РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
10
        
10

        
        Жаўнер зрабіў крок, спатыкнуўся і ўпаў, нязграбна падкурчыўшы пад сябе руку, – быццам нехта нацягнуў перад ім нябачны дрот.
        Сіняя фуражка з прабітай цэшкай упала побач, на чорную адліжную зямлю, нібыта таксама жывая істота, пазбаўленая чужой злой воляй жыцця.
        Вінцэсь агаломшана глядзеў паўзверх стрэльбы, страціўшы на нейкі час здольнасць успрымаць гукі, дотыкі, вобразы...
        Калі Варшава пачала паўстанне – гэта было як зімовыя грымоты. Польскі камітэт апраўдваўся – не выпадала чакаць, выйшаў загад рускага цара забіраць у рэкруты студэнтаў, гэта значыць – лепшую моладзь. Хіба пакінуць маладых гінуць па лясах у безнадзейным змаганні?
        Але неабходнасць не робіць цудаў. Вінцэсь ведаў, што яны на Беларусі яшчэ не падрыхтаваныя як след, каб ісці супраць магутнай імперыі. Але немагчыма пачынаць бойку без веры ў перамогу – і ён верыў... Былі ж у гісторыі прыклады, калі невялікая купка апантаных мяняла лёсы краін. Гарыбальдзі вёў за сабой тысячу чырвонакашульнікаў – і сёння Італія паўстае з друзу, стаптанага ботамі аўстрыякаў.
        Атрад Вінцэся – сотня чалавек. Шляхціцы, мяшчане, сяляне... У дваццаць два гады ўзяць на сябе адказнасць за жыццё сотні чалавек...
        Што ж, ён малады. Але са смерцю бацькі стаў старэйшым і адзіным у родзе. І да апошняга часу па-ранейшаму кожную раніцу плаваў у палонцы – як калісьці прывучыў пан Антось. Вінцэсь ведаў, што здолее зрабіць з сабой усё, чаго будзе вымагаць гонар. Цела і душа не здрадзяць, як не здраджвае добра падрыхтаваная, прыстраляная зброя.
        Можа, таму Вінцэсю верылі. У яго атрадзе чатыры дзесяткі гарнушкаўцаў. Сярод іх – тыя, хто вучыўся ў гарнушкаўскай школе, каго пасылалі ў вучэльні і інстытуты на грошы Рашчынскіх. Фельчар, вясковы настаўнік, ляснічы, каваль...
        Як заўсёды, наперад усіх сустрэць смяротную небяспеку выходзяць самыя лепшыя, разумныя, сумленныя... І гінуць.
        Калі з пакалення ў пакаленне адбываецца такі пачварны адбор – хіба дзіва, што беларусы ўсё больш заслугоўваюць славу пакорлівага, цярплівага, зацятага, як балота, народа?
        Першая бойка... Пакуль яшчэ няма горычы стратаў, няма сапраўднай нянавісці. Сцяг, вышываны любымі дзявочымі рукамі, ззяе барвай, золатам і беллю.
        І першы забіты Вінцэсем чалавек ляжыць на чужой яму, чорнай зямлі.
        Вінцэся прывёў да прытомнасці стогн побач – Марка Рагманаў! Гэта ж яго ледзь не застрэліў чалавек у сіняй фуражцы. Вінцэсь дапамог Марку прыўзняцца... Дзякуй Богу, жывы – куля толькі драпанула па галаве. А каб забіла... Як тады глядзець у вочы Вальжыне? Да Вінцэся падбягалі інсургенты – вясёлыя, нібы пасля ўдалага палявання. Атрад жаўнераў быў невялікі, і, відаць, чужынцы не чакалі ўзброенага супраціву.
        – Разбегліся, як кураняты...– Стась Людвісар расплываўся ва ўсмешцы, аддана гледзячы на камандзіра. І гэты можа загінуць...
        Вінцэсю раптам стала страшна. Як тады, калі ехаў праз Маскалёў лес і чакаў атручанай стралы ў грудзі. Яго вусны шапталі:
        – Гэта яшчэ не перамога... Не перамога... Першы крок на сцяжыну смерці.
        Але належала прагнаць ганебную слабасць, пакуль ніхто не заўважыў.
        У маёнтку Рагманавых зладзілі лазарэт для параненых. З аднаго боку – лес, з другога – поле. Прыслугі – тры чалавекі: ахмістрыня Казіміра ды конюх з жонкай-пакаёўкай. Усе – амаль што сямейнікі. Месца спакойнае, аддаленае. Пан Рагманаў быў дзесьці пад Гародняй, там, дзе і Юзаф, – а Юзафу як ваеннаму інжынеру даручылі камандаваць штабам паўстанцаў. Вінцэсь ведаў, што сябра згаджаўся на гэта не без ваганняў, – але так палка любіў сваю Айчыну!
        Стась Людвісар падбег да Вінцэся.
        – Хрысціна паведаміла, што будзе чакаць мяне на паштовай станцыі. Прывязе грошы. Заўтра на досвітку мушу ехаць.
