РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
17
        
17

        
        Апошнія дні лета выдаліся сухімі, як прысак пакінутага вогнішча. Трава пад нагамі не шапацела, а ламалася і калолася неміласэрна. У сухмені спявалі свае адчайныя серэнады цвыркуны. Калісьці ў падобную казюрку ператварыўся прынц Тытон, якому закаханая багіня золку Эас выпрасіла бессмяротнасць, ды забылася даць вечную маладосць.
        Што можа бяссілая старасць? Толькі цвырчэць, стракатаць, наракаць на жыццё... І толькі маладосць можа так весела крочыць насустрач сваёй смерці.
        А вось жабкі не сустрэлася па дарозе да лесу ніводнай.
        Старажытныя кітайцы лічылі, што ў чалавека дзве душы, і адна палавіна – у выглядзе жабы.
        Паліне здавалася, што тая, жабіная, палавіна перамагла – і ў грудзях цяпер варочаецца нешта халоднае і цяжкое. Асабліва пры поглядзе на Валянціна, які моўчкі ішоў наперадзе, несучы рыдлёўкі, шчыльна загорнутыя ў цырату (няма чаго спакушаць тутэйшы народ «залатой ліхаманкай»). За ўвесь час, што ехалі ў Гарнушкі, Валянцін не прамовіў ні слова, не кінуў на Паліну аніводнага, хоць крадма, пагляду – сядзеў наперадзе спакойны, з каменным тварам. Толькі стрымана ўсміхаўся час ад часу радаснай, як чэрвеньскі рамонак, Дзіне, што вяла машыну. А можа, і праўда ён не пакутуе – чаму Паліна вырашыла, што Валянцін абавязкова мусіць быць закаханы ў яе? Але ад гэтай думкі, што павінна была б супакойваць сумленне, рабілася яшчэ горш. І там, у машыне, хацелася скінуць з каленяў гэткую жаданую, акуратна ўгорнутую ў хустку чацвёртую жабку-брамніцу і змусіць сумнага чалавека на пярэднім сядзенні джыпа зноў усміхнуцца так па-дзіцячы шчыра, як умеў толькі ён.
        Позна.
        – Гэта тут, – змрочна прамовіў Сымон, які нарэшце замест чорнай майкі з’явіўся сёння раніцай у чырвонай кашулі з кароткімі рукавамі і нязменных джынсах, ад чаго нагадваў аперэтачнага каўбоя.
        Паліна агледзелася. Звычайная палянка на ўскрайку лесу, зарослая верасам і зверабоем. Непадалёк – крушні з камянёў, што паскідвалі з калгаснага поля. Ну а заадно мясцовы люд пазносіў туды й адкіды нашай вартай жалю цывілізацыі – пластыкавыя бутэлькі, парваныя шыны, паржавелы каркас газавай пліты, жалязякі незразумелага прызначэння, анучы, косткі жывёлаў... Вядома, не выкапнёвыя. Жоўты каровін чэрап усміхаўся прыхадням, як хэлоўінскі гарбуз.
        – Вы не памыляецеся? – з сумнівам перапытала Дзіна.
        Сымон паціснуў плячыма.
        – Паўтара стагоддзя мінула, мадам. Перапытаць няма ў каго, – і агледзеўся па баках з цалкам зразумелай грэблівасцю. – Паганае месца... У мяне чамусьці адчуванне – быццам я вярнуўся ў тыя не лепшыя хвіліны, калі ў рубку прасочваецца гідраўлічная вадкасць і стаіць атрутны белы туман, так што ніводнай кнопкі на пульце не відаць, а над галавой – паўкіламетра рамантычнай салёнай стыхіі, і ты быццам жабка пад абцасам.
        Дзіна капрызліва варухнула вуснамі.
        – Што вы страхі тут вынаходзіце! Лепей пачынайце капаць.
        Валянцін некалькі разоў з сілай усадзіў у сухі мох рыдлёўку.
        – Зямля як каменная. Нечапаны дзірван. Я думаю, мы ўсё-ткі памыляемся. Месца сапраўды нядобрае.
        – Чаму? – насмелілася задаць пытанне Паліна, надаўшы голасу як мага болей абыякавасці.
        Валянцін адказаў гэтак жа абыякава, гледзячы некуды ўбок:
        – Ні грыбоў ніколі, ні ягад... Ды яшчэ пад канец вайны партызаны тут некалькі паліцаяў расстралялі, і Лухверчыка, здаецца, таксама. Бабуля называла гэтае месца Падла. Сюды, на ўскраек лесу, спакон веку зносілі з вёскі смяццё ды падлу – усялякую здыхляціну.
        – «Спакон веку»... Ды хіба памяць чалавечая на спакон веку разлічаная? – скептычна фыркнула Паліна. – Па ўласным досведзе скажу – яшчэ што бабуля апавядала, трохі памятаюць, а далей – «легендарная эпоха». Тры пакаленні, лічыце, гадоў шэсцьдзесят пра падзеі расказваецца хаця б пазнавальна. А далей факты і асобы ператвараюцца ў прывідаў. Ну вось хоць дзіцячыя прыпеўкі... Ці гульні... У Англіі дасюль ёсць такая гульня – перадаваць адзін аднаму падпалены скрутак паперы са словамі «Жывы, курылка». У чыіх руках дагарыць, хто выпусціць «курылку» – прайграў. А насамрэч за гэтым – ведаеце, што? – забабонныя сярэднявечныя расповеды пра жахлівыя норавы секты маніхейцаў, якія падчас сваіх абрадаў нібыта перакідвалі адзін аднаму ў рукі параненае іншавернае дзіця – у чыіх руках памрэ.
