|
8 Прах аддаецца праху... Чаму ад гэтага так баліць жывым? Вінцэсь глядзеў праз акно кабінета на касцёл, падобны да старога воя ў медных латах, – там бацька два тыдні як сустрэўся з продкамі. У адным з прыдзелаў храма магільны склеп роду Рашчынскіх. Заслужылі калісьці – грашыма ці дабрадзейным жыццём? Хто скажа праўду... Туды ляжа і ён, Вінцэсь. І, можа быць, не так доўга давядзецца чакаць яго памерлым сваякам. – Ласка Пана Бога з ім, – суцяшальна прагаварыў Юзаф, здагадаўшыся, пра што думае сябра. – Ты не саромся слёз – паплач. У нашым асяродку прынята, што мужчынам плакаць ганебна, шкадаванне – прыніжае. І любое гора належыць сустракаць з каменным тварам... Сэрцы ж у нас не каменныя, Вінцэсь! Калі падчас пакаяння ці малітвы ў чалавека няма слёз, значыць, не спаслаў яму Гасподзь і раскаяння ці замілавання. Не саромся пачуццяў, дружа. Вінцэсь з удзячнасцю зірнуў на Юзафа. Той, як толькі даведаўся пра бяду сябра, – выпрасіў адпачынак у сваім гарнізоне і прыехаў. Рахманы, худзенькі, з вялізнымі наіўнымі вачыма. З абліччам так не стасаваўся ваенны мундзір, у які Юзаф быў апрануты. Стрыечныя браты, Юзаф і Вінцэсь, пасябравалі, яшчэ калі вучыліся ў Шляхецкім інстытуце, дырэктарам якога быў бацька Юзафа, пан Андрэй Каліноўскі. Колькі разам блукалі па старых звілістых вулках, уздымаліся на вежу Гедыміна... Прыхіналіся да калонаў у касцёле святога Пятра, каб пачуць цурчэнне падземных крыніц і галасы-скаргі пахаваных у сутарэннях каралёў – і сапраўды чулі! Здавалася б, Юзаф больш схільны да развагаў пра сэнс быцця, але філосафам зрабіўся Вінцэсь, а яго сябар скончыў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію, паспеў папрацаваць на будаўніцтве чыгункі. Ды родныя мясціны цягнулі – і ён знайшоў пасаду ў Берасцейскай крэпасці. Што ж, свае людзі патрэбныя паўсюль. На кожнай пасадзе можна служыць свайму народу... І рыхтаваць паўстанне. Зыгмунт Серакоўскі, кіраўнік іх гуртка, – капітан расейскага генеральнага штаба. Людвік Звяждоўскі таксама працуе ў штабе і нават вучыць дачок генерал-губернатара Назімава польскай мове. Дзюлеран, якога Вінцэсь ведаў нашмат менш, – начальнік Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Толькі ад Вінцэся мала карысці. Ну, мае сувязі са жменькай «лясных братоў». Пасля прызначанай ля крыжа сустрэчы Вінцэсь бачыўся з Ваўкалакам шматкроць – дапамагаў Брацтву, як калісьці бацька. Зброяй, ежай, калі-нікалі прытулкам. Мартын безаглядна давяраў сыну старога сябра, і Вінцэсь не мог не захапляцца лясным правадыром, яго самаахвярнай і адкрытай натурай. Між імі ўзнікала ўсё больш шчырых гаворак, Вінцэсь бачыў, што Мартын усёй душой прыхінуўся да яго... І так было брыдка, што не мог быць шчырым да канца сам – з-за Вальжыны.... З-за таго, што не мог адмовіцца ад надзеі – каб яна сказала яму, Вінцэсю, словы, падобныя да падслуханых у салаўіным садзе. Так, «лясныя браты» будуць біцца страшна, як скандынаўскія берсеркеры, і вартыя тысячы вояў. Але яны далучацца да бойкі і без ягонага