        Вінцэсь спахмурнеў.
        – Не варта было б ублытваць паненку. Як пан Людвісар?
        Станіслаў упарта закусіў губу.
        – Вядома, угневаны. Хоча, каб я вярнуўся дадому. Ніколі!
        Вінцэсь уздыхнуў. Спадзевы на тое, што, дзякуючы сынаваму энтузіязму, магнат Людвісар адкрыта стане на бок паўстання, не спраўджваліся. Венецыянскія каналы пад беларускімі соснамі страцілі б дасканаласць без песень прыгонных мужычкоў. А мужык, узброены штуцэрам, наўрад ці стане ламаць язык «Санта-Лючыяй», а запяе роднае «У нядзельку параненьку» дый пераблытае свайго і чужога пана. Але Людвісар не жадаў і станавіцца на бок імперыі, што пазбавіла яго продкаў і яго самога былой улады. Людвісараўскія грошы сілкавалі змаганне. Вінцэсь не любіў выслоўя пра тое, што грошы – цягліцы вайны, але ведаў, што без іх паўстанне захлынецца. Косамі супраць штуцэраў нядоўга паваюеш.
        У гасцёўні віравалі людзі. Грукатала зброя, якую належала падрыхтаваць да наступнай бойкі. З спачывальні чуўся стогн параненага ў нагу каваля. Вінцэсь адшукаў вачыма знаёмую постаць у чорнай сукенцы. Вальжына, якая сядзела ў фатэлі ля акна і нешта хутка шыла, прыўзняла галаву з акуратна ўкладзенымі каронай чорнымі косамі і ўсміхнулася госцю. За гэтую ўсмешку Вінцэсь гатовы быў памерці... А забіць?..
        Уваччу ізноў паўстаў жаўнер, які валіцца на зямлю... Зусім малады... Не старэйшы за Вінцэся...
        Вальжына асцярожна зняла з каленяў працу – гэта быў паўстанцкі мундзір, шэры, з чорнымі галунамі, узнялася, падышла, клапатліва зазірнула ў твар.
        – Што з вамі? Вы падумалі зараз пра нешта страшнае...
        Вінцэсь удзячна ўсміхнуўся.
        – Гэта ўсяго толькі мае мроі... Прабачце.
        Вальжына глядзела вельмі сур’ёзна, з увагай. І Вінцэсь ад гэтага быў такі шчаслівы, што мімаволі паддаўся спакусе прадоўжыць гаворку і, можа, скінуць з душы хоць частку цяжару.
        Яны сядзелі на верандзе, адзіным месцы ў доме, дзе можна было адасобіцца. Вінцэсь накінуў на плечы дзяўчыне, каб не змерзла, ваўчынае футра. Неба шарэла, нібыта набрынялая вадой воўна, і першыя вечаровыя цені ўжо запляталі шчыльнай павутой куты.
        – У Санкт-Пецярбурзе я шмат думаў і разважаў пра смерць. Разумееце, у кожнага філосафа свая канцэпцыя гэтае з’явы. Я хрысціянін і, вядома, успрымаю смерць пераходам з аднаго стану ў другі, вызваленнем душы ад цялеснае абалонкі і гэтак далей. Але наколькі ўладны чалавек над жыццём і смерцю сябе самога і іншых? Калі вайскаводца пасылае на гібель тысячы жаўнераў, і ўсё дзеля таго, каб падарыць сваёй краіне кавалачак чужой неўрадлівай зямлі, – хіба вайскаводца не забойца? А між тым яго ўслаўляюць як героя. Арыстоцель казаў, што калі нехта ўчыніць несправядлівасць, не ўсведамляючы гэтага, ён не парушальнік справядлівасці, а няшчасны. Вальжына, мне зараз здаецца, што мы ўсе – такія няшчасныя. Якое права маем я ці нехта іншы пераразаць нітку чужога лёсу? Хіба мы ведаем, што знікае разам з кожнай заўчаснай смерцю? Якія мэты Творцы не будуць дасягнутыя з-за таго, што нехта не пражыў столькі, колькі яму належала?
        – Вам не здаецца, што вашы разважанні блюзнерскія? – мякка запярэчыла Вальжына. – Хіба не ўсё ў руцэ Божай? Без Ягонае волі волас не ўпадзе з галавы.
        – Чалавек парушае волю свайго Стваральніка. Ён забівае.
        Вальжына ласкава паклала далонь на руку Вінцэся. Гэта было так нечакана і цудоўна, што ён увесь задрыжэў... А для яе... для яе гэта быў проста жэст спачування.
        – Вінцэсь, што здарылася? Што змусіла вас да вашых сумных разважанняў?
        Ад яе ціхага голасу хацелася плакаць.
        – Я... забіў чалавека.
        Вальжына памаўчала.
        – Я магу здагадвацца, як гэта цяжка. Але...
