РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
КУПАЛЬСКІЯ ВАСІЛЬКІ
        
КУПАЛЬСКІЯ ВАСІЛЬКІ

        
        Як хутка ўсё наўкол заціхла:
        Дзявочы смех, дзіцячы крык,
        Агідны вуркат матацыкла,
        Ля нейчай студні корбы скрып...
        
        А быў жа час: купальскай ноччу
        Не спалі ў вёсцы да зары –
        Ганялі ведзьму-патарочу,
        Агні палілі на гары,
        
        Спявалі песні і скакалі,
        Вянкі пускалі на ваду
        І кветку-папараць шукалі –
        З жыццём і доляй не ў ладу...
        
        Нічога з колішняга свята
        Не засталося ўжо – няма.
        «А раз няма – праблема знята.
        Зняла гісторыя сама!»
        
        Цытата гэтая ў Сцяпана
        Сядзела ў чэрапе, як косць.
        «Праблема знята для васпана,
        А для мяне – праблема ёсць!
        
        Вось – не палілі вогнішч хлопцы,
        Вянкоў дзяўчаты не вілі –
        Дзень цэлы дзюбалі па стопцы
        І, ачмурэўшы, спаць ляглі...»
        
        Вячорка, седзячы на лаўцы,
        Курыў так прагна, бы ў запас,
        І ўжо хацеў было падацца
        На вышкі ў пуню – самы раз! –
        
        Калі пачуў, што нехта вулкай
        Ідзе ад школы ў гэты бок:
        Абцасы тахкаюць нягулка
        І часта – лёгкі, шпаркі крок.
        
        Вячорка ўраз насцеражыўся,
        Ператварыўся ўвесь у слых,
        Разгледзеў постаць, падхапіўся
        І зноў замёр, стаіўшы дых.
        
        Яго заўважылі таксама –
        І замарудзілі хаду.
        «Няўжо яна? Няўжо Мар’яна?
        На шчасце мне ці на бяду?»
        
        А постаць круць! – і шыбкім крокам
        Назад – у морак-цішыню.
        – Пастойце! – выгукнуў Вячорка. –
        Я ўсё адно вас даганю!..
        
        Нібы дзяцюк, рвануўся з месца
        Ступой сажнёвай наўздагон.
        Яна – стаяла. Дзе ж ёй дзецца,
        Калі пазваў не хтось, а ён!
        
        – Вы што пусціліся наўцёкі,
        Як бы я звер, што з’есць ураз?
        І ён пачуў уздых глыбокі:
        – Я не чакала ўбачыць вас...
        
        Я толькі думала: прайдуся,
        Бо спаць не хочацца зусім...
        Балючай марай светла-русай
        Яна стаяла перад ім.
        
        Той сон пакутлівы, што сніўся
        І вабіў цягам доўгіх год –
        Яму здалося: раптам збыўся,
        Зрабіўся явай для яго.
        
        – А што – вас мама адпускае
        Адну так позна са двара?
        – Не, я сама... Яна не знае,
        Яна б дазволу не дала...
        
        – Дык вось якая вы, Мар’яна! –
        Ён адабрэння не ўтаіў. –
        Што ж, раз абоім спаць нам рана,
        Дык мо і пройдземся ўдваіх?
        
        Як, згода? – Згода. – Малайчына!
        Які ж маршрут мы абяром?
        Яна паціснула плячыма:
        – Не знаю... Хораша кругом!..
        
        – За вёску, можа, у жытное,
        Дзе ціша долы спавіла?
        – Ага, за вёску. Так даўно я
        У полі ноччу не была!..
        
        Вячорка глянуў на кафтанік:
        – А не прастудзіцеся – так?
        – Ды што вы! Я – з загартаваных.
        Мне гэткі холад ані ў знак!
        
        – Будзь блаславёна тая сіла,
        Што вас прымусіла ўцячы!
        Айда шукацьма, дзе згубіла
        Зара вячэрняя ключы!
        
