РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
18
        
18

        
        – Вельмішаноўны пан Вікенці Рашчынскі з маёнтка Гарнушкі! – слуга ў зялёным аксамітным сурдуце з залатымі гузікамі (два, на круглым жываце, расшпіленыя, і відаць не надта белая кашуля) крычаў так, што напружваліся жылы на тоўстай шыі і твар чырванеў, як рэвалюцыйны сцяг.
        Вінцэсь азіраўся з прыкрым пачуццём чалавека, які трапіў у свет крывога люстэрка. Нібыта ўсё пазнавальнае, але пачварна скажонае, расплывістае. Палац усё гэтак жа ганарыста ўзвышаўся над наваколлем, але гэта быў гонар банкрута. Калоны страцілі колішнюю белізну, як і нямытая кашуля лёкая. У былых венецыянскіх каналах гайдалася на восеньскім ветры сухое бадыллё, і таемная расліна луннік дражнілася-трапятала бліскучымі круглымі манетамі, за якія не купіш анічога, акрамя подыху гэтага восеньскага ветру. Усё было спавіта санлівасцю, на ўсім меўся адбітак руйнавання. Затое ля ўваходнай лесвіцы з’явіліся дзве новыя скульптуры – мармуровыя рымскія героі ў лаўравых вянках і латах. Вінцэсь прыгледзеўся і з жахам усвядоміў, што фанабэрыстыя фізіяноміі патрыцыяў нагадваюць твар Стася! Аднекуль з бакавога флігеля даносіўся бадзёры стук. Паколькі побач пуставалі яшчэ два пастаменты, можна было здагадацца, што й там апынуцца ўрачыстыя каменныя балваны з абліччам гаспадара. Гэтая дурная раскоша яшчэ больш падкрэслівала агульны заняпад, які цараваў не толькі вакол палаца, але і ў пакоях. Растаўсцелыя лёкаі, нявымытая чарка на століку, апошняя восеньская муха, якая цяжка кружляла над ёй; карціны, састаўленыя ля сценаў і накрытыя пыльным радном, – відаць, у чаканні рэстаўрацыі, якая невядома калі высветліць іх фарбы...
        – Няхай літасцівы пан пройдзе як найхутчэй – высакародны пан Станіслаў Людвісар з нецярплівасцю чакае найпрыемнейшага візіту літасцівага пана, і ўсе вашыя пакорлівыя слугі рыхтаваліся да найпрыемнейшага візіту найяснейшага пана, і наш найяснейшы пан най-шчырэйша просіць выбачэння за свае хворыя ногі, хворасць якіх перашкодзіла яму ўласнай персонай з прыемнасцю сустрэць вельмішаноўнага госця...– лёкай старанна звіваў велягурыстыя фразы ў клубок з фальшывага золата, блытаючыся ў слоўных звівах.
        Вінцэсь нецярпліва адсунуў гаваруна ўбок і хуткім крокам увайшоў у гасцёўню.
        – Прывітанне, Станіслаў! Вельмі рады быў атрымаць твой ліст...
        Астатнія словы засталіся непрамоўленымі. Вінцэсь прыблізна ўсведамляў, якое відовішча яго чакае... Але паміж «прыблізна» і «насамрэч» адлегласць куды большая, чым ад Масквы да Варшавы. Ніякае крывое люстэрка не змагло б ператварыць колішняга танклявага, даверлівага Стася з вялікімі блакітнымі вачыма, з вечнай вінаватай усмешкай у гэтага самазадаволенага таўстуна, падобнага да карыкатуры на імператара Луі Філіпа, папулярнай у Францыі. Чырвань твару была яшчэ больш заўважная на фоне светлых кудзераў – лысіну на макаўцы кампенсавалі пышныя бакенбарды. Вочы, праўда, не зусім заплылі тлушчам – але якімі яны сталі пустымі! Як мутны вясновы лёд...