пасрэдніцтва. А хто пойдзе за ім, Вінцэсем, з ягоных сялянаў? Тыя, хто плакаў над магілай бацькі? Іх было нямала – пан Антось недарэмна пражыў сваё жыццё. Рабы шчыра плачуць і па смерці тырана – чалавек, ратуючы сябе ад невыноснага штодзённага страху, пачынае шчыра любіць ката і бачыць справядлівасць у ягоных здзеках. Але пан Антось не хацеў, каб яго баяліся. Так, на пару дзесяткаў чалавек Вінцэсь можа разлічваць. Але іншых, тых, для каго пан – нават не вораг, а істота іншае пароды, большасць... Вінцэсь апусціўся ў фатэль, у якім любіў апошнія дні сядзець пан Антось, – нібыта зліўся з ценем памерлага. Цяпер Вінцэсь упэўнены, што падобны да бацькі. Такія ж светлыя валасы, хударлявае аблічча, прамыя бровы сыходзяцца на пераноссі... Толькі вочы ў пана Антося былі сталёвага колеру, а ў яго – сінія... Ён не будзе помсціць – ён даў слова. Але як забыць?.. – Бацька хацеў, каб Гарнушкі сталі востравам вольнасці і заможнасці для сялянаў, – горка прагаварыў Вінцэсь. – А ты ведаеш, як старажытнагрэцкі філосаф Кратэт Афінскі назваў прыдуманы ім востраў, на якім усе сябруюць, філасофствуюць і ядуць часнык? Востраў Кайстра. Жабрацкая торба. Шчасце магчымае толькі там, дзе няма чаго дзяліць – адно на ўсіх неба, адна зямля, адно мора... – Але Бог паставіў адных над другімі, – запярэчыў Юзаф. –Усе роўныя ў яго вачах, але кожны служыць яму па-свойму. Мой цёзка па прозвішчы, Кастусь, занадта захоплены праблемай улады і маёмасці. Нельга, каб усё скончылася поўнымі страўнікамі. Даць зямлю тым, хто яе ўрабляе. Але найперш – будаваць школы! І вучыць неаддзельна ад хрысціянства. Адукаваны чалавек без рэлігіі больш небяспечны для грамадства, чым барбар. Гэта воля, якая перарасце ў рабства яшчэ горшае! – З барбараў зрабілі пачвар гісторыкі. – Вінцэсь нават знайшоў у сабе сілы ўсміхнуцца, бо Юзаф заўсёды смешна гарачыўся, калі гаворка тычылася падобных матэрый. – Рымляне адбіралі іх волю, замянялі іх культуру сваёй, нібыта літасць давалі... Народ, здольны жыць, гэтага не даруе. І ўвогуле... Народы здаюцца мне жывымі істотамі. Разумееш – кожны з іх нараджаецца, праходзіць пару дзяцінства. Пасля – юнацтва, сталасць. Потым – старэе... І – памірае, знікае. Нават калі захоўваецца яго назва – гэта ўжо іншы народ, кроў змяшана з крывёй іншых, больш маладых. Паглядзі на італьянцаў – хіба гэта тыя старажытныя рымляне, уладальнікі ўсёмагутнай імперыі? Ці кожны з іх зразумее старажытную латынь? А грэкі – нашчадкі Аляксандра Македонскага? Памятаеш, мы чыталі ў інстытуце апісанне афінскіх матрон – яны былі беласкурыя, ружовашчокія, з залацістымі, трохі рудаватымі валасамі... – Не вельмі доказна, – запярэчыў Юзаф. – І тады сярод грэкаў напэўна былі чарнявыя. І мовы ўсе мяняюцца з часам. Вінцэсь упарта пакруціў галавою. – Нам толькі здаецца, што наш час – самы важны. І што заўсёды існавалі толькі тыя дзяржавы і нацыі, якія мы ведаем. У хетаў яшчэ да таго, як егіпцяне пабудавалі піраміды, быў водаправод і каналізацыя... А цяпер ад іхніх гарадоў не засталося