РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
15
        
15

        
        Далоў доўгую спадніцу і абцасы, сімвалы заняволенасці жанчын, апаэтызаваныя патрыярхатнымі паэтамі!
        Паліна злосна глядзелася ў люстэрка. Пачвара! Да чаго давяла сябе за апошнія гады!
        Адзінае, што суцяшае, – джынсы, якія схавала ў шафу тры гады таму, нават завялікія... Не растаўсцела! А што з валасамі рабіць? Можа, проста распусціць па плячах? І злева заплесці некалькі таненькіх косак – будзе арыгінальна... Чорную кофтачку са срэбным павуком таксама гады тры не надзявала... А пазногці?!! Яна ж нават лак перастала купляць!
        Званок у дзверы спыніў усе хваляванні.
        Што ж, прынамсі, Стась не ўлез бы ў старыя джынсы – на амерыканскіх прысмаках прыбавіў кілаграмчыкаў дзесяць. Гэта першая дурная думка, якая прыйшла ў галаву Паліне. А за ёй і другая, не разумнейшая: яна, Паліна, усё яшчэ яго кахае. Гэтага распаўнелага, упэўненага ў сабе «мача» ў белым пінжаку...
        А далей яна ўвогуле перастала думаць. Таму што Стась заўсёды ведаў, як з ёй абыходзіцца: ён проста моцна пацалаваў яе, і... І адразу ж пачаў распараджацца. Гэта тэкіла. Гарэлка з кактусаў, гадасць, вядома, але прывёз для экзотыкі. Схавай у лядоўню. We’ll drink best... Будзем піць вось гэта – кампары. Вяндліна нарэзаная, раскладзі толькі. А вось авакада трэба нарэзаць... Ты тут каштавала авакада, маленькая? Не? Я так і думаў... У загс можна заўтра падысці да дзесяці раніцы. За сто баксаў распішуць адразу. Don’t worry, be happy. Ды не тыя чаркі дастала. Трэба для кактэйлю...
        Паліна, як загіпнатызаваная, бегала між кухняй і гасцёўняй, адчуваючы сябе пухнатым цацачным зайчыкам, у якім пасля доўгага перапынку замянілі батарэйку.
        – А гэта што за жаба?
        Стоп! Паліна рашуча паклала чарговы пакунак на канапу. Ачмурэнне нейкае! Нібыта не было гэтых трох гадоў, нявыплаканых слёз, незабытай крыўды...
        – Паслухай... Нам варта пагаварыць.
        Пагаварыць Стась не адмаўляўся. Столькі за гэты час адбылося! Амерыка – добрая школа выжывання. Але хто працуе, не лайдак ды з мазгамі – будзе жыць, як тут і не снілася. Галоўнае – стабільнасць. Страхоўкі, полісы, прафсаюзы... Паліна слухала, углядалася ў спакойныя разумныя вочы, і – ні адцення там віны, ні сумневу ў тым, што ён робіць правільна. Заўсёды правільна.
        – А ты ўсё гэтак жа займаешся сваёй беларушчынай? Не адказвай, сам бачу. Вунь нацягала бярвёнаў, шашалем паточаных. Няўжо не разумееш – гэта бесперспектыўна! Свет імкнецца да уніфікацыі, а ты – супроць плыні, ды яшчэ за сто баксаў у месяц. Не падвысілі ж моцна зарплату, так? І з дысертацыяй я таксама быў упэўнены – не абароніш, занадта далікатная натура. Да цябе менеджэра прымацаваць трэба.
        – Гэта не бярвёны, – абурылася Паліна, – а беларуская скульптура пачатку васемнаццатага стагоддзя!
        – І адкуль яна ў цябе? Са сметніка?
        – Можна сказаць, так. Паехалі з сяброўкай глядзець касцёл у Касацінава. Побач з храмам – закінуты дом, ганак з драўлянымі калонамі, можа, калісь ксёндз жыў. Вось на ганку гэтага дома і знайшла... Касцёл рэстаўравалі, як цацачку. З-за мяжы прыслалі і начынне для інтэр’ера – гіпсавыя Дзевы Марыі і распяцці, пафарбаваныя алейнай фарбай. А гэтыя «вырабы народнага генія», як казаў Караткевіч, – прэч! Старыя, нехлямяжыя... Уяўляеш – яны пад дровамі ляжалі!
        – І ты іх прыўлашчыла?
        – Вядома! Транспарту свайго не было, а я – з гэтымі скульптурамі, як з немаўлятамі, – і рукі ўжо не трымаюць, і кінуць не магу. Людзі ў аўтобусе лаюцца, штурханіна... Затое вось – святая Барбара... Святы Майсей...
