РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
16
        
16

        
        – Вінсэнт! Не забудзься – заўтра а пятай адкрыццё Салона! Прыходзь абавязкова. Накруцім бакенбарды акадэмікам!
        – Вінсэнт! Паабяцай, што калі маю карціну купяць за сто франкаў – вып’еш бутэльку «Шато-марго»!
        – Не спадзявайся, Анры, наш бравы Паляўнічы не вып’е нават на ўласных хаўтурах.
        – Твая праўда, Шарль, – на ўласных хаўтурах нават ты выпіць не зможаш.
        – Мой Бог, і сапраўды. Я не перажыву гэтай несправядлівасці!
        Чарнявы, як грак, Шарль з вусамі, закручанымі ў тугія чорныя колцы, бесклапотна зарагатаў – нібыта ў яго не было пятнаццаці франкаў доўгу за кватэру і не прэтэндавалі на яшчэ два не заробленыя франкі зяленіўшчык і прачка, а ў дом на віа Тарэ-дзі-Нона, у Залаты дом з чароўнай Зізі, яго проста больш у доўг не пусцяць. Гэтак жа бесклапотна засмяяўся і Анры, рудаваты мажны барадач у саламяным капелюшы-канацье. Няхай у кішэні – ані сантыма, Бог любіць спеўных птушак і заўсёды спашле ім нешта на кавалак хлеба... і бакал абсенту.
        Ля парыжскай кавярні Гербуа квітнелі яблыні, і ружова-белыя пялёсткі асыпаліся на брукаванку, на столікі, вынесеныя пад травеньскае сонца, на агромністыя капелюшы дам у ружовых і бэзавых сукенках, на чорныя цыліндры-«васьмібліскі» наведнікаў. Апошняя рэвалюцыя забылася, як страшны сон, – некаторыя з маладых мастакоў, што аблюбавалі кавярню, увогуле нарадзіліся пасля крывавых падзей. Таму дзівакаваты Вінсэнт, светлавалосы немалады замежнік, успрымаўся як жывая легенда. Расказвалі, што ён быў сярод камунараў на могілках Пер-Лашэз, што сама Чырвоная Цнатліўка Луіза Мішэль, школьная настаўніца, якая натхняла рэвалюцыю, пацалавала яго, бласлаўляючы на бойку. Што пасля паразы Камуны ён, каб не трапіць у страшную Каледонію, куды высылалі паўстанцаў, падарожнічаў па Сахары і Тыбеце, паляваў на тыграў, ільвоў ды іншых драпежнікаў – вось і празвалі Паляўнічым. А дзесьці ў сваёй дзікай паўночнай краіне ён учыніў калісьці страшнае злачынства або перажыў страшную трагедыю і мае патаемныя скарбы, і ўвогуле ён пазашлюбны прынц... Ды чаго толькі не нагавораць языкі парыжанаў! Галоўнае – месье Вінсэнт (прозвішча было настолькі цяжкое, што яго ніхто не мог вымавіць) вельмі разумны і цікавы сумоўца, заўжды спакойны, і за гэтым спакоем хаваецца незразумелая, але вялікая моц. Кожную раніцу пераплываць Сену – гэта трэба мець сілу! Асабліва калі вада пачынае замярзаць. Сведкі расказвалі, што Паляўнічы нават узімку дае нырца ў палонку – адразу відаць кроў паўночнага дзікуна. Але ж месье Вінсэнт – філосаф, час ад часу чытае публічныя лекцыі. Праўда, не сказаць, каб ягоныя тэорыі былі надта модныя. Сусветная міфалогія, паходжанне нацый... Цяпер у модзе іншае: мы ўсе – дзеці малпы, спадарства, віват Дарвіну. Затое ў мастацтве слова Паляўнічага – золата! Калі скажа – добра, значыць, заказвай вячэру з шампанскім, ты сапраўды нешта вартае стварыў. Але паспрабуй дачакацца ад нашага Паляўнічага ўхвалы! А галоўнае – ніякіх дзяўчатак. Ніякіх Зізі, Мімі, Марыучы... Усе нешматлікія любоўныя гісторыі, што расказваліся пра Паляўнічага, былі вельмі заблытаныя і недазваляльна сур’ёзныя.
        Светлавалосы Вінсэнт (густая грыва з незаўважнай сівізною, яркія сінія вочы са зморшчынкамі ў куточках, суровы рот) ветла памахаў сябрам рукой на развітанне.
        Што ж, яно так заўсёды – час гарматаў і час паэтаў змяняюць адзін аднаго ў вечнай каруселі. Ён сышоў з гэтае забаўкі яшчэ трыццаць гадоў таму.
        «Паляўнічы»... Гучыць прыемней, чым зацкаваны звер.
        Паляўнічы любіў Парыж. Апошнія гады горад пераўтвараўся на вачах, і многія абураліся. Забіваецца «дух Лютэцыі» (так калісьці называлася гэтае места). Прасторныя будынкі супермаркетаў, усе са шкла і металу, дзе маладзенькія прадаўшчыцы працуюць па пятнаццаць гадзін у дзень, не маючы права прысесці й на хвілю; сусветныя выставы з іх пампезнасцю, з афрыканскімі і кітайскімі вёскамі, збудаванымі на пару тыдняў... А Цэнтральны рынак – «парасон ад дожджыку», як называў яго Напалеона ІІІ? Хіба ён заменіць вясёлы гандаль на маленькіх пляцах? Ну а супраць Эйфелевай вежы нават праводзяцца мітынгі! Гі дэ Мапасан абвясціў гэтай жалезнай пачварыне вайну. Нарэшце «Гранд-Апера», збудаваная непадалёк ад ціхай ру Віньён, дзе атабарыўся Вінсэнт, агромністая, як скамянелая хмара... Безгустоўшчына, панове!
