РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
5
        
5

        
        Хто даўмеўся пакласці ў труну цюльпаны? Кветкі абуральна жывыя, пяшчотныя і яркія, быццам дзіцячы малюнак. Здавалася, Артур зараз устане, адчуўшы дотык халодных сцяблінаў да сваіх рук. Ён жа быў такі нервовы, чуйны...
        «Быў...» Гаварыць пра яго ў мінулым часе – яшчэ трэба прывыкнуць. Паліна адвяла позірк. Бабулька ў чорнай хустцы сядзела на табурэтцы ля труны і чытала малітоўнік. Словы малітвы, здавалася, не ўзляталі, а апускаліся, як сухія пялёсткі, на падлогу, туды, дзе ўкленчыла Аксана. Былая жонка – яна заставалася адзіным блізкім Артуру чалавекам. І адзіным, хто мог сказаць, што па-сапраўднаму любіў памерлага. Паліна не вытрымала, падышла да сяброўкі, сілком прымусіла ўстаць, завяла на кухню – яшчэ шлях да могілак, а ў беднай і макавінкі ў роце не было, відаць, ад учарашняга дня. І не спала, мусіць, ад таго часу, як патэлефанавалі з міліцыі. Колькі іх, неапазнаных трупаў алкаголікаў ды наркотаў, знойдзеных на вулічных лаўках, у пад’ездах, у гарадскіх парках, знікае ў безыменных магілах. Гэтаму – пашанцавала. Над ім плачуць, не ўспамінаючы пра благое, і, вядома, вінавацяць сябе... Не даглядзелі, не ўбераглі, не дапільнавалі...
        – Кінь, Аксана! – Паліна сама ледзь стрымлівала слёзы. – Ну чым ты магла ўжо дапамагчы? Ты ж і так зрабіла ўсё магчымае і немагчымае. Алкагалізм – хвароба невылечная, і калі Артур сам не хацеў цягнуць сябе за валасы з дрыгвы...
        – Ён быў такі таленавіты! Такі высакародны! Такі самотны! – плакала Аксана, выціраючы рогам чорнай карункавай хусткі слёзы. Разумніца, шыкоўная брунетка, кахала, дзіця нарадзіла... Чаго Арціку не хапала, каб пераадолець стан няшчаснасці?
        – Ён жа прыходзіў да мяне перад... перад смерцю, – спавядалася Аксана. – Грошай прасіў... Казаў – не на пітво, а заказаць ксеракопіі нейкіх дакументаў. Казаў, расследаваннем цікавым займаецца. Нават папку прынёс... Папрасіў прыхаваць. І Вадзіку цацачную машынку прынёс... А я...
        Словы патанулі ў слязах. Паліна заспяшалася накапаць валяр’янкі ў кубак, але Аксана нецярпліва адпіла проста з бутэлечкі. І зноў залілася слязьмі, тлумачачы, што зараз успомніла, – гэтак жа апошнія месяцы рабіў Артур.
        – Два тыдні ў моргу праляжаў... Падабралі на сметніцы. Уяўляеш – на сметніцы! Такі розум, такі талент... Нават кніжкі не выдаў. Слухай, я хоць ягоную папку табе перадам, можа, надрукуеш што...
        – Аўтобус прыйшоў, – на кухню зазірнула Аксаніна маці. Вусны яе былі строга падціснутыя – Антаніна Васільеўна не збіралася маніць, праліваць слёзы перад гледачамі. Вядома, зробяць усё, як належыць, вядома, шкада чалавека, але колькі напакутаваліся ад яго... Хай Бог яму даруе.
        Могілкі, звычайныя, гарадскія, з шэрымі бетоннымі помнікамі, падобнымі на недабудаваныя трансфарматарныя будкі, з таненькімі кволымі дрэўцамі; аблічча святара – засяроджанае і прасветленае, як і належыць на вялікай урачыстасці – адданні душы небу; яркае веснавое сонца – душа не зблудзіць; парасткі травы ў чорнай урадлівай зямлі – быццам вітаюць новага пасяленца...
        Паліна не запомніла ні прачулых прамоў, ні памінак, што былі зладжаныя ў апусцелай Артуравай кватэры... Запала толькі ў памяць: на выцвілых шпалерах – яркія прастакутнікі, там, дзе віселі карціны. Быццам магільныя пліты. Вунь там быў партрэт Барбары Радзівіл, там – Уладзіміра Дубоўкі... А там, здаецца, самога Артура – ён сябраваў з многімі мастакамі. На пахаванне прыйшлі двое.