        – О, Вінцэсь! Зусім не змяніўся! Прабач, не ўстаю – хварэю ўсё... А ты, відаць, гэтак жа ў палонцы штодзень плёхаешся? Волат, герой! Сядай во сюды... Бліжэй... Сы-ыдар! – грамавы вокліч змусіў Вінцэся ўздрыгнуць. – Сы-дар!
        Таямнічы «Сыдар», надзіва танклявы, як бізун, з чорнымі, як прыклеенымі, вусікамі забег у гасцёўню і схіліўся ў паклоне.
        – Чаму шампанскае на стол не паставілі? Сківіцу звярну набок, цалавацца развучышся! Нясі!
        Перад вялізным выгодным фатэлем, у якім разваліўся Стась, захінуты ў заліты на грудзях віном персідскі халат, грувасціўся стол, што ледзь не прысядаў на тонкіх нагах пад цяжарам страў. Лёкай спрытна наліў Вінцэсю віна...
        – Ну, за сустрэчу, стары сябра!
        Вінцэсь адчуў, што просьба замяніць віно якім ліманадам скончыцца вадаспадам непатрэбных угавораў і папрокаў, таму прыгубіў чырвонага напою (сапраўды добрага) і зачапіў відэльцам нешта экзатычнае... Падобна да амара, але прыгатаванага вельмі асабліва.
        Размова атрымлівалася нейкая дзіўная... Як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае на паверхню. Стась неяк пазбягаў успамінаць мінулае. Вінцэсь думаў – гэта ад таго, што няёмка за свой цяперашні стан. Скардзіўся на сястру: такая жорсткая, такая сквапніца! Але адчувалася, што галоўнае, дзеля чаго і запрошаны госць, не прамоўлена. Нарэшце праз шматлікія намёкі, расплывістыя скаргі зрабілася зразумела: Стась спрабуе звярнуць гаворку на грошы паўстанцаў, якімі стары Людвісар выкупіў жыццё сына. Паступова, з кожнай новай бутэлькай віна, выказванні гаспадара рабіліся больш акрэсленымі. Чаму золата так і ляжыць без справы? Хіба нельга знайсці яму карыснае ўжыванне? Вядома, Вінцэсь толькі вярнуўся, блага ведае, што сёння адбываецца на Беларусі. А вось Людвісар мае на прыкмеце людзей, якіх толькі падтрымай грашыма – і такую рэвалюцыю ўчыняць, што маскалі адсюль шугануць, як восеньскае лісце з ветрам!
        Вінцэсь слухаў і маўчаў. «Рэвалюцыя!» Цікава, які сэнс укладае сённяшні Стась у гэтае слова? Бачыць сябе новым Напалеонам? Адабраць у «чужых» паноў і перадаць «сваім»? І тыя, і тыя гавораць з беларускім народам на розных мовах. Хто і як скарыстае ахвяраваныя грошы? Людвісар, дакладна, – на рэдкія віны і мармуровае ўвекавечанне ўласнага аблічча. А можа, марыць аднавіць венецыянскія каналы?
        Бедны Стась... Вінцэсь не адчуваў да яго пагарды – толькі ўласную віну. Марка загінуў з-за праклятага золата... Але – Вінцэсь цяпер бачыў гэта ясна – загінуў і Стась.
        Толькі падчас развітання былы рамантычны юнак праглянуў праз азызлую чырвоную маску. Рыданне раптам перакрывіла твар Людвісара, ён, нязграбна чапляючыся рукамі за парэнчы фатэля, устаў, падняў непад’ёмнае, нібыта чужое, цела, абняў Вінцэся, павіс на ім – той ледзь не паваліўся... І плакаў, плакаў, прыгаворваючы нешта няўцямнае: «Вось бачыш, мілы... Няма мяне... Няма... Як ты казаў – экзістэнцыйная адсутнасць? Хадзіць не магу... У люстэркі не гляджуся. А мы ж верылі! Мы ж змагаліся! Каб рэспубліка, і прыгожыя дамы, і шчаслівыя людзі, і песні пяюць у садах пад вокнамі! А ў мяне пад вокнамі ўчора пейзане нашыя ўлюбёныя жанчыну камянямі пабілі. За тое, што малако ў кароў адбірае. Ды я нават у Шлісельбургу шчаслівейшы быў! У мяне аж у грудзях шчымела ад гонару – што паміраю за радзіму. Як жа так сталася? Што з намі сталася, Вінцэсю?»
