РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
9
        
9

        
        У кожным прыстойным тэатры мусіць быць свой прывід.
        Нават калі тэатральная трупа займае найсучасны будынак, у сценах якога не замуравана нічога, акрамя арматуры, прывід сіламі працоўнага калектыву будзе створаны, надзелены страшнай і кранальнай гісторыяй жыцця і смерці і расквечаны красамоўнымі рысамі паводле аповедаў напалоханых і шчаслівых відавочцаў.
        Тэатр «Капялюшык» меў законнае права на прывіда, бо месціўся ў сутарэннях старога-старога гарадскога храма... Дакладней, былога храма, лёс якога пакуль яшчэ вырашаўся. Справа ў тым, што «перахрышчваўся» гэты будынак за сваё немалое жыццё ва ўсе магчымыя канфесіі – гэта ж быў тыповы беларускі храм. Палілі і паганілі яго і казакі, і напалеонаўскія французы, і польскія гусары. Спрычыніліся да яго цяперашняга несамавітага аблічча і савецкія барацьбіты з рэлігіяй, і бамбёжкі апошняй вайны...
        А ён моўчкі стаяў і захоўваў у магутных, як спіна зубра, сценах дыханне часоў і прададзеную памяць.
        Так, гэты храм быў сапраўдным беларусам.
        А людцы ўсё спрачаліся, каму ён мусіць належаць – каталікам, праваслаўным, уніятам? Тым больш цяжка гэта вызначалася, што ад колішняга будынка засталіся толькі тры паверхі, накрытыя пляскатым дахам, і што калісьці гэта быў велічны храм, мала хто з мінакоў і здагадваўся.
        Добра, што ў спрэчку не ўмешваліся псіхіятры – у надзейных сценах знаходзіла прытулак і адпаведная лячэбніца.
         «А між тым псіхіятр тут не лішні», – з прыкрасцю падумала Паліна, прабіраючыся па вузкіх калідорах за сцэнай, дзе месціліся грымёркі. За дзяўчынай ішоў жабкавы скульптар Валянцін, увесьчасна чапляючыся сваім швэдарам за старыя дэкарацыі, і Паліна не ведала, як ён ставіцца да дзікіх выкрыкаў і мітусяніны побач:
        – Дзяўчаты, далібог, скрозь мяне прайшла! Шэрая, як дым! І холад па целе, холад!
        – А ты, Люсечка, паслала б яе туды, куды мяне пасылала сёння на рэпетыцыі. І твая манашка развеялася б, як маё да цябе каханне.
        – Дурань!..
        Паліна ўздыхнула: тэатр «Капялюшык» засяліўся ў гэтыя муры не так даўно, відаць, таму аблічча прывіда яшчэ не набыло пэўнасці: адны казалі пра белую манашку, другія – пра чорнага мніха... А вось сёння – нейкі гібрыд: манашка, але шэрая... Паліна ўсё-ткі палічыла патрэбным нешта патлумачыць, кінула спадарожніку цераз плячо:
        – Не звяртайце ўвагі... Гэта артысты.
        І самой стала няёмка: так паблажліва прагучала.
        – Сюды хадзіце! Не наступіце на ружавы куст...– Марыя Апанасаўна махала рукой там, дзе адгаліноўваўся невялікі калідорчык, і ў сваёй белай хустцы, накінутай паўзверх чорнай доўгай сукенкі, таксама магла цалкам сысці за прывід – хіба калі б не ўзбітыя ў самавітую піраміду выбеленыя валасы. Паліна і Валянцін асцярожна абышлі бутафорскі куст з пап’е-машэ з намаляванымі ружамі, падобнымі да сіняй капусты, і ўрэшце апынуліся ў доўгім, як пенал, пакоі без вокнаў.
        У пакоі панаваў дзіўны пах зёлак. Ля адной сцяны стаяла шырма, груба размаляваная пад антычныя разваліны, на другой – развешаная бутафорская зброя, відаць, сабраная з розных спектакляў. Алюмініевыя кінжалы, шпага з тоўстага дроту, кардонны меч... Прытулак Арлекіна. Пад паліцай з кніжкамі стаяла выцвілая канапа, а з канапы пры набліжэнні гасцей узняўся сам Арлекін... Як Паліна зразумела, той самы Сымон Пятровіч, былы штурман падлодкі.
