РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
СУСТРЭЧА
        
СУСТРЭЧА

        
        Пакуль жанчыны нетаропка
        Стаўлялі закусь на сталы,
        Мужчыны ў ценю пад істопкай,
        Кругляк асвойтаўшы стары,
        
        Пускалі дым у асалоду,
        Вялі гаворку між сабой –
        І пра ўраджай, і пра пагоду,
        І пра далёкі Лісабон...
        
        Хоць чуўся гурт правамі роўны –
        Ніхто не лёкай і не пан, –
        Але як рэдкі госць шаноўны
        У цэнтры ўвагі быў Сцяпан.
        
        Пачуць яго было цікава –
        Аўтарытэтны ўсё ж зямляк:
        З начальствам сходзіцца па справах
        І свет аб’ехаў як-ніяк.
        
        Што праўда, сам Вячорка лезці
        У цэнтр увагі не прывык
        І быў заўсёды ззаду дзесьці
        На фотаздымках групавых.
        
        Як чалавек не баз амбіцый
        Дырэктар школы Крутарог
        Хацеў павесці асабісты
        «На ўзроўні госця» дыялог.
        
        – Сцяпан Якубавіч, ну як вам
        На ўлонні роднага кутка –
        Тут, дзе ў прысутнасці наяўнай
        І лес, і поле, і рака?
        
        Вячорка строс з цыгаркі попел:
        – Прыгожа ў нас тут, што й казаць!
        Вячысты лес, мурожны поплаў –
        Цаніць бы гэта й шанаваць...
        
        – Усе гарантыі і ўмовы,
        Каб творчай музе аддыхнуць! –
        Дырэктар, бачна, быў гатовы
        Бліжэй к мастацтву павярнуць.
        
        Але Вячорка не паддаўся –
        На іншы выкіраваў лад:
        – А мы, у гэтым і бяда ўся,
        Не цэнім свой прыродны клад.
        
        Мы часта думаем: вось недзе!
        Вось там – прырода! Там – краса!
        Я па зямлі крыху паездзіў –
        І хлам з душы павытрасаў.
        
        Заблуд і прымхаў вымеў смецце,
        Мне смешна чуць пра нейчы рай:
        Для ўсіх і кожнага – на свеце
        Найпрыгажэйшы родны край!
        
        Для нас – прыроды болей мілай,
        Чым беларуская, няма.
        Яна ж усіх нас надзяліла
        Душой такою, як сама!
        
        То ж у яе натуры – чуласць,
        Гасціннасць, мяккасць, дабрыня,
        Гатоўнасць даць табе прытулак –
        Ці ты чужы, ці ты радня...
        
        Рай нейчы хвалім у ахвоту.
        А вось задумваліся вы,
        Што ў нас, апроч, бадай, асоту –
        Няма калючае травы?
        
        У нас – ці ў лесе ты, ці ў полі –
        Садзіся смела, дзе стаіш:
        Не бойся – сцёгны не паколеш,
        Як на падушцы, пасядзіш!
        
        Я ж быў у тых краях на поўдні,
        Дзе ўсюды горы навакол.
        Хадзіў па полі і запомніў:
        Які няўтульны, жорсткі дол!
        
        Над ім у поце людзі гнуцца,
        А ён на ласку страх скупы:
        Нідзе ні сесці, ні прыткнуцца –
        Адны калючкі ды шыпы...
        
        А ў нас зямля – якую краску,
        Якую былку ні сарві –
        Кладзі да сэрца як лякарства
        І – здаравей, брат, і жыві!
        
        Мы ад зямлі суздром залежым –
        Як і яна ад нас, людзей.
        Завошта ж мы яе драпежым –
        Штораз бяздумней і люцей?
        
        Вось вы ўжо ўсе немаладыя –
        Тут нарадзіліся, раслі:
        Дзе ручайкі-крынічкі тыя,
        З якіх калісьці мы пілі?
        
        Дзе дзеўся бор на Белых Выспах,
        Што быў нам домам у вайну?
        Чаму ён знік? Чаму ён высах?
        Каму прад’явіць час віну?
        
        Дзеля якой вышэйшай мэты
        Бясцэнны клад жывой вады
        У акіян мы пром сусветны?
        Ну й перапром! А што тады?..
        
        Сцяпан, замоўкшы на паўслове,
        Нагой акурак прыдушыў
        І зноў адчуў, як крыўдна-злое
        Штось варухнулася ў душы.
        
