РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
4
        
4

        
        Бацька моўчкі стаяў, адвярнуўшыся да акна, і Вінцэсь баяўся парушыць цяжкое маўчанне. На сцяне, на фоне вясёлкавага кіліма, паблісквала, быццам суровыя вочы старых вояў, зброя – шаблі, корды, ружжы, мушкеты, абушкі, скрыжаваныя дзіды, нават буздыган – шастапёр, страшная зброя, якой раструшчвалі галаву. Але Вінцэсеў пагляд мімаволі цягнуўся да таго месца, дзе мусіла вісець стрэльба, страчаная ім падчас начнога здарэння. Ды яшчэ на стале – мяшэчак, перададзены лясным знаёмцам. І жадаў бы – не пераканаеш сябе, што ўсё было толькі страшным сном.
        – Я не хацеў, каб гэта адбылося цяпер і такім чынам...
        Бацька гаварыў вельмі сур’ёзна і важка – гэтак з Вінцэсем ён яшчэ ніколі не размаўляў.
        – Так, напэўна, я вінаваты, што лічыў цябе за дзіця, забыўшыся, што давялося зведаць самому ледзь не ў тваім узросце. – Бацька павярнуўся і зусім не сярдзіта зірнуў на сына. (Шкада, Вінцэсь не ўспадчыніў гэтыя вочы колеру сталі з пранізлівым паглядам – давядзецца пазіраць на ворагаў сваімі сінімі ды яшчэ вялікімі, як у паненкі.) – Разумееш, у дзяцінстве мне давялося перажыць шмат. Твой дзед Лявонцій быў чалавек... не вельмі лёгкі па натуры. Ты неяк пытаўся, чаму нашыя сяляне не адрабляюць паншчыну, а толькі плацяць чынш. Гэта і таму, што я хачу хоць нейкім чынам выкупіць зло, якое яны мелі ад майго бацькі. Гісторыя роду – не толькі ваенныя трафеі ды фамільныя партрэты. Гэта – цяжар, які сумленнага змушае схіліцца перад праўдай, а чэрствага – кінуць праўду пад ногі свайму гонару. Памятаеш, на ўзгорку за Гарнушкамі – вялікі пень, а каля яго – крыж з абразом Маці Божае Суцяшальніцы?
        Вінцэсь моўчкі кіўнуў галавою. Менавіта туды Вальжына Рагманава час ад часу насіла кветкі – букецікі рамонкаў і валошкаў, перавязаныя карункавымі стужкамі, а Вінцэсь ішоў за ёю, як паж, і ніяк не мог навучыцца адказваць на жарты. Як усё лёгка было ў дзяцінстве, калі яны разам гулялі ў хованкі і слухалі ў Весніцах страшныя казкі ахмістрыні Казіміры! А мінулым летам вярнуўся на вакацыі з Віленскага шляхецкага інстытута, убачыў знаёмыя чорныя вочы... І незнаёмая прыгажосць і незнаёмы боль назаўсёды знішчылі нязмушанасць. Падумаеш, на чатыры гады старэйшая! Эх, каб ваўкалак існаваў папраўдзе!
        – Дык вось, сыне, – голас бацькі змусіў Вінцэся адарвацца ад мрояў. – На тым узгорку расла сасна, якую выкарыстоўвалі дзеля пакарання прыгонных, – пан Рашчынскі гаварыў зусім ціха. – Гэта старажытнае пакаранне, яно нарадзілася, калі панавалі дзікія норавы і жыццё чалавечае каштавала не больш за разбітую чарку. Ды не, чарка была большай каштоўнасцю – адзін з нашых продкаў змяняў сям’ю гарнушкаўскіх сялян з дзесяці чалавек на італьянскі сервіз – крышталь, аздоблены срэбнымі птушкамі і вінаграднымі лозамі. Шэсць чарак і графін з коркам у выглядзе срэбнай вінаграднай гронкі, на якой сядзіць матылёк.
        – Памятаю той сервіз...– гэтак жа ціха адазваўся Вінцэсь, і нейкі холад апаноўваў яго знутры, нібыта ў шкле паміж хатнім цяплом і знадворным сіверам з’явілася першая трэшчына. Ён амаль не хацеў чуць, што далей скажа бацька.