        – Але так не павінна быць для мяне! – раптам горача загаварыў Вінцэсь, адкінуўшы асцярожлівасць. – Я лічыў сябе падрыхтаваным. Бацька не хацеў, але я ўпотайкі вучыўся страляць. І ездзіў на паляванне з нашым лесніком, і забіваў сам-насам медзвядзёў і ваўкоў. Я перажыў страх уласнай блізкай смерці. Перажыў смерць бацькі. І... тое, што горш за смерць. Але пра гэта згадваць не варта. І вось – мяне трасе, і я гатовы быць забітым – абы больш не забіваць. Скажыце, што я баязлівец, Вальжына! Я – нікчэмнасць. І будзе праўда, калі вы гэта скажаце!
        Дзяўчына ўзнялася і прайшлася па верандзе. Белыя фіранкі зрабіліся сінімі ў прыцемку. Але Вінцэсю здавалася, што ён выслізнуў з часу, быццам кубак з няспрытных дзіцячых рук, і зараз давядзецца падбіраць аскалёпкі.
        Вальжына зноў прысела каля яго, і хлопец не пабачыў насмешкі ў вялікіх цёмных вачах.
        – Вы проста чалавек з чуйнай душой, добры і сумленны. Не трэба думаць, што забіваць – лёгка і што вялікія ваяры нават у самай першай бойцы асуджалі на смерць сабе падобных, нібы свечкі ламалі. Мужчыны любяць выхваляцца сваёй жорсткасцю. Насамрэч вы – такія ж датклівыя істоты, як і кабеты. Гэта нармальна – тое, што вы цяпер адчуваеце. І я ўпэўнена, што калі будзе неабходна – вы зробіце ўсё, як належыць вою і мужчыну. Адзін мой знаёмы... вялікі вой... расказваў, што свайго... першага... перажываў гэтак жа, як вы.
        Вінцэся перапаўнялі ўдзячнасць і шкадоба. І ён схапіў вузенькую далоньку дзяўчыны і прыпаў да яе вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея... Пацалаваў вышэй, запясце... І адчуў, што Вальжына адхіснулася. Яна глядзела са здзіўленнем і дакорам.
        – Вінцэсь! Вы заўсёды былі вельмі далікатным, выхаваным хлопчыкам. Не варта цяпер...
        Ён перабіў:
        – Я не ранейшы хлопчык, Вальжына! Я даўно вырас. Прайшло шмат гадоў ад тых часоў, калі мы гулялі ў яшчара і скакалі ў адрыне ў сена. І цяпер, калі смерць узяла нас у свой карагод, я хачу вам сказаць...
        Вальжына ўзнялася, нібыта спалоханая птушка.
        – Мне час ісці. Марку, магчыма, пагоршала...
        Але Вінцэсю было ўжо ўсё роўна – наколькі ён далёка пяройдзе за мяжу згаданай выхаванасці. Ён затрымаў Вальжыну за руку.
        – Выслухайце мяне... Хто ведае, можа, гэта апошняя магчымасць? Тая шкляная жабка... Вы, напэўна, здагадаліся – яе прынёс я. Я прынёс бы вам і сэрца цмока, калі б вы таго зажадалі. І дастаў бы ўласнае сэрца, калі б гэта дало вам задавальненне. Паслухайце... Я скажу вам сваю ганьбу. Я прыходзіў з той няшчаснай жабкай уночы на Васіліска, у салаўіны чацвер. Я быў у садзе, калі... калі вы былі не адна. Прабачце мне – гэта атрымалася выпадкова.
        Дзяўчына рэзка адхіснулася ад Вінцэся і закрыла твар рукамі. У шкло веранды ўдарылі цяжкія кроплі адліжнага дажджу.
        Вінцэсь стаяў, апусціўшы галаву. Ён разумеў, што ўсё для яго скончана, і адчуваў дзіўную пустэчу ўнутры – і нават палёгку ад гэтай пустэчы.
        – Так, даравання прасіць бескарысна. Проста ведайце – я не менш, чым вы, пагарджаю сваім учынкам, няхай і ненаўмысным. Але я ніколі не адмоўлюся ад... ад таго, што вы падарылі мне.
        Дзяўчына неўразумела зірнула на Вінцэся. Той цвёрда сустрэў яе пагляд.
        – Вы падарылі мне, не ведаючы самі і, вядома, не жадаючы, найвялікшае шчасце, якое можа быць дадзена на зямлі... – і раптам невясёла ўсміхнуўся. – Ну трэба ж... У самыя важныя моманты жыцця чалавеку ўласціва выказвацца патэтычнымі мёртвымі словамі. Ці гэта я адзін такі недарэка?
        Відаць, яму не ўдалося схаваць сваю пакуту. Вальжына ўважліва паглядзела на яго, раптам куточкі яе вуснаў уздрыгнулі, і яна прытулілася лбом да пляча Вінцэся.
        – Бедны...
        Хлопец, баючыся варухнуцца і спудзіць раптоўную ласку, нават дыханне стаіў, асцярожна, лёгка-лёгка крануў рукой чорныя валасы... Якая яна маленькая... Яму да падбароддзя. А ён жа так доўга быў ніжэй і глядзеў на яе знізу ўверх – як на каралеўну!