        – Фу! – скрывіліся Дзіна. – Я заўсёды казала – трэба жыць прасцей. А то можна ва ўсім разгледзець старажытныя жахі. Нават у гэтай сметніцы. Ты яшчэ скажы, што «ідзе каза рагатая» – ад рытуальных забойстваў.
        – Вельмі падобна, што так, – сур’ёзна адказала Паліна.
        – Цьху! – віленская гандлярка шчыра зарагатала. – У мяне бабуля была, дачка пастара. Нават улетку хадзіла ў капялюшыку, у пальчатках і з парасонам. Дык дасюль памятаю, як мяне вучыла – калі глядзіш у люстэрка, за сваім прыгожанькім тварам умей уявіць чэрап, пустыя вачніцы, аголеныя зубы... Тое, што насамрэч ад цябе застанецца. А то гардыня ў пекла завядзе. Вось і ты такая чокнутая! А бабуля, дарэчы, памерла ад таго, што адмовілася даць агледзець сябе ўрачу-мужчыну. Ганьба! А самой – восемдзесят, і ўстаўная сківіца плавае ў шклянцы на тумбачцы побач з ложкам. Камедыя! Так што не расказвайце страшылкі – капайце.
        Валянцін пакорліва ўсадзіў рыдлёўку ў дзірван... Але праз паўгадзіны нават Дзіна прызнала – нешта не тое... Не падобна, каб тут штосьці маглі схаваць. Сымон падумаў, пералічыў нешта... І пошукі перасунуліся метры на тры ў глыб лесу. «Ну, калі не тут – можаце закапаць мяне», – сумніўна пажартаваў штурман.
        Паліна сядзела проста на сухім верасе, страсала з сябе мурашоў і чарговы раз дакаралася, што не надзела джынсы. Ну каму ў лесе трэба яе шляхецкая сукенка ў дробныя карычневыя кветачкі? Хіба мурашам і камарам – зручна кусаць за ногі. Дурніца ты, дурніца... Па кім сумуеш, чаго? Нядаўна па Стасю сохла.. Сёння ж?.. Сама сябе не разумееш – а хочаш спазнаць увесь свет.
        Паспрабавала сесці зручней і выцялася аб камень. Кавалак цэглы, урослы ў зямлю... А вось яшчэ з моху выглядвае чырвоны вугал цагліны, ступлены часам... Няўжо тут калісьці было збудаванне? Відаць, было – бо хутка рыдлёўкі застукалі аб камень.
        – Падмурак нейкі... – задыхана прагаварыў Сымон, абвесціўшы перапынак.
        Дзіна напружана ўглядалася ў выкапаную яміну, нібыта ўжо спадзявалася ўбачыць там залатыя манеты.
        – Падобна на рэшткі капліцы, – зазначыла Паліна.
        «Уладарка» захвалявалася.
        – Вось што, хлопчыкі, у мяне ў машыне яшчэ дзве рыдлёўкі... Дакладней, адна невялікая лапата і савок. Зараз прынясу. І мы з Палінай вам дапаможам. Праўда, Паліначка?
        І пабегла, толькі светлыя косы матляліся ў паветры. Як лісіны хвост.
        Вось табе і «залатая ліхаманка»...
        Дзесьці ў глыбіні лесу пракувала зязюля. Паліна нават не паспела загадаць – колькі будзе жыць, як вяшчуння змоўкла. Нібыта некаму засталося зусім нядоўга пакутаваць у гэтым не найлепшым са светаў. Між тым праца распачалася з падвойнай сілай... Хаця не, гэта перавелічэнне, наконт іх з Дзінай высілкаў, але ўсё-ткі хутчэй. Паступова паказаліся рэшткі цагляных сценаў, пліты падлогі... Каплічка (ці нешта іншае) была зусім невялікая – можа, два на два метры. І не з каменю – з крохкай цэглы. Дзіва што нічога ад яе не засталося на паверхні зямлі. Паліна падазравала, што цаглінам тутэйшыя сяляне яшчэ стагоддзе таму знайшлі лепшае скарыстанне.
        – Ды тут пасярэдзіне магільная пліта! – расчаравана працягнуў Сымон. – Трывожыць чужыя косці – не мая справа.
        Скульптар падтрымаў:
        – Давайце на гэтым скончым.
        Ага, так вам эмансіпаваныя кабеты і здадуцца!
        Пакуль іншыя адпачывалі, перакусваючы прыхопленымі гаспадарлівай гандляркай прыпасамі, Паліна агледзела пліту. Літары, забітыя зямлёй, чыталіся з цяжкасцю:
        – «Ганоры... Аляксандр... Раш-чынскі...» Рашчынскі! Тут магіла аднаго з продкаў Рашчынскага! Памёр у 1796 годзе ад Нараджэння Хрыстовага. Васемнаццатае стагоддзе! Дзвесце гадоў каплічцы. Цікава, чаму ён пахаваны тут, ля дарогі? Не ў радавым склепе?
        Паліна ліхаманкава дастала з сумкі, закінутай у кусты, запаветную папку. Так, вось радавод Рашчынскіх... Вікенцій Рашчынскі... 1841–1894... Апошні з роду. Яго бацька, Антоні Рашчынскі – 1813–1862. Дзед, Лявонцій – 1780–1841. Пра дзеда Лявонція пазнака – удзельнік вайны на Балканах. Ага, вось ён, Ганорый Аляксандр – 1757–1796. Пра яго нічога не вядома.
