РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алег Мінкін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Слоўнічак расейска-беларускіх адпаведнікаў
Ад укладальніка
А
Б
В
Г
Д
Е
Ё
Ж
З
И
Й
К
Л
М
Н
О
П
Р
С
Т
У
Ф
Х
Ц
Ч
Ш
Щ
Э
Ю
Я
АД УКЛАДАЛЬНІКА
        
АД УКЛАДАЛЬНІКА

        
        У “Слоўнічку расейска-беларускіх адпаведнікаў”, у левай графе, пададзеныя расейскія словы й словаспалучэньні (выслоўі, устойлівыя выразы й т.п.), на якіх мы найчасьцей “спатыкаемся”, робячы мэханічны пераклад з расейскай мовы, ствараючы “кальку” замест праўдзівага беларускага адпаведніка. У правай графе складальнік паспрабаваў, паводле собскага густу, паказаць сапраўдныя моўныя адпаведнікі. Гэткім чынам, “Слоўнічак адпаведнікаў” трэ’ разглядаць з-пад увагі, што гэта ня проста “Расейска-беларускі слоўнік”, а, перадусім, спроба выбавіцца зь верхменаванага “калькаваньня”. Маім галоўным заданьнем было стварыць практычны дапаможнік для шырокага карыстальніка – для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.
        Слоўнічак-дапаможнік адрасаваны збольшага асобам, якія добра ведаюць родную мову, аднак складальнік залучыў у яго і пэўную частку словаў добраведамых. Прыкладам: земляника – суніцы, картошка – бульба, скворец – шпак, дбаючы й пра тых, хто ў недастатковай ступені валодае мовай.
        Ёсьць у слоўнічку й троху словаў іншаземных, асабліва такіх, якія маюць беларускія адпаведнікі (акцентировать – акцэнтаваць, падкрэсьліваць, вылучаць голасам; троглодит – траглядыт, пячорны чалавек). Некаторыя “іншаземы” залучаныя ў слоўнік дзеля іхнай арфаграфіі па-беларуску: информационный – інфармацыйны, маскироваться – маскавацца. Ёсьць таксама пэўная колькасьць словаў-тэрмінаў з пазнакаю ў дужках: (мед.), (мат.), (тех.), (грам.) і т.д.; назваў жывёлаў і птушак; геаграфічных назваў. Што да апошніх, дык складальнік насамперад імкнуўся залучыць у слоўнічак беларускія назвы краінаў (Венгрия – Вугоршчына, Испания – Гішпанія і г.д.) ды беларускую тапаніміку, асабліва тую, якая за царскім ды радзецкім часам была гвалтоўна перакручаная: Светлагорск – Шацілкі, Слаўгарад – Прапойск, Дзержинск – Койданава, Миоры – Мёры, Верхнедвинск – Дрыса.
        Наватворы, словы малаўжываныя й ненарматыўныя падаюцца складальнікам у прастакутных дужках: повитуха – пупарэ`зіца, [вабдзе`лка], артист – арты`сты, [кудзе`йнік].
        Яшчэ адна праблема – шматварыянтнасьць. Там, дзе складальнік збольшага справіўся з заданьнем, карыстальнік знойдзе шэраг словаў і азначаньняў, прыкладам:
        
        действительный (мат.) – рэчаі`сны
        действительный (настоящий) – сапра`ўдны
        действительный (член академии) – правадзе`йны
        действительный (действующий) – дзе`йсны
        дейстительный (законный) – пра`ўны, што ма`е сі`лу
        
        Там-жа, дзе складальнік ня справіўся, у дужках пазначана: (разл.), г.зн. “различается”.
        Адцемім і праблему сынонімаў. Складальнік імкнуўся вылучыць зь іхнага, часам незьлічонага шэрагу, найбольш адпаведныя, а не падаваць увесь шэраг цалкам: вожделение – пажа`длівасьць, прагне`ньне. Хаця тут можна “навыдумляць” і шмат іншых словаў.
        У працы над Слоўнічкам складальнік выкарыстаў як свае ўласныя напрацоўкі, так і напрацоўкі іншых асобаў, неабыякавых да праблемы “ка`лек-кале`к” у сучаснай беларускай мове. Асабліва ўдзячны нашаму цудоўнаму мовазнаўцу (“пурыстаму” ў дадатным сэнсе гэнага слова) Юрасю Пацюпе, а таксама Зьміцеру Санько, аўтару “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем”.
        Спадзяюся таксама на плённую дапамогу ўсіх тых, каго зацікавіць «Слоўнічак». Чакаю заўвагаў, канструктыўнай крытыкі, новых словаў і словаспалучэньняў. Мо супольна створыма нешта больш дасканалае. З-пад увагі, што складальнік слоўніка ніякі не мовазнаўца, а проста моўны практык, маю спадзеў на колечы-якія камэнтары да дасыланых словаў і словаспалучэньняў. Адрэса для кантактаваньня: [email protected]
        
        Алег Мінкін

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.