        Дзесьці чуліся ўстрывожаныя галасы, стук капытоў аб скаваную начным марозам зямлю. Грукала брама, брахалі сабакі... Вінцэсь не заўважаў нічога.
        Потым цені кінуліся некуды ўгару, у расчыненыя дзверы веранды ўварвалася з пакоя святло. У праёме вырасла дзіўная застрашлівая постаць – ростам пад бэльку, вывернуты кажух, чорныя калматыя валасы і барада, і – глыбокі шнар праз увесь твар.
        Вальжына павярнула галаву...
        Вінцэсь ледзь не паваліўся – так моцна яна яго адштурхнула, каб з крыкам упасці ў абдоймы госця.
        Вінцэсь нязграбна прыціскаў да сябе ваўчынае футра, скінутае з плеч Вальжыны. Хлопец зноў чуў тое, што не прызначалася для чужых вушэй. Але цяпер гэта не магло прайсці для яго беспакарана. Вочы Ваўкалака глядзелі паўзверх галавы дзяўчыны, што плакала на яго грудзях, халодным гневам. А з-за пляча Ваўкалака выглядаў чалавек у магерцы, і ўсмешка ягоная была грэблівай і ненавіснай.
        Зоры не маглі вызірнуць з-за чорных, цяжкіх, як зямля, хмараў, таму не відаць было нават, дзе канчаецца лес і пачынаецца неба.
        Мужчыны стаялі ля весніцаў, і іх маўчанне было такім жа цяжкім, як адліжныя хмары.
        – Мартын, клянуся, калі б я ведаў, што ты жывы, – зрабіў бы ўсё, каб вызваліць. Нават калі б для гэтага спатрэбілася напасці на пастарунак.
        – Гэта зрабілі за цябе іншыя, – голас Ваўкалака гучаў спакойна, але ў ім было столькі ж цеплыні, як у начным паветры.
        – Але Вальжына паказвала кулю...
        – Прайшла навылёт, праз шыю. Я жывучы.
        Вінцэсь ледзь не плакаў ад гэтай несправядлівай халоднасці. А Мартын тым часам кінуў пытанне, як пальчатку:
        – Ты кахаеш яе?
        Вінцэсь горда ўскінуў галаву.
        – Кахаю.
        – Вось як...– Ваўкалак варочаў словы, нібыта камяні. – Я заўсёды казаў, што яна мусіць сустрэць сваё шчасце. Не думаў толькі, што – вось такі хлапчыска... Калі ты падманеш яе, будзеш мець справу са мною.
        – Ёй патрэбны не я, – голас Вінцэся быў цвёрды. – Яна ніколі не кахала мяне. Я для яе толькі, як ты кажаш, хлапчыска. І калі ты думаеш, што я з гэтае нагоды здольны ўтварыць гнюснасць, прыбраць шчаслівага суперніка, дык нам застаецца толькі схапіцца за шаблі. Будзе вельмі разумна. Калі ўлічыць, што збіраемся ісці ў смяротную бойку.
        Мартын памаўчаў, потым загаварыў інакш, амаль як раней, падчас іхняга нядоўгага сяброўства:
        – Я адчуваю сябе нягоднікам – што я магу ёй даць. Можа, найлепш для мяне было б сапраўды памерці.
        – Можаш не верыць, але я рады, што ты жывы. І рады, што яна шчаслівая...
        Мокры снег ударыў Вінцэся ў твар, нібыта гнаў прэч, у бяспечнае месца. Ваўкалак шчыльней захутаўся ў калматы кажух.
        – Я веру табе. Ты – сын Антона Рашчынскага. Але ведай, што не ўсе да цябе добрыя. Прозвішча ваша – гэта як кляйно, хлопец. Антось з-за гэтага напакутаваўся. І табе давядзецца. Бо без мужыкоў мы гэтую вайну не выйграем. Паны з Нацыянальнага камітэта, нават калі гэта і разумеюць, абяруць лепш паразу, чым мужыцкі бунт. Да таго ж ім мрояцца тут крэсы Польшчы, а не вольная Беларусь. Па тры маргі зямлі за падтрымку інсургентаў – лепш, чым нічога. Але ці чуў ты, што ўлады збіраюцца заахвочваць сялянаў за дзеянні супраць паўстання? І павер, гэта будзе страшна – бо ўзнагарода возьмецца з маёмасці схопленага бунтаўшчыка. І больш, чым па тыя няшчасныя тры маргі!
        Вінцэсь пахаладзеў. Так, гэта было б страшным ударам. Ягоныя сяляне вольныя, але ён усё яшчэ пан.
        – Мартын! – з дома да іх бегла Вальжына.
        Ваўкалак памкнуўся насустрач, і Вінцэсь палічыў за лепшае застацца на самоце. Але гэта не ўдалося. Проста з цемры выплыў цёмны сілуэт. «Лясныя браты» ўмелі ператварацца ў прывідаў.
