РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
ІСКРЫНКА
        
ІСКРЫНКА

        
        Калі аслабла ўжо цікавасць
        І да пітва і да яды,
        І, каб зусім не ўпасці ў млявасць,
        На двор курнуць пайшлі дзяды, –
        
        Тады і даў каманду хтосьці:
        – Дзяўчаты! Бабы! Песні дзе?
        Ці нас пазвала свята ў госці –
        Ці мы сабраліся ў бядзе?
        
        – Альжбета Францаўна! Сябрына
        Не запяе без вас, дальбог!
        – У гонар маці – песню сына! –
        Напомніў важна Крутарог.
        
        – «Дуброву», Францаўна, «Дуброву»!
        – І мы паможам – пачынай!
        Было відно, што спанарову
        Тут песня ўсім. Пявучы край!
        
        Сцяпан зірнуў усхвалявана:
        Няўжо Альжбета будзе пець
        Яго «Дуброву»? Нечувана!
        Як гэткі дар і зразумець?..
        
        – Цішэйце, бабы! Волька! Зіна!
        Ішлі б кудахтаць за парог!..
        – У гонар маці – песню сына! –
        Гукнуў яшчэ раз Крутарог.
        
        Застолле сцішылася, змоўкла,
        Альжбета знак жанкам дала,
        І вось – суладна, чыста, звонка
        У вокны песня паплыла.
        
        «Чарней, чарней, сястра-дуброва,
        Чарнець з табой нам удваіх:
        Ты па сваім лісці, дуброва,
        А я – па лецейках сваіх.
        
        Тваё лісцё, сястра-дуброва,
        Зноў забуяе па вясне,
        А мае лецейкі, дуброва,
        Ужо не вернуцца ка мне...»
        
        Запляскаў першы дзядзька Лёкса:
        – А хай вам шчасцем Бог аддасць!
        От гэта песня! Нават слёзка
        На вока выбегла ў адказ!
        
        Сцяпан устаў і да спявачак
        Руку з кілішкам працягнуў:
        – За талент ваш!.. За сэрца ваша! –
        І так расчулена ўздыхнуў –
        
        Аж заўсміхаліся міжволі
        І з разуменнем госці ўсе.
        А ён дадаў: – Здароўя школе,
        Дзе моладзь з песнямі расце!..
        
        Альжбета, мабыць, не чакала
        Такой высокай пахвалы.
        – За вас!.. – разгублена сказала. –
        Мы ні пры чым тут... Гэта – вы...
        
        Было ёй цяжка прынародна
        Сваю збянтэжанасць схаваць,
        І, каб пачуцца больш свабодна,
        Гукнула: «Айда ўсе спяваць!»
        
        І пачала. Бясконца – шчыра.
        Суздром аддаўшыся журбе.
        О, колькі можа нам жанчына
        Сказаць у песні – пра сябе!..
        
        «Закладайце, запрагайце
        Коні вараныя:
        Я паеду даганяці
        Леты маладыя.
        
        Як дагнала свае леты
        Ў калінавым мосце:
        – Вярніцеся, мае леты,
        Хоць да мяне ў госці!
        
        – Не вернемся, не вернемся
        Мы да цябе ў госці:
        Было табе шанаваць нас
        Яшчэ з маладосці!..»
        
        * * *
        
        Як толькі змоўкнуў хор – у сенцах
        Ураз завыў магнітафон,
        І моладзь – дзе тут ёй уседзець! –
        З застолля кінулася вон.
        
        Артур Мікітаў за партнёршу
        Мар’яну вывеў твіставаць.
        Танцорам ён сябе не з горшых
        Лічыў – па ўсім было відаць.
        
        Віхляў спіной, круціў клубамі,
        Пучыў жывот, плячыма трос
        І апантана тоўк нагамі
        Дашчаны вымыты памост.
        
        Задраўшы нос (усіх касую!),
        Ён горда выгукнуў з сянец:
        – Айцец! Ты глянь, как я танцую!
        Па-саўраменнаму, айцец!..
        
        – А ўжо ж! – зазначыў дзядзька Лёкса,
        З Вячоркам стоячы ў дзвярах. –
        Чым больш свайго сцураўся-зрокся,
        Тым больш сучасны, вертапрах!
        
        Танцуеш толькі для прыліку –
        Катлеты выйшаў утрасаць!
        Шкада: не клікнулі музыку
        Што-небудзь наскае сыграць,
        
        А то б, дальбог, назло балбесам,
        Не паглядзеў бы на гады –
        І ўшпарыў польку з «падкіндэсам»,
        Каб аж раззявілі раты!
        
        Сцяпан, скажы ты мне, старому:
        А нашы танцы ў свет пайшлі?
        Ну «Крыжачок» ці, скажам, «Ойру»
        Дзе-небудзь скачуць на зямлі?
        
        Ці нас Еўропа абдурыла,
        Ці самі мы... А крыўдна нейк,
        Што скрозь – ад Буга да Курылаў
        Усе мы скачам твіст і шэйк!..
        
        Сцяпану ў Лёксавай асобе
        Быў люб народны педагог.
        – Спыталі б, дзядзька, тымчасове
        Пра што лягчэйшае, дальбог!
        
        Не чуў, не бачыў, каб у модзе
        Наш «Крыжачок» быў між людзей.
        Пайду дыхну на прахалодзе! –
        Міргнуў ён Лёксу весялей.
        
        * * *
        
        Сцяпан стаяў каля штыкету,
        Дзе шыкаваўся куст вяргінь,
        І думаў... Не, не пра Альжбету
        І не аб даўнім-дарагім.
        
