РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
34
        
34

        
        – ...Не, скажы, верыў ты, што Савіч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!..
        – Ты не ўяўляеш усёй складанасці барацьбы.
        – Дапусцім, што акрамя цябе ёсць людзі, якія таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе?
        – Не.
        – Чаму?
        – Тваё пытанне наіўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабілітаваць Савіча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе і трапіў у час, калі нічога нельга было зрабіць, калі ішлі арышты, правальваліся яўкі. Пасля гэтага я прыйшоў бы і паведаміў: мяне хаваў Савіч, якога забілі падпольшчыкі, а немцы з пашанай пахавалі. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, відаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, які быў час.
        – Карацей кажучы, ты пабаяўся.
        – Ну пабаяўся, пабаяўся! Калі табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуіраваў горад – не баяўся. Адступаў да Масквы – не баяўся. Мяне паслалі назад у тыл – я не баяўся, не бегаў па камісіях, як другія. Ні разу не скакаў з парашутам – скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнізона. Вадзіў людзей на аперацыі – не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзіць разбітае падполле, – не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася...
        – Не крычы. І не бразгай сваімі медалямі. Тое, што рабіў ты, рабілі тысячы, мільёны... Мы выконвалі свой абавязак.
        – Але, я пабаяўся. А другія не баяліся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерці ад кулі ворага. А памерці ад рук сваіх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты ні ў чым не вінаваты... Ты ўяўляеш? Ты думаў калі-небудзь пра гэта?
        – Думаў. І цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф’я Савіч, калі пасля фашысцкага канцлагера трапіла ў Сібір.
        Паўза. Гучна, з лёгкім меладычным звонам адбіваў секунды вялікі медны маятнік стаячага гадзінніка. Астматычна дыхаў адзін з двух, што прысутнічалі ў кабінеце.
        – Я думаў і бачыў многа разоў, як ішлі на смерць, каб ратаваць таварыша. І я гэта разумеў. А вось такі данос на людзей, якія ратавалі цябе, – гэтага я зразумець не магу.
        – Ну, змаладушнічаў! Я ж не хаваю. Я напісаў пра гэта ў тлумачальнай запісцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гісторыяй, даказваць... Нічога ж не змянілася ў сорак пятым, ты ведаеш.
        – Мы перамаглі фашызм, і нічога не змянілася?! Для цябе нічога не змянілася?
        – Цяпер лёгка разважаць.
        – Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру...
        – Я прашу...
        – Чаго там «прашу»! Не іграй святую невіноўнасць. Дрыжаў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар’еру – вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыі. Амаль шэсць год пасля дваццатага з’езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другіх? Дзеля чаго, у імя якой ідэі ты хаваў яе?
        – Гэта што, допыт?
        – Я не прасіў цябе. Ты прыйшоў сам, каб «раскрыць душу», параіцца.
        – Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбіралі справы некаторых з тых, хто пісаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былі аб’ектыўнымі.
        – Мы разбіралі кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялі часам лібералізму. Між іншым, некаторых з іх браў пад абарону ты. З пазіцый высокага гуманізму. А Шыковіча хацеў выключыць за ўчынак сына.
        – Падбіраеш факты?
        – Не. Проста прыгадваю. Факта даволі аднаго. Якія яшчэ патрэбны факты?
        Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкія крокі.
        «Дзын-дзон, дзын-дзон», – дзіўны стук маятніка ў гадзінніка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якія ад удару па-рознаму гучаць.
        – Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
        – Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькі за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш – разам працаваць.
        – Так нават?
        – Уяві, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госці. Не чакай, не прыйду.
        – Ясна.
        – Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
        – Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
        – Бывайце.
        Тыя ж цяжкія крокі, гулкія на паркеце, мяккія, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулі дзверы. Ляпнулі другія, з таго боку.
        «Бывайце»? – Гукан не помніў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвіцы, успомніў, што так адказаў Тарасаў – на «вы». Гэта яго чамусьці ўразіла больш, чым уся размова. Ён спыніўся, падставіў успацелую лысіну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкі.
        Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такія справы. На каго ці на што ён мог мець надзею?! Павінен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калі пазваніў Шыковічу і папрасіў сустрэцца. Як той, нахабнік, адказаў!
        «Калі ласка, Сямён Парфёнавіч! Заходзьце заўтра пасля дванаццаці ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма».
        Здзекаваўся, пісака няшчасны!
        «Ох, распусцілі вас. Спахопіцеся!» – Ён выходзіў і пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такія метады кіраўніцтва.
        На першым паверсе яму зрабілася цяжка дыхаць, нібы ён спускаўся не ўніз, а падымаўся высока ўгору. Ён спыніўся каля міліцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:
        – Гады.
        Маладзенькі міліцыянер стукнуў абцасамі і бадзёра пацвердзіў:
        – Так точна, таварыш Гукан!
        Сямён Парфёнавіч выйшаў на вуліцу. Як ніколі, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. І кожны трэці з мінакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставаліся два дні.
        Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мітусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасці, чым само свята. Ён, гаспадар, любіў у такія дні аб’ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як ідзе гандаль? Але яму ніколі не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзіў, а больш ездзіў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзіўна супакоіла. Ён залажыў рукі за спіну, згорбіўся больш звычайнага і рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, і якраз там, дзе асабліва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалі па слізкім тратуары. Сямён Парфёнавіч вылаяў у думках трэст ачысткі. Вось зараз ён прачысціць ім мазгі! І пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павінен прывучыць сябе не хвалявацца і хадзіць толькі вось так – не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.
        Убачыўшы людзей з пакупкамі, ён успомніў, як жонка сказала дні два назад нібыта жартам, а магчыма, і з крыўдай:
        «Даўно ты, Сеня, падарункаў мне ніякіх не рабіў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года».
        Сямёну Парфёнавічу раптам захацелася быць добрым, і ён пайшоў ва ўнівермаг.
        Людзей – не прабіцца. Ён успомніў, што паслаў ужо два пісьмы ў Дзяржплан рэспублікі з просьбай асігнаваць сродкі на будаўніцтва другой універсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
        «Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, – зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвіліну мусіў прызнаць: – Пабудуюць. Цяпер лёгка». Усё, што будзе рабіцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкім.
        Рост яго дазваляў заглядваць на паліцы праз галовы людзей. Што купіць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзіў з аддзела ў аддзел. Відаць, нехта з работнікаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў – малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькі цяпер прыкмеціў, што ўнівермагам загадвае такі малады чалавек. Гэта яму чамусьці не спадабалася.
        Дырэктар скардзіўся:
        – Мала тавараў, Сямён Парфёнавіч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
        – Парайце, што купіць у падарунак жонцы.
        – Сямён Парфёнавіч! – з дакорам зазначыў дырэктар. – Пазванілі б. Што вам самім хадзіць?
        «Падхалім», – падумаў Гукан і строга адказаў:
        – Я гэтага не люблю.
        Аднак не адмовіўся пайсці ў кабінет дырэктара.
        – Што б вы хацелі? – спытала таваравед, жанчына, ад погляду і ўсмешкі якой, здавалася, рабілася святлей у змрочным кабінеце.
        «Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну», – усё больш і больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:
        – Далібог, не ведаю. На ваш густ.
        – Колькі год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:
        – Пенсіённы век.
        У чароўных вачах тавараведкі скокнулі чорцікі:
        – Ёсць цудоўныя шалі. Ёсць венгерскія кофтачкі.
        Гукану хацелася спытаць: «А на прылаўках яны ў вас ёсць?» Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.
        – Давайце шаль. Давайце кофтачку.
        – Вось гэта муж! – аднагалосна ўхвалілі ўсе тры жанчыны, якія прысутнічалі ў кабінеце, хоць на саміх іх былі найлепшыя імпартныя кофтачкі, такія, якіх яго жонка бадай што ніколі не насіла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там ні здарылася, а ён такі добры чалавек быў і ёсць.
        На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзіла нямнога, з Гуканам прывітаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамі ў руках і размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе і калі сустракаўся з ім, Сямён Парфёнавіч ніяк не мог. І раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.
        – Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архітэктар. З наступаючым Новым годам.
        – Дзякую. Вас таксама.
        – Мне захацелася сказаць вам, што праект, які я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленінградзе атрымаў першую прэмію.
        – Віншую вас.
        – Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хваліць, а пасля столькі валаводзіць і... адхіліць...
        – Тут ужо не мая віна. Вашы калегі...
        – Не валіце з хворай галавы...
        Гукан спыніўся, уражаны нахабнасцю і дзёрзкасцю маладога архітэктара.
        – Малады чалавек! Не забывайце!..
        – Я нічога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагі да людзей і да праектаў. Выселкі забудоўваюцца дрэнна, – хлопец адсалютаваў левай рукой і пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы і чакала.
        Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае – пра яго далейшы лёс – не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпізод. Хіба не званілі яму раней, не пагражалі, не пісалі ананімных пісьмаў з самымі страшнымі пажаданнямі? Ён не звяртаў на іх увагі. Часам толькі паказваў у гаркоме, у абкоме і як бы выхваляўся: «Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нікому з вас не прыйшло ніводнага такога пісьма».
        Але выхадка гэтага творцы ў такі дзень!..
        – Пятро Макаравіч! З наступаючым... Прабач, брат, але навагодні баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавіна. Дзякую. Перадам. Тваім таксама.
        Трэба яшчэ двум чалавекам званіць – адмяняць запрашэнне. А жонка нічога не ведае і, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазваніць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабілася шкада жонкі. І падарункі, якія купіў, здаліся мізэрнымі і непатрэбнымі. Хіба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як ніколі раней, ён зразумеў, што яна – той адзіны чалавек, які ніколі не пакіне яго, што б ні здарылася, з якім яму давядзецца дажываць свае пенсіённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, і захацелася зрабіць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункі.
        Заказаў Менск. Далі хутка, хвілін праз дзесяць. Адказала дачка.
        – Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у цягнік – і да нас пад Новы год. Што? У Вовіка панос? – Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовік, Сямён Парфёнавіч узлаваўся: – Панос, панос... – і гаркнуў на ўвесь кабінет: – У мяне таксама панос! – і сярдзіта кінуў слухаўку.