        А раптам знойдзем? Вы не супраць,
        Каб мы знайшлі іх дзесьці тут?
        На вашу мілую прысутнасць
        Я запісаў бы гэты цуд!
        
        – Ключы у возеры ўтанулі,
        Іх месяц знойдзе давідна...
        А што б вы імі адамкнулі? –
        Цяпер спыталася яна.
        
        – Я адамкнуў бы імі дзверцы
        Той студні ў вотчынным двары,
        Адкуль сабе натхненне ў сэрца
        Бяруць музыкі й песняры.
        
        Я ўжо даўно адтуль не чэрпаў,
        Не даставаў жывой вады...
        – А без ключоў зары вячэрняй
        Вы не дасягнеце туды?
        
        – Не, нават нечага і марыць.
        Ключы патрэбны мне, ключы!..
        Яна задумалася, мабыць, –
        Маўчала, побач ідучы.
        
        Маўчала ноч. Маўчала неба.
        Свяціўся месяца паўкруг.
        Калматай коўдрай бела-срэбнай
        Засланы быў прырэчны луг.
        
        З лагчыны ўезджаным прасёлкам
        Да ўзгорка крочылі яны,
        І вось у твар дыхнула цёплым,
        Адвечным духам збажыны.
        
        І перапёлка ў прывітанне
        Ім пракрычала: «Жаць пара!»
        Жаданай тайны прадчуванне
        Было ім за павадыра.
        
        – Скажыце мне, а што павінна
        Лічыцца шчасцем у жыцці?
        – Па мне – з найлепшаю жанчынай
        Вось гэтак поручкі ісці.
        
        І знаць: яна цябе кахае,
        Як ты яе – усёй душой,
        І што за лёс вас ні чакае –
        Табе не зробіцца чужой...
        
        – І ўсё? – спынілася Мар’яна.
        – І ўсё!.. – А творчасць? А тварыць?
        – Тварыць – штодзённа, апантана –
        Для чалавека значыць – жыць...
        
        – А ці не шчасце – поспех, слава,
        Прызнанне публікі? – О не!
        Усё, што слава – нецікава.
        Ва ўсякім разе – для мяне.
        
        – Але яна ў вас ёсць, аднак жа,
        І без яе ўжо вы – не вы.
        – За гэта час, відаць, адкажа –
        Маёй нямнога тут віны...
        
        Мар’яна, гладзячы рукою
        Па шорсткай грыве каласоў,
        Крутнула русай галавою:
        – Не, вы віноўнік перш за ўсё.
        
        Адной той песні, што ў застоллі
        Сягоння спелі дзеля вас, –
        Адной яе было б даволі,
        Каб не ўскладаць віну на час...
        
        Прабачце мне, што я, магчыма,
        Бяру занадта смелы тон:
        Я вам удзячна, шчыра-шчыра,
        За гожы талент ваш і плён!
        
        Я вашу музыку звычайна
        Па першых гуках пазнаю,
        Што нейкай сілай ачышчальнай
        Душу ў палон бяруць маю.
        
        Пачую раптам, выпадкова –
        І ўся, да клетачкі адной,
        Замру ад нечага такога,
        Што лучыць з вечнасцю самой.
        
        І родны кут адразу ўбачу –
        У светлых днях жыцця свайго.
        Знямею, слухаю і плачу –
        Сама не ведаю чаго.
        
        Ад шчасця, можа? Ці ад болю?
        Ад крыўды той за нас саміх,
        Што краю роднаму з любоўю
        Не аддаём свой кожны міг?..
        
        Мар’яна ўся ажно трымцела,
        Уся пылала перад ім.
        Не гаварыла – песню пела,
        Найсветлы ў свеце пела гімн!..
        
        Сцяпан глядзеў зачаравана
        У малады прыгожы твар.
        – Дык вось якая вы, Мар’яна!
        Які вам выпаў божы дар!
        
