РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
НА ЎЗВЕЯХ ЧАСУ
        
НА ЎЗВЕЯХ ЧАСУ

        
        Сцяпан удзень хадзіў цяслярыць –
        Дамы цаліннікам стаўляць,
        А вечарамі, каб памарыць,
        Вымаў баян, садзіўся граць.
        
        І з першай нотай, як на крылах,
        Ён пераносіўся туды,
        Адкуль яго пагнала крыўда –
        Як птушку ў вырай халады.
        
        Ад смутку-горычы, бывала,
        Шаптаў: «Пашлю я ўсё ж пісьмо!..»
        Ды крыўда мову адымала,
        Сціскала дых, нібы ярмо.
        
        «Калі яна цяпер не можа
        Мне веры даць, як чалавек, –
        Куды ж пускацца ў падарожжа
        На ўсё жыццё, на цэлы век?
        
        Ах, хай пакрые зелень бросні
        Усё, што марна ўспамінаць!
        Не першы я і не апошні,
        Каму з такога пачынаць...»
        
        А йграў ён так, што досыць скора
        Яго прызванню «далі ход»:
        Ён маладым саўгасным хорам
        Стаў кіраваць у той жа год.
        
        І хор аднойчы, каб паднесці
        Тутэйшай публіцы сюрпрыз,
        Пачаў канцэрт з «Цаліннай песні»
        Кіраўніка. І спеў на «біс!».
        
        Такі быў поспех неспадзеўны,
        Такі грымеў авацый шквал,
        Што кампазітар самадзейны
        Пачуўся п’яным без пітва.
        
        І ўпершыню падумаў: шчасця
        На свеце большага няма,
        Чым да людской душы дапасці,
        Каб засвяцілася яна.
        
        Тым часам песня-навасёлка
        Пайшла гуляць па цаліне.
        І схамянуўся нейк Вячорка:
        «А ўсё ж вучыцца трэба мне!..»
        
        Адпрацаваўшы год як цесля –
        Сякеркай, гэблікам, пілой,
        Сказаў: «Давай, таварыш песня,
        Да справы вернемся былой:
        
        Ізноў засядзем за вучобу –
        Каб не ўпусціць урочны час.
        А дзе? Даверымся на спробу
        Маскве: авось ды прыме нас!..»
        
        * * *
        
        Праз шмат гадоў з Масквы-сталіцы
        Сцяпан вярнуўся ў стольны Мінск.
        Не сам сабой – а з маладзіцай:
        Як паўнапраўны сем’янін.
        
        Музфонд кватэркай забяспечыў –
        Жыві ды радуйся, маўляў!
        На жаль, у шчасці чалавечым
        Ён усё больш і больш губляў.
        
        Яго прыгожанькая Феня,
        Якую ён лічыў, сляпак,
        Сваёй чароўнай, добрай феяй, –
        Да грошай выявіла смак.
        
        Пакуль не стала «палавінай»,
        Не бачыў ён за дымкай чар,
        Як прагна Фенечка лавіла
        Усякі сказ пра ганарар.
        
        Датуль – зусім другое пела,
        Пад ручку ходзячы ў кіно:
        Усё пра Баха ды Шапэна,
        Усё пра Грыга ды Гуно.
        
        Цяпер адкрылася: ад Фені
        Нямнога можа ён чакаць.
        Ва ўсякім разе – аб натхненні
        Забыцца трэба і маўчаць.
        
        Яго турбот, пакут і болю,
        Яго трывог, надзей і мар
        Ёй не прыняць душой ніколі:
        Не дадзен гэтакі ёй дар.
        
        А больш за ўсё ёй грызла сэрца –
        Ніяк уцяміць не магла:
        Чаго ён так у Мінск ірвецца
        З яе маскоўскага жытла?
        
        Ніякі довад, што для творцы
        Навек пакінуць родны край –
        Усё адно што і памёрці, –
        Не пераконваў – хоць канай!
        
        З вялікім лямантам-скандалам
        Усё ж паехала за ім –
        І яшчэ больш увішна стала
        Яго жыццё драбніць сваім.
        
        І пацягнуўся быт бясконцы!
        Сцяпан мірыўся, колькі мог,
        Што аднадумца-друга ў жонцы
        Яму не даў скупеча-бог.
        
        Цяжэй было змірыцца з іншым:
        Ён учарнеў ад адкрыцця,
        Што Феня нават з Усявышнім
        Прыдбаць не здолее дзіця.
        
        Прысуд быў болей чым жахлівы:
        «Ну вось і ўсё! Да скону дзён –
        І ў шчасці будзеш нешчаслівы,
        І ў славе будзеш не славён...»
        