        На чорную зямлю падаў снег, яшчэ вільготны, слабы. Ён не мог справіцца з пануючай чарнатой, нават коштам уласнае смерці. Наадварот – каб захаваць бель, ён мусіў быць моцным і жорсткім. Але для гэтага павінен быў прыйсці час.
        Пакуль яшчэ не настаў час снегу і чысціні.
        Ночы рабіліся ўсё даўжэйшымі, сустрэчы з былымі знаёмымі – усё больш пакутнымі. Адна радасць – глядзець на сына, на ўнукаў... Гэтага Вальжына не забараняла. Але прымусіла паклясціся – яны ніколі не даведаюцца пра скарб. Залаты праклён не пяройдзе наступным пакаленням.
        Вінцэсь часам адчуваў сябе зусім бездапаможным. Ён памрэ. Памрэ Вальжына, Мартын... І грошы, здабытыя такой дарагой цаной, прападуць! Ён аніяк не мог пагадзіцца з тым, што вырашылі сябры. Так, ён не бачыў пакуль сілы, якой можна перадаць золата. Але, урэшце, яшчэ Русо даў параду народам: не можаце пера-шкодзіць таму, каб вас праглынулі, – пастарайцеся хаця б, каб вас не маглі пераварыць. На захаванне самасці, адраджэнне нацыянальнай культуры таксама патрабаваліся сродкі! Але Вінцэсь не мог распарадзіцца сам.
        І ён пайшоў да адзінага чалавека, які б мог даць яму параду... І які ўжо не мог яе даць. На магілу бацькі.
        Надмагілле пана Антона Рашчынскага было вельмі простым, як ён і хацеў. Чорны мармур, крыж, перавернутая паходня...
        У іх колах у Парыжы вальнадумства сталася ледзь не законам. Рашчынскі не падзяляў скептыцызму сваіх сяброў наконт рэлігіі, але не збіраўся адпрэчваць і прагрэс і наракаць, што кожнае вынаходніцтва – ад Сатаны. Быў перакананы: навука, якая цяпер нібыта знаходзіць пацвярджэнні атэістычнай тэорыі, калісьці прос-та дасягне такога ўзроўню, што пачне атрымліваць доказы існавання Вышэйшай Сілы. Цяпер жа чалавецтва цешыцца са сваім прагрэсам, як з новай, самай лепшай у свеце, цацкай, і драўляны конік падае голас і звонка б’е капытамі. Бескарысна даводзіць дзіцяці, што драўлянаму коніку не патрэбнае сена, а абарыгену Берага Слановай Косці – што кінуты ў хвалі драўляны ідал не спыніць буры. Ды ці варта шукаць недзе доказаў – калі чалавек прыслухаецца да самога сябе, ён адчуе прысутнасць Бога ва ўласным сэрцы.
        
        ...Як спалучыць сябе з жыццём, разбіць вакол шкляныя сцены? Не намі збудаваны дом, які яднае нашы цені... Спадар! Што розуму сіло Таму, Хто – усяму прычына? Кляйна няма – «дабро» ці «зло», узважваць лёсы немагчыма. Усё – ва ўсім, і меж няма. Ты – гэта я, і ўсё – брыдота. Усе адрозненні – падман, сусвет – трызненне ідыёта для лялькі, што парвала ніць, якой яе вадзілі зверху. Так, лялька вольная... Ляжыць, не вартая ні слёз, ні смеху. Няма адгадкі. Ёсць – адказ, даўно вядомы – і забыты. І нехта прыўзнімае нас убачыць раю краявіды. А нас цікавіць той агонь, што ў спратах плавіць хвілі-кулі... Мы – безнадзейныя, і скронь не сівізна, а кроў кранула...