        А я не знаў, што вы такая.
        Што вы наогул... недзе ёсць...
        Што ў роднай вёсцы напаткае
        Мяне нанова... маладосць!
        
        Я скалясіў не раз, не двойчы
        Удоўж і ўпоперак наш край:
        Як часта радасць біла ў вочы –
        Глядзі, любуйся, выбірай!
        
        І я глядзеў, і любаваўся
        Жыцця найпекнаю красой,
        А выбіраць – не парываўся:
        Зайздросны лёс, але – не мой!..
        
        Сцяпан адчуў: сусвету веліч
        І міг – зліваюцца ў адно.
        Ён быў зусім гатоў паверыць,
        Што вось і шчасце, вось яно!
        
        – Дазвольце, я вас пацалую, –
        Сказаў даверліва, як мог...
        Жагнай, жагнай напрапалую,
        Калі ты ёсць, купальскі бог!
        
        Цямніся, ноч! Світай, світанне!
        Ярыся, сонца! Днейся, дзень!
        Любві і згоды панаванне
        Яднае з веку свет людзей.
        
        А розум ставіць спасцярожна
        Непераступнае «ледзь-ледзь»...
        – Сцяпан Якубавіч... ці можна
        Адну вам песню вашу спець?
        
        Я – напаўголаса, нягучна...
        – Ды калі ласка! Буду рад!
        – Даўно са мною неадлучна
        Яе высокі, чысты лад...
        
        Мар’яна стала строга, сціпла
        Перад маўклівай збажыной –
        Як перад залай чуйна сціхлай
        У ззянні зорнасці начной.
        
        «Прыйдзі – як снег на квецень маю,
        Прыйдзі – як бура на зямлю, –
        Не страшна мне, бо я – кахаю,
        Не скрушна мне, бо я – люблю.
        
        Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю
        І ўсё навек благаслаўлю –
        Адно адчуй, як я кахаю,
        Адно спазнай, як я люблю.
        
        Ці зладжу я з сабой – не знаю,
        І аб адным цябе малю:
        Не папракай, што я кахаю,
        Не праклінай, што я люблю...»
        
        Чым шчаслівей Мар’яна пела
        (Так – раз пяецца на вяку!) –
        Тым больш расла ў яго, мацнела
        Трывога: што гэта? адкуль?
        
        Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце
        Ён напісаў яе... Пазней –
        У іншым, новым варыянце –
        Пусціў на волю, да людзей.
        
        Яе не часта людзі пелі.
        Не дзіва: песень – мірыяд!
        Цяпер ён слухаў ва ўтрапенні
        Забыты першы варыянт!
        
        Адна душа на ўсю планету
        Калісьці ведала яго!..
        Спытаў ледзь чутна:
        – Песню гэту...
        Перанялі вы... ад каго?
        
        – Ад мамы!..
        – Значыць, вы, Мар’яна –
        Альжбеты Францаўны... дачка?!
        Усё было так нечакана –
        Як з неба гром без аблачка.
        
        – Дачка!..
        На міг сцяло, здавіла
        Яму ў грудзях – не прадыхнуць.
        – А што вас гэта... так здзівіла?
        – Вы... не падобныя нічуць!..
        
        Ён знаў, ён помніў, што Альжбета
        Ад мужыка пайшла з малой.
        Але што кветка-цуд вось гэта –
        Яе крывінка?.. Божа мой!
        
        Хвіліну цэлую балесна,
        Вачэй не зводзячы, глядзеў.
        – Дык вось якая наша песня! –
        Сказаў працягла, нараспеў.
        
        Мар’яна зразу ж улавіла,
        Што нешта сталася, але ж –
        Ёй так хацелася шчасліва
        Абняць увесь прастор-бязмеж!
        
        І так паверылася моцна:
        Жыццё для шчасця існуе, –
        Што усумніцца хоць на момант –
        Было б забойчым для яе!..
        
