РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
2
        
2

        
        Гукан на абед не прыехаў.
        Кірыла, шумны з раніцы, вясёлы і лагодны пасля заканчэння свайго артыкула, пачаў хмурнець і злавацца. Знарок сказаў жонцы, што запрасіў у госці старшыню гарсавета.
        Валянціна Андрэеўна надзвычай тонка адчувала мужаў настрой, а таму не ўпікнула ніводным словам.
        – Калі ласка. Абед у нас з Галяй добры. Пачакаем.
        Кірыла паглядзеў на гадзіннік, яму хацелася есці, можа, таму і злаваўся. Пайшоў да Яраша, які ляжаў каля ручая пад дубам і чытаў часопіс на ангельскай мове.
        – Хам.
        – Хто? – Ярашу чамусьці зрабілася смешна, і ён закрыў твар далонямі.
        – Калі я быў патрэбны яму, тады ён знаходзіў мяне ўсюды. Я знарок прасіў у рэдактара камандзіроўкі ў самыя далёкія куткі. Ён адклікаў назад і яшчэ папракаў, што я не маю партыйнага сумлення. «Гэта не мая кніжка. Гэта партыйнае даручэнне. І мне, і табе». Вось як!
        – Юпітэр, ты злуеш... І паўтараю: не падабаецца мне твой намер. Запрасіць чалавека, каб...
        – Дальбог, а запрашаў шчыра. І пагутарыць хачу шчыра. Нарэшце, чаму ты думаеш, што за гэтыя гады погляды яго не змяніліся? Усё змянілася.
        – А калі шчыра, то цярпліва чакай і, як добры гаспадар, выбач. Мала чаго мог затрымацца чалавек. Ты сам не такі ўжо акуратны.
        – Есці хачу.
        – Табе карысна пагаладаць.
        Кірыла лёг на спіну, палажыўшы рукі пад галаву, смачна пацягнуўся. Доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі, але ён ніяк не мог убачыць іх і са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзіць старасць. Хацелася пафіласофстваваць на гэтую тэму. Але Яраш уважліва чытаў. Кірыла паглядзеў на сябра і не адважыўся перашкаджаць. Жыла ў ім павага да людзей, якія чытаюць на замежнай мове. Павага і зайздрасць. Ён шкадаваў, што быў гультаём і не вывучыў ніводнай мовы. Праўда, тут жа знаходзіў апраўданне: яго пакаленню было не да таго. А хіба Яраш не з яго пакалення?
        Неяк Яраш сказаў, што не позна запоўніць гэты прабел цяпер. Не позна! Куды к чорту! Няма калі пачытаць на роднай мове, не тое што вучыць чужую.
        А неба... неба якое сёння! Яснае, яно ніколі, аднак, не бывае аднолькавым, мае тысячы адценняў. І адценні гэтыя мяняюцца на вачах. Вось як цяпер. І хмаркі-аўчынкі заўсёды розныя – па форме, па абрысах. Гэтая, што плыве над лясніцтвам, падобна на... На што? На прычоску Элы, машыністкі рэдакцыі. Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету – яна засушыла. Нават доўга любавацца небам ён ужо не можа, стамляецца. Натура яго прагне дзейнасці, хоць якой-небудзь.
        – Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Употай. А за абедам, на здзіўленне сваім «Богам падараваным», будзем піць адно кісленькае віно.
        Яраш засмяяўся:
        – У цябе авантурны характар, Кірыла.
        Абедалі разам, за агульным сталом, як рабілі часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такі час дня там быў цень. Толькі Іра за стол не прыйшла.
        – Яна перакусіла, – адказала Валянціна Андрэеўна на мужава запытанне.
        Кірыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкі да іх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца «з сямейным эгаізмам», а галоўнае – з індывідуалізмам дзяцей. Праявы такога індывідуалізму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкі і сына супрацьлегла, па-рознаму.
