РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
12
        
12

        
        Захад палымнеў, нібыта зямля адмаўлялася больш усмоктваць пралітую кроў і аддавала яе небу.
        Цела было адным вялікім сэрцам, якое білася болем. Нешта халоднае, чужое слізганула пад кашулю... Дотык быў такі гідкі, што крывавы туман распаўся на асобныя хмаркі і вар’яцкая пульсацыя суцішылася. Вінцэсь варухнуў непаслухмянай рукой. Жывы! І, яшчэ да канца не апрытомнеўшы, схапіўся за тое, што варушылася на грудзях... Нечая рука... Скрозь чырвань Вінцэсь убачыў перакрыўлены спалохам твар. Потым мільганула нешта бліскучае... Натрэніраванае цела воя спрацавала амаль механічна, і вось незнаёмец ужо сам ляжыць, прыціснуты смерцю да раллі, і сталь цалуе яго сэрца.
        Як лёгка ён стаў забіваць...
        Вінцэсь бяссіла апусціўся побач, памацаў сваю галаву, што ўсё яшчэ пульсавала болем, – нічога страшнага, рана неглыбокая, проста быў аглушаны. Але што хацеў ад яго няўдалы забойца? Не падобны да жаўнера. Вінцэсь нахіліўся над забітым і скалануўся ад агіды: на нямытай шыі ў таго вісела ўжо са дваццаць нацельных крыжоў, залатых, срэбраных, з каштоўнымі камянямі і са старажытнай эмаллю, з часцінкамі святых сакрамэнтаў... Марадзёр!
        Вінцэсь пакратаў свой крыж: на месцы, мярзотнік не паспеў яго зняць. Затое забраў залаты гадзіннік-брэгет, падарунак бацькі. Хлопец, пераадольваючы грэблівасць, вывернуў кішэні грабежніка. Потым старанна абцёр знойдзены гадзіннік крысом чамаркі, паўстанцкай шэрай світкі, нібыта спадзяваўся адцерці нячысты дотык... І толькі цяпер, калі туман канчаткова рассеяўся, змог агледзецца вакол. У траве – белыя мундзіры ворагаў, заплямленыя чырвоным... Гэтым жа чырвоным пазначаныя шэрыя світкі і мундзіры паўстанцаў.
        Чым гэтыя людзі адрозніваюцца цяпер? Толькі вопраткай...
        Як іх многа... Нібыта спраўдзілася колішняя страшная відзежа.
        Вінцэсь хутчэй адчуў, чым пачуў, тупат капытоў. Усё яшчэ нязграбна рухаючыся, спрабуючы атрэсці з сябе рэшткі туману, адшукаў шаблю, рэвальвер...
        – Пан Вінцэ-эсь!
        Струменьчыкі крыві сцякалі па лбе, перашкаджаючы глядзець. Здаецца, голас Марка?
        Вершнік ужо саскочыў з каня і абдымаў Вінцэся.
        – Як я рады, што вы жывыя! А ў нас усе пэўныя, што вас забілі. Хадземце, там Вальжына і дзяўчаты. Вас перавяжуць...
        На полі бойкі рухаліся постаці. Людзі з Вінцэсевага атрада ніколі не кідалі сваіх параненых і забітых. Вярнуліся і цяпер. На гэты раз удалося пагнаць ворага, але далейшая пагоня была б згубай.
        – Колькі мы страцілі?
        Марка памаўчаў, потым выціснуў:
        – Пятнаццаць... І столькі ж паранена.
        Гэта значыць, кожны трэці... Так, далёка тыя часы, калі яны рваліся ў бітву з усмешкай на вуснах. Сёння хутчэй са сцятымі сківіцамі. Бойка пад Мілавідамі нібыта завяршылася ўдала... Але ваенная перамога – кабета капрызлівая, і скарыстацца з яе прыхільнасці могуць нямногія, багатыя лёсам. І цяпер пераможцы хаваюцца па лясах, як зацкаваныя ваўкі, і іх усё меней і меней.
        – Пан Вінцэсь! Трэба сыходзіць – можа з’явіцца новы атрад карнікаў.