        Не раз, не раз ужо ўскіпала,
        Як магма, лютасць у грудзях
        Ад горкай думы: што прыспала
        У многіх душах – грамадзян?
        
        Чаму яны так неабачна,
        Не прадчуваючы бяды,
        Ідуць за глупствам і нахабствам
        Якога-небудзь Гламазды?
        
        Няўжо яны не разумеюць,
        Што тут яны – гаспадары:
        Адвеку тут аруць і сеюць
        І шлюць у свет свае дары!
        
        Што ў рэшце рэшт і іх нашчадкам
        Не дзесь, а ў краі родным жыць –
        І трэба мець, каб чуцца шчасным,
        Што шанаваць, чым даражыць!..
        
        – Сцяпан, – зірнуў Тамаш на брата, –
        Ты так гаворыш, як бы тут
        Сабралі тых, хто вінаваты,
        І ты выносіш ім прысуд.
        
        А нашай, брат, віны не болей,
        Як і тваёй, а можа, й менш,
        Бо ты ж усё-ткі, Божай воляй,
        Дзесь там з уладаю наўзмеж.
        
        Напрыклад, я – не растлумачу,
        Чаму так сталася і як,
        А толькі многімі ў нас, бачу,
        Кіруе хэнць «пажыць усмак».
        
        На ўсё ядомае ў прыродзе
        Пайшоў у наступ спажывец –
        І звер і птах ужо на зводзе,
        І ў рэчцы рыбіне – канец.
        
        Усё наважыў зжэрці, знішчыць –
        Без сантыментаў, лішніх слоў –
        Мільёнавокі паляўнічы,
        Мільёнарукі рыбалоў.
        
        Ніхто не мучыцца дакорам,
        Ніхто не думае пра грэх,
        І ўжо не стане ягад скора,
        Звядуцца жолуд і арэх.
        
        А з’ездзі ў лес, у гушчу нетраў,
        І глянь, што робяць грыбнікі:
        З-за грыба мох на сотні метраў
        Дзяруць і рыюць, як дзікі!
        
        Як бы іх страшны голад гоніць –
        І трэба грэбці наўзахоп,
        Усё каб выграбці сягоння,
        А заўтра – заўтра хоць патоп!..
        
        – Тут і са школы трэба многа
        Спытаць за рост падобных з’яў, –
        Зірнуўшы ўскос на Крутарога,
        Антось-філосаф слова ўзяў.
        
        – Напомню прыклад досыць даўні:
        Калісьці ў нас у буквары –
        Было на «б» апавяданне –
        «Барыс і белка у бары».
        
        Што непісьменна – не «вавёрка»,
        А «белка» – тэма на пасля.
        Цяпер пра іншае гаворка:
        Чаму драпежнасць узрасла?
        
        Барыс са стрэльбай. Бачыць: белка!
        Бах! – міма. Белка на суку.
        Зноў: бах! – не лучыў. «Эх, няўмека!» –
        Гаворыць белка хлапчуку.
        
        І вось сынок бацькоў нядрэнных
        На ўсё жыццё запамінаў,
        Што трэба біць звярка на дрэве,
        Каб ён зваліўся і сканаў!
        
        Не жыць у радасці з ім дружна,
        Не любавацца і любіць,
        А біць – бязлітасна, бяздушна
        Страляць і біць, страляць і біць!
        
        І паспрабуй пасля ў такога
        Перавярнуць душу інакш!..
        – Ён пераверне сам любога! –
        З запалам выгукнуў Тамаш.
        
        – У нас такую сілу мае
        Меліяратар Гламазда:
        Яго нішто, брат, не стрымае,
        Яму нічога не шкада!
        
        Яму, што збег ад аліментаў
        За восем тысяч вёрст сюды
        І што, паводле дакументаў,
        Прайшоў і турмы і суды.
        
        Такія вывернуць з карэннем
        Апошні кусцік на зямлі,
        Каб атрымаць адно скарэй ім
        На апахмелку тры рублі...
        
        Відаць, мы ўсе папроку варты.
        Я і мастацтва закрану:
        Вось быў я неяк у тэатры –
        Глядзеў камедыю адну.
        
        Дык там якісь артыст на сцэне
        Іграў старога цурбяля
        І ўсё крычаў, аж пырскаў пенай:
        «За што любіць цябе, зямля?!»
        
        І што жылі мы небагата,
        І пухлі з голаду парой –
        Зямля была ў тым вінавата, –
        Даводзіў бравы дзед-герой.
        
