РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
19
        
19

        
        – Я пакахаў цябе яшчэ тады, у Вільні... Сядзеў у сырой цёмнай падваротні, і раптам – ты... Загаварыла на маёй мове, выцягнула на святло... А потым я глядзеў, як ты плачаш, якая ты насамрэч безабаронная і даверлівая. Не злуйся – гэта не самыя горшыя якасці ў жыцці... Да якога ты мяне вярнула.
        – Я вярнула цябе да жыцця! – ціха засмяялася Паліна. – Дурненькі! Гэта ты выцягнуў мяне са шкарлупіны, змусіў паверыць, што яшчэ не ўсё ў жыцці скончана і вакол не адны «карыстальнікі». Чакай, не тузайся – у цябе на грудзях яшчэ адна драпіна. Зараз змажу... А тут сіняк... Здаравучы, на скабах. Слухай, а пералому няма? Ану ўздыхні моцна... Баліць?
        Валянцін, без кашулі, увесь перамазаны ёдам, паслухмяна набраў у грудзі паветра, выдыхнуў...
        – Нічога, я трывушчы.
        Самадзейная медсястра прыдзірліва агледзела свайго падапечнага. Та-ак, ёй дастаўся мужчына са шматлікімі доказамі сваёй мужнасці, якімі, як вядома, з’яўляюцца разнастайныя шнары і сінякі рознай даўніны. У адной казцы афрыканская прынцэса абвесціла, што ў яе будучага мужа не павінна быць на целе ніводнага шнара. І калі нарэшце такі знайшоўся, то аказаўся пярэваратнем-ільвом.
        Не, няхай лепей будзе нармальны пабіты беларускі мужчына. Валянцін усміхаўся так шчасліва, што здавалася, нават у сне захавае гэтую ўсмешку.
        – Ведаеш, што мне хочацца цяпер зрабіць?
        – Давай паспрабую адгадаць...
         Валянцін імкліва прыцягнуў дзяўчыну да сябе і прагна пацалаваў...
        – Асцярожна, шалёны!
        Паліна ледзь паспела навобмацак паставіць на стол бутэлечку з ёдам. Рыпнулі дзверы. У праёме на імгненне паказаўся твар цёткі Ніны, жонкі Валянцінавага дзядзькі. Выраз твару быў няўхвальны.
        Дзядзька Міхась таксама пачуваўся трохі ніякавата. Толькі што да пляменніка лашчылася адна дзеўка, нібыта як жонка, а ўвечары ён вяртаецца з іншай у абдымку. Ды яшчэ ўвесь скрываўлены.
        Пра фальшывае золата дзядзька выслухаў з увагай (лепей было распавесці самім – бо плёткі ператварылі б падзеі ў немаведама што).
        – Значыць, недарэмна людзі языкамі малолі, – задумліва прагаварыў Валянцінаў сваяк. – Цяпер супакояцца – а то ўсё ямы капалі. Але мне няўцям – навошта было гэтыя балванкі хаваць? Жарт такі, ці што?
        Паліна задумліва размешвала ў кубку з кіпнем малінавае варэнне. На кубку красаваўся ўжо абрыдлы лагатып «2000». І зорачкі ад яго ў бакі разлятаюцца... Нібыта пачнецца новы свет пасля чарговай даты еўрапейскага часу... Ці ўвогуле свет скончыцца.
        – Я ўпэўнена, Рашчынскі не ведаў, што хавае фальшывае золата. Не стаў бы ён адсылаць нашчадкам такую складаную задачу, столькі сіл траціць на яе ўвекавечанне. Падобна, што падманулі яго самога. І я нават здагадваюся хто.
        Валянцін кіўнуў галавой.
        – Напарнік казаў пра ліст багацея Людвісара, быццам золата належала ягонаму бацьку. Няйначай, без Людвісараў не абышлося. Цікава, якая гісторыя хаваецца за ўсім гэтым?
        – Напэўна, мы ніколі ўжо не даведаемся, – сумна зазначыла Паліна. – Але гісторыя, адчуваю, трагічная – Рашчынскі быў жорстка забіты адразу пасля таго, як пабудаваў надмагілле.
         – Эх, а каб тое золата – ды сапраўднае! – дзядзька Міхась пачаў разважаць пра свае тэрміновыя гаспадарчыя патрэбы: ды купіць бы пару трактароў, грузавічок, ды прыбудаваць бы яшчэ пару цагляных дамкоў – дзецям, а то павырасталі, раз’ехаліся, гаруюць па інтэрнатах...
