РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
АДСТУПЛЕННЕ ДРУГОЕ – ІРАНІЧНАЕ
        
АДСТУПЛЕННЕ ДРУГОЕ – ІРАНІЧНАЕ

        
        Даруй, чытач, я захапіўся
        Ідэяй, думкамі, людзьмі
        І на метафары забыўся –
        На сэнс пісання, чорт вазьмі!
        
        Перапыніся на хвіліну
        Сачыць за лёсам і жыццём,
        А я хоць парачку падкіну
        Метафар, злоўленых жыўцом.
        
        А то ізноў мой строгі крытык
        У нос сярдзіта засапе –
        І затрымчу я аж да лытак,
        І стане мне не па сабе.
        
        Як быццам гэткі ўжо я зломак,
        Што не магу, на модны ўзор,
        Падзавастрыць танчэй аловак
        Гуллівай выдумкі лязом.
        
        Яшчэ ж і слоў арыгінальных
        Хоць колькі мушу я ўтварыць, –
        Цяпер жа вельмі непахвальна
        Даступнай мовай гаварыць!
        
        Каб з тымі докамі зраўняцца
        І заслужыць іх пахвалу –
        Хоць раз мне трэба пастарацца
        Надзець штаны праз галаву!
        
        Ці ўверх нагамі на далонях
        Прайсці прылюдна па дварэ,
        Як мой адзін дацэнт знаёмы,
        Калі паўлітра абярэ.
        
        Бо ўжо той самы крытык мондры
        Не раз выносіў мне прысуд,
        Як эстэтычна-творчай контры,
        І смачна клаў мой верш на зуб.
        
        Ну, што ж, каб «гладкім» ці яшчэ як
        Ён не кляйміў маё пісьмо,
        Растрыбушу страфу ушчэнт я,
        Адкіну прэч памер-вязьмо,
        
        Такіх зігзагаў наскладаю,
        Такі ўчыню над словам гвалт,
        Так паэтычна наскандалю,
        Каб густ здаровы – напавал!
        
        Каб ты, чытач, аж разжалобіў
        Сябе ад крыўды і віны:
        «Ані радка не расшалопаў:
        Які ж я цёмны і дурны!..»
        
        Жартую гэта я, канешна,
        Ты мне іронію прабач –
        Тым больш што мне зусім не смешна,
        Не да забавы мне, чытач.
        
        Хай буду збэшчаны і скляты,
        А свой радок, якім не лгу,
        На рагазлівы і дзяркаты
        Не прамяняю: не магу!
        
        У нас дзяркатых больш чым досыць,
        А мне не выпаў рэдкі дар:
        Ні шапялявіць, ні гундосіць,
        Ні заікацца – Бог не даў.
        
        Ды і нашто ён гэткі ў вершы
        І гукаў збег і сказаў стык,
        Каб, потырч носам паляцеўшы,
        Чытач зламаў сабе язык?
        
        І да спакуснага верлібра
        Не дарасці ніколі мне,
        Якога часам без паўлітра
        І д’ябал сам не праглыне.
        
        Цяпер у модзе арытмія.
        На тузаніне, на рыўках,
        Яе сумбурная стыхія
        Сям-там пануе у радках.
        
        Ну, што ж: вялікі свет парнаскі!
        А мне й на гэты раз, браткі,
        Слугуе ямб – тутэйшы, наскі,
        Рухомы, гібкі, трапяткі.
        
        Яшчэ адной успышкай ямба –
        Апошняй, можа – пасвячу,
        Каб, нібы казачная лямпа,
        Адкрыў мне скарб, які хачу:
        
        Дзівосны скарб – душу людскую,
        Дзе выспявае праўда-боль
        У праўду-радасць, – пра якую
        Мы прагнем ведаць як найбольш.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.