        Дзяўчына падышла да скульптур і ласкава, як жывых, пагладзіла па шурпатай паверхні. Госць іранічна паківаў галавой.
        – Ты не змянілася. Памятаю, як у Шэпетаве пацягнула мяне ў старую царкву, паглядзець на труну дойліда. Аказалася, тую труну – дыхтоўную, з чорнага дрэва, так? – яшчэ падчас вайны забралі немцы, каб пахаваць свайго кончанага партызанамі генерала. А мумію дойліда пакінулі ў скляпенні... Як яго звалі, таго дойліда?
        – Адам...– ціха прамовіла Паліна, нібы баючыся легкадумным тонам пакрыўдзіць і без таго пакрыўджаны цень. – Такое імя на труне, кажуць, было напісана. А прозвішча згубілася.
        Стась белазуба ўсміхнуўся і працягваў успаміны:
        – І вось гэтага Адама, забальзамаванага, як фараон, некалькі пакаленняў мясцовых хлопцаў цягалі па вёсцы, каб палохаць дзяўчат. Во ўмелі бальзамаваць продкі! Не рассыпаўся, хоць чаго толькі жартаўнікі не выраблялі! І ты, як ненармальная, насілася па вёсцы, шукаючы бедную мумію, і вучыла вяскоўцаў маральнасці і павазе да гістарычнай спадчыны, а я ледзь абараніў цябе ад нейкага мясцовага Кінг-Конга.
        Паліна горка ўсміхнулася, нібы наяве ўбачыўшы былую прыгоду, страшны чорны твар муміі, рогат бяспамятных дурняў...
        Стась засмяяўся непрыемным бязгучным смехам і адкінуўся на спінку крэсла. Паліна з жахам заўважыла, што ў яе «мача» відочна абазначаны другі падбародак. І рукі змяніліся... Нейкія не такія пальцы, пазногці. І... блішчаць?
        Стась перахапіў яе пагляд, пакруціў у паветры дагледжаную даланю.
        – Манікюр, дзетка. Не дзівіся – там гэта норма жыцця. Адразу сам не мог прывыкнуць. Але ў нас у бюро ўсе так робяць. І ўсе ходзяць па пятніцах і аўторках з шасці да сямі ў трэнажорную залу, а кожны трэці уік-энд – пікнік, у спецыяльна выкупленым фірмай кемпінгу, усе са сваімі кошыкамі, жонкамі і безалкагольным півам... Сама пабачыш. Хочаш прыжыцца – будзь як усе. Ды не хвалюйся – там не толькі гэткі «мяшчанскі дабрабыт». Я пачаў разумець тваю страсць да мумій, можа, толькі там, калі мяне прывялі ў дом аднаго мільянера, суперпраграміста. І гаспадары як найвялікшую каштоўнасць паказвалі гасцям кавалак цаглянай сцяны ад стогадовай забудовы і счарнелую пашчапаную бэльку, прымацаваную пад столлю шыкоўнай залы. Бэлька засталася ад салуна, што калісь належаў дзеду гаспадара і згарэў, падпалены ці то індзейцамі, ці то каўбоямі. І мільянер цяпер за шалёныя грошы скупляе парэшткі ад таго салуна – нейкія памятыя жалезныя кубкі, мядзяныя місы для ўмывання, якімі карысталіся, напэўна, танныя самадайкі... Сямейны гонар!
        Стась адпіў кампары, акуратна прамакнуў вусны сурвэткай, пацягнуўся да Паліны і зноў моцна пацалаваў, нібыта сцвердзіў свае правы. Вось так, не спадзявайся, што ўсё скончыцца размовамі.
        – Дарэчы, не падумай, вядома, што я раўную, буду ў прэтэнзіі... Але многа ў цябе было мужчын за гэтыя гады, бэбі?
        Стась паблажліва паглядаў на былую жонку, нібыта ведаў адказ. Ах ты, бедненькая, пакінутая... Паліна на хвілю адчула невымоўны боль. Яна сапраўды хоча пражыць рэшту жыцця з гэтым прыгожым, дужым, самаўпэўненым эгаістам? Паліна памаўчала, потым рашуча ўзнялася, узяла з паліцы заколку, падышла да люстра і закруціла валасы ў звыклы вузел. Вось так... Цяпер можна пазнаць, вярнуць самую сябе. І ратавацца... Пакуль душа не зламалася дарэшты. Паліна павярнулася да госця.
        – Я выходжу замуж за другога. Прабач, трэба было сказаць адразу.
        – Вось як...– Стась паставіў на стол шклянку з кампары, яшчэ не ведаючы – абразіцца ці пасмяяцца. – І хто ён, калі не сакрэт?