        – Чакай... Ты ведаеш гэтага? – Вінцэсь ткнуў нагой цела марадзёра.
        Марка прыгледзеўся.
        – Новы ў нас чалавек. Нібыта бачыў яго з Мартынавымі воямі.
        Вінцэсь дасадліва ўздыхнуў. Прыкра... Мартын вельмі бярэ да сэрца такія выпадкі. А апошнім часам давялося далучаць да парадзелых атрадаў самых сумнеўных асобаў.
        – Давядзецца сказаць Ваўкалаку... Гэты чалавек рабаваў забітых.
        – Не атрымаецца сказаць. – Марка хаваў вочы. – Схапілі Ваўкалака. І пана Рагманава таксама. Янук Вараўня забіты...
        – Як жа вы дапусцілі? – схаладнеў Вінцэсь.
        – Не тут... На дарозе ў Гарнушкі. Атрад самааховы. Мартын не хацеў страляць.
        Гэта сапраўды была жахлівая вестка. Новы губернатар, прызначаны замест Назімава, стары бульдог Мураўёў, не абцяжарваў сябе развагамі пра высакароднасць сродкаў. Што такое катаванні і шыбеніцы, калі імперыя можа страціць сілкаванне для аднаго са сваіх прагных шчупальцаў, якія бясконца растуць?
        Але найбольшая подласць была – стварэнне атрадаў самааховы. Сялянам раздавалі зброю, каб яны бараніліся супраць паўстанцаў. Ім казалі, што гэта гонар, гэта давер цара, які робіць іх роўнымі з панамі, нават вышэйшымі за бязбожных паноў. Давалі тры дзесяціны зямлі на сям’ю, за схопленага паўстанца – узнагарода. Прыгонныя інсургента вызваляліся ад паншчыны, панская маёмасць магла стаць іхняй...
        Вінцэсь ведаў пра выпадкі, калі сяляне даносілі на сваіх уладальнікаў, якія не мелі дачынення да паўстання.
        Край гарэў у агні, але гэты агонь выпальваў толькі шаты.
        ...Каля Ёселевай карчмы, апошняга прытулку інсургентаў, раслі ліпы і клёны, светлыя, прыветныя дрэвы. Нікому не патрэбная карчма ля памерлай дарогі, бо дарогі паміраюць гэтак жа, як і людзі. Вінцэсь працягнуў руку праз расчыненае акно і павітаўся з маладым клёнам, патрымаўшыся за зялёны прахалодны ліст-даланю.
         – Распачынаць сутычку ў горадзе, сярод варожага натоўпу, у прысутнасці тысячы жаўнераў? Вар’яцтва! – гэта ўмяшаўся ў спрэчку, якая вялася ад раніцы, Юзаф.
        Вінцэсь адвярнуўся ад акна. Юзаф узрушана хадзіў па пакоі, яшчэ нядаўна застаўленым важкімі дубовымі сталамі ды лавамі. На сценах яшчэ віселі галандскія парцэлянавыя талеркі з сінім малюнкам па белым – паважныя матроны ў вялізных каптурах, з горамі пірагоў, падобных да падушак, на сподах; барадатыя мужчыны ў паласатых панчохах і драўляных чаравіках, з нязменнымі трубкамі ў зубах і куфлямі піва... Як гэты сіне-белы свет не стасаваўся з ружжамі, састаўленымі ў куце ля каміна!
        Вінцэсь ведаў, што за дзвярыма чакаюць рашэння людзі з Брацтва Ваўка. Іх заставалася занадта мала, таму яны і чакалі.
        – І ўсё-ткі я пайду з імі, – Рашчынскі быў рашучы. – Мартын заслугоўвае, каб дзеля яго рызыкавалі. Як і іншыя, асуджаныя на страту.
        – Ты зноў змешваеш асабістае і агульнае, – ваяводскі камісар Кастусь быў ледзь не ў гневе. – І Мартын, калі б захацеў, мог бы адбіцца. Чаму не стаў страляць у нягоднікаў?
