РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
ЗГАДКІ Ў ДАРОЗЕ
        
ЗГАДКІ Ў ДАРОЗЕ

        
        Вячорка, стомлены мільганнем
        Карцін-малюнкаў за акном,
        Павекі звёў без намагання
        І перанёсся ў родны дом.
        
        Перш-наперш маці твар убачыў:
        Маршчынкі дробныя ля губ
        І вочы ў крапінках табачных,
        Што аніколі не ілгуць.
        
        Ля маці дзеці: Лёдзя з мужам,
        Антось, Мікіта і Тамаш –
        На гэты раз, напэўна, дружна
        Збяруцца ўсе, як на кірмаш.
        
        Ну, Тамашу збірацца ўласна
        Няма чаго – ён там жыве,
        Ён – гаспадар, ён у саўгасе
        На працы ўдарнікам слыве.
        
        Адзін з усіх застаўся дома.
        Што самы меншы, можа быць?
        Смяяўся: «Доля, братцы, доля!
        Павінен хтось і хлеб рабіць!..»
        
        Ён жонку Анцю (Антуніну)
        Настроіў так на боскі строй,
        Што меў дзяцей амаль асьміну.
        Смяяўся: «Я – айцец-герой!..»
        
        Хоць скончыў колісь толькі восьмы –
        Адстаў ён мала ад братоў, –
        Смяяўся: «Я – у дзядзькі Лёксы
        Дзве акадэміі прайшоў!..»
        
        Што тычыць Лёдзі – як зазвычай,
        Яна прыедзе з Вінцусём.
        Калісьці ў робе будаўнічай
        Ён стаў Сцяпану швагрусём.
        
        Вячорка ў тым далёкім годзе
        Кансерваторыю канчаў,
        Калі дазнаўся, што да Лёдзі
        Якісь жаніх хадзіць пачаў.
        
        Іх Лёдзя ў Мінску на будоўлі
        Тады падсобніцай была
        І аб сваёй дзявочай долі
        Не турбавацца не магла.
        
        Жыла ў рабочым інтэрнаце,
        З гурмою гэткіх жа нявест,
        І добра помніла, як маці
        Засцерагала на ад’езд:
        
        «Хаця ж не слухай кавалераў,
        Культурных гэных, гаваркіх.
        Няхай іх выкаціць халера –
        Тых ашуканцаў гарадскіх!..»
        
        Ва ўсіх нявест безабаронных
        З тых інтэрнацкіх катухоў
        Жыў недавер да ім не роўных
        Інтэлігентных жаніхоў.
        
        «Хіба ён гэткі возьме замуж
        Мяне – з будоўлі галату?
        Адно ў душы пакіне замуць,
        Пасее ў сэрцы гаркату...»
        
        Ды вось у клубе іх на танец
        Аднойчы Лёдзю запрасіў,
        Па ўсім відаць, не «ашуканец»,
        Бядняк, мяркуючы па ўсім.
        
        Сказаў дзяўчыне, што рабочы.
        Праводзіў позна ў інтэрнат –
        За разам раз глядзеў у вочы
        І сыпаў досціпы – як град.
        
        Хоць жартаваў замыславата –
        Было прыемна ўсё адно.
        Праз дзень – прыйшоў да інтэрната
        З двума білетамі ў кіно.
        
        Далей – амаль што кожны вечар,
        Пасля работы – тут як тут.
        І сімпатычны быў ёй нечым,
        І нечым дзіўны, Вінька Шкут.
        
        Найбольш сумелася дзяўчына,
        Калі адкрыла незнарок,
        Што не бядняк ён, як лічыла,
        Што ён – прафесарскі сынок!
        
        Аж не паверыла спачатку
        І машынальна перш за ўсё
        Паглядам змерала апратку:
        На ім было амаль рыззё!
        
        А ён сказаў: – Давацца дзіву
        Няма чаго. Зірні-паглянь:
        Народ не носіць габардзіну,
        Народ апрануты ў паркаль!
        
        І нейк паблажліва ўсміхнуўся:
        – Не зразумела ты пакуль.
        Не думай кепскае. Клянуся:
        Я не басяк і не куркуль!..
        
        Не зразумела, гэта праўда.
        І напісала брату ліст,
        Каб што параіў... Неадкладна
        Сцяпан прыехаў к ёй у Мінск.
        