        Але Паляўнічаму хутчэй падабаліся гэтыя перамены. Вызваляюцца архітэктурныя формы, вызваляюцца фарбы мастакоў, вызваляюцца народы... Толькі ягоны народ цярпліва чакае, пакуль шчасце неадчувальна апусціцца з неба, як гэтыя яблыневыя пялёсткі.
        – Пардон, месье!
        Дзяўчынка-разносчыца з вялікім кошыкам, накрытым бялюткай сурвэткаю, – падобна, там круасаны, духмяныя булкі-паўмесячыкі, – неўзнарок штурхнуўшы высокага важнага пана, белазуба ўсміхнулася. Позірк чорных, як масліны, вачэй не вінаваты, а хуткі і зацікаўлены. Хто асудзіць немаладога самотніка, які звядзе нядоўгае знаёмства з баявітай парыжаначкай?
        Вінсэнт сумна ўсміхнуўся дзяўчыне, і тая, састроіўшы смешную грымаску – старэча ты, старэча! – знікла ў натоўпе, спрытна абмінаючы мінакоў, як лёгкі чоўнік – паважныя дымныя параходы.
        Дамы на ру Віньён былі вельмі старыя, яшчэ з чорнымі драўлянымі накладкамі паўзверх муроў, паводле сярэднявечнай моды, і на кожным доме – выява-«візітоўка». Будынкі так і называліся: «Пад ласосем», «Пад мядзведзем», «Пад рыцарам». Паляўнічы жыў у доме «Пад казой». Дакладней, на мазаічным пано, што прыкрашаў франтон дома, мелася дзве выявы – пастушка ў чырвоным каптурыку дзьмула ў дудачку, а за ёй скакала няўклюдная даўганогая каза, і на казіных рагах гайдаўся залаты ветах. Мясцовыя тлумачылі – гэта таму, што дом колісь будаваў купец, які гандляваў воўнай і казіным сырам. А Паляўнічаму здавалася, дзяўчынка, каза і ветах – гэта пра тое, што ўсё мінае і бесклапотнае спеўнае юнацтва незаўважна вядзе за сабой смерць. Але пры адпаведным настроі смерць можна пабачыць ва ўсім, асабліва на вуліцы, названай у імя паэта, што напісаў вясёлую баладу пра танец вісельнікаў.
        Кватэра Вінсэнта месцілася на самым версе – ён не мог дазволіць сабе лепшай. Кансьержка высунулася са свайго катуха з урачыста-таямнічым выглядам і, працягваючы ключ, прамовіла:
        – У месье госці.
        – Госці? – здзівіўся Паляўнічы. – Я нікога не чакаў.
        – О, гэта сюрпрыз! – расцвіла звычайна суровая мадам Матыльда. – Ідзіце, самі ўбачыце!
        Вінцэсь зразумеў, што невядомы госць добра заплаціў. Але не паскорыў кроку. Ён ужо даўно прывучыўся ўспрымаць усё як належнае. Чаго яму баяцца? Што яшчэ ён можа страціць?
         Дзверы ў кватэру аказаліся незачыненымі. Перад акном мансарды вымалёўваўся цёмны сілуэт жанчыны ў моднай вузкай сукенцы, пашыранай у самым нізе, і капелюшы са страусавымі пёрамі памерам з невялікі востраў. У пакоі з надзвычай спартанскай абстаноўкай фігура глядзелася экзатычна.
        – Чым абавязаны вашаму візіту, мадам?
        Незнаёмка, крыху памарудзіўшы, павярнулася. Твар захінаў кароткі вэлюм, але было зразумела, што кабеце – за сорак, значыць, пра легкадумны візіт – падарунак ад сяброў мастакоў («А ці не паслаць новую натуршчыцу да нашага самотніка?») – гаварыць не выпадала. Жанчына моўчкі разглядала гаспадара, так што яму нават зрабілася няёмка. Рука госці ў страшэнна дарагой карункавай пальчатцы нерашуча паднялася і адкінула вэлюм.
        – Дзень добры, пан Вінцэсь!
        – Хрысціна! – Вінцэсь кінуўся да госці і прыпаў вуснамі да яе рукі.
        Кабета ўсхвалявана ўсміхнулася.
        – А я баялася, што вы мяне не пазнаеце. Я пастарэла, дарагі...
        Вінцэсь радасна запярэчыў, не выпускаючы яе рукі са сваёй:
        – Вы ўсё такая ж прыгажуня! Гэта я ператварыўся ў сумнага старэчу і нават забыўся на ветлівасць. Сядайце вось сюды, на гэтае крэсла – яно яшчэ трымаецца на ўсіх сваіх чатырох крывых лапах. А я звару кавы. Ці шакаладу? Вы любіце гарачы шакалад, Хрысціна?
        Госця глядзела з лёгкім сумам, як гаспадар распальвае грубку, ставіць на жалезную рашотку кававарку... Адзіная раскоша пакоя – шкура льва, расцягнутая на сцяне, ды нейкія дзіўныя дзіды. Жалезны вузкі ложак засланы саматканай посцілкай. А над ложкам – абраз Маткі Боскай Вастрабрамскай і шляхецкі слуцкі пояс колераў звялай травы і золата.