        Цётка Ніна спыніла мужавы мары выразным:
        – Каб не плеш, дык і лысы не быў бы. Сціхні, балаболка. Казаць е што, а слухаць няма чаго.
        ...І зоры павыходзілі вадзіць свае бліскучыя карагоды над Гарнушкамі, нібыта ў вечным ладзе. Але час ад часу адну з іх выштурхоўвалі з кола і яна бегла схаваць сваю ганьбу за краем неба, разгараючыся апошнім зыркім святлом і губляючы яго назаўсёды.
        Няўжо і зоры гэткія ж бязлітасныя, як і людзі? Піфагор вучыў, што небасхіл складаецца з празрыстых бліскучых сфераў, якія павольна рухаюцца, кожная на сваёй ноце, і ўтвараюць прыўкрасную мелодыю – музыку сфер, і кожная зорка, кожная планета дадае ў агульны аркестр сваё. Піфагор валодаў уменнем чуць тую музыку, можа, адзіны з усіх людзей. Хоць для гэтага трэба так няшмат – стацца часткай гармоніі Сусвету.
        Паліна стаяла на ганку, пазірала ў зорнае неба, і ёй здавалася, што чуе, як спяваюць зоры і пяшчотна звініць поўня, нібы крышталёвы бакал, які стукнулі краем аб іншы... Толькі туга аб бедным Сымоне, такім высакародным і адважным, перашкаджала адчуванню шчасця. Галоўнае – каб ён выжыў! Папраўдзе, Паліна так і не пачала прымаць усур’ёз ягонае жаніхоўства, і цяпер дадаваліся пакуты сумлення і з гэтае прычыны.
        Музыку сфер парушылі прыглушаныя галасы, аднекуль з-за адрыны. Здаецца, голас Валянціна? Паліне чамусьці зрабілася трывожна. Можа, варта асцярожна падысці?
        Выявілася – варта. Валянцін стаяў, прыціснуты спіной да сцяны адрыны, нехта трымаў яго за горла... Бліснула лязо... Нож!
        Паліна мімаволі ўскрыкнула. Нападнік павярнуў свой твар у промні поўні. Валянцінаў няродны дзядзька, турэмшчык! Твар дзядзькі, зарослы чорнай шчэццю, нагадваў аблічча ваўкалака.
        – Дзевачка твая прыйшла? Можа, яна больш кемнай акажацца? Аддавай тое, што сёння выкапалі! А то сябрука твайго зарэжу. Мне губляць няма чаго!
        Паліна, запінаючыся, пачала тлумачыць пра фальшывыя зліткі... Дзядзька зарагатаў. Паліне стала яшчэ больш страшна, калі зразумела, што турэмшчык – зусім не п’яны. Яго нянавісць была натуральным станам.
        – Золата! Скарб! Чыгун! Вы гэта дзецям раскажыце, якія ў Крыжовай гары капаюцца. Дакуманты аддавайце!
        – Якія дакуманты? – разгубілася Паліна.
        Ёй спакойна патлумачыў Валянцін:
        – Ён думае, мы ўвесь гэты час шукалі доказаў, што ён сын паліцая, таго самага Лухверчыка, які вёску Саматыі спаліў. Каб хату адсудзіць.
        – А што, скажаш, не так? – з нянавісцю выгукнуў дзядзька, прыціснуўшы лязо нажа яшчэ шчыльней да горла скульптара, так што паказалася кроў. – Колькі жыву ў вашых Гарнушках, усе пра гэта плявузгаюць, касавурацца, дражняць. Усе да мяне падбіраюцца, са свету зжыць хочуць. Прыязджаюць, шукаюць нешта. Мінулае вам спаць не дае! Мая хата! Спалю – не аддам. Нясі паперы, сука!
        Валянцін выціснуў усмешку.
        – Не бойся, Паліна, – і звярнуўся да турэмшчыка:– Дзядзька Панас, ну чаго ты перажываеш? Якое значэнне сёння мае, чый ты сын? Хто ў цябе хату адбярэ, калі ў спадчыну засталася?
        Дзядзьку калаціла, як у ліхаманцы.
        – А як мне тут далей, калі пра майго бацьку даведаюцца? Хто мне будзе пазычаць, сыну ката? Мяне маці яшчэ малога навучыла: нікому не вер, а хто будзе капацца ў тваім паходжанні – раты затыкай. Колькі я лычоў паразбіваў усялякім цікаўнікам! Баяцца, змоўклі.