        На нагрэты сонцам камень выскачыла шэрая маленькая яшчарка. Замерла на хвілю – і тут жа знікла ў траве. Паліна ўспомніла, што яшчарку старажытныя хрысціяне атаясамлялі з душой. Яна магла выслізнуць з рота соннага чалавека, падарожнічаць, потым – вярнуцца...
        Чыя душа падарожнічала па свеце ў выглядзе гэтай яшчаркі? А можа... таго, хто спіць у гэтай магіле?
        – Ну што, дзе будзем капаць? – змрочна прагаварыў Сымон.
        – Вядома, дзе – трэба паглядзець пад плітою. – Дзіна была вясёлая і ўпэўненая. – Скарбы часта хавалі пад магільнымі плітамі!
        – Гэта грэх, – азваўся Валянцін. – Рабаваць магілы!
        Паліна трохі разгубілася. Вядома, грэх... Вядома, нядобра... Але вяртацца ні з чым!..
        Дзіна выказала гэта ўслых.
        ...І ўрэшце – пахаванню дзвесце гадоў! У горадзе могілкі зараўноўваюць куды раней. Ды ў нас зямля такая – куды ні ступі, ходзіш па чыёйсьці магіле.
        Сымон дастаў нож і расчысціў краі пліты. Цяпер трэба было падважыць... Ну хаця б вунь той жалязякай, падобнай да кавалка рэйкі.
        З чорнае адтуліны пацягнула – ці падалося, што пацягнула? – халодным цвілым паветрам, мёртвым, якім толькі і магло быць паветра магілы. Ліхтарыка, вядома, ні ў кога не аказалася – хто мог падумаць, што яркім сонечным днём спатрэбіцца ліхтарык? Нават запальнічак не мелася – сучасныя скарбашукальнікі вызнавалі здаровы лад жыцця. Добра, у Дзіны былі запалкі – у спадзеве на тое, што ўсё-ткі ўдасца прыгатаваць шашлычкі. Сымон скруціў з нейкага рыззя падабенства паходні і асцярожна спусціўся ўніз па стромых прыступках. За ім, вядома, скочыла Паліна. Дрогкае полымя асвятліла невялікае памяшканне, дзе можна было стаяць толькі сагнуўшыся. Ля сцяны – каменны саркафаг.
        – Ну, што там? – крыкнула зверху Дзіна.
        – Труна тут, і ўсё, – спакойна крыкнуў Сымон.
        – А што ў труне?
         Сымон ледзь не вылаяўся, і невядома, што яго ад гэтага больш устрымала – прысутнасць пекнай жывой паненкі або сатлелага нябожчыка. Паліна прагна аглядала ўсё навокал. На падлозе, чорнай ад вільгаці, нейкае ўзвышэнне. Дзяўчына папрасіла Сымона ніжэй апусціць паходню, якая, дарэчы, невыносна смярдзела...
        На падлозе сядзела каменная жабка! Яе пукатыя вочы ўмольна пазіралі на прыхадняў, лапкі малітоўна складзеныя...
        Паходня апошні раз успыхнула, і Сымон кінуў яе на зямлю, затоптваючы іскры.
        Цяпер была пэўнасць, што яны не памыліліся. Дзіна, ламаючы кустоўе, падагнала бліжэй джып, і Сымон з Валянцінам умудрыліся зладзіць асвятленне. Паліна анічога ў гэтым не разумела – але лямпачка на канцы провада, апушчанага ў скляпенне, загарэлася.
        Жабку не прымацоўвалі да каменнае падлогі, але яна нібыта прырасла да яе за столькі гадоў – ледзь ададралі. Паліна пачысціла нажом каменную спінку. Там быў высечаны вялікі крыж. А на сподзе, вядома, літары...
        Аd nomine Аlbarutenia
        У імя Беларусі...
        – Тут таксама пліта ў падлозе! – крыкнуў Сымон. – Якраз дзе жабка сядзела.
        Пліта, на якой сядзела жабка, была не зусім плітой – расколатым напалам валуном. Здавалася, гэтую глыбу немагчыма вывернуць... Аднак уражанне аказалася падманлівым – скол каменя быў дастаткова тонкі, каб маглі падняць два дужыя мужчыны...
        ...Пад плітой – насланыя гнілыя дошкі. А пад дошкамі – скрыні. З адмысловага дрэва. Прасмоленага, абабітага металічнымі палосамі – дзеля доўгага захоўвання. І страшэнна цяжкія. Сымон і Валянцін ледзь выцягнулі адну... Ададраць накрыўку таксама аказалася няпрос-та. Нарэшце ў вузкай шчыліне бліснула спакуса.
        Вось яно, золата паўстання. Дзесяць скрыняў.
        Дзіна кінулася на шыю Валянціну са шчаслівым крыкам:
        – Цяпер зажывем! Будзеш скульптуры ліць з бронзы! Усю Вільню скуплю!
        – Чакайце! – запярэчыла Паліна. – Гэта трэба, мусіць, аддаць дзяржаве. А нам – чацвёртая частка...
        Дзіна зазлавала:
        – Ну ты дурная! Начыталася «Дванаццаці крэслаў», маўляў, знайшоў вартаўнік дыяменты, а на іх Палац культуры пабудавалі. Ачомайся. Дзе жывеш? Раскрадуць і дзякуй не скажуць, а табе сто баксаў за клопаты. Давайце зносіць у машыну. І не хвалюйцеся – у мяне надзейныя сувязі, з намі расплоцяцца, як належыць, падзелімся па справядлівасці.
        Сымон пагардліва плюнуў.
