РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
11
        
11

        
        З чорна-белай рэпрадукцыі не вельмі добрай якасці на Паліну паглядала вялізнымі цёмнымі вачыма Аляксандра Смірнова-Расэт, былая імператарская фрэйліна. Адпаведна густам часу твар быў вытанчана-мілы, па-анёльску рахманы. Доўгая шыя, белыя плечы – як парцэлянавая ваза. Маленькія, бы ў дзіцяняткі, рукі складзеныя адна паўзверх другой стамлёнымі крыламі.
        А ва ўспамінах пра гэтую музу расійскай літаратуры кажуць, нібыта была яна страшэнна нервовай, ледзь не істэрычкай. І пад старасць ссохла і зжаўцела.
        Паліна прыдзірліва паглядзела на сябе ў люстэрка. Што Валянцін знайшоў падобнага? Ну, вочы цёмныя... Але ж Паліна не смуглявая – наадварот. Скура белая, як у праўдзівай шляхцянкі, ніякі загар не бярэцца. Ці скульптар меў на ўвазе нервовасць? Паліна нават пачырванела, згадаўшы, колькі разоў выявіла ў прысутнасці віленскага знаёмца гэтую якасць. Што ж, цяпер невядома, калі яшчэ надарыцца такая магчымасць. Светлакосая «ўладальніца» звезла сваю «маёмасць» да Вострай Брамы, а скульптар, вядома, самавольна ніколі нікуды не адлучыцца. Божа, скрушліва каторы раз падумала Паліна, яна ж нават нумара тэлефона яго не ведае!
        Хіба і без таго мала, па чым сумаваць? Дзяўчына загарнула важкую пыльную кнігу мемуараў Смірновай-Расэт, купленую выпадкам у букіністычнай краме. Аксана пасля таго здарэння з Артуравай папкай нібыта вырашыла паставіць крыж на знаёмстве з Палінай. Патэлефануеш – адзіны адказ: «Прабач, няма часу...» Чым Паліна гэтак яе пакрыўдзіла? Атрымалася – засталася без сардэчных сябровак. Як з’ехаў Стась – і пачалося... Адна перастала запрашаць на сямейныя імпрэзы, неяк нават патлумачыла: «Прабач, у нас усе – парамі, а ты адна. Няёмка...» Другая, наадварот, выявіла да Паліны палкі інтарэс. Таксама з неўладкаваным лёсам, але нашмат старэйшая, гэткая рафінаваная пані-навукоўка. Пачала апекавацца беднай развядзёнкай. Вось ёй Паліна выгаворвала сябе, як на споведзі! Што ж, наша шчасце – у нашых уласных руках! Паводле пераканання апякункі, Паліне не хапала наступнага: заставацца сціплай дзяўчынкай, але пры гэтым навучыцца падаваць сябе. Ну нельга ж гэтак не цаніць уласную прыгажосць! Як ты апранаешся, як ходзіш, як глядзіш на мужчын! Ніякай сексапільнасці.
        Якім чынам гэтыя патрабаванні спалучыць – Паліна не ведала. І не спрабавала. А пачула аднойчы выпадкова, як апякунка абмяркоўвае ейныя праблемы са знаёмымі, і не надта каб добрымі: «Бедная Поля, столькі часу без сексу. Я хвалююся – яна, відаць, фрыгідная». Падапечнай зрабілася так брыдка, што сяброўства растала, як цукар у кіпні.
        Так што патэлефанаваць і паплакацца не было каму. А тут яшчэ зноў пайшлі чуткі, што гімназію зачыняюць. Ці там рэфармуюць, рэарганізуюць – што ў прынцыпе адно і тое. Вальнадумства ў навучальных установах на гэтай тэрыторыі не віталася пачынаючы ад скасавання Вялікага княства Літоўскага, у якім яшчэ зрэдзь даравалася адраджэнцкае віраванне думак...
        Праўда, Паліна асабліва не давала веры прыкрым чуткам – не першы раз, абыдзецца. Што галаву тлуміць сабе на вакацыях?