        – Сяляне не вінаватыя, іх падманулі, – ціха прагаварыў Вінцэсь.
        – Падманулі! Гэтак усё можна апраўдаць, – нервова рухаўся па пакоі Кастусь. – Ты ж чуў мой «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай»? «Міліцыі і каравулаў па сёлах каб ніякіх нідзе не было, бо калі зловяць каго ў каравуле або ў міліцыі, то калі не цяпер, то пазней без агаворкі павесяць».
        – Запозна было выдаваць такія загады, – горка сказаў Вінцэсь. – Мы і так у іх вачах – ворагі...
        – Прынамсі, ты ведаеш, што не я прычынай таго, што мужыкі не зацікаўленыя ў паўстанні. – У голасе Кастуся Вінцэсю пачулася нязвыклая стома. – Ды што было ўзяць з нашых кіраўнікоў, «белага жонду», якім больш за чужаземнае ўладаранне страшна страціць рабоў або тую зямлю, якая і так ім не належыць.
        – Беларусь – спрадвечная Польшча, – з крыўдай заўважыў Юзаф, зразумеўшы, куды ляціць камень.
        – Пачытай пра гэта ў Статуце Вялікага княства Літоўскага, напісаным на нашай мове. Сядзім на адной патэльні, ды яшчэ высвятляем, пад каго алею больш налілі. Дурні... – Кастусёў нервовы твар ажно тузануўся ад гневу. – Ведаеш, адкуль пайшло вызначэнне «белыя» для прыхільнікаў арыстакратыі? Падчас французскай рэвалюцыі перасталі насіць парыкі. Бо іх належала пасыпаць мукой, а дэмакраты ўважалі гэта за грэх, калі ў людзей няма хлеба. Ну а ворагі рэвалюцыі дэманстратыўна ўпрыгожвалі сябе напудранымі штучнымі каўтунамі. Вось і нашы... Лепей галаву мукой пасыплюць, чым мужыку галоднаму аддадуць.
        Камісар уздзеў на каротка стрыжаныя валасы лёгкую ваўняную магерку.
        – Не будзем рэзаць і вешаць ворагаў і здрайцаў мы – павесяць нас.
        – Справядлівасць не прыплывае рэкамі крыві! – выкрыкнуў Юзаф.
        – Справядлівасць? – ноздры Кастуся трапяталі, твар пайшоў чырвонымі плямамі. Вінцэсь нават спалохаўся, што з камісарам здарыцца чарговы нервовы прыступ. – Вось ты шчыры вернік, Юзаф... Тыдзень таму ў Вільні загадалі святкаваць дзень нараджэння рускай царыцы і ва ўсіх касцёлах правесці імшу за цара. А хто з касцёла выходзіў – штраф дзесяць рублёў срэбрам. І служылі, і слухалі... А ўвечары па загадзе ілюмінавалі кожны дом, кожную кватэру... Асабліва сачылі, каб у святочных агнях былі дамы сем’яў павешаных ды зняволеных інсургентаў. Як ты думаеш, што горш – шыбеніцы або такое свята? Як на маю думку, дык не варта нам мігдалы разводзіць. Як яны з намі – так і мы з імі! Ну, добра... Паеду ў лагер Кабылінскага. Удачы!
        А потым, калі ўсё было вырашана, маленькі калматы Хатнік, якога былыя гаспадары карчмы забыліся вывезці з сабой, паклаўшы пад печку лапаць, пачаў асцярожлівы абыход сваіх уладанняў. Насмецілі незнаёмцы, нашумелі – шум Хатнік бачыў таксама ў выглядзе смяцця, неахайнага, раскіданага па падлозе, сценах, столі, як густое павуцінне... Злосць, боль, нянавісць – усяго было ў тым смяцці. Вось, зноў балбочуць! Схаваліся ўдвох у прыцемку залы... Хатнік ператварыўся ў маленькую шэрую павуцінку пад самай столлю. Але ў словах гэтых людзей не было нянавісці – толькі стома і боль.