        – Напэўна, са ста мужчын толькі адзін вось гэтак не саромеўся б сваёй беднасці, калі да яго прыйшла графіня Мекленбургская. Цяпер мне яшчэ больш зразумела, чаму я вас пакахала, Вінцэсь. Так, так, сёння я магу гаварыць пра гэта вольна – усё сплыло, усё прамінула...
        Вінцэсь паставіў на стол два кубкі з гарачым шакаладам (сапраўдная кітайская парцэляна з сінімі рыбкамі, падарунак аднаго мастака) – і сеў насупраць сваёй госці. Вядома, яна пастарэла. Твар пашырэў, вочы, усё гэткія ж блакітныя, паглядалі з-пад навіслых павек без ранейшай наіўнай захопленасці. Пастава, зразумела, страціла юначую гнуткасць... А галоўнае, што змяніла аблічча, – уладарнасць, ветлівая, цвёрдая, якую немагчыма ўдаваць, калі не маеш сапраўднае ўлады.
        – Як Станіслаў? – папытаўся Вінцэсь, перарываючы няёмкую паўзу, што ўсё-ткі ўзнікла.
        Графіня толькі трохі прыўзняла бровы.
        – Зусім апусціўся, ведаеце. Бацька да самай сваёй смерці спадзяваўся, што Стась будзе вартым роду нашчадкам. Спрабаваў зацікавіць яго гаспадаркай, ваеннай кар’ерай, свецкім жыццём... Дарэмна. Стась зламаўся, расчараваўся ва ўсім свеце. Жаніцца таксама адмовіўся. Знайшоў адзіны інтарэс – ежу. Так, так, яго адзіная забаўка – жэрці. Дзесяць кухараў, і кожны спецыялізуецца на нейкай нацыянальнай кухні – француз, іспанец, перс, нават, здаецца, кітаец. Вось Станіслава вы маглі б і не пазнаць, Вінцэсь. Ён цяпер ходзіць, толькі абапіраючыся на двух слугаў, – тоўсты, як бочка з півам. Калі здарыцца рэвалюцыя і ён застанецца без нічога – зможа падзарабляць у балагане. Урэшце бацька пакінуў яму толькі рэнту, а распараджаюся ўсім я. Нічога, у мяне выявілася да гэтага здольнасць. – Хрысціна падарыла Вінцэсю свецкую ўсмешку –аднымі вуснамі. – Я таксама ў многім расчаравалася. І на рамантычныя ўчынкі – накшталт ахвяраваць сваю маёмасць, ці хоць яе частку, на «высакародную грамадзянскую справу» – баюся, на такое глупства я ўжо не здольная. Усе высакародныя справы канчаюцца на вісельні або ў вар’ятні. Ведаеце, як гаворыцца: рэвалюцыю прыдумваюць рамантыкі, здзяйсняюць фанатыкі, а карыстаюцца яе перамогай нягоднікі. А ў мяне, дарэчы, чацвёра дзяцей, і ўсе – маленькія арыстакраты.
        Графіня прыемна засмяялася – так, як прынята смяяцца падчас сяброўскай гаворкі. Вінцэсь сумна глядзеў на яе і бачыў іншае – золатавалосая дзяўчына бяжыць праз лясны гушчар, падае ў мокры снег, падымаецца, зноў, задыхаючыся, імкнецца наперад, ратаваць свайго героя...
        – А вы, Вінцэсь? Як вы? Ці ўвесь час – адзін?
        Вінцэсь апусціў пасівелую галаву.
        – Я не святы. У мяне былі жанчыны, хоць сапраўднага пачуцця да іх не знайшлося ў маёй выгнанніцкай душы. На жаль, я занадта сур’ёзна стаўлюся да простых стасункаў. Пакутаваў сам і мучыў вартых любові кабетаў. І... я таксама шмат у чым расчараваўся, графіня. Ваяваў спачатку ў арміі Нацыянальнага ўрада Цьера, потым – на баку камунараў. Праўда, я быў моцна паранены падчас абароны Парыжа ад немцаў, і ўдзел мой у Камуне амаль толькі – даць грошы на зброю. Я спадзяваўся, што ўзброеныя мной людзі, вызваліўшы свой народ, пойдуць ратаваць мой, стануцца пачаткам вызвольнай арміі... Нібыта волю можна прынесці на іншаземных штыках!
        – Калісьці мне здавалася, што вы не можаце рабіць памылак, – ціха прамовіла Хрысціна, ледзь дакранаючыся тонкімі пальцамі, абцягнутымі карункамі пальчаткі, да гарачага кубка. – Вы і вашы сябры так і не скарысталі большую частку атрыманага ад бацькі?
        Вінцэсь памаўчаў, пераадольваючы застарэлы боль.
        – Я сам пачынаю думаць, што грошы тыя праклятыя. Мой сваяк, Юзаф Каліноўскі, так і сцвярджае і піша, што мы лепш зрабілі б, каб перадалі золата на патрэбы ордэна кармелітаў. Дарэчы, чулі пра Юзафа?
        Хрысціна паціснула плячыма.
        – Усё, што ведаю, – яго прысудзілі да смерці, але выручыў айчым, граф Путкамер, і скончылася высылкай у Сібір. Дзіўна, ваш сваяк заўсёды здаваўся мне такім далікатным, слабенькім... І раптам – заслужыў расстрэл!
        Вінцэсь кіўнуў, згаджаючыся.
        – Дабрэйшага за Юзафа я чалавека не сустракаў. Але Юзаф прабыў дзесяць гадоў у Сібіры, вярнуўся... І ўступіў у ордэн кармелітаў. Цяпер – прыёр кляштара! Не здзіўлюся, калі яго прызнаюць за святога. А я магу суцяшацца толькі тым, што ані шэлега не патраціў на сябе.