нічога – толькі камяні ў пустэльні, праходзячы паўз якія, вандроўны купец нават не падумае, што гэта – рэшткі велічнага палаца або крапасной вежы. – На тым пабудавана хрыціянская мараль, – паціснуў плячыма Юзаф. – Усё зямное, матэрыяльнае – пыл. І ў пыл вернецца. Вечная – душа. – Але і ў народа ёсць душа! – ледзь не пракрычаў Вінцэсь. – Калі народ юны, ён асвойвае новыя землі, рассяляецца, памнажаецца. Дужаецца і адваёўвае сваё месца на зямлі. У сталасці – будуе гарады і стварае імперыі. – А калі састарэе? – зацікавіўся Юзаф. – А старасць – гэта філасофія і мастацтва... Не такія, як раней. Мастацтва народа, які перажывае свой заняпад, заўсёды можна адрозніць – асаблівы бляск, вычварныя формы. Як фрэскі ў лабірынтах Крыта, намаляваныя перад тым, як востраў быў захоплены. Старасць этнасу... Мноства філасофскіх плыняў, мноства жанраў і відаў творчасці і мала геніяў. Калі народ малады – у яго пераважае адна філасофія і ўсё мастацтва мае адны, характэрныя, рысы. І вайскаводца яшчэ важнейшы за акцёра. – Народы ўзнікаюць і гінуць па волі Божай, – дакорліва заўважыў Юзаф. – Не буду спрачацца, – аднымі вуснамі ўсміхнуўся Вінцэсь. – Я пра іншае... Які наш народ? Ён зусім юны? Можа быць, яшчэ дзіця, якое не ўсведамляе сябе, і пакорліва слухаецца іншых, і не запомніў нават сваё імя? А можа, старэча, які саслаб у шматлікіх бойках? У такім разе, дзе быў наш росквіт? У часы Скарыны і Буднага? Пакуль мы жылі па Статуце, напісаным нашай мовай? Прафесар Шымкевіч знаходзіў у беларускай мове шмат індаеўрапейскіх слоў... Дрыгва, азярод... Можа, нашы продкі прыйшлі ў гэтыя балаты і пушчы з Егіпта ці Міжземнамор’я, каб уратаваць рэшткі былога магутнага племя? І мы ўсе носім у сабе памяць пра былую веліч і стому ад страшэннай паразы і выгнання? – Твае пытанні застануцца без адказу, – ціха прагаварыў Юзаф. – Але мы – маладыя, – зазначыў Вінцэсь, на імгненне скінуўшы журбу. – Мы – маладосць, жыццё свайго народа. Ты сказаў слушна – кожны мусіць служыць. Нават калі ты – не найлепшы служка. Я дастану зброю, пра якую просіць Кастусь. Думаю, сотню штуцэраў можна без асаблівых падазрэнняў набыць у розных крамах... Заўтра ж і займуся. Гадзіннік на каміне гучна прабіў поўдзень, і з акенца над цыферблатам высунулася невялічкая пляцоўка – цяпер на ёй было аж дванаццаць фігурак з мезенец ростам. Пасярэдзіне – Смерць з касой, яна смешна нахілялася ў розныя бакі пры кожным удары маятніка. А вакол, узяўшыся за рукі, тузаліся ў недарэчным танцы Кароль, Блазан, Жабрак, Дама, Рыцар, Селянін, Купец, Святар ды іншыя асобы. Іх драўляныя твары былі цёмныя, аднолькавыя, нібыта ўжо забраныя Смерцю... І лісты на дрэвах за акном ужо афарбавала іх залатая смерць – восень. Толькі неба стала яшчэ больш сінім, глыбокім. Як вір... З апошнім ударам гадзінніка пачуўся далёкі крык: – Пан Вінцэ-эсь! Па дарозе ад Маскалёвага лесу імчаў вершнік. Цёмныя, як воранава крыло, валасы, белая кашуля расхінутая на грудзях... Няўжо Марка Рагманаў? Брат Вальжыны выглядаў вельмі