        Штурман быў мала падобны да сівагаловага паважнага марскога ваўка. Па-першае, ён аказаўся зусім не стары, гадоў мо трыццаць шэсць. Па-другое, невысокі. Папраўдзе, дык ненашмат вышэйшы за Паліну, а віленскаму скульптару – дык увогуле па плячо. Але не шчуплы – проста падцягнуты, жылаваты, а пад чорнай майкай перакочваюцца цягліцы. І твар смуглявы, таксама падцягнуты, як у легіянера...
        «Але ж правільна, – толькі цяпер дадумалася расчараваная Паліна, – ён жа не на караблі служыў, а на падлодцы, туды вось такіх і адбіраюць – невысокіх і трывушчых».
        – Гэта часткі нейкага маршруту, – упэўнена сказаў Сымон Пятровіч, уважліва разгледзеўшы Палініны аркушыкі з перамаляванымі са спінаў жабак малюнкамі. – Усё пазначана – і азімут, і накірункі. І адлегласці – як я разумею, у сажнях. Калі перавесці ў нашы меры, на кожным малюнку шлях дзесьці метраў сто.
        – І вы маглі б вызначыць, дзе гэта знаходзіцца?–усхвалявалася Паліна.
        Картазнаўца паблажліва ўсміхнуўся.
        – Ніхто вам гэтага не вызначыць без ведання мясцовасці. Схемы трэба прывязаць да карты. Хаця б адну кропку знайсці. Што абазначае, напрыклад, гэты крыжык: камень? Дрэва? Будынак?
        Валянцін падаў голас:
        – Ну, можа, мы б змаглі вылічыць мясцовасць... Што тады?
        Штурман паціснуў плячыма.
        – Гэтыя два малюнкі – усё, што вы маеце?
        Паліна ўздыхнула:
        – Мы думаем, што такіх жабак было чатыры.
        Сымон Пятровіч развёў рукамі.
        – Ну, спадарове, справа безнадзейная. Калі гэта павінна скласціся ў адзін шлях, нават калі б вы знайшлі ўсе чатыры яго кавалкі, – трэба ведаць чарговасць. Разумееце? Апошняя кропка кожнага адрэзка – пачатак іншага.
        – А хіба нельга будзе вызначыць, перастаўляючы, прымерваючыся?
        Штурман незалежна скрыжаваў на грудзях рукі і адкінуўся на спінку сваёй старой зялёнай канапы.
        – Нешта вы ўсе горача дыхаеце над гэтымі аркушыкамі. Можа, патлумачыце?
        Паліна нерашуча зірнула на маці і Валянціна.
        Марыя Апанасаўна дапамагла дачцэ наважыцца:
        – Ну чаго гуляць у таямніцы? Распавядзі чалавеку, як ёсць. Можа, што і падкажа, а ты яго потым на абарону дысертацыі запросіш.
        Маці відавочна звязвала Палініны вышукі з ейнай кар’ерай.
        І Паліна распавяла пра ўсё... Акрамя, вядома, таго, як Аксана забрала ў яе папку і пасля не хацела нават згадваць пра гэта. Не расказала, і як пайшла ў архіў, паглядзець фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дзе Артур знайшоў малюнак намагілля Рашчынскага, а ліста з малюнкам, дакумента №131, у тэчках не аказалася. І калі Паліна стала распытваць, архівісткі ўсчалі гвалт і абвінавацілі ў прапажы памерлага Арціка, які, вядома, ужо ніяк не меў магчымасці апраўдацца. Але Паліна дакладна ведала – Артур, які заўсёды так горача адстойваў прынцып навуковай этыкі, не мог гэтага зрабіць.
        Над бутафорскімі антычнымі развалінамі луналі купідончыкі, ружовыя, з круглымі азадкамі і гэткімі ж круглымі шчочкамі. Прысутныя перадавалі з рук у рукі партрэт Вінцэся Рашчынскага, адзіны, які змагла знайсці Паліна. Партрэт быў намаляваны ў Парыжы мастаком невядомым, але прагрэсіўных імпрэсіяністычных паглядаў, які б ніколі не даў згоды распісваць шырмы ружовымі купідончыкамі. Аблічча вымалёўвалася з каляровых пісягаў. Але імпрэсіяністу ўдалося перадаць асаблівы выраз твару: быццам чалавек нешта пакутліва ўспамінае і боль успамінаў для яго – адзіная рэальнасць. І было нешта трагічнае ў несупадзенні яркіх колеравых спалучэнняў і сумотнага аблічча чалавека.