        – Дык вось... Пакаранне было такім – вінаватаму разразалі жывот і прыбівалі канец кішкі да дрэва. А потым няшчаснага бізунамі ганялі па крузе, пакуль усе вантробы не наматаюцца на ствол. Самае страшнае, што пасля гэтага чалавек яшчэ нейкі час жыў. Я сам гэта бачыў. Бацька лічыў, што такое відовішча паспрыяе выхаванню ўва мне мужнасці.
        Вочы пана Рашчынскага палыхнулі гневам, і Вінцэсь раптам зразумеў, што зусім не ведае свайго бацькі, – гэты чалавек са спакутаваным тварам меў мала падабенства з тым ласкавым, вясёлым papa, які заходзіў у дзіцячы пакой, заўсёды нешта напяваючы, які займаўся з Вінцэсем гімнастыкай па нямецкай сістэме. А калі сын быў на вакацыях, яны штораніцы разам пераплывалі сажалку. Нават калі ўтваралася тонкая скарынка лёду, яго разбівалі, каб вызвалілася з дзесятак метраў, і прыслуга збягалася падгледзець, як шалёны пан купаецца ў палонцы і нават няшчаснага паніча за сабой цягне. А Вінцэсева любімая нянька Агата дык проста плакала ды галасіла, стоячы на беразе. Затое, насуперак звычаям, бацька з сынам заўсёды былі на ты, і ў доме не мелася звычкі цалаваць старэйшага ў руку і, як у строгіх прыхільнікаў «сармацкага ладу», падаць у ногі.
        Пан Рашчынскі глядзеў на старажытную зброю на сцяне.
        – Гонар роду... Нашы продкі часам дзіўна трактавалі гэтае паняцце. Калі я стаў уладаром маёнтка, загадаў спілаваць сасну і паставіць на тым месцы крыж. Але памяць пра ўчыненае зло не знішчыш так лёгка, як дрэва, – карані ад яго цягнуцца на шмат пакаленняў наперад. Я зрабіў, што мог, – спадзяюся, ты прадоўжыш маю справу. Падобна, я не змог стаць добрым бацькам. Я рана страціў маці, ты таксама. Жаль і любоў часам адпрэчваюць розум. Я нічога табе не расказваў, ні ў што не пасвячаў. Здавалася – яшчэ прыйдзе час... Мне хацелася бачыць, як маё дзіця бесклапотна гадуецца, радуецца жыццю... І вось – мой сын мог загінуць, і гэтак па-дурному...
        – Тата, прабач... –Вінцэсь па звычцы хацеў дадаць дзіцячае – «я больш так не буду», але ўсвядоміў, што не можа і не хоча гэтага вымаўляць. І бацька сказаў дзіўнае:
        – Гэта не той учынак, за які трэба прасіць прабачэння.
        Сеў за стол, не спяшаючыся, развязаў мяшэчак з лесу, высыпаў з яго нешта... Вінцэсь прагна нахіліўся... Рознакаляровыя каменьчыкі, некалькі зярнятак, нават мінулагодні, счарнелы арэх... Вінцэсь ледзь не засмяяўся – а ён жа, пакуль нёс бацьку пасланне, чаго толькі ні перадумаў – вядома, падгледзець самому, што ўнутры, было нядобра.
        Але бацька зусім не здзівіўся. Гэтак жа няспешна расклаў каменьчыкі па колерах, задумаўся... Потым пільна зірнуў на сына.
        – Ім патрэбны тры фунты пораху і набоі для пісталетаў. І ў іх скончыўся хлеб.
        Вінцэсь яшчэ не разумеў.
        – Тата, хіба ты іх ведаеш? Хто яны такія?
        Пан Рашчынскі памаўчаў.
        – Брацтва Ваўка.
        Вінцэсь разгубіўся.
        – Хіба гэта не казкі? Пярэваратні, якія з’яўляюцца па начах і з’ядаюць таго, хто забіў бязвіннага чалавека?
        – Кожная казка калісьці была праўдай, сыне, – усміхнуўся пан Антось. – Брацтва Ваўка існуе на нашай зямлі вельмі даўно. Адразу, я думаю, яго ўтварылі нашы продкі-паганцы, якія не хацелі прымаць новую веру і хавалі свае паселішчы ў гушчарах. Потым – уцёклыя прыгонныя і жаўнеры, пакрыўджаныя людзі. Цяпер Брацтва захоўвае памяць апошняга паўстання. Тое, што даручылі табе, – вялікі давер. Сёння занясеш патрэбнае, куды я скажу. Чалавек са шнарам, з якім ты пазнаёміўся ў лесе, належыць да слаўнага роду, Вінцэсь. І продкаў варты. Дваццаць гадоў таму мы разам з ім былі вязнямі Бабруйскай крэпасці.