        – Я разумею – вайна... Але ці можна пагадзіцца з заклікамі Кастуся нікога не шкадаваць? Я – дрэнны жаўнер, так, але ці чуў ты, Вінцэсь, плёткі пра атрад Міладоўскага?
        – Думаю, Юзаф, пра нас усіх расказваецца шмат крывавых і брудных гісторый...
        – Не, я ведаю ад чалавека, вартага даверу. Прыйшлі прасіцца ў атрад некалькі маладых хлопцаў. І Кастусь, каб «загартаваць» іх у справе, даручыў ім павесіць селяніна і яго малога сынка. Добра хоць, малому ўдалося ўцячы...
        – Не веру.
        Суразмоўцы памаўчалі. Павуцінка ў куце калыхнулася ад пакуты, што трапятала ў іх думках.
        – Ты расчараваўся ў нашай справе, Юзаф?
        – Я пайду з вамі да канца.
        Пакой апусцеў, і Хатнік змог прадоўжыць сваё падарожжа... І калі б ён мог адчуваць, як чалавек, было б яму вельмі сумна. Старэе будынак, мышы зладзілі ў сценах цэлы горад, і ніхто не прынёс сюды котку...
        А ўвечары ўсхваляваны Стась Людвісар папрасіў Вінцэся ад’ехацца да капліцы, што стаяла на скрыжаванні. І золатавалосая фея, захутаная ў зялёны плашч, зазірала ў вочы мужчыны, нібыта ў вочы свайго лёсу.
        – Бацька адсылае мяне за мяжу, у Швейцарыю. Я сказала, што адна не паеду. І ён дастаў яшчэ два пашпарты. Адзін – Станіславу. Другі – для чалавека, які стане маім мужам. Я хачу, каб гэта былі вы. На жаль, іначай не атрымаецца вас вывезці.
        Станіслаў, сведка гаворкі, вымавіў толькі адно:
        – Я – з Вінцэсем. Як ён вырашыць.
        І Вінцэсь хаваў свой пагляд і не ведаў, як адказаць, каб не абразіць. І нязменная мадам Лецьен пагардліва падціскала вусны, відаць, лічачы яго нягоднікам.
        А Хрысціна з усяе сілы намагалася гаварыць так, каб не гучала просьбай, каб не страціць вясёлага тону, – і ад гэтага было яе невымоўна шкада, бо голас зрываўся ад пакуты:
        – Паўстанне хутка задушаць. Вы не можаце гэтага не ўсведамляць. Бацька добра ў такіх справах разбіраецца. А ён адмовіўся надалей даваць вам грошы. Значыць, упэўнены, што – параза. Лепей часова адступіць, каб пасля пачаць усё наноў! Я ніколі не стану вам перашкодай у вашым змаганні! Мы можам абвянчацца сёння ж у Наўеўскім касцёле. Падумайце, якая рамантычная гісторыя! Проста як у кніжцы.
        Хрысціна цераз сілу засмяялася, і Вінцэсь са шкадобай пацалаваў яе дрыготкую руку. Са шкадобай, а яна ж прасіла не гэтага пачуцця! Ну чаму, чаму ён павінен слугаваць сэрцам і душою іншай, з вялікімі цёмнымі вачыма і строгімі вуснамі, якая ніколі не будзе ягонай! Чаму пры адным успаміне пра яе спыняецца сэрца, пры думцы, што яна сядзіць дзесьці каля акна і ўжо слёз не мае, каб плакаць – па бацьку і па тым, іншым, што заслужыў яе каханне?
        Ды хіба бывае каханне без надзеі, без літасці?
        Бывае... І ў яго, і ў беднай Хрысціны, прыгожай, разумнай, багатай і добрай...
        Мадам Лецьен, сыходзячы за прыгнечанай падапечнай, прамовіла:
        – Месье, я павінна сказаць. Я перажыла рэвалюцыю, і муж мой загінуў на гільяціне. І я бачыла многіх падобных да вас натхнёных юнакоў і бачыла, як каціліся іх галовы ў кошыкі. Ці вы думаеце, што яны, тыя юнакі, былі менш за вас вартыя шчасця і перамогі? Сёння вы зрабілі найвялікшае глупства ў сваім жыцці, юнача. І вы, месье Станіслаў, таксама.
