РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золата забытых магіл
 
Паралельны раман
Пралог
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
7
        
7

        
        Госця, які прыходзіць у дождж, сустракаюць больш ветла.
        Нават калі яго ніхто не клікаў і ўвогуле выглядае ён, як апошні паляўнічы на кентаўраў.
        Жабка ад падзення ў вітальні амаль не пацярпела – толькі адкалоўся кавалачак лапкі – і цяпер сядзела побач з сястрой-блізнючкай на часопісным століку і радасна ўзіралася ў свой новы дом пукатымі вачыма.
        Паліна прыдзірліва аглядала жывёлінак – і гіпсавая, прывезеная віленскім госцем, і каменная былі зусім аднолькавыя. Прыемна і тое, што гіпсавая зроблена куды больш старанна, падрабязна, чым ейная копія, разбітая ў віленскай паліцыі. Падарунак рыхтаваўся адмыслова!
        Скульптар – Паліна прыгадала, што завуць яго Валянцін, – сядзеў на зэдліку, прынесеным Палінінай маці з кухні для прамоклага госця (няма чаго фатэлі псаваць). Прыгорбіўся, быццам бусел, паглядае цікаўна вакол. Вядома, ёсць на што паглядзець: Паліна загрувасціла хату карцінамі невядомых мастакоў, што не ўяўляюць мастацкай каштоўнасці і таму не запатрабаваныя музеямі, «выкапнёвай» керамікай ды, вядома, кнігамі – шафа адмаўлялася змяшчаць іх у сваё перапоўненае чэрава, і кнігі складваліся, да абурэння маці, у стосы ля сцен – нібыта часова, а насамрэч, як яно і бывае ў такіх выпадках, на гады.
        А госць сапраўды выглядае несамавіта. Светлыя пасмы валасоў перахопленыя плеценым скураным матузком, як у хіпі. Вусы і кароткая бародка таксама стасуюцца з хіпоўскім іміджам. Швэдар самавязаны, з тоўстых бэжавых нітак – відаць, гандлярка ў скандынаўскай шапачцы звязала, няйначай жонка.
        Паліна нахілілася над жабкамі...
        – А вось тут вы памыліліся. Узор на спінцы не такі, як у арыгінала.
        Валянцін патрос галавой.
        – Гэтага не можа быць. Вядома, бабуліна жабка была пашкоджаная, але ўзор на спінцы захаваўся. У мяне з дзяцінства – абсалютная зрокавая памяць.
        – Гэта як абсалютны музычны слых? – няўважна перапытала Паліна, пераварочваючы жабак дагары.
        На падоранай жабцы, вядома, не было адтуліны для мацавання, але надпіс меўся – прыгожымі гатычнымі літарамі, па коле: «Вільня, 2003, ВНЧ».
        – ВНЧ – ваш подпіс? – здагадалася Паліна. – Як расшыфроўваецца?
        – Ну...– сумеўся скульптар, – напрыклад, «вам незнаёмы чалавек».
        Паліна перасмыкнула плячыма: не хочаш называцца – не трэба, вось дурное какецтва.
        – Вядома, на арыгінале быў іншы надпіс, – заспяшаўся патлумачыць Валянцін. – Тры лацінскія літары.
        – Вы памятаеце іх? – загарэлася Паліна.
        – Памятаю... Я ж іх бачыў. «ALB».
        – Дык гэта ж... выдатна! Тут ужо можна рабіць нейкія высновы. Гэта не подпіс аўтара. Магчыма, частка слова альбус – белы або яшчэ нейкага... На маёй напісана «TE». Калі перакласці з латыні – «цябе», «табой»... Чакайце! А жабак было чатыры! Можа, і на астатніх нешта напісана? І мусіць складацца ў нейкую фразу альбо слова? І малюнкі на спінах... Не можа быць, каб яны нічога не значылі. Тут павінна хавацца таямніца!
        Пры апошніх словах Паліны Валянцін змяніўся з твару. І раптам – узняўся з зэдліка, схапіў са стала сваю жабку, быццам гарачае вуголле, і пасунуўся да дзвярэй.
        – Ведаеце, я вам лепш нейкую другую скульптуру прынясу. Нашмат лепшую. Магу і з дрэва. Ці з натуральнага каменю. Хочаце вужыную каралеву? Ці льва?
        Паліна апамяталася і невымоўна абурылася:
        – Ану пастаўце на месца! Урэшце, я яе купіла! Вы забыліся? Ай, не! Гэта я забылася! – Раптоўная здагадка змусіла яе пачырванець. Можна падумаць, госць мок пад дажджом толькі для таго, каб мець шчасце падарыць ёй жабку і пасля выслухоўваць жаночыя фантазіі! Што ён падумае – столькі важдаўся з ёю ў Вільні, а яна аддаваць доўг і не збіраецца! Паліна кінулася ў вітальню, дастала з кішэні плашча кашалёк. Мала... Дый трэба не рублямі – Валянцін жа ёй білет да Мінска не за рублі купляў! «Зялёная заначка» захоўвалася ў надзейным месцы – у скрыні са шкарпэткамі. Урэшце Паліна вінавата працягнула скульптару належную, па яе падліках, суму.
