РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
РАЗЛАД
        
РАЗЛАД

        
        За ўсё жыццё падобнай ганьбы –
        Перад самім сабой – не знаў
        Сцяпан Вячорка. «Лепш няхай бы
        Я ў гэны вечар там сканаў!..»
        
        Яго з агіды калаціла,
        Што ў гэткі пляснуўся ён бруд.
        Аднак жа духу не хапіла
        Пачуць Альжбецін суд-прысуд.
        
        Яна спытала пры сустрэчы:
        «Ці добра з’ездзіў? Раскажы!»
        І ёй здалося, быццам нечым
        Сцяпан прыгнечаны ў душы.
        
        Адкрыты, шчыры па натуры
        Зрабіўся штось негаваркі,
        Якісь разгублены, пануры,
        Наогул – «нейкі не такі».
        
        Не без трывогі падступала
        Яна да хлопца – раз і два:
        – З табою, Сцёпа, нешта стала?
        Маўчыш парою, як трава...
        
        – Не выдумляй! – ён буркнуў ціха,
        А сам – і ў сне трымцеў адным:
        Ці пранясецца тое ліха,
        Ці перуном праб’е над ім?
        
        Быў кожны дзень яму, як момант –
        Як той замёрлы страшны міг
        Між бліскавіцаю і громам,
        Калі ты ўвесь – напяты слых.
        
        Але міналі дні і тыдні –
        Яго ніхто не выклікаў,
        Каб суд вяршыць над ім агідны,
        Што ён дзяўчыну ашукаў.
        
        Сцяпан патроху стаў вяртацца
        У свой ранейшы стан-настрой:
        У педвучылішчы на танцах
        Ізноў дзяўчат здзіўляць ігрой,
        
        Хадзіць з Альжбетай у любімы
        Садок ля Свіслачы-ракі,
        Дзе ў вечар шыза-галубіны
        Рука не просіцца з рукі...
        
        Адно, што кепска: з той падзеі,
        З тых дат, адносіны між ім
        І Бэнсем рэзка ўхаладзелі –
        Сцяпан адчуў яго чужым.
        
        Ён успрыняў тады як здраду
        Яго параду «не ўцякаць».
        А здраду... здраду нават брату
        Сцяпан не змог бы дараваць.
        
        І ён сказаў без далікацтва:
        «Прадаў мяне ты з галавой –
        І я прашу не заікацца,
        Што мы сябры былі з табой...»
        
        А тут яшчэ, на зайздрасць Бэнсю,
        Які чарнеў ад «творчых мук»,
        Вячорка склаў такую песню,
        Што нават выдрукаваў друк.
        
        Амбітны Юзік ад здзіўлення
        Не мог ачомацца ніяк.
        Яго душу пачаў з карэння
        Тачыць суперніцтва чарвяк.
        
        Самаўлюбёнага без меры
        Азлобіў сябраў поспех-плён.
        Не, Бэнсь ніколі не паверыць,
        Што нехта здольны больш, чым ён.
        
        * * *
        
        Альжбета ў ноч на схіле мая
        Ад шчасця плакала ажно.
        А ўранку з пошты атрымала
        За смерць страшнейшае пісьмо.
        
        Якісьці аўтар ананімны
        У трох радках паведамляў:
        «Разіня! Сцёпа твой любімы
        Гілене пуза нагуляў!
        
        Калі не верыш, то праедзься
        У вёску Доўгія Брады,
        Дзе выступаў ён у канцэрце
        І волю даў сабе тады...»
        
        Як непрытомная чытала
        Яна забойчыя радкі.
        «Дык вось чаму ён, – прыгадала, –
        Вярнуўся нейкі не такі!..»
        
        Пасля схапілася за сэрца
        І, закрычаўшы нема «о-ой!»,
        Нібы падсечанае дрэўца,
        Упала ніц на ложак свой.
        
        І ні адной душы ў пакоі –
        Ані адной з яе дзяўчат,
        Каб хоць бы словам супакоіць
        Ці хоць бы побач памаўчаць.
        
        Яна нямела, абмірала
        І, як у трызненні ці ў сне,
        Адно бясконца паўтарала:
        «Забіў ты, Сцёпачка, мяне!..»
        
        Слоў не знаходзіла Альжбета.
        Пераціналі спазмы дых.
        «Як мог... як мог зрабіць ты гэта?
        Ты – мой свяцейшы за святых?
        
        А тое ўсё, што мы... што потым
        Павінна быць было між нас?..
        Пра што так марыла я ўпотай –
        Аж калацілася не раз?..
        
        Дык тое ўсё было няпраўдай?
        Ты прытвараўся і хлусіў?..
        У сэрцы, высцюдзеным здрадай,
        Гадзюку чорную насіў?..»
        
        Зусім знясіленая горам,
        Ад слёз знямогшыся, ад мук,
        Яна ляжала дзіцем хворым
        І – не азвалася на стук.
        
        Хаця на гэты стук заўсёды
        Улёт ляцела да дзвярэй,
        Каб родны твар, пагляд вясёлы
        За імі ўбачыць найскарэй.
        
        Цяпер «не-не!» – шапталі губы.
        «Не-не! – круціла галавой. –
        Ён здраднік, здраднік, а не любы!
        Хай прэч ідзе, а не ў пакой!..»
        
        А ён яшчэ пастукаў тройчы.
        Счакаў. Паслухаў – цішыня.
        На дзверыну націснуў трохі,
        І – адчынілася яна.
        
        Спытаўся голасна: – Хто дома?
        Маўчанне. Хмыкнуў: «Можа, спіць?»
        Зайшоў і ўбачыў: нерухома
        Альжбета страшная ляжыць.
        