        – Дзядзьку ў белым капелюшы, які клуб абмяраў, таксама вы?.. – жахнулася Паліна.
        – А ты дакажы, любачка, што я! Той гад мне ўвогуле ў вочы заявіў: тут павінна хавацца таямніца, трэба разблытаць тайну радаводу, ёсць невядомыя нашчадкі...
        – Ды ён зусім не пра вас гаварыў! – адчайна запярэчыла Паліна. – Гэта ён пра Вінцэся Рашчынскага, які жыў у дзевятнаццатым стагоддзі!
        Дзядзька Панас здзекліва засмяяўся і раўнуў на пляменніка:
        – Скажы дзеўцы, каб прынесла, што знайшлі! Ды не мані! Мяне не падманеш. Я няпраўду чую, як сабака – кілбасы.
        Паліна не ведала, што рабіць. Зоры свяцілі так святочна, пяшчотна найграваў на маленькай срэбнай скрыпачцы цвыркун, недзе ў хаце стукаў посуд і дачытваліся па тэлевізары апошнія навіны... А тут час не існаваў. Лязо ля горла скульптара было самым страшным, што Паліна бачыла ў жыцці. Хоць зусім нядаўна яна глядзела на скрываўленае цела Сымона...
        Валянцін быў спакойны.
        – Што ж, як хочаш, дзядзька Панас.
        І схапіў таго за рукі. Паліна, як у сне, назірала, як рука, што трымала нож, адводзіцца ўбок. Турэмшчык тузаўся, лаяўся, брыкаўся... Нарэшце завыў ад болю ў запясцях. А Валянцін прыгаворваў:
        – Ціха, ціха... Не рвіся. Я ж – скульптар. Кожны дзень камяні ўтаймоўваю.
        Нож выпаў з саслабелай рукі нападніка...
        І тут Паліна закрычала! Цывілізацыя не здольная знішчыць дарэшты нашыя інстынкты, і ў кожнай жанчыны дасюль ёсць патаемная зброя: ведзьмін крык. Ад якога коні з перапуду шалеюць. Толькі не кожная сучасная кабета можа скінуць ланцугі выхаванасці і загарлаць, як гарлала яе прапрабабка падчас наезду татараў або казакаў.
        Паліне, аказваецца, гэта ўдалося.
        Пасля некаторай паўзы ў хаце ляснулі дзверы, нехта бег на запозненую дапамогу...
        А потым была раніца, светлая, як акно, працертае паводле парады «Літоўскай гаспадыні» суконкай з дробным мелам. І дарога ў Весніцы – у яе сухім пыле так прыемна патаналі ногі, і не варта было шкадаваць, што пыл асядае на адзежу, нібыта пазначаючы еднасць падарожных з іх дарогай.
        Весніцы... Зусім маленькая вёсачка, хат дзесяць – і тое палова закінутыя, счарнелыя... Нават некалькі дамкоў яшчэ крытыя дранкай. Бабуля ў стракатай хустцы і выцертай плюшавай жакетцы (гэта ў такую гарачыню!) углядалася ў прыхадняў з-пад вузлаватай далані, нібыта яны стаялі не перад ёй, а недзе вельмі-вельмі далёка, на другім краі ейнага жыцця.
        – Рагманавы? Жыла сям’я. Вунь іхны дом, на тым канцы. Не, цяпер ніхто не жыве. З’ехалі яшчэ за Брэжневым. Куды? А хто іх ведае, дзеткі, куды... Ды вы ў чалавека спытайце. Ён на выхадныя прыязджае, лецішча сабе ладзіць. Наташкі Рагманавай, фельчарыцы, сынок. Добры такі дзядзька, машыну мае. Зноў стукае, чуеце? Хлеба мне прывозіць, смачны такі, з семкамі.
        Паліна і Валянцін пайшлі на стук.
        Сапраўды, апошні дом, таксама з пачарнелага бярвення, мяняўся – дах упрыгожыўся новым шыферам, гарышча перабудоўвалася пад мансарду. Немалады мужчына ў джынсавай кашулі з падкасанымі рукавамі, на галаве – завязаная па-пірацку чырвоная хустка, з-пад якой відаць чорныя, з сівізной скроні, нешта майстраваў на двары. Вароты былі адчыненыя, і Паліна насмелілася папытацца:
        – Прабачце, калі ласка, магу я даведацца пра Генадзя Рагманава?
        Голас яе здрадліва дрыжэў, і Валянцін узяў дзяўчыну за руку, каб падбадзёрыць. Але тут жа выпусціў – госці нават інстынктыўна пасунуліся назад. Да іх падыходзіў з ветлівай усмешкай на суровым твары Вінцэсь Рашчынскі.
