РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
14
        
14

        
        Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі, – паспрабуй прагані... Варажыць у яе не выпадала – і так было вядома, што напрарокуе: усё згіне, усё звяне і ападзе на цвёрдую ад маразоў зямлю, і смяротная беля пакрые свет...
        Вінцэсь ненавідзеў сёлетнюю нахабную, крыкліва-яркую, сонечную восень. Якое права мела хоць нешта ў гэтым свеце быць святочным і прыгожым на тле крывавай, подлай калатэчы, што запанавала ў краі. Паўстанцаў хапалі сем’ямі. Увесь род, да немаўлятаў і нямоглых старых, падлягаў у лепшым выпадку высылцы. А высылка ў Расійскай імперыі – гэта не ў Інфлянты з’ездзіць. Галодныя казахскія стэпы і сібірскія снягі маглі ператравіць, вымарыць, пераўвасобіць у безыменную, бязмоўную масу насельніцтва некалькіх такіх краінаў, як Беларусь.
        Чаму аднаго забівае першая дурная куля, а іншы праходзіць ацалелым праз пекла соцень сутычак? Вінцэсь аказаўся шчасліўчыкам. Яму не заходзіла ў галаву гэтаму радавацца. Часам віна за сваё шанцаванне рабілася нясцерпнай, быццам тыя, хто гінуў, былі яго асабістым выкупам ад смерці. З’яўлялася нават падступная думка, што смерць, годная, вартая шляхціца смерць, са скрываўленай шабляй у руцэ, наперарэз ворагу – лепей, чым ганебнае перахоўванне па лагчынах, зацягнутых вільготным, як спіна баязліўцы, туманам.
        Калісьці Вінцэсь ледзь не з паблажлівым жалем думаў пра Ваўкалака, што абраў сабе на шмат гадоў жыццё зацкаванага звера. Што можа зрабіць дзесятак адрынутых? Падпаліць на Каляды маёнтак злога пана? Хлопец нават прыдумляў мноства варыянтаў, як бы ён сам распарадзіўся сваім гневам і сваёй сілай у падобным выпадку. Бачыліся карціны яркія і велічныя, уся Еўропа паўставала на дапамогу заняволеным ліцвінам, луналі сцягі, блішчэлі разагрэтыя целы гарматаў, і Гарнушкі сустракалі вызваліцеля-паніча ўхвальным харалам. І з белымі кветкамі ў руках стаяла самая прыўкрасная ў свеце дзяўчына, і ў яе вялізных цёмных вачах люстравалася слава юнага вайскаводцы...
        Цяпер Вінцэсь мог толькі горка смяяцца, успамінаючы тыя напаўдзіцячыя мроі. Сёння ён сам – зацкаваны звер, і не больш за дзесятак такіх жа зацятых – побач. Еўропа на хвілю зацікаўлена скіравала ларнет на спробу невядомых тузануцца з кайданоў, але зараз жа перавяла позірк на больш пільныя заклапочанні. Кожны сам плоціць за сваю волю.
        Ах, як дорага даводзіцца плаціць ім... Секвестраваныя маёнткі, куды немагчыма з’явіцца, – паўсюль атрады самааховы, паўсюль знойдуцца прыгонныя, якім – справа мужыцкага гонару схапіць пана-бунтаўшчыка. Дзяцей частуюць цукеркамі, каб расказалі, хто прыходзіў да бацькоў. Абшукваюць кляштары, мнішак прымушаюць распранацца дагала. Жанчын за нашэнне чорнага адзення ўбіраюць у арыштанцкія рызманы і пасылаюць месці рынак... Як самадаек. Дастаецца ўсім – і праваслаўным, «сапсаваным» заходнім уплывам, і каталікам, і уніятам, і габрэям... Былая памяркоўнасць – калі па адзін бок пляца стаяла царква, па другі бок – касцёл, і тут жа побач – сінагога, і прыхільнікі ўсіх канфесій сустракаліся тут жа на рынку, гандлявалі, куплялі, жартавалі, разам слухалі сляпых лірнікаў і глядзелі батлейку, – рабілася міфам. А англійскі карэспандэнт, аблашчаны Мураўёвым, піша пра «навядзенне парадку».
        Цяпер Вінцэсь зразумеў, пра што казаў калісь бацька, што даводзіў Мартын. Паўстанне не пераможанае, пакуль ёсць хоць адзін нязлоўлены, няскораны паўстанец. Тады няма спакою ў душах акупантаў, і пад стрэхамі хатаў нараджаюцца новыя легенды, і той, хто жыве ў непралазных нетрах родных пушчаў, набывае моц гэтых нетраў. У народа мусяць быць таемныя ахоўнікі. Дзеля гэтага варта жыць і цярпець.
        Але гэтай ноччу ім пашанцавала. Яны адпачнуць пад дахам, на сухой падлозе. Наракаць на адсутнасць шаўковай бялізны, напэўна ж, нікому не заманецца. Паляўнічы домік пана Вакулы Рагманава будаваўся ледзь не на скрыжаванні звярыных сцежак. Самае кепскае – амаль скончыліся кулі і порах... І ўжо няма грошай, каб не тое што набыць зброю, а прымусіць зацікаўленых захоўваць таямніцу. Тыя, хто падтрымаў бы паўстанне да апошняга, – схопленыя. Ну а іншым – навошта сілкаваць уласнымі сродкамі прайграную справу?
        Можа, хоць Марку Рагманаву ўдасца сёння здабыць тое-сёе? Чалавек, да якога ён скіраваўся, не можа стацца здраднікам – хрышчоны бацька Маркі, Пятро Арэхна, былы аднапалчанін пана Вакулы Рагманава. І каб не страціў у вайне з туркамі нагу – сёння змагаўся б побач.
