РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
13
        
13

        
        – А, дарагі пляменнічак завітаў! – гарнушкаўскі дзядзька Валянціна, шыракаплечы волат з пшанічнымі вусамі, спяшаючыся, адчыніў веснічкі. – Які гонар для нас, бедных вяскоўцаў!
        І магутным ударам у сківіцу адправіў дарагога пляменнічка на здзяўбаную курамі траўку.
        – Падлаед няшчасны! Добра, што брат мой, Нічыпар, не дажыў, каб пабачыць, як сынок магілы продкаў рабуе!
        Наступны ўдар па пляменнічку прадухіліў штурман Сымон, маланкава затрымаўшы дзядзькаву руку.
        – Спакойна, спакойна... За што вы яго?
        – Ды такога забіць мала! – Дзядзька сярдзіта тузануўся. – Пусці... Рукі ў цябе як абцугі... Гэта ж якое паскудства ўчыніў! – не зважаючы на лаянку абуранай віленскай «уладаркі», дзядзька звярнуўся да Паліны, якая, відаць, з усяе кампаніі выклікала ў яго найбольшы давер: – У мінулым годзе прыслаў гэты... свайго напарніка па фірме. Той дакументы паказаў – пляменнік ваш, кажа, даручыў могілкі абследаваць. Можа, каму з сваякоў трэба магілку паднавіць. У сябе яго пасялілі ды яшчэ трох апойкаў, прынялі як належыць... Паўсюль павадзілі... А ён з камандай, пакуль людзі ў полі былі, надмагільныя пліты, што з касцёла ацалелі, павыцягваў са скляпення, загрузіў у фуру ды звёз. Ды яшчэ з магілы маці нашай, гэтага нягодніка, Валянціна, бабулі, што гадавала яго, помнік прыхапіў, прыгожую такую пліту чорную. Нараніцу, як пабачылі, не было куды ад сораму падзецца. Табе што, матэрыялу на вашыя вырабы не хапала, каб табе зямля калом стала?
        Валянцін, які ўсё яшчэ сядзеў на зямлі, раптам пачаў неяк дзіўна рагатаць.
        Дзядзька разгублена зірнуў на Сымона і Паліну.
        – Можа, я яго замоцна стукнуў?..
        Сымон пакруціў галавой.
        – Здагадваюся, у чым справа. Думаю, дзядзька, што дарэмна вы свайго пляменніка вінаваціце...
        Ужо ў хаце, за накрытым сталом, дзядзька Міхась няёмка крактануў:
        – Ну, ты ўжо прабач мне, Валік. Але ж і сам вінаваты, што з дзярмом усялякім звязваўся.
        – Чалавек не нараджаецца дзярмом...– ціха прагаварыў Валянцін, гледзячы ў чарку, нібыта ў калодзеж. – Мы ж з дзяцінства сябравалі. Пазнаёміліся, калі мяне з пятага класа забралі ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат для адораных дзяцей. Валянцін Сцяпко сеў са мной за адну парту. Таксама сірата, з Вушаччыны... Але вясёлы, дасціпны.
        – Што, і праўда гэты паскуднік – мастак? – змрочна пацікавіўся Сымон.
        – Хацеў, ды не выйшла...– уздыхнуў Валянцін. – Я паступіў у інстытут на скульптуру. А яго нават у вучэльню не прынялі. Перажываў... Падаўся ў наргас, на бухгалтара, як і Дзіна, дарэчы. Яны аднакурснікі...
        Дзіна незадаволена ўсміхнулася:
        – Што, нерамантычная ў нас прафесія?
        – Ну чаго ты? – разгубіўся Валянцін. – Я зусім не ў крыўду. Вось і Сцяпко нібыта саромеўся, што ён бухгалтар, а не мастак.
        – А чаго тут саромецца? – не ўразумеў дзядзька Міхась. – Самая лепшая праца! У нас калі хто на бухгалтара вывучыцца – ого! Разумнік! Я б сам лепш не заатэхнікам, а бухгалтарам быў. А мастак – цьху... Прыязджалі вунь былі ў вёску практыканты з вучэльні. Жыла адна ў нас на кватэры. Блытаецца са сваёй дошкай па палях, сядзе пры дарозе, малюе пад дажджом, прыйдзе мокрая, як варона... От работа!