        – Гэта Вінцэсь Рашчынскі пасля паразы паўстання, – патлумачыла Паліна. – Мала каму ўдалося тады ўцячы – яму пашанцавала. Вядома, вясёлага мала – сябры забітыя, павешаныя, сасланыя... Маёнтак патрапіў пад апеку казны. Толькі праз трыццаць гадоў Рашчынскі атрымае дараванне ад уладаў і зможа вярнуцца дадому.
        – Паўстанне Каліноўскага...– задумліва прамовіў Сымон Пятровіч, круцячы ў руках рэпрадукцыю. – Калісьці я зачытваўся раманам «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, у рэйды з сабой браў. І вельмі засмучаўся, што няма працягу – усё перарываецца на падыходзе да паўстання.
        – А я чуў, што працяг нібыта быў, – сумна прагаварыў Валянцін. – Нібыта скралі працяг...
        А Паліна на ўсе вочы глядзела на былога падводніка, які раптам выявіўся прыхільнікам Караткевіча і «гатовым беларускім мужчынам». Гэта ж трэба! Нават маці сваю Паліна не магла пераканаць, каб гаварыла па-беларуску. «Позна мне перавучвацца», – казала тая, ды і ўсё. Сустрэць у іхнім горадзе чалавека, які валодае роднай мовай, – усё роўна што земляка на чужыне.
        – Наконт скрадзенага працягу, можа, і праўда... Але мне інакш уяўляецца, – працягваў Сымон Пятровіч. – Мінулым летам я сваіх скаўтаў у паход вадзіў па Віленшчыне, якраз наведалі па дарозе музей у Кушлянах... Дык там расказваў нам адзін дзядзька, што падчас паўстання на Беларусі было рэпрэсавана сто тысяч шляхецкіх сем’яў. Гэта ж цэлая праслойка грамадства! Самая лепшая, адукаваная... Яшчэ колькі гадоў – і з’явілася б пакаленне, якое магло збудаваць нацыянальную дзяржаву. І ніхто б яе ўжо не знішчыў. А так – нават памяці няма. Можа, і мае продкі мелі дачыненне да таго паўстання? Не ведаю. Быў жа прадзед лапцюжным, але шляхцюком. І Караткевіч сам прызнаецца, як цяжка яму пісаць працяг, бо яго героі не могуць перамагчы.
        – Ты скаўтаў у паход водзіш? – здзівілася Марыя Апанасаўна, вычуўшы тое, што самой было цікава. – Вось не ведала...
        – Ну, не толькі скаўтаў... – патлумачыў былы падводнік. – Экстрэмалаў розных таксама.
        – Напэўна, на байдарках? Ці на плытах? – здагадалася Паліна.
        Але ў штурмана толькі неяк дзіўна змяніўся смуглявы твар.
        – Не, спадарыня. Водны турызм мяне не вабіць.
        Марыя Апанасаўна зноў завалодала выявай Рашчынскага.
        – А ён прыгожы быў, калі б яшчэ нармальна намалявалі... Напэўна, карыстаўся поспехам у жанчын.
        Паліна задумалася.
        – Ды нешта не памятаю пра яго рамантычных гісторый... Ён і жанаты не быў.
        – Значыць, рамантычная гісторыя мелася, – нечакана змрочна прагаварыў Сымон Пятровіч. – Пераможаны мужчына – якая жанчына падзеліць з такім лёс? Ды яшчэ маёнтак забралі... Вядома, нейкая красуня дадала горычы ў жыццё вашага... Рашчынскага. Прабачце, вядома, шаноўныя спадарыні, за нягжэчнасць, але жанчыны не любяць тых, каго яны лічаць няўдачнікамі.
        – Чаму вы такога меркавання пра жанчын? – не змаўчала Паліна. – Многія шляхцянкі ішлі за сваімі мужамі на катаргу, многія выходзілі замуж за зняволеных.