заклапочана, але не мог здушыць таемнага хлапечага задавальнення ад удзелу ў значнай падзеі, нават калі ў гэтым шмат няшчасця. Бач, як вочы блішчаць... Марка кінуў запытальны позірк у бок Юзафа. – Можаш гаварыць пры ім усё, – запэўніў Вінцэсь. – Гэта мой сябра. – Ваўкалака схапілі, – выпаліў Марка. – Людзі палкоўніка Варанецкага... Непадалёк ад нашага дома, там, дзе бэзавыя зарасці. Падстрэлілі ў нагу... Ён нічога не мог зрабіць. Павезлі на калёсах у мястэчка. І бацьку забралі – пакуль як сведку. Вальжына ў горы... Сказала – да вас ехаць... Сапраўды гора... Вінцэсь глядзеў у вочы юнака, гэткія ж вялікія, чорныя, як і ў сястры... Што мусіць адчуваць Вальжына? Ведаючы яе, Вінцэсь не сумняваўся, што дзяўчына абвінаваціць ва ўсім сябе. Мартын-Ваўкалак, безумоўна, прыходзіў, каб пабачыцца з ёю, а іх спатканні, відаць, ужо нехта звіжаваў. Але вось дзіўна – Вінцэсь не мог уявіць, што Ваўкалак здаўся жывым. Паранілі ў нагу... Гэта не магло б перашкодзіць адстрэльвацца. Мартын ніколі не хадзіў без зброі. І – Вінцэсь дакладна ведаў – апошні набой бярог для сябе. І куля была срэбная, самаробная, пазначаная крыжам, з трох, што калісьці зрабіў Вінцэсь, каб упаляваць ваўкалака. Гумар вісельніка, якога апошні Рашчынскі не ўхваляў, аднак Мартын смяяўся і паўтараў, што загіне не як шараговы няўдачнік, а як сапраўдны сын ночы. – Трэба сабраць людзей і напасці на пастарунак! – для Марка ўсё было зразумелым, як для маладога харта на першым паляванні. – Адумайцеся! – захваляваўся Юзаф. – Гэта рокаш... Паўстанне... Усё роўна што выстраліць у бочку з порахам. Мы не гатовыя ісці супраць войскаў! Заўчасны пачатак – пагібель. Вінцэсь задумліва круціў у руках узятую з каміннае паліцы вазачку-жабку, зеленаватую, нібы вада ў ручаіне пасля летняй залевы. Тонкі пасак – шнар на шкле, месца склейвання. Ён ніколі не знікне, як не знікаюць шнары на сэрцы. Хлопец нібыта зноў чуў аднойчы падслуханы гарачы шэпт: «Я кахаю вас... Я ніколі не буду з іншым...» Што ж, калі не можаш даць шчасце дзяўчыне ў выглядзе сваёй каштоўнай асобы, – май гонар не рабіць яе няшчаснай, адбіраючы надзею быць шчаслівай з іншым. Ад уладаў Мартыну літасці чакаць не выпадае ніяк – не больш, чым зацкаванаму ваўку ад паляўнічых. Але пра гэта Вінцэсь падумае пасля. А вось бацьку Вальжыны і Марка належыць ратаваць неадкладна. – Трэба звярнуцца да Станіслава, – прапанаваў-сцвердзіў Юзаф, і карункавы цень ад яблыневай галінкі, што гайдалася проста перад шыбай, варухнуўся на сцяне, нібыта бязгучна паліўся залаты дождж... – Я паеду да Людвісараў сам, – змрочна зазначыў Вінцэсь. – Вядома, гэта непрыстойна – ездзіць па гасцях падчас жалобы. Але затое мне не давядзецца думаць пра касцюм для візіту. – Да Людвісараў?!! – ледзь не падскочыў Марка. – Вы звар’яцелі, панове? Да гэтых магнатаў! Вы б яшчэ да самога рускага гасудара на прыём папрасіліся! – Ты проста не ведаеш...