        Я слухаў гэта – і , не блазен,
        А ўсё ж патомны хлебароб,
        Адчуў, што ён мяне абразіў,
        І рушыў з залы ў гардэроб.
        
        О прастата, ды не святая!
        Як ты далёка завяла!
        Падумаць толькі: ён пытае:
        «За што любіць цябе, зямля?»
        
        За што любіць? Во ліха-матры!
        Во даў задачку для глузда!
        Відаць, арудуе ў тэатры
        Таксама добры Гламазда!
        
        Калісь дзяды навук не зналі,
        Але карміцельку-зямлю
        Ласкава «матухнаю» звалі –
        Як маці родную сваю...
        
        Стамлёна з хаты выйшла Лёдзя,
        Падсела к Віньку на кругляк:
        – Напрацавалася – аж годзе!
        Дый наспыталася няўзнак.
        
        – Ну як там – скора ўжо, сястрыца? –
        Міргнуў ёй весела Антось.
        – Гатова ўсё, маглі б садзіцца,
        Але не чутна дзядзькі штось.
        
        Альжбета Францаўна чамусьці
        Яшчэ таксама не прыйшла...
        Сцяпан адчуў, як вена ў вусці
        Звужацца раптам пачала.
        
        У думках сам сабе ўсміхнуўся:
        «А ты хвалюешся, аднак!
        Як бы на стрэчу з ёй вярнуўся
        Той сарамяжлівы юнак.
        
        Спакойна, брат! Не ўскрэсне тое.
        Даўно ўжо зеллем парасло.
        Вы не захочаце абое
        І ўспомніць нават, што было...»
        
        – А дзе ж Мікіта? – хтось пытаннем
        Ягоных думак ход спыніў.
        – Сказаў: пайду на прагулянне.
        – А вунь ён – лёгкі на ўспамін!
        
        І сапраўды, з гумна да гурту
        Паважна крочыў зводны брат –
        Не йшоў, а нёс сваю фігурку –
        Глячок паўнюткі акурат!
        
        Ён зранку добра быў паддаўшы –
        Цадзіў, пакуль не набрыняў.
        Паспаў на сене, у паддашшы,
        І мацыён цяпер прыняў.
        
        Вінцусь рашыў «душу адвесці» –
        Увагай швагру «дагадзіць»:
        – Мікіта Зміцеравіч дзесьці
        Адзін сызволіў пахадзіць?
        
        Мікіта зіркнуў, нібы стрэліў:
        – А што з табой тут дым глытаць,
        Калі ўвяздзе такая прэлесь
        І пасматрэць і падышаць?..
        
        З усёй радні сваёй найболей
        Ён Вінцуся не паважаў,
        Бо зразумець не мог ніколі:
        Сур’ёзна кажа той ці ў жарт?
        
        – Ты – гарадскі, табе, Вінцэнты,
        Паняць прыроду не дано.
        А я ўвесь век жыву ў райцэнтры –
        Што і ў дзярэўні ўсё адно.
        
        Бывае, выйдзеш вутрам з хаты –
        Так благавухае сярэнь –
        Аж нос зрываюць араматы!
        Здаецца б, нюхаў цэлы дзень!
        
        Вінцусь тыраду ледзь даслухаў:
        – А я на гэта вам скажу:
        Народ не цэніць благавухаў –
        Ён любіць водар сенажу!..
        
        Сёй-той ухмылку сцёр на вуснах,
        Мікіта ж глянуў на радню:
        – Ты прыдзяржы язык распусны –
        Прывык плявузгаць ерунду!..
        
        Крыху няёмка стала Лёдзі –
        Аж злосць мільгнула на губе:
        – Ну, муж, калі б не пры народзе –
        Ой, благавухнула б табе!..
        
        Агульны смех з яе пагрозы
        І жартаў-рэплік цэлы рой –
        Знялі канфлікт, амаль сур’ёзны,
        Пераламалі ўраз настрой.
        
        Каб як лягчэй астатак часу
        Счакалі госці на двары:
        – Прынесла б, Лёдзя, ты нам квасу, –
        Кіўнуў-міргнуў Сцяпан сястры.
        
        – Такі бярозавік з ячменем
        Тамаш прыпас – што валіць з ног!..
        На гэты голас захаплення
        У тон азваўся Крутарог:
        
        – А нарачанскага кефіру
        Вам не даводзілася піць?
        Шкада! Вось ім бы музу-ліру
        Натхнілі вы як мае быць!
        
        Я ў санаторыі залетась
        Лячыўся там – такой парой:
        Вады і ў рот не ўзяў за месяц –
        Ні гатаванай, ні сырой.
        