        – Думаеш, выкруціўся? – Чалавек у магерцы ўсміхаўся сабе ў вусы – нібы звер паказваў іклы. – І тады, хлапчанём, хацеў Ваўкалака забіць. І цяпер – толькі прыкідваешся бязвінным. Але Брацтва Ваўка не падманеш!
        Вецер зусім ашалеў і сыпаў халодныя кроплі, нібы сейбіт зерне.
        Вінцэсь сціснуў зубы.
        – Такімі словамі не кідаюцца.
        – А я не кідаюся словамі! – Вочы суразмоўцы аж бліснулі ў цемры. – Думаеш, калі я – у кажусе, дык ніхто? Я – шляхціц! Я – Марцэл Алейшчык з Бароўні! Няхай падчас апошняга перапісу нас абылгалі, перавялі ў аднадворцы – Алейшчыкі радавод вядуць ад Алелькавічаў. Я гэта разумнікам з камісіі зброяй давёў. Каб не запазычыліся – мы б у маёнтку жылі, а не ў хаце на тры акны!
        – Спачуваю, але я вас шляхецтва не пазбаўляў.
        – Ты здраднік! З-за чорных вочак на душагубства пайшоў.
        Кроў кінулася ў галаву хлопцу.
        – Я не збіраюся выслухоўваць вашы паклёпы. Калі б мне не трэба было ў хуткім часе весці сваіх людзей у бойку, я змусіў бы вас адказаць за гэтыя словы. Але цяпер каштоўны кожны чалавек.
        Марцэл здзекліва разрагатаўся.
        – Каштоўны! Ты, вядома, каштоўны. Усіх загубіш. Узяць хаця б – што ў тваім атрадзе робіць малы Людвісар са сваімі блішчастымі пазурамі? Думаеш, мы паверым, што яблычак гэтак далёка адкаціўся ад яблынькі, што і галінку сваю не пазнае?
        Сапраўды, трэба было пераканаць Стася хоць на час кінуць даглядаць пазногці. Ну каму дакажаш, што гэта проста бяскрыўднае дзівацтва, а не магнацкая фанабэрыя?
        Вінцэсь прыгледзеўся – з цемры з’яўляліся іншыя постаці. Яшчэ двое... З атрада Ваўкалака ці не? Брацтва Ваўка – гэта не адзін атрад, гэта магутная старажытная сіла, да якой звярталіся па справядлівасць, як да апошняга суда, якая паліла маёнткі, змушала вяртаць пазыкі і адмяняць акрутныя загады.
        Людзі Брацтва проста стаялі і моўчкі глядзелі, але Вінцэсь адчуваў, як ад іх сыходзіць нянавісць, нібыта жар ад распаленага каменя.
        І раптам яго шчаку апёк удар.
        З пабітай фізіяноміяй атрадам не камандуюць.
        Вінцэсь ведаў, што гэта – найвялікшае і, магчыма, апошняе глупства ў яго жыцці. Але двубой прызначылі на заўтра, як дастаткова развіднее. Яны пойдуць у лес, нібыта на вывед, і калі адзін з іх не вернецца, можна будзе сказаць пра сустрэчу з раз’ездам казакаў. Вусаты Марцэл з усяе моцы намагаўся захоўваць рытуал – ну як жа, ён быў высакароднай асобай. Права выбіраць зброю – у таго, хто абражаны. Вінцэсь скарыстаўся з гэтага, каб прапанаваць шаблі: усёткі куля – гэта выпадковасць. Але, убачыўшы пераможную ўсмешку Марцэла, падумаў – ці не памыліўся.
        – І глядзі, паніч, каб ніхто з твайго атрада не ўведаў пра нашы справы. А скажаш Мартыну – ганьба табе. Ён бацьку твайго любіў, і ты ў давер яму ўлез. Але мы табе не верым.
        Мокрая цемрадзь паглынула постаці – яны не пайшлі ў маёнтак, да агменю, нібыта холад, цемра і макрыня былі іх сапраўдным домам.
        Божа літасцівы, якое дурноцце! Ён, камандзір атрада, камандзір людзей, якія даверыліся яму, рызыкуе сваім жыццём з прычыны асабістай абразы! Хто заменіць яго ў атрадзе ў горшым – для Вінцэся – выраку? Напэўна, ляснік, Янук Вараўня – ён не шляхціц, але разважлівы і мужны і можа прымусіць слухаць сябе. А яшчэ ж трэба два секунданты... Да каго можна звярнуцца? Тут мала, каб чалавек быў адданы паўстанню, – патрабуецца асабістая прыхільнасць да яго, Вінцэся.
        Хлопец панура сядзеў у куце гасцёўні, прыхінуўшыся да сцяны. Вакол спалі на разасланых проста на падлозе пярынах і коўдрах інсургенты – ложкаў і пакояў у маёнтку было няшмат. Полымя каміна адкідвала чырвонае дрыготкае святло на сонных. На хвілю Вінцэсю зрабілася страшна – падалося, што ён бачыць поле пасля бойкі – з мёртвымі целамі. Іх прышласць?..