        Хрысціна рашуча адставіла кубак, з якога так і не адпіла ні глытка.
        – Што ж, кажуць, гордая беднасць заслугоўвае павагі. Хоць я, шчыра кажучы, з вышыні пражытых гадоў не ведаю, чым тут ганарыцца. Мне здаецца, вы ў Парыжы проста паціху высыхаеце, гібееце без справы. Я прыйшла паведаміць – вы можаце вярнуцца на радзіму.
        – Што?!! – Вінцэсь ускочыў з крэсла, ледзь не перакуліўшы яго на падлогу. Галава кружылася, як пасля бакала абсэнту.
        Графіня глядзела з лёгкай сумнай усмешкай.
        – Скажыце, пан Рашчынскі, што яшчэ ў цэлым свеце магло б вас гэтак пазбавіць раўнавагі, вас, такога ўраўнаважанага? Мусіць, толькі не жанчына?
        Вінцэсь змусіў сябе супакоіцца.
        – Я сумую па сваіх краях. Дужа сумую.
        – Вось і вяртайцеся. – Графіня няспешна ўзнялася. – Вы – сярод амніставаных, вам вернуць ваш маёнтак. Праўда, ніякай кампенсацыі за нанесеную яму шкоду не чакайце. І тыя землі, што адышлі сялянам, – не вернуцца.
        Вінцэсь захінуў твар рукамі. Гарнушкі... Маскалёў лес... Сасна на стромым беразе ракі... Сівы туман, што паўзе, як паранены вужыны кароль, з паплавоў у празрыстыя хвалі...
        – Хрысціна! Вы яшчэ раз вяртаеце мне жыццё!
        На твары госці заставалася спакойная прыстойная ўсмешка, але голас дрыжэў:
        – Тады, можа, вы мне нарэшце скажаце, Вінцэсь... Чаму вы не захацелі быць са мной? Якая прычына вашай халоднасці? Я вам не падабалася? Вас прыніжала маё багацце? Згадзіцеся, я заслужыла права ведаць!
        Вінцэсь зноў апусціў галаву. Не адказаць было нельга.
        – Я кахаў іншую.
        – А яна? Вашая абранніца? Кахала вас?
        – Не.
        Графіня памаўчала, у яе ўсмешцы з’явілася хваравітая жорсткасць.
        – У такім выпадку я рада, дарагі. Ну што вы так здзіўлена на мяне пазіраеце? Я не збіраюся гуляць у добрую самарыцянку. Каханне – гэта ўсяго толькі барацьба індывідуальнасцяў, прага валодання... І мне прыемна, што вы прайгралі гэтак жа, як і я.
        Вінцэсь правёў госцю да яе экіпажа і доўга глядзеў услед. І яму здавалася, што разам з Хрысцінай ад яго аддаляецца ягоная маладосць, і ён сапраўды адчуў сябе старым. Нікому не патрэбным самотным старым, у якога засталіся адны магілы.
        І ён вярнуўся да сваіх магілаў.
        Гэта здарылася ўжо ўвосень, на Дзяды, калі на могілках свяціліся жоўтыя зоркі свечак, дрогкія, як спадзяванне на сустрэчу. Дрэвы стаялі чорныя, голыя, бы пакараныя грэшнікі, выцвілая сухая трава акрым як пра смерць не нагадвала ні аб чым. Але Вінцэсю ўсё здавалася прыўкрасным – і нізкае шэрае неба, і апошні залаты ліст на вершаліне старога каштана – прыветна ўзнятая даланя... І нізкія хаткі Гарнушак...
        Сяляне выйшлі сустракаць яго з хлебам-соллю. Чалавек сем, з выгляду – заможныя... Так бы мовіць, вясковая арыстакратыя. Вінцэсь прагна ўглядаўся ў твары... Не, нікога не ведае. Тыя, што былі з ім побач у бойках, – даўно ў свеце, дзе толькі сумна дзівяцца з чалавечай зацятасці і ўзаемнай нянавісці.
        А вёска як вымерла... Сем спалоханых, нізка схіленых мужыкоў – і больш нікога... Вінцэсь не спадзяваўся, што яму ўзрадуюцца, – апошні візіт у Гарнушкі амаль прывёў яго на шыбеніцу. Але ўсё-ткі прайшло трыццаць гадоў...
        А калі ён пабачыў дом, дзе вырас, – ледзь стрымаў роспачны крык. Будынак прыняў на сябе ўсю нянавісць да адсутных гаспадароў. Вокны другога паверха пазабіваныя дошкамі, да сценаў прываліліся, бы п’яныя, неахайныя хмызнякі – такія растуць вельмі хутка, і іх будзе цяжка выкарчаваць. На калонах – сляды ад куль... Наўрад была аблога – хутчэй забаўляліся казакі, размешчаныя ў секвестраваным маёнтку. Вось і пацвярджэнне – каменная выява герба Рашчынскіх, з мядзведзем на задніх лапах, прымацаваная на фасадзе, відавочна служыла мішэнню для спаборніцтваў у трапнасці. Мядзведзь увесь патрушчаны ўдалымі стрэламі. Базыль, наняты Вінцэсем у Гародні за слугу і кучара, заклапочана пацокаў языком. Вінцэсь зразумеў – моцна расчараваўся ў сваім гаспадары. І як тут жыць? А сёння ж Дзяды, трэ вячэру ладзіць...
