РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
ГАМАНА Ў ЗАСТОЛЛІ
        
ГАМАНА Ў ЗАСТОЛЛІ

        
        Народ, што праўда, быў застольны,
        І гэта трэба разумець:
        Ён і на слоўца болей вольны
        І болей здольны пашумець.
        
        Яму душу адкрыць ахвота –
        Наросхрыст,
        насцеж,
        нарасхляб,
        Каб выйшла вон уся згрызота –
        На суд людскі і на разгляд.
        
        І ён гаворыць! Хто – з суседам,
        Што каля боку, хто – праз стол,
        Хто – сам з сабой,
        хто – з цэлым светам...
        Усе – гавораць! А пра што?
        
        Пра што? Давай, чытач, хоць трохі
        Мы іх паслухаем з табой:
        Ці ўловім дух і стыль эпохі
        У гамане па кругавой?
        
        З каго пачнём? З дзядоў, канечне.
        Старым пашану аддадзім.
        Ці ёсць у мудрасці запечнай
        Для нас што-небудзь – паглядзім.
        
        – Калісь да гэтай самай «Рускай», –
        Пачаў разважна дзед Сівец, –
        Быў селядзец у нас закускай –
        Салёны, з бочкі, селядзец!
        
        Ляжаў і керчанскі, бывала,
        І астраханскі – на выбор!
        Цяпер ніякага не стала.
        Гавораць: звёўся, перамёр!
        
        – А як яму не перамёрці, –
        Прадоўжыў гучна дзед Сакол, –
        Пры чалавечай нашай корці
        Усё паскудзіць навакол?
        
        Якая толькі смерць-атрута
        У нашы рэкі не бяжыць,
        А з рэк – у мора, па маршруту.
        Дзе ж селядзец той будзе жыць?..
        
        І тут Вінцусь «уторкнуў шпільку» –
        Прытворным тонам мудраца:
        – Народ усмак цярэбіць кільку!
        Народ не просіць селядца!
        
        – Цяпер прызнаны і ўхвалёны, –
        Яму ў адказ загуў Сівец, –
        Марынаваны ці салёны,
        Як след прыпраўлены, грыбец!
        
        Баравічок марынаваны
        Не ўступіць закусі любой!
        А рыжык! Пане мой каханы!
        Адно падхоплівай губой!
        
        Салёны рыжык – гэта, братка,
        Табе не нейкі чорны грузд:
        Усю талерку зменціш гладка,
        Калі, вядома, маеш густ!..
        
        І зноў Вінцусь – ну дай ты рады! –
        Гукнуў – аж рэха на дварэ:
        – Народ любому грыбу рады!
        Народ і порхаўкі бярэ!
        
        – Вось тут, шаноўны, ты ўжо хлусіш!
        Народ якраз наадварот –
        Прынамсі, ў нас, у Беларусі –
        Не ўсякі грыб піхае ў рот.
        
        – Антось казаў: паэта знае,
        Здаецца, прозвішча на -ок.
        Той, праўда, порхаўкі збірае,
        Пакуль яны – як тваражок.
        
        – Дык што за дзіва! Свенты Езус!
        Адзін з заезджых грыбнікоў
        Браў тыя ў нас, што з долу лезуць
        Каля сухіх каравякоў!
        
        Насіўся полем як шалёны;
        Калі ж я жарт пусціў з губы –
        Ён крыкнуў: «Гэта ж – чампіёны!
        Найсаладзейшыя грыбы!»
        
        Я не здзіўлюся, калі скора
        Аб’явіць нейкі балантэс,
        Што запяканка з мухамора –
        Найдарагі далікатэс!
        
        – Вось ты смяешся, а тым часам
        Усё да гэтага ідзе:
        Так, скора ўбачыш вокам ласым
        І мухамор на скаўрадзе!
        
        У грыбаварні вунь загрузка
        Штогод змяншаецца ўдвая.
        «Неперспектыўная закуска!» –
        Вось так, браткі , скажу вам я.
        
        Мы лёс грыбоў тады рашылі –
        І многіх ягад, зёлак, траў, –
        Калі магутны плуг машынны
        У грунце вены перарваў.
        
        Ці ж будзе лес грыбной кладоўкай,
        Калі ў яго аж страх зайсці:
        Нідзе – і ў цені нават – долках
        Зялёнай плямы не знайсці!
        
        Усохла ўсё і перасохла,
        Трашчыць, як порах, пад нагой.
        Не дастае карэнне сокаў –
        Спажыўнай вільгаці зямной...
        
        Ага! Няспешна, па-старэчы,
        Пачаўшы з закусі, з яды,
        Усё ж узбіліся нарэшце
        На тэму важную дзяды.
        