        Толькі б хутчэй Марка вяртаўся... Вінцэсь пачаў заўважаць за сабой гэткае: калі хтосьці з сяброў сыходзіў нават недалёка, здавалася, ён знік назаўсёды. Як у дзяцінстве.
        Бессаромна сіняе неба паніжэла, як вечка труны. Ну дзе ж Марка?..
        Нехта зайшоў у пакой, у якім на хвілю здабыў самоту хлопец, і Вінцэсю не трэба было й азірацца, каб зразумець хто: пра гэта яму паведаміла сэрца, што затрымцела, як кінуты аб падлогу заручальны пярсцёнак.
        – Прабач, Вінцэсь, што турбую... Але я хвалююся.
        Вальжына нячаста дазваляла сабе праявы «жаноцкай слабасці». Вінцэсь усхапіўся, як мог упэўнена зірнуў на зблажэлы, бледны тварык з вялікімі чорнымі вачыма (толькі не паказваць шкадобы – Яна гэтага не любіць).
        – Ну што вы, Вальжына... Як маленькая... Памятаеце, як вы суцяшалі мяне, калі бацька доўга не прыязджаў па мяне ў ваш дом? «Упадзе цень на пляцень, яблык на траву, камарык на печку, на патэльню яечка – і татка твой прыйдзе. А вунь ужо й ідзе». А мне было гадоў пяць, і мне здавалася, што бацька не прыйдзе ніколі.
        – Так, і вы былі тоўсценькім, бялявенькім вісусам і зламалі маю ўлюбёную ляльку Анжаліку, якая ўмела гаварыць «ма-ма» і мела пругкія чорныя косы...
        – Як у вас... І вы казалі, што маеце цёмныя колеры ночы таму, што вы – дачка лясной феі Мятлушкі. І калі я не буду слухацца, нашляце на мяне кажаноў, каб тыя выпілі маю кроў. Але я зусім не паверыў – бо вы ўвесь час, нават застрашваючы, усміхаліся.
        Вальжына і Вінцэсь рассмяяліся, на імгненне адасобіўшыся ад звыклай трывогі. Потым Вальжына неяк дзіўна ўздыхнула, нібыта развітваючыся з некім.
        – Вы заслугоўваеце добрай дзяўчыны, Вінцэсь.
        Хлопец упарта прыўзняў галаву.
        – Я прасіў вас пра гэта больш не згадваць. Мае асабістыя пачуцці тычацца толькі мяне. Я нікога не збіраюся імі абцяжарваць.
        Вальжына раптам захінула твар рукамі і – неверагодна! – нібыта заплакала... Сапраўды плача! Вінцэсь несамавіта разгубіўся:
        – Ну што вы... Мілая... Усё добра...
        Яна нарэшце прыглушана прагаварыла:
        – Мне дваццаць шэсць, Вінцэсь. Мая маці ў такім узросце мела дваіх дзяцей. А ўсё, што чакае мяне, – шлях у Сібір і, калі пашанцуе, вяртанне на Радзіму пасівелай, старой, без зубоў. І вечныя шкадаванні аб тым, што сапсавала жыццё двум вартым людзям. – Дзяўчына выпрасталася, выцерла слёзы па-дзіцячы, рукой. – Прабачце. Відаць, не-ервы... Ад бацькі даўно не было весткі. І... і ад Мартына... А тут і Марка прыпазніўся. Распусцілася.
        Вінцэсь моўчкі глядзеў... Не быў бы ён гэтакім слінцяем, схапіў бы ў абдоймы, пацалаваў... Хіба сапраўды закаханы можа разважаць, ці будзе гэты ўчынак годным? Але як жа тады глядзець у вочы Мартыну...
        Вальжына даверліва даткнулася да яго пляча, і Вінцэсь, напэўна, напляваў бы на гонар...
        Але за акном пачулася ваўчынае выццё. Лясны звер аніяк не мог падысці так блізка ў гэтую пару.
         Чалавек з Брацтва Ваўка выслізнуў з-за ствала сасны, нібыта ўзнік з паветра. Вінцэсь, хоць і ведаў такую здольнасць за людзьмі з Брацтва, не пераставаў кожны раз здзіўляцца. Відаць, сапраўды ў беларусах цячэ кроў старажытных лясных плямёнаў, накшталт легендарных піктаў, і ў момант небяспекі абвастраюцца назапашаныя продкамі веды – якая зёлка выратуе, якой сцежкай уцякаць, пра што – крык невядомай птушкі...
         Жорсткі пагляд вачэй, шляхецкія вусы... Марцэл Алейшчык з ранейшай, поўнай нянавісці ўсмешкай глядзеў на Рашчынскага.
        – Вось і зноў убачыліся... Мяне паслалі сказаць – Рагманаў паніч у жаўнераў.
        Вінцэсь схаладнеў.
        – Не можа быць...
        – Адзін чалавек хоча з табой пагаварыць пра гэта. Як сонца паніжэе да лесу, прыходзь да ліпы, што на скрыжаванні. І не бойся – Брацтва атрымала слова, што будзе бяспечна.
        Пасланец ужо збіраўся знікнуць у паветры, напоеным халодным сонцам і пахам вогнішча...
        – Пачакай! – Вінцэсь прымусіў сябе супакоіцца. – Хто цябе прыслаў? Ваўкалак? Чые словы перадаеш?
        Марцэл бліснуў зубамі – цяжка было назваць гэта ўсмешкай.
        – Птушкі нашчабяталі... Воўк правыў... Вужака насычэла... Сказана табе – як сонца сядзе на лес, ідзі да ліпы. І можаш нікога з сабой не браць. Слова ваўка.