        Штодня кефір купляў у Гэлькі –
        У магазіне. Вось дзе смак!
        Зірнеш – а ў горлачку бутэлькі,
        Як корак, маселца камяк!..
        
        Прынеслі квас. Гладыш няспешна
        Пайшоў, пад крэкты, па руках.
        З усіх гучнейшае, канешне,
        Было дырэктарава «а-ах!».
        
        – Не квас – сімфонія лясная!
        Глытнеш – і чуеш гаю шум.
        Здаецца, так і напаўняе
        Святлістай музыкай душу! ..
        
        Дырэктар яўна меў на мэце
        Не толькі госцю дагадзіць,
        А й паказаць, каб гурт прыкмеціў,
        Які эстэт у ім сядзіць.
        
        Ды зноў Вінцусь у звыклай форме
        Крутнуў нязменны свой педаль:
        – Народ не слухае сімфоній!
        Яму «Лявоніху» падай!..
        
        І тут з’явіўся дзядзька Лёкса.
        «Дзень добры» даў, паставіў кій.
        – Фу, братцы, ледзьве прывалокся:
        Не служаць ногі – хоць адкінь!
        
        Перш са Сцяпанам парукаўся,
        Пасля – з усімі па чарзе.
        У Лёдзі ціха папытаўся,
        Ці ў поўным зборы дзеці ўсе.
        
        Антось-філосаф тут жа месца
        Яму ўступіў на кругляку.
        – Ужо і дзядзька непрыкметна
        Пачаў катацца на кійку?
        
        – Пашкадаваў купіць машыну –
        Дык езджу так. Чаго ж хацець?
        Цяпер, каб чуцца чын па чыну,
        Сваю «каляску» трэба мець.
        
        Калі не ўзбіўся ты на ўласны
        На свой «Масквіч» або «жыгуль»,
        Дык, значыць, ты – бядняк няшчасны,
        І для людзей ты – круглы нуль.
        
        А калі ты ў сваёй бляшанцы
        Сядзіш на колах, дабрадзей, –
        Дык у цябе другія шанцы
        І на павагу ад людзей!
        
        Дарэчы, цацку гэту нешта
        Не завінуўся ты купляць?
        – Гляджу на дзядзьку: ходзіць пеша!
        Хаця і ногі ўжо баляць...
        
        – А што ты хочаш, ягамосцю,
        Ад гэтых збітых капытоў?
        Я ўжо ў сярэднім, брат, узросце:
        Налета – семдзесят гадоў!
        
        – Ну, дзядзька! Лэбусь вунь таксама
        Ужо хадзіў і шкрэбаў дол,
        А гляньце, як цяпер гайсае,
        Калі пабраўся з маладой!
        
        Пісаў наш друк: якісь іранец,
        Хаксар, за семдзесят гадоў –
        Пры мусульманскім іх каране –
        Жаніўся трыццаць шэсць разоў!
        
        – Ну, Лэбусь столькі ўжо не зможа!
        Хаця – як кажа ўсё сяло –
        Пасля жаніцьбы, дай ты Божа,
        Яму на вобмаладзь пайшло!..
        
        Мужчыны дружна рагатнулі,
        І ўжо адчулася па ўсім:
        На тую тэму павярнулі,
        З якой не выблытацца ім.
        
        – Вы раскажыце, дзядзька Лёкса,
        Як ваш зарэчанскі Адам
        З мадамай мінскай чуць не злёгся
        І чуць душу там не аддаў.
        
        – Гэ-э, хто б аддаў там – невядома,
        Ён – не слабак, не думай, брат!..
        Казаў: ну, чыстая мадонна –
        Хоць ты малюй з яе абраз!
        
        А ездзіў ён у Мінск на свята
        Як трактарыст-перадавік.
        І дзесьці там, хоць не аматар,
        Казаў – бутэльку прыдавіў.
        
        Канешне, гакнуў падхадзяшча.
        Але не ў тым была бяда,
        А ў тым, што быў ад ранку нашча,
        А нашча хмеліць і вада.
        
        Ну, там і высачыў мадонну
        І вельмі ж моцна пакахаў.
        Праводзіў вечарам дадому –
        Трымаў за локцік і ўздыхаў.
        
        На развітанне далікатна
        Хацеў у шчочку цмокнуць ёй –
        Яна ж сама пайшла захватна
        На буську буськаю сваёй.
        