        Сцяпан жахнуўся, крыкнуў: – Аля!
        Падбег да ложка: – Што з табой?..
        Не зварухнулася. Не ўстала.
        Адно смыкнуўся ў вуснах боль.
        
        Глядзіць, не міргаючы нават.
        А што ў вачах – не зразумець:
        Пагарда? Крыўда? Ці нянавісць?
        Ці зразу ўсё? Ці, можа, смерць?
        
        – Ты захварэла? Аля? Аля!
        Ты што маўчыш? Кажы хутчэй!..
        Адчуў: па целе ўсім, як хваля,
        Трывога – жарам да вачэй.
        
        Яго здагадка паласнула –
        Аж адступіў назад на крок.
        Альжбета моўчкі працягнула
        Яму скамечаны лісток.
        
        Ён прачытаў, і горкі посмех
        Скрывіў яго прыгожы твар.
        «Ну, вось і ў Бэнся творчы поспех!
        Якраз у дыхавіцу ўдар!..»
        
        Шпурнуў на стол лісток паскудны,
        Прысеў на ложак, у нагах.
        – Глядзіш, як быццам я – падсудны...
        Ну й гад жа – Юзік, ну і гад!
        
        Яго пісьмо – паклёп, не болей,
        А ты паверыла яму...
        Альжбета выдавіла з болем:
        – Калі паклёп, тады чаму...
        
        Чаму ты быў... пасля паездкі...
        Нібы апушчаны ў ваду?..
        – Чаму? Настрой быў вельмі кепскі:
        Я ледзь не трапіў у бяду...
        
        Яна глядзіць – жывая ледзьве:
        «Ну, гавары ж ты, гавары!..»
        – Там баба – хітрая, як ведзьма,
        І ёй да пары – псюк стары.
        
        Ну, і дачка... такая ж выжла!
        Хацелі з ёю... ажаніць.
        Нічога з гэтага не выйшла –
        Мяне ў пятлю не заманіць.
        
        Але ў душу наклалі бруду –
        Такога бруду, што, відаць,
        Усё жыццё выплёўваць буду.
        І ўсё жыццё сябе караць.
        
        Яна глядзела і чакала:
        «А што далей? А што далей?..»
        – Мяне наіўнасць ашукала:
        Я дрэнна ведаю людзей.
        
        У іх там, знаеш, самагонка –
        Як звер: кладуць у брагу штось.
        А я ў напітку гэтым тонка
        Не разбіраюся... Ну й вось!
        
        Мяне ўпаілі там... Сумысля.
        Так, што і памяць адняло...
        Яна глядзіць – нібы завісла
        Над прорвай: «Потым... што было?»
        
        – Прачнуўся ўранку, ну, а збоку –
        Пачвара гэная... сапе...
        Альжбета ўпрогалас глыбока
        Паветра ўхліпнула ў сябе.
        
        І закрычала: – Значыць, праўда!
        Дык праўда ўсё ж, а не паклёп!..
        – Якая праўда? Ёй бы варта
        Пусціць за гэта кулю ў лоб!
        
        Каб я – і з ёй?.. Ды ты вар’ятка,
        Калі паверыла ў абман!..
        – Ты з ёю спаў! Мне гадка, гадка!
        Ты брыдкі мне! Ідзі, Сцяпан!
        
        Ты і пачаў, відаць, з памылкі,
        Калі ўнушыў сабе, што я...
        Не, кошка брудная з памыйкі –
        Вось муза творчая твая!..
        
        Сцяпан, бы ўджалены, адразу
        Падскочыў з ложка. Губы сцяў.
        Такой зняважлівай абразы
        Ён ад Альжбеты не чакаў.
        
        – Вось нават як? Тады – нічому
        Не веру й я... Тады – бывай!..
        Праз месяц, кінуўшы вучобу,
        Вячорка з’ехаў на Алтай.
        
        Магчыма б, ён свой пыл і ўмерыў,
        Калі б не ўбачыў неяк сам,
        Як з Аляй вечарам па скверы
        Хадзіў-гуляў якісь курсант.
        
        А да таго ж камсорг Асьмінка
        Сказаў, па дружбе, пад сакрэт,
        Што паступіла ананімка
        У камсамольскі камітэт.
        
        Нібыта ён, Сцяпан Вячорка,
        Дзяўчыну ў вёсцы збэсціў дзесь,
        І будзе шумная «праборка» –
        На калектыў студэнцкі ўвесь!
        
        Вось толькі вернецца аднекуль
        З камандзіроўкі сакратар...
        «Не, я цярпець не стану здзеку,
        Памру – не дам пляваць у твар!
        
        Пачнём свой лёс каваць нанова.
        Пасля – пабачым, паглядзім.
        Урэшце, з гэткай установай
        На свеце горад не адзін.
        
        Часова прыйдзецца расстацца
        З гарачай мараю сваёй...»
        А што рабіць? Куды падацца?
        Жыццё паўсюдна б’е бруёй.
        
        Сама рэальнасць падказала:
        Быў пяцьдзесят чацвёрты год –
        І моладзь з мінскага вакзала
        Штотыдзень брала шлях на ўсход,
        
        У край аблогаў нечапаных,
        У Казахстан і на Алтай –
        Каб небывалы, нечуваны
        Спячы цалінны каравай.
        
        Туды, туды – увага, сіла
        І грошы-сродкі ўсе – туды,
        Каб цаліна ускаласіла
        На незлічоныя пуды.
        
        Уся, здавалася, краіна,
        Надзеяй новай зажыла, –
        На ўсе лады загаманіла,
        На ўсе акорды загула.
        
        Ад уяўлення, што за зерне
        У свірны прыйдзе, хлеб які! –
        Яшчэ глыбей Нечарназем’е
        Туліла твар у хмызнякі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.