РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
БЕЛЫ МАЙ
        
БЕЛЫ МАЙ

        
        Альжбета Францаўна Кудзёлка
        У тыя дні – даўным-даўно
        Была дзяўчына, як вясёлка:
        Уся свяцілася ажно.
        
        Жывога розуму дзяўчына
        І шчодрай, ласкавай душы.
        А гляне карымі вачыма
        На дзецюка – прапаў, пішы!
        
        У педвучылішчы сталічным
        Яна выдатніцай была.
        Яшчэ і талент ёй музычны
        Прырода-матухна дала.
        
        На лыжках грала вельмі хвацка!
        Як забразгоча польцы ў такт
        На вечарынцы інтэрнацкай –
        Маэстра сам не змог бы так!
        
        «Во, шэльма дзеўка! Во, зараза!» –
        Гукаў сёй-той пад перамірг,
        І сказ гучаў не як абраза,
        А як прызнання светлы міг.
        
        Такою, з лыжкамі, і ўбачыў
        Яе Сцяпан у першы раз
        І, заварожаны няйначай,
        Па-за плячмі ў сяброў «завяз».
        
        Сюды, да будучых настаўніц,
        Ва ўтульны, чысты інтэрнат
        Іх Юзік Бэнсь прывёў на танцы –
        У гэтай справе зух і хват.
        
        Сцяпан, пакуль яна іграла,
        Глядзеў, не зводзячы вачэй,
        А цуда-музыка гучала
        Усё званчэй, усё званчэй.
        
        Калі ж нарэшце полька змоўкла,
        Дзяўчына ўстала даць паклон –
        Усе запляскалі навокал,
        Не зварухнуўся толькі ён.
        
        «Альжбеце брава! Брава, Аля!» –
        Завыгукала ўся гурма.
        «Альжбета?.. – Дзіўна як назвалі
        Бацькі... Забытае імя!»
        
        Вядучы рэй, лабасты хлопец,
        Гукнуў: «Цяпер – жаночы вальс!»
        Каля Вячоркі ўзнікла постаць:
        – Я запрашаю ў танец вас!
        
        Сцяпан як быццам прабудзіўся:
        Глядзіць – Альжбета перад ім!
        Ад неспадзеўкі – разгубіўся,
        Хацеў адмовіцца зусім.
        
        Але ў апошняе імгненне
        Кіўнуў на згоду галавой
        І, не сказаць, каб зграбна вельмі,
        На круг брусчаты выйшаў з ёй.
        
        О першы вальс! Павек забыцца
        Не зможа той паднебны ўзлёт!
        Як лёгка з ёй было кружыцца,
        Адчуўшы ў сэрцы веснаход!
        
        Як далікатна, нібы пёрка,
        Далонька ўлеглася ў руцэ!
        Як звабна блізка, нібы зорка,
        Радзімка ззяла на шчацэ!
        
        «Вы нейчы госць тут?» – запытала.
        «Не, мы зайшлі к вам... проста так».
        Язык яму – як завязала:
        Адно глытаў сухі камяк.
        
        Хоць меў прыгожы голас звонкі
        І быў не з роду маўчуноў –
        Ён не знаходзіў для гаворкі
        Зачэпкі добрай, вартых слоў.
        
        «А вы ігралі, як артыстка!» –
        Знямогся ўрэшце ён маўчаць.
        І ўбачыў: сонечная іскра
        У карых бліснула вачах.
        
        Кранула водзывам ягоным!
        «Ды што вы! Так – дурэць люблю...»
        Тут абарваўся вальс – і гоман
        Спусціў іх з неба на зямлю.
        
        Музыка ўпараны на крэсла
        Баян паставіў: «Перакур!»
        Сцяпан туды рвануўся з месца:
        «Дазвольце мне сыграць, пакуль...»
        
        Мо ад няёмкасці хлапечай
        Уздумаў гонар апраўдаць?
        Ускінуў дзве шляі на плечы
        І з ходу ўрэзаў – як аддаць!
        
        «Эге! – адразу ўсе адчулі. –
        Вось гэта ўзровень, гэта клас!»
        Аж пыл пайшоў па вестыбюлі –
        Так завіхрыла полька ўраз.
        