        – Пачынаецца... Я цябе папярэджваў, Поля, – будзе паскудства. Мяне можаце не ўлічваць. Дармовага багацця не бяру.
        Скрыні адна за адной з’яўляліся на паверхні зямлі.
        – Пачакайце...– Паліна адчувала, што свет яе рушыцца. – Гэта ж грошы не нашыя! Гэта грошы паўстанцаў, змагароў за волю народа. І ў нас ёсць іх запавет. Скарыстаць у імя Беларусі! Мы – нашчадкі, нам і выконваць!
        – Ага. Зараз закуплю зброі і пайду вызваляць вашу Беларусь... Толькі падкажы, ад каго, – раз’юшылася Дзіна. – Вы ж ад уласнай дурасці вызваліцца не можаце. Колькі разоў спрабавала наладзіць сумесную фірму – аблом. На хабар чыноўнікам трэба столькі, што можна яшчэ адну фірму заснаваць. І не трэба спіхваць на «сістэму». Усе баяцца новага, усім лянота думаць пра заўтра – толькі б ухапіць кавалак сёння і ўначы пад коўдрай зжэрці. Каб не дзяліцца і ніхто не пазайздросціў. Ты хоць раз бачыла тут у пад’ездах кветкі? Не? І не ўбачыш. Мая сяброўка пагасцявала ў мяне на Жыгімонтаса, вярнулася – і ў сваім пад’ездзе паслала дыванок, паставіла гаршчэчкі з расадай... Як ты думаеш, што яна назаўтра знайшла? Правільна, толькі трошкі бруду ад нечых чаравікаў. Зладзіць добрае прыватнае прадпрыемства – хіба не будзе на карысць краіне?
        – Дзіна, мы самі ведаем недахопы свайго народа, – спыніў «уладальніцу» Валянцін. – У нас усялякага хапае... І ляноты, і жлобства... Але мы яшчэ здольныя і на ідэалізм. Іначай і гэтае золата не засталося б нескарыстаным. І калі я маю права на долю... Няхай маё дастанецца Паліне. Вы ж паклапоціцеся пра помнік Рашчынскаму, праўда, Паліна?
        – Ніякага права на долю ты не маеш! – «уладальніца» злосна звузіла светлыя вочы. – Ты забыўся – у цябе няма і не можа быць нічога без мяне! Усё – наша. Ты слова даваў.
        – Я трымаю слова. Не хвалюйся. – Валянцін рушыў па апошнюю скрыню...
        І Паліне стала так балюча, што наступнае прамовілася само, і дурны гонар быў недарэчы гэтак жа, як доўгая сукенка ў лясных зарасцях.
        – Паслухайце, Дзіна... Вы казалі, што ў Валянціна доўг – пятнаццаць тысяч...
        – Заплаціць за яго хочаш? – пагардліва спытала Дзіна. – Позна, даражэнькая. Тое, чым я дзеля яго ахвяравала, даражэй каштуе.
        – Ну, у такім выпадку забірайце ўсё! На ягоны рахунак... Валянцін! Чуеце? І... бывайце. Я паеду на аўтобусе.
        Паліна, стрымліваючы слёзы, дастала з кустоў сумку.
        – Вось гэта па-нашаму! – узрадаваўся штурман Сымон. – А на сваіх дзяцей мы заробім!
        – Паліна, пачакайце! – Валянцін, кусаючы вусны, павярнуўся да «ўладальніцы». – Здаецца, раб мае права хоць раз на год падаць голас? Нават свята такое адмысловае было ў Старажытным Рыме – Луперкаліі. Ты атрымала столькі, як я ніколі табе не зараблю. Навошта я табе цяпер? Можа, прадала б мяне?
        – Што ты пляцеш! «Раб», «прадала»... Нібы ў клубе садамазахіс-таў. Ты – мой каханы! – Дзіна ўчапілася за свайго скульптара, як тапелец за выратавальную дошку. – Я – твая гэтак жа, як і ты – мой. Толькі я магу даць табе каханне, клопат, пяшчоту! Валянцін! Успомні ўсё, што нас звязвае! Я кахаю цябе, Валянцін!
        – Мілая, добрая, ну зразумей жа – нельга прымусіць чалавека быць шчаслівым. – Скульптар пакутаваў горш за «ўладальніцу». – Я не кахаю цябе. Давай разлічымся з маімі крэдыторамі, скінем з сябе цяжар пагрозы і перастанем мучыць адно аднаго.
        – Сволач!
        Звонкая поўха была не горшай за тую, якой узнагароджвалі сваіх няверных каханкаў усе тэмпераментныя дамы ўсіх эпох. Валянцін, нібы не заўважыўшы ўдару, паглядзеў на Паліну...
        І яе нібыта пацягнула да яго неадольная сіла...
        Такім атрымаўся іх першы пацалунак – з прысмакам жнівень-скай спёкі, з горыччу ўласнай віны.
        Побач хіснулася нечая постаць – Сымон адвярнуўся ў бок вёскі...
        Дзіна не збіралася здавацца.
        – Ты забыўся, што цябе адпусцілі з той умовай, каб працаваў у маёй фірме? Калі я дваццаць пятага чысла не заплачу чарговую тысячу даляраў і не пацверджу, што гэта зарабіў ты і жывеш пад маім наглядам, – мяне заб’юць. І, ведаеш, мне нешта расхацелася плаціць...
        Валянцін адарваўся ад вуснаў Паліны – і нейкі час адчувалася, што ён не ўспрымае рэчаіснасць, ап’янелы ад раптоўнага шчасця. Але паступова сэнс пагрозы ўсвядоміўся.