        – Гэтая твая неарганізаванасць корміць іх эгаізм, – папракнуў Шыковіч жонку. – Але, ты яго падаграваеш! Што ім да другіх, да парадку! Парадак – гэта для бацькоў. А для іх – анархія. Захацела – паела, і бывайце здаровы. Ніякіх турбот. Мама нагатавала, мама і талеркі памые...
        Галіна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковічаў, старэйшых па ўзросту, на яе Віктара і Наташу. Але не любіла, калі пры малых залішне многа гаварылі пра эгаізм і ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабаліся па сутнасці сваёй правільныя, глыбакадумныя разважанні Шыковіча ў прысутнасці дзяцей. Яна лічыла, што выхаванне – такі хітры механізм, які павінен быць заўсёды схаваны і разам з тым ні на міг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дыміць, не чадзіць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы між іншым, раскладаючы відэльцы і нажы:
        – А ты паказвай прыклад.
        І быццам кальнула Кірылу відэльцам у бок. Ён з грукатам ад’ехаў на крэсле ад стала, усхапіўся.
        – Не, ты слухай... Выходзіць, ва ўсім вінаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылі. Што я – труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмі! Я працую дзень і ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасці пісьменнік? Рэдка нават падхалімнічаю.
        – Але – бывае? – з іроніяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку віна.
        – Часцей перад жонкай.
        – А як жа... Нешта я не адчуваю, – адгукнулася Валянціна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працірала кілішкі.
        – Не, без жартаў... «Паказвай прыклад». У чым, дарагая Галіна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благія прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаванні чалавека? Праца. Я працую. І ты працуеш! – крыкнуў ён жонцы. – Дык чаму нашы дзеці не навучыліся працаваць? Чаму растуць эгаістамі? Вось што мяне хвалюе...
        – Твае дзеці не горшыя за іншых, – сказала гэта Валянціна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з’явіўшыся на парозе з кілішкамі і шклянкамі ў руках.
        – Не горшыя... Супакоіла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю.
        – Няпраўда. Пры дзецях я ніколі не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым ім.
        – Словы нічога не значаць, – зноў жа нібы так сабе, між іншым, кінула Галіна Адамаўна.
        Шыковіч узмахнуў рукамі, як ястраб крыламі.
        – Вось табе, калі ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялікую сілу слова. Жыў за слова, карміў дзяцей...
        Наўрад ці чула Галіна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кірылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусім не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнівая... А вось у размове з ім, асабліва калі размова пераходзіць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышыні кідае бясспрэчныя ісціны. Яна пайшла – і Кірылу расхацелася шумець і спрачацца. Цяпер толькі ён прыкмеціў, які доўгі, нязграбны Віктар. Кожны раз, калі пры ім дарослыя пачыналі гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такія абражалі хлопца. Наадварот, Наташа слухала іх, разявіўшы рот. І цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кніжку, а вухам лавіла кожнае слова дарослых. Ёй вельмі хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цікавіў адзін стол: як заўсёды, ён наводзіў на ім парадак і прыгажосць. Ні мама, ні цётка Валя не ўмеюць гэта рабіць лепш за яго.
        Калі Галіна вярнулася і паставіла на стол талеркі са смажанымі лісічкамі і салату са свежых гуркоў, Кірыла сказаў памяркоўна, прымірэнча:
        – Я толькі адзін магу зрабіць вывад: залішне многа выгод даём мы дзецям. Відаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам...
        Тут не вытрымала Наташа:
        – Няпраўда, дзядзька Кірыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзеці.
        Усе засмяяліся з яе непасрэднасці.
        – Давайце за стол, філосафы, – запрасіла Валянціна Андрэеўна.
        Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна і хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслі свежасці, яны апусцілі на зямлю млявую парнасць. Замерлі дрэвы, нават трапяткая асіна над ручаём сцішылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусціўшы на траву кнігу і звесіўшы руку.
        Кірыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кідаючы асобныя словы ў размову жанчын і Яраша, часам неўпапад. Гэта іх смяшыла. Смех будзіў знясіленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў:
        – Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага... ага? – І галава яго зноў падала на грудзі.
        – Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, – сказаў Яраш і пайшоў з Віктарам збіраць рыбацкія прылады.
        Збіраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабіў грукату на верандзе, закрычаў:
        – Кірыла! Даволі дрыхнуць! Хадзем вудзіць.
        Шыковіч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногі і павярнуўся на бок. Але Валянціна Андрэеўна са смехам перакуліла шэзлонг, выкінуўшы мужа на зямлю.
        – Ідзі, ідзі. Няма чаго пуза гадаваць. Цягні яго, Антон.
        Сухое сена (на ўзгорку ляжалі першыя пакосы) разлівала далёка навокал не толькі густы водар, які п’яніў, але і асаблівую цяплынь, якая ўзнімала настрой, будзіла фантазію, уяўленні і ўспаміны маленства. Млявасць была ад нечага іншага, можа, ад тонкага водару кветак у нізінах ці едкага паху выкінутых на бераг водарасцяў, ілу і малюскаў.
        Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Толькі каля травяністага берага нябачныя мошкі ці вадзяныя жукі чарцілі на гэтай гладзі адмысловыя іерогліфы. Рыба лягла на дно – ніводнага ўсплёску. Пакуль Віктар не разбудзіў цішу і гладзь блешняй спінінга. І адразу возера ажыло: разышліся кругі, быццам несучы сігналы небяспекі; з травы вылецела качка, кракнула і ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нібы кінулі вялікі камень.
        – Шчупак! Тата, бачыў, які шчупак? – азартна крыкнуў Віктар і пачаў кідаць у тое месца блешню. Калі круціў катушку, дзіўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзільна пратыкала яго худы жывот наскрозь.
        Мужчыны пастаялі, паглядзелі. Шыковіч прапанаваў тут жа і павудзіць – ленаваўся ісці далей, ён абліваўся потам.
        – Гэтая лужына як заварожана... Браканьерамі... Колькі яны выцягваюць сеткамі рыбы! А я на вуду і спінінг не ўзяў ніводнай маляўкі, – сказаў Яраш.
        І яны рушылі далей. Адзін Віктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком.
        Рака дыхнула вільготнай свежасцю і прахалодай. Пахла дажджом. Набліжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракі. Недарма ў народзе кажуць: рэкі прыцягваюць дождж. Рэкі і лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнімаецца ўсёй сваёй вільгаццю насустрач далёкаму дажджу.
        Яраш умеў не толькі любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомніць ці выявіць законы яе з’яў. Шыковіч, нягледзячы на сваю прафесію, не любіў глыбока пранікаць у сутнасць гэтых з’яў. У хвіліны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокім беразе над вірыстай плынню, ён узмахнуў рукамі, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду і ад захаплення галёкнуў:
        – О-го-го! Хараство-о-о! – і сеў на спаленую жорсткую траву, звесіўшы з абрыву ногі. – Нікуды далей не іду. Вось тут маё месца. – Кінуў уніз вуду і сам з’ехаў на спіне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскінуўшы, як забіты, рукі і ногі.
        Яраш, пасміхаючыся з яго дзівацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца і сядзець на гэтым месцы – марна траціць час. А вось ён ведае мясціну, дзе акуні самі лезуць на кручок.
        Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазіны сцёбалі па твары, па руках. Кірыла лаяўся:
        – Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагінаўся. Цябе Валя падкупіла? Прызнайся.
        Яраш смяяўся, ідучы наперадзе. Выйшлі з лазнякоў. Яраш спыніўся і расчаравана свіснуў.
        – Захапіў нейкі тып наша месца.
        Бераг тут паніжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынічка: яна жывіла сенажаць, даўжэй трымаючы разліў, а таму і ўлетку, калі на сухадолах пабляклі ўжо фарбы, пойма яе вабіла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спыніліся крыху расчараваны Яраш і абыякавы Шыковіч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвосту, кастрыцы і шчаўя. І толькі зязюліны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалі свае дробныя яркія кветкі. А там, ніжэй, усё яшчэ цвіло, кожная травінка; жоўтыя, чырвоныя, ліловыя, васількова-сінія, блакітныя кветкі, зліваючыся ў дзівосны вясёлкавы колер, закрывалі яркую зелень травы.