        Калі пачуў, хто з ёй «на роўных»
        Пачаў дружыць, – скрывіўся ўраз:
        – Ты бач яго, які «народнік»!
        Напэўна, хітры лавелас!
        
        Каб ачмурыць з будоўлі дзеўку –
        Маўляў, і я – такі ж, як ты, –
        Адзене світку ці паддзеўку,
        Ну, і канечне ж – у кусты!
        
        – Мяне? Павек таго не стане!
        Хай паспрабуе, хоць у жарт!..
        – Ну што ж: іду з ім на спатканне.
        Пабачу сам, чаго ён варт.
        
        Не да канца спасціг загадку,
        Правёўшы розведы, Сцяпан:
        – Развесяліў мяне спачатку,
        Калі ішлі паўз рэстаран.
        
        Пытаю: «Можа быць, заглянем?
        Прапусцім сціпла па адной?»
        «Народ не мокне ў рэстаране!
        Народ сілкуецца ў чайной!»
        
        Вось так і ўрэзаў мне твой Вінька.
        Як абухом – па галаве!
        Хаця хваліўся, што крывінка
        Патомнай шляхты ў ім жыве.
        
        Магчыма. Хлопец дзіўны нейкі.
        З бацькамі ў контры – і ўсур’ёз.
        Ён не бярэ ў іх ні капейкі.
        Ну, і таму не ў пудры нос.
        
        Сказаў: не возьме нізавошта.
        Жыве на ўласныя грашы.
        Працуе. Вучыцца завочна.
        Мне – самастойнасць па душы.
        
        Аднак... ужо і зараз бачна:
        З такімі думкамі – наўрад
        Ці зробіць ён цябе багачкай, –
        Падсумаваў з усмешкай брат.
        
        – Я не ганюся за багаццем,
        Адно б душы не знаць пакут...
        І неўзабаве стаў ім зяцем
        Дзівакаваты Вінька Шкут.
        
        Амаль што два дзесяцігоддзі
        Крылом галубіць іх анёл.
        Але раскошы ў доме Лёдзі
        Не адшукаць і ўдзень з агнём.
        
        Вінцусь праз грані той жа прызмы
        На свет пражорлівы глядзіць
        І ў тым жа духу афарызмы
        Не перастаў пуляць-пладзіць.
        
        Пачуе: «Волгай» трызніць хтосьці –
        Ён тут жа рэпліку яму:
        – Народ ганяе «Запарожца»!
        Народу «Волга» ні к чаму!
        
        Убачыць: грушу абірае
        Сусед – ахвяра на чарзе:
        – Народ пладоў не абразае!
        Народ са скуркаю грызе!
        
        І часта Лёдзя: «Ну, народнік! –
        Крычыць нязлосна на яго. –
        Дальбог, куплю табе наморднік,
        Каб не брахаў абы-чаго!..»
        
        Сцяпан у думках спасміхнуўся,
        Як уявіў славесны шторм,
        Што ўздымуць дома немінуча
        Антось з Мікітам і Шкутом.
        
        Антось на слова быў заядлы
        І апанента ў спрэчцы браў
        Што называецца «за яблык» –
        Дыхнуць секунды не даваў.
        
        Ён быў філосаф-сацыёлаг,
        Дацэнт сталічнай ВНУ.
        З натур дасціпных і вясёлых.
        І клаў за праўду галаву.
        
        Ён мог бы век не знаць дакукі,
        Каб на ражон не пёрся сам.
        «Аб эфектыўнасці навукі»
        Аднойчы працу напісаў.
        
        Сацыялогіі айчыннай
        Наважыў трохі памагчы:
        Як цесна ў сувязі прычыннай
        Стаяць Навука і Харчы?
        
        Грунтоўна вывучыў, даследваў
        І сцвердзіў з жарам у крыві:
        Якая процьма дармаедаў
        Пасецца ў многіх НДІ!
        
        У пераказе дзядзькі Лёксы
        Карціна выглядзела так:
        Антось рашыў зімой у вёсцы,
        У цішыні, пісаць трактат.
        
        Падсунуў стол да самай грубкі –
        Каб ногі ў цёплае ўпіраць,
        Паклаў канспекты, картак грудкі,
        Паперы чыстай пачак пяць.
        
