РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
2
        
2

        
        Вінцэсь ледзь прычакаў вечара, калі ў пакоях маёнтка запалілі святло і цені неахвотна распаўзліся па кутах, каб пільнаваць момант свайго начнога панавання. У адным з такіх кутоў Вінцэсь схаваў захутаную ў посцілку стрэльбу, знятую крадма з дывана ў бацькавым кабінеце.
        Вядома, такое ўчыняць было нядобра. Але што зробіш, калі дарос да шаснаццаці, скончыў Шляхецкі інстытут1, а табе ўсё яшчэ не давяраюць зброі. А між тым у Маскалёвым лесе пасяліўся сапраўдны ваўкалак! Яго бачылі конюх Тодар і дзеці вясковага каваля, а паненка Рагманава, смуглявенькая Вальжына з насмешнымі цёмнымі вачыма, пры ўсіх гаварыла, што толькі сапраўдны мужчына не збаіцца выйсці супраць ваўкалака. А паколькі такіх у наваколлі няма, дык яна лепш з двара выходзіць не будзе. Ваўкалакі, кажуць, дзяўчат крадуць.
        Ваўчыную шкуру табе пад ногі, ганарліўка! Ды каб свежым звярыным духам працяло твой лялечны пакой з белымі фіранкамі! Рашчынскія не баяцца ні людзей, ні ваўкалакаў.
        Шкада, бацька ўнатурыўся не ў слаўных ваяўнічых продкаў. Сам ніколі ў рукі зброі не браў і яму, Вінцэсю, не дае… Нібыта шаблі ды пістолі – адно для аздобы пакояў!
        Нічога, Вінцэсь дакажа ўсім, што ваярскі дух не пакінуў іх сям’ю! Цэліць ён трапна – навучыўся і без бацькавага дазволу.
        Густы начны туман плыў па-над самай зямлёй. Так што здавалася, быццам Вінцэсь ідзе па аблоках. Але высокая трава са здрадніцкім шоргатам балюча сцябала і калолася нават скрозь вопратку, мокрую ад расы. Тры срэбныя кулі: адна ў ствале, дзве – у кішэні. Ваўкалака можна забіць толькі срэбнай куляй, пазначанай крыжам, – і Вінцэсь патраціў дзень на тое, каб ператварыць тры старажытныя манеты з бацькавае калекцыі ў больш-менш ахайныя круглячкі.
        Сёння поўня… Час ваўкалакаў. Старажытныя грэкі лічылі, што людзі тутэйшых плямёнаў штогод на адзін дзень ператвараюцца ў ваўкоў. Можа быць, гэта праўда? І ў Вінцэсю ёсць кропля ваўчынае крыві? І зараз поўня змусіць яго кінуць стрэльбу і забыцца на тое, хто ён ёсць, і…
        Ну і глупствы лезуць у галаву. Шаргоча трава, быццам нехта шэпча праклёны. Ускрыкнула начная птушка, нібыта беспрытульная душа… Не, Вінцэсь не паддасца дзіцячаму постраху. Урэшце, ён – узброены мужчына… Маскалёў лес вунь ужо, цямнее, як зубчастыя сцены цмокавага замка. Усё пралічана: хлопец падбіраецца паплавамі да ўскрайку лесу, дзе пачынаецца адхон, зарослы вольхай, а менавіта там і з’яўляўся некалькі разоў ваўкалак, – і чакае… Пачвара абавязкова выберацца на асветленае поўняй месца, каб правыць свой жудасны гімн цемры…
        Вінцэсь пачаў мерзнуць – пачатак чэрвеня не быў цёплы. Раптам па целе прайшла гарачая хваля, застукала ўвушшу. З лесу выходзіла страшыдла… Яшчэ жахлівейшае, чым хлопец чакаў, бо падобнае да чалавека – на дзвюх нагах, калматае, прыгорбленае… Як і ўяўлялася, ваўкалак застыў на месцы і ўзняў аброслае поўсцю аблічча да поўні…
        Прыцэл скакаў перад вачыма – ну, націскай жа! Палец не слухаўся. Мусіць, перашкаджала гэтае падабенства з чалавекам – і Вінцэсю неадольна хацелася, перш чым стрэліць, неяк аб’явіцца, даць таму стварэнню магчымасць супраціву – каб атрымаўся двубой, а не забойства з кустоў… Паказацца… Гукнуць… Няхай кінецца, зараве, а тады ўжо…
        – Гэй…– вокліч застраў у горле. На галаву хлапца абрынулася нешта цяжкое, неадольная сіла выдзерла з рук стрэльбу, і ён упаў на зямлю.
        – Бач, паганец, падпільнаваў! Зладзім табе паляванне начное.
        Вінцэсь зразумеў толькі адно: вакол яго – людзі… Ён з цяжкасцю перавярнуўся на спіну, усё-ткі баючыся ўбачыць пысы, што прамаўляюць чалавечымі галасамі. Не, гэта былі не пярэваратні – трое ўзброеных мужчын. У цемры Вінцэсь разгледзеў толькі вусы і насцярожаны бляск вачэй. Адзін, у мужыцкай шапцы-магерцы, цэліўся ў хлапца з ягонай жа стрэльбы. Другі нагнуўся і спрактыкаванымі рухамі абшукаў Вінцэся, з асаблівай увагай падкінуўшы на далоні мяшэчак з кулямі.