        Праўда, вочы ў яго былі цёмныя, а не сінія, і пірацкая хустка і джынсавая кашуля відавочна належалі нашаму часу. Але – тое самае аблічча, якое вылепіў Валянцін, якое было на партрэце, намаляваным парыжскім мастаком напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя!
        – Я – Генадзь Рагманаў, добры дзень. Чым магу?..
        
        Зямля вояў і майстроў, герояў і здраднікаў, паэтаў і блазнаў – а паспрабуй адрозніць, дзе хто – плыла, нібы зялёная ладдзя, упрыгожаная сінімі дыяментамі азёраў і стужкамі рэк, туды, куды кіраваў Найвышэйшы Стырнавы. Людзі разгойдвалі свой карабель, спрачаючыся за гонар пастаяць ля стырна, саштурхоўвалі адно аднаго ў сусветныя хвалі і бясконца вырашалі, куды плыць, уяўляючы сябе гаспадарамі. «Вунь магутная каравела з фарбаванымі ветразямі! Ці не варта прыстроіцца за ёю?» – «Ды мы ўвогуле тонем – аддавайце мне мой човен!» – «Ат, плывем паціху – чаго яшчэ? Пакіруюць, куды належыць, і без нас...»
        Беларусь плыла праз хвалі часу, і размываліся курганы, і разбураліся замкі, быццам пірамідкі, збудаваныя дзецьмі з пяску. Што заставалася пэўным у гэтым плыткім свеце?..
        Маладая жанчына з вялікімі цёмнымі вачыма і процьмай гістарычных дат у галаве, упрыгожанай каронай з цёмных косаў, не ведала дакладнага адказу. Але верыла, што ён ёсць.
        Дарэмна спадзявацца і на тое, што навечна застанецца на гранітным пастаменце перад Домам культуры вёскі Гарнушкі Наўеўскага раёна скульптура паўстанцкага філосафа Вінцэся Рашчынскага.
        Але, можа, прастаіць яна больш-менш доўга – і мясцовыя дзеці змогуць даваць уцямны адказ на пытанне прыезджых: «А каму гэты помнік?»
        – Нешта не хочацца мне ісці на іхнюю прэзентацыю ў сталоўку, – скептычна прагаварыў Сымон, «зацыраваны» дастаткова добра, каб змог вытрымаць шлях у Гарнушкі, нават па дарозе, размытай вясновымі ручаінамі. – Пачнуць мясцовыя кіраўнікі на трасянцы прамовы прамаўляць, тады алаверды па крузе – зноў хваласпевы пад гарэлку. Пад канец большая палова ўжо не будзе памятаць, з якой нагоды застолле. Задуха, штурханіна...
        – А давайце адзначым па-свойму! Пайшлі на Крыжовую гару, – весела прапанавала Паліна, захутаная ў белы плашчык. – Надвор’е якое! Там, відаць, пралескі цвітуць.
        – Пакрыўдзяцца землякі...– засумняваўся Валянцін.
        – Няхай крыўдзяцца! Ты ж стол з сабой не забіраеш. А забыўся, якіх намаганняў каштавала атрымаць дазвол на адкрыццё помніка? Колькі давялося пахадзіць, колькі паважаных людзей падключыць? Пазнаю цябе, радзіма. Дасюль баяцца слова «паўстанец». Нават калі таго паўстанца сто гадоў як сярод жывых няма!
        З вяршыні Крыжовай гары Гарнушкі выглядалі маленькімі, мірнымі, здавалася, што ў гэтых хацінках не можа здарацца вялікіх трагедый і нараджацца вялікіх людзей.
        Але гэта быў усяго толькі кавалак сусвету, такі самы, як і іншыя, з тымі самымі суадносінамі дабра і зла.
        – Слухай... Валянцін... Аднаго... не магу зразумець...– Сымон яшчэ не зусім вярнуўся да ранейшай суперменскай формы – пакуль узышоў на гару, дык задыхаўся. – Ты сустрэўся з чалавекам, які зламаў табе жыццё, і нават не з’ездзіў яму па пысе! І на дзядзьку свайго, што ледзь цябе не зарэзаў, не заявіў. Ты што, такі ўсёдаравальны?
        Валянцін не збіраўся апраўдвацца.