        І так па-зверску цалавала,
        Уся шалеючы знутры,
        Што губы ўсе яму парвала:
        Казаў, балелі тыдні тры.
        
        Казаў: каб жонка ўночы гэтак
        На буську буськаю ішла,
        Дык меў бы ён не двое дзетак –
        Штогод збягала б з падала!
        
        – А што? У гэтай справе зверства,
        Відаць, павінна трохі быць!
        – Вы зверствам лічыце майстэрства –
        Уменне хораша любіць!
        
        І тут Вінцусь зусім спакойна
        Уткнуў тры грошыкі свае:
        – Народ цалуецца прыстойна:
        Ён ляпу ляпай не ірве!..
        
        – Чакайце! Я ж вам пра Адама
        Яшчэ не кончыў. Значыць, так:
        Што не бясхозная мадама –
        Аб тым не думаў наш басяк.
        
        Пакуль ён буськаўся – з пацёмку
        Аднекуль выскачыў мужык:
        «Ты што маю цалуеш жонку!» –
        Пачуў Адам пісклявы крык.
        
        Казаў: маленькі, кучаравы –
        Як пакаёвы сабачок.
        Але на выгляд – надта бравы!
        І на Адама – кулачок!
        
        Адам як даў нагой пад рэтра,
        Дык бедны «пудлік» метраў пяць
        Ляцеў, хапаючы паветра,
        І екатаў на ўвесь той пляц!..
        
        Пасведчыў смех, што Лёкса хвацка
        Падаў праграмны «нумарок».
        – А што такое «рэтра», дзядзька? –
        Спытала Лёдзя назнарок.
        
        – Ды я і сам не вельмі петру,
        Але ж цяпер кругом і скрозь
        Адно і чуеш: рэтра, рэтра, –
        Дык, мабыць, гэта рэтра й ёсць!..
        
        – Цяпер вунь пішуць, што для шчасця
        Мужык і жонка між сабой
        Ва ўсім павінны сумяшчацца,
        Іначай – кранты і адбой!
        
        Нібы часцей за ўсё бярэцца
        Развод з-за гэтага якраз.
        «Несумяшчальнасць душ і сэрцаў!» –
        Такі ў судзе даюць адказ.
        
        – Вунь Каптуроў старэйшы, Васька,
        Не сумясціўся са сваёй.
        Гады ж са два ці тры да загса
        Дык сумяшчаўся – Божа мой!
        
        І так спляталі рукі ёмка,
        Так згодна ў клуб гуляць ішлі!
        А толькі сталі муж і жонка –
        Не сумяшчацца пачалі!
        
        Пры чым жа тут віною цела?
        Тут цела, братцы, ні пры чым.
        Душа заўчасна абыдлела,
        У ёй – прычына ўсіх прычын.
        
        Я выдумляць-хлусіць не буду –
        Каптур сказаў, чыя віна:
        Ніхто не браўся мыць пасуду –
        І ён упёрся, і яна!
        
        Два тыдні дыхалі смуродам –
        На кухню страх было зайсці!
        І спрэчку кончылі разводам:
        Не сумясціліся ў жыцці!..
        
        Згусціўшы зморшчыны-барозны,
        Вінцусь маўчаў, пахмурыў твар
        І ўсім надзіва даў сур’ёзны
        К расказу Лёксы каментар:
        
        – Народ умее сумяшчацца,
        Народ душою не азыз.
        Не сумяшчаецца мяшчанства –
        З капрызам дробязным капрыз!
        
        Пакуль на ўсім гатовым дома
        Не трэба голаў клапаціць –
        Дык ад раскошы той, вядома,
        Натуру лёгка распусціць.
        
        А ледзь пачнуць па шлюбе самі
        Сябе карміць і даглядаць –
        Дык і каханне ўмэнт згасае,
        І згоды-ласкі не відаць...
        
        Так зацікаўлена і жыва
        Ішла дыскусія ў мужчын,
        Што й Лёдзя ўрэшце прылажыла
        Да важнай тэмы свой аршын:
        
        – Вам толькі моладзь не па густу,
        А ў тым не бачыце бяды,
        Што ў блуд, у гулі, у распусту
        Ідуць бабулі і дзяды.
        
        Павыдаюць або пажэняць
        Дарослых дочак і сыноў,
        Старыя мошчы паджэньшэняць
        І самі жэняцца наноў.
        
        Калісь, ад нэндзы ўсохлы-дохлы,
        У пяцьдзесят гадоў мужык
        Старым лічыўся і , нямоглы,
        Не браўся бабамі ў разлік.
        