        Вось тое, што пра жабак больш нічога не даведалася, – кепска. Нешта надта зацямніў Вінцэсь Рашчынскі. Мо проста быў такі па характары – асцярожлівы, падазроны?
        Паліна дастала партрэт Рашчынскага, угледзелася ў рашучыя рысы твару... Бровы сыходзяцца на пераноссі, пагляд вачэй прамы, мужная складка вуснаў... Такі чалавек хутчэй пойдзе на смяротны двубой, чым стане вычэкваць бяспечнай помсты. Чамусьці Паліна ўзяла кнігу Смірновай-Расэт і таксама разгарнула на партрэце... Вось цікава, як бы ён паставіўся да гэтай прыгажуні? Ці падабаліся яму такія – чарнавокія, худзенькія, з маленькім горкім ротам?
        Паліна правяла кончыкамі пальцаў па партрэце Рашчынскага. Якая мужная прыгажосць... Як бы яна сама з ім сустрэлася? Паліна пачала разважаць, нібыта сапраўды збіралася на прызначанае праз якую гадзіну спатканне. Можна было б надзець доўгую сукенку з цёмна-зялёнага лёну, з белым вязаным каўняром... Напэўна, чалавеку 19 стагоддзя яна падалася б цалкам прыстойнай. Валасы сабраць у вузел... Вось так... Не, трэба напачатку заплесці ў косы. І чорныя туфлі на шнуроўцы. І пальчаткі... Не, не дапаможа. Адразу пазнаюць плебейку. «Літоўская гаспадыня», кніга, якой карысталіся ўсе дамавітыя шляхцянкі 19 стагоддзя, сцвярджае: каб рукі былі далікатныя і белыя, пальчаткі трэба насіць з маленства, увесьчасна, нават спаць у іх. А дзяўчаткам пальчаткі надзяваць цеснаватыя, каб не даваць рукам надта расці. І абутак мусіць быць цесны, трохі задоўгі ў насах – каб ножка расла вузенькая. А яшчэ гарсэты ўспомніць, на шнуроўцы, з кітовым вусам... Пакутніцкае жыццё было ў прабабуль! Затое ні ў кога няма сёння такіх далікатных ручак...
        А на якой мове загаварыць да пана Рашчынскага? Па-французску, каб адразу вызначыць прыналежнасць да пэўнага кола? Дык французскай Паліна не ведае. Па-руску? Наўрад ці гэта найлепшы зварот да інсургента, які змагаецца супраць Расійскай імперыі за незалежнасць, у тым ліку і культурніцкую. Па-польску? З гэтым лягчэй, але з вычытанага вынікала, што Рашчынскі быў сярод тых нешматлікіх, хто абараняў ідэю Беларусі, незалежнай і ад Масквы, і ад Варшавы.
        Значыць, па-беларуску? Як яны віталіся? Проста – «Добры дзень»? Не, як яна магла забыць! У паўстанцаў было сваё прывітанне, па якім пазнавалі аднадумца: «Каго любіш?» – «Люблю Беларусь!» – «Дык узаемна!»
        Нешта знаёмае... Дзесьці Паліна нядаўна чытала гэтую фразу... У дакуменце? На помніку?
        Вось няздара! Чаму ёй адразу не прыйшло ў галаву? «Qvis amas Amo». «Каго любіш? Люблю...» Гэта ж надпіс на надмагіллі Вінцэся Рашчынскага! І цяпер зразумела, які мусіць быць адказ: «Беларусь». Як гэта прагучыць на лаціне? «Albarutenia».
        Разгадка ўвесь час знаходзілася перад вачыма! Паліна ліхаманкава вывернула шуфляду пісьмовага стала. Вось! Аркушык з надпісамі на жабках, з якіх Паліна спрабавала нешта скласці. «Аlb» і «te». Часткі слова «Albarutenia». Цяпер зразумела, што на астатніх дзвюх жабках мусіць быць напісана «aru» i «nia». Арцікава жабка – першая, а віленская – трэцяя. Таямніцу мусіў адкрыць той, хто ведае адказ! Той, хто любіць Беларусь! Задума прыгожая. Паліна ледзь не расцалавала каменных жабак ва ўсмешлівыя пыскі.