        – Дзіна, гэта проста дурноцце. Цяпер тысяча даляраў для цябе – не праблема.
        – Калі ты так лёгка адкінуў мяне дзеля нейкай чокнутай развя-дзёнкі, дык чаму цябе непакоіць, што станецца са мной?
        Цвыркуны адчайна стракаталі-галасілі, нібы на цвыркуновым пахаванні.
        Валянцін пакруціў галавою, быццам спрабаваў скінуць ачмурэнне.
        – Чаго ты дамагаешся, Дзіна?
        – Сядай у машыну. Паедзем.
        Упэўненага тону «ўладальніцы» не вытрымаў нават штурман.
        – Не кабета – стыхія, – і звярнуўся з парадай да Валянціна: – Яны часта любяць палохаць, маўляў, разлюбіш – атручуся, з балкона скінуся... Чым болей ім паддаешся – тым цяжэй вызваліцца.
        – Ну дык што, будзеш правяраць, ці я наважуся не плаціць? Думаеш, усё так проста – узяў і сышоў? Твае крэдыторы могуць на першы раз цябе, між іншым, проста загрузіць у багажнік і прывезці да мяне, калі даведаюцца, што ўцёк. Ці адразу мяне прыкончаць – я ж абяцала, што нікуды цябе не адпушчу. Ну! Думай хутчэй! Клянуся – не сядзеш зараз у машыну, плаціць не буду! Без цябе не хачу жыць! Магу зараз жа аддаць ёй яе долю! Выкідвай дзве скрынкі з машыны! На, забірай! І трэцюю магу аддаць! І чацвёртую!
        Дзіна выглядала, як скандынаўская валькірыя – «апошняя з норнаў, што прыносіць смерць». Яна раз’юшана тузала скрыню са зліткамі, спрабуючы выкінуць з машыны. Паліне нават стала страшна – вось што значыць выраз «чалавек, здатны на ўсё». Валянцін пагладзіў Паліну па валасах дрыготкай рукой, пацалаваў у лоб... Адышоўся, не зводзячы з дзяўчыны вачэй.
        – Любая, гэта – часова... Ёй проста цяпер крыўдна. Яна супакоіцца. Пачакаем да дваццаць пятага. Ты разумееш, я не змагу жыць, ведаючы, што з-за мяне нехта загіне... Я не магу так абысціся з чалавекам, які выратаваў мяне самай дарагой цаной. І без цябе я таксама не змагу жыць. Я вярнуся, любая.
        Паліна моўчкі ківала галавой, пагаджаючыся. І глытала слёзы. Валянцін, больш нічога не гаворачы, пайшоў і сеў у машыну.
        Штурман лёгенька крануў Паліну за плячо:
        – Не перажываў, усё да лепшага. Ануча ён. У каханні няма кампрамісаў. Яна ніколі яго не адпусціць, ён ніколі не сыдзе... А ты будзеш мучыцца. Навошта?
        «Уладальніца» між тым чамусьці не спяшалася ад’язджаць – можа, сапраўды хацела супакоіцца. Узялася праціраць лабавое шкло...
        Справа, нібы чакала дзесьці побач, на шалёнай хуткасці пад’ехала машына. Таксама джып. Толькі большы, з зацемненымі вокнамі, амаль як ваенны...
        І выскачылі з яго сапраўды ваенныя... Спецназаўцы ў плямістых камбінезонах, высокіх зашнураваных чаравіках, з аўтаматамі...
        – Усім стаяць! Рукі за галаву!
        Адзін з нападнікаў, з шырокім абветраным тварам і класічна перабітым носам, махнуў чырвонай кніжачкай.
        – Капітан Фёдараў! Група «Альфа»! Што ў машыне?
        Другі ваяка паспеў паглядзець.
        – Скрыні, падобна, што з залатымі зліткамі, таварыш капітан!
        – Так-так, прысвойванне скарбу... Захацелі дзяржаву падмануць? Перагружайце ў нашу машыну, хлопцы. А вы, усе – стаяць!
        Трое хлопцаў-малойцаў пачалі подбегам, згінаючыся ледзь не да зямлі, пераносіць скрыні, быццам жукі-скарабеі камячкі гною. Чацвёрты, у цёмнай шапцы-шлеме з проразямі для вачэй, высунуўся са спецназаўскага джыпа, каб прасачыць за пагрузкай. Усё было ціха, па-дзелавому. Нават Дзіна не верашчала абурана, як можна было чакаць.
        Паліне падалося, што яна трапіла ў адзін з тых кепскіх крымінальных серыялаў, якія любіла глядзець маці. Адна надзея – зараз пойдзе рэклама і замест амбалаў у камуфляжы пакажацца прылізаны нахабны клоун з парашком «Тайд», які адмывае нават застарэлыя плямы ад крыві, і ўсе змогуць апрануцца ў белае. Асабліва нябожчыкі.
        – Таварыш Фёдараў! – вельмі спакойна звярнуўся да камандзіра Сымон. – Я – капітан другога рангу Грынеўскі. Ці магу яшчэ раз зірнуць на вашае пасведчанне?
         Мардасты капітан паблажліва дастаў сваю кніжачку, паказаў здаля, схаваў...
        – Ну што, упэўніўся, капітан?
        – Упэўніўся, – гэтак жа спакойна сказаў Сымон. – Памылачка выйшла, калега. На такое пасведчанне трэба здымацца ў форме.
        І, як адпушчаная спружына, з сілай ударыў камандзіра абедзвюма нагамі ў жывот, перакаціўся па траве...