        – Вязнямі?– а Вінцэсю здавалася, што яго больш нічога так не здзівіць.
        Бацька ўстаў, павольна прайшоўся па пакоі, склаўшы рукі за спіной, быццам збіраўся чытаць лекцыю.
        – Паўстанне пачалося ў Варшаве. Але гэта быў шанс і для нас. Мне хапіла б і таго, што Аляксандр І забараніў жыхарам Беларусі і Літвы накіроўваць сваіх дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. А я так марыў пра Гейдэльберг, пра Падую, дзе вучыўся Скарына! А на далучаных да імперыі землях тварылася так шмат несправядлівасцяў, што не бачыў толькі сляпы. У Віленскім шляхецкім інстытуце, я вучыўся там, як і ты, многія падзялялі ідэалы паўстання – і вучні, і настаўнікі.
        – Але цяпер там пра гэта не чуваць! – зазначыў Вінцэсь, які не надта шанаваў сваю навучальную ўстанову.
        – А хто табе мог расказаць? – уздыхнуў пан Рашчынскі. – Сёння права выкладаць вам маюць адно «вернападданыя». А ў той час мы перапісвалі вершы Міцкевіча і Чачота, чыталі Дыдэрота і Шылера... Паўстанне ўжо было амаль разбітае, калі я разам з сябрамі па інстытуце далучыўся да аднаго з атрадаў генерала Дэмбінскага, апошняга з абаронцаў. Мяне схапілі, калі я прыйшоў дадому ў спадзеве здабыць зброю і хлеб.
        Вінцэсю стала страшна.
        – Гэта зрабіў... мой дзед?
        – Не, дарагі. Не пераймайся. Ён жа быў шляхціц. Але ён выгнаў мяне ні з чым – бо я пайшоў у атрад інсургентаў супраць ягонае волі. Мяне выдалі жандарам сяляне, якія так ненавідзелі пана, што нават пострах ягонага гневу не перашкодзіў ім адпомсціцца на сыне. Дарэмна, што сын змагаўся і за іхнюю будучыню. Царскія ўлады не толькі касавалі вольнасці літоўскае шляхты, але і зводзілі ўсіх, хто не мог пацвердзіць шляхецтва, да стану прыгонных, як і сёння, душылі падаткамі. Вядома, той жах, у якім сяляне жылі з ласкі твайго дзеда, не даваў ім усвядоміць, што чакае іх у абдоймах новых законаў. Калі ўжо варышся ў кіпні – якая розніца, у якім гаршку? Тым больш новыя ўлады не раз дапамагалі бацьку змушаць дзёрзкіх хлопаў да пакоры. Ссылка ў Сібір – гэта жахлівей, чым бізуны. Не, твой дзед не быў нейкім людажэрам – ён у маладосці шмат ваяваў, нават быў у войску Серакоўскага, калі яго разбіў Сувораў пад Крупчыцамі. Потым паехаў на Балканы, паспытаў турэцкага палону, мусіць, там і развучыўся цаніць чалавечае жыццё. Напалеон спрабаваў стварыць у нас саюзнае войска Вялікага княства Літоўскага – многія шляхціцы пайшлі туды. А твой дзед пасмяяўся. Сказаў – не верыць больш у годнасць роду чалавечага. Ні за кога не варта паміраць. Тым больш за хамскую волю. Хлопы для яго былі не больш чым карысныя або шкодныя жывёлы. І каб не твая бабуля, я мог бы вырасці такім самым... І ты б цяпер адсылаў свайго слугу Янку на стайню, калі той падае табе не зусім гарачую каву. Не крывіся – выхаваць у чалавеку пагарду да блізкага няцяжка. Паглядзі на партрэт у куце.
        З карціны сурова пазіраў сівы чалавек, гладка паголены, у берэце і круглым карункавым каўняры, са шпагай. Але танклявая рука пакладзена не на ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі эфес шпагі, а на глобус.