        Што лепш – гільяціна або шыбеніца, «мураўёўскі гальштук»?
        Пытанне, вартае блазенскага тэатра.
        Шыбеніцы ўсталявалі на Саборнай плошчы. У гэты час не разважалі пра тое, ці добра караць смерцю перад храмамі. Галоўнае – застрашыць найбольш народу. Загадана было ўсім хадзіць глядзець. Самае горкае – пра гэта неаднойчы з прыкрасцю казаў Юзаф, які асабліва пераймаўся пытаннямі маралі, – народ збіраўся б і без загаду. Проста таму, што на падобныя відовішчы людзі прыходзяць заўсёды. Чалавека цягне глядзець на чужую смерць, на чужыя пакуты – нават калі ён спачувае ахвярам. Цяжка пераадолець спакусу адчуць сябе ў бяспецы на тле нечай пагібелі.
        Мешчукі і жаўнеры, кабеты і дзеці – плошча віравала. Нават купка сляпых лірнікаў у шэрых світках, з абліччамі, на якіх, як на дне высахлага калодзежа, не адбівалася нічога, стаяла ля эшафота. Небаракі, відаць, патрапілі сюды выпадкова, зацягнутыя людскім вірам.
        Сыпануў барабанны пошчак, і натоўп уздыхнуў нібыта на адны грудзі. На гулкія дошкі першым выйшаў высокі шыракаплечы мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, густа перавітымі сівізной. Нейкая кабета віскнула, пабачыўшы страшнае аблічча асуджанага, – глыбокі шнар цягнуўся праз увесь твар. Другі асуджаны выглядаў старэйшым і больш змучаным. Яго вусы, калісьці, відаць, бадзёра скіраваныя ў бакі, бяссіла абвіслі, толькі чорныя вочы з-пад сівых брывоў пазіралі цвёрда і ясна. Прысуд быў вядомы – дзяржаўныя злачынцы... Дваранін Мартын Саколка і дваранін Вакула Рагманаў... Канфіскацыя маёмасці... Страта цераз павешанне...
        Асуджаныя не слухалі словы прысуду. Яны, толькі з’явілася магчымасць, абняліся. Потым высокі, схіліўшы галаву, нібыта папрасіў у старэйшага за нешта прабачэння. Цікаўнікі, што стаялі бліз эшафота, прагна ловячы словы і пагляды смяротнікаў, улавілі, што гаворка ішла пра нейкую дзяўчыну.
        Што адказаў другі, было незразумела, бо да асуджаных падышлі жаўнеры і пацягнулі туды, дзе гайдаліся тры вяровачныя пятлі. Людзі на плошчы гадалі, каму дастанецца трэцяя? Няўжо на гэты раз шыбеніцы не хопіць здабычы?
        Калі на памост вывелі трэцяга, пачуўся ці то абураны, ці то расчараваны гуд. Зразумела, чаму прыпазніліся, – гэты трэці, светлавалосы доўгі хлопец, быў такі хворы, што сам не мог ісці. Яго валаклі пад рукі двое жаўнераў, і ногі злачынцы, абутыя ў скураныя лапці, нязграбна цягнуліся па дошках, час ад часу намагаючыся зрабіць крок. А расправа над зацкаваным зверам нецікавая.
        Прысуд быў таксама кароткі. Селяніна Гаўрылу Чарапавіцкага з вёскі Гарнушкі за ўдзел у бунце пакараць смерцю праз павешанне.
        Зноў загулі барабаны. Залатыя крыжы на царкве і на касцёле люстравалі сонечныя промні. А кат узяўся за пятлю...