        І хутчэй прагнаў здрадлівую мрою.
        Бадай што, можна даверыцца Міхасю Валевічу. Сын гарнушкаўскага дзяка, вучыўся ў Вільні на грошы пана Антося. Цяпер – настаўнік у гарнушкаўскай школе. Ён, вядома, не будзе ўхваляць, але зробіць, што Вінцэсь папросіць. І нічога, што ён не дваранін, – Вінцэсь адпачатку сказаў сваім, што ў іх няма дваранаў і мужыкоў, ёсць паўстанцы і грамадзяне будучай вольнай Беларусі. А вось хто другі? Марка Рагманаў, вядома, не. Зміцер Шчамлінскі з упраўлення чыгункі? Разам вучыліся ў Пецярбургскім універсітэце, сын бацькавага сябра, шчыры, адважны... Таксама не, усхвалюецца, разгарачыцца, абудзіць у іншых падазрэнні... Выходзіла, што, акрым Стася Людвісара, няма да каго звярнуцца. Стасю, вядома, таксама не вераць. Яго ўдзел будзе выглядаць для тых падазрона... Але Вінцэсь пакажа, што чужыя падазрэнні не прымусяць яго адвярнуцца ад чалавека. Няхай будзе Стась... Той пойдзе за Вінцэсем, напэўна, нават у пекла. І дакараць не падумае, калі пачнуць пяты гарэць. Трэба паспець перагаварыць з ім, пакуль не паехаў на сустрэчу з Хрысцінай.
        Агонь дарыў пакою сваё дрыготкае святло – усё, што мог аддаць, набліжаючы сваю халодную смерць. Як ціха... Толькі дыханне тых, што спяць. Вінцэсь падняў далонь і паглядзеў скрозь пальцы на полымя – у зменлівым прыцемку падалося, быццам скрозь скуру прасвечваюць косці, і паверылася, што гэта – рука мерцвяка, з якой спаўзае чорная плоць... Так гэта будзе калісьці і насамрэч. А ў таго, забітага ім, жаўнера рукі, напэўна, сашчэпленыя на грудзях, халодныя, васковыя рукі, і невідочнае войска тла ўжо трушчыць часцінкі плоці адну за адной, пакуль не ператворыцца цялесны футарал у нешта непазнавальнае. І лягуць косці забітага і забойцы, ахвяры і ката ў адну зямлю, і адна трава вырасце на іх. А душы? Ці сустрэнецца яго, Вінцэся, бесцялесная сутнасць з гэткай жа субстанцыяй забітага ім хлопца? Ці будзе між імі нянавісць, як і на зямлі? Але тады, з нязжытым злом, – д з е яны сустрэнуцца?
        Не, у Вінцэся і зараз не было нянавісці. Толькі смяротная туга. А заўтра ён мусіць зноў адабраць жыццё – або кінуць пад ногі гонару сваё. Вінцэсь зірнуў у той кут, дзе віселі абразы, – у цемры відаць быў толькі маленькі агеньчык лампадкі, чырвоная кропка святла, што паказвала шлях, адзіны магчымы для выратавання, але цяпер гэткі далёкі і стромы для яго, што Вінцэсь ледзь не заплакаў ад самоты і ўласнай недасканаласці.
        ...Вусаты Марцэл падае на зямлю, і жыццё вокамгненна пакідае яго, нібы цяпло – дом, чые вокны адным сваім ільдзяным подыхам расчыніла бура...
        Невыносна!
        Юзаф зараз працытаваў бы нешта з Блажэннага Аўгусціна. ...Людзі адчуваюць пакуты настолькі, наколькі паддаюцца ім. ...Смерць – зло толькі ў залежнасці ад таго, што будзе пасля яе. ...Чалавек пачынае паміраць з моманту нараджэння... дакладней, ён жыве і памірае адначасова.
        Чаму словы мудрасці бяссілыя менавіта тады, калі перастаеш спадзявацца на ўласны недасканалы розум?
        Нечая постаць бязгучна праслізнула ў пакой, на хвілю замерла, узіраючыся ў цемру, і скіравалася да Вінцэся, што сядзеў, асветлены агнём каміна.
        – Вальжына! Вы – тут?!!
        – Я ўмею пагарджаць звычаямі, калі камусьці з вартых дрэнна, – прашаптала яна і прысела побач, таксама прыхінуўшыся да сцяны.
        Вінцэсю здавалася, што яго сэрца б’ецца так гучна, што зараз пабудзіць усіх.
         – Я не хачу, каб вы пакутавалі, – прашаптала дзяўчына. – Вы выратавалі майго брата. Майго бацьку. А я нічым не магу за гэта аддзячыць.
        Дзіўна – але яе твар у прывідным святле здаваўся не злавесным, як усё іншае, а прыўкрасным.