        А Паліна змагла толькі аднойчы крадма ад спадарожнікаў усміхнуцца скульптару, якога ёй зноў было невымоўна шкада, – што ж гэта за злы геній такі ў яго, нейкі злавесны двайнік? І Валянцін усміхнуўся ў адказ куточкам рота. Паліну трохі ўсцешыла, што пасля ён не кінуў трывожнага або вінаватага позірку на сваю «ўладальніцу». Ну і гульні! Не хапае толькі веера, якім іспанкі падавалі таемныя знакі палкім ідальга.
        Праўда, на жаль, на палкага ідальга Валянцін аніяк не падобны.
        Вёска Гарнушкі калісьці бачыла лепшыя часы. Меліся школка, амбулаторыя, крама, у якую час ад часу можна было зайсці... Але палова хатаў пазірала на свет сляпымі вачыма забітых вокнаў. За вёскай святлеў самотны двухпавярховы дом з белай цэглы – чорныя прагалы на месцы выбітых шыбаў надавалі яму падабенства з чэрапам волата. Гадоў пяць таму тут паспрабаваў адзін узяцца за фермерства. Ага, як жа... Гарнушкаўцы, ад старшыні да пастуха, ведалі, як належыць ставіцца да «паноў». То сена ў новаспечанага фермера згарыць, то авечкі здыхаюць адна за адной немаведама чаго... А як падатковая інспекцыя ўзялася!.. Так і кінуў небарака гаспадарку.
        ...Рэчка з вясёлай назвай Лялёўка бегла па чорных камянях у абдоймы далёкіх салёных хваляў, буслы з году ў год сяліліся на воданапорнай вежы, а на Купалле з пакручастага берага скочваліся падпаленыя аўтамабільныя пакрышкі з хвастамі чорнага смярдзючага дыму... Вёска была як вёска, учэпістая і працавітая, і паміраць пакуль не збіралася.
        Дзверы ў дзядзькаву адрыну, прыстасаваную пад сховішча непа-трэбных рэчаў, адчайна рыпелі, абараняючы вільготную цемру схо-вішча ад бессаромных промняў. Вядома, відовішча не надта выкшталцонае – старыя начоўкі суседзяць з дзіцячым вазком, люстэрка, падобнае на саслеплае вока, – са скруткамі руберойду... І ўсё прыкрашае пыл і павута.
        Дзядзька Міхась кіўнуў у той бок, дзе ў прыцемку грувасцілася нешта дзіўнае, прыкрытае рыззём:
        – Вось усё, што ўдалося забраць з матчынай хаты...– і, павярнуўшыся да гасцей, патлумачыў: – Хату ж маці хацела вось на яго, унука, адпісаць, але ёсць у нас адзін... сваяк... Дык і прысабечыў, выпрасіўся ў маці. Нібыта братам трэба яго лічыць, але я не святы, не магу. Добра хоць, што не родны насамрэч – прыёмны.
        – Адкуль жа ён узяўся? – зацікавілася Дзіна.
        Дзядзька неахвотна патлумачыў:
        – Працавала з маці на ферме адна кабета, па п’янцы загінула, ды як страшна – увалілася ў гнаярню. Ні мужыка, ані радні... Родам з Саматыяў, Варанецкая прозвішча. А Варанецкія ўсе – п’янь ды валацугі. Ды яшчэ казалі, ад паліцая дзіця прыжыла. Можа, і ад партызана, як сама сцвярджала, – не ведаю. Але Саматыі ў вайну палілі, трыццаць жыхароў сагналі ў адрыну і... Дзеці, жанчыны, старыя... Ды яшчэ што страшна – свае палілі, паліцаі. Быў такі Піліп Лухверчык, камандаваў, звяруга. Так што ў нас памяць яшчэ балючая, і калі на каго хоць падазрэнне, што з паліцаямі звязаўся, не даруюць. Вось і з’ехала Варанецкая ў суседнюю вёску. Ніхто з той бабай ды яе адроддзем знацца не жадаў. Наша маці і ўсынавіла сірату... На сваю галаву. Ад гнілога дрэва не чакай добрага плода.
        – Дзядзька Міхась, не трэба...– паспрабаваў спыніць гаворку Валянцін.