– няўважна патлумачыў Вінцэсь, ужо гатовы сыходзіць. – Стась Людвісар – мой аднакурснік па універсітэце... І... наш таварыш. Апошнія словы Вінцэсь вымавіў з некаторым намаганнем. Ён усё яшчэ не вырашыў для сябе, якой ступені даверу заслугоўвае Стась. Калі першы раз убачыў яго ў дартуары універсітэта, унутрана ўсміхнуўся, як і на адрас усіх «белападшэўнікаў»: прышчавы спешчаны юнак з адпаліраванымі пазногцямі, з валасамі, відавочна ўкладзенымі куафёрам. Адзінае, што непадобнае да звыклага вобраза «багатага сынка», – вінаватая ўсмешка на тоўстых бледных вуснах ды баязліва-цікаўны пагляд спадылба – як птушаня наважваецца вылецець з гнязда. Ну а калі прагучалі імя і прозвішча – Станіслаў Людвісар, – усё стала нібыта зразумела. Сынок Сігізмунда Людвісара, магната, да якога губернатар лічыць гонарам з’ездзіць у госці. Па солі на мядзведзях Людвісар, вядома, не ездзіць – дзікунства. Але Венецыю сабе зладзіў – тысячы прыгонных мужыкоў каналы капалі ды гарбатыя масты выштукоўвалі, каб пасля да ўласных хатаў падрульваць на чоўнах з падоўжанымі насамі, выводзячы «Санта-Лючыю». А выпадковыя праезджыя дзівуюцца, адкуль з мужычых вуснаў не-не дый прарвецца слоўца з мармурова-аліўкавай краіны. І, вядома, для ўсяго універсітэта была неспадзяванка, калі Стані-слаў пацягнуўся не да арыстакратаў, а да іх, студэнцкай вольніцы ў пледах. Не зважаючы на насмешкі і недавер, смела браў удзел у абструкцыях нелюбімых прафесароў, ладзіў абеды для згаладалых калегаў. Ды яшчэ гэтак пачуваўся пры гэтым вінавата, што не было няёмкасці, – госці пераконваліся, што яны робяць ласку гаспадару. Вінцэсь, праўда, не лічыў сябе блізкім сябрам Стася – хлопец, вядома, добры, і столькі разоў даводзіў сваю вернасць і прыстойнасць, і выяўляе да самога Вінцэся нейкую сабачую адданасць, але... Можа, Вінцэся раздражнялі ягоныя паліраваныя пазногці? Стась так і не кінуў гэтае аздобы, згадваючы, што Аляксандр Пушкін увогуле адрошчваў такія пазуры, што насіў на мезенцы напарстак-футарал. Далучылі Стася і да гуртка – вядома, не да самых апошніх таямніцаў. На перасцярогі Ёсафат Агрызка, адзін з кіраўнікоў, заявіў адно: для справы карысна мець сярод сваіх чалавека грашавітага і ўплывовага. Грошы ў Станіслава былі нямераныя, бацька на адзінага сына не шкадаваў нічога. Вінцэсь ведаў, што Стась узрадуецца магчымасці паўдзельнічаць у змаганні, – але гэтая ягоная радасць, гатоўнасць «робінгудстваваць» здаваліся Вінцэсю падлеткавай гульнёй. Ён падазраваў, што Станіслаў і заставаўся падлеткам, цікаўным і сарамяжным, якому ўсё роўна: або да індзейцаў у амерыканскія прэрыі збегчы, або з ліцвінскімі касінерамі – у пушчу. З сястрой Стася размаўляць было куды прасцей. Хрысціна часам прыязджала да брата са свайго пансіёна. Вядома, у суправаджэнні высахлай «дуэньі», мадам Лецьен. Дачка магната... Вось каму варта было нарадзіцца хлапцом! Імклівая, рэзкая – ніякай табе лёгкай феінай хады. Валасы як залаты пажар, і заўсёды выбіваюцца асобныя пасмачкі нават з самай акуратнай прычоскі, нібыта заўсёды вакол паненкі вецер. Зялёныя вочы смяюцца, куточак велікаватага рота прыўзняты, і ані згадкі пра