        Пра адкрыццё абавязкова належыць камусь распавесці! Паліна хуценька скінула зробленыя са старых джынсаў шорты і ўлезла ў спадніцу, доўгую, бы катрыначная кадрыля. На галаву – карункавы капялюшык... І, вядома, – у «Капялюшык»! Якраз рэпетыцыя, маці там і Сымон Пятровіч.
        Лесвічная пляцоўка, дзе месціліся паштовыя скрыні, была ў замеці парваных агітак за кандыдатаў у нейкі орган і аркушыкаў з прапановамі купіць цукар, муку, пахудзець або набыць цудадзейную касметыку. Паліна ледзь не ўпала, паслізнуўшыся на ўлётцы з нечай глянцавай фізіяноміяй. Позірк мімаволі слізнуў па іхняй паштовай скрынцы... У шчыліне нешта бялела. Канверт! Вось табе навіна...
        Паліну ўсё яшчэ хвалявала такое – нехта даслаў ліст! Хіба не ў гэтым прыцягальнасць ліставання: кожны раз – падарунак і таямніца. Сёння замест гэтага – «мабільнікі» і Інтэрнет. А між тым, атрымліваючы сапраўдны ліст, ты ведаў, што нехта прысвяціў табе, прынамсі, паўгадзіны свайго часу. Неверагодная шчодрасць для сучаснага чалавека.
        Канвертаў аказалася ажно два. Выгляд аднаго з іх, падоўжанага, з дзесяткам каляровых марак, змусіў сэрца на імгненне замерці, быццам ад падзення з вышыні. Паліне Генадзьеўне Ведрыч... Зваротны адрас – Каліфорнія, ЗША. Почырк Стася...
        Паліна дрыготкімі пальцамі раздзерла канверт, нібы галодны чалавек – абгортку, у якой выратавальная ежа. Ажно ашмёткі закружыліся матылямі.
        Ліст гэтак трымцеў перад вачыма, што адразу Паліна не магла прачытаць ні слова. Потым з мітусяніны пачалі праступаць абрысы Стасевага почырку. Стась у сваёй звычайнай дзелавой манеры паведамляў, што ўладкаваўся някепска, ёсць перспектывы на сталую працу. Зняў невялікі, але прыстойны дамок на шэсць пакояў, набыў машыну... І не хапае ў гэтым раі толькі Евы. Вядома, яе, Паліны. Стась выказваў стрыманае шкадаванне, што гэтак паспяшаўся скасаваць адносіны, але зараз гатовы гэта выправіць. Хутка прыедзе, яны з Палінай зноў возьмуць шлюб, і цемнавокая беларусачка ўрэшце апынецца ў сонечным штаце Каліфорнія.
        Відаць, знайсці сярод амерыканак дурніцу, якая будзе, па-першае, шчыра ім захапляцца, па-другое, падтрымліваць філасофскія размовы і яшчэ штодзень гатаваць улюбёныя галубцы, Стасю не ўдалося.
        Што рабіць? Парваць гэты «крык незадаволенае мужчынскае душы»? Усё роўна нічога шляхотнага не атрымаецца. Або... Кінуць усё і – да спрадвечнага жаночага шчасця?
         Паліна, як у сне, выйшла з пад’езда, на хаду нязграбна расшпільваючы сумачку і запіхваючы ў яе канверт...
        Ды іх жа было два! Хіба згубіла ў пад’ездзе?
        Другі канверт ляжаў паўзверх россыпу рэкламнага смецця. Таксама нібыта з-за мяжы... Цікава, ніякага зваротнага адраса. І ўнутры – толькі аркушык з нумарам сотавага тэлефона. Ды ініцыялы: В. Н. Ч. «Вам невядомы чалавек», як велягурыста ён аднойчы прадстаўляўся.
        Усё-ткі Валянцін не хоча знікаць з яе жыцця!