        Паліна прымусіла сябе выпіць некалькі кілішкаў гарэлкі. Таму толькі пад вечар наступнага дня ўспомніла пра сінюю папку, аддадзеную Аксанай.
        Артур усё-ткі заставаўся да апошняга навукоўцам. Толькі крыху дрыготкі почырк паказваў, што пісаў чалавек... ну, скажам, стамлёны жыццём. Запісы былі акуратныя, абведзеныя каляровымі алоўкамі, са спасылкамі на крыніцы... Нават з малюнкамі. Але які сэнс гэтых запісаў? Паліна гублялася ў здагадках. Вочы слізгалі па зацемках, спрэс пакрэсленых.
        «Lupus metallorum. Воўк металаў. Паглядзець у «Rosarium philosofum». Або Апалон Лікіас? Воўк як сімвал ранішняга сонца, бо можа бачыць ноччу. Звер бога вайны Марса. Параўнаць выявы».
        Рашучая рыса чырвоным атрамантам – і надпіс: «Усё-ткі воўк металаў. Сімволіка працэсу ачышчэння золата з дапамогай антымону: воўк глытае льва, каб яго вызваліць. Антымон – шэры воўк. Што такое антымон?!!» І выпіска на бачыне: «Познелацінскае antimonium – сурма».
        Што да чаго? Артур захапіўся міфалогіяй? Гісторыяй алхіміі? Далей – яшчэ больш незразумелае. «Паўночны спяваючы лебедзь – cugnus musicus. Ва ўмовах экстрэмальнага паніжэння тэмпературы цела (г. зн. калі замярзае) – крычыць незвычайным голасам: моцны высокі гук і больш слабы глыбокі трубны. Адсюль – лебядзіная песня. Запавет?» Яшчэ адна загадкавая зацемка: «Чаму ў руках у смерці – крыж?»
        Адгарнуўшы наступную старонку, Паліна ледзь не ўскрыкнула ад узрушэння: алоўкам была схематычна, але цалкам пазнавальна намаляваная... яе жабка. А калі Паліна прачытала напісанае пад малюнкам, узрушылася яшчэ больш: «У народных паданнях «грэшная рапуха» – увасабленне выратаваных «бедных душаў». Калі чалавек не выканаў пры жыцці тое, у чым пакляўся, ён мусіў пасля смерці ў абліччы рапухі выканаць абяцанае».
        Тыя самыя словы, якія сказаў ёй на развітанне скульптар з Вільні!
        Паліна, не чытаючы, прагартала астатнія лісткі ў папцы – таямніца вызірала з кожнай літары, вілася белай сцяжынкай між словаў, уплятаючы яе ў сіло непераадольнай цікаўнасці. На апошнім лісце не мелася тэксту. Там быў малюнак скульптурнай групы – старанна перамаляваны чорнай гелевай ручкай. Фігуры размяшчаліся на прастакутным узвышэнні. У цэнтры, над усімі – захутаны ў манаскую расу шкілет, кашчавы палец ягонай правай рукі паказвае на заціснуты ў левай крыж. У нагах у смерці воўк з ашчэранай пашчай навіс над параненым ільвом, які бяссіла прыпаў долу, прыўзняўшы галаву ў акуратных кудзерах, каб сустрэць сваю пагібель годна, вочы ў вочы. Далей можна было разабраць у спляценні фігур лебедзя, што рваўся ў апошні палёт. А вось жабкі сядзелі па баках пастамента... Як зразумела Паліна, жабак (або рапух – не хацелася іх называць гэтым словам) было чатыры, па адной у кожным куце.
        Паліна ўжо здагадалася, што разглядае малюнак надмагілля Вінцэся Рашчынскага. Цікава, адкуль Артур перамалёўваў? Надмагілле ж пачало руйнавацца неўзабаве пасля збудавання.
        Адказ знайшоўся на самім лістку: «Нац. архіў, фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дак. 131». Вядомае прозвішча! Магнаты, старажытны беларускі род. Мелі шыкоўны палац не так далёка ад Гарнушак. Якая сувязь у Станіслава Людвісара з Рашчынскім? Чакай, ці не згадвалася гэтае імя сярод паўстанцаў? Магчыма... Трэба будзе ўдакладніць.