        Цяпер іншага выйсця не было – Паліна не верыла, што ў яе хопіць сілы выстаяць перад спакусаю без дапамогі звонку, няхай віртуальнай. Стась, напэўна, заўважыў яе ваганні, бо ўпэўненая ўсмешка зноў вярнулася на яго выразна акрэсленыя вусны. Пагуляй, пагуляй, дурнічка, у незачэпу.
        Лагічней за ўсё было б назваць у якасці жаніха Сымона. Паліна ведала, што баявіты штурман абараніў бы яе ад уплыву і дзесяці Стасяў. Але сказалася чамусьці іншае:
        – Ён скульптар... Родам з Беларусі, але жыве ў Вільні. Гэтую жабку зляпіў.
        – А імя ў яго ёсць?
        – Валянцін. Валянцін Чарапавіцкі.
        – Такі ж «закручаны» на «беларускім пытанні», як і ты?
        – Такі ж.
        – І... ты яго кахаеш?
        Паліна адвярнулася да акна, за якім сыпаўся дробны летні дождж, памаўчала і ціха прамовіла – не Стасю, а дажджу і сабе.
        – Кахаю.
        І сама здзівілася – што за фантазія?
        А потым, калі Стась пайшоў і адзінота варухнулася ва ўсіх кутах, папаўзла ценямі да гаспадыні – хоць навошта ўладарыць над ценямі? – і было невыносна сумна слухаць шум дажджу і глядзець на амаль некранутыя стравы і недапітыя напоі ў шклянках, рука сама набрала нумар тэлефона. Хоць зноў жа – навошта? І далёкі голас трывожна пытаўся: «Я слухаю... Хто гэта? Паліна? Гэта вы? Што здарылася? Не маўчыце! Паліна!»
        Але адказваць таксама не было сэнсу.
        Маці, як і абяцала, вярнулася толькі раніцой. І адразу ўсё зразумела. Паліна ведала, яна ў душы радуецца – вядома, шчасце дачкі вышэй за ўсё, але застацца адной? І тым не менш пасыпаліся папрокі. Ну як можна адмаўляцца ад свайго шчасця? Іншыя шалёныя грошы плоцяць шлюбным агенцтвам, каб выскачыць хоць за якога нягеглага янкі.
        Паліна не адказвала, і маці зусім зазлавала.
        – Дурніца ўпроўная, ідэалістка, уся ў...
        Марыя Апанасаўна абарвала сябе, і Паліна зразумела чаму.
        – А дарэчы, ты ніколі не расказваеш мне пра майго бацьку. Прабач, я разумею, што, відаць, з гэтым у цябе звязаныя не самыя лепшыя ўспаміны жыцця, але я маю права ведаць! Хто б ён ні быў – гэта ж мой бацька!
        Паліна не ўпершыню заводзіла такую гаворку, атрымліваючы заўсёды ў адказ нешта гнеўнае, нібыта ў самой яе зацікаўленасці мелася крыўда для маці.
        – Паслухай, ну вось з’еду я са Стасем у Амерыку, і, можа, ніколі больш не ўдасца пра гэта пагаварыць. Твае ўнукі спытаюць у мяне пра дзеда, а я ім: не было ў вас дзеда, бэбі!
        Пагроза падзейнічала. Маці, усё яшчэ раздражнёна прыбіраючы тыя рэчы, што, на яе погляд, засталіся не на сваіх месцах пасля ўчарашняга гасцявання, нарэшце вымавіла:
        – Ты нічога пра яго, пра свайго бацьку, не ведаеш, а ён нічога – пра цябе. Так што ўсё ў раўнавазе.
        Паліна не збіралася адступацца.
        – Мама, хто ён? Хто мой бацька?
        – Татарын.
        – Што?!!
        – А ты думала – чаму ты такая чарнявая? Не палохайся – і ён, і продкі ягоныя лічацца беларусамі, праваслаўныя, з нашае шляхты. Вёска яго неяк прыгожа называлася – Вяснянка ці Весніцы... Дзесьці пад Наўем. Ну, што табе тлумачыць – сама гісторык. Ведаеш, калі радавітыя татары на Беларусі пасяліліся – яшчэ падчас Грунвальда. І з твару ён – беласкуры, як ты... Толькі вочы і валасы чорныя, як вугаль, ды прозвішча – Рагманаў. А Татарынам мы яго празвалі ў інстытуце – за шалёны характар.
        – Дык вы разам вучыліся? – здзівілася Паліна.