        – Світае ўжо... Раса ірдзіцца...
        Я пабягу... А вы – пасля.
        Са мною разам не ідзіце –
        Убачыць можа хто здаля...
        
        Сцяпан цяпер адно заўважыў,
        Што ноч радзее пакрысе.
        – Я... буду помніць словы вашы!
        І слухаць песні вашы ўсе!..
        
        Ужо адбегшыся далёка,
        Яна спынілася, затым
        Звярнула ўбок і ў момант вока
        У жыце канула густым.
        
        «Там нацянькі, відаць, сцяжына», –
        Падумаў ён – і неўпапад:
        Мар’яна вынырнула з жыта
        І стрымгалоў бяжыць назад.
        
        Падбегла – быццам бы з купання:
        І нос, і лоб, і валасы,
        І дужкі броў – усё дазвання
        У срэбных кропельках расы!
        
        Расой намоклі чаравічкі,
        Спаднічка зрошана з бакоў.
        А каля сэрца – невялічкі
        Букет купальскіх васількоў!
        
        Няйначай, цуд прыроды нейкі,
        Сатканы з росаў, перад ім.
        – Вось, – падала Сцяпану кветкі, –
        Аб роднай ніве на ўспамін...
        
        – Ты змокла ўся, – сказаў ласкава.
        Яна ўсміхнулася: – Дармо!
        І засаромлена спытала:
        – Вы мне напішаце пісьмо?
        
        Хоць два радкі, як болей нельга...
        – Хоць два радкі, – кіўнуў Сцяпан.
        – Да пабачэння! – і пабегла
        У шызы досвітны туман...
        
        * * *
        
        Альжбета Францаўна паспала
        Зусім не шмат – гадзіны дзве.
        Пасля гасцей – чамусь абвяла,
        І боль азваўся ў галаве.
        
        Спачатку думала з Мар’янай
        Пагаварыць і ўсё сказаць –
        Чаму ёй стала так пагана
        Ад жарту Лёдзі: «Чым не зяць?»
        
        Адкрыцца ўвогуле начыста:
        Чым столькі год яна жыла –
        Якой пакутаю цямрыстай,
        Якой іскрынкаю святла!
        
        Але адчула, што не зможа –
        Душа зайшлася палыном.
        Аддасць хай трохі... Легла ў ложак
        І знемаглася цяжкім сном.
        
        Што ёй прыснілася – не помніць,
        Але прачнулася яна,
        Адчуўшы страх, якраз у поўнач,
        Пры пасках месяца з акна.
        
        «Мар’яна!» – рэзкі боль нясцерпны
        Апёк раптоўна, як агнём.
        Яна ўсхапілася з пасцелі
        І – за пярэгарадзь кулём.
        
        Убегла, шырму адхінула –
        І дых Альжбеце заняло,
        Здавіла так – аж пахіснула:
        Мар’яны ў ложку не было!..
        
        – Мар’яна! – клікнула. – Мар’яна!
        І зразумела, што дарма:
        Пасцель была не рассцілана.
        Дачкі няма! Яе няма!..
        
        Душу здагадка апаліла:
        «Мар’яна з ім! Канешне – з ім!»
        І, страшна ўсхліпнуўшы, завыла
        Альжбета ў цераме сваім.
        
        Яна не плакала – канала,
        Слязьмі давілася ўзахліп
        І рукі роспачна ламала
        Перад бяздушным ззяннем шыб.
        
        Няўцямна выйшла на падворак,
        Да весніц моўчкі падышла.
        «Маё ж дзіця мне будзе вораг –
        Вось да чаго я дажыла...»
        
        Світала. Шызы морак плыўкі
        Сплываў у закуткі на дзень.
        У скроні білі дум абрыўкі:
        «Усё... Ніякіх больш надзей...
        
        Нічога больш... Надзей, уласна,
        І не было... А што ж было?
        А што ж раптоўна так пагасла,
        Суздром рассыпаўшыся ў тло?
        
