бацька з фатэля, якое выснажанае ў яго аблічча і ўвесь ён нібыта высах, – якія вятры дзьмулі на гэтым скрыжаванні, каб высушыць дужае цела бацькі?
        Усё гэтак жа на кіліме вісела зброя, паглядалі з партрэтаў паважныя продкі, на карціне «Суд Мінервы» курчыўся на прыступках мармуровай лесвіцы злачынца. Нічога не змянілася. І розум пана Рашчынскага заставаўся ясным і па-ранейшаму іранічным.
        – Чытаў Гогаля, пра казакаў? Так і хочацца сказаць услед за Тарасам Бульбай: «А поворотиська, сын!» Не, не, можаш заставацца ў капелюшы. Я заўсёды быў прыхільнікам тых мысляроў, што аддавалі перавагу зместу перад формаю. Ну, чаму ж цябе навучылі ў тым універсітэце, дванаццацідахавым, доўгакалідорным ды двухпавярховым, пад рукою Пятра-рэфарматара збудаваным?
        Бацька зноў апусціўся ў крэсла, шчыльней захінуўся ў барвовы аксаміт шлафрока, нібыта яму было холадна, і нечакана перайшоў на нямецкую мову: ну, хацеў пахваліцца ведамі – давай!
        Ды як ні стараўся кандыдат філасофіі бліснуць – пераконваўся: суразмоўца ведае не менш. А спрэчка пра гегелеўскі «дух эпохі» ўвогуле здзівіла Вінцэся. А ён лічыў, што спазнаў так многа...
        – Але хопіць з нас філасофіі на сняданак, – нечакана рассмяяўся пан Антось, нагадаўшы ранейшага вясёлага рара. – Вернемся да нашых зямных спраў. І найперш – хадзем у сталоўню.
        І Вінцэсь зноў жахнуўся: бацька ўстаў з цяжкасцю, нават твар у яго пакрыўся дробнымі кропелькамі поту. Хлопец падхапіў яго пад руку.
        – Што з табой, тата? Ты доктару паказваўся?
        Пан Антось, аднак, толькі ўсміхнуўся збялелымі вуснамі.
        – Пра маё здароўе мы яшчэ пагаворым. Не самая цікавая тэма.
        Адхінуў сынаву руку і рушыў сам – павольна, але роўнай хадой.
        А на стале красаваўся крышталёвы сервіз – чаркі, упрыгожаныя срэбнымі птушкамі, графін з коркам у выглядзе вінаграднай гронкі...
        Вінцэсь неўразумела зірнуў на бацьку і сустрэўся з пільным поглядам шэрых вачэй. І зразумеў – гэта недарэмна. Сервіз, які калісьці выменялі за сям’ю гарнушкаўскіх сялянаў, ніколі на Вінцэсевай памяці не пакідаў буфета.
        Калі яны выпілі па чарцы мадэры – першы раз Вінцэсь піў з бацькам на роўных, як дарослы, – пан Рашчынскі адклаў сурвэтку, памаўчаў, падаючы знак, што скажа нешта важнае.
        – Я прапанаваў нашым сялянам волю. Кожная сям’я мае права на дзве трэці зямлі, якую абрабляе. І яшчэ трэць – выкуп. Вядома, зусім невялікі. І ў крэдыт. Я не магу аддаць ім адразу ўсё – ведаючы норавы нашага павета, баюся вялікага шуму. Ты не застанешся ні з чым – будзе ладны кавалак добрай зямлі, якую можна аддаваць у арэнду, паплавы, маёнтак, цукраварня, лес... Ты можаш абскардзіць маё рашэнне як спадчыннік.
        – Тата...– Вінцэсь нават пачырванеў ад узрушэння. – Як ты мог так думаць! Абскардзіць! Я рады!
        – Ну вось... – усміхнуўся пан Антось, – недарэмна наведваў чытанні ў літаратурным гуртку.
        Вінцэся зноў кінула ў чырвань. Іх сходкі, на якіх абмяркоўвалася будучае паўстанне, праходзілі «пад шыльдай» літаратурнага гуртка. Няўжо бацька ведае і пра гэта? Усміхаецца сабе ў вусы. Вочы колеру сталі глядзяць і выпрабавальна, і неяк сумна, са шкадобай.