        – Вы? Аддзячыць мне? – Вінцэсь пастараўся стрымаць хваляванне. – Вы нічога мне не вінны. Гэта я бясконца ўдзячны вам... За тое, што вы ёсць. Ну вось, зноў прагучала пафасна. Давайце так: мы – сябры, і ніякія рахункі між намі нядзейсныя. Я рады, калі вы шчаслівая, – і ўсё.
        Вальжына маўчала, але Вінцэсь чуў яе ўсхваляванае дыханне – нібыта бегла пад гару. Нарэшце яна лёгка і хутка – ён нават не паспеў асэнсаваць – дакранулася цёплымі вуснамі да яго лба.
        – Вы добры...
        І знікла – гэтак жа раптоўна, як і з’явілася.
        І толькі пасля прыйшла здрадлівая думка – пацалавала ў лоб, як нябожчыка.
        Што за пошасць у галаву лезе – ну чаму чалавек не ўладны над сваімі думкамі!
        І Вінцэсь прымусіў сябе заснуць, дакладней, упасці ў кароткае забыццё, як у палонку.
        А дзень быў здзекліва сонечны. Але ад чыстае сонечнае ўсмешкі снег ператвараўся ў брудную, непаглядную калатушу, і цёмны твар зямлі вызіраў праз дзіркі ў белым саване зусім не ветла, і не хацелася быць пакладзеным у гэтае чорнае, вільготнае рэчыва.
        Месца для двубою прызначылі загадзя. Тут сапраўды было сушэй, магутныя ліпы паўсталі вакол паляны на варце. Побач – маленькая напаўразбураная капліца, магіла Вінцэсевага прадзеда-чарнакніжніка. Добрае месца, каб памерці.
        Стась перарывістым ад хвалявання голасам згодна звычаю прапанаваў ворагам памірыцца.
        Вінцэсь, стараючыся, каб гэта не прагучала слабасцю, прамовіў:
        – Я згодны забыць учарашнюю недарэчнасць. Або – пачакаць да канца ваенных дзеянняў. Наша жыццё належыць Айчыне.
        Марцэл злосна ўсміхнуўся ў вусы:
        – Я не магу пакідаць здрадніка жывым. Я дзесяць гадоў гуляю са смерцю і жывы толькі таму, што ведаю, каму верыць, а каго адразу знішчаць.
        Міхась Валевіч, другі Вінцэсеў секундант, невысокі, хударлявы, з непрыгожым інтэлігентным тварам, абвёў усіх разумнымі цёмнымі вачыма, звужанымі, нібыта ад пагарды да гэтага відовішча.
        – Ну што, у такім разе пачынайце, панове, сваю «высакародную» справу.
        Марцэл адсалютаваў шабляй – так, ён сапраўды выдатна валодаў халоднай зброяй. Лязо мільгала маланкай. Вінцэсь скрыжаваў сваю шаблю са зброяй праціўніка. І сустрэў пагляд чорных, як сама нянавісць, вачэй.
        – Ты яшчэ за свайго дзеда Лявонція адкажаш, гадзёнак. Твой дзед бедную шляхту ў мужыкоў запісваў.
        Лёзы кідаліся адно на аднаго, як змеі. На белых кашулях ворагаў усё больш распаўзалася чырвоных плямаў. А брудная каша пад нагамі хлюпала зусім не рамантычна, Вінцэсь ужо некалькі разоў ледзь не ўпаў, паслізнуўшыся. Смешна атрымаць смяротны ўдар, прычынай якому – бруд пад нагамі.
        – Спыніцеся! Неадкладна! Гэта загад! – Нехта бег да месца двубою, падаючы, падымаючыся, і крык быў такі адчайны, нібыта той чалавек расставаўся з жыццём. Марцэл расчаравана застагнаў і з падвойнай ятрасцю кінуўся на Вінцэся.
        – Спыніцеся! Загад ваеннага паўстанцкага камітэта! Вы арыштаваныя за парушэнне дысцыпліны!
        Некалькі чалавек выбегла на паляну. Наперадзе – дзяўчына, з растрапанымі залатымі валасамі, у пясцовым футрачку і калісьці светлым раброне, ушчэнт заляпаным унізе гразёю, – відаць, уладальніца не раз падала на калені ў гэтае разводдзе. Хрысціна?
        За дзяўчынай рухаліся змрочны волат у вывернутым кажуху і каржакаваты невысокі малады чалавек з нервовым разумным тварам, які гарэў ад гневу і стомы.
        – Кастусь! Адкуль ты тут? – вырвалася ў Рашчынскага.
        – Заехаўся праверыць, як вы гатовыя да бойкі, – скрозь зубы прагаварыў Кастусь. – І бачу, што на ўсе застаўкі ідзе падрыхтоўка.
        Марцэл з сілай уторкнуў шаблю ў зямлю і закрычаў на Вінцэся:
        – Ганьба! Ты ж слова даваў, панічок, што нікому не скажаш! Але што чакаць ад здрайцы...