        – Бяжы ў лес, Паліна! Гэта бандзюгі, ім сведкі без патрэбы! Не бойся, у іх не аўтаматы – муляжы.
        Далейшыя падзеі да Паліны даходзілі, як праз сон. Вядома, яна нікуды не пабегла, толькі, штурханутая адным з камуфляжных, апынулася на зямлі. Сымона малацілі ўтрох... Ці Сымон малаціў траіх, круцячыся, як фокстэр’ер сярод медзвядзёў? Валянцін рынуўся на дапамогу, вырваўшыся ад Дзіны, якая злосна гарлала:
        – Не лезь! Няхай гэты прыдурак атрымае сваё! Не ўвязвайся, і ўсё абыдзецца!
        Паліна нарэшце ўсвядоміла жах, які тварыўся каля яе.
        – Перастаньце! Няхай забіраюць гэтае клятае золата!
        Але мужчыны размаўлялі на сваёй мужчынскай мове, лупячы адзін аднаго гэтак жа, як лупілі адзін аднаго мільёны гадоў падобныя да іх гома сапіенсы. Памылка прыроды! У кожнага жывёльнага віду ёсць мяжа, закладзена – не забіваць свайго насмерць! Калі звяры мераюцца сілай між сабой, то рогі, іклы, кіпцюры не ўжываюць так, як з ворагам або здабычай. Адзін чалавек не мае ані рагоў, ані іклаў, ані кіпцюроў, а на штучную зброю прырода абароны не паставіла...
        – А гэты аўтамат – сапраўдны! – Мужчына ў чорнай шапцы-шлеме выйшаў з джыпа, скіраваўшы страшную цацку на скарбашукальнікаў. Не гаворыць – сіпіць, як застуджаны...
        Адзіночны стрэл суха шчоўкнуў, нібыта зламалася галінка. Узвілася змейка пяску.
        – Рукі за галаву! Легчы на зямлю, падлы!
         Сымон неахвотна падняў рукі і ўпаў, падкошаны ўдарам аднаго з раззлаваных «мядзведзяў». А Валянцін і так ужо ляжаў, збіты на горкі яблык. Над ім галасіла Дзіна, прыкладаючы насоўку да скрываўленага носа сваёй «маёмасці».
        – Нясіце астатнія скрыні, і паехалі! – прасіпеў чалавек у шапцы, які, падобна, і быў тут галоўным.
        Валянцін рашуча адхінуў рукой Дзіну, прыўзняўся і звярнуўся зусім спакойна да таямнічага камандзіра:
        – Прывітанне, Валянцін. Табе варта было б яшчэ надзець і пальчаткі. Татуіровачка твая піжонская здалёк відаць.
        Кісць левай рукі галоўнага абвівала каляровая вытанчаная змейка. Камандзір сцягнуў шапку, з асалодай абцёр спацелы твар, скептычна паглядзеў на сваю руку і прамовіў нармальным, нават прыемным барытонам:
        – Трэба ж... Пагарэзнічалі ў маладосці, а цяпер на ўсё жыццё – праблема. Ну, прывітанне, напарнік.
        Сымон тузануўся, але бяссіла замёр пад скіраваным на яго дулам аўтамата.
        Паліна на ўсе вочы глядзела на злавеснага двайніка віленскага скульптара. Калі папраўдзе – дык нічога злавеснага ў ім не было. Каржакаваты, кароткія цёмныя валасы, вочы, як чорны алей, грыбастыя вусны... Сапраўды, трохі падобны да Адрыяна Чэлентана... Пабітага беларускай бульбай у калгасным клубе. Хоць глядзеў такім ужо пераможцам – як смык над скрыпачкай.
        – Дык вось адкуль у Дзіны аказалася чацвёртая жабка...– змрочна зазначыў Чарапавіцкі. – Ты перадаў?
        – Здагадлівы! – усміхнуўся напарнік. – Дзе – дурань дурнем, а дзе здагадлівы. Аднаго не ведаеш – я тады ў Гарнушках не адзін быў, а з прыпыленым навукоўцам Артурам. Студэнт былы ягоны ў мяне падпрацоўваў, вось і парэкамендаваў. Ваш Артур сядзеў якраз без працы, і жонка сышла. Гатовы быў хоць вартаўніком, хоць грузчыкам. Я яму сказаў – трэба на рэстаўрацыю магільныя пліты забраць. Пашкадаваў «біча», былога інтэлігентнага чалавека... А ён запіў, падла, як толькі да сельмага дайшоў. Павезлі назад, паклаўшы паўзверх тых плітаў. Відовішча... Затое на падпітку расказаў нешта. Ён увогуле, як пачне гаварыць пра гісторыю – хоць выключальнік да яго прымацоўвай. Але тут я прасёк – справа цікавая. Шыфры, скарбы... Жабку я сам знайшоў, выменяў у адной бабулькі за батон.
        – Гэта вы забілі Артура? – выгукнула Паліна.
        Напарнік толькі незадаволена скрывіўся.
        – Ды каму трэба было яго забіваць! Проста пасля вяртання з Гарнушак ён стаў хавацца і асцерагацца. Ад усяго адмаўляўся. Але паспеў распавесці мне пра ліст... Як яго... Людвісара.
        – Той ліст, які вы скралі з архіва? – удакладніла Паліна.