        Пан Антось патлумачыў:
        – Я табе гаварыў некалі, што гэта твой прадзед Ганорый. З яго ў нашым родзе пачаліся каталікі – перахрысціўся з праваслаўя. Пасля таго як пабыў прыхільнікам Кальвіна... Вальнадумец, карацей. Разумны чалавек, вучыўся ў Чэхіі, Італіі, Нямеччыне. А вярнуўся сюды – у першы ж дзень прыгоннага на стайні бізуном забіў. Насмерць. Уласнай рукой.
        – За што? – прашаптаў Вінцэсь.
        Бацька толькі горка ўсміхнуўся:
        – Можа, падаў недастаткова гарачую каву... Ці што там продкі нашыя пілі? Медавуху? Дык вось, дзед Ганорый... Пра яго дасюль у Гарнушках расказваюць, што быў чарнакніжнікам і нават выгадаваў цмока пад уласнай пахай. І як падчас навальніцы бліскала маланка, усе навакольныя сяляне былі пэўныя – цмок нясе пану золата. А калі ў вёсцы знікала дзіця... Ну, не буду пераказваць усяе забабоннай лухты – вядомае адно: дзед твой памёр самай нядобрай смерцю. Засіліўся. Святар адмовіўся хаваць самагубцу на асвечанай зямлі. Тады яшчэ сустракаліся прынцыповыя святары. Ты бачыў каля дарогі, на ўскрайку Маскалёва лесу, капліцу?
        Вінцэсь кіўнуў галавой:
        – Толькі яна зусім занядбаная.
        – Там – магіла твайго прадзеда, Ганорыя Аляксандра Рашчынскага. Жонка вырашыла – там лепш, чым пад царкоўнай агароджай, пасярод іншых вісельнікаў. І колькі ўжо баек вакол таго месца! Жорсткасць не памірае разам з акрутнікам. Але заўсёды з’яўляюцца людзі, якія могуць аддаць жыццё за перавагу дабра. Мы былі на гэта гатовыя. Мартына Саколку, так завуць твайго новага знаёмага, схапілі падчас бойкі – яго паранілі... Бачыў, які ў яго твар?
        – Так...
        – З атрада засталіся ён і я. Мне – васемнаццаць, яму, як табе, – шаснаццаць. Следчыя хацелі, каб ён пацвердзіў, што я таксама – з атрада. За гэта абяцалі вельмі шмат – жыццё. Наша сям’я ў сваяцтве з многімі – Рагманавымі, Ляшчынскімі, Каліноўскімі. За мною пацягнулі б іншых – усе следчыя ўсіх краін і часоў мараць не схапіць асобнага злачынцу, а выйсці на змову, раскрыць закалот і чым болей шаноўных людзей у ім заблытаць. Мартын не сказаў ім нічога. Чаго гэта каштавала яму – ведае толькі ён. Але мяне адпусцілі.
        – А яго?
        – Як бачыш, ён жывы... І мы ўсё яшчэ чакаем свайго часу.
        Апошнія словы бацька сказаў вельмі ціха, але Вінцэсь зразумеў сэнс пачутага і скалануўся ад радаснай трывогі. Зусім як у вершы забытага паэта пра Чорнага Войну:
        
         ...Куля ніколі не ведае сцежкі ў абход,
         Война самотны не ведае сцежкі спакою.
         Маніш, чужынец, што мой не са мною народ,
         Ён – гэта я, ён ніколі не будзе з табою.
         Вежы маёнтка майго параслі палыном,
         Тых, што кахалі мяне, – суд зямны не ўваскрэсіць.
         Покуль жывы, Беларусь мая – родны мой дом,
         Так, Беларусь, не губерня, не «ўсходнія крэсы».
         Нават асуджанасць зброяю стала маёй.
         І безвыходнасць – крыніца змагання для смелых.
         Верас палае над беднай сцямнелай зямлёй,
         Быццам у попеле іскры пажару саспелі.
        
        – Не, гэта не будзе хутка, – прагаварыў пан Рашчынскі, заўважыўшы, як заблішчэлі вочы сына. – І ты заўтра ж паедзеш у Вільню, да дзядзькі Андрэя. Ён дапаможа табе падрыхтавацца ва універсітэт, а я думаю, гэта не будзе цяжка. Мы – не самыя багатыя, але я зрабіў усё, што мог, каб даць табе добрую адукацыю. Сюды вернешся толькі праз год.
        Апошняе гучала загадам. Не, Вінцэсь не выкажа засмучэння.
        На развітанне Вінцэсь не мог не спытаць:
        – А маці ведала?..