        Але ж дзіўнае месца супакаення. Для чаго тут згрувашчана столькі фігур? Злавесная скульптура смерці – зразумела, а чаму – воўк, леў, лебедзь, жабкі? Дзіва што Артур зацікавіўся. Наўрад ці столькі старання і грошай было ўкладзена, каб увасобіць капрыз хворага ўяўлення: з мастацкага погляду ўвесь гэты каменны карагод быў безгустоўны, бязладны. Аднак у размяшчэнні выяў, у іх саміх адчувалася прадуманасць...
        Паліна зноў узялася за паперы, на гэты раз узважваючы кожнае слова. Артур відавочна лічыў, што ў фігурах надмагілля было схавана нейкае пасланне – «лебядзіная песня». Менавіта гэтым ён тлумачыў, што надмагілле бязлітасна руйнавалі. З фігурай лебедзя і смерці больш-менш зразумела – сімвал пасмяротнага запавету, а як наконт ваўка і льва? Паліна яшчэ раз перачытала: «Сімволіка... ачышчэння золата... воўк глытае льва, каб яго вызваліць...»
        Акрамя скульптур, надмагілле прыкрашалі і надпісы. На самім пастаменце кароткі надпіс-пытанне: «Qvis amas Amo». Прыблізна «Каго любіш, люблю». Або «Люблю, каго любіш ты». Дзіўнае сцвярджэнне падабенства густаў на магіле!
        Дзяўчына ўзяла з падваконня каменную жабку, пакруціла, перавярнула... Знізу ў скульптурцы круглая адтуліна – відаць, фігурка насаджвалася на адмысловае мацаванне. Зняў – і ўсё.
        І там жа, знізу, на жабцы змяіліся ледзь заўважныя літары: «TE». Можа, подпіс скульптара?
        Паліна яшчэ раз абгледзела жабку, водзячы пальцамі па халоднай спіне ў пухірках і выёмінках, – гэтак жа лашчылі гэты камень пальцы скульптара з дзевятнаццатага стагоддзя. Работа тонкая, старанная. На спінцы ўзор падзелены акуратнай лініяй, значкі нагадваюць руны... Дзіўны арнамент! І тут у калідоры нешта зашаргатала...
        О не, толькі не гэта! Вешалка для адзення, толькі ўчора чарговы раз прымацаваная Палінай, зноў збіралася абрынуцца на падлогу. Глухі ўдар пацвердзіў, што зламысны намер здзейсніўся.
        А Паліна яшчэ радавалася, калі набыла гэтую стылізаваную пад карчажыну рагульку! Абы не так, як ва ўсіх.
        Добра, што маці на працы, а то зноў пачала б наракаць, што ў доме няма мужчыны.
        Паліна кінулася прыладжваць вешалку на месца. Яшчэ можна паспець да прыходу маці – ранішні спектакль у ейным тэатры закончыцца ў два, пакуль прыме касцюмы (Марыя Апанасаўна працавала касцюмеркай), яшчэ гадзіна...
        Тэлефонны званок заспеў дзяўчыну, калі яна спрабавала начапіць непаслухмяную рагульку на толькі што замацаваны шруб. Нічога, каму трэба – ператэлефануюць. Аднак тэлефон званіў і званіў. Так што першай не вытрымала Паліна.
        – Алё... Я слухаю...
        Аксанчын голас гучаў так незвычайна, што Паліна імгненна забылася на вешалку, якая зноў уляглася на падлогу.
        – Артурава сіняя папка ў цябе? Ты яе чытала?
        – Так, вось толькі што гэтым займалася. Вельмі цікава, дарэчы...
        Аксана ледзь не зрывалася на крык:
        – Неадкладна вярні! Запакуй яе ў канверт... У цябе ж ёсць вялікі канверт, так?
        – Ну... А чаму?..
        – Не перабівай! – Аксана сапраўды крычала, як у істэрыцы. –Запакуй... Адрас не пішы... Ведаеш, дзе мая пошта? На рагу Камуністычнай і Кісялёва. Скрыня нумар сорак пяць. Укінь папку ў скрыню – і ідзі. І помні: ты яе не чытала, не бачыла. І ўвогуле нічога пра яе не чула. Ні ў якім разе не здымай копіі! Забараняю! Сорак пятая скрыня! Не пераблытаеш? Ідзі зараз жа!
        Паліна слухала сяброўку і халадзела: як лёгка страціць розум! Даперажывалася, небарака... На ўсе спробы супакоіць – крык:
        – Так трэба! Не пярэч! Пакляніся памяццю Артура, што зробіш, як кажу! Кляніся. Ну! Калі яшчэ і ты будзеш на маім сумленні...