        Ён рады быў, што не чапала
        Яна той лёсу прыгавор.
        А думаў ён... І нечакана
        Мар’яна выбегла на двор.
        
        Сцяпан знячэўку аж падаўся
        Насустрач ёй – на нейкі крок.
        – Натанцаваліся? – спытаўся
        Бадзёра, гучна назнарок.
        
        – Ён выпіў шмат і скача брыдка.
        Ды і наогул... пустапляс! –
        Сур’ёзна, проста і адкрыта
        Мар’яна мовіла ў адказ.
        
        Вячорку ўразіла, як строга
        Яна гатова зло судзіць.
        – А я тут... згледзеў кветак многа,
        Якія спрэс паспеў забыць.
        
        Вы не паможаце, Мар’яна,
        Мне іх імёны прыгадаць?
        – Не знаю... можа, я таксама
        Усіх не здолею назваць.
        
        – Вось гэту помніце? Вяргіня!
        – Вяргіня? Часам не з княгінь?
        А як па-бацьку? – Жарт дзяўчыне
        Дапаў – падаўся неблагім.
        
        – Па бацьку будзе Тамашоўна –
        Тамаш Якубавіч садзіў! –
        І засмяяліся раптоўна
        Абое – хораша наўздзіў.
        
        Іх шчыры смех пачула Анця,
        Альжбету выманіла ў двор,
        Шапнула: – Францаўна, пагляньце:
        Па-мойму, пара – на падбор!
        
        Ну чым не зяць? А нам – нявестка!..
        Альжбета смыкнула губой
        І абарвала Анцю рэзка:
        – Ён у бацькі гадзіцца ёй!
        
        А на душы ў самой заскрэбла.
        «Яму на выгляд – трыццаць пяць,
        І нават менш... Жаніх – што трэба!
        Дык і папраўдзе: чым не зяць?
        
        Сабраны, стройны, маладжавы,
        Яшчэ зусім без сівізны
        І ўжо – вядомы, паважаны...
        Аб чым так гутараць яны?
        
        Што разглядаюць за штыкетам?
        Напэўна, кветкі... Мілы госць,
        Ты пагарджаеш этыкетам:
        Вы – не адны: тут людзі ёсць!
        
        Дай повад ім – не абярэшся
        Пасля ад плётак і размоў.
        Дый я таксама ёсць, нарэшце...
        І я скажу дачцэ: дамоў!
        
        Я ж, можа, маці? Ці, па-твойму,
        Ужо ніхто я? Здань? Марб?..»
        І – не сказала... а раптоўна –
        Сама цішком пайшла з двара.
        
        Пайшла, прыдушаная крыўдай,
        Ад болю сцяўшыся, пайшла.
        Ніхто не чуў, як немым крыкам
        Крычала ўся яе душа.
        
        Паспакайнела нечакана
        Ужо ля дому, ля варот.
        «А ён... ці знае, што Мар’яна –
        Мая дачка? Мой горкі плод?..
        
        Ды не, напэўна!.. Бо каб ведаў...
        Як і Мар’яна... Знаць бы ёй!..
        Ад усяго ўтаіла свету
        І ад яе... Дачкі сваёй...»
        
        Хвілін праз колькі пісьманосец
        Гукнуў Мар’яне як грамчэй:
        – Эгэй, паненка! Маці просіць,
        Каб ты дамоў ішла хутчэй!..
        
        «Паненка» ўраз пачырванела:
        Ах, гэты мамін недавер!
        І што за прыхамаць-манера
        Гукаць дамоў... якраз цяпер!..
        
        – Прабачце мне... Да пабачэння!
        – Да пабачэння! – адказаў
        Вячорка не без засмучэння.
        Глядзеў услед ёй і маўчаў.
        
        Ужо выходзячы за брамку,
        Мар’яна ў пальцах трапяткіх
        Прызатрымала трохі клямку
        І – азірнулася на міг.
        
        Ды хоць і быў зусім кароткі
        Той міг, той скрадзены пагляд, –
        Іскрынкі ўбачыў ён усё-ткі
        У двух карычневых вуглях!
        
        А можа, так яму здалося,
        Што сам адчуў, як смутак-жаль
        Па тым, што колісь не збылося,
        Іскрыць, каб выклікаць пажар?
        
        Што сэрца думкай пранізала:
        «Няўжо, аблытаўшы калісь,
        Жыццё навек цябе звязала
        І ты не ўскрыліш зноў увысь?
        
        А гэта шчасце, на якое
        Ты маеш права, як і ўсе –
        Неспадзявана маладое,
        У весняй квецені-красе?
        
        А гэты позірк – ясны, чысты,
        Не замутнёны анічым –
        Як ранак сонечна-іскрысты
        У росных россыпах лагчын?
        
        Хіба не гэткаю дзівоснай
        Ты бачыў мару кожны раз?
        Ці не яе пазнаў ты проста –
        У рэшце рэшт, у добры час?..»
        
        Сцяпан хацеў пабыць сам-насам,
        Ды выйшаў з хаты дзядзька ў двор:
        – Прабач: курцы, відаць, калгасам
        Твой раздымілі «Беламор»?
        
        – Яшчэ не ўвесь: узяў з разлікам,
        Каб і курцам было і мне.
        – Тады цягні, няхай ён ліхам,
        Усё ж чужы прыемней тхне!
        
        Пусцілі дым. – Пайду-тка ў пуню
        Ды паляжу крыху, плямеш.
        Як ні храбруся, ні жартую –
        А сілы ў целе – менш і менш.
        
        Змарыўся, Сцёпачка, змарыўся,
        Выдаткаваўся да асноў.
        І толькі з крыўдай не змірыўся,
        Што гады плодзяцца ізноў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.