        – А як жа было яго пакідаць? Я адно дзіўлюся з вас, навукоўцаў. Гэта ж колькі дабра ў вас пад носам прападае – шукайце толькі, супастаўляйце, аналізуйце... Той ліст акрамя п’яніцы Артура за ўвесь час існавання архіва нікому не спатрэбіўся. А Людвісар у ім наракае, што мільён рублёў золатам недзе марнуецца, а золата належала калісьці Людвісарам, і што Рашчынскі сквапнік і недарэка і мог бы падзяліцца, раз сам не здольны скарыстаць... Ну і іншае. Мы хацелі толькі разгаварыць вашага Артура, паглядзець ягоныя паперкі – паўсюль жа з сабою цягаў... А тут на табе – аблом. Выпіў – і адключыўся. І пачарнеў, як баклажан. І паперак няма – пасля ў жонкі выкупілі, і то прыстрашыўшы. І жабка ягоная знікла. Так што дзякуй табе, – напарнік насмешна пакланіўся Валянціну. – Думаеш, Дзіна дарэмна падказала жабак ляпіць на продаж? Жабак сваіх ляпіў, на жабку дзяўчыну злавіў. На дзяўчыну сам запаў... Вось і ўсё знайшлося.
        – А навошта вы ў нас каменне шпурлялі, калі мы былі на Крыжовай гары? – пацікавілася Паліна.
        Напарнік толькі плячамі паціснуў.
        – Гэта не да мяне прэтэнзіі. Нічога не ведаю.
        – Дык вы ад пачатку з Дзінай хаўрусаваліся... – задумліва прагаварыў Валянцін. – А я думаю – чаго гэта яна на ўсе авантуры так ахвотна пагаджаецца... Адпускае мяне ў Мінск... І вось золата адбіраеце, дзяліцца ні з кім не трэба, і Дзіна зноў бедная, і мне трэба далей гарбаціцца на ейных кліентаў. Ведаеш, колькі я анёлкаў за гэтыя тры гады «наваяў» для прыкрасы маёнткаў? Мармуровае неба засяліць можна!
        Дзіна нешта гаварыла, абяцала, нагадвала, але Валянцін не слухаў, упарта адварочваючыся.
        Напарнік насмешна зірнуў на былога сябра.
        – Каханне, мой дружа! Дзеля кахання жанчына гатовая на ўсё.
         Сымон ірвануўся наперад, як чырвоная пантэра. Двое амбалаў ледзь стрымлівалі яго.
        – Каханне!.. А помніш Святлану з «Папараць-кветкі»? Перакладчыцу, якой мазгі пудрыў пра сваю геніяльнасць? Калі ты мужык – выходзь біцца сам-насам! Я – ейны муж!
        – Толькі мне й спраў, што памятаць усялякіх дурніц! – пагард-ліва кінуў напарнік. – Яшчэ біцца з-за нейкай самадайкі... Не перажывай, мужык, – я доўга ні з воднай не быў.
        Пасля гэтага ніякія сілы не маглі стрымаць штурмана. Ён раскідаў камуфляжнікаў і...
        Напарнік выстраліў проста з перапуду. Гэта было відаць па тым, як ён сам спалохаўся выніку. Вусны, трасучыся, паўтаралі:
        – Блі-ін... Чаго ён палез... Халера...
        Паліна кінулася да Сымона, які ўпаў тварам у спякотнае неба, – на вуснах з’явіліся чырвоныя пухіры. Кроў... І плямы на грудзях... Чырвонае на чырвонай кашулі... Гарыбальдзійцы спецыяльна апраналі кашулі такога колеру, каб ніхто не заўважаў ран. Відаць, лёгкія прабітыя. Паліна паспрабавала прыўзняць галаву параненага, з другога боку намагаўся неяк даць рады Валянцін... Дыханне вырывалася з грудзей штурмана сутаргава, са страшным хрыпам... Ілжэкапітан Фёдараў таксама схіліўся над параненым, выпрастаўся, з прыкрасцю зазначыў:
        – Усё, гамон... Маем трупец.
        – Ты ж мне абяцаў, што будзе ціха! – з Дзінай зрабілася сапраўдная істэрыка. Яна раз’ятрана кідалася на забойцу і трэсла, як дарагое футра, якое, як выявілася, за зіму пабіла моль. – Што цяпер рабіць! У мяне бізнес! Мне ліцэнзію трэба пераафармляць! Ідыёт! – і раптам амаль спакойна, па-дзелавому: – Усё, я нічога не ведала пра твае намеры, ты падступна напаў на нас, каб адабраць скарб, які мы везлі здаваць дзяржаве. Разбірайся з трупам сам. Валянцін, паехалі. І ты, разумніца... Робім ногі.
        Напарнік злосна раздзьмуў ноздры.
        – Вось як? Нічога не ведала! Сама ўсё прыдумала, а цяпер – на мяне зваліць? Ну, раз так, дык так. Сумленніца! Гераіня! – і звярнуўся да Валянціна: – Хочаш ведаць, хто твой сапраўдны крэдытор? Каму належалі грошы па тых накладных? Ды вось ёй, Дзіне!
        – Не слухай яго! – віскнула Дзіна, але напарнік толькі злосна зарагатаў.
        – Ну і павесяліў ты мяне, дружа! Гэта ж трэба быць такім дурнем! Ну хіба табе ў чэрапаўку не прыйшло – якая справа рэкецірам, хто ім грошы заплоціць? Нашто дамова, каб ты стаў прыгонным гэтай сцярвозы? Мы ж з ёй разам справы праварочвалі. Прыдумана тонка! Яна бачыла, які ты сумленны, сабой мог рызыкнуць – але не чужым жыццём. Ты ж нават не ведаеш, які попыт на твае скульптуры! За пару месяцаў вунь на такі джып зарабляеш. Праўда, Дзіначка? А на піва яна табе хоць выдзяляла час ад часу?