        Сведкі пасля па-рознаму апісвалі падзеі. Адны казалі, што ўсё пачалося, калі нехта выстраліў у ката і той сагнуўся, схапіўшыся за параненую руку. Другія казалі, што бойку распачалі сляпыя лірнікі, якія раптоўна зрабіліся відушчымі і ўскочылі на памост, спрытна арудуючы сваімі кіямі ў якасці зброі. Нехта з іх, уцякаючы, на развітанне правыў па-ваўчынаму – і пайшлі чуткі, што гэта былі людзі з Брацтва Ваўка, у існаванне якога мала хто верыў, але ўсе баяліся.
        Каму падалося, што наляцела цэлая тысяча інсургентаў, хтосьці казаў пра дзесяць адчайных...
        Бунтаўшчыкі разам з вызваленымі паплечнікамі, адстрэльваючыся, адступалі да былога кляштара бернардзінцаў. Некалькі службоўцаў архіва, які месціўся цяпер у гэтых сценах, ледзь паспелі выскачыць-выпаўзці на вуліцу, і масіўныя дзверы, абабітыя бляхай, зробленыя дзвесце гадоў таму ў разліку на аблогу, зачыніліся з глухім грукатам, як вечка труны.
        На верхняй пляцоўцы вежы можна было крыху спыніцца. Марка Рагманаў нарэшце абняў бацьку. Вінцэсь знясілена апусціў на падлогу Гаўрылу Чарапавіцкага. Той стаіў стогн, але ўпарта не глядзеў у вочы свайму выратаваўцу. І Вінцэсь ведаў чаму. Яшчэ падчас уцёкаў, пазнаўшы пана, светлавалосы Гаўрыла інстынктыўна рвануўся ўбок, прэч... Але быў занадта слабы.
        – Вінцэсь, яны цягнуць гармату! – пракрычаў ад акна Стась Людвісар. Вінцэсь не хацеў, каб хлопец ішоў на гэтую смяротную авантуру, а Стась упёрся: і так яго занадта берагуць! Пойдзе хоць самавольна...
        Відаць, у магнацкага сына, гэтак жа, як у Вінцэся, была непера-адольная патрэба ўвесь час даказваць сваю вартасць сабе самому і іншым. Апошні месяц ён нават абстрыг дагледжаныя пазногці!
        Ваўкалак пацёр самлелыя ад вяровак запясці:
        – Дайце штуцэр!
        Вінцэсь, аднак, распарадзіўся:
        – Не. Страляць ёсць каму. Ты з нас самы дужы, нават пасля вязніцы. Дапамагай вызваляць выхад...
        На ніжэйшай пляцоўцы чуўся грукат. Калісьці з гэтай вежы можна было перайсці на іншую лесвіцу, унізе якой пачынаўся падземны ход, што з’ядноўваў мужчынскі і жаночы кляштары бернардзінцаў. Каб не сур’ёзнасць становішча, можна было б удосталь паразважаць у духу «Дэкамерона»... Але цяпер жыццё дзесятка чалавек залежала ад таго, як хутка яны змогуць разабраць мур, якім яшчэ гадоў сто таму быў закладзены ўваход на лесвіцу. Другі канец ходу, у развалінах былой гаспадарчай пабудовы кляштара, вызвалілі загадзя. А з боку будынка давялося пакінуць, каб не выклікаць падазрэнняў.
        Заставалася спадзявацца, што карнікі не ведаюць пра таямніцу бернардзінцаў і вераць, што загналі дзёрзкіх нападнікаў у пастку.
        Вінцэсь прыцэліўся ў жаўнера, які схіліўся над пагрозным целам гарматы... Стрэл... Трапны. Няўжо ён, Вінцэсь, набыў ужо гэтую паскудную абыякавасць да чужога жыцця і смерці, якая кідае войска на войска?
        Рашчынскі быў добры стралок, пан Вакула Рагманаў – таксама не з горшых, і жаўнеры да ўваходных дзвярэй падыходзіць баяліся. Але ўсё роўна ў кляштар вось-вось маглі ўварвацца.
        Між камянёў муроўкі, на вузкім выступе пад акном, расла кволенькая бярозка. Але ад яе тонкіх каранёў, што ніколі не знаходзілі сабе добрага сілкавання, у магутным муры распаўзаліся трэшчыны.