        – Вучыліся...– уздыхнула маці. – Ён – на рэжысуры. Я – на акцёрскім. Але ж кажу – Татарын... Час які быў, а ён для курсавой працы выкапаў п’есу нейкага заходнебеларускага пісьменніка, ворага народа. І часопіс самаробны яны ў пакоі рабілі ўчацвярых... Зразумела, што з чацвярых хоць адзін стукач быў. Ну і пагналі яго з воўчым білетам... Ды каб толькі гэта! Ён яшчэ і поўху замдэкана адвесіў. А той – з органаў, усе ведалі... Карацей, столькі стацей на Татарына навешалі... Добра, не ў лагеры – але на прымусовае пасяленне ледзь не ў тундру.
        – А ты?
        – А што я? – Маці раздражнёна глядзела ў акно, нібыта дождж, які сыпаўся за шыбай, быў у нечым вінаваты. – Я была сакратаром камсамольскай арганізацыі інстытута. Марыла пра вялікую сцэну... Ты думаеш, я збіралася працаваць касцюмеркай? Гэта ж блізкае знаёмства з тваім татачкам перакрэсліла мой шлях. Таксама ледзь з інстытута не адлічылі... Ну а потым з’явілася ты, і, вядома, добразычліўцы паведамілі куды трэба, ад каго ў мяне дзіця. Але мне было ўсё роўна – ты маё адзінае шчасце.
        – І бацька ніколі не аб’яўляўся?
        – Ну чаму ж... Пісаў, прасіўся... Але я адразу яго адпрэчыла. Прапашчы чалавек. Давялося яшчэ і на камсамольскіх сходах каяцца, выкрываць антысаветчыка. Ну што ты так на мяне глядзіш? Кажу – час быў такі!
        Паліна абхапіла галаву рукамі, паўтараючы, каб прывыкнуць да гучання:
        – Рагманаў... Генадзь Рагманаў... Спадзяюся, імя па бацьку я праўдзівае маю?
        Маці рэзка спынілася перад дзвярыма на кухню.
        – Ты – Ведрыч! Паліна Ведрыч! І не ўздумай нешта ці некага расшукваць! Усё, што было, быллём парасло. Пачнеш шукаць яго – ты мне не дачка!
        Паліна сядзела над картай... Вось ён, Наўеўскі раён, ёсць у ім вёска пад назвай Вясенняя, відаць, перайменаванне. Яшчэ добра, што не чарговая Сірэневая або Акцябрская. Ёсць Весялова, а вось – Весніцы... На рацэ з вясёлай назвай Лялёўка. Трэба ж, зусім недалёка ад Гарнушак. Выходзіць, яе, Паліны, продкі былі землякамі Ра-шчынскіх? Цікава... Паліна ўзялася за свае папкі. Жылі Рагманавы ў Весніцах... Вось нейкі Марк Рагманаў, васемнаццаці гадоў, дваранін – у спісе павешаных у 1863 годзе.
        Як многа значыць у жыцці выпадак! Паліна кінула позірк на паперку – ксеракопію прашэння Кастуся Каліноўскага віленскаму генерал-губернатару Назімаву:
        «Окончив курс наук в императорском С.-Петербургском университете со степенью Кандидата и желая поступить на службу, имею честь покорнейше просить Ваше высокопревосходительство доставить мне возможность служить под просвещенным начальством Вашего высокопревосходительства».
        Цалкам добрапрыстойная, сціплая просьба... Але яна не была задаволеная. Юнакоў мясцовага паходжання, якім удалося атрымаць адукацыю, на пасады дапускалі неахвотна – перавага аддавалася прыезджым з Расіі. На гэта мелася адпаведнае распараджэнне. А калі б здольнага, але немаёмаснага маладога чалавека ўзялі на працу, далі добрую пасаду? Паліна задумалася. Наўрад гэта адпрэчыла б яго ад паўстання. Нават Гейштар, правадыр «белых», што не дужа любіў Каліноўскага, піша пра яго: «Гэта была натура гарачлівая, але сумленная, без малейшай крывадушнасці».
        Вінцэсь Рашчынскі не быў надта блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага, хоць, вядома, не мог з ім не сустракацца. І яе, Паліны, продкі маглі з імі абодвума бачыцца.
        Паліна пачувалася вінаватай – нібыта парушыла нейкія абавязкі перад даўно памерлым філосафам сваёй сустрэчай са Стасем. Нова-спечаны амерыканец так і не паверыў, што страціў уладу над сціплай чарнавокай дзяўчынай. Значыць, адчуў, што ўлада яшчэ ёсць.
        Паліна нават ціхенька ўсплакнула... І зачэрпнула поўную лыжку шыпшынавага варэння са слоіка, перададзенага Сымонам. Салодкае супакойвае кабету лепш за валяр’янку. Выйсці замуж за бравага штурмана, хадзіць з ім у вандроўкі...