        Ліпа расла на скрыжаванні трох дарог. Адна, выбітая, выезджаная, вяла ў места. Другая, крывая, нібы след апойка, зварочвала да карчмы, а трэцяя, нават не заслугоўваючы на званне дарогі, гублялася ў гушчарах. Сам лёс прадвызначыў дрэву стацца месцам спатканняў. Пад магутным ствалом чарнела агнішча, а на галінках па-жабрацку трапяталіся абрыўкі тканін, што зусім страцілі першапачатковы колер. Вінцэсь не ведаў, чаму на ліпу навязвалі стужкі – ці падарожныя мусілі прыносіць ахвяру дзеля шчаслівага завяршэння шляху, ці гэта было сведчанне памяці пра нейкую сумную легенду.
        Пад ліпай стаяла карэта. Гладкія, пародзістыя коні, адмысловая вупраж... Вінцэсь нейкі час назіраў, схаваўшыся за шурпаты ствол сасны. Здаецца, засады няма... Адзін немалады мужчына – відаць, кучар – праходжваецца па невялікім пляцы, гледзячы па баках. Фіранкі на акне карэты на імгненне адхінуліся. Нехта нецярпліва ўзіраўся ў лес... Чырвоны край сонца зраўняўся з дзідамі вершалінаў, і яны, замест таго каб запалаць, пачарнелі, абвугліліся... Час! Ра-шчынскі, трымаючыся за пісталет, ступіў крок наперад. Дзверы карэты павольна расчыніліся, запрашаючы госця. Служка, відаць, выконваючы загад, адышоўся ўбок, усім выглядам паказваючы, што ён будзе ў бліжэйшы час нямы, глухі і сляпы...
        Твар гаспадара карэты не быў жорсткім – хутчэй трохі млявым. Высакародная сівізна, бакенбарды, тонкі пародзісты нос і – несупадзенне – пульхныя вусны, куточкі якіх грэбліва прыапушчаныя... Светлыя, аж празрыстыя вочы, зморшчынкі вакол... Твар чалавека, які шмат бачыў, шмат ведае і можа сказаць толькі адно: «Што ёсць ісціна?» Мусіць, такое аблічча было ў Понція Пілата. Вінцэсь бачыў гэтага чалавека раней толькі на партрэтах... Але ад таго віна была яшчэ больш нясцерпнай.
        – Вы ведаеце, хто я? – голас, звыкла ўладны.
        Вінцэсь апусціў галаву.
        – Так... Маю гонар размаўляць з князем Сігізмундам Людвісарам...
        – Я бацька Хрысціны і Станіслава, – пан Людвісар гаварыў роўным голасам, як на свецкім прыёме. – Не падумайце, што я буду дакараць вас за страшны лёс майго сына. Я сам хацеў, каб ён быў выхаваны чалавекам смелым, адданым сваёй радзіме і не забываў пра славу продкаў. На жаль, Станіслаў вырас яшчэ і неспрактыкаваным рамантыкам... І занадта лёгка падпадаў пад чужы ўплыў.
        Вінцэсь адчуў укол у сэрца. Так, уплыў быў... Ягоны...
        – Вы ведаеце, што Станіслава чакае смяротны прысуд? – пан Людвісар і гэта прагаварыў нібыта спакойна, але Вінцэсь зірнуў у ягоныя светлыя вочы і здрыгануўся – знешнія млявасць і спакой уводзілі ў вялікі зман.
        – Вам дзіўна, што я, з маімі сувязямі, з маімі грашыма, не магу выратаваць жыццё адзінаму сыну? Так, я мог бы купіць свайму сыну армію, мог бы засыпаць золатам ілжывыя раты ўсім суддзям і падсудкам гэтай гнюснай імперыі... Але не ўсё можна купіць за грошы, хлопча, – у голасе пана Людвісара раптам загучала страшэнная стома. – Як філасофская выснова – гэта для мяне не навіна. А тут – прыкры выпадак... У вежы кляштара Стась забіў сына вельмі важнага чалавека... Родзіча царскай сям’і. Бацька – пры двары, пры чынах, а сын – як і мой Стась, рамантык. Напрасіўся ў подзвігі – уціхамірваць праклятых бунтаўшчыкоў. Вось і атрымаў кулю... І ягоны бацька ніколі – нізавошта – не даруе. Ён прагне крыві – і разатрэ кожнага, хто перашкодзіць ягонай помсце.
        – А калі... уцёкі? Ці – напад? – прапанаваў Вінцэсь.
        Князь Сігізмунд пахітаў галавою.
        – Вы думаеце, я не спрабаваў? Я сапраўды мог бы купіць армію... Але Станіслаў – у Шлісельбургу.
        – Як? Не можа быць... Калі яго перавезлі? – з цяжкасцю асэнсаваў навіну Вінцэсь.
        – Вось бачыце – нават я пра гэта не ведаў. Тут задзейнічаны сілы, якім я не магу супрацьстаяць. У мяне ёсць заступнікі пры двары. Але ёсць і ворагі...– Пан Сігізмунд памаўчаў, нібыта чакаў, пакуль прыкрыя словы зусім растануць у вечаровым прахалодным паветры. І загаварыў па-іншаму, важка і пранікнёна: – Цяжка быць пераможаным, хлопча?
        Вінцэсь упарта ўскінуў галаву.
        – Паўстанне не пераможанае, пакуль жывы хоць адзін паўстанец!
        – Прыгожыя словы... – пан Людвісар паблажліва ўсміхнуўся. – Пераможца – той, хто мае сілу... Той, хто можа не толькі ўзняць на вежы свой сцяг, але і збудаваць вакол вежы школы, у якіх вучні будуць вучыць узнёслыя вершы пра гэты сцяг. Колькі вам яшчэ ісці крывавымі ляснымі сцежкамі да гэтага?