        – За героем на катаргу – гэта рамантычна... – не здаваўся штурман. – А вось з няўдачнікам – нецікава. – Прагучала так сумна, што Паліна здагадалася: асабістае, няйначай. Сымон Пятровіч пацвердзіў:
        – Не прымайце мяне за старога звягу. Лічыць сябе няўдачнікам – дыягназ. Для гэтага неабавязкова сапраўды пацярпець вялікія страты. Я на такую хваробу, між іншым, не хварэю. А вось калі мяне звольнілі з флоту, а на Беларусі, зразумела, такіх спецыялістаў, як я, не патрэбна, жонка ад мяне адразу адвярнулася. Я яе не вінавачу – сапраўды, які з мяне муж. Яна натура тонкая, перакладчыца. А я вечна ў рэйдах, ды яшчэ і трантаў дамоў не прывозіў, як звычайныя маракі загранкі, – у нас жа сакрэтныя заданні, ваенная таямніца. А на марскім дне супермаркетаў не будуюць.
        – Калі жанчыне не хапае рэчаў – гэта толькі наступства, – павучальна прагаварыла Марыя Апанасаўна. – Гэта значыць, што насамрэч жанчыне не хапае кахання!
        – Ну так, кахання...– Сымон Пятровіч засмяяўся дзіўным хрыплым смехам. – Каханне яна атрымала. Ад таленавітага і грашавітага. Праўда, калі я сышоў з поўнай торбай непрамоўленых крыўдаў і пажаданнем шчасця, – той... таленавіты... знік.
        Сымон Пятровіч расказваў нават з іроніяй. Але тут усхваляваўся Валянцін:
        – І няўдачніку можа пашанцаваць на каханне! Я таксама... З уласнага вопыту... – Валянцін трохі павагаўся, але ў кожнага настае час выгаварыцца. – Я ж тут вучыўся, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Зладзілі мы першую выставу нашай суполкі – сабраліся маладыя скульптары, мастакі... Ды яшчэ дзе зладзілі – аж у «чарніліцы», на другім паверсе Палаца мастацтваў. Гонар! Гасцей насклікалі на прэзентацыю. Прыйшоў я з гэтай выставы, пахадзіўшы дзень сярод выпадковых наведнікаў, наслухаўшыся іхніх каментараў... І як даў кулаком па глінянай балванцы, якую паўгода спрабаваў ператварыць у сусветны шэдэўр... І што вы думаеце – разбіў! Хоць ужо амаль зацвярдзела. Вось што значыць сапраўдная злосць!
        – Ну і навошта? – іранічна прамовіў штурман. – Чым гліна правінавацілася?
        – Гэта я не гліну. Гэта я свае спадзяванні – кулаком...– жорстка прагаварыў скульптар. – Не ўсім быць Радэнамі ці Азгурамі... Я забараніў сабе думаць пра вялікае мастацтва. А тут якраз пачаўся прыватны бізнес. І мы з адным знаёмым зладзілі фірму... Ведаеце, якую? – Валянцін з горкай насмешкай абвёў прысутных вачыма. – Па вырабе надмагільных помнікаў. На любы густ. Гэта быў найвялікшы здзек, які я мог тады над сабой учыніць за бяздарнасць. Бачылі, можа, анёлкаў, што плачуць, захінаючы твар крыламі? «Память о тебе вечна, как наша любовь». І назву для фірмы прыдумалі адпаведна «кічавую» – «Асфадэль».
        Сымон Пятровіч чамусьці ўсхваляваўся.
        – Як, як твая фірма называлася?
        – «Асфадэль»... – з прыкрасцю паўтарыў Валянцін. – Гэта лілеі такія. Лічацца кветкамі мёртвых. Я і сам тады быў... як мёртвы.
        – Ну і нармальны бізнес, – прабурчэла Марыя Апанасаўна. –Напэўна, зараблялі някепска.
        Валянцін няёмка паціснуў плячыма.
        – Так... Заказаў давалі шмат. Добра хоць, за працай не ставала часу надта задумвацца над сэнсам жыцця. Кватэру набыў, пасля яшчэ адну – пад майстэрню. Усё жыццё па інтэрнатах, дык тут адцягнуўся. Ну і скончылася вядома чым. Фірма прагарэла, як сухая лапушына. Які з мяне бізнесмен – я мог толькі ляпіць ды высякаць. А напарнік, аказваецца, пачаў пашыраць бізнес – перапрадаваў кватэры, яшчэ нешта там... Карацей, паставілі нас на лічыльнік. Ды не нас, а мяне – сябрук мой уцёк, а ўсе дакументы аказаліся на маё імя. Прадаў кватэру адну... Тады другую... Збыў машыну, урэшце, усё, што меў... І ўсё адно доўгу заставалася – дваццаць пяць «кавалкаў». Мяне везлі забіваць. І тут з’явілася яна... Дзяўчына, на якую я асаблівай увагі не звяртаў. Нават пакрыўдзіў, адпрэчыўшы ейную ўвагу да маёй каштоўнай персоны. І вось яна выкупіла мяне, няўдачніка, аддаўшы ў заклад сваю маёмасць і самую сябе... І мяне ёй прадалі ў пажыццёвае карыстанне.