        – Вось і пяць гадоў таму ты гэтак: «Не трэба, хай жыве»... Падаў бы ў суд – адсудзіў бы ў турэмшчыка хату. А то ўся вёска пакутуе. Утварыў клуб для п’янюгаў. Так што туды лепш не хадзіце.
        Дзіна зацікавілася была магчымасцю адхапіць нерухомасць, але Валянцін вельмі цвёрда папрасіў яе не ўмешвацца, аж збялеў, нібыта чарговы раз атрымаў поўху. Віленская бухгалтарка злосна ўсміхнулася і падкрэслена абыякава пайшла да свайго бліскучага, як чорны марскі каменьчык, джыпа, вакол якога ўжо круціліся цікаўныя малалетнія гарнушкаўцы. Вось і добра... Паліна кінулася да скарбаў скляпення. Валянцін і Сымон рушылі за ёй.
        Калі прывыкалі вочы, цемра аказвалася пераможанай: яе праціналі частыя тонкія лёзы промняў са шчылін у сценах. У пыльным святле паўставалі дзіўныя відарысы: крыж з чорнага мармуру, пры-хілены да сцяны, а на ім развешаны рыбацкі нерат... Каменны слупок з паглыбленнем наверсе – відаць, чаша для святой вады, што калісьці стаяла ля дзвярэй касцёла... Сымон прыпыніўся ля яе, задумна пагладжваючы гладкую паверхню, што памятала, можа, мільёны багавейлівых дотыкаў.
        – Святыя рэчы... Як было пакідаць на здзек? – чамусьці вінавата патлумачыў ад увахода дзядзька. – Можа, калі яшчэ прыдадуцца... Аднаўляюцца ж храмы. Так што пашукайце, як маеце інтэрас. Там камяні нейкія цікавыя – сыны мае папрыносілі, як былі малыя, замест цацак. Як касцёл узарвалі, дык усялякага ў друзе было.
        – А вось і спавядальня з бабулінай каморы! – узрушана прамовіў Валянцін, прабіраючыся паўз Паліну ў глыб памяшкання. Спатыкнуўся і ледзь не паваліўся на дзяўчыну, паспеўшы абаперціся рукамі аб сцяну. На імгненне Паліна апынулася ў ягоных абдоймах.
        ...Імгненне, як храм са светлымі купаламі, з якога не хацелася вяртацца ў неабаронены трывожны свет...
        Што за глупства! Хіба гэты няшчасны няўклюда, прададзены, як на нявольніцкім рынку, уладнай прыгажуні, здольны кагосьці абараніць?
        Валянцін мармытнуў: «Прабачце...» і адышоўся, як паранены, – цікава, Паліне толькі падалося, ці і насамрэч ён зачырванеўся?
        Урэшце, навошта падманваць сябе – нібыта яна не адчувае асаблівых адносінаў да сябе Валянціна...
        І калі ім, адносінам, не дадзена перарасці ў нешта адчувальнае (а гэта менавіта так), дык ці варта мэнчыцца?
        – Вось яна, бабуліна жабка!
        Валянцін трымаў у руках шэрую цяжкую пачварынку. Сапраўды, у скульптара была фатаграфічная памяць: тая жабка, што ён падарыў Паліне, была дакладнай копіяй гэтай. Нават яшчэ лепшай. Бо арыгінал выявіўся пашкоджаным так, нібыта бедную жабку шкуматалі паўтара стагоддзя каменныя буслы. Паліна перавярнула фігурку: літары «tе».
        Сымон таксама зірнуў:
        – Ну вось, дзе былі, там і застаемся. Шукайце, шаноўная паненка, новую тэму для дысертацыі... І ўвогуле – нашто вам тая дысертацыя? Дзетак лепей за ўсё нараджаць да трыццаці...
        Скульптар няёмка кашлянуў і адышоўся. Паліна злосна зірнула на антыфеміністычна настроенага штурмана, шукаючы годнага адказу, але не паспела яго прамовіць.
        – Зірніце, гэта, падобна, таксама з надмагілля Рашчынскага! Той самы стыль, – скульптар працягваў спадарожнікам нейкі абломак.