        У «Капялюшыку» спрабавалі выкраіць з чэхаўскага сурдута пляжнае бікіні. Чэхаў змрочна супраціўляўся. Пакутлівыя фразы герояў ламаліся з сухім трэскам блазенскага смеху. Паліна паназірала ў прасвет кулісаў, як маленькі артыст з абліччам пакрыўджанага спаніэля ўскараскваецца на вялізнае крэсла, што мусіла сімвалізаваць устаялы пракляты побыт.
        – Энергичней, Митя! Влезай на него с ненавистью!
        Паліна мімаволі ўспомніла, што ў Вялікім княстве Літоўскім артыстаў называлі глумцамі.
        – Вы да мяне? – пачуўся голас за спіной. Сымон Пятровіч быў, як і раней, у чорнай майцы і джынсах, мускулісты, падцягнуты, нібы персанаж амерыканскага «баевіка», чужародны ў легкадумным «капялюшыкавым» царстве. – Пойдземце ў мой пакой.
        Былы падводнік доўга круціў у руках аркушы з Палінінымі запісамі, а Паліна, як зачараваная, назірала за змейкай дыму, што вырастала з трэсачкі з нейкімі ўсходнімі зёлкамі. Змейка танцавала ў паветры, рассяваючы нетутэйшы п’янкі водар.
        – Усё яшчэ далёка ад разгадкі. – Сымон Пятровіч дастаў з паліцы стос геаграфічных картаў, зашмальцаваных, са шматлікімі лініямі, праведзенымі алоўкам. – Гэта тычыцца Гарнушак, што каля Наўя?
        – Так...
        Штурман задумліва вадзіў тупым канцом алоўка па паперы.
        – Фактычна, маршрут можа пачынацца дзе заўгодна... Дапусцім, вось ад гэтае каплічкі... Значыць, канчацца адрэзак мусіць тут, дзе дамы. Далей – прапушчаны кавалак, і трэці вядомы нам адрэзак можа размяшчацца вось у гэтай частцы... А яшчэ ж мусіць быць чацвёрты! Не, без іншых дзвюх жабак і ведання, адкуль пачынаць вымярэнне, нічога ў нас не атрымаецца. Тут бы яшчэ карту дзевятнаццатага стагоддзя...
        – Магчыма, я знайду ў архіве.
        Сымон Пятровіч пільна зірнуў у цёмныя вочы дзяўчыны.
        – Колькі вам гадоў?
        Паліна сумелася, але пытанне гучала сур’ёзна.
        – Дваццаць восем.
        – Вы не замужам, так? І дзяцей няма?
        Паліна пачала злавацца, адчуваючы, што намаганнямі маці яе асабістыя праблемы ведае ўвесь «Капялюшык». Штурман адмераў скупую белазубую мужчынскую ўсмешку ў якасці прабачэння.
        – Не злуйцеся, проста вы гэтак апантана заняліся скарбашукальніцтвам, як могуць толькі самотныя жанчыны. У нашым турклубе я такіх бачу кожную суботу. Выходзяць прыкладныя бабулькі на пенсію – і давай у паходы, прычым суперцяжкія, што й здаровыя мужыкі не наважваюцца. Вязанне ды кампоты – убок, хатуль за плечы – і шукайце кабету, што ўцякае ад цішыні ў доме.
        Нічога сабе параўнанне!
        – Самота – натуральны стан чалавечае душы, – холадна прагаварыла Паліна.
        – Гэта ненатуральны стан. – Штурман крануў бясплоцевую змейку дыму, і яна распалася на дробныя павуцінкі, што ўсё гэтак жа ўпарта імкнуліся наверх. Паліна са здзіўленнем заўважыла, што ашмёткі дымнага павуціння павіслі па ўсім пакоі, нібыта часткі дэкарацыі невядомага спектакля. Вочы Сымона Пятровіча ўзіраліся праз іх, як у марскую далеч. – Каб чалавек беспакарана быў самотны, ён мусіць мець трывалую сувязь з нечым, вышэйшым ад людскога бытавання. У мяне такой сувязі няма. На жаль. Як я ні стараўся.
        Паліна насцярожана зірнула на суразмоўцу. Пэўна, аматар медытацый ды ўсялякае ўсходняе лухты. Вунь і зёлкі паліць, ад злых духаў, відаць. І дыванок у куце пакоя дзіўны. Не дыванок – хутчэй скураны матрац. Для практыкаванняў, ці што?