        І там, на мысе, дзе ручай уліваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапіў улюбёнае месца Яраша.
        Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякі, але Шыковіч угледзеўся і здзіўлена выгукнуў:
        – Фу, чорт! Калі ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта – сам Гукан. Далібог, ён!
        Яны наблізіліся. Сапраўды, гэта быў ён – старшыня гарсавета Гукан. Шыковіч прывітаўся. Гукан адказаў няўважліва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькі. Адно бамбукавае вудзільна ён трымаў у руках, другія былі ўтыркнуты ў гліністы бераг. Ён стаяў, шырока расставіўшы свае доўгія ногі, нахіліўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі, ён нагадваў у профіль ястраба, які выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракі. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня і рыбнай лоўлі – у белы палатняны касцюм. Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі, моцна адтапыранымі, і яшчэ большымі бакавымі, таксама нечым напакаванымі. (Можа, гэта і зручна для рыбалова – такое мноства кішэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвіслая ззаду, яна неяк смешна маладзіла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка.
        Яраш заглянуў у гумавае вядзерца, што стаяла ззаду рыбалова, убачыў, што яно амаль поўнае рыбы, і адчуў павагу да чалавека, які ўмее вудзіць; не тое што другія – абы час загубіць. Доктар паважаў усялякае ўменне.
        Шыковіч разглядаў Гукана з іранічнай усмешкай: ён упершыню бачыць яго ў такой форме і ролі.
        Толькі падсекшы і выкінуўшы на траву трапяткога акунька, Гукан павярнуўся да іх і працягнуў руку.
        – Што гэта вы, Сямён Парфёнавіч! Мы вас чакаем, – выказаў крыўду Шыковіч, хоць цяпер яго чамусьці мала кранула тое, што Гукан не прыехаў.
        – Прабач, Кірыла... Не ўтрымаўся ад спакусы. Калі нашаму брату ўдаецца выбрацца на лона прыроды. Вось і думаю: палаўлю і з’яўлюся ў госці са сваёй юшкай. Чакай.
        Нырнуў паплавок адной з вуд. Гукан спрытна скочыў да вудзільна і выкінуў срэбна-белую плотку... Яраш зняў яе з кручка. Кідаючы ў вядзерца, спытаў:
        – Гумай не пахне?
        – Не. Праверана.
        – То, можа, час ужо варыць юшку? – прапанаваў Шыковіч.
        – Ты бачыў, як бярэцца? Павудзім, доктар? – звярнуўся Гукан да Яраша, мабыць, адчуўшы ў ім аднадумца, недарма кажуць: «Рыбак рыбака бачыць здаляка».
        – Безумоўна, павудзім! – падтрымаў Яраш. Скінуўшы тапкі, падкасаўшы штаны, ён пайшоў цераз ручай. – Я далей.
        Гукан ацаніў яго рыбацкую далікатнасць. Паглядзеў услед, сказаў:
        – Зайздрошчу гэтаму чалавеку. Волат. – Уздыхнуў: – Няроўна дзеліць маці-прырода.
        – Ды і няроўна, каб ёй пуста было, – згадзіўся Кірыла, разматваючы леску.