        Ведае...
        – І яшчэ адно, сын. Нельга даць волю чалавеку, прабач за каламбур, насуперак яго волі. Як ты ставішся да гегелеўскага прынцыпу «дзвюх натуральных істотаў» – пана і раба, якія ўрэшце мусяць прызнаць адзін аднаго раўнапраўнымі?
        – Я лічу гэта справядлівым.
        – Але ці заўважыў ты, што прызнанне павінна сыходзіць не толькі з боку пана? Раб мусіць прызнаць пана роўным сабе! І калі ты думаеш, што нас успрымаюць толькі як вышэйшых істотаў, ты моцна памыляешся, сыне...
        Пан Антось паднёс да перасохлых вуснаў крышталёвую чарку з вадою, адпіў. Вінцэсь зноў заўважыў на бацькавым ілбе дробныя кропелькі. Ён сапраўды моцна хворы... Неадкладна трэба наладзіць лячэнне, якім бацька, відаць, пагарджае. Але пан Антось працягваў далей – нібыта хацеў паспець выказацца:
        – Я не ведаю, што выйдзе з маёй задумы. Магчыма, будзе яшчэ больш гора.
        – Як гэта можа стацца?–шчыра здзівіўся Вінцэсь.
        – Самыя добрыя намеры выяўляюцца жахам або... анекдотам. Ці чуў ты – у 1767 годзе далёкі сваяк тваёй маці Павел Ксаверы Бжастоўскі абвесціў у сваім маёнтку Мерач, што на Ашмяншчыне, рэспубліку.
        – Ніколі не чуў...
        – Вось бачыш. А шляхта як была перапужалася! Паўлаўская сялянская рэспубліка, на чале з панам-прэзідэнтам, са сваёй канстытуцыяй, з роўнасцю ўсіх грамадзянаў. Двухпалатны сойм абралі – уяўляеш, у вёсцы! Міністэрствы былі. Рэферэндумы праводзіліся па важных пытаннях.
        – Несур’ёзна неяк гучыць. Нагадвае «марскія баталіі» радзівілаўскага «флоту» на выкапаных у Нясвіжы каналах, – не вытрымаў Вінцэсь.
        – Усё на свеце – гульня. А ў Паўлаўскай рэспубліцы зладзілі школу для сялянскіх дзяцей, бальніцу. Нават банк. Вядома, нельга самавітай дзяржаве і без сімвалаў – сцяг меўся, герб, нават манеты чаканіліся. І войска межы ахоўвала. Бацька тваёй маці расказваў – вояў апраналі ў белыя жупаны са свойскага сукна і чорныя аўчынныя папахі з чырвоным верхам.
        – І што цяпер засталося ад гэтай... казкі?
        – А нічога. Усё расцягнулі спадчыннікі, і нават магіла прэзідэнта Паўлаўскай рэспублікі занядбаная. На ўдзячнасць разлічваць нам нельга, сыне. Што б ні прыйшло ад нас, нават калі аддаць апошняе, само жыццё – усё наша для мужыкоў падман, абкраданне, гвалт... Цару вераць. Ён – далёка. Ён – з казкі. А той указ, што рыхтуецца ў Пецярбурзе, якога так нашы сяляне чакаюць... Залатымі літарамі на срэбнай паперы... Гэта ж ганьба. Імперыя... Трэці Рым... Земляў нахапалі пад сваю руку. А краінай кіруе вузкае кола «кальяншчыкаў» – палацавых лізунцоў, што дамагліся вялікай прывілеі – прысутнічаць пры тым, як гасудар спраўляе вялікую патрэбу. У яго з гэтым, разумееш, здаўна праблемы, а дапамагае курэнне кальяна. І пакуль памазанік курыць свой кальян і патроху с..., за шырмачкай дзяжураць асабліва давераныя і забаўляюць уладара, як могуць. І, вядома, уводзяць у вушы тое, што ім трэба. Вось у якіх эфірах нараджаецца воля для народа, сыне. І можна ўявіць, якой яна будзе. Воля – без зямлі, з паншчынай, з вар’яцкімі выкупамі... А гэты сервіз... Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народа ўсё, што мог, – пастаў яго на свой стол.