        Ну, за работу, Анцік! З Богам!
        А маці строга наказаў:
        «Вары мне толькі груцу з бобам –
        Штодзень каб поўненькі казан!..»
        
        За месяц, седзячы на груцы,
        Зрабіў трактат лістоў на сто:
        «Ці трэба збткалы ў навуцы,
        А калі трэба – дык нашто?»
        
        І выйшла: заткалы патрэбны!
        Дарэмна скрыва хтось глядзіць:
        Ніколькі нават не ганебна
        Сягоння ў заткалах хадзіць!
        
        І больш таго: у тым і штука,
        Што калі недзе ёсць уздым
        І мае поспехі навука, –
        Дык гэта дзякуючы ім!
        
        На працы заткала шчыруе –
        Шукае, доследы вядзе!
        А той, хто заткалам кіруе,
        Сваё імя паўзверх кладзе.
        
        «Тады наш Анцік чуць не спёкся –
        Шаноўных шмат увёў у злосць...» –
        Так разабраўся дзядзька Лёкса
        У тым, што высветліў Антось.
        
        Наогул, дзядзька ўмеў надзіва
        Адчуць турботы племяшоў.
        З Антосем ладзіў асабліва –
        Сваю натуру ў ім знайшоў.
        
        Меў дар маўлення смехатворац,
        І ўсе браты сябе не раз
        На тым лавілі, што гавораць
        «Нутром» ягоных слоў і фраз.
        
        Як антыпод і выключэнне
        У іх гурбе – Мікіта быў.
        «З ім гаварыць – адно мучэнне», –
        Мікіту дзядзька не любіў.
        
        На свяце ж будзе і Мікіта –
        Старэйшы самы, зводны брат.
        Хоць нос трымае самавіта –
        Прыедзе к маці ў акурат.
        
        Аддаць належнае тут трэба:
        Не забывае родны дом.
        Ягоны бацька Зміцер Рэпа
        Пакінуў Зосю маладой.
        
        Той год быў «годам пералому»,
        І Рэпа, сельскі актывіст,
        Па прапанове выканкому
        Старшыняваць пайшоў кудысь.
        
        Ён заглядаў дамоў наездам
        І ўсё радзей – пакуль здаля
        Не дапаўзла да Зосі вестка:
        Другая ўжо з ім спіць, змяя!
        
        Пакінуў Зміцер жонку з сынам –
        Пяцігадовым хлапчанём.
        Ото ж яна і ўгаласіла,
        Калі збіраў пажыткі ён!
        
        Крычма крычала паратунку,
        Мікіту трэсла з усіх сіл:
        Прасі, сынок, прасі татульку,
        Каб ён цябе не сіраціў!
        
        І сын прасіў – услед за маткай
        Крычаў: «Татулечка, не едзь!
        Забі змяю, забі, мой татка,
        А то змяя цябе заесць!..»
        
        Не апрытомнеў Рэпа Зміцер
        На слёзны лямант хлапчука.
        На развітанне воч не выцер –
        Не абрасілася шчака.
        
        Душы ж дзіцячай неакрэплай
        Ён рану страшную нанёс.
        На ўсё жыццё Мікіта Рэпа
        Застаўся з крыўдаю на лёс...
        
        А Зося выйшла за Якуба
        І – да някліканых нягод –
        Жыла з ім проста міла-люба:
        Спраўлялі хрэсьбіны штогод.
        
        Мікіту – горача любіла,
        Ад крыўды чуйна берагла.
        З праклятай даты – не набіла
        Яго ні разу: не магла.
        
        І калі ўсё-такі ён вырас
        Непамяркоўным, грубым, злым, –
        Быў вінават, відаць, той вырак,
        Грымаса здрады над малым.
        
        На ўласны хлеб пайшоў ён рана
        І рана ўлады зведаў смак.
        Да ўсякай мэты крочыў прама.
        Амбіцый меў ажно зашмат.
        
        Каб не ўніжаць аўтарытэту,
        Ён Рэпу справіў на Рэппо, –
        Хоць землякі замену гэту
        Не прынялі, яму назло.
        
        У вочы звалі «паважаным»,
        За вочы – тыя ж языкі
        Маглі назваць і «Абіззянам».
        Ого, як могуць землякі!
        