        Ну што ж, няхай памітынгуюць,
        Хай на здароўе пабурчаць,
        А мы кампанійку другую
        З табой паслухаем, чытач.
        
        Вунь – штось мурлыкаюць інтымна
        Сяброўкі даўнішнія дзве.
        Ці не аб тым яны, што стыдна
        Сказаць услых пры грамадзе?
        
        – Цяпер з нас кожны сам сабою –
        У шлюбе больш «не састаім».
        Ад жаніхоў – няма адбою!
        А ты як – з дзедам са сваім?
        
        – Жыву... Ты ж ведаеш Ямполя:
        Не я пры ім, а ён пры мне.
        Адной і ўцехі, што ніколі
        І словам колкім не кране.
        
        Са мной ён пурхацца не можа:
        Я ж кожны дзень пры барышы...
        – Дык вельмі добра! Дай вам Божа!
        А ёсць хто-небудзь... для душы?
        
        – Ну, калі хочаш ты ўжо ведаць –
        І для душы таксама... ёсць.
        А што? Варочаючы дзеда,
        Намарна страціць маладосць?
        
        Каб я была якой нягеглай
        Або дурной – ні даць ні ўзяць...
        Вось, ад’язджаючы, забегла
        Касцюм свой новы паказаць.
        
        Якраз купіла ў нашым ЦУМе.
        І знаеш, што ён мне сказаў?
        «Ты хараша ў любым касцюме!»
        І яшчэ больш за сэрца ўзяў!..
        
        Не, гэта слухаць нецікава!
        Здзівіла б болей навіна,
        Каб маладуха не ўцякала
        Ад дзедугана-гругана.
        
        Мы гэткіх шлюбаў многа знаем:
        На кветках жэняцца карчы,
        І тым карчам мы спачуваем,
        Але не можам памагчы.
        
        Мы нават чулі пра здарэнне,
        Калі нямоглы корч адзін
        На разагрэтую патэльню
        Ад злосці жонку пасадзіў.
        
        А што падняў там за праблему
        Перад суседам тамада?
        – Мне сын купіў касцюм з крымплену –
        Дык братка мой: адна бяда!
        
        Якой мне радасці, што модны?
        Прайдуся ў ім туды-сюды –
        Дамоў вяртаюся аж мокры,
        Як быццам вылезшы з вады!
        
        Што не камечыцца – я знаю,
        Ды толькі ён не для мяне:
        Пацею, млею і канаю
        У гэтым штучным палатне.
        
        А мы пытаемся ў вучоных
        І самі ў думках моршчым лоб,
        Адкуль усякіх незлічоных
        На нас звалілася хвароб?
        
        І дурню ясна, дзе прычыны:
        Не трэба хіміяй фарсіць,
        А трэба з лёну ды аўчыны
        На целе вопратку насіць!..
        
        Катэгарычны дзядзька вельмі.
        Ды, як мы ўпэўнімся вось-вось,
        Тут сэнс пытання не ў крымплене,
        Нашмат шырэйшы сэнс тут ёсць.
        
        – Дык, значыць, ты супроць прагрэсу? –
        Спытаў уедліва сусед.
        – Э, не! Хоць родам я і з лесу –
        Мяне на мушку браць не след!
        
        Я – за прагрэс! І ўвесь мой клопат
        У тым, што мы, мясцовы люд,
        Не беражом, не цэнім вопыт,
        Які ў вяках капіўся тут.
        
        Давай, каб больш было канкрэтна,
        Сабе ж пытанне зададзім:
        Чаму з табой мы гэтак рэдка
        Бліны-грачанікі ядзім?
        
        – Таму, што мала сеем грэчкі.
        – Ну, а чаму? – пытанне зноў.
        – Ды абыходжуся я, зрэшты,
        І без грачанікаў-бліноў!
        
        – Ты абыходзішся – то добра:
        Да іншых, значыцца, прывык.
        А ў Тамаша, у хлебароба,
        Спытаў? Ці ён ужо не ў лік?
        
        У нас жа грэчка слаўна родзіць!
        Мы можам мець яе ў адвал!
        Чаму ж не маем? Што нам шкодзіць?
        Стандарт і вал. Агульны вал.
        
        Раней мужык, хоць жыў і бедна
        І цёмны быў, а ведаў ён:
        Да жыта й бульбы адпаведна
        Патрэбен грэчачкі загон!
        
        Дык вось прагрэс я мыслю гэтак,
        А ты на вус матаць сызволь:
        Засеем грэчкаю палетак –
        «Дзе боб?», спытаю, «дзе фасоль?»...
        
        Ну, што, чытач? Бадай, даволі
        Нам слухаць Лёксу-тамаду, –
        Іначай я цябе ніколі
        Наўкруг стала не абвяду.
        