        – Як гэта? – здзівілася Паліна.
        – А так...– з весялосцю адчаю патлумачыў Валянцін. – У прамым сэнсе. Дзіна паступова выплочвае мой доўг з працэнтамі. Я дапамагаю зарабіць грошы, працую ў ейнай фірме. Умова такая: калі я сыду – Дзіна адкажа сваім жыццём.
        Нейкі час усе прыгаломшана маўчалі. Сымон Пятровіч, аднак, не выявіў асаблівага ўзрушэння.
        – Чаму ты лічыш сябе няўдачнікам, не разумею? У цябе ёсць жанчына, якая цябе кахае і якую ты, прынамсі, паважаеш. Кім ты працуеш у ейнай фірме? Вартаўніком? Прыбіральшчыкам?
        Валянцін зацята ўскінуў галаву – пытанне прагучала жорстка.
        – Я ўмею ляпіць.
        – ...І займаешся любімай працай, – падсумаваў падводнік. – Ты – шчаслівы чалавек.
        Паліна падазрона разглядала суразмоўцаў. Высокі няўклюдны скульптар са светлымі валасамі, перацягнутымі матузком, і смуглявы жылаваты штурман з абліччам, як у каскадзёра ці воя – вунь колькі старых шнараў на твары, на руках, – такія розныя! І пры тым абодва – тыповыя няшчасныя беларускія мужчыны. Відаць, Марыя Апанасаўна падумала тое самае, паколькі скептычна паглядзела на аднаго, на другога і моўчкі пахітала галавой у адказ нейкім сваім думкам.
        Паліна здагадалася – канчаткова збракавала ў якасці магчымых зяцёў. Не, у маці гэта ўжо нейкая манія... Хутка пачне прыглядацца да грузчыкаў у хлебнай краме, да ахоўнікаў суседняй з іхнім домам базы агародніны.
        Трэба было вяртаць размову да гістарычнай тэмы.
        – І ўсё ж такі – пра што хацеў пакінуць звесткі Вінцэсь Рашчынскі?
        – Можа, нейкае патаемнае сховішча паўстанцаў? – спытаў Сымон Пятровіч.
        – Ды не, – запярэчыла Паліна. – Надмагілле будавалася ў дзевяностыя гады, калі Рашчынскі вярнуўся на радзіму. Ды якая розніца! Не ведаю, што схаваў Рашчынскі – каштоўнасці, дакументы, або там, у апошняй кропцы, забытая магіла нейкага героя – мне ўсё роўна. Мы проста абавязаны гэта знайсці! Гэта наша гісторыя! Ліст да нашчадкаў, які з-за нашай няўвагі можа не дайсці больш ніколі ні да кога! Вы як хочаце, а я гэтую справу не пакіну.
        – І дысертацыя атрымаецца сенсацыйная! – задаволена падтрымала на свой капыл Марыя Апанасаўна. – І ў газетах напішуць!
        Паліна ўперлася строгім паглядам у Валянціна:
        – І не ўздумайце мяне адгаворваць – я ўсё роўна прайду гэты шлях да канца!
        Валянцін з дакорам зірнуў на Паліну:
        – Вас адгаворыш... Добра, магу з’ездзіць у Гарнушкі... У хаце бабулінай чужыя людзі цяперака. Але да дзядзькі майго можна завітаць. Ён і так зазлаваў на мяне, мусіць, што даўно не прыязджаю. Толькі не ведаю, як Дзіна да гэтага паставіцца.