        У дзверы пазванілі, так што Паліна ледзь не ўтапіла лыжку ў слоіку. Маці павінна быць яшчэ ў тэатры...
        На лесвічнай пляцоўцы стаяў Валянцін, зноў без парасона і зноў мокры, як пацук. І да таго ж – страшэнна ўстрывожаны.
        – Што здарылася? Гэта ж вы мне тэлефанавалі, праўда? Усё з-за нашага дурнога расследавання...
        – Нічога не здарылася, супакойцеся. Дождж пайшоў, лета канчаецца, вось і ўсё. Ну, але ж праходзьце.
        Валянцін зняў мокрую наскрозь куртку і застаўся ў чорным швэдары. Нібыта яшчэ больш схуднеў – вунь як швэдар на ім вісіць, як на вешалцы. Дрэнна кормяць, ці што?
        Паліна змрочна глядзела на чалавека, у каханні да якога зусім нядаўна прызналася былому мужу. І што цяпер рабіць? Сэрца ўсха-дзілася, ледзь не выскоквае. Вядома, толькі ад таго, што няёмка перад самой сабой. Не хапала яшчэ, каб гэты няўклюда нешта западозрыў. І ўвогуле – як ён пакінуў сваю светлакосую гераіню?
        Валянцін таропка патлумачыў:
        – Я, на жаль, без дазволу... Таму ненадоўга. Але... проста не мог не прыехаць. Ведаеце, мне ўсё трывожней робіцца. Дарэмна мы турбуем мінулае. Яно мае ўласцівасць ажываць і ўмешвацца ў нашае жыццё.
        Паліна адвярнулася да акна. Зноў збіраецца адгаворваць... Валянцін, відаць, зразумеў, што на яго пачалі гневацца, і пачаў нешта цяжкое даставаць з сумкі, зашаргатаў цыратай, у якую тое нешта было загорнутае... Паліна зацікаўлена азірнулася.
        Госць паставіў на стол бюст з гліны. Разумны спакутаваны твар, горкія складкі ля вуснаў... Вінцэсь Рашчынскі!
        – Гэта толькі эскіз, – вінавата патлумачыў Валянцін. – Я думаю, у Гарнушках варта зрабіць добры помнік.
        Паліна захоплена кранула рукой скульптуру.
        – І вы хацелі сысці з мастацтва! Ведаеце, самаедства ўвогуле ўласціва беларусам. Але не да такой жа ступені!
        – Вам падабаецца? – Валянцін расцвіў усмешкай, і яго няпра-вільныя рысы раптам нібыта асвяціліся знутры.
        Паліна нават трохі спалохалася, што зараз ён скажа ці зробіць нешта такое, пасля чаго ўжо не будзе ранейшай нязмушанасці ў адносінах. А яна ж, Паліна, насамрэч нічога сур’ёзнага да яго не мае! Так, хіба пацешыць самалюбства чужой закаханасцю. Але Валянцін згасіў усмешку і апусціў вочы.
        – Што ж, я рады, што вам спадабалася. Няхай гэты варыянт застанецца ў вас. І я быў бы яшчэ больш рады, каб гэта была апошняя кропка ў вашых росшуках.
        – Не дачакаецеся! – пераможна ўсміхнулася Паліна. – У пятніцу я еду ў Гарнушкі – шукаць чацвёртую жабку, нават стэлефанавалася з дырэктарам мясцовай школы. Ён прысланы нядаўна, нічога не ведае пра гарнушкаўскія забабоны, але цікавіцца краязнаўствам і паабяцаў, што ўладкуе мяне на кватэру.
        – Вы не можаце ехаць адна! – захваляваўся Валянцін. – У жыцці не сустракаў такой зацятай дзяўчыны. Няўжо вам так важна знайсці гэтую няшчасную жабку?
        – Важней за ўсё на свеце! – з выклікам прамовіла Паліна. – Ды вы сядайце... – схамянулася. Наконт таго, каб быць добрай гаспадыняй, ужо не цешыла сябе. Але ж трэба сумленне мець – госць пасля доўгай дарогі, прамоклы, з-за яе ж, дурніцы, трывожыцца...
        Валянцін асцярожна апусціўся на крэсла, нібыта яно было антыкварнай каштоўнасцю, а не вырабам фабрыкі «Гомельдрэў». Але замест пачастунку, як праўдзівая эмансіпэ, Паліна пляснула на стол тэчку з паперамі.