        Раптам сэрца сціснуў цёмны жах – справа падыходзіў ваўкалак. Вінцэсь пазіраў на яго з зямлі, і таму ваўкалак здаваўся волатам – бо і сапраўды быў вышэйшы за астатніх.
        – А што, казаў я вам, асочаць…
        З пашчы ваўкалака даносіўся чалавечы голас. Вінцэсь угледзеўся – тое, што ён прымаў за поўсць, было вывернутым кажухом і гэткай жа шапкай. Вядома, барада і валасы, чорныя, доўгія, густыя, надавалі абліччу дзікі выгляд, але самае страшнае было, што праз увесь твар чалавека – так, цяпер Вінцэсь быў упэўнены, што гэта чалавек, – ішоў глыбокі цёмны шнар, відаць, ад шаблі. Нос, правая шчака, левае брыво рассечаныя, і левае вока, здаецца, пашкоджанае… Затое погляд правага, нават у цьмяным святле поўні гэта адчувалася, – быў незвычайна цвёрды.
        Ад усведамлення, што ён мог забіць чалавека, Вінцэся пачало трэсці.
        – Падымайся, гадзёнак. Раскажаш усё – памрэш лёгка. Не бойся.
        У голасе чалавека ў магерцы гучала лёгкая пагарда, і Вінцэсь пастараўся ўзняцца як мага больш спрытна і стаць у незалежную паставу.
        – Дзе іншыя?
        – Я адзін, – хлопец сказаў гэта амаль раўнадушна.
        – Адкуль ведаў, дзе нас чакаць?
        Вінцэсь пачырванеў, радуючыся, што ў цемры гэтага не відаць, – давялося расказваць пра авантуру з паляваннем на ваўкалака. Хлопец не спадзяваўся, што яму павераць. Хто яны? Разбойнікі? Уцёклыя жаўнеры? Катаржане?
        – Ілжэ, – скрозь зубы працадзіў той, што трымаў Вінцэсеву стрэльбу. – Забіць зараз жа – і ў дрыгву.
        А ён уяўляў сваю смерць у бойцы, пад слаўным штандарам, на чале пераможнага войска! Але нават цяпер належала сустрэць непазбежнае так, як прыстойна шляхціцу.
        – Чакай, Марцэл…– уладна прамовіў ваўкалак, наблізіўся да Вінцэся і жалезнай рукой змусіў юнака павярнуць твар проста пад промні царыцы ночы. Вінцэсь абражана адхінуўся, гатовы кінуцца ў бойку. Але ваўкалак здзіўлена запытаў:
        – Ты не сын Антося Рашчынскага?
        Вінцэсь не зразумеў, чаму пасля ягонага пацверджання настрой захопнікаў перамяніўся – яны нібыта разгубіліся. А Марцэл у магерцы нават расчаравана прастагнаў.
        Чалавек са шнарам чамусьці ўсміхнуўся і звярнуўся да таго, хто абшукваў Вінцэся:
        – Пакажы, што ў яго забраў…
        Развязаў мяшэчак… І працягнуў супольным даланю, на якой блішчэлі два нязграбныя круглячкі – самаробныя срэбныя кулі.
        – Нават крыжам пазначаныя... Што, і ў стрэльбе такая ж?
        Вінцэсь моўчкі кіўнуў. Вакол выбухнуў рогат.
        Ваўкалак першы перастаў смяяцца і звярнуўся да хлопца сур’ёзна, нават з павагай:
        – І ты пайшоў адзін на пярэваратня?
        – Ды, відаць, перад дзеўкай пахваліцца захацеў, – насмешна вымавіў вусаты дзядзька з пістолем за поясам і, заўважыўшы засмучэнне Вінцэся, зарагатаў зноў.
        – Не сярдуй, хлопча, – сумна прамовіў чалавек са шнарам. – Выгнаннікі маюць няшмат вясёлых хвілінаў. Зараз ты пойдзеш. Стрэльбу, раз яна трапіла ў лес, мы пакінем у сябе. Перадай бацьку вось гэта… – Ваўкалак дастаў з кішэні нейкі мяшэчак. Навобмацак там было нешта дробнае і цяжкое.
        – І запомні: твой бацька – першы, каму ты пра нас раскажаш.
        Гэта прагучала як просьба, і Вінцэсь прамовіў:
        – Абяцаю.
        – Ну што ж, шчасліва заставацца, Вінцэсь Рашчынскі.
        Хлопец ашаломлена глядзеў, як постаці адна за адной знікаюць у лесе.
        – Гэй, паляўнічы, падары сваёй красуні замест ваўкалацкай шкуру вось гэтага звера… А то без здабычы вернешся.
        Словы чалавека ў магерцы праціналі злоснай насмешкай. Вінцэсь ледзь паспеў падхапіць нешта слізкае і халоднае, шпурнутае яму проста ў твар. Жаба… Юнак ледзь стрымаў гнеў, але ўдалося прагаварыць спакойна:
        – Дзякую за падарунак. Абавязкова перадам.
        Поўня залівала прывідным святлом паплавы, і туман павольна спаўзаў да рэчкі, быццам паранены вужыны кароль у свой бурштынавы палац.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.