        Вінцэсь, як у сне, хадзіў па забруджаных халодных калідорах, зазіраў у пакоі, нібыта ў труны... Толькі ў былым дзіцячым пакоі засталося ў куце «цукерачнае дрэва», на якое нейкі жартаўнік павесіў выедзеную шапку сланечніку. Засталося тое-сёе з мэблі ды фамільныя партрэты, пасечаныя шаблямі. Рашчынскі непаслухмянымі рукамі зняў са сцяны павіслы на адным рагу партрэт бацькі... Пан Антон Рашчынскі пазіраў на сына, які стаў ужо старэйшым за яго, смелымі шэрымі вачыма, і яго твар наўскос перасякаў шнар-парэз... Амаль як у Ваўкалака...
        Дзе цяпер Мартын? Ці жывы?
        У сталоўні пахла вогнішчам. Рука Вінцэся пацягнулася да дзверцаў буфета, у якім калісьці захоўваўся сервіз з венецыянскага шкла – графін, прыкрашаны срэбнымі вінаграднымі гронкамі, і чаркі... Сервіз, які Вінцэсевы продкі выменялі за сялянскую сям’ю. Цяпер быў бы самы час паставіць яго на стол, як раіў бацька. Вінцэсь быццам пачуў голас пана Антося: «А гэты сервіз... Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народа ўсё, што мог, – пастаў яго на свой стол».
        Вядома, у буфеце было пуста. Толькі адна невялікая рэч не спатрэбілася рабаўнікам. Вінцэсь асцярожна зняў яе з паліцы... Вазачка-жабка, разбітая і акуратна склееная воскам... Госпадзе, а ён думаў, што боль па страчаным каханні з гадамі суцішыцца! Глухое рыданне падступіла да горла – Вінцэсь нават спалохаўся: няўжо гэтак здаў, саслабеў?
        Не, ён не дазволіць сабе раскісаць. Яшчэ належыць зрабіць вельмі шмат. Усё-ткі гэта – яго дом, яго зямля. І хоць сяляне больш не ягоная маёмасць, але ён адказны і за тое, як яны жывуць!
        А Гарнушкі пасылалі да яго сваіх выведнікаў. І тыя, сціпла камечачы ў руках шапкі, спрабавалі выпытаць з дурнаватай хітрасцю, ці не збіраецца пан адсуджваць назад зямлю, якую атрымалі мужыкі, што дапамагалі лавіць пана, былі ў атрадзе самааховы? Ці не затаіў пан крыўды, ці не збіраецца помсціць? І колькі яны будуць цяпер плаціць за арэнду той зямлі, што зноў належыць пану?
        І Вінцэсь нешта тлумачыў, супакойваў, гаварыў, што трэба аднавіць працу школкі, абяцаў, што пабудуе бальніцу, што плаціць за арэнду трэба будзе менш, чым у казну, зусім мала... А можа, і нічога...
        І з горыччу адчуваў, што яму не вераць.
        Аднак бальніцу сапраўды варта пабудаваць. На гэта не шкада ўзяць ад схаваных грошай... І абавязкова дапамагчы сваякам тых, хто быў у Вінцэсевым атрадзе. Скрыні са зліткамі трыццаць гадоў таму былі закапаныя – не было як даць ім рады. А манеты з дзвюх маленькіх скрыняў, каб пачаць адраджэнне паўстання, падзялілі між сабой Вінцэсь і Ваўкалак, пакляўшыся – ані шэлега на сябе!
        Вінцэсь патраціўся на зброю, якая не паслужыла ягонай зямлі, але ўсё-ткі здабыла глыток волі людзям. Заставалася яшчэ частка, вось і будзе – на лякарню! Але... трэба параіцца.
        Усе гэтыя гады лёс скарбу паўстанцаў прыгнятаў Вінцэся. Хто застаўся жывы з пасвечаных у таямніцу? Пан Рагманаў памёр, не пажадаўшы дакрануцца да праклятага золата, набытага за жыццё яго сына. Мартын знік. Тады Ваўкалак яшчэ прывёў Марцэла Алейшчыка, а Вінцэсь паручыўся за Міхася Валевіча. Міхася павесілі. Дзе Марцэл – зноў жа невядома. Яшчэ некалькі чалавек ведалі пра існаванне золата, але не ведалі, дзе яно схаванае, – Вальжына, Людвісары, цёзкі Каліноўскія – Юзаф і Кастусь. Кастусь, дарэчы, збіраўся сам распарадзіцца золатам – ды не паспеў. Юзаф сваё стаўленне выказаў – аддаць кармелітам. Вальжына? Пра Вальжыну лепш не думаць. Трыццаць гадоў таму Вінцэсь зрабіў усё, што мог, каб выратаваць яе ад пераследу, і адзінае, што ведае, – Вальжына з’ехала. І вусны самі прашапталі радкі з сумнай балады пра мёртвага караля:
        
         А як любіў кароль чароўны бляск
         Яе вачэй і ціхую пяшчоту
         Яе далоняў... Быццам першы раз,
         Узрушваў кожны самы лёгкі дотык...
         ...Кахае – не яго... Навошта – суд,
         Які не можа шчасця даць нікому?
         Навошта жыць, калі яна – не тут
         І нельга не аддаць яе другому?..
        
        Што сёння адбываецца на Беларусі? Як можна дапамагчы вызваленню краіны? Ці ёсць сілы, здольныя біцца за волю? Вінцэсь дастаў з сакваяжа дарагія сэрцу рэчы – «Словарь белорусского наречия» Івана Насовіча і «Дудку беларускую» Мацея Бурачка. Разгарнуў апошнюю кнігу... «Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя – са жменя таго народу – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя... маюць па-свойму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў...»