        Вінцэсь не цешыў сябе надзеяй, што нават па самай шчырай ягонай малітве да яго спусцяцца ў відочным вобразе анёлы ці з’явіцца з таго свету бацька. Проста ў гэтым месцы можна было засяродзіцца, усвядоміць свае патаемныя сумнівы і спадзяванні і, можа, адчуць, на якіх – блаславенне, на якіх – праклён.
        Вінцэсь моўчкі ўкленчыў перад надмагіллем. Побач, у асобнай капліцы ўнутры касцёла – магільныя пліты іншых Рашчынскіх. Толькі прадзеда Ганорыя няма – але ён нават сваёй адрынутасцю дапамагае нашчадку знайсці правільнае рашэнне... Бо застаюцца адны магілы. Застаюцца заўсёды... І да магіл продкаў заўсёды будуць прыходзіць нашчадкі. Да ягонай, Вінцэся, магілы таксама нехта прыйдзе. Можа, у тыя часы, калі пракляцце, што нібыта ляжыць на схаваным золаце, страціць моц?
        Цяпер Вінцэсь ведаў, што яму рабіць. Ягоным запаветам стане ўласнае надмагілле. Ён падкажа далёкім нашчадкам шлях да золата. Трэба прыдумаць шлях, які можа прайсці толькі чалавек, надзелены розумам і абазнаны ў гісторыі сваёй краіны. Толькі той, хто любіць Беларусь гэтак жа, як любілі яны.
        ...Лебедзь прапяе вам сваю апошнюю песню.
        Смерць пакажа пачатак шляху.
        Воўк і леў – скажуць пра золата, якое нараджаецца ў смерці. Воўк стане Ваўкалакам – так мяняліся іх лёсы дзеля Радзімы, і ў звярынай абалонцы хавалася высакароднае сэрца.
        А галоўнае ён даверыць распавесці нявартым, бедным істотам. Можа, у вобразе адной з тых істотаў калісьці ён сам, паводле нямецкай прымхі, будзе выконваць тое, што паабяцаў – і не выканаў пры жыцці?
        Час у яго яшчэ ёсць. І засталіся залатыя манеты. Няхай думаюць – звар’яцеў, дзівак... І варта запрасіць скульптара з Людвісарава. Працуе, кажуць, хутка...
        А людзі сапраўды лічылі, што пан звар’яцеў. Маёнтак занядбаны, разрабаваны, а гаспадар траціць шалёныя грошы на ўласнае надмагілле, хоць яшчэ жывы і не такі ўжо стары, каб лічыць апошнія гадзіны. Скульптар працаваў сапраўды хутка, тым больш заказчык дакладна ведаў, чаго ён хоча. Нават асобныя дэталі пажадаў выканаць сам, калі папраўдзе – дык толькі псаваў фігуры дзікунскімі арнаментамі. Мармур, граніт, нават малахіт не давялося везці здалёк – у Людвісараве хапала нявыкарыстанага для аздобы палаца. Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адспявала птушкамі лета. У цьмяны лістападаўскі дзень Вінцэсь са складаным пачуццём глядзеў на месца свайго будучага супакаення і пагладжваў спіну каменнай жабкі, што сядзела на краі пастамента.
        – І што ж ты задумаў, панок?
        Гэты голас немагчыма было забыць. І нянавісць, якая ў ім гучала, таксама. Марцэл Алейшчык зрабіўся зусім сівы, толькі вусы захавалі крыху колішняга чорнага колеру. Замест магеркі – чорная шапачка дыякана. Паўзверх простай расы накінутая шэрая бравэрка... Адзін рукаў – пусты, засунуты ў кішэню. А вочы – гэткія ж пранізлівыя.
        Не, нянавісці, напэўна, больш не было – хутчэй падазронасць. Але любові не чулася таксама.
        Першае памкненне Вінцэся было – прывітацца, выказаць радасць ад сустрэчы – мала што меліся непаразуменні трыццаць гадоў таму. Але Марцэл пагрозна ўсміхнуўся, як і тады.