        – Трэба проста рабіць сваю справу, – прагаварыла Паліна фразу, якой гіпнатызавала сябе ўжо колькі гадоў.
        – Выходзьце за мяне замуж.
        Гэта што, жарт такі? Падводнік, аднак, пазіраў вельмі сур’ёзна. І вельмі спакойна.
        – Прапанову такую раблю другі раз у жыцці, словамі не гуляю. Не сумнявайцеся.
        Паліна не знайшла нічога лепшага, як па-дурному рагатнуць і зараз жа збянтэжыцца. Штурман скрыжаваў рукі на грудзях і адкінуўся на спінку крэсла, як прафесар, што скончыў прымаць іспыты.
        – Мне трыццаць сем. Дзевяць гадоў розніцы між намі, я лічу, самы раз. Абяцаю, што жыць са мной вам будзе цікава. Я зразумеў вашы густы і прыхільнасці... Калі вас непакоіць матэрыяльны бок – у мяне трохпакаёўка-«сталінка». Спатрэбіцца – і грошы зарабіць магу. Проста кіруюся ў побыце прынцыпам мінімалізму.
        – І я адпавядаю гэтым вашым мінімальным запатрабаванням? – да агаломшанай Паліны нарэшце вярнулася пачуццё гумару.
        – Вы – вяршыня майго жыцця, – сур’ёзна прамовіў Сымон Пятровіч.
        Адзін прызнаецца, што ў Амерыцы няма ёй замены, другі ўважае за вяршыню... І ўсё ў адзін дзень. Пасля трох гадоў адзіноты. Адмысловы іспыт з усходняй прыпавесці. Толькі і не хапае трэцяга прэтэндэнта на сэрца прынцэсы!
        – Прабачце, Сымон Пятровіч, але...
        – Мне было б прыемна, калі б вы называлі мяне проста Сымонам.
        – Добра... Сымон... Вы ж разумееце, што пасля адной-дзвюх сустрэч лёс не вырашаецца.
        – Чаму ж не? – нявесела ўсміхнуўся штурман. – І адна-адзіная сустрэча можа цалкам перамяніць жыццё. Я ведаю. Для сябе я ўсё вырашыў адразу, як вас убачыў. Рашэнне маё нязменнае. Колькі трэба будзе чакаць, каб наважыліся вы, – не мае значэння. Я ўмею чакаць. Вырас у паляшуцкім мястэчку, дзе сланечнікі – як дрэвы і нават рэчкі няма, а марыў – пра мора. Патанаў у свеце аповедаў Грына... Ён – Грынеўскі, сын сасланага з Беларусі паўстанца... І я – Грынеўскі.
        – Сваякі?
        – Магчыма, далёкія. Туга па Зурбагане і белых ветразях перадаецца генетычна. Чатыры разы паступаў у мурманскую мараходку. З мяне смяяліся. Гаварылі, што я малы і слабы... Я трэніраваў цела, як непаслухмянага сабаку, я загартаваўся да неверагоднага... І мора атрымаў.
        – Цяпер хочаце атрымаць мяне? – Паліна ўсё старалася перавесці размову на жарт.
        Штурман правёў рукой па кароткіх валасах.
        – Мора мелася стаць маёй магілай – а гэта найлепшая магіла, яе ніхто не зганьбіць. Але я, дзівак, хацеў жыць – і выжыў. Мы з ім рассталіся назаўжды, як былыя дуэлянты, загойваючы раны... А потым мяне амаль смяротна параніла зямля... Вы – іншая. Фрэзі Грант, дзяўчынка, якая ідзе па хвалях праз цемру, проста таму, што не верыць у прорву пад нагамі. Я буду чакаць. І пакуль вы не прыйдзеце да мяне, на гэтую тэму больш размаўляць не будзем. Дык вось, што тычыцца Гарнушак... Пастарайцеся знайсці старую карту тае мясцовасці. Добра было б, каб скульптар далучыўся, і з’ездзім, параспытваем на месцы.