        – Ваўчыная лапа! – узрадавалася Паліна. – Вядома, адтуль. Але нейкая дзіўная... Слухайце, на ёй чалавечыя пальцы! Што гэта, пярэварацень быў? Ваўкалак? Трэба яшчэ пашукаць... А вось гэта што?
        У руках у яе апынуўся круглы аскалёпак з лупатым вокам... Яшчэ адна жабка!
        Праз гадзіну настойлівых пошукаў знайшліся яшчэ чатыры фрагменты ад жабкі, кавалак ваўчынай морды, яшчэ адна лапа...
        Вядома, аднавіць фігурку жабкі было немагчыма, але галоўнае, што на сподзе разглядалася літара «u», відаць, «аru», ад «Alb-аru-te-nia».
        Калі ў сярэднявечнай Германіі паміраў гаспадар дома, бліжэйшы сваяк хадзіў па доме і злёгку штурхаў кожную рэч, кожны мех з жытам – каб і яны ведалі, што гаспадара больш няма.
        Рэчы памятаюць сваіх былых гаспадароў і захоўваюць іх дотыкі.
        Паліна гладзіла шурпаты камень, і ёй здавалася, нібы яна дакранаецца да нечае рукі. Рукі вельмі засмучонага чалавека, якую хочацца затрымаць у сваёй, выказаць спачуванне...
        Чым валодае чалавек? Мінулага – ужо няма... Будучыня – не настала. А той эфемерны адрэзак цяперашняга, над якім ён уладны, дзе ён можа рабіць свой выбар між злом і дабром, – які ён? Імгненне? Доля імгнення? Ці яго... зусім няма, а мы заціснутыя, як паддо-следныя мікраарганізмы, між двума шкельцамі – мінулага і будучыні, і наперадзе – вясёлкавы туман, а ззаду – бясконцая перспектыва карцін, што чым далей, тым больш цьмяныя, скажоныя, непазнавальныя... І нават тое, што вось-вось было, здаецца, можаш дакрануцца, – ужо аддзеленае непрабівальнай паверхняй... Ніхто ў Гарнушках не памятаў Рашчынскіх.
        І Паліне яшчэ больш захацелася вярнуць памяць пра сумнага філосафа з сінімі вачыма.
        У дзядзькавай хаце зумкала самотная муха, упарта пазбягаючы бліскучай ліпкай стужкі, падвешанай дзеля яе, мушынай, пагібелі на лямпе. Людзі, патэнцыйныя забойцы мухі, сядзелі пад лямпай укруг стала, засланага абрусам нахабна жоўтага колеру.
        – А як памерлі твае бацькі, Валянцін? – Штурман Сымон адарваўся ад чарадзейства над картай, раскладзенай на жоўтым абрусе, – здавалася, быццам усё, на стол пакладзенае, плавіцца на патэльні з яешняй. Штурман, як і абяцаў, спрабаваў накрэсліць таемны маршрут, узяўшы за пачатковую кропку, па агульным рашэнні скарбашукальнікаў, надмагілле Рашчынскага. Пакуль што ўсе разлікі завяршаліся пасярод поля, дзе расла бульба.
        Валянцін, які прыткнуўся на канапе побач з Дзінай, зноў уладарна-пяшчотнай, коратка ўздыхнуў:
        – Як бацькі загінулі? Недарэчнасць... Бацька рабіў паліцы для кніг – ён быў выкладчыкам літаратуры, і загнаў сабе трэску некуды ў бок. Лета, горача, ён без кашулі... Драпіна і драпіна... Нічога небяспечнага. Але пачалося заражэнне крыві... Мне гады два было. Не памятаю нічога. Ну а маці яшчэ пяць гадоў пажыла. Адразу пасля смерці бацькі з’ехала са мною з вёскі ў горад, да сваякоў. Працавала на трох працах – нянечкай у садку, куды мяне ўладкавала, вечарам – там жа вартаўніком... Ды яшчэ лесвіцы мыла ў пад’ездзе... Усё спадзявалася мяне гараджанінам зрабіць. Дамаглася пакойчыка ў інтэрнаце... І не вытрывала. Інсульт. Ну а тады мяне забрала бабуля. А потым – мастацкая школа...