        Марка прагаварыў, перазараджаючы штуцэр:
        – Ці ўяўлялі дойліды, што тут будуць служыць падобныя абедні?
        – Знайшоў з чаго дзівіцца... – горка ўсміхнуўся Вінцэсь. – У гэтым кляштары французы коней ставілі. А як манахаў выганялі яшчэ пры Мікалаю, дык скульптуры проста ў будынку палілі. Кажуць, адна манашка кінулася ў агонь, абняла драўляную выяву Багародзіцы і разам з ёй згарэла. І ўжо расказваюць легенду, нібыта прывід манашкі цяпер тут блукае.
        – Цікава, ці будуць расказваць легенды пра нас? – азваўся Стась Людвісар ад суседняга акна.
        – Вядома! Мы ж будзем героямі ў новай, вольнай краіне! – аптымістычна заявіў Марка.
        – Хлопчыкі!.. – сумна зазначыў пан Вакула. – Рыхтуйцеся да таго, што праз сто гадоў ніхто не ўспомніць вашага сённяшняга геройства ў гэтай вежы. Магчыма, і вежы самой не будзе.
        – Ну, вы яшчэ скажыце, што нашыя нашчадкі ў гэтым будынку зробяць тэатр ды будуць паказваць аперэткі, – запярэчыў Вінцэсь. – Не можа ж такога быць, каб тыя, хто будзе жыць пасля нас, пера-сталі цаніць сваю волю! Колькі народу за яе загінула, колькі розныя суворавы бязвінных тут панішчылі! Не, я не магу паверыць, што гэта забудзецца.
        Глухі грукат скалануў вежу. Гарматны стрэл прабіў вароты. Цяпер заставалася адно – уцякаць.
        На шчасце, мур удалося разабраць настолькі, каб мог пралезці чалавек.
        Адзін за адным паўстанцы знікалі ў чорным правале, але тупат пагоні ўжо падымаўся па вінтавой лесвіцы. Вінцэсь, Стась, Марка і пан Вакула абрынулі ўніз град куляў, змусіўшы карнікаў адступіць.
        Настала зацішша. Ворагі былі пэўныя, што ўцекачы нікуды не падзенуцца. Навошта ж рызыкаваць ды лезці пад кулі?
        Рашчынскі заўсёды адступаў апошнім.
        На гэты раз атрымалася не так.
        Гаўрыла Чарапавіцкі ўжо зусім знясілеў, і Вінцэсь зноў кінуўся дапамагаць яго несці. Чаму? Ці хацеў, ратуючы забойцу бацькі, пераадолець у сабе нянавісць, выканаць бацькаў запавет? Ці спадзяваўся, што ў гэтым зацятым мужыку прачнуцца павага і ўдзячнасць да ягоных паноў, што ён усвядоміць, якую чорную справу ўчыніў?
        Апошняе, што Вінцэсь бачыў, калі азірнуўся назад, – Стась Людвісар перагнуўся ўніз, страляючы ў некага... І ўпаў сам, пакаціўся ўніз па лесвіцы, па якой ужо ўзбягалі ворагі.
        А потым, у лесе, пасля шалёнага галопу коней, пасля віншаванняў і горычы ад усведамлення страт была Яна... І гарачы шэпат:
        – Я ведаю, што вы зрабілі дзеля мяне. Бедны мой хлопчык... Вы трохі спазніліся нарадзіцца. А Мартын упэўнены, што нарадзіўся зарана... І што рабіць мне? Можа, дзесьці вас чакае маладзенькая дзяўчынка, падобная да мяне, прызначаная вам? Калі б я мела два сэрцы...
        У вечаровым прыцемку ён адчуў дотык да свае шчакі яе вуснаў – і захацеў памерці, каб гэта засталося апошнім у памяці.
        І з усяе моцы намагаўся вычуць нешта большае за ўдзячнасць.
        І мімаволі ўспамінаў Хрысціну і яе брата, такога даверлівага, чыстага, смешнавата-нязграбнага, якому так і не стаў цалкам давяраць. І ў галаве круціліся страшныя словы – «прынёс у ахвяру»...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.