        Хадзем са мной далей застоллем.
        Вунь – бачыш гэных двух мужчын?
        Давай ля іх крыху прыстоім –
        Удумна гутараць. Аб чым?
        
        – У нас падобных сем’яў многа,
        Дзе ён – мужчына без заган:
        Па ўсіх стаццях узяў ад Бога,
        Іван-царэвіч – як ні глянь!
        
        А жонка – чорт ляпіў, напэўна!
        Супроць яго – як ноч і дзень!
        Такая, братачка, царэўна –
        Хоць ты аброць на морду ўздзень!
        
        Ну, сапраўды: якая ж пара?
        Асілак, волат, багатыр –
        І сухарэбрая гаргара,
        Яшчэ й гундосая прытым!
        
        Або такая малюпашка,
        Што меншай нельга і ўявіць,
        Што і ў пасцелі нават цяжка
        Пад коўдрай граблямі злавіць!
        
        А ў той жа час плюгаваморды
        І віслазады бегемот –
        Глядзіш – вядзе пад ручку, горды,
        Такую жонку – Божа мой!
        
        Ну рыхтык – з казкі Васіліса!
        Нашто ж ёй гэны вымяед?
        Ды на яе ж гатоў маліцца
        Найлепшы, можа быць, паэт!
        
        Не знаю, лёс тут неабачны?
        Ці так само пайшло здаўна?
        Найлепшы яблык – самы смачны
        І самы спелы – есць свіння!..
        
        Ну, вось, культурныя нібыта,
        А зноў – пра жонак і мужоў.
        Не, гэта тэма страшна збіта
        І намі вычарпана ўжо.
        
        Далей пакруцім круг сябрынны!
        Чаго, напрыклад, хмурыць лоб
        Ля боку ўласнай палавіны
        Пляменнік Сохвіі Пракоп?
        
        – Схадзі, як вылезем, на пошту
        І ў Мінск дачушкам пазвані,
        Каб пакупалі ў тазе кошку,
        Як прыйдзе вечарам з гульні.
        
        А то яшчэ якой заразы
        Дзе набярэцца ля вуглоў.
        Ты чуў?.. Чаго ж, як ад абразы,
        Ты ад маіх скрывіўся слоў?
        
        – А ты цішэй бы гаварыла,
        Магла б і ведаць, што не ўсім
        Пра нашу кошку слухаць міла! –
        І ён пагляд наўзбоч скасіў.
        
        На Вінцуся? Ну, зразумела:
        Пачуў, напэўна, што сваяк
        Якраз узяўся пляжыць смела
        Кармільцаў кошак і сабак.
        
        – Нам пачалі давацца ў знакі
        Як звышбюджэтныя раты –
        Дэкаратыўныя сабакі,
        Дэкаратыўныя каты,
        
        Што не бягуць на паляванне
        І што не ловяць пацукоў.
        Таму – законнае пытанне:
        А хто гадуе тых псюкоў?
        
        Нядаўна ў нашым магазіне
        Я назіраў – быў сведкам сам,
        Як выбірала мяса псіне
        Адна фуфырная мадам.
        
        Перабарляла ўвесь прылавак
        І ўрэшце кажа: «Прадавец!
        Знайдзіце выразкі кавалак –
        Наш цюцік гэткага не есць!»
        
        «Ядры ж тваю раскачарэжку!» –
        Я ціха вылаяўся ўсмак.
        Дык, значыць, я, на здзек-насмешку,
        Ем, што не годна для сабак?
        
        Не, вы задумайцеся толькі:
        Выходзіць так, што ў кабяля
        І густ на мяса болей тонкі?
        Танчэй на цэлага рубля!
        
        Ну, прадавец ёй рэзнуў прама
        І нават пальцам пагразіў:
        «Вы не туды прыйшлі, мадама!
        Тут не сабачы магазін!..»
        
        Вінцусь замоўк – чакаў, напэўна,
        Што зараз нехта ў грамадзе
        Яго дапоўніць так жа гнеўна
        І тэме рысу падвядзе.
        
        Але апроч «так, так, і варта»,
        Нічога болей не пачуў
        І нават неяк вінавата
        Прымружыў посмех уваччу.
        
        Каб не цягнулася няёмкасць –
        Наліў суседу леваруч
        І, крутануўшы на ўсю громкасць,
        У іншы бок даў слову рух.
        
        – Ты што раскіс, мой мілы Зэлік?
        Што глюгу звесіў над губой?
        Давай, брат, – келіхам аб келіх!
        Ці ж мы не родзічы з табой?
        
        – Э-э, братка-братачка, каб мог я
        Заразу гэтую глытаць –
        Я б за здароўе бабы Зохвы
        Быў рад і ў бутлі дна дастаць!
        
