РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
ГАНЬБА
        
ГАНЬБА

        
        Аднойчы Бэнсь, як друг бязгрэшны,
        Сказаў Вячорку: «Ну – лады:
        Ты едзеш з намі да падшэфных
        У вёску Доўгія Брады.
        
        Я ўгаварыў дацэнта Дроба
        За баяніста ўзяць цябе.
        Дадзім канцэрцік хлебаробам –
        Паможам музыкай сяўбе!..»
        
        Сцяпан любіў паездкі ў вёску –
        Спаткацца з новымі людзьмі,
        Пазнаць свой край шырэй хоць трошку,
        Павеў жыцця ўздыхнуць грудзьмі.
        
        У вёсцы іх, «артыстаў з Мінска»,
        Развёў па хатах брыгадзір
        І – выпадкова ці наўмысна –
        Сцяпану з Бэнсем дагадзіў:
        
        Да Базыля Крата паставіў.
        Той быў заможны гаспадар:
        Меў новы дом і двор на славу,
        І ў тым двары – дай Бог тавар!
        
        І меў дачку. Даўно нявеста,
        Ды лёс Гілену абмінаў:
        Была з «няўходжанага цеста» –
        І люд тутэйшы гэта знаў.
        
        Як паглядзець – амаль красуня,
        А па натуры – пустальга.
        Дзяцюк прыстане, пабузуе –
        І прэч нясецца як мага.
        
        Яна загадчыцаю клуба
        Рабіла ў вёсцы – і штораз
        Было ёй радасна і люба,
        Як госці ехалі ў калгас.
        
        Сам брыгадзір улучыў шэптам
        На гэта Бэнсю намякнуць:
        Маўляў, не грэшна будзе шэфам
        З такою краляю гульнуць.
        
        Тады і ўзнікла думка ў Бэнся:
        «А што, каб Кротаву дачку
        Апрацаваць у пэўным сэнсе
        Ды і Сцяпану – пад руку!
        
        Падстроіць так, каб на вячэры
        Ён ля Гілены побач сеў,
        Каб «гары» выжлукціў звыш меры
        І да няўцяму акасеў?
        
        Каб аж не помніў сам, што робіць.
        Вось будзе факцік у мяне!
        А ўсё астатняе ўжо дробязь:
        Альжбеты чутка не міне!..»
        
        Сам лёс зрабіў яму паслугу:
        За пуняй стоячы ў садку,
        Зусім няўмысна Бэнсь падслухаў
        Як маці бэсціла дачку:
        
        «Ты бач! Яна ўжо па ахвоце
        І гэтым пойдзе пасабляць!
        Напасаблялася ўжо, годзе!
        Праз месяц будзе – не схаваць!
        
        Ці, можа, гэта з іх каторы
        І нагуляў табе нябось?..»
        У словах чуліся дакоры,
        І крыўда горкая, і злосць.
        
        Замёрлы Юзік ад здзіўлення
        Аж рот разінуў за сцяной.
        «Ого! Дык самы раз Гілене
        Яго ўсучыць! Любой цаной!..»
        
        Рашыўшы, Бэнсь, падступны сэрцам,
        Пачаў свой план ажыццяўляць:
        Дзяўчыну ён перад канцэртам
        Адвёў убок хвілін на пяць.
        
        «Вы не здзіўляйцеся, Гілена,
        Што так пытаю – па прамой:
        Але скажыце мне сумленна:
        Вам... па душы таварыш мой?
        
        Ах, вы яшчэ... Ну што ж, не стану
        Патрабаваць. Я сам скажу.
        Я – тайну выдам: вы Сцяпану
        Страшэнна ўзрушылі душу!
        
        Але ён вельмі сарамлівы!
        Ён нізашто не скажа вам,
        Што быў бы ў свеце найшчаслівы,
        Каб ваша сэрца мець за храм.
        
        Таму – круціце самі гайку...
        А што сказаў я вам – маўчок!..»
        Гілена «клюнула» на байку,
        Як верхаводка на кручок.
        
        Амаль увесь канцэрт прасцячка
        Вачэй не зводзіла з хлапца,
        І Бэнсь паверыў: тут няцяжка
        Давесці справу да канца.
        
        Перад вячэрай тонка-хітра
        Ён гаспадыні прашаптаў:
        «Ну, цётка Тэкля, з вас паўлітра –
        Вам зяця ў хату я дастаў!
        
        Мой сябар з вашаю красуняй
        Сышліся так адно з другім,
        Што будзе проста неразумна
        Не паспрыяць у шчасці ім!
        
        Кажу вам шчыра – даастачы:
        Не выпускайце зяця з рук!..»
        Хвілін праз колькі Бэнсь убачыў:
        У справе ёсць прыкметны зрух!
        
        Вячэра, з поснае і беднай,
        Як планаваў скупеча Крот,
        Пабагацела адпаведна
        Задуме, пушчанай у ход.
        