        Што праўда, сам музыка трохі
        Занерваваў і ўмерыў дух:
        Альжбета-лыжачніца ў скокі
        З нахабным Бэнсем выйшла ў круг.
        
        Але заўважыў: хоць дзяўчыне
        І сыпле ўсмешкі Юзік-хват,
        А ўсё ж яна не-не дый кіне
        На баяніста зірк-пагляд.
        
        Пасля яго шалёнай полькі
        Альжбета знікла неўпрыкмет.
        Калі – не ўгледзеў ён, а толькі –
        Застаўся ў сэрцы гулкі след.
        
        Такі гарачы след трывожны,
        Што ён пачаў шпацыраваць
        Ля інтэрната вечар кожны –
        А раптам выпадзе спаткаць?
        
        Ну, дык і выпала нарэшце!
        З сяброўкай-дылдай пад руку
        Яна аднойчы выйшла з весніц –
        Якраз насустрач дзіваку.
        
        Сцяпан сумеўся, разгубіўся:
        Пракляты сорам, каб ты счах!
        Даў «добры вечар» і спыніўся –
        З мальбой і радасцю ў вачах.
        
        Яны таксама крок стрымалі.
        Лілася з вокан гамана.
        «Вы так прыгожа ў нас ігралі! –
        Сказала шчыра... не яна. –
        
        Прыходзьце зноў! Абавязкова!» –
        Штось «дылдзе» рупіла самой.
        Яна ж – ні слова, ні паўслова.
        Але глядзела... Божа мой!
        
        Як на яго яна глядзела!
        З якой прадоннай глыбіні!
        Якая светлая надзея
        Пускала ў сэрцы карані!..
        
        Ледзь дачакаўшыся суботы,
        Сцяпан падаўся ў інтэрнат.
        Адзін. І шмат іграў з ахвоты.
        І танцаваў з Альжбетай шмат.
        
        Але сказаць ёй хоць намёкам,
        Чаго прыйшоў ён зноў сюды,
        Чаго блукаў ля іхніх вокан, –
        Не змог музыка малады.
        
        І ён рашыў пакарыстацца
        Вядомым спосабам старым:
        Прызнацца ў вершы – і на танцах
        Аддаць лісток ёй. А затым...
        
        Ужо што будзе – тое будзе.
        Ва ўсякім разе – будзе знаць.
        Тры дні мазгі мазоліў-трудзіў,
        Каб як найлепей напісаць.
        
        У рыфму ён яшчэ са школы
        Грашыў – умеў цаляць як след.
        І вось на лісціку васковым –
        Амаль класічны трыялет:
        
        «Ты сэрца мне усхвалявала,
        Як краска першая вясной
        На ціхай просецы лясной –
        Ты сэрца мне ўсхвалявала.
        
        Пасля іх будзе тут нямала
        Цвісці, буяць, зырчэць красой.
        Ты ж сэрца мне усхвалявала,
        Як краска першая вясной».
        
        Перачытаў сто раз – не меней,
        Рашыў: «І ў друк бы падышло!»
        І ў нагрудной паклаў кішэні –
        Каб лёгка выхапіць было.
        
        Назаўтра ж вечарам, у танцы,
        Пад шоргат ног, пад гоман-гам,
        Ён у кішэньку сунуў пальцы,
        Сказаў: «Вазьміце, гэта вам!..»
        
        І чуе: «Мне? Але навошта?
        Не разумею, што за жарт?..»
        Зірнуў – бы хтось яму бязбожна
        Чабэхнуў кіпенем у твар.
        
        Ён не лісток дае з блакноту,
        Дзе ёй прызнанне ў вершы сплёў, –
        А глянцавітую банкноту –
        Ні больш ні менш – на сто рублёў!
        
        Паблытаў, гад! Ляжала ў той жа
        Малой кішэньцы на грудзях.
        Якая ганьба-стыд, о Божа!
        Які канфуз! Ды пры людзях!
        
        «Даруйце!» – згроб купюру ў жменю
        І ў дзверы ледзьве не бягом.
        Яна – на ганак праз імгненне,
        А там – на вулку, наўздагон.
        
        «Сцяпан! Вярніцеся! – гукнула. –
        Прашу, вярніцеся! Сцяпан!..»
        Спыніўся ён. Душа пачула:
        Ад сэрца голас – не спадман.
        
