РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
ВЕЧАР У ПОЛІ
        
ВЕЧАР У ПОЛІ

        
        Да працы прагны, дуж і спрыцен,
        Сягоння зноў апошні круг
        Тамаш зрабіў амаль упрыцем,
        Калі ўжо дзень даўно патух.
        
        Матор прывычна заглушыўшы,
        Саскочыў долу, на пракос, –
        Глядзіць: Сцяпан шыбуе шыбка
        Па канюшынішчы наўскос.
        
        – Сілком забраць цябе хачу я, –
        Сказаў з усмешкай уваччу.
        – Не бойся: тут не заначую –
        Вячэры я, брат, не ўпушчу.
        
        Дамоў ішлі – спачатку «сценкай»
        Між двух палеткаў, а затым –
        Цераз бярэзнік, вогкай сцежкай,
        Праз роў з альшэўнікам густым.
        
        – Вось тут, ты помніш, з-пад узроўя
        Крынічкі білі – побач дзве.
        Вада была – залог здароўя!
        Глынеш – святлее ў галаве!
        
        Няма ўжо іх... Ва ўсім наўколлі –
        Нідзе няма ўжо ні адной.
        Кароў і тых пастух у полі
        З карыта поіць – прывазной!
        
        Ну, растлумач мне, калі ласка,
        Ты ўсё ж вучоны, чорт вазьмі:
        Як выйшла гэткая няўвязка
        Паміж прыродай і людзьмі?
        
        Бяром выдатныя ўраджаі,
        Жывём – дай божа! Грэх маніць.
        А тых крынічак – не хапае,
        І іх нічым не замяніць.
        
        Бывае, млееш у кабіне
        Ад духаты, гарачыні –
        І забулькоча ва ўспаміне
        Струмень крыштальнай чысціні.
        
        З якою радасцю прыпаў бы
        Да ручайка – зрабіць глыток!
        Як смачна твар апаласкаў бы!
        Як адышла б душа, браток!
        
        Ды іх няма!.. Без іх жа дару
        Не тыя ўжо лажкі, раўкі,
        І ўвесь куток, дзе гаспадару,
        Якісь для сэрца не такі!
        
        А ці ж я тут ару і сею
        Без сэрца? Робат я хіба?
        Усё, здаецца, разумею,
        А вось... грызе парой журба.
        
        – Прывыкнеш, брат... Пытанне часу.
        Сяло не будзе без вады.
        Не ўсё ільга зрабіць адразу –
        На штось спатрэбяцца гады.
        
        Ты сам, паколькі ты не робат,
        Праб’еш тут колькі свідравін,
        Калонак з помпамі наробіш –
        І свой заглушыш успамін.
        
        – Наўрад ці я калі прывыкну!
        От дзеці, – дзеці – іншы сказ.
        Іх не паілі мы крынічнай
        Жывой вадой – як колісь нас.
        
        Ім прывыкаць і непатрэбна
        Да перайначанай зямлі:
        Усё, што добра тут ці дрэнна,
        Яны з калыскі прынялі.
        
        Яны не ведаюць, напрыклад,
        Што значыць летняю парой –
        У самы сквар, у самы прыпар –
        Крынічка ў полі пад гарой.
        
        Але аднойчы ўбачаць дзесьці –
        Уцямяць, што гэта за цуд, –
        І ў горкай крыўдзе нашы дзеці
        Нам страшны вынесуць прысуд.
        
        «Чаму, за што вы нас, спытаюць,
        Такіх пазбавілі даброт?..»
        Бацькі дзяцей не абкрадаюць –
        Спакон было так, з роду ў род!
        
        А свідравіны... свідравіны –
        Мы робім іх ужо даўно.
        Прыедуць хлопцы-здаравілы –
        І ў пекле, брат, дастануць дно!..
        
        Сцяпан любіў гаворку брата –
        За вастрыню, дасціпнасць, соль;
        Хоць груба скажа – але трапна,
        Хоць рэзкі выраз – але свой.
        
        Пасля хадульных, посных, плоскіх
        Клішэ, што ў коле чуў сваім, –
        Ён слухаў мову роднай вёскі,
        Як райскі спеў, як боскі гімн.
        
        І сам вяртаўся непрыкметна
        Душой ва ўлонне хараства,
        Што тут жыве спакон, спрадвечна,
        Як лес, як дрэвы, як трава...
        
        – У нас тут лектар быў тым летам –
        Паважны муж, не са шпаны,
        І ўвесь такі інтэлігентны –
        Ажно трашчаць на ім штаны.
        