        – Яна чакала мяне са зняволення, – сумна казаў бацька. – Ты ніколі не пытаўся, якая спадчына засталася табе ад маці. Дык вось цяпер магу сказаць – яе сям’і належалі Саматыі за Маскалёвым лесам. Сёння яны належаць палкоўніку Варанецкаму, які ўціхамірваў паўстанне.
        – А сваякі?
        – Спытай у сібірскіх крумкачоў, сыне... І памятай – ад маці табе засталася найлепшая спадчына: мужнае сэрца і чуйная душа. Ці прынясе табе гэта шчасце – не ведаю...
        Вінцэсь нават трохі сумеўся: бацька ніколі не казаў яму гэткіх высокіх слоў...
        Пакунак з порахам і хлебам належала пакінуць пад крыжам ля ссечанай сасны – унізе крыжа была зладжаная адмысловая хованка, прыкрытая дошкамі. Цяпер Вінцэсь ведаў, што каменьчыкі і зярняты звычайна раскладаліся на пні – хто мог западозрыць у звычайным смецці сакрэтнае пасланне?
        Зрабіўшы што належала, Вінцэсь марудзіў у прыцемку – яму хацелася яшчэ раз пабачыць лясных людзей. Спаткацца з імі па-іншаму, на роўных, магчыма, неяк выправіць іх меркаванне пра сябе... Але цені згушчаліся, чарнелі, быццам кроў памерлага дня, і стаяць у чаканні было непрыстойна і небяспечна... Тым больш рупіла яшчэ адна справа... Вінцэсь не мог паехаць адсюль на цэлы год – гэта ж бясконцасць! – не пабачыўшы Яе... Хаця б не пабыўшы каля яе... Вядома, ён мог сёння проста з’явіцца ў госці ў Весніцы – пан Вакула Рагманаў, бацькаў сардэчны сябра, заўжды радуецца ягонаму прыезду... Вінцэсь маленькім, асірацеўшы, столькі часу бавіў у гэтым доме, пад апекай цёткі Ліны, маці Вальжыны і Маркі Рагманавых. Напэўна, каб цётка Ліна была жывая – усё было б прасцей... А цяпер – як паказацца на вочы чароўнай насмешніцы? Вінцэсю здавалася, што ўсе на свеце ведаюць пра ягонае няўдалае паляванне на пачвару.
        Не, ён проста прыйдзе пад вокны Вальжыны, а потым пакіне ёй свой падарунак...
        Да таго ж паабяцаў перадаць – жабу замест ваўчынае шкуры.
        Што ж, ён даражыць сваім словам, нават дадзеным у адказ на грубы жарт. Вядома, прынясе не сапраўдную жабу. А вось гэтую – з зялёнага пералівістага шкла, а ў роце-гарлавіне – тры белыя ружы. Цудоўная вазачка з Саксоніі. Ён пералезе цераз агароджу і паставіць падарунак на стол у альтанцы, у таемным сховішчы, дзе Вальжына праводзіць з улюбёнымі кніжкамі па некалькі гадзінаў у дзень. І нікому не дазваляецца турбаваць там мройную паненку.
        Вядома, Вінцэсь напісаў і ліст... Дужа паэтычны і разумны, на ягоны погляд.
        Салаўі шчодра сыпалі дробнае срэбра спеваў на цёмнае лісце, на вільготную траву... Багацце, якое належыць толькі закаханым. Вінцэсь успомніў, што сёння – Васіліск, Салаўіны чацвер. Добры час для сардэчнай справы.
        Хлопец асцярожна прабіраўся па сцяжынцы між кустоў бэзу, калі раптам пачуў шэпат... Месца пад акном паненкі Рагманавай было занятае. У цьмяным святле поўні бачылася нечая высокая постаць. Злодзей?
        – Што з вамі, Раланд?
        Ціхі голас належаў Вальжыне. І Вінцэсю раптам стала страшна – не ад таго, што заўважаць, а ад прадчування болю, ад якога, вядома ж, няма лекаў, акрым кулі ў сэрца, як сцвердзіў бедны Вертэр.
        – Там нехта ёсць, – голас мужчыны падаўся Вінцэсю знаёмым.
        – Я нічога не чую. Вы сталі палахлівым, рыцар Раланд.
        Мужчына памаўчаў.
        – Магчыма... Памыляюцца нават старыя салдаты. Можа, гэта шаргатала птушка.