        «Вы трохі дзіўны, выбачайце.
        Чаго з-за дробязі ўцякаць?
        Забудзьце ўсё – і не зважайце...»
        «Я вам хацеў вось гэта даць...»
        
        І ён падаў ёй невялікі
        Учвэртку складзены лісток.
        Яна ўзяла і для прыліку
        Зірнула ўпрыцемку: «Сцішок?!»
        
        «Вы... не цяпер, вы потым гляньце», –
        Ён сарамліва папрасіў...
        Яны вярнуліся на танцы –
        Як быццам іншыя зусім.
        
        Як бы на іх лягла ўжо мета
        Якогась кону аднаго.
        І цэлы вечар той Альжбета
        Не пакідала ўжо яго...
        
        ...На цёмнай лесвіцы вячэрняй
        Акно расчынена ў прастор –
        У весні горад, – да свячэння
        Агнёў і зор, агнёў і зор.
        
        «Уночы будзе навальніца», –
        Ён, бы сабе, сказаў услых,
        Яшчэ сакрэт і таямніца –
        Усё, што ўзнікла паміж іх.
        
        Але ўжо з моцнае далоні
        Не вырываецца далонь.
        Але ўжо хіліцца да скроні,
        Нібыта ў лёгкім хмелі, скронь.
        
        І слова згоды ўжо трапеча.
        На смяглых вуснах – без умоў,
        Што не далей, як заўтра ўвечар,
        Яны спаткаюцца ізноў.
        
        * * *
        
        Сляпы ад шчасця ў май той белы,
        Калі шугаў паўсюдна бэз,
        Не знаў Сцяпан, што да Альжбеты
        Тады ж «прыліп» і Юзік Бэнсь.
        
        Дый не на жарт «забрала» Бэнся!
        Амбітны, хцівы сэрцаед
        У інтэрнат зайсці ўжо меўся,
        Каб на яе натрапіць след.
        
        І як жа вырачыў ён вочы,
        І як напнуўся цецівой,
        Калі яна сама аднойчы
        Да іх заглянула ў пакой.
        
        Яе прывёў Сцяпан – і проста
        Сказаў, не ўмеючы хітрыць:
        «Мая знаёмая і госця,
        Прашу ласкавымі вас быць!..»
        
        Найлепей Юзік просьбу ўважыў –
        Ласкавы быў, аж цераз край:
        І шчодра досціпы адважваў,
        І згатаваў імгненна чай.
        
        Адшчоўкнуў ключыкам куфэрак
        І тут жа («ахні, слабы пол!»)
        Кулёк не нейкіх там цукерак,
        А «мішак» высыпаў на стол.
        
        Альжбета ахнула, канешна.
        Ніхто ёй «мішак» не купляў.
        Бэнсь звысака глядзеў належна:
        «Частуйся! Семачкі, маўляў!
        
        Яшчэ не гэткае зазнаеш, –
        Прасіўся довад з языка, –
        Калі, вядома, розум маеш
        І прэч адшыеш вахлака!..»
        
        Калі ж яна Сцяпану ўрэшце
        Шапнула: «Нам ісці пара!» –
        Зніякавеў, застыў ва ўсмешцы –
        Нядобрай, як аскал тхара.
        
        «Не, з гэтым я не прыміруся,
        І ты не радуйся, дружок.
        На ўсё пайду – свайго даб’юся:
        Ты будзеш сцёрты ў парашок!..»
        
        Услед за імі з інтэрната
        На вулку выйшаў – злы, як звер,
        І – прама ў будку «Сто на брата»,
        Дзе Лёф даваў і напавер.
        
        Сядзеў за столікам дапозна,
        За кухлем кухаль асушаў,
        І чым далей – тым болей грозна
        План помсты ў думках вырашаў.
        
        «Ну хто такі Сцяпан Вячорка?
        Паршывы конь у табуне!
        Чаму ж павінна гэта зорка
        Свяціць яму? Чаму – не мне?
        
        Абдзіртус з віцебскай глыбінкі!
        Калі паштэт я ем усмак –
        Ён, здыхля, душыцца ад слінкі,
        Глядзіць у рот мне, як жабрак!
        
        Ды і наогул!.. Чым ён знаны,
        Каб мог супернічаць са мной?
        Не, гэны яблычак крамяны
        Я адаб’ю любой цаной!..»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.