        Трэба ж! Спакойны і дзелавы, нібыта і не рабіў вар’яцкай прапановы. Паліне нават зрабілася трохі прыкра, што ў гэтага легіянера не назіраецца прыкметаў сардэчнай пакуты. Затое не засталося і няёмкасці. Дагарэла і трэсачка з зёлкамі...
        Сымон Пятровіч, ад сённяшняга дня – Сымон, праводзіў Паліну да выхаду з тэатра. Не хапаецца за локцік падтрымаць, не зазірае ў вочы...
        На сцэне чуваць быў размераны грукат – зноў канкан! У п’есе Чэхава?
        Хаця колькі можна дзівіцца з падобнага... Паліна горка ўсміхнулася. Яшчэ спытала б, чаму артысты, адыграўшы сцэну на беларускай мове, тут жа за кулісамі пераходзяць на расійскую. Відаць, не ведаюць гісторыі з першымі гастролямі тэатра Станіслаўскага за мяжой. Прыехалі наватары ў Варшаву, па іх разуменні – у расійскую правінцыю. А ім і кажуць: «Прабачце, тэатр ваш геніяльны, мы вас паважаем, але на спектаклі не прыйдзем. Чаму? А таму, што калі публіка пойдзе на рускамоўныя спектаклі, то польскія зараз жа выпхнуць са сцэны».
        Сваё мусіць заўсёды быць даражэйшае за чужое, нават калі яно, чужое, лепшае – звычайная праграма захавання і жывёльнага віду, і чалавечае нацыі. Хіба беларусы страцілі свой прыродны ахоўны код? Не, паступаюць жа ў іхнюю гімназію кожны год гарадскія дзеткі, не чуўшы ў бацькоўскай хаце роднай мовы. І пачынаюць гаварыць па-беларуску, і так натуральна, нібыта не вывучылі, а ўспомнілі!
        А дома Паліна адразу набрала дасланы нумар тэлефона...
        Валянцін з’явіўся назаўтра ўвечары. Як і папярэджваў, не адзін. У кавярні на плошчы Перамогі пад новенькай шыльдай «Бістро», што нагадвала пра ламаную мову напалеонаўскіх жаўнераў, за зялёным столікам узвышаўся скульптар, яшчэ больш засяроджаны, чым заўсёды, а побач з ім – светлакосая «ўладальніца» ў стракатым сарафане. «Уладальніца», на імгненне адарваўшыся ад вазачкі з узбітымі вяршкамі, холадна кіўнула Паліне. Затое Валянцін адразу нервова ўскінуўся, адсунуў для госці крэсла, запрапанаваў кавы... Паліна са здзіўленнем заўважыла ў ягоным позірку, які ён адразу ж адвёў, пакуту і нібыта нейкую просьбу... Баіцца, каб Паліна не выявіла перад Дзінай, што ведае пра яго далікатнае становішча? Доўгія светлыя валасы, перавязаныя матузком, і белая льняная кашуля, а асабліва задуменны твар сапраўды надавалі Валянціну падабенства з палонным воем. Не хапала Паліне яшчэ ўмешвацца ў чужыя сямейныя стасункі...
        Няёмкую паўзу перарвала Дзіна:
        – Валік расказаў мне пра вашы гістарычныя фантазіі.
        Валянцін выціснуў няёмкае:
        – Прабачце, Паліна, але... Але ў мяне не можа быць сакрэтаў ад Дзіны.
        І аж збялеў – нібы ад застарэлага болю. Дзіна, аднак, толькі задаволена ўсміхнулася, не ўчуўшы нічога для сябе непрыемнага.
        – Дык вось, я вашых спраў навуковых не разумею, але Валік надта цягнецца да радзімы продкаў. Апошнім часам яму давялося выконваць шмат заказаў. Замарыўся, бедны... – Гандлярка пяшчотна пагладзіла мужчыну па плячы. – Так што, пакуль у нас вольны час – паездзім па мясцінах ягонага дзяцінства... Тым больш мы на джыпе. Ну і пагуляеце там у следапытаў, калі ёсць ахвота.