        – Прабачце, калі ласка. Я вам вельмі ўдзячная за дапамогу.
        Госць сярдзіта пазіраў на гаспадыню, трымаючы жабку ў руках, як перахоплены ў вырашальны момант гульні мяч.
        – Схавайце свае грошы. Вы мне нічога не павінны.
        Вось такіх паваротаў Паліна не цярпела. Яна не мае патрэбы ў міласціне выпадковых знаёмых!
        Валянцін трохі разгубіўся ад ейнага абурэння, але падумаў і пакорліва ўзяў грошы.
        – Добра. Не хвалюйцеся. Я не ведаў, што гэта вас абразіць. Але скульптуру я хачу забраць не таму, што пашкадаваў. Проста я зразумеў, што вы пачынаеце займацца гістарычным фэнтэзі на гістарычнай дрыгве, прабачце за таўталогію. Не трэба тлуміць галаву. Гэта ўсяго толькі скульптуры з надмагілля, камяні з пячаткай смерці. Зноў мяне падвяла мая абсалютная зрокавая памяць. Зрабіў бы стылізавана... І Дзіна ўсё настойвала – рабі жабак на продаж, рабі...
        У словах скульптара гучала шчырае шкадаванне.
        Паліна не вытрымала:
        – Ды што вас, урэшце, засмучае?
        Скульптар панурыўся, чамусьці спыніўшы позірк на Палініных чырвоных пантофліках, і памаўчаў добрую хвіліну.
        – Аднойчы я сустракаўся з чалавекам, які таксама цікавіўся магілай Рашчынскага.
        – Дзе? Калі?
        – Даўно, яшчэ ў бабулінай вёсцы. Пасяліўся нейкі дачнік. Распытваў усіх пра ўзарваны касцёл, пра надмагілле Рашчынскага. Кожны дзень блукаў па Доме культуры, што на месцы касцёла збудавалі. Нешта вымяраў, запісваў. Яго лічылі вар’ятам, а дзеці, вядома, за ім бегалі. Смешны такі дзядзька, у белым капелюшы, у акулярах. Мне гадоў дзесяць было, але я на ўсё жыццё запомніў, як ён паўтараў: «Тут павінна хавацца таямніца! Тут павінна хавацца таямніца!»
        – І што, знайшоў той дзядзька нешта цікавае?
        – Не ён, а яго знайшлі. Аднойчы раніцай, каля Дома культуры, з прабітай галавой.
         Паліна разгубілася.
        – А чаму вы вырашылі, што гэтая смерць звязаная з роспытамі пра надмагілле?
        Скульптар паціснуў плячыма.
        – Я проста чуў, што гаварылі дарослыя. Усе асуджалі цікаўніка. Вядома, вінаватых не знайшлося.
        Паліне нават стала смешна. Баіцца! Вось дзівак!
        – Запэўніваю, што мне ніхто галаву не праломіць. І пастаўце жабку на столік. Калі баяцца нават уласных дзіцячых фантазій... Глупства якое!
        У гэты момант з кухні паказалася маці з кубкамі гарбаты на антыкварным медным падносе. Марыя Апанасаўна незадаволена паглядала на госця.
        – Што ў вас тут за спрэчкі?
        Валянцін сумеўся, і Паліна скарысталася гэтым, каб забраць у яго жабку. Скульптура была пераможна ўсталяваная на столік, і госцю давялося зноў усесціся на зэдлік. Тым больш і Марыя Апанасаўна апусцілася на канапу з кубачкам у руках – госць не адносіўся да тых, хто мог прэтэндаваць на тэт-а-тэт з ейнай дачкой.
        Маці ўсё-ткі падабрэла, даведаўшыся, што няўклюда – менавіта той рыцар, які дапамог Паліне ў Вільні, і ў выніку гэтага «пацяплення» на стале з’явіліся нават печыва і нарэзаны лімон.
        – Дык гэта ваша работа? – перапытала Марыя Апанасаўна, разглядаючы жабку. – Прыгожанька...
        – Гэта не проста прыгожанька, – важна зазначыла Паліна. – У гэтых жабках хаваецца нейкая таямніца.
        Паліна назнарок падкрэслена прагаварыла апошнія словы, каб убачыць, як госць зноў тузануўся і ўстрывожыўся – вунь як амаль з нянавісцю пазірае на бедных жабак.
        – Таямніца? Як цікава! – ажывілася маці. – Раскажы!