        Цяпер і ў шэсцьдзесят не годзе!
        А што? Здаровыя, быкі!
        На кірмашы вунь так і водзяць
        Блудлівым зіркам у бакі...
        
        – Другі праз «грыб» не пераплюне,
        Сліняк цячэ па барадзе,
        А ўсё адно падчэпіць плюндру
        І ў рэстаран паіць вядзе.
        
        Дзядусь, а толькі і цікуе,
        Як за здабычаю каршун,
        Каб дзеўку злэпаць дзе якую;
        І каб прытым не ўзняўся шум!..
        
        – Таму пайшла цяпер распуста
        І юр узвірыўся, як вір,
        Што надта масла мажам тлуста
        На чорны хлеб, на белы сыр.
        
        Бывала, помню, мама ложыць
        Арэшак маселца ў камы –
        Не для таго, каб заваложыць,
        А каб хоць пах той чулі мы...
        
        Антось-філосаф раптам скеміў:
        Без філасофскага вянца
        Уся дыскусія па тэме –
        Што тая казка без канца.
        
        Ён кашлянуў без дай прычыны –
        Як знак на ўвагу ўсёй гурме,
        Ступіў наперад досыць чынна
        І гучна ўрэзаў рэзюмэ:
        
        – У нас уклад жыцця змяніўся –
        Нястача канула ў нябыт.
        Як цяжкі груз, на нас зваліўся
        Раней не знаны дабрабыт.
        
        Да грузу гэтага, дарэчы,
        Не ўсе гатовыя былі,
        І ў многіх кволенькія плечы
        Пачварна гнуцца пачалі.
        
        Душы падмурак іх маральны
        Няйначай трэшчыны дае,
        Таму й праблема, натуральна,
        Перад грамадствам паўстае...
        
        Закончыць сказ, парыўна ўстаўшы,
        Антосю Лёдзя не дала:
        – Усё! У зборы госці нашы –
        Альжбета Францаўна прыйшла!
        
        На міг замёрлі ўсе на месцы –
        Як бы напнулася струна.
        Дарожкай жоўтаю ад весніц –
        Сцяпан пазнаў – ішла яна.
        
        Ну, так яна – Кудзёлка Аля,
        Яго абранніца калісь!
        Як і ў студэнцтве – без караляў,
        Без персцянёў, без завушніц.
        
        У строгім светлым гарнітуры,
        У белай блузцы... падышла
        І сціпла, проста, без натугі
        Мужчынам «здраствуйце» дала.
        
        Яму – ледзь бачны ўклон. Без слова.
        А позірк вымавіў з тугой:
        «Калі так трэба – я гатова:
        Мы – незнаёмыя з табой...»
        
        А ён і сам не знаў, як трэба.
        І як трымацца, так ці так?
        Але з знаёмства іх сакрэта
        Рабіць не меціўся, аднак.
        
        Ён пра другое думаў зараз:
        Уразіў выгляд: «Божа мой,
        Што робіць час! Пачвара-старасць
        Красу жывую есць, як моль!
        
        Ёй сорак год, а паглядзеўшы –
        Намнога болей можна даць.
        Напэўна, лёс зусім не цешыў,
        Жыццё не песціла, відаць».
        
        Ён кідаў позірк на Альжбету –
        І сэрца кроіў боль скразны:
        Амаль нічога – ані следу
        Ад той дзяўчынкі, з той вясны!
        
        Як і чакаў і знаў наперад –
        Не сустракацца б лепей ім.
        Нібы старую рану верад –
        Душу спарушыў успамін.
        
        І стала сумна... Горка нават...
        Ну, вось і ўсё! І ўвесь разрад!
        Зусім без грому, без маланак...
        Ды і з чаго быць грому, брат?..
        
        Ад кругляка, дваром, да хаты
        Сцяпан з ёй побачкі пайшоў.
        «Канешне ж, я быў вінаваты!» –
        Пакутна выдыхнуў без слоў.
        
        – Ну, як жывецца? Як работа?
        – Жывём... Працуем і жывём! –
        Сказала неяк бестурботна.
        – А вы – надоўга ў родны дом?
        
        – На пару дзён. Для святкавання.
        – То ж нешта мала – пара дзён.
        На больш – не маеце жадання? –
        Пачуў у словах крыўду ён.
        
        – Чаму ж! Свой дом заўсёды ў сэрцы.
        К яму ідзеш з усіх дарог...
        І тут ім даў праход у сенцы
        Пачцівым жэстам Крутарог.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.