        Магчыма, памяць, што трымала
        Душу на нітачцы жывой?
        Цяпер і памяць не стрывала –
        Ён нават там ужо не твой...»
        
        Ды вось пачуўся быццам шорах.
        У сэрцы тахнула: «Яна!»
        Ну, так: сцяжынкай на падворак
        Яе дачка ішла з гумна.
        
        Але ішла Мар’яна дзіўна –
        Як бы гуляючы з сабой:
        То рукі белыя карцінна
        Счапляла ўшчэп над галавой,
        
        То нагіналася, зрывала
        Травінку, можа, ці лісток,
        Да губ прыклаўшы, цалавала
        І адкідала тут жа ўбок...
        
        Альжбету згледзеўшы ля ганку,
        Яна апомнілася ўміг:
        «Ой, будзе мне за прагулянку!
        Ой, мама, што ў вачах тваіх!..»
        
        Акамянелы, пастарэлы,
        Якісь нядобры і чужы
        Быў матчын твар, нязвыкла белы
        У дня і ночы на мяжы.
        
        – Ты з кім бадзялася, бадзяга?
        – Не трэба, мамачка, пасля...
        Альжбеце раптам стала блага:
        Спаднічка зрошаная ўся.
        
        – Ты на яго забудзь адразу ж! –
        Сказала тонам ледзяным. –
        І калі ўздумаеш пра замуж –
        То знай: з любым – але не з ім!..
        
        Мар’яна войкнула, замёрла,
        Губу падціснула губой
        І моўчкі, горда, непакорна
        Глядзела ўдаль перад сабой.
        
        Але не бачыла нічога
        Праз слёз гарачую імглу,
        Апроч усмешкі засмучонай
        Ягоных воч, ягоных губ...
        
        А потым кінулася ў хату,
        Упала ніцма на пасцель
        І доўга трэслася ад плачу –
        Ад чорных дум між белых сцен.
        
        * * *
        
        Ці быў хоць дзень адзін, Вячорка,
        А ці была хоць ноч адна,
        Каб у самотнасці агорклай
        Цябе не ўспомніла яна?
        
        Каб не падумала парою:
        Хоць дзесь на тысячнай вярсце,
        Хоць за апошняю гарою –
        А лёс усё-такі звядзе!..
        
        І звёў... «Прыслухаўся», нарэшце,
        Да крыку змучанай душы –
        І звёў... Узрадуйся, уцешся
        І шчыра «дзякую» скажы.
        
        Лёс абышоўся больш чым злосна.
        Ударыў так, што не стрываць.
        Свая ж дачка... Пакуль не позна –
        Іх стрэчы трэба абарваць!..
        
        Яе вяло на двор знаёмы
        Зусім не злосці пачуццё –
        Сляпая роспач, страх няўёмны:
        Куды ж крутнулася жыццё?
        
        Як лёс прыдумаць мог такое,
        Што, нібы торбу ў жабрака,
        Усё ў яе найдарагое
        Адыме родная дачка?
        
        Што раптам згасне гэткім чынам
        Апошні променьчык надзей...
        І дзе пакут яе прычына –
        Не волен знаць ніхто з людзей.
        
        Крый бог, каб ён або Мар’яна
        Штось западозрылі... Каб ён...
        Ён, для якога заарана
        Сцяжынка ў край юнацкіх дзён.
        
        Ён, для каго Кудзёлка Аля –
        Як фільм, што колісь перажыў.
        Забыта так, што ў ноч Купалля
        Яе дачку прываражыў!
        
        У гэткім роспачным настроі
        Яна ішла прасіць яго,
        Каб ён пакінуў у спакоі
        Мар’яну – толькі і ўсяго.
        
        Каб ён знайшоў прыдатны спосаб
        І даў дзяўчыне зразумець:
        Пасля купальскай ночы ў росах
        Патрэбна ёй працверазець...
        