        – Ну што ты, Валік, зноў кінуўся ва ўспаміны, – незадаволена падала голас Дзіна. – Кожны мусіць сам будаваць свой лёс і не лезці ў яміны мінулага, з якіх удалося выкараскацца. Давайце лепш, раз на прыроду выбраліся, дзе-небудзь пасядзім, шашлычкі пасмажым. Дарма, ці што, з сабою мангал цягнула і вядро з мясам?
        Сымон варожа зірнуў на прыгажуню:
        – На прыродзе трэба сузіраць прыроду, а не жэрці.
        Дзіну, аднак, засмуціць было не так лёгка.
        – Ой, толькі не кажыце мне пра вегетарыянства. Звераняты, птушаняты... Усё роўна вымрам як жывёльны від, таму трэба браць ад жыцця натуральныя прыемнасці. Валянцін, ідзі папрасі ў дзядзькі дроў. Паедзем на той пагорачак з сасной, што за вёскай. Цудоўная мясцінка! А потым, з новымі сіламі, зноў пашукаем вашага скарбу.
        Валянцін кінуў вінаваты позірк на Паліну і, як належыць прыгоннаму, паслухмяна, хоць і панура, пайшоў выконваць загад.
        Дзядзька Міхал чамусьці ўсхваляваўся, даведаўшыся, дзе менавіта збіраюцца ладзіць пікнік. Чаму заманулася маладзёнам на тую Крыжовую гару? Ёсць іншыя месцы. Вунь пад дубам за вёскай. Ці на ўваходзе ў Маскалёў лес, за шашой, нават альтанкі і сталы пабудавалі. І да рэчкі зручна спускацца...
        Паліну нездарма лічылі добрым даследчыкам. Яна ўмела распазнаць, дзе хаваецца нешта цікавае. І дзядзьку Міхалу не ўдалося адчапіцца ад настырнай дзеўкі (а з выгляду такая выкшталцоная!), пакуль не распавёў усё, што ведаў.
        У пагорка была кепская слава. Калі папраўдзе, дык лічыўся ён праклятым. І дрэва, што на ім, лічылася праклятым. Хочаш звесці каго са свету – вазьмі кавалак кашулі непрыяцеля і навяжы на сасну. На Дзяды сядзь пад сасною на Крыжовай гары – убачыш, як той, хто мусіць хутка памерці, шарай гадзінай будзе кружыць вакол цябе і кружыць, пакуль не растане... І, вядома, менавіта там збіраюцца ваўкалакі з усяго Маскалёвага лесу.
         Ваўкалакі, як зразумела Паліна з дзядзькавых аповедаў, у наваколлі Гарнушак былі адметныя – больш падобныя да людзей, чым да ваўкоў, высозазныя, з калматымі галовамі, і пашчы ў іх дзве – адна там, дзе ў чалавека рот, а другая – праз увесь твар, ад правага вока да падбароддзя. І калі ваўкалак чалавека ўкусіць другой пашчай – той сам ператворыцца ў ваўкалака і будзе разам з іншымі пачварынамі давеку золата вартаваць. Якое? А тое, што ў Крыжовай гары закапанае.
        Як толькі прагучала слова «золата», віленская гандлярка падскочыла да суразмоўцаў. Але дзядзька толькі пасмяяўся. Якое там золата? Каб было, даўно выкапалі б. Ахвотнікаў хапала... Бачылі, колькі ямінаў? З боку рэчкі нават экскаватар падганялі, пясок браць. Палову гары былі знеслі, і нічога... Адно карэнне ў зямлі.
        Аднак у легендзе пра ваўкалакаў нешта мелася... Паліна яшчэ раз паглядзела на каменную ваўчыную лапу з чалавечымі пальцамі. Цікава, што ці хто паслужыў прататыпам легендзе? Чаму ваўкалак – на надмагіллі? І чаму – Крыжовая гара?
        – А бабуля казала, крыж калісьці на ёй стаяў. Стары-стары. Камсамольцы ў трыццатых газай аблілі ды спалілі, – патлумачыў дзядзька.
        Крыж! Ці не той, які на першай жабцы пазначаў пачатак таям-ніцы? Паліна раптам успомніла і фразу-пытанне з Арцікавых запісаў: «Чаму ў руках у смерці – крыж?» Напэўна, вось разгадка!