        Мянушку гэту меў ён змалку.
        А праз каго? Чыя віна?
        Ды ўсё праз тую поскудзь-малпу,
        Каб тройчы выдахла яна!
        
        Калісь настаўніца Марыніч
        Свой падапечны шосты клас
        Павезла ў горад, каб звярынец
        Ім паказаць: гасціў якраз.
        
        Усё агледзелі: мо дзвесце
        Звяроў і птушак – па чарзе.
        І прыпыніліся нарэшце
        Ля клеткі з рослым шымпанзе.
        
        Касмач стаяў і чухаў брыдка
        Даўжэзнай лапаю жывот.
        Такое ўбачыўшы, Мікітка
        Аж да вушэй разявіў рот.
        
        Ад дзіва пырснуў смехам хлопец
        І ўцехай-радасцю заззяў:
        – Вы гляньце, гляньце, што ён робіць –
        Вялізны гэты абіззян!
        
        – Не «абіззян», а «обезьяна»
        Па-руску трэба гаварыць, –
        Марыніч ціхенька сказала,
        Каб перад дзецьмі не журыць.
        
        Але Мікітка тут жа ўспыхнуў
        І ёй без бою не ўступіў
        (Ужо тады ішло на пыху –
        Заўваг крытычных не любіў!):
        
        – Дык абіззяна – калі маці,
        А калі бацька – дык жа як? –
        І нават з крыўдай патлумачыў:
        – Чаму ж ёсць гуска і гусак?..
        
        Малыя тут жа падхапілі
        Няўдалы моўны наватвор
        І да Мікіткі прыляпілі:
        Ты – аўтар, значыць, гонар – твой.
        
        У вёсцы так было адвеку:
        Калі дасціпнае імя
        Прышпіліць нехта чалавеку –
        То не здзярэ і смерць сама.
        
        І дзеці вырастуць і ўнукі
        Пад гэтым імем – цэлы род
        Яго без крыўды, без дакукі
        Адносіць сто гадоў і год!..
        
        Вось так, пад роўны гул матора,
        Сцяпан, схіліўшы галаву,
        Успамінаў, каго ён скора
        Пабачыць дома наяву.
        
        А найчасцей перад вачыма
        З’яўляўся даўні эпізод:
        Ушчэнт шчаслівая дзяўчына
        На вулку выбегла з варот.
        
        У белай кофтачцы шаўковай,
        І валасы – святлісты шоўк.
        Глядзіць разгублена наўкола:
        Няма! Спазніўся! Не прыйшоў!
        
        Ні на дарожцы пешаходнай,
        Ні на брусчатай маставой...
        А ён знарок стаіўся воддаль
        За тоўстай ліпай векавой.
        
        Ах, тая ліпа-медавуха!
        Як часта ў сэрцы ён пасля,
        Калі даймала горыч-скруха,
        Чуў весні шум яе галля!
        
        І бачыў трэшчыны-маршчыны,
        Што ўверх віліся па кары.
        І – чысты, юны твар дзяўчыны –
        Нібы лілея на зары...
        
        «Ого! Яна вось-вось гатова
        Заплакаць! К чорту гэты жарт!»
        – Я тут! – гукнуў Сцяпан са схову
        І выйшаў к ёй, на тратуар.
        
        Не раззлавалася – ні трохі.
        Ізноў імгненна расцвіла.
        Прабегла тры-чатыры крокі
        І – крылы-рукі развяла.
        
        А ты?.. Дзівак! Нясмелы дурань!
        Ці ж можна з гэткім паляцець?..
        Успамінай цяпер і думай –
        Пра заўтра думай, целяпень!
        
        Напэўна ж прыйдзецца спаткацца,
        Сустрэць... Праз дваццаць два гады!
        Пра што пытацца? Як трымацца?
        Ці засталіся хоць сляды –
        
        Таго, што колісь хвалявала?
        А што карысці, калі й так?
        Тваё што сэрца захавала?
        Які ў цябе застаўся знак?
        
        Астаткі крыўды, шкадавання,
        Ды думка скрушная, з якой
        Даўно змірыўся ты: вяртання
        Няма да ліпы векавой.
        
        Няма вяртання і не будзе.
        І вы ўдваіх, сабе ж назло,
        Не варушыце, не турбуйце
        Таго, што зеллем парасло.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.