        Вінцэсь ведаў гэтыя словы на памяць, але кожны раз, як перачытваў, камяк падыходзіў да горла. Жыве Беларусь! Толькі жыве сваім жыццём, ад якога ён даўно адстаў.
         Рашчынскі прытуліўся да напаленай грубкі. Хутка пачне цямнець... Вінцэсь углядаўся ў далёкія сілуэты гарнушкаўскіх хацінак без адзінага агеньчыка, і яму мімаволі здавалася, што гэта войска пачварных шэрых карлаў, што падрыхтаваліся да нападу. І вось-вось яны адштурхнуцца ад мерзлай зямлі і кінуцца на маёнтак, папаўзуць на яго, рыхтуючыся сцерці з зямлі...
        Што за глупства! Гэта – яго зямля, і не трэба забывацца, што з-пад дахаў тых шэрых хацінак з’явіўся і Міхась Валевіч, і Янук Вараўня, і іншыя, з якімі ён дзяліў гора і славу змагання за волю. Дзесьці там жывуць унукі яго добрай нянькі Агаты і тая бялявенькая ўсмешлівая дзяўчынка, што з іншымі вясковымі дзеткамі прыходзіла ў іх маёнтак на Каляды, каб патанчыць ля панскай ёлкі і атрымаць дзівосныя падарункі. Як жа яе звалі? Марыська?
        Неба навісла гэтак нізка, што здавалася – зараз яго праб’юць дзіды голага кустоўя. Да сядзібы павольна набліжалася нечая постаць. Святар! У гэтым не было нічога дзіўнага – мясцовая «эліта» патроху наведвала Вінцэся, спрабуючы зразумець, чаго чакаць ад новага суседа. Мала хто памятаў яго, і не ўсе, хто памятаў, хацелі аднавіць знаёмства.
        Святар, відаць, быў зусім стары ці хворы, бо моцна абапіраўся на кульбачку. Ідзе, сагнуўшыся ледзь не ўдвая, чорная шапка з накідкай – значыць, мніх. Вінцэсь паспяшаўся адчыніць дзверы. Стары пера-ступіў парог і прыўзняў галаву...
        Глыбокія зморшчыны, вядома, змянілі твар, вочы сталі празрыста-светлымі, нібы першы лёд, але шнар... Страшны шнар ад шаблі, праз усю правую шчаку, час разгладзіць не змог.
        – Мартын!
        Яны абняліся.
        – Не магу паверыць, што гэта – ты...– Вінцэсь быў страшэнна ўзрушаны. – Як цябе цяпер называць?
        – Я прыняў пострыг яшчэ дваццаць пяць гадоў таму, імя маё ў Хрысце – Андрэй. – Ваўкалак гаварыў ціха, але голас яго не страціў цвёрдасці. –А рукапалажылі ў святары толькі праз пятнаццаць гадоў. Я быў вялікім грэшнікам.
        Вінцэсь глядзеў – і не пазнаваў... Рахманасць старога святара не была гульнёй. Ён сапраўды прымірыўся са светам і з самім сабою. Вінцэсь адчуў раптам страшэнную зайздрасць. Унутраны спакой! Няма каштоўнасці большай – гэта разумееш толькі пад канец жыцця.
        Але як толькі зайшла гаворка пра золата, Вінцэсь пазнаў ранейшага непахіснага ваяра.
        – Праклятае золата трэба пахаваць назаўсёды! – Вочы айца Андрэя бліснулі зацятым агнём. – Праз не заробленае сумленнай працай багацце намі кіруе Сатанііл! Нам здаецца, што мы ачысцім грошы, уклаўшы іх у добрую, боскую справу. Але гэта – спакуса. Мы не ведаем, колькі душаў загіне з-за нашай неасцярожнасці і прага-вітасці! Я пераканаўся ў гэтым...– Ваўкалак скрушліва ўдарыў сябе ў грудзі кулаком. – Я даў грошай на пабудову кляштара. А пасля даведаўся, што на тое ж золата пабудавалі і манапольку, дзе цяпер спойваюць мужыкоў. Грошы раскрадаліся, адзін святар з-за іх стаў расстрыгам, уцёк. Пачаліся інтрыгі з-за таго, хто будзе настаяцелем... У мястэчку прыбавілася самадаек і кішэнных зладзеяў... А я сышоў адтуль назаўсёды.
        Вінцэсь дарэмна спрабаваў спрачацца, нешта даводзіць. Ці варта вінаваціць сябе ў грахах усяго свету? У чым Мартын не змяніўся – дык гэта ў зацятасці наконт таго, што лічыў справядлівым. Праклятае золата, здабытае цаной крыві, чапаць нельга. Няхай яно назаўсёды застанецца там, дзе было.
        – Урэшце, гэта мусім вырашаць не толькі мы ўдваіх, – сцвердзіў Вінцэсь. – Юзаф сваё слова сказаў – ён хоча, каб золата адышло ордэну кармелітаў. Ты лічыш, на яго трэба забыць. Я ўсё яшчэ спадзяюся скарыстаць яго дзеля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Але голас маюць і Вальжына, і Марцэл, і, урэшце, усе нашыя паплечнікі, хто застаўся жывы. Пакуль ёсць надзея спытаць у іх – мы не можам вырашаць самі.
        Айцец Андрэй прыклаў руку да крыжа, што вісеў на яго грудзях, нібы прыводзячы ў сведкі сваёй праўдзівасці Госпада.