        Я і яму сказаў: «Шаноўны,
        Мы губім шмат зямных дароў!»
        Згадзіўся. Кажа: «Безумоўна,
        Вада ў зямлі – што ў жылах кроў.
        
        Мы даражыць ёй мусім вельмі.
        Ды ёсць, няможна забываць,
        Звышактуальныя праблемы:
        Пра моц дзяржавы трэба дбаць!
        
        Калі мы мір не забяспечым,
        Не зможам гібель запыніць –
        Дык будзе некаму і ў нечым
        Ні папракаць нас, ні вініць...»
        
        Я доўга думаў – я ж маруда! –
        Над тым, што лектар адказаў,
        І – ад цябе таіць не буду –
        Канцы з канцамі не звязаў.
        
        Такой трывожнаю часінай,
        Назло шалёнаму звяр’ю –
        Для справы міру трэба ўсім нам
        Яшчэ мацней любіць зямлю!
        
        Любіць зямлю! І не наогул,
        А – гэту! Нашу! Дзе жывём!
        Во з гэтым полем, з гэтым логам,
        З касьбою гэтай і жнівом!..
        
        Сцяпан зірнуў з цяплом на брата
        І за плячо абняў рукой.
        – А што ты ўспыхнуў гэтак раптам?
        Я ж не спрачаюся з табой!
        
        – Дык паспрачайся! Я – саўгасны
        Рабочы, я – не дыпламат,
        І мне патрэбен цалкам ясны
        На справу гэтую пагляд.
        
        Таму і ўспыхваю, што бачу:
        Сяму-таму між нас з рукі –
        На звышпраблему, звышзадачу
        Валіць уласныя грахі.
        
        Сваё нядбальства ды паскудства
        Напругай часу апраўдаць –
        Усё адно, маўляў, для людства
        Дарогі ў заўтра не відаць.
        
        Калі ўвесь свет, уся планета,
        Маўляў, вісіць на валаску, –
        Якая можа вабіць мэта –
        Няўцямна толькі прастаку.
        
        І вось, ад будучыні вольны,
        Сабе гаворыць спажывец:
        Усё вазьмі, што ўзяць ты здольны –
        Бо заўтра можа быць канец!
        
        А я лічу: у небяспечны
        І трудны час – наадварот:
        Стакроць мацней павінен сведчыць
        Свой гарт і вытрымку народ.
        
        То слабы духам недавярак
        Адно і думае штодня –
        Каб як паболей зжэрці скварак
        Ды болей выжлукціць віна.
        
        Хто гэтак чуецца сягоння,
        Той – панікёр і дэзерцір, –
        Хто толькі ў горла цягне-горне,
        Пакуль пад ім не рухнуў мір.
        
        А мы... Хіба мы з племя кволых?
        Нам – страціць веру ў лёс зямлі?
        Тады – чаму ж мы ў гэтых долах
        Крынічкі-рэчачкі звялі?..
        
        Тамаш замоўк... «Але й зацяты!» –
        Падумаў з гонарам Сцяпан.
        – Глыбока плужыш ты, чарцяка!
        Хоць пасылай цябе ў ААН!
        
        А што? Свайго ты роду-племя
        Не пасаромеў бы, браток.
        Душой і сэрцам у праблеме.
        Глядзіш і ўдалеч і ў выток!..
        
        Сцяпан быў рад такому шанцу
        Пабыць сам-насам з Тамашом,
        І не хацеў зусім спяшацца,
        І шкадаваў, што блізка дом.
        
        – Жартуй... А я сачу і знаю,
        Куды пасоўваецца свет:
        Я ўсю палітыку чытаю, –
        У нашай хаце – пяць газет!
        
        Ну, праўда, дзве – не для дарослых,
        А для маіх «тамашанят».
        І па вясковых тэмах розных,
        Што тычыць нас, чытаю шмат.
        
        Нядаўна хтось пісаў талковы,
        Што сотні тысяч тон у год
        Жывога хлеба са сталовых
        Ідзе ў адход – ляціць за плот.
        
        Не кілаграм, не пуд, не цэнтнер,
        Не тона нават і не дзве,
        А сотні тысяч тон! На вецер!
        Таго дабра, чым свет жыве!
        
        Як прачытаў – такая крыўда
        Мне сцяла сэрца між рабёр,
        Што асушыў адзін паўлітра
        І плакаў моўчкі, як бабёр!
        
        Рашыў: да д’ябла сівер зольны!
        Да д’ябла трактар і плугі,
        Калі мой труд, мой плён мазольны
        Такі людзям не дарагі!
        
