РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
АДСТУПЛЕННЕ ЧАЦВЁРТАЕ – У ГОНАР МАЦІ
        
АДСТУПЛЕННЕ ЧАЦВЁРТАЕ – У ГОНАР МАЦІ

        
        Такі закон прыроды, маці,
        І ў ім ёсць сэнсу глыбіня:
        Раней, чым першы смех дзіцяці,
        Ты доўга чуеш плач штодня.
        
        Ягоным смехам, словам, спевам
        Пасля ўмудрэеш... А спярша –
        Патрэбен плач, каб болем спелым
        Магла напоўніцца душа.
        
        І колькі ты жывеш на свеце –
        Спакон вякоў, здавён-даўна –
        Ты сэрцам там, дзе плачуць дзеці,
        Бо дзеці слёз не льюць дарма.
        
        Бо ім ці страшна, ці балюча,
        Ці душыць крыўда – не сцярпець.
        Ад шчасця слёзы ў іх не льюцца,
        Ад шчасця – хочацца ім пець.
        
        Ты – маці, ты – на ўсё гатова,
        Усё – змагчы, усё – аддаць,
        Адно б вясёлых ды здаровых
        Дзяцей пад сонцам аглядаць.
        
        Таму сабе ты ў долі просіш
        Зусім не шмат, зусім не шмат:
        Над галавою – неба просінь,
        Ды ў дзецях – лад, у дзецях – лад.
        
        О, як ты радуешся светла,
        Калі, не зломкі, не злябы,
        Яны жывуць беззапаветна
        Дабром – без прыценю злабы!
        
        Як пачуваешся шчасліва,
        Калі, не кволыя душой,
        Яны шануюць клапатліва
        Твае гады і гонар твой!
        
        Гады ж баляць, гады цяжэюць.
        А балючэй за ўсякі боль –
        Як дзеці любыя чужэюць
        І варагуюць між сабой.
        
        І ты глядзіш пакутна-скрушна:
        «Чаго вам, дзеткі, не стае,
        Каб жыць па-брацку, згодна, дружна?
        Усе ж вы – родныя мае!
        
        Я ўсіх пад сэрцам вас насіла,
        І кожным гордая была,
        І шчасця кожнаму прасіла,
        І ў кожным род наш берагла...»
        
        О, так! У кожным прадаўжала
        Свой род – не горшы між другіх.
        І як ні крыўдзіў лёс, бывала, –
        Ніхто не бачыў слёз тваіх!
        
        Вайна, разбой, пажар смяротны –
        І зноў – з руінаў, з небыцця –
        Тваёй любоўю дом твой родны
        Уваскрасае для жыцця!
        
        Ніякай сіле, ліху злому
        У сэрцы маці не забіць
        Надзею: даць працяг жывому!
        Надзею: песціць і любіць!
        
        І колькі доўжыцца тут вёснам,
        Кругавароту зім і лет –
        Прыгожы, казачна-дзівосны
        Дарыць ты будзеш дзецям свет.
        
        Пры ўмове, матухна, што сёння
        Зямлі ўсёй дочкі і сыны
        Развеяць змогуць назаўсёдна
        Цень тэрмаядзернай вайны.
        
        Што ў цэлым свеце, на планеце,
        Ва ўсіх краях, ва ўсіх кутках –
        З’яднае ўсе людскія сэрцы
        Твой вобраз з дзіцем на руках!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.