        – Вось, глядзіце. Рашчынскі з’ехаў за мяжу пасля таго, як пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага, – гэта, фактычна, азначала, што паўстанне задушанае. Маёмасць яго секвестравана – пад арыштам, ён нічога асабліва каштоўнага не мог з сабой узяць. Жыве ў Парыжы ў нейкім катуху, як жабрак. А падчас франка-прускай вайны на ўласныя грошы ўзбройвае найноўшай мадэллю ружжаў сістэмы Шатона роту жаўнераў. Урад нацыянальнай абароны нават выказаў яму падзяку. А потым, калі пачалася рэвалюцыя, Рашчынскі купляе зброю атраду паўстанцаў. Яму пашанцавала, што падчас абароны Парыжа ад немцаў быў цяжка паранены, – бо няйначай узяў бы ўдзел у Камуне і, хутчэй за ўсё, загінуў бы. І ўвогуле, яго ў колах парыжскага паўсвету – ён любіў знацца з мастакамі і пісьменнікамі, з багемай, карацей, – звалі не інакш як літоўскі Монтэ-Крыста, лічылі дзіваком і аскетам. Хоць жыў да канца жыцця вельмі сціпла, толькі на невялікі заробак ад прыватных урокаў ды публічных лекцый, не надта папулярных. І пасля, у 1893-м, калі Рашчынскаму дазволілі вярнуцца, – маёнтак разрабаваны, заняпалы, яго выкарыстоўвалі для размяшчэння вайсковага гарнізона, – адкуль грошы на шыкоўнае надмагілле? На новую двухпавярховую бальніцу для сялянаў? А пасля раптоўнай смерці ў 1894-м – аніякіх размоў пра багатую спадчыну. Маёнтак канчаткова разбураецца, бальніцу ніхто не дабудоўвае, а надмагілле пачынаюць разбіваць. І паколькі ў ім было зашыфраванае нейкае пасланне, можна здагадацца, што нехта не хацеў, каб яно дайшло да нашчадкаў.
        – Можа, і цяпер нехта гэтага не хоча? – ціха прагаварыў Валянцін.
        – Хто, несмяротныя захавальнікі скарбу? – пасміхнулася Паліна. – І далей. Я даведалася пра Станіслава Людвісара, у лісце якога быў малюнак надмагілля. Сын магната, удзельнічаў у паўстанні. Нават быў пад судом – але апраўданы за нядоказнасцю віны і як недзеяздольны. Пасля вызвалення зусім звар’яцеў, жыў у бацькавым палацы. Нашчадкаў не пакінуў. А з Вінцэсем Рашчынскім перапісваўся! Шкада, адзіны ацалелы ліст кудысьці знік з архіва. Затое ў другім лісце, да сваёй сястры ў Жэневу, Людвісар паведамляе пра смерць Вінцэся Рашчынскага і піша: «Няхай цяпер сумленне ягонае супакоіцца і смерць ягоная распарадзіцца тым, чым не ўдалося распарадзіцца жыццю. Хаця – не асуджай мяне моцна – мне шкада не толькі нябожчыка, але і таго сена, пры якім ён стаўся сабакам». Не, усё вырашана. Я еду ў Гарнушкі. Да таго ж хачу заехаць у суседнюю вёску, Весніцы. Ведаеце такую?
        Засмучоны Валянцін моўчкі кіўнуў галавою.
        – А такое прозвішча – Рагманавы – чулі? – дрыготкім голасам запыталася Паліна.
        – Рагманавы? – задумаўся Валянцін. – Не, не чуў. А што?
        – Ды так, нічога...
        Валянцін сіратліва сядзеў на крэсле, схаваўшы рукі ў задоўгіх рукавах швэдара, нібыта яму было вельмі холадна, мокрыя валасы звісалі жаласнымі пасмамі... А трэба было б прапанаваць госцю гарачай гарбаты! Паліна ўзнялася, не тое каб надта ахвотна... Але ейныя добрыя намеры парушыў званок у дзверы. Адзін, другі, трэці... Хто гэта так настойліва просіцца ў госці?
         Дзіна была ў кароткім белым плашчы з перламутравым бляскам – быццам перліна ў ракавінцы. І лёгкія летнія боцікі на высачэзных абцасах – белыя і бліскуча-чысценькія, відаць, гаспадыня прыехала на машыне. А вочы – зненавідныя.
        – Валянцін у цябе?
        – Так...– Паліна разгубілася, быццам яе заспелі на нейкім ганебным учынку, нават у чырвань кінула.
        Дзіна хуткім крокам, ледзь не зачапіўшы гаспадыню, прайшла ў залу, дзе з крэсла падымаўся ёй насустрач таксама збянтэжаны Валянцін.
        – Паехалі дадому.