        – Ты не зважай, што трохі шлакам
        Ці дрывясінаю смярдзіць
        Народ не гоніцца за смакам!
        Народ на градусы глядзіць!
        
        Ты ж ад прыроды мудрамыслы
        І энергічны чалавек,
        А вось не п’еш – таму і кіслы,
        Як нечым скрыўджаны навек.
        
        Эх, Зэля, Зэля, мілы Зэля!
        Ты б лепшы быў з усіх сяброў,
        Каб не баяўся гэта зелле
        Пускаць сабе хоць трохі ў кроў!
        
        – Хоць трохі я пусціў, хоць трохі!
        Праз не магу, праз калаццё
        Глынуў у гонар бабы Зохвы –
        Каб ёй на доўгае жыццё!..
        
        – Ах, значыць, выжлукціў кілішак?
        Дык ты герой, брат, упаўне!
        Запомнім гэта і запішам
        Хоць качаргою на сцяне!..
        
        Аднак жа годзе пра «глытанне»
        І годзе ўвагі Вінцусю.
        Тым больш што побач між братамі
        Ідзе дыскусія ваўсю.
        
        Антось-філосаф і Мікіта
        За штось счапіліся не ў жарт.
        Ну-ну! Чыё з іх будзе біта
        І хто пакажа большы гарт?
        
        Ого, на чым так не па-брацку
        Яны скрыжоўваюць мячы:
        Літаратуры і мастацтва
        Іх сутыкнулі дзеячы!
        
        – Аб іхняй творчасці я ў курсе,
        І я далжон табе сказаць:
        Ты брось! Тут дзела не ва ўкусе!
        За жабры нада іх узяць!
        
        Даволі ўжо качаць Машэку!
        Даволі смех пускаць з пяра
        І ўрэд прыносіць чалавеку –
        Замест здароўя і дабра!
        
        У наша ўрэмя, калі спутнік
        Над светам космас бараздзіць –
        Сатырапісцаў баламутных
        Пазорам нада прыгваздзіць!
        
        – За што ж, Мікіта? Праўда ў творах,
        Якой бы горкай ні была –
        Яна ніколі нам не вораг,
        Не зло для нас і не бяда.
        
        Як той папутны ў моры вецер,
        Яна ўсёй сутнасцю сваёй
        За нас – і больш за ўсіх на свеце
        Мы зацікаўленыя ў ёй!..
        
        Ну што, чытач? Відаць, філосаф
        У ім абранай галіне –
        Як той казаў – не з голых-босых
        І нешта мае ў галаве?
        
        Мікіту б лепей не спрачацца,
        Ды хіба ён уступіць верх?
        Калі не тут – то дзесь пры чарцы
        Яшчэ свой пусціць «феерверк»!
        
        Але мы спрэчку іх пакінем,
        А лепш паслухаем крыху,
        Як запрашае гаспадыня
        Аддаць пашану пірагу.
        
        – Ты ж піражка вазьмі, Барбарка!
        Ой, крыўдзіш, кумка, даліпан!
        Хоць пакаштуй, чаго ён варты –
        Ці ўдаўся гэты марцыпан?
        
        – Маўчы, кума, і не кажы ты!
        Ну як вазьму я піражка?
        Ці мой трыбух з трох полак сшыты?
        Ці паўтара мяшка – кішка?
        
        – На гэткі смачненькі кусочак –
        Ты паглядзі: у мёдзе ўвесь! –
        Яшчэ там знойдзецца куточак,
        Бо застанецца – хто ж паесь?
        
        – А ты, Рыгор? Ну – колькі змогі!
        – Не, я мучнога не хачу:
        Я ж не жанчына – я ж хоць трохі
        Яшчэ за таліяй сачу!
        
        – Каб ты з сваёю таляй спёкся!
        Яшчэ і дражніць баб! Ты еш,
        Пакуль, як кажа дзядзька Лёкса,
        Стол жыватом не адапхнеш!
        
        Ты б сам сябе акінуў вокам:
        Усмяг і высах у сцябле –
        Як тычка! Зломішся няўрокам –
        То пасмяёмся мы з цябе!
        
        – А хіба лепш, калі здаровы
        І малады дзяцюк ідзе,
        А той жывот – нібы ў каровы,
        Што вось-вось двойню прывядзе?
        
        Па-мойму, гэта непамысна –
        Таўсцець ад лішняе яды.
        І прымушаць гасцей да місы –
        Як і жадаць ім зла-бяды!
        
        – О, бачна – рос далёка дзесьці!
        А ў нас судзіла так сяло:
        «Было ўсяго – і піць, і есці,
        Але – прымусу не было!..»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.