        – Не змяніўся ты, панок. Зноў нешта хітруеш. Навошта грувасціш гэтыя стоды? На той свет спяшаешся? Ці з магілы спадзяешся парадавацца, як багата пахаваны? Кляўся, што ані шэлега – на сябе. Значыць, нештачкі задумаў.
        – Гэта мая справа, Марцэл.
        – Не, гэта нашая справа! Усіх, хто захоўвае таямніцу. Прашу ад імя тых, хто загінуў і хто яшчэ жывы, – не руш мінулае! Не ведаю, навошта ты ўсё задумаў, што за гэтым хаваецца, – Марцэл абвёў рукой надмагілле, – але табе ж будзе лепей, калі ты сам гэта зруйнуеш.
        Вінцэсь упарта глядзеў на Марцэла.
        – Хіба чалавек не вольны хаця б падрыхтаваць сабе магілу на свой густ?
        – Мая справа – папярэдзіць, – Марцэл нядобра ўсміхнуўся. – Ты ведаеш, што ў Гарнушках неспакойна, людзі расказваюць немаведама што пра твае патаемныя скарбы – іначай на якія сродкі шыкоўнае надмагілле? Дарэмна, ой, дарэмна паказаў ты ім хвост залатога цяльца. І на фундатарства лякарні айцец Андрэй не бласлаўляе.
        – Ну а гэта яшчэ чаму? – абурыўся Вінцэсь. – Гэта ж для сялянаў! Для беднаты!
        – На падмурку зла нельга збудаваць дабро. Адумайся, панок.
        А потым былі доўгія лістападаўскія ночы. Такія самотныя, што агонь у каміне здаваўся самым лепшым сябрам на свеце. Філасофія перамагае мінулае і будучыню, але цяперашняе перамагае філасофію. Ад адзіноты не было ратунку. Вінцэсь так і не займеў сталай прыслугі. Базыль адразу з’ехаў у Гародню. Прыходзіла гатаваць есці кухарка, ды яшчэ адна кабета прыбірала ў пакоях. Гэта цяжка было назваць кампаніяй. Вядома, Вінцэсь стараўся бавіць як мага больш часу ў Весніцах. Але Вальжына проста падкасіла яго, параіўшы ажаніцца з маладой суседкай.
        – Ты ж мужчына самавіты, дужы, прыгожы, у цябе закахацца не цяжка. Завядзі нарэшце сям’ю...
        І дарэмна ён даводзіў, што яго сям’я – тут, у Весніцах, і іншай яму не трэба.
        Занадта шмат дарог прайшлі яны паасобку. Фактычна – усё жыццё.
        А праз вёску хадзіць было проста страшна, хоць Вінцэсь у гэтым сабе не прызнаваўся. Людзі пры ягоным з’яўленні разбягаліся, як ад «струпляватага», пракажонага. А аднойчы за ягоным акном павесілі на дрэве здохлую варону. Пагроза была зразумелай. Праўда, Вінцэсь ведаў, што вароны ў сусветнай міфалогіі маюць не толькі значэнне «птушкі вісельнікаў». Ён бачыў старажытную нямецкую ікону, на якой вароны баранілі труп святога Вінсэнта ад драпежных звяроў. І пагібель, і выратаванне можа прыйсці ад аднаго і таго. Дык ці варта самому вырашаць на благое?
         Але ў тую ноч, калі снег выпаў, каб застацца, адзіноту гарнушкаўскага пана парушылі. Іх было сямёра маладых дужых мужыкоў, у дваіх – вінтоўкі. Вінцэсь не спалохаўся – пастараўся ўсміхнуцца як мага больш спакойна. Калісьці гэтак жа ў ягоную афрыканскую халупу ўварваліся зулусы. Тады Вінцэсь змог сваёй усмешкай, спакоем, упэўненасцю пазбегнуць сутычкі. Зулусы нават пачалі вельмі шанаваць белага пана.
        Але гэтых усмешка толькі злавала.
        – Паслухай, пане, мы не зробім табе нічога благога. Аддай золата.
        У Вінцэся пахаладзела ў грудзях. У чырвоным святле каміна госці здаваліся падобнымі да лясных духаў.