        Сапраўды, «уладальніца»... Паліне зрабілася чамусьці вельмі прыкра. І страшэнна шкада гэтага няўклюду – ён не выглядаў шчаслівым у статусе маёмасці. Успомніла, як сіратліва сядзеў ён у арцы віленскай вулкі, пакуль закаханая жанчына прадавала ягоныя творы... Але ж хіба не вартая здзіўлення і тая Дзіна! А ці змагла б яна, Паліна, так вось ахвяраваць усім дзеля чалавека, які нічым з ёю не звязаны? Паставіць сваё жыццё ў залежнасць ад яго? Гэта ж як трэба кахаць...
        Але Паліне аніяк не ўдавалася выклікаць у сабе добрыя пачуцці да гандляркі са светлымі косамі.
        За дзвярыма пакойчыка між тым сціхлі галасы, затое пачуўся «трубны глас» – па мегафоне артыстаў запрашалі на рэпетыцыю. Гэта азначала, што ўсе работнікі тэатра «Капялюшык» мелі зараз свой клопат.
        Калі госці былі ўжо ў дзвярах, Сымон Пятровіч ветліва прамовіў:
        – Прабачце, Валянцін, вы не маглі б затрымацца? Мне трэба вам тое-сёе сказаць.
        Паліна і Марыя Апанасаўна разгублена глядзелі на зачыненыя перад імі дзверы, у якіх паварочваўся ключ.
        – Ну і Бог з імі, пайшлі... Няхай паразмаўляюць, – зазначыла Палініна маці.
        Аднак не паспелі яны адысціся ў канец калідора, як у пакойчыку штурмана пачуўся страшэнны грукат, нешта падала, разбівалася...
        – Ды што яны, звар’яцелі, ці што?!!
        Марыя Апанасаўна стукала ў дзверы, за якімі не сціхала баталія.
        – Сымон, ты здурнеў? Што ты там робіш?
        З усіх дзвярэй паказваліся цікаўныя твары. Нарэшце шум у пакойчыку сціх, яго дзверы расчыніліся, упусціўшы пераляканых кабет.
        Дэкарацыя з антычнымі развалінамі, пашкуматаная, быццам пабывала ў зубах у цмока, ляжала на падлозе, а пад ёй, накрыты размаляваным палотнішчам, нехта адчайна варушыўся, як хрушч пад насоўкай. Паколькі Сымон Пятровіч у ваяўнічай паставе стаяў ля сценкі з бутафорскай зброяй, варушыўся няйнакш небарака скульптар.
        – Я тры гады чакаў, каб гэта зрабіць, – штурман цадзіў словы скрозь сціснутыя зубы, і Паліне чамусьці захацелася апынуцца як мага далей адсюль.
        З дзіркі ў дэкарацыі паказалася рука, потым прасунулася галава. Вока Валянціна патроху заплывала сінім.
        – Паслухайце... Гэта памылка. У мяне з вашай жонкай нічога не было.
        – Гэта ў цябе з ёй нічога не было, – прагаварыў Сымон Пятровіч. – А ў яе з табой – было ўсё. Вядома, ты ноч правёў – і забыўся. Табе што, самадаек не хапала?
        Паліна схаладнела... Не можа быць! Няўжо ён, няўклюда і летуценнік, такі?..
        – Ды кажу вам: не ведаю ніякай Святланы... І ў рэстаране «Папараць-кветка» адзіны раз у жыцці быў – калі адзначалі абарону дыпломаў.
        Новы майстэрскі ўдар у сківіцу змусіў Валянціна, які толькі што няўпэўнена ўзняўся на ногі, зноў паляцець на падлогу.
        – Сымон, прыйдзі да розуму!– Марыя Апанасаўна гатовая была таксама даць волі рукам. – За што ты так яго?
        – А вы ў гэтага генія могілкавага спытайце... Ты хоць ведаеш, што яна кожны дзень цябе чакала? – зноў звярнуўся штурман да скульптара. – Запальнічку тваю, у выглядзе пісталета, да сэрца туліла... Таксама мне каўбой! Ды я сам быў гатовы цябе расшукаць і за ручку да яе прывесці! І я ніколі не бачыў яе такой шчаслівай, як у тыя моманты, калі яна верыла, што ты вось-вось прыедзеш. Асабліва ў псіхушцы, у апошнія дні.
        – У мяне ніколі не было запальнічак. Я не куру! – гнеўна прагаварыў Валянцін, больш-менш цвёрда ўстаўшы на ногі. –Хаця... У сябрука майго, з якім мы фірму зладзілі, мелася такая запальнічка, памятаю.