        – Гэта я вінаватая! – задыхана прамовіла Хрысціна, спалохана кідаючы позірк на чырвоныя плямы на Вінцэсевай кашулі. – Стась сёння раніцай прызнаўся мне, што вы тут задумалі.
        – Я даваў слова, што не скажу нікому з атрада! А мая сястра – не з атрада! – нечакана цвёрда патлумачыў Стась. – І я не прасіў яе ўмешвацца!
        – Дык што, трэба было чакаць, каб загінуў цудоўны чалавек з-за дурнога вашага гонару? – Хрысціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі. – Я не шкадую, што так зрабіла!
        І нават ножкай тупнула ў пацверджанне, падняўшы брудныя пырскі.
        Кастусь сурова глядзеў на Вінцэся.
        – Я думаў, ты сур’ёзны чалавек. Табе атрад даверылі... Як вярхоўны камісар загадваю – аддай мне шаблю.
        Вінцэсь паслухмяна працягнуў сваю зброю. Кастусь перавёў позірк на Марцэла – той, аднак, толькі пругка адскочыў, як сапраўдны лясны звер ад пасткі, і ашчэрыў зубы.
        – А я табе шаблю не аддам, камісар. Брацтва Ваўка не пад тваёй рукой. Мы паноў і паночкаў рэзалі і рэзаць будзем. Вы, чысценькія, у лес прыйшлі, ахвяраваліся... А мы ў ім жывем!
        Ваўкалак цяжка паклаў руку на плячо Кастусю, які ўжо гатовы быў выбухнуць гневам.
        – Я сам разбяруся. Гэта мая справа.
        «Лясныя браты» пад суровым позіркам атамана панурыліся, ды Вінцэсь разумеў – яны скарацца, але не зменяцца. А вось што было непрадказальным – дык гэта Хрысціна. Дзяўчына незалежна вы-прасталася пад цікаўнымі позіркамі.
        Вінцэсь падышоў:
        – Навошта вы гэта зрабілі?
        Яна толькі зірнула, і ў яго сціснулася сэрца: хіба заслугоўвае ён, каб на яго так глядзелі? Нібыта выпадкова злавіў у рукі кволае птушанё: выпусціш – загіне, і гадаваць няма як... А Хрысціна, чырванеючы, парывалася перавязваць яго раны (Ну што за глупства? Звычайныя драпіны...), нешта тлумачыла наконт падзей апошняга часу. Але ж як яна, далікатная паненка, не збаялася, здолела пераканаць суровых мужчын, прывесці іх да месца двубою?
        Вінцэсь з удзячнасцю ўзяў яе за руку.
        – Хрысціна, вы – цуд.
        – Я не цуд, я аматарка цудаў. Напрыклад, у слоіках са спірытусам.
        І засмяялася – як промні з неба пасыпаліся. Каб у Вінцэся было хоць трохі клёку, ён закахаўся б у гэтую светлавалосую фею... Але ён змог толькі яшчэ раз у думках назваць сябе апошнім дурнем.
        І тут яна з крыкам штурханула яго ўбок...
        Драўляная страла, кароткая, нібы апошні ўздых, уторкнулася ў чорную зямлю.
        – Якой халеры?.. – зароў Ваўкалак.
        Адзін з яго людзей, секундант Марцэла, пануры светлавалосы хлопец, высокі і няўклюдны, хаваў лук-самастрэл, што на хвілю паказаўся з-пад крыса. Марцэл падляцеў да стралка і адвесіў яму поўху.
        – Ты! Гаўрык няшчасны! Гэта не па правілах! Дурны лапаць! Тут не вясковая тузаніна – двубой, шляхецкая справа!
        А Вінцэсь, як скамянелы, глядзеў на таго, хто страляў, – той упарта адводзіў светлыя, нібы выцвілыя, вочы без аніякага выразу... І не трэба было пытацца, удакладняць – падсвядома ведаў: ад стралы з гэтага самага лука загінуў бацька.
        Вінцэсь прысягаў не помсціць... Але таго, што адбывалася, было ўжо занадта – у галаве круцілася неразумнае: «За што? За што?» Нібыта хоць калі-небудзь для нянавісці і забойства абавязкова мусілі быць падставы.
        І хлопец з лукам раптоўна кінуўся бегчы ў гушчар, расплёхваючы ботамі мокры снег і мокрую зямлю.
        Прынамсі, сёння ўсе засталіся жывымі. Каб ісці далей па дарозе любові, нянавісці і – смерці.
        
         ...У дзень нараджэння дарогі дрыжаць нябачныя зоры,
         Адной давядзецца згаснуць, другую возьмуць з сабой
         Заместа лампады людзі, што мовай звяроў гавораць,
         Што мовай дажджоў гавораць і зброі мовай нямой...
         У дзень нараджэння дарогі ніхто прадказаць не можа
         Дабра і зла суадносіны, што ў час народзіць яна.
         А людзі стамлёна тупаюць, бяздомныя ў доме Божым,
         І топчуць траву высокую, і лёс вырашаюць наш.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.