        Альжбета Францаўна застала
        Вячорку ў хаце. Штось чытаў
        І быў уражаны нямала
        Яе прыходам: не чакаў.
        
        Ці мо адразу першы позірк
        Усё сказаў яму? Бадай...
        – Ну, што спынілася ў парозе?
        Праходзь далей, прашу: сядай!
        
        Падаў ёй крэсла. Госця села
        І, склаўшы рукі ў падале,
        Глядзела моўчкі, анямела
        На кветкі ў шклянцы, на стале.
        
        На васількі, што колісь звыкла
        Душу ўздымалі над зямлёй,
        Што як прысуд, як лёсу выклік
        Цяпер стаялі перад ёй...
        
        – Сцяпан Якубавіч, хачу я
        Табе бяду сваю адкрыць.
        Няхай душа твая пачуе,
        Як мне нялёгка гаварыць.
        
        Яна – зялепуха, дурная,
        Хоць у яе ўжо і дыплом.
        Людскога зла яна не знае,
        Узросшы ў маці пад крылом...
        
        – Ты пра каго? – Я пра Мар’яну.
        Яна з табой была ўначы.
        Ты даў ёй выпіць дурнап’яну,
        І ты мне мусіш памагчы...
        
        – Ах, вось пра што ты! – усміхнуўся
        Вачыма сумнымі Сцяпан.
        Зніякавеў. Панік. Прыгнуўся.
        – Ты лічыш: гэта дурнап’ян?
        
        – Так, гэта проста ачмурэнне,
        Яна ж уся – як не свая.
        Прабач, ты робіш вельмі дрэнна:
        Усё ж старэйшы ты ўдвая.
        
        Ты шчасця мець замала будзеш –
        Як не апомнішся, павер!
        Адно жыццё ёй збаламуціш
        Ды, дзякуй, мне ўкароціш век...
        
        Не знаў Сцяпан, якая драма
        Якім агнём у ёй смыліць,
        Што ў ёй дасюль той май, як рана,
        І крываточыць, і баліць.
        
        Што ўчора, першая ж хвіліна,
        Калі спаткаліся яны,
        Яшчэ выразней праявіла
        Далёкі вобраз той вясны...
        
        Не знаў ён гэтага, ды бачыў:
        Усё ў ёй стала на дыбы!
        Сказаў: – Дарэмна вінаваціш:
        Не прынясу я вам бяды.
        
        Сказаў спакойна, у астудзе,
        Удзячны лёсу, што сцярог.
        І паўтарыў: – Бяды не будзе.
        А шчасце... Шчасця – дай вам Бог!.
        
        – Бяда ўжо ёсць! – Альжбета рэзка
        Згарнула пальцы ў кулачкі
        І апантана ўстала з крэсла:
        – Сцяпан, не руш маёй дачкі!
        
        Знайдзі да нас у сэрцы літасць –
        Як брата роднага, прашу!
        Малю найшчыраю малітвай:
        Не даканай маю душу!
        
        Даруй! Ты быў мой бог, мой віцязь –
        Дык не пазбаў мяне жыцця:
        Не дай, не дай мне ўзненавідзець
        Маё адзінае дзіця!
        
        Калі ж, не ўстыджаны ўчарашнім,
        Яе ты ўцягнеш у капкан –
        Праклёнам маці самым страшным
        Я пракляну цябе, Сцяпан!..
        
        Узрушна выпаліўшы гэта,
        Запалымнела, як агонь,
        І – за парог. – Чакай, Альжбета! –
        Гукнуў Вячорка наўздагон.
        
        Але яна, хоць і пачула,
        Не запынілася ў дзвярах,
        Паўз вокны ценем мільганула
        І ў вулку выбегла з двара.
        
        Сцяпан стаяў, маўчаў паніклы.
        Зацяўшы нерваў вузлякі.
        А на стале – як лёсу выклік –
        Сінелі кветкі-васількі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.