        Вінцэсь хацеў нешта запярэчыць, але пан Людвісар жэстам рукі спыніў яго:
        – Я не хачу спрачацца з вамі пра мэты змагання. Я пра іншае. Вось я сказаў вам, што ведаю: грошы могуць купіць не ўсё. Але, паверце, хлопча, яны могуць купіць вельмі многа! Вось як, напрыклад, я знайшоў вас? Чаму па вас пасланы чалавек з Брацтва Ваўка? Таму што часам я купляю іх паслугі, так-так, гэтых страшных, бязлітасных разбойнікаў, і яны, бывае, нават не здагадваюцца, хто імі кіруе. Ніводная вялікая, сапраўдная перамога не адбылася без залатой зброі. Не пярэчце, бо гэта так – не ўсё запісана ў летапісах, не ўсё выкладзена ў падручніках па вайсковай справе. Моцныя гэтага свету – я маю на ўвазе не ўладальнікаў карон ды тытулаў – выбіраюць сярод многіх адчайна смелага, славалюбнага чалавека, які здольны выклікаць любоў у натоўпу. Яму даюць грошы. Падбіраюць разумных дарадцаў. Яму купляюць адна за адной арміі – як скрыначкі жаўнерыкаў з волава... А пасля ўсе дзівяцца, чаму гэта перакройваецца чарговы раз карта свету? Гэх, юнача. Я мог бы расказаць вам пра сапраўдныя падбіўкі кампаній, што мелі самыя высакародныя лозунгі, але навошта адбіраць у вас веру? Проста ўявіце, што вы маглі б сёння зрабіць, каб у вас быў... мільён рублёў золатам.
        У Рашчынскага перахапіла дыханне. Мільён рублёў золатам! Сума неверагодная. Так, сапраўды, паўстанне тады магло б ажыць... І не толькі ажыць, але ўспыхнуць з вар’яцкай моцай!
        Пан Людвісар з паблажлівай усмешкай назіраў за субяседнікам:
        – Уявілі? Што ж, тады вернемся да лёсу майго сына. Я пралічыў усе варыянты. Прысуд мог бы быць іншым толькі ў адным выпадку: калі б было даказана – заўважце, вельмі праўдзіва даказана, – што таго чалавека забіў не мой сын.
        Вінцэсю падалося, што ён стаіць на краі стромы.
        – Але гэта значыць назваць іншага забойцу...
        – Так, юнача, вы нездарма скончылі філасофскі факультэт. Хоць элементарныя рэчы кеміце. Сапраўды. Для суда патрэбны іншы забойца. Але – хто? Вось у чым прычына. Вось у роздумах над якім пытаннем я зусім ссівеў за апошнія тры месяцы.
        Вочы пана Людвісара загарэліся ліхаманкавым бляскам, як у загоншчыка, які пачуў набліжэнне звера.
        – Вядома, я б мог знайсці няшчаснага, які б згадзіўся, скажам, дзеля забеспячэння сям’і ўзяць віну на сябе. Але – як быць з доказамі? Па меншай меры некалькі дзесяткаў сведкаў бачылі тых, хто забег у кляштар. Потым дзесяткі два жаўнераў і афіцэраў маглі на працягу добрай чвэрці гадзіны назіраць, хто заставаўся на верхняй пляцоўцы, каб прыкрываць адыход іншых. Вас усіх было добра відаць, калі вы прыўзнімаліся для выстралу. Усе паказанні сабраныя і захоўваюцца ў следчай камісіі. Акрамя Станіслава, там былі вы, потым – адзін з вызваленых вамі асуджаных, пан Рагманаў, і яшчэ нейкі малады чалавек... Следства не ўстанавіла, хто ён, але я даведаўся – сын Вакулы Рагманава Марк. Вядома, сведкі адразу яго апазналі б.
        Нейкае штучнае раўнадушша пачулася ў апошняй фразе. Вінцэсь адчуў халодны жах. Нібыта гэты чалавек перад ім быў самім князем цемры... Словы яго падалі, як кроплі вогненнага дажджу.
        – Я разумею, што жыццё не мае цаны. Тым больш – прадаць яго добраахвотна? Але я даведзены да тае мяжы адчаю, калі няма іншых межаў. Цану я назваў. Мільён рублёў золатам – за тое, каб нехта з вас трох – вы, пан Вакула Рагманаў або яго сын Марка Рагманаў – пацвердзіў на судзе, што куля, якая забіла сына князя Далгарукава, вылецела з іншага ружжа. Толькі такому сведчанню – павераць.
        Вінцэсь выцер рукой раптам спацелы лоб. Вар’яцтва! Пан Люд-вісар сціснуў кулакі.
        – Не думайце, што я вар’ят, калі прашу кагосьці пайсці на вісельню. Я ўсё ўзважыў... Вы – людзі ідэі. Ваша справа вам даражэйшая за жыццё... Гэта адно. Па-другое – ці так вы далёка ад той вісельні? Калі, скажам, я не вярнуся сёння ў прызначаны час дадому, на паляўнічы дамок Рагманавых будзе абрынуты цэлы полк... Я не палохаю – проста паказваю вам, як лёгка вас знішчыць. Пан Рагманаў – немалады чалавек, ён мог бы лёгка ахвяраваць сабой... Асабліва калі б, скажам, я паабяцаў бы яму, што вызвалю ягонага сына. Так, мы перайшлі да майго апошняга аргумента – ваш юны сябра ў турме. І не выключана, што ён усё роўна апынецца ў пятлі, калі даведаюцца пра ягоны ўдзел у вызваленні бацькі. А так – ён яшчэ мог бы і выратаваць свайго сябра і, магчыма, увесь край.