        – Ці котка! Спалохалася вас – вырашыла, што сапраўдны ваўкалак прыйшоў.
        Яна яшчэ жартавала! Вінцэсь з усяе сілы сціснуў кулакі, каб спыніць дрыжыкі. Цяпер засталося адно – сцішыцца... Выцерпець ганебнае становішча віжа. Ці – пабегчы прэч, ломячы кустоўе? Абвесціць пра сваю прысутнасць? Горш за смерць... Думкі юнака блыталіся ад адчаю і безнадзейнасці.
        – Вазьміце мяне з сабой, Раланд, – цяпер голас дзяўчыны трымцеў хваляваннем. – Мы маглі б сустрэцца ў Кракаве. Мяне туды пусцяць – да цёткі, у яе якраз імяніны. Мне ўсё роўна, што будуць пляткарыць. І я ніколі не буду перашкодай вашай справе.
        – Вальжына, што вы кажаце? – разгублена азваўся мужчына. – Я не разумею вашае легкадумнасці.
        – Вы што, сляпы? – Яна нават узвысіла голас. – Я кахаю вас і хачу быць з вамі! Толькі не кажыце, што вы гэтага не ведалі!
        – Вальжына...– у голасе гучала сапраўдная пакута. – Я ведаю вас лепей, чым вы самі. Вы – рамантычная дзяўчынка. Вам патрэбны герой. Вы ж нават мянушку мне прыдумалі – Раланд... Рыцар... Паверце, вы кахаеце не мяне, а той вобраз, які стварыўся ў вашай разумнай, але мройлівай галоўцы. Гэта не сапраўднае пачуццё. Калі-небудзь вы абавязкова сустрэнеце прыгожага юнака, які зробіць вас шчаслівай. А я – старая пачвара. Вы толькі нарадзіліся, калі я канаў у каменных лёхах. Успомніце – на Каляды гадоў дзесяць таму, калі я прынёс вам жывую вавёрку, вы, убачыўшы мяне першы раз, закрычалі ад страху. І бацька, каб супакоіць, нават нешта прыдумаў вам пра мяне – быццам я зачараваны прынц у звярыным абліччы.
        – Я была зусім маленькая...
        – Прабачце, але сляпы не я – вы.
        Чаму гэты голас такі знаёмы? Вінцэсь трохі пасунуўся, каб лепш разгледзець мужчыну... А той якраз адвярнуўся ад акна, дзе была смуглявая спакуса, і закінуў твар да поўні – нібыта жадаў правыць тужлівую ваўчыную песню... Жахлівае аблічча... Вінцэсь ужо бачыў яго – учора ноччу, і таксама ў святле поўні. Глыбокі шнар, доўгія цёмныя валасы...
        Не ў змозе трываць, Вінцэсь апусціўся на зямлю і схаваў твар у траве... Ён больш не хацеў ні бачыць, ні чуць... Але шэпт з акна ўсё роўна працінаў слых:
        – Я кахаю вас... Я ўжо доўгія тры гады кахаю вас. Вашы пакутлівыя гады, вашы раны, вашы цудоўныя вочы, вашы дужыя рукі... Усё, усё, што ваша, – міла мне, люба. Я ніколі не буду ні з кім іншым, чуеце? І скажыце, што вы не кахаеце мяне! Паспрабуйце зманіць – перад вачыма анёлаў, якія зараз глядзяць на нас!
        – Не магу зманіць... Кахаю вас... Не буду з вамі...
        Калі акно зачынілася і постаць Ваўкалака знікла ў начы, Вінцэсь паспрабаваў устаць... Руку чамусьці апякло болем – хлопец зразумеў, што раструшчыў шкляную жабку. Што ж, вазачка – не самае важнае з таго, што разбілася гэтай ноччу.
        Поўня шчодра сеяла святло на сцежку, і Вінцэсь прыпомніў яшчэ адну яе назву – ведзьміна сонца. У адчаі людзі звяртаюцца і да ведзьміных сродкаў. Калі пакласці язык жабы на сэрца жанчыне, якая спіць, тая праўдзіва адкажа на ўсе пытанні.
        Цяпер ён не мае патрэбы ў дапамозе жабкі.
        Застаецца толькі адно – як казаў бацька, чакаць. Можа быць, яшчэ ўдасца памерці за каханне або за радзіму.
        І бацька дазволіць яму мець уласную стрэльбу.
        Урэшце, Вінцэсю ўжо шаснаццаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.