        «З Новым годам павіншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцілі вас. Ох, распусцілі!»
        Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую віну (ён не лічыў яе такой цяжкай, як лічыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваімі заслугамі, ваеннымі, пасляваеннымі. І раптам гэты тып, недапечаны архітэктар, замахваецца на апошнія заслугі – у адбудове горада. «Выселкі забудоўваюцца дрэнна». «Саплякі! Папрацуйце вы столькі, колькі папрацаваў Гукан».
        Сямён Парфёнавіч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, і цяжка ўздыхнуў.
        Можна было ісці дадому – рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьці зрабілася страшна ісці ў пустую кватэру ці, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такіх размоў у свой службовы кабінет, у якім ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена.
        Рабочы дзень быў кароткі – напярэдадні выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзіны. Аднак работнікі разыходзіліся. Праўда, убачыўшы старшыню, многія збянтэжыліся, вярнуліся. Гукан умеў трымаць дысцыпліну, і яго баяліся. Ён не помніў, каб калі-небудзь вось так разыходзіліся. Гэта яго таксама спалохала. «Няўжо пранюхалі? Трэба сабраць усіх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну і павіншаваць з наступаючым». І тут жа падумаў, што выйдзе так, як павіншавалі яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збіраць супрацоўнікаў. Яго ашаламіла, што няма сакратаркі. І пустата ў прыёмнай – ніводнай жывой душы. «Гэты пісака мог раззваніць па горадзе раней, чым прынята рашэнне», – падумаў ён пра Шыковіча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца.
        Ён асцярожна распрануўся, сеў у сваё зручнае крэсла, адкінуўся на спінку, выцягнуў ногі. Толькі цяпер адчуў, як моцна змарыўся, зусім разбіты, усё цела ные. Адпачынак прынёс заспакаенне. Ён доўга сядзеў, нерухома і бяздумна. Нікога не хацелася выклікаць, нікога не хацелася бачыць. Толькі калі ў калідоры загудзелі крокі і галасы – супрацоўнікі выходзілі ўсе адразу, ён як бы схамянуўся, глянуў на гадзіннік – было роўна тры – і падумаў зноў са злосцю:
        «Адной хвіліны лішняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамі». І яму захацелася, на злосць усім, працаваць да позняга вечара. Але што рабіць?
        Пазваніў свайму старому сябру Мухлю. Тады ён вырашыў схадзіць да яе на новую кватэру. Двойчы падыходзіў да дома, падоўгу блукаў вакол. Але ўвайсці – не хапала рашучасці. Каб Маша жыла адна. А то з ёй – нейкая Зося Савіч, пра якую бацька напісаў у газеце як пра гераіню падполля, значыцца, не маладая ўжо. Столькі часу ён выпрацоўваў у сабе незалежнасць, бессаромнасць, абвяшчаў вайну ўсім умоўнасцям, якія ўстанавілі людзі, а прыйшло да паверкі, і ён, выходзіць, як усе, як вучань восьмага класа, які ўпершыню прыйшоў на спатканне. Смешна! Ён здзекаваўся з сябе, каб раззлавацца і, сапраўды плюнуўшы на ўсе ўмоўнасці, пайсці ў гэты дом і сказаць пры ўсіх, што ён кахае гэтае рыжае дзіва. Але нічога не выходзіла. Рашучасці хапала да дзвярэй...
        – З наступаючым, Сямён Парфёнавіч.
        – Цябе таксама, Іван Фёдаравіч.
        Кушнер сваёй адзінай левай рукой моцна, да болю, сціснуў правую руку старшыні, зблізку зазірнуўшы ў твар.
        – Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавіч, несвяточны выгляд.
        Гукан паскардзіўся:
        – Сэрца зноў. Бачыш, валідол смакчу.
        – Але, інваліды мы з табой.
        – Ну, ты яшчэ інвалід баявы. А я, брат, усё. – І даверліва прызнаўся: – Хачу прасіцца на пенсію.
        – Ды што вы! – шчыра здзівіўся Кушнер.
        – Як думаеш, персанальную дадуць?
        – Безумоўна. Каму ж тады даваць.
        – Ты ведаеш усе мае заслугі?
        – А хто іх не ведае! Ты сам іх распісаў...
        Гукана ўсяго перасмыкнула.
        – Здзекуешся? – пабялелымі дрыжачымі вуснамі прашаптаў ён.
        Кушнер сумеўся:
        – Сямён Парфёнавіч! Далібог, нічога дрэннага не падумаў. Меў на ўвазе тваю кнігу. А выйшла бог ведае што... Дурны ў мяне язык! Вы ж ведаеце. Прабачце.
        Гукан супакоена падумаў:
        «Гэты яшчэ не ведае, – але тут жа падумаў пра другое: – А даведаецца, злараднічаць не будзе. Проста скажа, як і той: «Не хачу падаць табе рукі». І ён адчуў нечаканы прыліў нянавісці да іх – да Тарасава, да Шыковіча, да Кушнера, да Яраша, да гэтага маладога архітэктара – за тое, што яны такія, у нечым галоўным не такія, як ён.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.