        На Крыжовую гару выправіліся ўсе. Сымон у нязменнай чорнай майцы і джынсах, даўгалыгі Валянцін у льняной кашулі, побач з ім, учапіўшыся за ягоную руку, джынсавая Дзіна, зграбная, нібыта шахматная фігурка... Апошняй караскалася на гару Паліна, адпрэчыўшы штурманавы памкненні дапамагчы слабой кабеце. Так і бачыла сябе збоку – у недарэчнай доўгай спадніцы, са скручанымі ў вузел валасамі... І з упэўненасцю, што выглядае – дурніца дурніцаю і паводзіцца адпаведна.
        На вяршыні мелася ўтульная яміна, парослая белай дзяцелінай. Стары пень, хоць счарнелы, струхлелы, заслаўшы цыратай, можна было прыстасаваць пад столік. Што і зрабіла Дзіна ды пачала гаспадарліва раскладаць прывезеныя прысмакі.
        – У мяне чамусьці ўражанне, што прынёс фарбаваныя яйкі на магілу продка, – змрочна прагаварыў Валянцін. – Нешта не падабаецца мне гэтая мясціна. Мы і малымі сюды ніколі не хадзілі.
        – Чаму? – няўважна папыталася Паліна, азіраючыся па баках таксама з нейкім нядобрым пачуццём.
        – Дарослыя страшылі – правалішся ў яміну.
        Дзіна няўхвальна зірнула з-за спіны:
        – Лепей шашлыкі рабіце.
        Паліна глядзела праз карункавае вецце сасны на аблокі, і здавалася, што і сасна, і Крыжовая гара плывуць некуды ўдалеч, у бездань часу, і вось-вось з’явіцца з іншага берага, аддзеленага плынню часу, нечая постаць і чалавек у чорным сурдуце, з сумным суровым тварам схіліцца ў шляхотным паклоне:
        – Вітаю паненку...
        І вочы ў яго будуць сінія-сінія, як гэтае неба...
        – Каго любіш?
        – Люблю Беларусь...
        – Ну дык узаемна!
        Палініны мроі перарваў спакойны голас Сымона:
        – Не думаю, што скарб закапалі тут. Гэта ўсё роўна што красці каравай з вясельнага стала, калі ўжо госці ўселіся. Але як кропка адліку – цалкам магчыма.
        – Праўда? – зацікавілася Дзіна.
        – Па ўсім відаць, што аўтар сваё пасланне разлічваў на далёкі час, каб не знікла. Каменнае надмагілле – гэта не аркушык... І як арыенцір чалавек мусіў выбраць нешта такое, што праіснуе сотні гадоў і не страціць свайго значэння, застанецца адметнасцю. Накрэслены на жабцы крыж мусіў у мясцовага чалавека адразу выклікаць пэўныя здагадкі.
        – Як здорава! – Светлакосая гандлярка нават забылася на прыгатаванні да пікніка. – Значыць, мы хутка знойдзем запаветнае месца?
        Сымон, скрыжаваўшы рукі на грудзях, глядзеў некуды ў палі.
        – Пакуль што мы дайшлі ў разгадцы вунь да таго плота, што каля лесу.
        – А далей? – не цярпелася Дзіне. Праўду кажуць, што азарт – заразная штука.
        – Далей – магла б распавесці чацвёртая жабка... Калі яна існуе. Далей – гэта ў радыусе двухсот метраў... Можа, вунь пад тым дубам... Ці ў тым калодзежы... Або пад тым хутарам... А мо ажно вунь там, дзе нейкі слуп?
        – Няўжо нельга вызначыць, абследаваць? – расчаравалася і Паліна.
        – У вас ёсць пад рукой узвод-другі салдат з металашукальнікамі, паненкі? Не? Ну тады...
        Камень прыляцеў аднекуль справа, з густога кустоўя. На шчасце, Сымон паспеў прыгнуцца і Паліну за сабой тузануў.
        Шэры кавалак нянавісці быў шпурнуты з такой моцай, што ўмяў траву ў глебу, быццам абцас жаўнерскага бота.
        Дзіна віскнула.
        – Прэч адсюль! – Сымон бегма пусціўся з гары, цягнучы за сабой Паліну. – Маці маіх будучых дзяцей павінна застацца жывой і здаровай!