        – У мяне няма золата, сябры. Усё, што меў, – аддаў на пабудову лякарні і на касцёл.
        Прыхадні нават не ўсміхнуліся, і Вінцэсь зразумеў – не вераць... І не павераць. Гаворка нагадвала страшныя сны.
         ...Табе цмок золата носіць. Ты ў магіле прадзеда Чорную Кнігу адкапаў. Цмок вылупляецца з яйка пеўня... Вынасіў яго пад пахай... Ён табе яшчэ прынясе... Дабром просім – аддай золата! А то абыдземся, як з ведзьмаком і чарнакніжнікам належыць!...
        Вінцэсь усё больш адчуваў безнадзейнасць. Госці, відавочна, умелі абыходзіцца са зброяй і мала падобныя да тых прыгонных мужыкоў, што маглі разбегчыся ад аднаго бляску шляхецкай шаблі. Прыхадні былі дужымі і ўпэўненымі ў сваёй праваце. І, відаць, хтосьці з іх ужо паспытаў вайсковае справы, бо спрытна паваліў старога пана на падлогу, калі той варухнуўся ў бок сакрэтніка, у якім захоўваўся пісталет, і ўмела выкруціў чараўніку руку.
        – Ну што ты сквапнічаеш! Жыццё даражэй!
         Госці выварочвалі шуфляды, адчынялі шафы... Але без асаблівага імпэту. Яны ведалі, што скарб схаваны адмыслова, – іначай які ж гэта чарнакніжнік?
        – Скажы, дзе схаванае золата! Вось, крыж даю – жывым пакінем.
        Вінцэсь ужо перастаў пераконваць і адмаўляцца. Ён проста маўчаў, з тугою гледзячы ў цёмнае акно, за якім не было выратавання гэтак жа, як і зорак.
        – Не хочаш дабром – прымусім разгаварыцца! Мы хлопцы вясёлыя, размовы любім. Можаш і паспяваць. На ўсё горла спявай – ніхто не пачуе!
        Вінцэсь зразумеў, што належыць рыхтавацца да найгоршага. Вось дзе дагнаў яго лёс! Выйсці цэлым са столькіх сутычак, абысці вязніцу і шыбеніцу... І загінуць гэтак страшна і недарэчна ва ўласным доме, ад рукі сваіх жа людзей...
        З упартага пана садралі адзежу, павалілі на падлогу. Рукі прывязалі да каміннай рашоткі, ногі проста скруцілі, каб не надта брыкаўся...
        Вінцэсь ляжаў, раскінуўшы рукі, як быццам адпачываў на цёплай ад летняга сонца траве. З фамільных партрэтаў паглядалі продкі. Іх пагляды здаваліся зняволенаму нашчадку не спачувальнымі, а нават трохі грэблівымі... Даў схапіць сябе мужыкам! Продкі... Гордыя Ра-шчынскія... Бацька часта паўтараў выслоўе Вальтэра: хто добра служыць радзіме, не мае патрэбы ў продках. Столькі стагоддзяў іх прыгонныя благалі і курчыліся падчас пакаранняў. Столькі сродкаў прыдумвалі людзі гэтай зямлі, каб здзекавацца адзін з аднаго! Хіба не ад іх, сваіх паноў, перанялі мужыкі майстэрства катавання, выпрабаваўшы ўсё на ўласнай плебейскай скуры? І, можа, сёння яму, Вінцэсю, удасца сплаціць грахі свайго роду, увесь боль, які спарадзіў яго род? Але горкая насмешка перакрывіла вусны Рашчынскага: не блюзнер, чалавеча. Не прымай на сябе месіянства. Нікога не выратуюць твае пакуты, нічога не выкупіць твая смерць. Хіба толькі твае ўласныя памылкі. Адзіная просьба да Госпада – каб на ім гэты ланцуг болю перарваўся. Праклятае золата! Праклятае золата!
