РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
АДСТУПЛЕННЕ ПЯТАЕ – КУЛІНАРНАЕ
        
АДСТУПЛЕННЕ ПЯТАЕ – КУЛІНАРНАЕ

        
        Што наша закусь у пашане
        У знатакоў застольных страў –
        Аб гэтым хораша ў Варшаве
        Адзін наш сябра напісаў.
        
        Цытую сцісла па газеце:
        «Як журналіст і дыпламат
        Я пабадзяўся шмат па свеце
        І ўсякіх кухань знаю шмат.
        
        Але якую б вы закуску
        Мне ні даўмеліся назваць –
        За «парася па-беларуску»
        Аддам любую без разваг!
        
        О, млечны дзюдзік на талерцы!
        Цалком засмажаны ў духу!
        Ягоны вобраз будзе ў сэрцы,
        Пакуль не стлею на труху!
        
        О, як ляжыць ён маляўніча
        На падагнутых капытках,
        Задзёршы ўгору пекны лычык
        З пахучай траўкай у зубах!
        
        Як той анёлачак – румяны,
        Са скуркай крухкаю, ядкой,
        І грэцкай кашаю напханы –
        Не абы-як – абы-якой!
        
        У кашы – яблычак мядовы
        Ці ўпрэлы пахкі баравік!
        Самлець нядоўга там, панове,
        Калі к раскошы не прывык!
        
        Я на прыёмах, у застоллях,
        Прызнацца вам, і састарэў, –
        А для душы сваёй раздолля
        Нідзе такога не сустрэў.
        
        Калі б я мог, то ў школах нашых
        Каб падхапіла Польшча ўся –
        Прадмет увёў бы: «Як засмажыць
        Па-беларуску парася!..»
        
        Што ж, знаць прыемна і не лішне,
        Чым слаўны ў свеце родны край.
        Ды ты, зямляча, не за іншым,
        А за сабой паназірай.
        
        Вось ты ў гасцях – і нават слоўца
        Табе сказаць няма калі:
        Вяндлінку з водарам ядлоўца
        Мяцеш – зараз па два скрылі!
        
        А побач – зірк! – як цуд, як казка –
        З каляндрай, з перцам, з часнаком –
        Ляжыць вясковая каўбаска,
        Таксама ўвітая дымком!
        
        К таму ж падсохла на гарышчы –
        Дык толькі плеўка шапаціць!
        Умэнт кальцо з паўметра знішчыў –
        Адно раз’ятрыў апетыт!
        
        Калі ж дапаў да вантрабянкі –
        Цягаць стамілася рука!
        Глядзіш – а ўжо кіндзюк крывянкі
        На блюда выклалі з гаршка!
        
        О, гэны зверху і сысподу
        Наскрозь усмажаны каўбух!
        За чатырох змалоў – уходаў!
        (Хоць сам ты лічыш, што за двух.)
        
        Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
        І ў паясніцы, – а на стол
        Тым часам едзе ў місе бабка
        І парай дыхае пад столь:
        
        З бакоў запечаная ў меру,
        У бульбе скварачкі тырчаць... –
        І так жа ўслед пайшла на змену –
        Хоць замычы – каб не маўчаць!
        
        «Усё! – сказаў. – На гэтым дзякуй!»
        А на абрус – нясуць бліны
        І к ім – мачанку-верашчаку
        З наборам рэбрачак свіных!
        
        Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:
        «Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?»
        І неўпрыкмет на два-тры вочкі
        Паслабіў пас на жываце...
        
        Ужо не здыхацца! Падпёрла –
        Няйначай, крушня камянёў!..
        А перад носам... ставяць цёрла
        Гарачых, тлустых калдуноў!
        
        Калдун!.. Духмяны, самавіты,
        У масле ўсмяглы, а паўзверх –
        Смятанкай свежаю паліты!..
        Ну што? Ізноў глядзіш як звер?
        
        І адчуваеш, адчуваеш:
        Няхай хоць згэтуль у труну –
        А не зганьбуеш, не стрываеш –
        Дасі прытул і калдуну!
        
        Дасі!.. І добра зробіш, браце!
        І не ўпікай дарма сябе!
        Ты за ядой – як і на працы:
        На малацьбе ці на касьбе!
        
        Калі на свеце нехта дзесьці
        Умее добра працаваць, –
        То ўмее ён і смачна з’есці
        І – адпаведна – згатаваць!
        
        Таму – дастойна, без эфекту
        Прымай падзяку-пахвалу –
        І беларускаму палетку,
        І беларускаму сталу!
        
        І цмокні ў ручку гаспадыні,
        Каб сонцам пырснула яна,
        І ўскінь яшчэ – а то астыне! –
        Ускінь на сэрца... калдуна!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.