        – Марцэл падзяляе маю думку. І... Вальжына таксама.
        Кроў застукала ў вушах у Вінцэся. Як калісьці, калі ён ляжаў, аглушаны ўдарам варожай шаблі, на полі бойкі.
        – Ты ведаеш, дзе яны? Дзе... Вальжына?
        Святар паблажліва-сумна ўсміхнуўся.
        – Марцэл – разам са мной. Прыслужвае ў царкве. Ён застаўся без рукі, калі мы біліся пад Маркаўцамі. А Вальжына – у Весніцах.
        Зусім побач! Вінцэсь спрабаваў схаваць хваляванне.
        – І... як яна?
        Мартын глядзеў, як бацька на несвядомае дзіця.
        – У Вальжыны ўсё добра. Яна не адна.
        – Я рады, што яна выйшла замуж. – Вінцэсь гаварыў шчыра – у яго не ўзнікла й ценю дурной рэўнасці. Галоўнае – каб была шчаслівай. Каб хоць яе жыццё не сталася пустацветам.
        – Я не сказаў, што яна выйшла замуж. Я сказаў, што яна не адна. У Вальжыны ёсць сын. А цяпер і ўнукі.
        – Сын? – Вінцэсь разгубіўся.
        – Так, сын. Яго імя – Марка. Марка Рагманаў.
        Ваўкалак сказаў гэта так асабліва, што Вінцэсю стала горача ад раптоўнай здагадкі.
        – І колькі яму... гадоў?
        – Дваццатага ліпеня будзе трыццаць. Я – яго хросны бацька.
        Калі Вінцэсь і Вальжына бачыліся апошні раз, яна ўжо ведала, што чакае дзіця. І нічога не сказала!
        На развітанне Вінцэсь ціха спытаўся ў старога сябра:
        – Ты дараваў мне?
        Айцец Андрэй адказаў гэтак жа ціха.
        – Гэта быў яе выбар. І воля Гасподняя. Нам усім трэба выпіваць да донца чару, якую нам даюць на зямным застоллі. Віно там, ці воцат, ці адзіная жывая кропля, якая не спатоліць смагі, а толькі змусіць прагнуць усё жыццё. Бывай, Вінцэсь. Бласлаўляю цябе на душэўны спакой і разумныя рашэнні.
        Дом у Весніцах стаў зусім непаглядны – на сценах пісягі, аканіцы пафарбаваныя ў белае і ад таго здаюцца бруднымі, а ля ганка з драўлянымі калонамі, таксама пафарбаванымі ў бель, – звычайныя сялянскія калёсы з навесам з радна, як у цыганоў.
        А можа, усё ўспрымалася так сумна ад таго, што дождж прышываў шэрае неба да чорнай зямлі дробнымі шыўкамі і дрэвы роспачна працягвалі ўверх голыя галіны, выпрошваючы пухнатага зімовага адзення...
        Але вось дзіця засмяялася там, у доме з белымі аканіцамі, – і адразу нібыта стала святлей. Божа мой, гэта ж тое самае акно, перад якім аднойчы былі перажытыя, як здавалася, самыя страшныя ў жыцці хвіліны! Пасля ён пераканаўся, што могуць быць яшчэ горшыя.
        Вінцэсь наважыўся ўзысці на такі знаёмы ганак. Сівая кабета ў простай чорнай сукенцы, у белым старасвецкім каптуры адчыніла дзверы.
        І Вінцэсь усвядоміў розніцу – калі глядзіш звычайна і калі пазіраеш закаханымі вачыма. Падчас сустрэчы з Хрысцінай ён бачыў перад сабой яе ранейшае аблічча, мог супастаўляць з цяперашнім, свядомасць адзначыла ўсе зморшчынкі, няхай і далікатна замаскаваныя касметыкай, большую самавітасць паставы...
        Вядома, Вальжына таксама пастарэла. І пастарэла куды заўважней – бо па яе спрацаваных руках, сівых валасах і маршчынах разумелася: была і чорная праца, і душэўныя пакуты. Беднасць глядзела з усіх кутоў, не прыкрашаная нават звычайнымі шляхецкімі аздобамі – прадзедаўскім кілімам ці фатэлем, у якім, паводле сямейнага падання, сядзеў калісь які князь ці кароль.
        Але Вінцэсю было ўсё роўна, як выглядае жанчына яго сэрца. Ён проста не здольны быў параўноўваць, расчароўвацца, спачуваць, што час забраў прыгажосць. Уся ягоная істота пазнала Яе – і закалацілася сэрца, і адняло мову. І зноў падаўся сам сабе няўклюдным, нязграбным і – нялюбым.
        Вальжына разгублена кранула рукой валасы – інстынктыўнае жаданне жанчыны пры з’яўленні нечаканага госця паправіць прычоску, страх, што непрыбраная... І тут жа адвярнулася і захінула твар рукамі. Вінцэсь падумаў быў, што яна плача, – але жанчына стаяла нерухома... Потым павольна павярнулася да яго, відаць, супакоіўшыся ад раптоўнага ўзрушэння.
        І замест звычайнага прывітання Вінцэсь прагаварыў тыя словы, якімі паўстанцы віталі адзін аднаго, па якіх пазнавалі аднадумцаў.
        – Каго любіш?
        Вальжына, не вагаючыся, прамовіла:
        – Люблю Беларусь...
        – Дык узаемна!