        – Ды я і сама не ведаю, у чым соль. Але на гэтых жабках – кавалкі нейкага надпісу. І бачыш – на спінках таксама нешта накрэслена.
        – Нічога не разбяру. Бародаўкі нейкія, звіліны... Чакай...
        Марыя Апанасаўна схадзіла па акуляры і зноў нахілілася над жабкамі.
        – Ты лічыш, гэтыя ўзоры маюць сэнс? Бачу крыжык... Ад крыжыка ўніз і трохі ўбок лінія. Па баках нібыта рымскія лічбы. А вось і літары – NNW, здаецца... І стрэлачка...
        Валянцін нават не пасунуўся паглядзець.
        – Правільна, NNW. У мяне быў час падумаць, што яны значаць.
        – Ну і? – зацікавілася Паліна.
        – Магчыма, норд-норд-вест. Накірунак свету.
        – Выходзіць, тут частка карты?
        Паліна была ў захапленні.
        – Паглядзіце, на другой жабцы – іншыя літары і іншыя значкі. Вось калі б сабраць усіх чатырох жабак! Вы не ведаеце, Валянцін, дзе могуць быць астатнія дзве?
        – Ды яны напэўна ў касцёле загінулі, – змрочна адказаў Валянцін.
        – Не, не можа быць! – абурылася Паліна. – Гэта было б несправядліва ў адносінах да мяне!
        Валянцін з неўразуменнем зірнуў на суразмоўніцу.
        – Вядома, несправядліва!– паўтарыла Паліна. – Я толькі зацікавілася – і ўсё перапыніцца. Як фільм, на самым захапляльным эпізодзе. Жабкі аддзяляліся ад пастамента параўнаўча лёгка. Самі бачыце, якія яны сімпатычныя. Упэўнена – іх забралі з касцёла. Мой сябра, што прынёс мне жабу, – ён нядаўна памёр – гаварыў, што калі касцёл узрывалі, то на надмагіллі ўжо не заставалася фігур.
        Скульптар ізноў устрывожыўся:
        – А што, ваш сябра таксама цікавіўся гісторыяй Рашчынскага? І як ён памёр? Даўно?
        Паліна ледзь не зазлавала.
        – Адкуль у вас такая падазронасць? Смерць Артура навуковых росшукаў не тычыцца. Лепей пра гэтыя значкі падумаем.
        – А што тут думаць? – азвалася Палініна маці. – Трэба да Сымона Пятровіча з нашага тэатра звярнуцца! Ёсць у нас такі рабочы сцэны. Дэкарацыі перасоўвае, апаратуру. Сам – ваенны ў адстаўцы. На падлодцы служыў штурманам – значыць, у картах мусіць разбірацца, як бусел у жабах!
        – Што за Сымон Пятровіч? – здзівілася Паліна. – Нешта не памятаю ў вас такога...
        – А калі ты ў нашым тэатры апошні раз была? – накінулася на дачку Марыя Апанасаўна. – Здзічэла зусім. Гімназія – дом, дом – гімназія... Ну яшчэ архіў, бібліятэка ды музей. Бабскае царства. Усё роўна ж дысертацыю кінула, нашто мазгі сушыць! Прайшлася б калі па горадзе, у кавярні пасядзела...
        – Мама, у кавярні зараз не з дзяржаўнай зарплаты сядзець! –Паліне было непрыемна – зноў маці перайшла на ўлюбёную тэму. – І нашаму госцю зусім нецікава слухаць пра акалічнасці майго асабістага жыцця.
        – Ну чаму ж...– нясмела запярэчыў скульптар. – Якраз асабістае і ёсць самае цікавае. Усё сапраўднае мастацтва вырастае са штодзённага, вельмі інтымнага.
        – А як жа наконт грамадзянскага гучання? – з’едліва кінула Паліна. – І ўвогуле – побыт толькі перашкаджае творчаму выяўленню. Я думаю, што мастак уцякае ў сваю творчасць ад асабістага жыцця і яго будзённых турботаў.
        Валянцін не згаджаўся.
        – Вы памыляецеся. Мастак – як куст бэзу: карані яго натхнення – побыт – схаваныя, занятыя нецікавай справай сілкавання, выжывання. А кветкі-творы буяюць нібыта самі па сабе. І здаецца, нібыта ўсё мастакоўскае грэшнае жыццё, увесь бэзавы куст складаецца з кветак – ні каранёў, што прабівалі шлях у цёмнай зямлі, адбіраючы жыццёвую прастору ў іншых, ні галінак, якія ламалі ўсе мінакі ў ахвоту.
         Марыі Апанасаўне маналог віленскага госця спадабаўся.
        – А вы філосаф! – з павагай прамовіла яна. – І, відаць, майстра добры. А вось Паліну маю маглі б вылепіць?