        Валянцін яшчэ раз кінуў на Паліну вінаваты позірк і пацалаваў руку сваёй «уладальніцы», як з прыкрасцю адзначыла Паліна, са шчырай удзячнасцю.
        І чым скончыцца гэтая авантура, было гэтак жа невядома, як і тое, куды падзеліся падчас узвядзення фрагменты абеліска Перамогі, што ўзвышаўся перад вокнамі «Бістро».
        У архіве ўдалося знайсці не толькі карту Наўеўскага павета ажно 1846 года, але і тагачасныя «Рэвізскія сказкі», перапіс насельніцтва. У Гарнушках налічвалася сто пяцьдзесят чатыры «дымы» – гэта значыць сялянскія хаты. А таксама касцёл з плябаніяй і школкай, цукраварня і кузня. Вёскай валодаў Антоні Рашчынскі, бацька Вінцэся. Не магнаты, але й не лапцюжная шляхта. Сярэдняй рукі паны. Паліну ўразіла адна дэталь: прозвішча Чарапавіцкі сярод жыхароў. Значыць, Валянцін – прамы нашчадак гарнушкаўцаў, якія ведалі Вінцэся Рашчынскага? Цікава...
        Вінцэсь Рашчынскі, паўстанцкі філосаф... Яны, навукоўцы, лёгка ўжывалі гэтае азначэнне, не задумваючыся, што – за ім. Так, Вінцэсь скончыў Пецярбургскі універсітэт як кандыдат філасофіі. Але што ён думаў пра гэты Сусвет? Якім ён быў мысляром?
        Давялося пераадольваць нелюбоў да камп’ютэраў. Паліна сумленна праседзела тры дні ў бібліятэцы, асвойваючы паганскую моц сусветнага сеціва. І выцягнула нарэшце з акіяна інфармацыі здабычу – невялікі артыкул Вінцэся Рашчынскага, надрукаваны ва «Універсітэцкім весніку» ў 1860 годзе. «Некалькі разваг наконт панлагічнай сістэмы і суб’ектыўнага духу».
        Паліна сумленна прызнавала сваю недасведчанасць. Усё, што яна зразумела, – Рашчынскі спрачаецца з Гегелем, сімпатызуе Сёрэну К’еркегору і ў некаторых здагадках, як падалося, сугучны з даследаваннямі Льва Гумілёва. «Чым ёсць жыватворны дух народа? – пісаў Рашчынскі. – Ці гэта ўсяго толькі міф, створаны, каб апраўдаць існаванне дзяржавы і пашырэнне яе межаў за кошт суседзяў? Ці гэта ёсць прыродная энергія, якая змушае кожны жывы арганізм нараджацца, развівацца за кошт навакольнага асяроддзя і згасаць, вычарпаўшы дадзены Богам і прыродай запас жыццёвай сілы? Безумоўна, вялікую ролю ў фармаванні гэтага духу адыгрывае геаграфічнае месца. Урадлівая ці неўрадлівая глеба, блізкасць да мора або горная мясцовасць, ваяўнічыя суседзі – усё адбіваецца на характары народа, як на немаўляці – жыццё сям’і. Але ёсць яшчэ адно – Найвышэйшая воля, згодна з якой усё жывое мае індывідуальнасць. Як ад кожнага чалавека цнота патрабуе абсалютна і безумоўна быць сабой, таго ж патрабуецца і ад народа. Як існаванне чалавека – самакаштоўнасць, так і існаванне кожнага народа. І гэтую адметнасць, гэтую самасць спасылае народу Гасподзь. І таму адмаўляцца ад яе – найвялікшы грэх, як грэх наракаць чалавеку на тое, што ён нарадзіўся тым, кім ёсць. І грэх – патрабаваць універсалізацыі, уніфікацыі».
        Паліна нібыта пачула голас, які гэта гаворыць, усхваляваны і сумны. Твар воіна, вочы паэта... Уражанне, быццам гэты чалавек мог бы ёй усё патлумачыць, падказаць, што рабіць з сабой, са сваім жыццём... І як шкада, што сустрэча гэтая немагчымая... Як ён пражыў свой апошні год на радзіме? Паліна ўспомніла іранічна-сумныя радкі пра старога паўстанца, які дажывае век ва ўтульнасці маёнтка:
        
         Стары крышталь, ад часу цьмяны,
         Сяйвом блакітным шафу поўніць.