        Ён прымасціўся тут жа, крокаў за дзесяць ад Гукана, хоць таму гэта не вельмі спадабалася. Сеў на абрыве, звесіў ногі да вады, насадзіў чарвяка, папляваў на яго, нацягнуў леску, сагнуўшы вудзільна, і адпусціў: кручок і груз паляцелі далёка ў раку, але плынь хутка знесла паплавок да берага. А Гуканавы паплаўкі, наадварот, цягне на сярэдзіну. Нечаканыя павароты робіць плынь! Шыковіч прасачыў, як праплыў кусцік травы, паразважаў у думках над тайнамі ракі, зразумеў урэшце, чаму Гукан заняў гэтае месца: зліваюцца два струмені – ракі і ручая, рыба любіць такія куткі. Яго месца – ужо не тое. Але не стаў шукаць другога. Тут хораша сядзець на мяккай траве. Вада блізка, хоць апускай у яе прахалоду ногі. Дзіўнае журчанне. Кірыла ўпершыню чуе такое. Быццам вада бяжыць па звонкай металічнай трубе. Чаму гэта? Адкуль? Струмень б’е ў бераг? Але бераг тут мяккі. Ён услухаўся, угледзеўся. Ды думкі расплываюцца, нельга засяродзіцца. Наплывае ўсё адразу. Ластаўкі чэрцяць крыламі ваду. Лятаюць каля самых ног. Можа, гняздо ў абрыве? Пахнуць травы. Ластаўкі не парушаюць спакой, а водар ап’яняе. Асільвае стома. Хочацца спаць. Чырвоны паплавок лёгка гойдаецца, але не нырае. А ў Гукана нырае. Той раз-пораз падсякае. І ўжо колькі разоў у паветры мільгалі рыбкі, трапяталіся ў траве.
        «Драбязу бярэ. Можна і з вудай браканьерыць. Трэба сказаць яму». Але не сказаў, паленаваўся. Хацелася паваліцца ў траву і глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокі. Сонца яшчэ прабівае іх, але расплылося, як... яйка на скавародцы. Чужы стары вобраз. Ліха з імі, з гэтымі вобразамі. Зноў дасціпныя крытыкі будуць лавіць у яго блохі. Алах з імі! Не кожны піша метафарамі. Цяжка чмякнула нешта ў траве збоку.
        – Глядзі! – Гукан трымаў у руцэ вялікага акуня, і твар яго ззяў ад шчасця.
        Шыковіч засмяяўся. Успомнілася французская кінакамедыя, эпізод, дзе ў спаборніцтве рыбаловаў рыба бралася толькі на кручок браканьера – героя фільма.
        Кірылу заўсёды смяшыла наіўнасць, хлуслівасць і радасць рыбакоў і паляўнічых. Паважаныя сур’ёзныя людзі, узяўшы вуду і стрэльбу, ператвараюцца ў дзяцей і мюнхгаўзенаў. Між тым Гукан дастаў з кішэні прыладу накшталт маленькага пісталета, выцягнуў з дула стужку рулеткі і змераў даўжыню акуня. А пасля гэтай жа прыладай зважыў рыбіну. Кірыла глядзеў на яго ўжо без іроніі, без смеху, а з нейкім нават захапленнем: «Ух, чорт! Вось гэта акуратнасць!» Твар Гуканаў, які быў расплыўся ад усмешкі, зноў выцягнуўся, калі ён сказаў:
        – Восемсот грамаў. Думаў, больш будзе.
        Але ўвогуле яго, відаць, задаволіла рыбацкая ўдача. Ён раптам сеў пад вярбой. Дзіўна сеў, высока, на ўзровень падбародка, падняўшы вострыя калені. На правае калена палажыў вудзільна.
        Шыковіч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькі, і залюбаваўся іх гульнёй.
        – Чым, інжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у бліжэйшы час?
        Кірыла не любіў ні гэтага звароту, які замусолілі да агіднасці, ні гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мімаволі зрабіў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой і запрашаў яго.
        – Хачу вярнуцца да падполля. – Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгі пільны позірк старшыні гарсавета.
        – Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якія збудавалі. Дзеці выраслі, што нарадзіліся пасля вайны. Глянеш навокал – дух займае. Вось-вось савецкі чалавек на Месяц ступіць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткі, глядзіце. Не ўмееце глядзець наперад!
        – Справядлівы папрок, Сямён Парфёнавіч! – бадзёра падтрымаў Шыковіч. – Але кожны піша пра тое, што яго хвалюе.
        – Раман? – спытаў Гукан пасля доўгага маўчання.