        – Што?!! Я не збіраюся...– задыхана паспрабавала запярэчыць Паліна, але Сымон не даў ёй выказаць абурэнне:
        – Спакойна, дзяўчынка... Я ж сказаў – буду чакаць, колькі трэба...
        Унізе гары, на дарозе, якая праглядалася скрозь, яны аддыхаліся. Зверху спускаліся Валянцін, нагружаны пакункамі, і Дзіна, страшэнна абураная, калі меркаваць па жэстах. Паліна нарэшце асэнсавала, што адбылося... І здзівілася. Сымон раней не здаваўся ёй баязліўцам.
        – Паслухайце, а чаго мы, уласна кажучы, уцяклі? Ну, шпурнуў камень нейкі блазнюк... Нас жа многа! Чаго баяцца?
        – Усё, нашы росшукі скончаныя. – Сымон напружана паглядаў па баках, нібыта вычэкваў новага нападу. – Неадкладна дадому, а жабак – на сметніцу!
        Паліна на гэты раз вырашыла выказаць усё, што думае, пра дэспатычны мужчынскі характар... Але штурман аніяк не ўразіўся.
        – Спакойна. Вы проста не ведаеце. Ваш Артур, які таксама жабкамі займаўся, не сваёй смерцю памёр. Мне адзін палкоўнік сказаў. Нехта пачаставаў клафелінчыкам. А ў вашага знаёмага – сэрца хворае.
        Паліна схаладнела, але паверыла адразу. Няўжо дзесьці ў падсвядомасці здагадвалася? Але змірыцца з пацверджаннем было цяжка.
        – Не можа быць...
        – Міліцыя проста важдацца не захацела. Падумаеш, алкаш...
        – Але чаму? Хто?..
        – Можа, на гэта мог бы адказаць той, хто кінуў у нас камень?
        Над шэрымі дахамі гарнушкаўскіх хатаў ужо садзілася цяжкое і чырвонае, як певень, жнівеньскае сонца, так што здавалася, нязграбныя дахі прагнуцца, раструшчацца пад ягоным спякотным цяжарам.
        Валянцін, устрывожаны, як і Сымон, умольна глядзеў на Паліну.
        – Пакіньце гэтыя росшукі! Я ж расказваў вам пра дзядзьку ў белым капелюшы, які надмагіллем Рашчынскага цікавіўся, пакуль яму галаву не прабілі. Паехалі дадому...
        Паліна незалежна абвяла вачыма няўдалых мужчын.
        – Што ж, вялікі дзякуй за дапамогу. Чацвёртую жабку я знайду сама. Урэшце, можа, і без гэтага абыдзецца – мы ж яшчэ гэтак мала распыталі, перагледзелі архіваў.
        – Правільна! Справу трэба даводзіць да канца! – нечакана падтрымала Дзіна. – Давайце сюды праз тыдзень зноў выберамся – у мяне якраз справы на Беларусі.
        Валянцін нешта горача зашаптаў сваёй «уладальніцы». Відаць, адгаворваў, але тая толькі пагладзіла яго па плячы, як дурное несвядомае дзіця.
        І ўжо калі яны збіраліся ад’язджаць, нагружаныя шчодрымі вясковымі дарункамі і няяснай трывогай, да джыпа наблізіўся няголены мужык, у запэцканай марынарцы, і правыў-працадзіў:
        – А другога дзядзькі, значыцца, пляменнік ведаць не хоча... Круты ў мяне плямяш. На машынах ездзіць. Зямлю грызці гатовы за чужую капейчыну. Дык у зямлю і ляжаш, боўдзіла дурное.
        Джып ужо ад’ехаў ад дзядзькавай хаты на адлегласць сабачага брэху, а Паліне ўсё чуліся няўцямныя змрочныя пагрозы. Відаць, чуліся і Валянціну – сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу.
        І Паліне чамусьці падумалася, што і для Вінцэся Рашчынскага Гарнушкі былі варожымі і няўтульнымі. Але чаму, чаму? Гэтае бяспамяцтва, ганьба надмагілля, пракляты ўзгорак, ваўкалакі з дзвюма пашчамі, камяні, што вылятаюць з гушчару... Кабета падумала, што давядзецца туды вяртацца, і яе мімаволі затрэсла ад раптоўнай тугі і страху.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.