        Сымон Пятровіч крыху разгубіўся:
        – У Святланы візітка была – Валянцін з фірмы «Асфадэль». Выходзіць – ты. Я цябе шукаў, але фірма ваша ўжо знікла, і дзе ты, ніхто не ведаў.
        Валянцін сумна ўсміхнуўся:
        – Ну, зразумела... Сябрука майго таксама Валянцінам звалі. Можаце праверыць. Ён – Валянцін Сцяпко, я – Валянцін Чарапавіцкі. Здаралася, ён называўся маім прозвішчам – у непрыемных сітуацыях.
        Сымон Пятровіч недаверліва глядзеў на ворага.
        Валянцін выцер кроў з носа Палінінай насоўкай і прамовіў ціха і сур’ёзна:
        – Слова гонару, я не ведаў вашай жонкі.
        Сымон Пятровіч нейкі час памаўчаў, потым панурыўся і прамовіў:
        – Веру... Прабач. Твой сябра зноў цябе падставіў. Ён які, дарэчы, з выгляду?
        – Ну... Ніжэйшы за мяне. Кароткая стрыжка. Цёмны...
        – Вось-вось... І Святлана гаварыла пра чарнявага. Падобны, маўляў, да Адрыяна Чэлентана. А ты, гляджу, – бялявы... Думаў, пафарбаваўся, гад.
        – Збіў чалавека ні за што! – абуралася Марыя Апанасаўна.
        Штурман стамлёна сеў на канапу, загаварыў нібыта сам сабе:
        – Яна не мела фліртаў... У яе заўсёды ўсё было вельмі сур’ёзна. Яе мужчына мусіць быць героем. Я яе расчараваў – замест таго каб стаць якім адміралам, апынуўся беспрацоўным, ды яшчэ ўпарта адхіляў прапановы з іншых краін. Ну не хачу я з’язджаць адсюль! Нават дзеля залатых палацаў. А тут гэты... геній з рэстарана... Ах, Мікеланджэла, ах, Эрнст Неізвесны... Ад бяссоння ўсё жыццё пакутавала. Такая прыгожая... мройлівая... Сабе не магла дараваць, што яе першая і апошняя здрада была... так, пошлым фліртам. І я ёй усё расказваў казкі – што ейны Валянцін з’ехаў з выставай у Амерыку, што яго выклікалі ў Індыю... Яна ўжо не магла праверыць, – голас Сымона Пятровіча задрыжэў. – І я аднаму радаваўся – што над ейнай магілай не стаіць помнік вашай фірмы.
        Сымон Пятровіч кінуў пагляд на збіты твар скульптара і пачырванеў.
        – Што ж, я цяпер твой даўжнік. Калі хочаш, можаш даць здачы... Не? Ну, тады хіба дапамагу ў вашых вар’яцкіх росшуках. Не ведаю, што вы там збіраецеся знайсці – золата, дыяменты або матэрыял для дысертацыі, – я ў вашай волі. Толькі загадзя дамовімся – у дзялёжцы не ўдзельнічаю. Не хачу, калі што, увязвацца ў быдлячую справу шкуматання тлустага кавалка.
        На сцэне ішло сваё жыццё. Нехта адбіваў нястомнымі нагамі рытм пад вясёлую мелодыю – тэатр «Капялюшык» спецыялізаваўся на аперэтках ды мюзіклах, любімых жанрах міжчасся. Прывіды будынка затаіліся па кутах, адпускаючы жывое на волю. Валянцін і Паліна, якія ад прыкрага інцыдэнту не перамовіліся ні словам, выйшлі за цяжкія дзверы – нібыта з-за цемры кулісаў патрапілі на ярка асветленую сцэну. Амаль летняе сонца ўдарыла ў вочы, як сафіты.
        – Што яна з табой зрабіла? – дзікі крык злева змусіў і без таго знерваваную Паліну літаральна падскочыць. Да скульптара падбягала Дзіна, на гэты раз – у беленькім джынсавым касцюмчыку. Пагляд, кінуты ёю на Паліну, быў вастрэйшы ад касінерскага ляза. Гэтага Паліна ўжо не магла вытрываць і шпаркім крокам рушыла прэч, пакінуўшы за спіной апраўданні Валянціна пра тое, што не варта перажываць, што ён проста ўпаў на дэкарацыі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.