        Потым, у кабінеце, бацька адкінуўся ў мяккім фатэлі, заплюшчыўшы вочы і ніяк не рэагуючы на роспыты Вінцэся і ўгаворы паклікаць хоць доктара Краўцова, старога іх знаёмца.
        Нарэшце пан Антось загаварыў, ціха і стамлёна:
        – Думаў прамаўчаць. Але я і так зашмат аберагаў цябе ад праўды. Веру, што цяпер ты здольны прыняць усё. Усю праўду... і ўсякую. І табе давядзецца гэта зрабіць, сыне...
        Пан Антось павольна адхінуў крысо шлафрока, падняў кашулю – і Вінцэсь жахнуўся: на левы бок была накладзеная павязка, на якой праступала чырвоная пляма, іржавая па краях.
        – Ты... паранены?!!
        – Гэта здарылася ўжо год таму. – Пан Антось захінуў шлафрок, няспешна завязаў шырокі пас з залатымі кутасамі.
        Вінцэся трэсла ад трывогі і шкадобы.
        – Чаму ты не паведаміў мне? Хто гэта зрабіў? Як?
        – Супакойся, – у голасе ў бацькі гучала сталь. – Думкі пра ролю мсціўцы Радрыга пакінь адразу. Гэта зрабіў... адзін з нашых сялянаў. Гарнушкавец.
        – Як гэта атрымалася?
        – Я ехаў конна праз Маскалёў лес, вяртаўся ад Рагманавых. Праязджаў паўз капліцу, дзе магіла дзеда Ганорыя... Раптам з-за яе муроў – страла. Драўляная, з самастрэлу.
        – Чаму ты думаеш, што страляў селянін?
        – Я бачыў, як ён уцякаў, – пан Антось гаварыў зноў зусім ціха. – Ён някепскі хлопец, добры гаспадар.
        – Яго злавілі?
        Пан Антось памаўчаў, апусціўшы вочы.
        – Разумееш, сынок... Пачаць дазнанне, ловы, падняць шум... Пасля гэтага чаго будуць вартыя мае новаўвядзенні? Хлопец, што ў мяне страляў, выконваў волю тых гарнушкаўцаў, што лічаць, быццам я хачу сваім указам падмяніць царскі. І замест «сапраўднай волі» даць сваю «несапраўдную». І... я дваццаць гадоў таму глядзеў, як ля праклятае сасны каралі ягонага бацьку.
        Вінцэсь кіпеў ад роспачы.
        – Але ж так нельга пакідаць!
        – А чаго ты хочаш? Замах на пана – справа дзяржаўная. Гарнушкаўцы не на востраве жывуць. Сябруюць з іншымі вёскамі, разам на сходкі збіраюцца. Я магу дараваць сваім, колькі мне заўгодна. Але калі даведаюцца ў наваколлі – колькі халопаў ляжа пад бізуны на дазнанні, колькі за змову патрапіць на катаргу! Так не будзе.
        – Але доктар...
        Пан Антось сумна паківаў галавою.
        – Я раіўся з надзейным доктарам. За год звычайная рана зацягнулася б.
        Вінцэсь пахаладзеў ад страшнай здагадкі.
        – Атрута...
        Бацька моўчкі нахіліў галаву. Маўчанне было такім невыносным, што Вінцэсь ледзь не закрычаў:
        – Ёсць іншыя дактары! У Вільні, у Гародні! Урэшце, дазволь, я завязу цябе ў Пецярбург. Найлепшыя прафесары...
        – Ад нянавісці няма лекаў, – мякка прамовіў пан Рашчынскі. – Ты мусіш змірыцца, сынок. Паабяцай толькі адно – ты не будзеш помсціць за мяне. Урэшце, адно жыццё каштуе другога. І ў тым віры, які я прадчуваю – а я сапраўды ведаю больш, чым ты думаеш, – загіне столькі высакародных і добрых, што маё жыццё нават на макавінку не скране перапоўненыя вагі смерці...
        А потым, нібыта яму яшчэ мала было гора, Вінцэсь паехаў у Весніцы, да Рагманавых. Можа, яму хацелася хоць трохі заглушыць свой боль новым узрушэннем.