        Яны абое памаўчалі, захлынаючыся ад успамінаў. Вінцэсь спрабаваў вызначыць, як яна да яго ставіцца, – ці дазволена абняць, пацалаваць, ці холадна адштурхне – як трыццаць гадоў таму... А ёй, відаць, проста было няёмка.
        – Што ж я так няветла цябе сустракаю... Праходзь, Вінцэсь. Вось сюды... Памятаеш гэты пакой? Калі мы гулялі ў хованкі, ты хаваўся заўсёды вунь за той камодай. І цябе было лёгка знайсці. Прысаджвайся... Зараз зраблю гарбаты. Прыслугі ў нас няма – толькі кухарку часам наймаем. А ты добра выглядаеш, Вінцэсь, – нават цікавей, чым у юнацтве.
        У яго ледзь не сарвалася з языка крыўднае «Табе заўсёды падабаліся сівагаловыя ваяры». Але ён нават пачырванеў за такую думку. Ды й не надта тымі думкамі ён ад хвалявання валодаў. І больш не мог выцерпець няведання.
        – Я чуў, што ў цябе ёсць сын...
        Вальжына на хвілю супынілася з філіжанкай у руцэ.
        – Так. Я назвала яго Маркам – у гонар брата. Марка – маё жыццё, мой гонар. На жаль, не ўдалося даць яму добрую адукацыю, хоць ён вельмі разумны хлопчык. Ён ляснічы. Нядаўна ажаніўся, нявеста не багатая – унучка пана Арэхны, таго самага, у маёнтку якога арыштавалі майго брата. Але дзяўчына добрая, працавітая. Двое дзетак гадуюць – Любачку і Максіма.
        Вінцэсь нарэшце задаў пытанне, якое яго мучыла, і задаў як мага больш цвёрда, каб яна не магла ўхіліцца ад адказу:
        – Марка – мой сын?
        Вальжына моўчкі паставіла на стол дзве філіжанкі, паклала сурвэткі, потым прыйшла чарга вазачкі з печывам...
        – Вальжына!!!
        Яна глыбока ўздыхнула:
        – Ты хочаш ведаць, ці не ты – ягоны бацька? Паколькі ты адзіны мужчына, з якім я была за сваё жыццё, то адказ вядомы. Не вінаваць сябе ні ў чым, Вінцэсь. Я вырашыла сама – стаць тваёй у тую ноч. Я не дапускаю думкі, што памылілася, бо сёння са мною Марка. Але прашу аб адным – не спрабуй зыначыць жыццё. Не трэба варушыць мінулае.
        Дзесьці на званіцы храма ўдарыў звон, яшчэ раз, яшчэ... Вальжына перахрысцілася, гледзячы ў акно. Вінцэсь таксама паклаў на сябе крыж – нібыта развітваючыся з некім дарагім. Не, так нельга!
        – Вальжына, дарагая! Я нічым не мог памагчы вам увесь гэты час. Дазволь хоць цяпер зрабіць гэта. Дазволь даць сыну маё прозвішча! Згадзіся абвянчацца са мной. І няхай уся мая невялікая маёмасць стане вашай! Я нават магу зноў з’ехаць, калі табе брыдка на мяне глядзець. Толькі прымі для майго сына і маіх унукаў тое, што я магу ім даць.
        Вальжына неяк дзіўна засмяялася, як заплакала.
        – Мілы, бедны Вінцэсь! Куды мне пад вянец – сівой старэчы. Увесь павет рагатаць будзе. І сыну ўжо позна мяняць прозвішча. Ён – Рагманаў, Рагманавым і памрэ. Навошта яго трывожыць? Марка ведае, што ён сын героя, які загінуў за волю Айчыны. Прабач, але я доўгі час была пэўная, што ты загінуў. Так што – пакіньма ўсё, як ёсць.
        – Тады – проста прымі ад мяне дапамогу!
        Вальжына сумна пахітала галавой.
        – Дзякуй, але нам дапамагае, чым можа, айцец Андрэй. Мы не галадалі, хоць і не раскашавалі. А калі Марка пачаў атрымліваць жалаванне, стала і ўвогуле добра.
        – І ты зусім мяне не кахала? – пытанне вылецела мімаволі.
        У кабеты задрыжэлі вусны, і яна адказала ціха:
        – Не ведаю, дарагі... Напэўна, быў час, калі да гэтага ставалася вельмі блізка. Наша адзіная ноч – не падман. Хутчэй – сон, мроя... Калі б не клятае золата...
        І просьба-прысуд:
        – Не чапай тыя зліткі! Колькі чалавек з-за іх загіне, колькі лёсаў яшчэ з-за іх зламаецца! Не чапай...
        А пасля ён глядзеў у цёмныя вочы свайго сына, бачыў гэткую знаёмую ўсмешку – як у пана Антося, як у яго самога, усмешку Рашчынскіх. Марка глядзеў на госця з павагай і цікавасцю: стары сябра маці і дзядзькі-героя, пэўна ж, і сам герой. Дзеткі таксама ўдаліся цемнавокія – хоць галоўкі пакуль светлыя, русявыя... І Вінцэсь мог бясконца расказваць ім дзівосныя гісторыі пра вужыную каралеву і бурштынавы палац і паабяцаў падарыць сапраўднае цукерачнае дрэва і шкуру афрыканскага льва...
        Але не мог там заставацца. І, ідучы дадому праз Маскалёў лес, усё азіраўся назад, і ветах на раптоўна ачышчаным ад хмараў небе нагадаў фрэску на доме ру Віньён, вясёлы гоман кавярні, філасофскія дыспуты... Як гэта бясконца далёка! І – больш не патрэбна.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.