        На сметнік – хлеб! Духмяны! Смачны!
        І гэта ў нас, дзе сам народ –
        І гаспадар, і распарадчык
        Усіх багаццяў і даброт!
        
        А дзе прычына? Ты – не знаеш?
        Ну, а хто-небудзь знае ўсё ж?
        А можа, ў тым, што ты купляеш
        Бясцэнны скарб за дробны грош?
        
        Закону вартасці, здаецца,
        Нікому нельга парушаць.
        Ну, а другое – дармаедства:
        І з ім штось трэба вырашаць!
        
        Тут, дзе ад веку не хадзілі
        Дзяды без чорных мазалёў, –
        Мы тымчасове напладзілі
        Нямала трутняў-гультаёў.
        
        Ад дармаедства ўся распуста:
        Нішто душу не губіць так,
        Як незаробленая луста,
        Якою сыціцца лайдак.
        
        Яшчэ на бацькавым, паршывец,
        А ўжо такі кіндзюк нясе
        І так нахабна ўжо фальшывіць –
        Што Бог сам рукі атрасе!
        
        Мужыцкі сын – ці ж не пагана! –
        Не хоча працы чорнай знаць:
        Пачаў, ці бач, хварэць на пана!
        Узяўся панства спаганяць!
        
        Бяжыць туды, дзе ўтульна, чыста, –
        Хоць за падсобка, за слугу...
        А я, брат, поля адракчыся
        Ужо да смерці не змагу.
        
        Навек прырос да ніў зялёных,
        Да шэпту жытніх каласоў,
        Да чысціні блакітнай лёну,
        Да суму светлага аўсоў.
        
        Без іх мяне зламала б скруха
        Так, што не даўся б і лячыць...
        Пастой хвіліначку, паслухай,
        Як жыта хораша маўчыць!..
        
        Браты спыніліся. Над полем
        Плыла, гусцела цішыня.
        Духмяным дышучы настоем,
        Пацела нанач збажына.
        
        Яна маўчала, ды не спала, –
        У працы ўся была наўсцяж:
        Астаткі клёку дабірала...
        – Ну, зразумеў? – спытаў Тамаш.
        
        – А ўранку, раненька, як толькі
        Заззяюць росы ў далавах
        Ды промняў рынуцца патокі, –
        Які тут льецца водар-пах!
        
        А я, нібы па абавязку,
        Спынюся, далеч азірну
        І – разы два ці тры ўзацяжку
        На грудзі поўныя ўдыхну.
        
        І пах, і сонца, і прастору –
        Усё ўдыхну, вазьму ў сябе...
        Куды ж я з гэткага прастолу
        Сыду – у сонечным сяйве?..
        
        Тамаш гарэзна, па-хлапечы,
        Хітнуў кудлатай галавой.
        – І не сыходзь! Адзіны вечны
        Прастол на свеце – гэты, твой!
        
        І ты – адзіны тут сапраўдны
        І валадар, і гаспадар.
        Палац твой – слаўны, трон твой – спраўны,
        Карона – свеціцца, як жар!..
        
        Над жытам жаўранак успырхнуў,
        Штось шчабятнуў, бы ў сне, і знік.
        Сцяпан згадаў павер’е-прымху:
        «Нядобра – ноччу птушкі крык...»
        
        – Тамаш, – апомніўся ён нібы, –
        Па-мойму, тут, дзе мы стаім –
        Была дарога на Сялібы?
        Якраз ля гэтых во хваін?..
        
        – Была... І добрая дарожка!
        – А ездзяць як туды? Наўкруг?
        – Ніяк не ездзяць. А навошта?
        Ад тых Сяліб сышоў і дух.
        
        Сяліб даўно няма ўжо, браце.
        Хто маладзейшы быў, – сюды,
        У цэнтр саўгаса перабраўся,
        А хто стары быў, – на клады.
        
        За ўсіх даўжэй сядзела пара
        Бабуль – да смерці не сышлі.
        Я знаў іх: Стэпка і Барбара,
        Абедзве п’янічкі былі.
        
        Адна ў адной віно цадзілі
        І пелі песню за сталом:
        «У крапіве нас нарадзілі,
        У крапіве мы і памром!»
        
        Нібыта самі песню склалі,
        Бо іх падворкі сапраўды
        Так крапівой пазарасталі,
        Што не прайсці было туды...
        
        – Тамаш, на ўсё глядзець нязвыкла,
        Што легла ў прах, што зарасло.
        Але, калі дарога знікла –
        Страшней, здаецца мне, за ўсё...
        