        Вінцэсь патрос галавой, адганяючы морак.
        – А як сам Станіслаў, адмаўляе сваю віну?
        Твар князя Сігізмунда на хвілю стаў жорсткім, як бізун.
        – Мой сын можа даваць якія заўгодна паказанні. Усе ведаюць, што ён занадта эмацыйны, неўраўнаважаны чалавек... і нават недзеяздольны. Яго трэба лячыць. І я давяду гэта суддзям... Калі, вядома, галоўнае абвінавачванне з яго будзе знятае.
        Сонца ўжо амаль схавалася за лесам. Трэба было спяшацца. І Вінцэсеў конь знудзіўся, пакінуты на палянцы.
        А ў галаве круціліся апошнія словы князя Людвісара, кінутыя з акна карэты:
        – І пра сябе падумайце, пан Рашчынскі. Уявіце, ці так даражылі б вы жыццём, калі б адна дарагая вам асоба была прыгавораная да катаргі. Паненкам смяротныя прысуды не выносяць, але катарга можа быць надта суровай... Тыдзень маеце на роздум!
        З восені патроху асыпалася пазалота, і паказваўся яе сапраўдны твар – кашчавы, са слядамі тлення... Яно было і лепей – не так шкада пакідаць свет.
         Агонь паходні кідаў на твары дрыготкі няпэўны водбліск, і ўсё здавалася страшным сном. Вінцэсь, нібыта ўпершыню, разглядаў абліччы сваіх сяброў. Засяроджаны твар Мартына асветлены напалову, так што пачварнага шнара не відно – а Ваўкалак сапраўды гожы мужчына, і адна кабета бачыла гэта ўвесь час. Вось і яна... Цёмныя вочы апушчаныя, рэзкія цені робяць твар прыўкрасным не па-зямному – быццам скульптура ў гатычным саборы... Асабліва высокі чысты лоб у атачэнні цёмных валасоў, расчасаных на прабор, – зусім як любілі ляпіць старыя майстры... І пан Вакула Рагманаў нагадваў суровага рыцара – глыбокі пагляд, рэзкія рысы твару... Сам Вінцэсь лічыў, што ў пакутлівых роздумах няма патрэбы, – ён адразу пасля размовы з Людвісарам вырашыў, што толькі сам мусіць ахвяравацца. Умова – золата і воля (ці хаця б мяккі прысуд) для Марка. Трэба толькі як след падрыхтавацца... Магнат утварыў непа-трэбныя складанасці, паведаміўшы пра сваю прапанову Маркаваму бацьку... І, вядома, Вінцэсь ніколі не стаў бы пасвячаць у гэтую сумную справу Вальжыну.
        Ваўкалак парушыў трывожнае маўчанне:
        – Я даведаўся – Марку не пагражае смерць... Яго толькі падазраюць, што звязаны з паўстаннем, бо знайшлі пры ім кулі і порах. Ён не паспеў нават узяцца за зброю падчас арышту. І пан Арэхна яго выгарадзіў як мог. Маўляў, хроснік жыў у яго ўсё лета, палявалі разам на качак... І дворня пацвердзіла. Ніхто ў гэта не паверыў, зразумела. Засудзяць усё роўна, але – не на смерць.
        Вінцэсь з цяжкасцю прагаварыў:
        – Князь Сігізмунд ведае, што Марка быў з намі ў вежы. Мне падалося, ён пагражаў гэтым... Князь даведзены да адчаю – і...
        – Гэта ганьба для шляхціца – данос! – выгукнуў пан Вакула.
        Ваўкалак толькі суха рассмяяўся.
        – Чым вышэй шляхціц, тым больш нешляхецкіх учынкаў яму дазваляецца, дружа. Я не пэўны, што ў арышце Марка няма рукі яго светласці.
        Вінцэсь не стаў працягваць непрыемную размову.
        – Гэта ўсё не мае цяпер значэння... Вы павінны думаць пра іншае – як распарадзіцца грашыма... Дзе перахаваць, каму даверыцца... Не забывайце, золата – вялікая спакуса. Свае паўнамоцтвы перадаю вам, пан Вакула... Выведзіце маіх людзей з гэтых лясоў. З грашыма – вам адкрыецца мяжа. Я лічу, што збіраць новыя сілы трэба там, на захадзе.
        – Глупства гаворыш, хлопча, – крыкнуў Рагманаў. – «Паўнамоцтвы»... «Распараджэнні»... Гэта наша сямейная справа – мая і майго сына. Ніхто не мае права ўмешвацца... Досыць, што ты ўжо адзін раз дастаў мяне з пятлі. Хай толькі гэты... людажэр дасць слова гонару – хаця ці можна такому верыць? – што дапаможа Марку. А золата раю браць у злітках.
        – Стась і Марка – жаўнеры майго атрада, – цвёрда прагаварыў Вінцэсь. – Я – іх камандзір, і гэта ўсё роўна, што я – іх бацька. Яны абодва мне верылі, ішлі за мной... І я адказваю за тое, што з імі здарылася. Ніхто не перашкодзіць мне выратаваць маіх жаўнераў – у нашым атрадзе не кідаюць нават мёртвых. Я ўсё прадумаў... Неабходна трапіць у палон жывым і прытомным. Проста пайсці і здацца? Падазрона. Я паеду ў Гарнушкі... Нібыта па ежу. Сяляне ведаюць, што, здаўшы мяне, атрымаюць вялікую ўзнагароду. За жывога – удвая больш, чым за мёртвага. Яны не будуць мяне забіваць... А я такім чынам дапамагу яшчэ нейкай бядноце... І выкуплю яшчэ трохі грахоў свайго роду.