        – Дакументальная аповесць.
        – Дакументальная? Пісана-перапісана...
        – Не так ужо многа, Сямён Парфёнавіч. Пра наш горад адна ваша кніга. Ды і колькі там пра падполле! Мімаходзь. Я хачу заглянуць глыбей... Разабрацца...
        – Разбіраўся гарком.
        – Правільна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асабліва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзіцеся, што цяпер мы на многія рэчы глядзім другімі вачамі.
        – Хочаш, значыцца, прарэвізаваць рашэнне гаркома. – Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.
        Шыковіч каўзануўся па траве і моцна ляснуў вудзільнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступіць ні ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнігі, напісанай яго, Кірылавай, рукой. Апанавала злосць.
        «Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многія? Чаму ты лічыш, што адзін ты сказаў ісціну ў апошняй інстанцыі? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром і рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напісаў у кнізе. А людзі – удзельнікі – пратэстуюць!..»
        Кірыла аберуч сціснуў вудзільна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна і недарэчна. Памог яму саўладаць са сваімі пачуццямі сам Гукан. Той падняўся на ногі, зноў нахіліўся над ракой, і збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў і рыбы, нічога больш не хвалюе і не цікавіць яго. Кірыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар і, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:
        «Актор, чортава жардзіна! Я дорага заплаціў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш».
        Яны доўга маўчалі.
        Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:
        – Гэта цябе Яраш падбівае на падполле? Раю не вельмі давяраць яму. Анархіст.
        – Яраш – анархіст? – Кірылу стала чамусьці весела. – Больш дысцыплінаванага чалавека я не ведаю.
        – Розная бывае дысцыпліна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданні. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лінія нашай барацьбы. І яго трымалі ўбаку. Таму ў яго склалася дзіўнае ўяўленне аб падполлі. У нашай кнізе, канешне, не ўсе факты і людзі названы... Але я і не ставіў такой мэты...
        «Кніга наша, а мэта твая», – засек у думках Кірыла.
        – Мы далі агульную ацэнку... А Яраш хацеў перакрэсліць усё, бо не назвалі яго... Помніш яго пісьмо?..
        Шыковіч успомніў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пісьмо, знайшоў маладога лекара. І той расказваў пра сваіх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.
        Не, Яраш пісаў тады не з-за сябе! У гэтым Кірыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю і Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карціне падпольнай барацьбы ў горадзе.
        Адначасова Кірыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што ці варта варушыць мёртвых і падзеі даўно мінулых дзён. Нават Яраш, нястрымны і нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта – старасць? Дача, галубы, рыба...
        А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?
        У Шыковіча нярэдка ўзнікалі такія сумненні ў актуальнасці сваіх творчых задум. Гэта цяжкія сумненні, яны часта выклікалі дэпрэсію, абыякавасць, застой. Кірыла баяўся іх. Таму яму больш не хацелася ні «мацаць» Гукана, ні ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось іншае!
        Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек і выкінуў ніштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкі азарт Гукана, бо язя той не ўзяў ніводнага. Сямён Парфёнавіч сеў бліжэй і пачаў расказваць пра звычаі рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмі манатонна. Кірыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкі ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоіла і зноў расслабіла мозг, цела. Рака закалыхвала...
        Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абваліўся бераг. Глянуў – няма Шыковіча. Міма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавіч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава...
        – За вудзільна! Хапайся за вудзільна! – закрычаў Гукан.
        Шыковіч схапіўся за вудзільна і, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей – у мора.
        – Што здарылася?
        – Задрамаў, – адказаў Шыковіч, круцячы галавою, каб выліць ваду з вушэй.
        – Задрамаў? – Гукан так зарагатаў, што ластаўкі спалохана кінуліся за раку, далей ад такога грому.
        Шыковічу ніколі не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы і ўсмешкі старшыня так рагатаў. Ён ніяк не мог супакоіцца, выціраў слёзы, гладзіў худы жывот і зноў заліваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кінуў вуды і вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.