        – Я заўсёды лічыў, што душэўныя пакуты – горш за цялесныя. Ну выцяў бы я напарніка – шмат ён ад гэтага пацярпеў бы? А ён жа ўсё жыццё пакутуе ад таго, што не даў Бог таленту, ад зайздрасці канае. А дзядзька Панас усё жыццё ў страху жыве. Ды ў іх жа пекла на зямлі! Іх шкадаваць трэба.
        Маленькая аблачынка над гарой ляцела, быццам пяро, згубленае легендарнай птушкай Сімург, якую шукаюць усе птушкі на свеце, каб зразумець, што яе няма.
        – А чаму Марыя Апанасаўна не прыехала? – пацікавіўся Сымон.
        Паліна паківала галавой.
        – Маці так і не даравала мне, што я адшукала бацьку.
        – Так, крутая ў цябе цешча, Валянцін, – пасміхнуўся Сымон. – Я б з ёй лепей упраўляўся.
        Валянцін збянтэжана кашлянуў.
        – І спадар Генадзь кудысьці знік...– працягваў штурман.
        Паліна ціха засмяялася.
        – Ды людзі пачалі заўважаць падабенства яго з помнікам. Пальцамі паказваць. Ён і не вытрымаў. Да таго ж заўтра ў ягонай студыі спектакль, паехаў на прагон у Вільню.
        – Дык вы дакапаліся, адкуль такое падабенства? – зноў паціка-віўся Сымон.
        – Не, – уздыхнула Паліна. – Ніякіх слядоў. Зразумела толькі, што выпадковым такое супадзенне абліччаў быць не можа. Хоць на магіле Рашчынскага разбілі герб – значыць, прызналі, што апошні ў родзе. Братоў і сясцёр ён не меў. Хіба што ёсць зачэпка – невядомы бацька аднаго з Рагманавых. Па ўзросце бязбацькавіч мог быць сынам Вінцэся Рашчынскага – але нарадзіўся, калі той жыў у Парыжы. Так што – цемра часу. Ды каго з нас ні ўзяць – колькі ў нас крыві намяшана! Колькі людзей, пра якіх мы ніколі не чулі, перадалі асабіста нам свае вартасці і заганы, цяжар сваіх грахоў і веліч добрых учынкаў. Нават у Бібліі шмат разоў паўтараецца пра адказнасць да сёмага калена.
        – Гэта ты пра карму? – удакладніў Сымон.
        – Ды кінь свае ўсходнія вышукі! – пакрывілася Паліна. – У нас хапае свайго – і філасофіі, і містыкі. Ведаю адно – Гасподзь заўсёды дае магчымасць выбару. Ёсць прадвызначанасць – і ёсць наша воля. Усё ўраўнаважана ў гэтым не найлепшым, але падораным нам свеце. Нават самы страшны праклён можа страціць моц ад аднаго подыху дабра. Тое, што ўчынялі продкі, адбіваецца на нас, але й тое, што мы ўчыняем, – ведаюць продкі.
        – Гэта ў кітайцаў... – пачаў быў Сымон, але Паліна і Валянцін перашкодзілі распачацца чарговай лекцыі па ўсходняй філасофіі.
        Любі сваё, спадар!
        Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготны, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі-слёзы, і ўсмешка сусвету стала трохі сумнай. Сымон разліў у падрыхтаваныя чарачкі-напарсткі нейкі цёмны настой.
        – Гэта можна... На тыбецкіх травах... Жартую, жартую – настоена на нашым, беларускім, дзівасіле. Ну, за Вінцэся Рашчынскага!
        Маладая трава зашумела, нібыта па ёй прайшоў нехта нябачны, стаў побач.
        – За вечную памяць! За Беларусь!
        – За Беларусь!
        
         І нас забудуць непапраўна рана.
         Як мы забылі – так забудуць нас.
         Наш след зямны загасіцца, як рана,
         Як гасне слуцкі залаты паяс.
         Не затрымацца ні радком, ні вершам.
         Парсуна страціць колер і імя.
         Хто быў апошнім – той не стане першым,
         І першага таксама з’есць зямля.
         І я таму над пыльнай кнігай слепну,
         Каменне падымаю на кладах
         І разбіраю тонкі почырк неба
         Па лісцем зацярушаных слядах.
         Я памяці служу, як служаць храму.
         Між мною і мінуўшчынай – не шкло,
         А лёгкі дождж і агароджа Брамы –
         Архангела празрыстае крыло.
         І, можа, я – таксама толькі кніга
         З лістамі, недаступнымі дажджу.
         Няхай маё імя забудуць звыкла –
         Я буду жыць у тым, што запішу!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.