        Гэтак спакойна сказала, упэўнена, без ценю сумніву.
        Паліна не любіла, калі ў кагосьці няма ні ценю сумніву. Відаць, Валянцін таксама. Ён выпрастаўся ва ўвесь свой немаленькі рост і азваўся:
        – Ну навошта было турбавацца? Прабач, што не дачакаўся, каб папярэдзіць асабіста, – але ж я пакінуў ліст.
        – Так, дзякуй хоць за гэта...– Спакой патроху здраджваў «уладальніцы». – Але было б сумленней, каб ты найперш думаў не пра старонніх кабет, а пра тую, што дзеля цябе рызыкуе жыццём... Пра нас з табой дваіх, урэшце! – Дзіна гнеўна павярнулася да Паліны. – У нас з Валянцінам сапраўды асаблівыя адносіны, каб вы ведалі.
        – Дзіна, не трэба! – Валянцін зноў збялеў, як ад болю. – Я заўсёды памятаю пра тое, што ты для мяне зрабіла, і ніколі цябе не пакіну. Але ад таго, што я ад’ехаўся на некалькі гадзінаў, ты і твая фірма нічога не страцілі.
        – «Ніколі цябе не пакіну!» – Дзіна патроху раз’юшвалася. –Хіба толькі таго мне трэба, каб ты сядзеў цэлымі днямі ў майстэрні, ляпіў, маўчаў і, самае большае, паглядаў з пачуццём глыбокай удзячнасці, як Граждан на партыю?
        Валянцін упарта сціснуў сківіцы.
        – Я сумленна выконваю нашую дамову.
        – І бегаеш за іншымі спадніцамі?
        Валянцін кінуў хуткі позірк на Паліну, што зусім забілася ад няёмкасці ў кут, загрувашчаны стосамі кніг, не ведаючы, ці не выйсці з пакоя падчас сямейнай сцэны. Але Дзіна не збіралася адкладаць высвятленне адносін на потым, і скульптар ціха прагаварыў:
        – Наша дамова не тычылася... інтымных спраў. Дзіна, ты цудоўная дзяўчына, я ведаю, што не варты цябе. Ты будзеш шчаслівай з іншым. Я выканаю ўсё, што ты скажаш, жыццё аддам, калі па-просіш, – яно і так тваё. Але зразумей – ніхто не ўладны над сваімі пачуццямі. Я абразіў бы цябе, калі б пачаў прыкідвацца закаханым... Я разумею, што страшэнна вінаваты... Мы тры гады былі разам...
        – Ты проста дурань! –- пагардліва кінула Дзіна. – У кожным сямейным жыцці ёсць перыяды, калі двое стамляюцца адно ад аднаго. А ты ўжо ўявіў сабе нешта.
        – Мы нежанатыя, – вінавата нагадаў Валянцін.
        – Але ж збіраліся пажаніцца! – амаль крыкнула Дзіна. Яе твар так страшна перакрывіўся, нібыта ў яе адбіралася апошняя надзея. – Ты што, перадумаў?
        Валянцін моўчкі стаяў, апусціўшы галаву. Пасля з цяжкасцю прагаварыў:
        – Прабач...
        Віленская гандлярка сціснула кулакі і кіўнула ў бок Паліны:
        – Гэта з-за яе? Можаш не адказваць, ведаю. Чыстыя пачуцці, рамантычнае каханне. А гэтая дамачка раскашэліцца дзеля цябе на пятнаццаць тысяч баксаў?
        Валянцін разгублена перапытаў:
        – Чаму пятнаццаць? Мы ж столькі ўжо выплацілі...
        – А лічыльнік накруціў! – з’едліва патлумачыла Дзіна. – Будзеце яго выкупляць? – гэта – на адрас Паліны.
        Тая перарывістым ці ад хвалявання, ці ад абурэння голасам прагаварыла, адчуваючы сябе здрадніцай:
        – Я на вашага сябра не прэтэндую.
        – Ну вось! – пераможна падрахункавала Дзіна. – Нікому ты, Валік, акрамя мяне не патрэбны. Паехалі дадому. На мяжы якраз чаргі няма, і мытнік знаёмы. У восем будзем на Жыгімонтаса. Купім пляшку шампанскага, а хочаш – піва...
        Валянцін упарта глядзеў на сваю «ўладальніцу».
        – Я буду працаваць на цябе дзень і ноч. І калі выплаціцца доўг – таксама. Але не магу падманваць цябе ў асабістым. Няхай нашы стасункі застануцца сяброўскімі.
        Дзіна памаўчала, узважваючы наступныя словы:
        – Паслухай, тваёй даме патрэбная чацвёртая жабка?