        – Гэтак заўтра ж раніцой зраблю я! – ускінуўся пан Вакула.
        – Спыніцеся! – Вальжына крычала, абхапіўшы галаву далонямі. – Я не магу гэтага больш слухаць. Вар’яцтва! Спрачаецеся, хто за золата прадасць душу д’яблу!
        – Не душу, а толькі жыццё! – усміхнуўся аднымі вуснамі Вінцэсь. – І давайце на гэтым скончым. А то я адпраўлюся ў Гарнушкі проста зараз і пастукаюся ў хату Сцяпка Лухверчыка, прызначанага маскалямі старастам.
        Дзяўчына схапіла Вінцэся за плячо, гнеўна страсянула.
        – Я забараняю вам рабіць тое глупства, пра якое вы толькі што казалі!
        – Вы хочаце страціць бацьку? Брата? Вальжына, падумайце самі. У мяне не засталося блізкіх сваякоў... Калі знікну я – гэта будзе самая меншая страта.
        – Няпраўда! – Дзяўчына раптам кінулася да Рашчынскага, абхапіла далоньмі яго галаву. – Каб вы ведалі, якая гэта няпраўда!
        Вінцэсь, адчуваючы, што зямля сыходзіць з-пад ног, пагладзіў дзяўчыну па валасах, зазірнуў у яе заліты слязьмі твар... Вось такім атрымаўся іх першы (і, магчыма, апошні) пацалунак – у святле паходні, з прысмакам смерці, уласнай віны і чужога болю... Недзе побач хіснулася высокая постаць...
        – Ну вось і ўсё вырашана, – спакойны голас пана Вакулы вярнуў Вінцэся на зямлю. Ваўкалак стаяў, павярнуўшыся бокам, і ягоная постаць здавалася прыгорбленай, як ад цяжкой стомы. Але Вінцэсь чамусьці не адчуваў сораму – як не адчувае чалавек, якога агаляюць перад катаваннем. Хлопец цвёрда адхінуў дзяўчыну – застаецца спадзявацца, што не пашкадуе яна, – і зрабіў крок наперад.
        – Я не адступлюся ад права прадаць сваё жыццё так, як лічу патрэбным.
        – Дурное хлапчо! Не змушай мяне да нешляхетных сродкаў. – Вінцэсь яшчэ ніколі не бачыў дзядзьку такім угневаным. – Як можна спыніць яго – хіба лёгка параніць? У нагу, напрыклад. Сапраўды вар’яцтва...
        Ваўкалак глыбока ўздыхнуў, праганяючы млосць, і стаў між імі двума.
        – Што ж, я з радасцю вырашыў бы вашую спрэчку на сваю карысць, каб не сышоў у неадпаведны час з вежы. Ад таго, што вы пазабіваеце тут адзін аднаго, нікому не стане лягчэй. Выйсце адно – жэрабя. І пакляніцеся, што прымеце вырак. Мы ўсе – жаўнеры. Усе – асуджаныя. Ці варта ўсчынаць такі гвалт з-за таго, каму раней станчыць на вяроўцы?
        – Мартын, як ты можаш! – адчайна ўсклікнула Вальжына. Але Ваўкалак не зважаў. Ён дастаў з кішэні нешта невялікае, працягнуў на далоні. У цьмяным святле бліснуў метал: дзве кулі... Адна – звычайная, свінцовая, другая – срэбная. Пазначаная крыжам. Смерць...
        Вінцэсь зірнуў на дзяўчыну, што, як заварожаная, не магла адарваць погляду ад куляў.
        – Напэўна, Вальжыне лепш сысці...
        – Я застануся, – цвёрда прагаварыла дзяўчына. – Калі самыя дарагія мае людзі вырашылі гуляць са смерцю, я таксама бяру ўдзел, – і рашуча працягнула Ваўкалаку раскрытыя далоні. – Памятаеце гульню ў залатога жука? Вельмі проста. Зусім для малых. Мартын, пакладзі кулі на мае далоні, калі я заплюшчу вочы. Тата, Вінцэсь, адвярніцеся...
        У голасе Вальжыны звінела такая адчайная нота, што мужчыны моўчкі паслухаліся. Потым яна працягнула ім сціснутыя да болю кулачкі.
        – Ну вось, у адной маёй руцэ – срэбная смерць... Я не ведаю, у якой... Аказваецца, смерць зусім невялікая і халодная, як лёд. Каму я яе сёння аддам – бацьку? Ці чалавеку, які... які мне таксама дарагі? Ну! Выбірайце!
        Вінцэсь бачыў, што чаканне для дзяўчыны было невыносным, і, спяшаючыся, дакрануўся да правага кулачка... Змрочны пан Вакула стаў злева... Вальжына расціскала пальцы, нібы гэта прыносіла ёй страшэнны боль...
        На правай далані ляжала срэбная куля. Самаробная, пазначаная крыжам.
        У апошнюю ноч Вінцэсь не спаў. Ці ўсё прадугледжана? Ці не памыляюцца яны, даверыўшыся слову гонару магната? Сярод яго продкаў былі такія падступнікі, што нашчадкі наймалі старых людзей, каб тыя ў сваіх мемуарах хоць трохі абялялі памяць пра ўладных пачвараў. Нібыта гэта магчыма. А як лёгка паміраць, калі смерць пазбаўляе невыноснага адчування віны! Адзінае, што будзе не адмолена, – той пацалунак. Вальжына ўпарта пазбягала размоў, і Рашчынскі адчуваў сябе рабаўніком.