        Не проста ж госці ўжо, выходзіць,
        А – сват у хаце з жаніхом!
        У гэткім разе не зашкодзіць
        Уразіць іх і за сталом.
        
        Базыль паставіў «гары» кварту,
        А Тэкля – закусь: свежы сыр,
        І масла жоўтае, і скварку,
        І нават кольца каўбасы.
        
        Канешне ж, Юзік пастараўся,
        Каб ля Гілены сеў Сцяпан.
        З павагі – той і не ўпіраўся,
        Не знаў, што змысліў інтрыган.
        
        Базыль – яму паспела Тэкля
        Сказаць пра «зяця» і дачку –
        Наліў пякучага, як з пекла,
        Па поўнай шклянцы першаку.
        
        – Ну, хлопцы, сёння вы героі!
        Арлы! Дык як тут не нальеш?..
        Сцяпан у добрым быў настроі –
        З усіх ён выступіў найлепш.
        
        Ды і наогул – гэта вёска,
        І гэта ранняя вясна...
        – Дык, хай даруе Матка Боска,
        Давайце, хлопчыкі, да дна!
        
        Хто не блазнюк, а хват-мужчына,
        Без перадыху – да канца!..
        І, падагрэты гэткім чынам,
        Сцяпан «згуляў у малайца».
        
        Сцяло – не мог дыханне звесці,
        Як бы ў нутро пайшоў агонь.
        – Вазьмі, сынок, хутчэй заесці! –
        Гукнула Тэкля да яго.
        
        Гілена вобмігам на сподак
        Суседу закусь падала
        І ўся ад шчасця млела ўпотай –
        Уся брыняла і цвіла.
        
        Ледзь дых вярнуўся да Сцяпана,
        Як Юзік ткнуў рукой на іх:
        – Вы паглядзіце, што за пара:
        Дальбог, нявеста і жаніх!
        
        Старых уцешыў вокліч гэткі:
        Быў па душы абоім «зяць».
        – Дапраўды кажаш, мае дзеткі:
        Такую пару – пашукаць!..
        
        Сцяпан зірнуў на Бэнся грозна:
        – Ты... гэта самае, прымоўч!..
        Гілена ж соладка-трывожна
        Тым часам думала пра ноч.
        
        Была няўрымсная Гілена!
        Вячорка раптам так адчуў
        Пякельны жар яе калена –
        Аж стала горача ўваччу.
        
        Пяршак, што ён кульнуў з ахвотай,
        Сцяпана моцна захмяліў.
        А ўжо Базыль другім заходам
        Ім шклянкі поўныя наліў.
        
        – Давайце кропляю свянцонай
        Яшчэ абнашчымся разок,
        Хоць вы прывыклі да куплёнай,
        А гэта – так сабе, квасок!
        
        І як пад добрую закуску,
        Дык можна буталь апрастаць,
        Крыху пахыркаць у падушку
        І зноў за плуг на полі стаць!..
        
        Не ўнікшы ў гэткую манеру
        Хваліць сябе «наадварот»,
        Сцяпан за чыстую манету
        Прыняў усё, што збаяў Крот.
        
        Таму, не быўшы п’яны з роду,
        Пасля «заходаў» чатырох
        Язык варочаў, як калоду,
        І ўстаць з услона сам не змог.
        
        Апошні момант, што назаўтра
        Туманна ў памяці ўваскрэс, –
        Вясёлы Бэнсь крычыць з азартам:
        «Смялей, жаніх! Даёш прагрэс!..»
        
        Старая ўдумліва рашыла,
        Каму дзе класціся з гасцей:
        Сцяпан, без памяці, за шырмай
        Заняў Гіленіну пасцель.
        
        Свабодны ложак у святліцы
        Дастаўся Бэнсю. А дачцэ...
        Дачка павінна прымасціцца
        Ля «зяця» побач. Дзе ж яшчэ?
        
        Ёй Тэкля так і прашаптала:
        «Ідзі! Каб ведаў, чый ён зяць.
        Ну, што ты бельмы пакуляла?
        Цяпер няма чаго куляць!..»
        
        На шчырасць гэткую Гілена
        Не спадзявалася ніяк
        І аж крыху пачырванела:
        «Дык ён жа... п’яны, як мярцвяк!»
        
        «Ты не пра тое зараз думай!
        Ты прыбяры спярша да рук!
        Калі, дасць Бог, ён чэсны дурань –
        Дык будзе бацьку мець байструк!
        
        Прайшла з паскуднікам навуку –
        Прыруч і добрага хлапца!
        Упусціш – выганю, як суку,
        У чым стаіш! Ані рубца!..»
        
        * * *
        
        Сцяпан ачнуўся. Так, нібыта
        Ужо не спіць, а галавы –
        Не павярнуць: свінцом наліта.
        І сам увесь – як нежывы.
        