        Гадзіннік у куце захрыпеў, пачуўся першы ўдар... Поўнач. У акенцы гадзінніка паказалася фігура смерці, як тамбурмажор на бале, урачыста падала знак касой... І пусціліся на маленькай пляцовачцы ў вычварны карагод фігуркі – блазан, кароль, дама, мніх, рыцар, жабрак... Тузаліся, трымаючыся за рукі, аднолькава бездапаможныя і смешныя.
        Нікому не дадзена адмовіцца ад гэтых скокаў.
        Адзінае, што падуладна чалавеку, – не страціць годнасці ад жаху перад імі.
        Калісьці, у вёсцы масаяў, Вінцэсю даводзілася назіраць, як юнакоў пасвячаюць у дарослыя. Хлапцы мусяць давесці, што сталі сапраўднымі воямі, і акрым паляўнічых поспехаў выявіць вытрымку да болю. Іспыт адбываецца пры дапамозе... мурашоў. Не такіх, як нашы, а вялізных, са сківіцамі, большымі за цела, – кусаюць да крыві. Юны масай мусіць цярпець укусы і пры гэтым весела размаўляць, ветліва адказваць на пытанні старэйшых... Вінцэся тады зацікавіла – наколькі балючы ўкус? Беламу пану адразу дапамаглі здаволіць цікавасць. Як яму ўдалося захаваць спакойны выраз твару і ўсмешку – сам не ведае, хіба толькі самалюбства дапамагло. Ці мог ён выявіцца слабейшым за паўголых хлапчыскаў з валасамі, абмазанымі чырвонай глінай?
        А потым ён распытваў – як яны вучацца цярпець боль? Адзін масай, сівы, як прысыпаны попелам, – толькі такім дазвалялася жаніцца – патлумачыў, што боль трэба ўяўляць як асобны ад цела шарык і вучыцца змяшчаць яго, сціскаць да кропкі... Гэта была цэлая навука, і Вінцэсь трохі пераняў яе.
        Прынамсі, не будзе ганебных крыкаў.
        Над тварам пранеслася гарачая хваля. Перад вачыма загайдаўся распалены ў каміне да чырвані пожаг.
        – Дзе схаванае золата?
        – Дзе схаванае золата?
        – Дзе схаванае золата?
        
        Знявечанае цела Вінцэся Рашчынскага знайшлі назаўтра, раніцой. З увагі на асаблівую жорсткасць злачынства была прызначана спецыяльная камісія па расследаванні. Паколькі забіты не быў багаты, следчы прыйшоў да высновы – звядзенне старых рахункаў. Трыццаць гадоў таму забіты быў важнай асобай у бунце, відаць, камусьці добра даўся ў знакі. Падобна, што цэлую ноч небараку катавалі. Звычайныя зладзеі такога не ўчыняюць.
        Але ж пан як ведаў, што хутка памрэ, – такое надмагілле сабе адбудаваў! І навошта? Лепей бы – добрую памяць па сабе пакінуў! А то нават магілу ў спакоі не пакідаюць невядомыя ворагі. Тэорыю следчага наконт старой помсты пацвярджала, што ўжо на другі дзень пасля пахавання надмагілле пачалі руйнаваць. Разбілі шкілет, які красаваўся наверсе... Горла лебедзю перабілі... І нашто тут столькі звяр’я? Леў, воўк, лебедзь, жабы... Дзівак быў нябожчык! Адно слова – філосаф. У гербе Рашчынскіх – мядзведзь, дык мядзведзя якраз і няма сярод скульптур.
        І герб гэты, з мядзведзем, належала разбіць на магіле памерлага. Ён быў апошнім з Рашчынскіх. Шкада, калі знікае старажытны род, нават калі ў ім два апошнія пакаленні – бунтаўшчыкі.
        І герб быў разбіты. І не засталося нікога з роду.
        А маёмасць сваю нябожчык адпісаў суседзям – здаецца, далёкім сваякам, з маёнтка Весніцы. Тыя, жабракі, павінны радавацца нават такой небагатай спадчыне.
        Справа пра акрутнае забойства двараніна Вінцэнта Рашчынскага так і засталася нераскрытай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.