        У шыбу нешта стукнула – нібыта птушка дзюбкай. Вінцэсь ускочыў – за акном непраглядная цямрэча. Яшчэ стук... У іх цяперашнім жыцці нічога не бывае без прычыны. Рашчынскі схапіў пісталет, накінуў на плечы кажух, стараючыся не пабудзіць іншых. Пакуль няма падстаў для трывогі. Сёння на варце пан Вакула – бывалага паляўнічага не падманеш.
        На ганку Вінцэся чакалі.
        – Я ведала, што вы не спіце...
        Зоры былі такімі буйнымі, што ледзь не падалі на зямлю, усланую лісцем, крылцамі мятлушак і дарэмнымі спадзяваннямі. Вальжына ўзяла Вінцэся за руку, як маленькага, – якія ў яе гарачыя пальцы! Захварэла, ці што? – і павяла некуды ў лес... Вінцэсь ні аб чым не пытаўся. Толькі кроў стукалася ў скроні.
        – Гэта недзе тут...
        Хлопец ужо ведаў, што яна шукае, – ля сцежкі стаяў невялікі будан з гонты, накрыты лапкамі ялінаў. Ад холаду ён схаваць не мог, але як падабенства таемнага прытулку – чаму не? Хлопец і дзяўчына апусціліся на сена, наваленае ў будане, – яно яшчэ не дарэшты страціла водар лета. Абое маўчалі.
        Нарэшце Вінцэсь парушыў цішу:
        – Вальжына, вы не павінны...
        Але яго словы перапынілі яе вусны... Гарачыя, як прысак чужога вогнішча.
        Вінцэсь яшчэ знайшоў у сабе сілы адхінуцца і спытаць:
        – А як жа Мартын?
        Яна перарывіста ўздыхнула:
        – Чаму ты ўвесь час думаеш толькі пра іншых? Мне патрэбны ты...
        Яму прыйшла ў галаву ганебная думка – гэтак рымскія кабеты прыходзілі да гладыятараў... Moritore te salutant. Але дзяўчына зараз жа зашаптала:
        – Узважваць пачуцці няма часу, Вінцэсь. Мы ведаем адно аднаго дастаткова, каб не памыліцца. Я не магу страціць цябе. Я не ведаю, што дасць мне сілы гэта перажыць. І... зразумей, такой ночы ў мяне не было... І больш не будзе.
        – Я яшчэ магу выжыць... – прамармытаў Вінцэсь. – Мяне могуць памілаваць... Я магу ўцячы... І застацца ў тваім жыцці разам з гэтай ноччу не толькі ўспамінам.
        – Дурань! – Дзіўна, але гэтае слова ў падобных выпадках часта замяняе самыя доўгія і выкшталцоныя прызнанні. А Вінцэсь быў толькі слабым, грэшным чалавекам. І яшчэ ён кахаў.
        Ноч палала на вуснах, быццам ноч Рыма, падпаленага шалёным цэзарам. І Вінцэсь зноў і зноў патанаў у невымоўнай пяшчоце і амаль невыноснай жарсці, і зоры сыпаліся на іх праз галінкі ялінаў, з якіх склалі будан... Такое было іх каханне – цудоўнае, п’янкое, з прысмакам смерці...
        Віна мужчыны ў тым, што ён у каханні заўсёды – пераможца. Вінцэсь не хацеў гэтага... Але ён не мог парушыць адвечных законаў. І гэта было лепей за ўсё, што ён зведаў дасюль.
        І што магло прымусіць іх шкадаваць аб гэтым шчасці? Цьмяны вобраз пасівелага Мартына, які столькі гадоў, быццам уладальнік чароўнага вострава, аберагаў, ашчаджаў цудоўную кветку, што дасталася юнаму сябру-суперніку? Заўтрашні дзень вызваляў ад віны, бо касаваў прышласць. У іх адносінах не было будучыні, і таму так лёгка і безаглядна кахалася.
        
        Гарнушкаўцы нават не сталі яго моцна збіваць. Усё-ткі ён быў пан, якога належала перадаць іншым панам, і хто ведае – ці спадабаецца тым іхняе мужыцкае абыходжанне з «белай косткай»? Гарнушкаўцы ведалі, што панам давяраць нельга. Таму дзесяць узброеных з атрада самааховы, пад кіраўніцтвам старасты Сцяпка Лухверчыка, вырашылі самі павезці бунтаўшчыка ў горад, здаць, як належыць, запісаць па справядлівасці, каму – узнагарода... Вінцэсь пазнаваў усіх: вось брат Міхася Валевіча... Адмольвае сямейныя грахі перад уладамі? Сын конюха Тодара, зусім маладзенькі і разгублены... Паперадзе ўсіх – стараста, Лухверчык, у новай світцы з крамніны, з новенькай стрэльбай цераз плячо. Стараецца, камандуе... А гэта? Светлавалосы няўклюдны хлопец абыякава дапамагаў звязваць бунтоўнага пана. Маскарад трывожнага часу... Учора – ахвяра, сёння – кат... Гаўрыле Чарапавіцкаму трэба было моцна пакаяцца, каб атрымаць дараванне. Як кажуць кітайцы, не дай табе Бог жыць у часы пераменаў.
        Вінцэсь безуважна ляжаў на калёсах, звязаны гэтак старанна, што й не паварушыцца, і ўспамінаў мінулую ноч... Усмешка, якая блукала на ягоных вуснах, гэтак злавала мужыкоў, што адзін з іх, не вытрымаўшы, пачаў даволі-такі адчувальна тыцкаць Вінцэсю пад рэбры прыкладам ружжа (а чаго лыбіцца, зладзюга?).