        Паліна ўсхапілася:
        – Вы ведаеце, дзе яе знайсці?
        Але Дзіна размаўляла толькі з Валянцінам:
        – Ты – чалавек слова. Я магу здабыць жабку ў абмен на тваё слова гонару – паабяцай, што пасля таго, як скончым росшукі скарбу, ніколі больш не сустрэнешся з гэтай паненкай, не станеш ёй ні пісаць, ні тэлефанаваць. Я нават не прашу, каб ты са мною жаніўся – бо і так ведаю: выкінеш блазноту з галавы, нашы пачуцці вернуцца. – І павярнулася да Паліны: – Хочаш атрымаць чацвёртую жабку?
        Паліна няўпэўнена зірнула на скульптара. Гэтак ламаць чалавека... Ці мае яна права? Але разгадка таямніцы!.. Ніколі не бачыцца... Сэрца раптам сціснуў боль. Запярэчыць? Падаць няўклюдзе надзею? Але ж Дзіна дзеля свайго скульптара жыццём рызыкуе! Ён усё роўна звязаны, прыкуты да сваёй «уладальніцы»!
        Ваганні вырашыў Валянцін, цвёрда прамовіўшы:
        – Паліна хоча мець чацвёртую скульптуру. Я ведаю, што для яе гэта вельмі важна.
        Твар Дзіны прасвятлеў, яна зноў набыла ранейшую ўпэўненасць, як пасля ўдалага гешэфту.
        – Значыць, дамовіліся. У суботу прывязу жабку, і ўсе разам, як тады, рушым у Гарнушкі. Знойдзем тое, што шукаем, падзелім па справядлівасці, і – бывайце.
        Валянцін нават не зірнуў на развітанне на Паліну. Так і пайшоў з каменным тварам, як палонны. А Дзіна яшчэ весела кіўнула няўдалай суперніцы:
        – Віншую, выгадная здзелка!
        Паліна зачыніла дзверы за нечаканымі гасцямі. На душы было пагана. Прадала чалавека дзеля сваіх інтарэсаў. Прамаўчала... Вядома, так ці іначай – нічога добрага не выйшла б. Пятнаццаць тысяч... Цікава, Дзіна відавочна не бедная. Тое, што гандлявала на Казюкасе, – дык для тамтэйшых гэта ўсё роўна як для нас на Купалле праз вогнішча скакаць. Далучэнне да старадаўняга свята. Джып, фірма, кватэра... Чаму б не прадаць, абы пазбавіцца раз і назаўсёды небяспекі? Паліна папракнула сябе за нядобрыя думкі.
        Дзяўчына разгублена абвяла вачыма сваё жытло. Колькі можна было б за яго выручыць? Ніколі пра гэта не думалася. Ды анічога – кватэра непрыватызаваная. Што Паліна магла б прадаць? Чым валодае? Некалькі срэбных пярсцёнкаў, гара кніг ды відэаплэер «Соні», у якім час ад часу заядае кнопка. Ага, яшчэ карціны... Вось тая, з паляўнічым нацюрмортам, падабраная ледзь не на сметніку, даляраў за сто пайшла б цяпер, далібог.
        Паліна заўсёды пагарджала грашыма. Навошта іх шмат? Ці ў цябе памер страўніка павялічыцца адпаведна памеру зберажэнняў? Чым асабліва адрозніваюцца туфлі ад Гучы ад туфляў вытворчасці фабрыкі «Прамень»? Ты ў фірмовых перастанеш спатыкацца і хадзіць не туды, куды трэба?
        А цяпер Паліна адчувала сябе прыніжанай і бездапаможнай. Нават калі збыць усё да апошняга швэдара – ці назбіраецца хоць тысяча «зялёных»? Не, яна не змагла б падарыць волю Валянціну. А з дапамогай жабкі – раптам знойдзецца сапраўдны скарб? Залаты леў? Тады і Валянцін вызваліцца! Праўда, не ад слова гонару – з горыччу нагадала сабе дзяўчына. Расстанне назаўсёды... Ды яшчэ – з якімі ўражаннямі? Прадала няспраўджанае каханне...
        На стале апынуліся побач літровы слоік з шыпшынавым варэннем ад Сымона і бюст Рашчынскага, злеплены Валянцінам. Цікавая інсталяцыя! Паліна прынесла з лядоўні Стасеву тэкілу – шыкоўная выгінастая бутэлька з залатымі налепкамі, і таксама паставіла на стол. Тры падарункі для прынцэсы... Чый лепшы? З кім быць прынцэсе?
        І раптам адчайна заплакала, не збіраючыся сама сабе тлумачыць – чаму.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.