        – Што ты плявузгаеш? – раўнула Дзіна. – Ён меў усё, што хацеў!
        – Відаць, не ўсё.
        Валянцін адштурхнуў Дзіну, якая прыліпла да яго з апраўданнямі, і, з цяжкасцю вымаўляючы словы, звярнуўся да былога напарніка:
        – Слухай, я ўсе гэтыя гады хацеў папытацца... Чаму ты так са мной абышоўся? Я ж нічым цябе не пакрыўдзіў...
        Твар напарніка нібы абсунуўся, застарэлая нянавісць бліснула ў масляністых вачах.
        – Ты сам з сабою «абышоўся»! Раней ты быў – усё, а я нішто. Цяпер – абмяняліся. А якія амбіцыі ты меў! Выкладчыкі карагодам хадзілі: «Надзея, надзея...» А чаго ты насамрэч варты? Нават Богам дадзены талент, за дзесятую долю якога іншы б жыцця не пашкадаваў, – спляжыў! «Ах, не ўсім быць Мікеланджэла». Як я пагарджаў табою, калі ты згадзіўся на маю прапанову рабіць помнікі! І я назіраў, як ты апускаешся, з радасцю... Так, але і з болем. Табе гэтага не зразумець. Ты – проста няўдачнік. Ніхто. Наложнік багатай дамы, які жыве з ейнай літасці. Ніжэй апусціць цябе было цяжка.
        Напарнік амаль крычаў, яго трэсла, як ад болю, і яго зласлівая радасць сапраўды была з прымешкам пакуты.
        – Я не вінаваты, што ты не застаўся ў мастацтве...– ціха прагаварыў Валянцін.
        – Шэф, ад новапрастаўленага пазбавіцца б... Можа, у той склеп яго й засунуць? – умяшаўся ў гаворку ілжэкапітан. – І гэтым раты б пазакрываць...
        Валянцін ускінуў галаву і жорстка зірнуў на напарніка.
        – Я не дазволю табе так абысціся з целам чалавека, чыйго пазногця ты не варты! Можаш забіць мяне таксама – маўчання ад мяне не дачакаешся.
        Сонца хілілася пад цяжарам сваёй спёкі да далёкай вёскі. Напарнік пачаў нервова перагаворвацца са сваёй камандай. Дзіна час ад часу нешта дадавала ад уласнай істэрыі...
        Паліна гэтага не чула – яна стаяла на каленях каля Сымона, трымаючы яго цяжкую халодную руку ў сваёй, і сутаргава ўсхліпвала... Няўжо сапраўды – памёр? Раптам штурман захрыпеў...
        – Ён яшчэ жывы! – ускочыла Паліна. – Ён жывы!
        Напарнік падбег да параненага, нахіліўся...
        – Сапраўды, жывы! Мацак! Ну, вось што... Грузіце яго ў машыну! Хутка! Завязу ў адну бальніцу... Там у мяне ўсё куплена, урачы – акадэмікі. З таго свету выцягнуць і пытанняў задаваць не будуць. Месца ціхае, адасобленае. Пад аховай... Ды не бойцеся – я жулік, а не забойца. Вядома, языкі будзеце трымаць на прывязі і праз колькі часу атрымаеце назад свайго сябра зацыраваным.
        Сымона асцярожна паклалі ў ваенны джып.
        Дзіна закрычала:
        – Пачакай! Я перадумала! Аддавай маю долю цяпер жа!
        Напарнік раздражнёна крыкнуў:
        – Ды скіньце вы ёй пару скрынак! Няхай задушыцца.
        – Не пару, а пяць!
        Першая скрынка, прыадчыненая, з грукатам ударылася аб зямлю. Накрыўка адкінулася, і на сухую траву ўпаў залаты злітак... Пераламаны напалам.
        Першым заўважыў гэта ілжэкапітан і аслупянеў.
        – Што за халера...
        Напарнік выскачыў з машыны, падняў два асколкі... Унутры была нейкая цёмная маса.
        – Чыгунная балванка!
        Усчаўся гвалт. Зліткі даставаліся, іх стукалі адзін аб адзін... І паўсюль з-пад бліскучай абалонкі выглядала чорнае плебейства.
        – Паслухайце, там жа чалавек памірае! – адчайна крыкнула Паліна.
        Напарнік спыніў лаянку:
        – Усё. Паехалі. А то і праўда наш супермен памрэ... Што тады рабіць? Бывай, Чарапавіцкі! Ты халерна таленавіты, паскуда.
        Джыпы раз’ехаліся ў розныя бакі, і пыл паімчаў па сухой траве, нібы ведзьміна вяселле. Паліна і Валянцін засталіся стаяць на ўскрайку лесу, пасярод раскіданых брускоў падманнага золата і крывавых плямаў. У крыві была і ўся адзежа... А Валянцін яшчэ і выглядаў, як пасля допыту «с пристрастием».
        І што ім заставалася рабіць?
        Толькі абняцца... Ухапіцца адно за аднаго – каб больш не згубіцца ў гэтым свеце лжы і падману, высакародства і болю.
        Такім было іх каханне – з прысмакам горычы і болю, з цудоўным, бясконцым жыццём наперадзе...
        Бо ў такія хвілі, вядома, жыццё здаецца бясконцым.
        І толькі паэт ведае, што пясок бяссіла ссыплецца з рукі таго, хто на сустрэчу спадзяецца, ды спіць змяя там, дзе палала сэрца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.