РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родныя дзеці
Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае – патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое – іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе – гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае – у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае – кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае – педагагічнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка
АДСТУПЛЕННЕ ТРЭЦЯЕ – ГІСТАРЫЧНАЕ
        
АДСТУПЛЕННЕ ТРЭЦЯЕ – ГІСТАРЫЧНАЕ

        
        Мой край, мой рай бульбяна-жытны!
        Зеленадолы, залаты!
        Як спеў матулі – старажытны,
        Як песня любай – малады!
        
        Акіну шлях твой думкай-вокам
        З вяршыні сённяшняга дня:
        Якая далеч да вытокаў!
        Які прасцяг і глыбіня!
        
        Мы шмат і ведаем і помнім
        Падзей, раскрытых да драбніц.
        Але твой лёс і сёння повен
        Неразгаданых таямніц.
        
        Як падлічыў адзін статыстык,
        Дык на прасторах на тваіх
        Калісь было не менш ста тысяч
        Магільных насыпаў старых.
        
        Хоць часу плынь і размывала
        Гарбы крутыя тых капцоў, –
        Яшчэ іх высіцца нямала,
        Прыбраных зеленню кустоў.
        
        А што яны хаваюць-тояць –
        Твае магілы-курганы?
        І як пачуць нам продкаў споведзь?
        І як у іх заглянуць сны?
        
        Даваць парады не бяруся,
        А толькі ведаю адно:
        Калі ў мінуласць Беларусі
        Прасекчы добрае акно
        
        І паглядзець на ўсё вачыма,
        Не замутнёнымі яшчэ –
        Не раз і гордасць дойме шчыра,
        Не раз і болем апячэ.
        
        І будзе думацца: які ты –
        Яшчэ ў прадаўнія часы –
        Быў, любы краю, знакаміты
        Майстрамі-творцамі красы!
        
        Якіх ты меў на зайздрасць свету
        І цесляроў, і маляроў,
        І летапісцаў, і паэтаў,
        І музыкантаў-дудароў!
        
        Якой асветай і культурай
        Твае здзіўлялі гарады –
        Не толькі Полацак ці Тураў,
        А й Друцак, зніклы назаўжды!
        
        І будзе думацца: чаму ж ты
        Не змог далей свой весці лад?
        Калі – пад цяжкім гнётам змусты –
        Пайшоў твой лёс на заняпад?
        
        Калі Ўладзімір завалодаў
        Сталіцай племя крывічоў
        І ўсмерціў князя Рагвалода
        Пад скрыжавальны звон мячоў?
        
        Ці пачалася крыўда-ганьба
        І над душою здзек-прыгон,
        Калі нямудры князь Ягайла
        Паквапна сеў на польскі трон?
        
        І будзе думацца: адкуль жа
        Набраў ты моцы, сіл жыцця,
        Каб уваскрэснуць зноў і мужна
        Паўстаць амаль што з небыцця?
        
        Каб, як дзівосная праява
        Народнай волі векавой,
        І Беларуская дзяржава
        На сонца сцяг раўняла свой.
        
        Сама гісторыя вучыла:
        Шануй, народзе, і цані –
        Усё, што поіць-жывіць шчыра
        Тваёй свабоды карані!
        
        Шануй душу сваю, народзе,
        І ўласнай памяці не траць,
        Каб у нязведанай дарозе
        Ахвярай хуткасці не стаць!
        
        Вучы дзяцей яшчэ з пялёнак:
        Каб не скаціцца пад адхон –
        Хай з курганоў тваіх зялёных
        Бяруць у заўтрае разгон.
        
        Хай пачынаюць думкай-марай
        Ад тога болю, што прарос
        Пад сінявой тваёй бясхмарнай
        Напевам сосен і бяроз,
        
        Ад гэных зорак прамяністых,
        Што й позна ўноч і рана ўрань –
        Гараць, гараць на абелісках –
        Куды ні глянь, куды ні глянь!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.