        Тым часам шмат і ўчэпна вельмі
        Пачаў ён думаць тут аб тым,
        Як трэба мужна і сумленна
        Шукаць свой голас, свой матыў.
        
        Папраўдзе, гэтаму спрыяла
        Сяброўства з дзедам Гарбылём,
        Што ў ціхай хатцы бліз вакзала
        Век дажываў свой бабылём.
        
        Стары скрыпач і кампазітар
        Быў не пусты – ідэйны дзед,
        І праз ідэйнасць, як праз сіта,
        Перасяваў мастацкі свет.
        
        Людзей ён ведаў адмыслова,
        І бачыў кожнага наскрозь,
        І вызначаў беспамылкова,
        Чаго ты варт і што ты ёсць.
        
        Ці ты музыка з ласкі божай
        І для цябе твой дар – твой крыж,
        Ці – дзеля сытасці і грошай
        Людзей забаўкамі чмурыш?
        
        Ці ты турбуешся, каб песня
        Ішла з глыбокай глыбіні,
        Ці як мага падрэзаць пнешся
        Яе жывыя карані?
        
        На гэты конт было карысна
        Сцяпану браць у дзеда ўрок.
        «Або – або!» – катэгарычна
        Сціскаў ён востры кулачок.
        
        «Каб песню, вартую народа,
        На поўны голас шчыра спець –
        Што трэба творцу? Вельмі многа!
        Радзіму ў сэрцы трэба мець!
        
        Каб кожны дзень твой быў узлётам
        Увысь, за звыклы небакрай –
        З яе высокім ладам-лёсам
        Ты ўласнай песні лад звярай!
        
        Памры – не дай сабе пад крылы
        Падвесіць фальшу страшны груз,
        Што з-пад нябёс на дол абрыне
        Тваю душу – у гразь і бруд! ..»
        
        Так гаварыў стары музыка,
        Яго з увагай слухаў госць,
        І пакрысе між імі ўзнікла
        Накшталт ідэйнай змычкі штось.
        
        Сцяпан любіў бываць у дзеда.
        Гарбыль звычайна даставаў
        Набор фарфоравы з буфета
        І госця кавай частаваў.
        
        У знак павагі, для вітання.
        Перад гаворкай – на зачын.
        Аднойчы дзед неспадзявана
        Ушчаў размову пра жанчын.
        
        Вячорка здзіўлены быў трохі,
        Што жонак шмат каго з калег
        Гарбыль пад суд падводзіў строгі
        За іх адзін вялікі грэх.
        
        «Да грошай прагныя страшэнна.
        Штодзень тармосяць мужыкоў:
        Давай! Давай! – і з іх кішэняў
        Грабуць усё – да медзякоў.
        
        Паўвека ўжо я назіраю
        (Пра гэта зло не піша друк!),
        Як лепшых хлопцаў прыбірае
        Мяшчанства хцівае да рук!
        
        Абы хто з іх успыхнуў ярка
        Свячэннем ноты ці радка –
        Ураз падлезе хітраванка
        І забрытае прастака!
        
        Ён ні спагады, ні падмогі
        Не будзе мець да скону дзён.
        Каму кладзе свой дар пад ногі –
        Не разумее, ахламон!..
        
        І не заўважыць, не адчуе,
        Як з небам повязь абарве –
        Пад дудку злыдня затанцуе,
        У дружбе з д’яблам зажыве...»
        
        Сцяпан тым разам ад старога
        Пайшоў з цяжарам у грудзях.
        «Ну, а які мяне самога
        Чакае ў будучыні шлях?
        
        І чым закончу я нарэшце?
        Няўжо вось гэта мой і лёс –
        Да скону з Фенечкай ва ўпрэжцы
        Цягнуць паныла грузны воз?
        
        І дзесь на рытвінах-калдобах,
        Як той знямоглы конь стары,
        Аднойчы рухнуць у аглоблях –
        Задраць капыцце без пары?..»
        
        Тым часам цешча, мама Фені,
        Раптоўна сталася ўдавой,
        І Феня ў моцным задуменні
        Ізноў затрызніла Масквой.
        
        Трохпакаёвая кватэра
        Каля Садовага кальца –
        Жыла ў яе душы, як вера,
        Якой не здрадзіць да канца.
        
        «Паеду, – Феня заявіла, –
        Пабуду ў мамы нейкі час...»
        Праз дзень, аднак жа, прыкаціла
        З рашэннем цвёрдым, як указ.
        
        «Дык вось табе, Сцяпан, умова:
        Або – пярэбары ў Маскву,
        Або – развод. І тэрмінова.
        Бо ўсё вісіць на валаску...»
        
        Ён зразумеў без тлумачэння
        Яе жаданых думак ход.
        Сабе сказаў: «Канец мучэння!»
        А ёй: «Развод, – сказаў, – развод!»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.