        Давай прысядзем, брат, на крушні.
        Бог з ёй, з вячэрай, – не ўцячэ.
        Паглянь: як тая печ у сушні –
        Каменні цёплыя яшчэ...
        
        Дарога... Колькі я з дзяцінства
        Папахадзіў калісь па ёй!..
        Яна – жыцця майго часцінка,
        Душы зародачак маёй.
        
        Я помню ўсю яе на памяць –
        Дзе грунт быў цупкі, дзе пясок,
        І кожны куст, і кожны камень,
        І той бярвенчаты масток...
        
        Дарога ў гульні і забавы,
        Што бегла з кошыкам маім,
        Уся прапахлая грыбамі,
        Духмяным водарам малін...
        
        Дарога ў колкіх ранніх росах –
        Іх топча босы пастушок,
        І вяжа венікі з бярозак,
        І грае весела ў ражок...
        
        Дарога песень вечаровых –
        Між дзвюх купальскіх зараніц,
        І самых першых, хлапчуковых,
        Маіх да скону таямніц...
        
        Усё адрэзана навечна –
        Так, каб і следу не знайсці,
        Каб зразумеў, што недарэчна
        За летуценнямі ісці.
        
        Каб не падумаў азірнуцца
        Ды не ўнушыў сабе назло,
        Што можна ў май жыцця вярнуцца,
        Як у знаёмае сяло...
        
        – Вось гэта правільна, я згодзен:
        Не варта марыць зноў пра май.
        А калі так – журыцца годзе,
        І ты па даўнім не ўздыхай.
        
        Табе, па-мойму, аж занадта
        Хапае сённяшніх турбот –
        І праз адкрыты свой характар,
        І ад людскіх непамыслот.
        
        Чыталі з Анцяй мы, канешне,
        (А маме я не паказаў),
        Што пра твае рамансы й песні
        Шпачынскі гэны накілзаў.
        
        Мы за цябе перажывалі.
        Пісанне тое так і сяк
        Па сказу ўсё перажавалі:
        Басяк ён, братачка, басяк!
        
        – Не ён галоўны ў подлым спісе:
        Яго рукой вадзіў другі.
        А сам Шпачынскі... каб не спіўся,
        І крытык быў бы неблагі.
        
        Ён пачынаў даволі храбра,
        На жаль – далёка не пайшоў,
        І на сягоння – лепшы сябра
        Усіх сталічных алкашоў.
        
        Прыходзіў потым – ледзь не плакаў,
        Прасіў прабачыць... Выгнаў вон:
        Мне завугольных патулякаў
        Прымаць з павіннай не рэзон.
        
        Хто дыктаваў яму – не прыйдзе
        Перапрасіць за тую муць.
        О, гэта страшны, хітры злыдзень!
        Іосіф Бэнсь яго завуць.
        
        Мы з ім вучыліся калісьці,
        Быў аднакурснікам маім.
        У творцы сам не здолеў выйсці –
        Рашыў мазгі ўпраўляць другім.
        
        Стаў тэарэтыкам мастацтва
        І ў кнігах хітра, неўпрыкмет
        Нам раіць з вотчынай расстацца,
        Каб пакарыць вялікі свет.
        
        Маўляў, касмічная арбіта
        Не прыме нашы «караблі»,
        Бо надта ярка ў іх адбіта
        Аблічча роднае зямлі.
        
        Куды ён хіліць – зразумела.
        Ён сам ляцеў бы ўжо даўно
        Па той арбіце безыменнай, –
        Вось толькі крылаў не дано!
        
        А твор павінен мець адзнаку
        Сваёй зямлі, – інакш ён, брат,
        Такі ж без водару, без смаку,
        Як з гідрапонікі тамат.
        
        Мы не бязродныя на свеце
        І не бяздомныя ў жыцці.
        Чым дагарэць у пустацвеце –
        Лепш не ўзысці і не цвісці!
        
        Вось так аднойчы я і ўрэзаў,
        Калі на пленуме ён чоўп,
        Што мы, не цэнячы прагрэсу,
        Праз гэта трацім слухачоў.
        
        На павадку ісці мне раіць
        У снобаў. К чорту гэты зброд!
        Мяне не публіка цікавіць,
        Мяне цікавіць мой народ.
        
        А ён – штось іншае, васпане,
        Ён – нешта большае нашмат.
        Ён падрабляць пад вас не стане
        Ні густ, ні нораў, ні пагляд...
        
        – А што, той Бэнсь – такі ўплывовы?
        – Ён ходзіць капаць на мазгі
        Усім, каму не даспадобы
        Я за характар свой «благі».
        