мілыя жаночыя хітрыкі – зірнуць так, каб у мужчыны засталося пытанне... І патрэба знайсці адказ. А як яна першы раз з’явілася ў іх кампаніі: «Якога вы меркавання пра антрапалагічныя стыгматы Ламброза?» А сама ў крыналінах. Яны ледзь не зарагаталі. Вынік дрэннага выхавання: на дачку ні пан Людвісар, ні пані Людвісарава амаль не зважалі, маўляў, адзіная з яе карысць – парадніцца праз ейны шлюб з добрым домам. Не дзіва, што ніхто з іх гурту ў паненку не закахаўся, хоць куртуазныя настроі рэалізоўваліся часам на асобах самых неверагодных. Была яшчэ адна таямніца, пра якую ніхто, акрамя Вінцэся, не ведаў. Пяць гадоў таму ва універсітэцкім холе пачуўся страшэнны грукат. Вінцэсь павярнуўся і ўбачыў худзенькае золатавалосае дзяўчо з вачыма, як зялёныя сподачкі, напоўненыя жахам і слязьмі. На мармуровай падлозе ў лужыне ляжала пабітае шкло і нешта незразумелае, цёмнае... Усё ясна – дурнічка залезла ў шафу з калекцыяй заспіртаваных яшчарак. Да месца здарэння ўжо збягаліся... І тады Вінцэсь ступіў наперад, як праўдзівы рамантычны герой: – Прабачце, гэта мая віна. Хацеў паказаць паненцы экспанат... Спадзяюся, вы не напалохаліся, мадэмуазель? Пасля таго і пачалося дзіўнае сяброўства з Людвісарамі. Гадзіны за тры да іх маёнтка можна даехаць. Галоўнае, каб Стась быў дома... Юзаф на развітанне сказаў, што памоліцца за гэта. І малітвы, відаць, былі пачутыя. Людвісарава будавалася яшчэ тады, калі нават князі не ведалі, што такое шкарпэткі, і спецыяльна прызначаныя хлопы пераціралі салому, каб насыпаць яе ў панскія боты. Але высакародны камень сценаў, вышчарблены падчас шматлікіх аблогаў, падаўся цяперашнім гаспадарам нямодным, і замак перарабілі ў нейкае падабенства рымскага палаца – светлая тынкоўка, белыя калоны з дзябёлымі карыятыдамі, цёмныя піраміды таполяў... Сцены гасцёўні былі абабітыя сапраўдным парыжскім муарам – залатыя лілеі і гладыёлусы на сінім, у дакладнай сіметрыі. Вінцэсь кінуў вокам у кут, на вялікі партрэт, і ўздрыгнуў – Напалеон Банапарт! Без подпісу, у адзенні старажытнага рымляніна, але цалкам пазнавальны. А між тым у Расійскай імперыі яго можна было называць толькі «узурпатар» або «карсіканская пачвара». Вінцэсь ведаў, што дзед Стася ў свой час быў прыхільнікам гэтай «карсіканскай пачвары» і нават узброіў полк узурпатарскага войска на свае грошы. За што пасля нейкі час і пабыў у выгнанні. І ўсё роўна цяпер расійскія ўлады лічыліся з Людвісарамі. Партрэт Напалеона сведчыў: тут не баяцца нікога. Уладары гэтага дома не падлягаюць асуджэнню. Яны толькі з паблажлівасці мірацца з законамі дзікунскай імперыі. І, каб не было гэтага партрэта, не прымалі б, можа, тут і Вінцэся – сярэдняй рукі шляхціца. Станіслаў, як заўсёды, шумна радаваўся прыезду таварыша па таемным братэрстве і паабяцаў, што зробіць усё магчымае. Бацька звычайна не адмаўляе ў падобных просьбах. Увечары вернецца – і пытанне вырашым. Праўда, на гэты раз давядзецца цяжэй – дзяржаўнае злачынства... – Пан Вакула Рагманаў – зусім бязвінны чалавек, – Вінцэсь