        Але выразна чуе: нехта
        Няроўна дыхае паўзбоч.
        Як ток працяў. Дайшло імгненна:
        Быў тлумны вечар... Потым – ноч.
        
        А гэта – прыцемак світальны.
        А гэта... што? Нядобры сон?
        Тут шырма шырхнула – і ў спальню
        Убегла Тэкля з абразом.
        
        «Са шлюбам вас! Са шлюбам, дзеткі!
        Раз самі Божы запавет
        З сябе знялі – то Бог у сведкі:
        Ідзіце зразу ў сельсавет!
        
        Калі ўжо гэтак раптам выйшла –
        Благаслаўляем вас з айцом!..»
        І бацька тут падбег увішна,
        Сказаў: «А ты, брат, малайцом!
        
        Умэнт з Гіленкай згаварыўся!
        І тыдня ўслед не пахадзіў!..»
        Сцяпан, збялелы, падхапіўся,
        Памостам ногі астудзіў.
        
        Але кальнула так у скронях,
        Што, каб не ўпасці, тут жа сеў,
        Заціснуў голаў у далонях,
        Адчуў: канец – задушыць гнеў.
        
        «Дык гэта... што ж гэта такое?
        Я – звар’яцеў? Або – яны?
        Ух, як нясцерпна ў чэрап коле!
        Набраўся ўчора, бот дурны!..»
        
        «Ці не муціць цябе, Сцяпанка? –
        Бліжэй ступіла Тэкля крок. –
        Бач, не пайшла здароўю п’янка.
        Базыль, дай похмелкі глыток!..»
        
        «Ідзіце к чорту!» – дзіка, страшна
        Сцяпан у гневе закрычаў,
        Схапіў свой «клёш» з бліскучай спражкай,
        Збірацца похапкі пачаў.
        
        «Ну-ну! Нявольна так, дзіцятка!
        Ужо ж нікому не сакрэт!
        І справядліва кажа матка:
        Цяпер вам толькі ў сельсавет!
        
        А што ж! Дачка ў нас – не круцёлка,
        У бацькі-маткі – на слуху.
        Паненскі стан трымала цвёрда,
        Каб гонар быў і жаніху!» –
        
        Так бацька з годнасцю, спаважна
        Размову хітрую павёў
        І «гарай» з бутлі учарашняй
        Напоўніў шклянкі да краёў.
        
        «Дапусцім, нават і па п’янцы,
        Але ж было, зяцёк, было!
        Давай асушым, брат, па шклянцы,
        Каб сумляванне не ўзяло!
        
        На шчасце гэта неспадзеўка –
        Адно патрэбна ўразумець.
        Ты паглядзі, якая дзеўка,
        Якую жонку будзеш мець!
        
        На ўсе шаснаццаць – гаспадыня:
        І ткаць – сама, і шыць, і мыць.
        І ўжо бітком набіта скрыня –
        Пасаг дадзім – як мае быць!..»
        
        Тым часам, седзячы на ложку,
        Гілена хліпаць пачала –
        Усё мацней, мацней патрошку
        І Тэклі жару паддала:
        
        «Ты што ж? Зрабіўшы дзеўцы псуту,
        Як той пранцузскі кавалер...
        Каму ж яе цяпер падсуну?
        Хто ж возьме гэткую цяпер?..»
        
        Сцяпан, не бачачы нічога
        І як не чуючы зусім,
        Ужо рвануўся да парога,
        Як раптам – Юзік перад ім.
        
        «Я – еду! – крыкнуў. – Гэта пастка!»
        «Мне ўсё вядома. Пачакай!
        Не гарачыся, калі ласка,
        І ад Гілены – не ўцякай.
        
        Падумай сам: бацькі сягоння ж
        У камітэт напішуць ліст –
        З кансерваторыі пагоняць,
        І з камсамола паляціш...»
        
        «Ты што – смяешся? Ці сур’ёзна?» –
        «Зусім сур’ёзна, галубок!»
        «Пусці!» – сказаў Сцяпан пагрозна
        Ды так, што той – адразу ўбок.
        
        Сцяпан піхнуў рукою дзверы,
        Не зачыніўшы за сабой, –
        І са двара, як ад халеры,
        Панёсся вулачкай крывой.
        
        У лесе толькі, ля рачулкі,
        Спыніўся, лоб вадой абдаў,
        Пачуў у скронях стукат гулкі –
        І ўрэшце сэрцу волю даў.
        
        Не сутрымаў усхліпу-плачу –
        Папёрлі слёзы з глыбіні.
        «Каму і як я растлумачу,
        Што тут няма маёй віны?
        
        А можа, толькі папужалі –
        І не пашлюць у Мінск пісьма?
        Тады ўтаіць усё ад Алі?
        А як дазнаецца сама?
        
        Не, лепей ёй сказаць адкрыта,
        Што ў гэткі трапіў пераплёт...»
        Аж задыхаўся ён ад крыўды
        І кляў увесь Гіленін род.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.