        Маўчаць не ўмею, прытварацца,
        Стаяць навыцяжку «ва фрунт»,
        Легальнай формай казнакрадства
        Аздараўляць свой базіс-грунт;
        
        Вясёлым быць, дзе трэба плакаць,
        Лавіць ківок, паклоны гнуць,
        Па нейчых тэзісах гагакаць,
        На сальны досціп рагатнуць...
        
        Сваім жыццём я замінаю
        Такім, як ён, спакойна жыць.
        Бянтэжу іх. Напамінаю
        Аб тым, што хочацца забыць.
        
        Што нельга з прагнасцю звярынай
        Хапаць наўзахап барышы.
        Што чалавек усё ж павінен
        Баяцца нечага ў душы...
        
        Гадаюць: «Што яму патрэбна?
        Відаць, да славы рвецца ўвесь...»
        А мне і слава – пыл патрэп’я,
        Удушны пыл, што вочы есць.
        
        Што значыць – слава? Колькасць цэшак?
        Эфір? Экраны? Тыражы?
        Якая слава можа ўцешыць,
        Калі ты сэрцам – на крыжы?
        
        У славу рвуцца жываглоты,
        А да таго, баліць каму,
        Яна пасля прыходзіць, потым,
        Як да Максіма, што ў Крыму...
        
        Яны не могуць разабрацца,
        Чаго хачу, што трэба мне?
        Зусім не шмат: любові брацкай!
        Сяброў – што здрада не кране!..
        
        Прабач – за гэтую прамову.
        Расспавядаўся, бы ў царкве...
        Тамаш маўчаў. Глядзеў, як з рову
        Сівы туман да іх плыве;
        
        Як подых ночы ледзьве-ледзьве
        На вольхах кратае лісты,
        Як абярнуліся ў мядзведзяў
        Ядлоўцу цёмныя кусты...
        
        – Не знаю, як наконт сяброўства,
        А што датычыць... тут сказаць
        Я мушу коратка і проста:
        Пара з кім-небудзь лёс звязаць!
        
        Таму й не ведаеш адхлання,
        Што адзінокі ты, браток.
        Няма пры боку мілавання –
        Разблытаць дум тваіх маток.
        
        Ніхто не зможа быць у скрусе
        Такім апірышчам табе,
        Як жонка верная... Баюся,
        Каб не зачахнуў ты ў журбе.
        
        Табе б з настаўніцаю нашай,
        Альжбетай Францаўнай, у шлюб.
        Была б – ні з кім не параўнаўшы –
        Сям’я! І ты ёй быў бы люб!..
        
        – Тамаш! Я думаў, ты параіш
        Каго з няшчыпаных дзяўчат...
        Я ж не стары яшчэ таварыш!
        Мне б і каляску пакачаць...
        
        – Э не-е, брат! Гэткай – не параю.
        Нашто – зялепуха, сырэц?
        Ты хочаш мець без конца-краю
        Турбот – і ў рэўнасці старэць?..
        
        А вось яна – жанчына-дзіва!
        Такія – рэдкасць на вяку,
        Яна б табе і нарадзіла –
        Яна ж уся яшчэ ў саку!
        
        Што трэба бабка: ў самым леце,
        У блаславёнай той пары,
        Калі ўспрымаюцца найлепей
        Усе жаноцкія дары!
        
        Адно што будзе трудна досыць –
        Як кажуць, клінам выбіць клін:
        Жанчына гэта ў сэрцы носіць
        Якісьці сонечны ўспамін.
        
        Яна крыху сябруе з Анцяй
        І ёй душу адкрыла нейк:
        Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце
        Так пакахала – што навек.
        
        Пасля там здарылася нешта –
        І хлопца страціла яна.
        Сказала Анці:
        «Ну, канешна ж,
        Была дурной: мая віна!..»
        
        Дванаццаць год ужо ў разводзе.
        Уночы – плача, днём – пяе.
        І не адзін яшчэ, ніводзін
        Не дакрануўся да яе!..
        
        – Так і сказала Антуніне?
        – А што? Дзівіцца тут не след:
        Жанчына можа, брат, жанчыне
        І болей выдаць «пад сакрэт»...
        
        Сцяпан устаў – аж камень з крушні
        Скаціўся, грукнуўшы ўначы.
        – Хадзем! – сказаў. –
        Тут морак душны.
        І – просьба: трошку памаўчы...
        
        «Няўжо я ляпнуў штось не тое? –
        Сумеўся здзіўлены Тамаш. –
        Ах, поле роднае, жытное,
        Хоць ты самотніка разваж!..»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.