лічыў за лепшае, каб Станіслаў сам быў у гэтым перакананы. – Сваяк наш. Я яго з дзяцінства ведаю – вясёлы, добры, мухі не пакрыўдзіць. Інсургент апынуўся ля іх маёнтка выпадкова. – Вінцэсь! Прыміце мае спачуванні! – у гасцёўню нібыта заляцеў залаціста-белы віхор з зялёнымі вачыма. Хрысціна працягнула госцю рашучую далоньку. – Я загадала падаць абед у кітайскай альтанцы. Вы любіце жульены? Стась паблажліва кіўнуў – што, маўляў, узяць з кабеты, думае толькі пра груба матэрыяльнае. Вінцэсь усміхнуўся, згадаўшы чамусьці прыпавесць пра Марфу, якая мітусілася, каб пачаставаць здарожанага Хрыста, і Марыю, што ў гэты час сядзела і слухала госця, чым і заслужыла ягоную ўхвалу ў адрозненне ад «матэрыяльнай» Марфы. Але ж Вінцэсь сапраўды стаміўся і быў галодны. І стол падрыхтаваны дасканала. А Хрысціна зноў выявіла сваю непасрэднасць, зашаптаўшы: – У вас вялікае гора, Вінцэсь. Але ж, напэўна, здарылася яшчэ нешта жахлівае, што змусіла вас прыехаць. Чым я магу вам дапамагчы? Аж непамысна ад ейнага адданага пагляду. Напэўна, ніяк не забудзе той выпадак са слоікам. Чым яна дапаможа, карункавае дзяўчо? Пераказам чарговай сенсацыйнай ксёнжкі? Відэлец у руце ў дзяўчыны дробна дрыжэў, так і не скарыстаны па прызначэнні. Так што нязменная мадам Лецьен зрабіла падапечнай не адну заўвагу наконт добрых манераў. Вінцэсь угледзеўся ў твар мадам, падобны на васковы... Гладка зачасаныя сівыя валасы, вузкі прамы рот, высока прыўзнятыя тонкія бровы, нібыта намаляваныя... Ніяк не мог вызначыць, ці была мадам у маладосці прыгожай, і тым больш не мог уявіць, якім быў яе муж, пан Лецьен? Ні адцення пачуццяў у сухіх рысах. Толькі калі сустракаецца вачыма са сваёй выхаванкай, усё аблічча нібыта цяплее. Нешта яны сёння зачаста па-змоўніцку пераглядаюцца, Хрысціна і мадам Лецьен... Лёкаі ў вышытых срэбрам белых сурдутах і белых панчохах бязгучна cлізгалі па падлозе з падносамі. Вераснёўскае сонца, перш чым знікнуць за краем далёкага лесу, шчодра ліло сваё чырвонае золата праз вітражы альтанкі, больш падобнай да мініяцюрнага палаца. Вінцэсь на нейкі момант змрочна задумаўся. Вальжына, можа быць, таксама сядзіць у альтанцы. Той самай, запаветнай, але наўрад ці сёння яна там чытае... І наўрад ці плача – хутчэй сціснула да болю далоні і глядзіць у нікуды чорнымі вачыма, поўнымі да краёў адчаю. А можа, паехала ў павет, не ў змозе заставацца бяздзейнай? Раптам Вінцэсю ўсё, што вакол, падалося нерэальным – белы абрус з дасканалай кітайскай парцэлянай, букеты экзатычных кветак, старанна састаўленыя нейчымі таленавітымі рукамі, звонкае пастукванне лыжачак. Хрысціна і Стась у белых касцюмах. Ён, Вінцэсь, і мадам Лецьен – у чорным. Нібыта парцэлянавыя лялькі. Круглая альтанка. Круглы столік... Быццам унутры музычнага куфэрка. Вінцэсю нават здалося, што ён чуе срэбныя званочкі, якія назвоньваюць немудрагелістую механічную мелодыю, а альтанка патроху пакручваецца – у адзін бок, у другі... Рашчынскі кінуў погляд наверх, на зашклёнае акенца-ружу ў даху