        У горадзе вуліцы аказаліся надзіва пустэльнымі. Затое бліжэй да цэнтральнага пляца траплялася ўсё больш і больш народу, асабліва жаўнераў. Раптам сыпануў дробны пошчак барабанаў... Вінцэсь здагадаўся, што гэта азначае. На шчасце, яго ахоўнікі таксама выявілі цікавасць і пад’ехалі бліжэй, на ўзгорак, з якога добра бачыўся пляц. Знаёмае драўлянае ўзвышэнне, над ім гайдаецца пятля...
        Сцяпок Лухверчык нават прыўзняў Вінцэся, каб таму лепш было відаць:
        – Глядзі, як цябе самога вешаць будуць!
        Вінцэсь напружана ўглядаўся: каго караюць? Вось вывелі на памост... Ідзе сам, горда... Белая кашуля, чорнавалосы... Далёка. Не пазнаць. Затое той, хто чытаў прысуд, меў такі грамавы голас, што нават там, дзе знаходзіўся Вінцэсь, разбіралася кожнае слова. За злачынствы супраць дзяржавы... За забойства паручніка лейб-гусарскага палка Аляксандра Пятровіча Далгарукава... прысудзіць двараніна Н-скай губерні Рагманава Марка Вакулавіча да смерці цераз павешанне...
        Зноў cыпануў барабанны пошчак. Вінцэсь з усяе сілы рвануўся... Не! Гэта падступна! Гэтага нельга дапусціць!
        – Што, паночак, страшна? – здзеклівы голас побач.
        Вінцэсь глядзеў – бо адвесці вочы было таксама здрадай. Але відовішча расплывалася ад пякучых слёз. Вось падыходзіць кат... Надзявае пятлю на шыю асуджанага... Б’юць барабаны, усё хутчэй, хутчэй... І страшны, недарэчны танец у паветры цела, якое памірае...
        – Не-е-е!!!
        Перастрахаваўся, падлюга Людвісар! Вось будзе неразбярыха, калі і ён, Вінцэсь, пачне настойваць на тым, што забіў таго радавітага лейб-гусара!
        – Во пераймаецца наш пан! – побач ужо нават спачувалі. – Не хочацца паміраць, як таму, ясная справа...
        Але смерць па-ранейшаму не хацела прымаць яго ў палацы вечнага спакою. Ці з любасці, ці з пагарды? Хто ведае. Калёсы трэсліся на брукаванцы, натоўп, што разыходзіўся, наталіўшыся жахлівым відовішчам, неміласэрна штурхаўся побач... Адзін з ахоў-нікаў нахіліўся над палонным. Вінцэсь адчуў, што вяроўкі на ім раптам саслабелі. Нехта ўклаў у яго знямелую руку пісталет:
        – Страляй у старасту...
        Ахоўнікі пападалі на зямлю, атуляючы галовы чорнымі рукамі, звыклымі да касы і рала. Хіба толькі двое ўспомнілі пра зброю. Там, у Гарнушках, Вінцэсь зусім не бараніўся, і яны яго не баяліся. Цяпер ім давялося зразумець сваю памылку, але – запозна.
        – Бяжым! – Гаўрыла Чарапавіцкі цягнуў Рашчынскага за сабой, і натоўп паглынуў іх, як рачныя хвалі – заходняе сонца.
        Ты выжыў – гэтае ўсведамленне напаўняе цела жывёльнай радасцю. Ты выжыў там, дзе немагчыма было выжыць. І так і хочацца звярнуцца да Госпада з блюзнерскай просьбай – адымі розум... Каб не збэсцілася простае, зразумелае свята невыноснымі пакутамі душы.
        Вінцэсь не вінаваціў сяброў. Ён усё разумеў – з ім ужо развіталіся, кожны сказаў у думках добрыя і ўзнёслыя словы, падрахункаваў ягонае жыццё... А ён не загінуў. Вярнуўся, жывы і здаровы. Яго месца ў палацы вечнага спакою заняў іншы. І гэта было, як быццам кашулю вярнулі нямытай, і давядзецца яе апранаць і даношваць. Нібыта свая, але хацелася чыстай і адпрасаванай.
        Ваўкалак хаваў вочы.
        – Людвісар прыслаў скрыні... Дзве невялікія – там манеты. Астатнія са зліткамі. Думаю, пакуль пачнем карыстацца манетамі, а зліткі – перахаваць, куды дамаўляліся.
        І была яна. Халодная, як восеньскае неба.
        – Спадзяюся, жыццё майго брата прададзена не дарэмна, і ваш мільён зробіць гэтую зямлю вольнай і шчаслівай... Хоць трошкі.
        Вальжына таксама разумела, што несправядліва дакараць чалавека за тое, што яму не ўдалося загінуць. Яна і спрабавала ўсміхнуцца, суцешыць – бачыла ж, як ён пераймаецца ад таго, што адбылося. Але між імі паўстала сцяна... Ці, можа, прывід? І Вінцэсю разрывала сэрца ўсведамленне таго, што ноч у будане была толькі развітальным падарункам герою. Няўжо – так?
        – Мне цяжка вас бачыць, – спакойны тон раніў больш, чым крык. – Не думаю, што змагу быць з вамі. Можа, з часам, калі забудзецца многае... Калі мне перастане здавацца, што Марк вось-вось з’явіцца, пастукае ў дзверы, засмяецца... А пакуль што – ідзіце, хавайце свае скрыні.
        Нібыта кінула ў твар халодную жабу.
        І Вінцэсю было яшчэ горш ад таго, што ён ведаў – цяпер яна не зможа вярнуцца і да Мартына. І заставалася толькі адно – зрабіць сапраўды так, каб Маркава жыццё аказалася прададзеным недарэмна.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.