        – Мама! – ледзь не закрычала Паліна. – Ну як табе не сорамна!
        Валянцін, прымружыўшы вочы, глядзеў на Паліну.
        – Думаю, скульптурны партрэт атрымаўся б. Хаця мушу сказаць, вельмі часта адбываецца, што прыгожыя твары, калі іх вылепіш, страчваюць усю прыгажосць, і наадварот – у непрыгожых выяўляюцца прывабнасць, арыгінальнасць. Скульптура адбірае колеры, ззянне вачэй, няўлоўныя рухі рысаў – вельмі мала каму са скульптараў удаецца перадаць унутранае жыццё мадэлі. Звычайна лепяць адну форму. Нават калі зняць з вас гіпсавую маску, вы наўрад ці пазнаеце ў ёй сябе...– Валянцін вінавата ўсміхнуўся Паліне. – Вы нагадваеце партрэты Смірновай-Расэт. Была такая прыгажуня ў пушкінскую эпоху, гаспадыня свецкага інтэлектуальнага салона. Сябравала з Гогалем, Вяземскім, тым жа Пушкіным... Рысы дакладныя, характэрныя. І абрыс вуснаў такі самы. Тады лічылася эталонам жаночай прыгажосці, калі вусны маленькія, «сардэчкам», яркія... І складка вуснаў – як у дзіцяці, гарэзная і наіўная. Але я не вазьмуся перадаць, скажам, ваш пагляд. Ён у вас так дзіўна мяняецца – то пазіраеце, прабачце, як класная дама, то як жыццярадаснае дзіця. Паставу, праўда, перадаць лягчэй...
        Позірк скульптара неяк вельмі ўчэпіста-прафесійна абмерыў Паліну, усё роўна як правёў рукамі па целе.
        – А пра Палініну фігуру гаворка не заходзіла, – у голасе маці гучаў такі метал, што Валянцін адразу спалохана перавёў вочы на свой кубак гарбаты. Паліна схавала ўсмешку. Госць адпіў яшчэ раз, паставіў кубак на стол, трывожна зірнуў на гадзіннік і ўзняўся.
        – Ну, усё... Дзякуй за гарбату, за гасціннасць. Мне пара. Дзіна чакае.
        Вось табе і пернік. Чужы мужчына пад прыглядам. І сказаў – нібыта прабачэння просіць, нібыта ў нечым сорамным прызнаўся.
        – Дзіна – тая дзяўчына, што вашы вырабы прадавала? Жонка?
        Валянцін вінавата ўсміхнуўся:
        – Калі дакладней – яна мая ўладальніца.
        Марыя Апанасаўна ўхваліла:
        – Правільна, жонак трэба шанаваць, слухацца.
        Але Валянцін ніяк не падтрымаў тэму, выйшаў у вітальню, за ім пасунулася падабрэлая Марыя Апанасаўна... Паліна зусім забылася, што там – непрыбітая вешалка і інструменты побач! І хутка з калідора данеслася бадзёрае пастукванне малатка і гэткія ж бадзёрыя каментары маці.
        – Што ж, можа, лепш такі, чым ніякага! – зазначыла маці, калі за госцем зачыніліся дзверы. – Непатрабавальны, паслухмяны, уважлівы... Вядома, з мухамі ў носе, але дзе ты бачыла іншых!
        – Мама, ён жанаты, – сярдзіта прагаварыла Паліна, прыбіраючы посуд са стала. – Ягоныя вартасці мне без патрэбы.
        – Я ж табе яго і не сватаю, – таксама зазлавала маці. – А толькі і ты прынца на белым кані не чакай. Яны сёння калі і ездзяць на белых конях, дык хіба падчас запою. Ды хапае ж і нармальных, добрых хлопцаў. Вось у нашай артысткі, Лялечкі Малецкай, сын... Менеджэр, нежанаты...
        Паліна ўцякла ў свой пакой, ляснуўшы дзвярыма, праз якія даляцела апошняя матчына рэпліка:
        – І ўрэшце, віншую цябе – за апошнія тры гады гэты недарэка быў першы мужчына, які меў гонар выпіць з намі сам-насам гарбаты.
        Сапраўды... Прайшло ўжо тры гады, як з’ехаў Стась. Неверагодна! Нібыта час для Паліны спыніўся. Выходзіла замуж не на пару гадоў – да канца жыцця размерыла шлях. І, саштурхнутая пад адхон на самым пачатку, там і засталася.
        З кім параўнаў яе госць – са Смірновай-Расэт? Цікава, можна пашукаць у бібліятэцы нешта пра гэтую свецкую даму.
        А да Сымона Пятровіча, былога штурмана, абавязкова трэба наведацца. І скульптар, дарэчы, прасіў яго з сабой паклікаць. Нібыта яшчэ тыдзень яны з «уладальніцай» будуць у Мінску.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.