РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
АДСТУПЛЕННЕ ПЕРШАЕ – ПАТЭТЫЧНАЕ
        
АДСТУПЛЕННЕ ПЕРШАЕ – ПАТЭТЫЧНАЕ

        
        О, Беларусь!.. – Няхай усклікну
        І я – за волатамі ўслед.
        Як пілігрым нясе малітву –
        Так я нясу іх запавет.
        
        Я скалясіў і змераў пешкі
        Твае прасторы ўдоўж і ўшыр –
        І ўсе шляхі, дарогі, сцежкі
        Пакрыжаваліся ў душы.
        
        Не знаю сам, якога зелля
        Ты падліваеш мне ў пітво, –
        Што гэтак моцна, гэтак хмельна
        Тваё чаруе хараство.
        
        Не знаю слоў, каб растлумачыць,
        Разгадку тайны праявіць, –
        Чаму штодня мне трэба бачыць
        Твой непаўторны краявід.
        
        Чаму без роднага паветра
        Я доўга дыхаць не магу,
        Чаму мне суджана павечна
        У неаплатным быць даўгу –
        
        Перад тваёю некрыклівай,
        Зусім не кідкаю красой,
        Што з воч зрываецца імклівай,
        Непераможнаю слязой,
        
        Што анікому не чужая
        І нават кончаных бадзяг
        Адчуць раптоўна прымушае,
        Як радасць тахкае ў грудзях.
        
        «Якая дзіўная краіна! –
        Пісала госціца адна: –
        І да Бабруйска скрозь – раўніна,
        І за Бабруйскам – раўніна...»
        
        Перапрашаю госцю вельмі –
        Удакладніць належыць тэкст:
        Хоць раўніна – ды не пустэльня,
        Хоць і раўніна – ды не стэп!
        
        А ўсё лясы ды пералескі,
        Бары, дубровы ды гаі,
        Бяроз і сосен пераблескі,
        Нязмоўчны шчэбет у галлі.
        
        А ўсё пагоркі, ды лагчыны,
        Ды касагоры, ды равы,
        Сярод палеткаў – лугавіны,
        У ціхіх поймах – паплавы.
        
        А ўсё азёры ды азерцы,
        Бруенне рэчак, плыннасць рэк...
        Дык што ж за дзіва, што на сэрцы
        Адбіўся вобраз твой навек?
        
        Дняпро і Нёман, Сож і Прыпяць,
        Дзвіна, Бяроза і Вілля –
        Спляліся так, што не разблытаць
        Іх у душы маёй, зямля!
        
        Не раз’яднаць і не адсекчы
        Ні ручайка – пакуль жывы.
        Тваіх артэрый ток адвечны –
        Давечны ток маёй крыві.
        
        Спыні на міг – і задыхнуся,
        І – як падкошаны ўпаду.
        Ды знаю, што прашэпчуць вусны
        Раней, чым іх навек звяду.
        
        Тваё імя яшчэ прамоўлю
        Апошні раз, о краю мой!
        Шчаслівы лёс – плаціць любоўю
        Табе і жыць – адною ёй.
        
        З чаго пачаў калісь над Гайнай –
        І скончу тым... Спакойны я:
        Павек не стане чорнай ганьбай
        Любоў прасветлая мая!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.