        Што заставалася рабіць? Аксана не ў тым стане, каб з ёю спрачацца. Урэшце, і папка належыць ёй. Паліна апранулася так хутка, як магла, – нервовасць сяброўкі перадалася. Узялася за папку... І задумалася. Копіі не здымай! Што за глупства? Але не – ва ўсім Аксанчыным маналогу тут чуўся адзіны пробліск логікі. Сяброўка не хоча, каб Паліна працягвала даследаванне Артура. Чаму? Аксана ніколі не лезла ў навуковыя справы. Павыкладаўшы гісторыю ў школе, «наеўшыся» настаўніцкага жыцця, скончыла курсы візажыстаў і цяпер някепска пачуваецца ў прыватным салоне прыгажосці. Што ёй Гекуба, дакладней, Вінцэсь Рашчынскі?
        Урэшце, хто ведае дакладна, што ляжала ў папцы? Прачытанае засталося ў памяці, пасля занатуе, а вось малюнак надмагілля... Паліна, павагаўшыся, выцягнула з сіняй папкі аркушык і схавала ў шуфляду свайго пісьмовага стала. Нічога, прызнаецца ў злачынстве, як толькі Аксана прыйдзе да розуму.
        Ліў веснавы дождж, па-восеньску няўтульны і халодны. Паліна вярталася дадому з прыкрым адчуваннем пераможанай. А ў калідоры ляжыць непрыбітая вешалка... І маці, напэўна, ужо дома...
        Паліна зірнула на сваё акно – так, свеціцца. Стаяць бы вось так пад дажджом і ветрам і глядзець на асветленае акно... І ўяўляць, што табе няма куды ісці... Прыемная гульня, калі ведаеш, што цябе чакаюць у вітальні пухнатыя чырвоныя пантофлі.
        – Слухай, тут да цябе нейкі тып прыходзіў, – голас маці гучаў няўхвальна, што азначала – госць выглядаў зусім несамавіта і на ролю мужчыны ў доме ніяк не мог прэтэндаваць.
        – Які тып? – няўважна перапытала Паліна, страсаючы дождж з капелюша.
        – Ну што ты робіш? Зусім здзічэла, – уздыхнула Марыя Апанасаўна. – Чаму без парасона пайшла? Зараз гарбаты пастаўлю... А тып быў таксама без парасона. Мокры, як пацук, барадаты, патлы доўгія, сам даўжэзны – бітнік нейкі, відаць. Казаў, пазней яшчэ заявіцца.
        – Мама, бітнікаў даўно няма, – стомлена заўважыла Паліна, пераабуваючыся ў чырвоныя пантофлі. – Рокеры ёсць. Панкі... Рэперы... Гэтыя... скінхэды. Толькі скінхэды не валасатыя, а лысыя.
        – А як бы яны ні называліся, лысыя ці валасатыя – сутнасць адна. Збіцца ў зграю, адваяваць жыццёвую прастору, пазначыць месца вакол сябе – шалупіннем ад семачак, проста пляўкамі, лаянкай, гучнай музыкай, крамзолямі на сценах... Што хлапцы, што маладыя малпы, што пеўнікі... Адны курлыкаюць, другія ў грудзі сябе б’юць валасатымі кулакамі, трэція гітары аб калена ломяць...
        Маці працягвала гаварыць ужо на кухні. У дзверы пазванілі. І Паліна – дзверы наросхрыст...
        У прыцемку лесвічнай пляцоўкі – зноў лямпачку нехта выкруціў! – стаяў высокі прыгорблены мужчына і прыціскаў да грудзей нейкі скрутак... З доўгіх валасоў сцякала вада...
        На імгненне Паліна паверыла – Артур з каменнай жабкай... Не можа быць... Блёкат... Што яму трэба?
        – Я, мусіць, не ў час? – вінаваты голас не належаў прывіду. Паліна змусіла сябе зірнуць на госця... Віленскі скульптар! Ну так, яна ж пакідала яму візітоўку...
        Ад дурнога спалоху Паліна раптам пачала ўсхліпваць. І зноў – на вачах у гэтага няўклюды! Што ён пра яе падумае? Істэрычка!
        – Прабачце... Не звяртайце ўвагі...
        Госць пачаў нешта суцяшальнае мармытаць і працягваў ёй свой скрутак, як калісьці Артур. І Паліна ведала, што ў скрутку, пад чорнай цыратай, і зноў не ўтрымала дрыготкімі рукамі цяжкага каменя...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.