альтанкі, – нібыта чакаў сустрэцца з паблажліва-цікаўным позіркам агромністага назіральніка. І тут пад вітражным акном, дзе пачыналіся славутыя людвісараўскія каналы а-ля Венецыя, нехта зацягнуў «Санта-Лючыю», з характэрным беларускім «ч». Мужычы голас надрываўся, стараючыся справіцца з замежнымі руладамі, – відаць, звычайны рытуал падчас панскага абеду. Песня наплыла здалёку, цяпер аддалялася, чуўся плёскат вады – выканаўца, ясная справа, плыў у гандоле з беларускага дубу па вызначаным тым жа рытуалам маршруце. Гэта было такое адчужэнне ад месца – быццам пазногцем правялі па сухім пыльным шкле. Прэч з гэтага лялечнага царства... Паранены Мартын на гнілой саломе... Дзядзька Вакула – на допыце. Напэўна, не страціў жартоўнага тону, толькі ў голасе загучала сталь. Час спыніўся, прыліп смаўжом да аўгсбургскага срэбнага падноса, і неадольна хацелася падагнаць яго... Вінцэсь кінуў на стол накрухмаленую сурвэтку з вышытымі па куточках галінкамі квітучай вішні і ўзняўся, мармытнуўшы нешта наконт тэрміновасці ад’езду. Засталіся яшчэ ў памяці спалоханыя зялёныя вочы. Быццам зноў разбіўся слоік з заспіртаванай пачварай. Калі Вінцэсь пастукаўся ў дом Рагманавых, было ўжо зусім цёмна. Але Вінцэсь ведаў, што ў доме не спяць. Вальжына глядзела вялікімі чорнымі вачыма, абведзенымі ценямі, кудысьці скрозь госця. – Дзякуй вам... Будзем спадзявацца, што бацьку хутка адпусцяць. А другому дапамога ўжо не патрэбная. Вінцэсь не разумеў. Яна паўтарыла: – Мартына няма. Ён загінуў. – Адкуль вы ведаеце? Вальжына дастала з-за карсажа дрыготкімі пальцамі нейкі вузельчык, развязала... Срэбная куля... Нешта цёмнае на ёй – кроў? Марка, які ўвесь гэты час трывожна пазіраў на сястру, не вытрымаў: – Адкуль гэта ў цябе? Вальжына павольна, як у сне, зноў загарнула металёвы круглячок. – Засеў у ствале вішні. Там, дзе была перастрэлка. Я ведаю, што ён... Мартын... і збіраўся так зрабіць, – у яго была такая куля. Значыць – навылёт... Мусіць, цэліў сюды...– Вальжына паказала рукой на шыю. І голас яе быў такі дзіўны, тонкі-тонкі, як павуцінка, што Вінцэся мімаволі ахапіў жах. Марка абняў сястру за плечы і нешта прашаптаў. – Думаеце, я звар’яцела? Сапраўды, дзіўны сувенір... Паверце, я не належу да ліку тых экзальтаваных асобаў, што выпрошваюць кавалачак вяроўкі павешанага або пасму валасоў з галавы, адсечанай на гільяціне. Гэта куля для мяне нешта іншае... Прабачце, я не ў стане зараз тлумачыць... Яна сышла, не развітаўшыся, у свой пакой, але спіна, абцягнутая чорнай сукенкай, была такой выпрастанай, што гэта было горш за плач... А там, дзе дарога зварочвала да Гарнушак, ад цёмнага камля таполі аддзяліліся тры постаці. – Загінуў наш атаман... Ад кулі тваёй, панічок, загінуў... як і хацеў. Ведаем, што сваёй рукой ён вызваліўся. Але глядзі ж, каб не было граху на табе, панічок. Ведаем, да якога акенца вы абодва хадзілі. Дазнаемся, што ты нячысты... Цені расталі ў начы, а Вінцэсь усё яшчэ ўзіраўся ў цемру, у якой, бы стары цмок, звіваўся восеньскі туман.
|
|