         Віжамі дзверы не ўзламаны,
         І зоры ўцягваюцца ў комін.
         Засохлым лісцем пахнуць кнігі.
         Чытанне пры агні – як воля.
         І ў наваколлі ціха-ціха.
         Таемна-ціха – як ніколі.
         Дрымота дыхае за крэслам
         Ці смерць? Прыпынак ці дарога?
         А сэрца стукае, як цесля,
         Збівае лесвіцу да Бога.
         На разуменне спадзявацца
         У гэтым свеце – проста слабасць.
         І мы выходзілі на пляцы,
         Вучыліся дзвярыма ляпаць.
         І вось – па склепах, па маёнтках
         Паразбрылося пакаленне.
         А варта высунуцца вонкі –
         Гразёй запэцкаеш каленькі.
         Напалеоны і Касцюшкі
         Сядзяць у вальтэр’янскіх крэслах.
         Хай сцены і прыдбаюць вушы –
         Душу маўчанне зробіць смелай.
         Занадта ўтульна ў гэтым крэсле,
         Каб сцюжу выклікаць праз слова.
         Няхай крышталь у шафе свеціць –
         Звычайны посуд засцянковы.
        
        Не, з абліччам на партрэце гэтыя словы не стасуюцца. Філосаф стаміўся, але не згас.
        Маці, вядома, паўшчувала дачку, што зноў пачала жыць між кніжных старонак, як шашаль. І да гэтага... штурмана... не варта было адной хадзіць – у чалавека прусакі ў галаве, некалькі разоў заспявалі яго на дыванку ў становішчы дагары нагамі. Не, не ёга – ён неяк іначай называў, складана. Хоць і добры. Вось перадаў два слоікі з шыпшынавым варэннем – спецыяльна для Паліны. Ды яшчэ пра Артура, нябожчыка беднага, распытваў. Навошта – не сказаў, аджартаваўся.
        Паліна, як магла, супакоіла маці. Добра яшчэ, што тая не ведае пра ліст ад Стася.
        І можна, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яшчэ раз гэты ліст перачытаць і паплакаць. А ўявіўшы, як скульптар сядзіць дзесьці побач са сваёй «уладальніцай» і не можа без дазволу той нават патэлефанаваць, звязаны ўдзячнасцю, як смерцю, – заплакала яшчэ мацней.
        Урэшце, і фрэйліна імператарскага двара Аляксандра Смірнова-Расэт лічыла вартым сваёй годнасці праліць слязу над атрыманым лістом.
        А тут яшчэ патэлефанавала ўлюбёная Палініна вучаніца, наконт якой неаднойчы марылася – вырасце добрая беларуская паэтка. Усё-ткі ўжо ёсць некалькі першых – і ўдалых – публікацый. Патэлефанавала, каб пачытаць новыя вершы... Аказалася, на рускай мове. Чаму? А душа так запатрабавала. Паэт – птушка вольная, на якой мове хоча, на такой шчабеча. І Паліна дарэмна раіла не збочваць з аднойчы абранае сцежкі, гаварыла, што мова – жывое, мае сваю душу. Што паэт мусіць быць у сугуччы з аўрай роднай зямлі, іначай застанецца вечным маргіналам, нецікавым і ва універсуме... Пані, што за кансерватызм у постмадэрновай прасторы! Творца ўвогуле мусіць з мовай змагацца, трушчыць яе і выходзіць за ейныя межы.
        Паліна паклала трубку, ледзь утрымаўшыся, каб не абрынуць на здольнае семнаццацігадовае дзіця сусветны гнеў. Няўжо яшчэ адзін пустацвет на тваёй ніве, бедная Беларусь?
        «...Разумных больш, чым добрых, тут, ты не дакажаш ім нічога... Твая гравюра «Страшны суд» ад мастака, а не ад Бога...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.