        І Яна аказалася ўсё такой жа прыўкраснай, і ззялі чорныя вочы, і ўзляталі гарэзна і трохі здзіўлёна бровы... І толькі незнаёмая тонкая зморшчынка, яшчэ ледзь заўважная, працягнулася між броваў ды смех стаў усмешкай. І ад гэтага здавалася Вальжына яшчэ больш мілай. І крыўдна было, што ён, Вінцэсь, для яе – ранейшы забаўны хлапчыска. Так, яна шчыра яму ўзрадавалася і ўважліва слухала. Але... Вінцэсь усведамляў, што ў яе не абрываецца ў грудзях, як у яго, – ад нязначнага выпадковага дотыку. Ад сустрэчы позіркаў. Ну і што з таго, што ён распавядае пра самыя найсучасныя і ўражлівыя філасофскія тэорыі, што гэтак рамантычна закідвае на плячо плед у краткі...
        А госць яшчэ і выявіўся дурнем – на самым пачатку спытаў, чаго паненка ў жалобе. І атрымаў паблажлівае:
        – Усе жанчыны гэтага краю, якія неабыякавыя да лёсу радзімы, носяць жалобу па расстраляных у Кракаве дэманстрантах.
        Ну чуў жа ён пра гэта ў Пецярбурзе ад Зыгмунта... І вось – забыўся. І каб не дзядзька Вакула ды Марка – малодшы брат Вальжыны, які за гэты час вырас у гожага чарнавокага юнака, абое жартаўнікі і гаваруны, – хоць ідзі зараз жа і тапіся ў Баламутавым віры.
        І толькі на развітанне Вальжына звярнулася да госця сур’ёзна:
        – Ведаеце, Вінцэсь, які цуд... Якраз як вы паехалі, пяць гадоў таму, я знайшла ў садзе разбітую вазачку. Мне здаецца, я бачыла неяк такую ж у вашым доме – яна вельмі адметная, наўрад я магла памыліцца. Пачакайце, зараз прынясу...
        Сэрца Вінцэся ледзь не выскоквала з грудзей, калі Вальжына працягнула яму на далоні разбітую шкляную жабку.
        – Ваша?
        Вінцэсь годна вытрымаў дапытлівы позірк. Павольна ўзяў аскалёпкі, пакруціў, разглядаючы.
        – Наўрад ці гэта з нашага дому. Але я праверу. Выявіцца, што не наша, – я склею і аддам вам.
        Калі Вінцэсь ехаў дадому праз Маскалёў лес, мімаволі падалося – прыцемак сочыць сотнямі нядобрых воч і атрутная страла прымерваецца да сэрца... Ганебныя дрыжыкі прабегліся па целе. Але хлопец прымусіў сябе не прыспешваць крок каня. І нават – хоць гэта было зусім хлапецтва – расхінуў на грудзях цёмны сурдут, каб была відна белая кашуля. Няхай бачаць – ён не баіцца быць мішэнню.
        Але толькі пабачыўшы на адхоне сілуэт крыжа і ўдалечыні – агеньчыкі маёнтка, змог вольна ўздыхнуць.
        Які ж ён баязлівец!
        У Вінцэсевым пакоі ўсё гэтак жа на сцяне вісела копія леанардаўскай «Мадонны з гарнастаем» – калісьці Вінцэсь верыў у глыбіні душы, што гэта аблічча маці. А ў куце па-ранейшаму стаяла чароўнае цукерачнае дрэва – выразанае з залацістай драўніны ліпы, з мноствам маленькіх галінак, на якіх калісьці з’яўляліся – вядома, самі па сабе – цукеркі, пернікі або раптам – маленькая шабля, зусім як сапраўдная, ці вершнік з пагрозным намаляваным тварам. І Вінцэсь адчуў нарэшце – ён дома. Вярнуўся...
        Хлопец падышоў да расчыненага акна... На каштане гайдаюцца белыя анёлкі-гронкі. А як буяе бэз! Цэлае мора – і дзесьці ў пене духмяных ружова-блакітных хваляў высноўвае свае срэбныя карункі салавей...
        А на падваконніку... Што гэта? З мяшэчка на далонь выпала срэбная куля, нязграбная, самаробная, пазначаная крыжам. І маленькі аркушык з трыма словамі: «пятніца апоўначы крыж».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.