РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
20
        
20

        
        Гукан амаль спалохаўся, калі сакратарка паведаміла, што да яго хочуць зайсці Яраш і Шыковіч. Хутка падняўся з крэсла, перабіраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную.
        – Скажы, што я заняты.
        Гэта была праўда: пільныя справы, нарады падганялі ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцяміў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камісіі, і Шыковіча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласці размову, калі яна ў іх доўгая, але не пусціць у кабінет...
        Ён спыніў дзяўчыну, здзівіўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасці, памяркоўнасці.
        – Не, не... Няхай заходзяць. Калі ласка, – сказаў мітусліва, разгублена, а сам думаў:
        «Абодва. Без званка. Не папярэдзіўшы. Што ім трэба?»
        Намеснік яго, Кушнер, з якім яны працавалі над пісьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсці. Гукан і яго спыніў:
        – Не, не... Застанься.
        Пайшоў да дзвярэй, шырока і прыветліва расставіўшы рукі, нібы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.
        – Ну, ну!.. Каго я бачу! – выгукнуў ён, калі ў дзвярах з’явілася мажная постаць Яраша. – Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьміч, старшыня камісіі, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кірыла, даўно ўжо не быў, – паціскаючы руку Шыковічу, усміхнуўся Гукан. – Усё ездзіш? Шукаеш герояў?
        – Шукаю, – адчуўшы хітра схаваную іронію ў Гуканавых словах, сур’ёзна і цвёрда адказаў Шыковіч.
        – Прашу, прашу, – паказваў на мяккія крэслы каля рабочага стала Гукан.
        Калі яны прывіталіся з Кушнерам і селі насупраць адзін аднаго, Гукан зірнуў на вялікі гадзіннік, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгія размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:
        – Які клопат звёў разам медыцыну і літаратуру?
        Яраш сказаў проста, без дыпламатыі:
        – Сямён Парфёнавіч, трэба памагчы аднаму чалавеку.
        – Трэба – паможам. Калі хадайнічаюць два дэпутаты...
        – Жанчыне, – сказаў Шыковіч, зазіраючы старшыні ў вочы.
        Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковіч не зводзіць з яго вачэй, і гэтыя дапытлівыя позіркі – «Што ён хоча ўбачыць?» – нервавалі яго.
        – Тым больш неабходна памагчы.
        – Трэба невялічкая, на адзін пакой, але асобная кватэрка.
        Гукан ціха свіснуў:
        – Таварышы дарагія, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.
        – Жанчына ў бальніцы. Пасля цяжкай аперацыі.
        – На сэрцы, – падказаў Шыковіч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукі, у якіх ён круціў тоўсты зялёны аловак.
        – Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? – зацікаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасціўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. – Што ў яе – нікога няма родных?
        – Няма.
        – А дзе яна жыла да аперацыі?
        – Наймала прыватны куток. На ўскраіне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.
        – Безумоўна, – згадзіўся Кушнер і паківаў галавой. – Выпадак цяжкі. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.
        Гукан падсунуў да сябе вялікі настольны каляндар, нацэліўся ў яго алоўкам:
        – Як яе прозвішча?
        – Савіч, Соф’я Сцяпанаўна, – хутка адказаў Кірыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.
        Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкі твар каля вачэй і тут жа звузіўся – шчокі аплылі ўніз. Абяскровіліся глыбокія залысіны. Гукан залішне доўга не ўзнімаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, і нешта накшталт сумнай усмешкі скрывіла яго вусны:
        – Гэта не таго Савіча?
        – Таго, – жорстка адказаў Кірыла.
        – Яна прапісана ў нас? – спытаў Гукан абыякавым голасам.
        – Чатыры гады жыве. І працуе.
        Шчокі аплылі яшчэ раз – нібы пад гладка паголенай скурай перакочваліся нейкія валікі.
        «Чорт! – вылаяўся Сямён Парфёнавіч у думках. – Трэба міліцыі накруціць, каб такіх без майго дазволу не прапісвалі».
        Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п’едэстал, засунуў рукі глыбока ў кішэні штаноў. Сказаў афіцыйна і катэгарычна:
        – Што ж... Паглядзім. Можа, возьмем на чаргу.
        – Не будзь бюракратам! – амаль пагрозліва папярэдзіў Шыковіч.
        Гукана ашаламілі не столькі словы, колькі тон, тое, што «пісака гэты» вось так да яго – на «ты».
        – Дзён праз дзесяць Савіч можна выпісаць, – спакойна паведаміў Яраш і наском чаравіка наступіў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней.
        – Праз дзесяць дзён, Антон Кузьміч, і размовы не можа быць. – Гукан звяртаўся цяпер толькі да хірурга. – Што вы! Ды яшчэ асобная... Такіх і кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма.
        – Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфіскацыі маёмасці няма. Дом належыць ёй, – сказаў Шыковіч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша.
        – Яслі? – на міг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамі, як журавель на ўзлёце крыламі, і закрычаў, здавалася, узрадавана: – Цудоўна! Цудоўна! – Да Кушнера: – Ты чуў? Выкінем на вуліцу дзяцей! Сотню дзяцей! І аддамо дом, у якім, дарэчы, амаль нічога не засталося Савічавага, ён перабудаваны і надбудаваны намі з табой... аддамо гэты дом – каму? Дачцэ...
        – Віна Савіча не даказана! – злосна перапыніў яго Кірыла.
        Гукан шырокімі крокамі выйшаў з-за стала і стаў перад Шыковічам у непахіснай паставе, з цвёрдасцю і жорсткасцю ў твары.
        – Не, таварыш Шыковіч, даказана! Вельмі добра даказана! Усімі органамі. А вы не думайце, што калі знайшлі нейкую знахарку і яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалі, зрабілі пераварот у гісторыі падполля. Вы наіўны чалавек, Шыковіч. Для мяне цяпер ясна, чаму напісаны ваш артыкул. Як толькі паявілася гэтая асоба...
        – Пра асобу гэту ты памаўчы. – Кірыла хацеў сказаць: «Хто, як не ты, загнаў яе ў Сібір?», але Яраш зноў штурхануў яго нагой.
        Антону Кузьмічу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта – кватэра. Ён даў сабе слова любымі сродкамі вырваць для Зосі пакой, і сварыцца з Гуканам зусім не ўваходзіла ў яго планы.
        – Не прэтэндуе яна на дом, – сказаў ён. – Наліха ёй той дом!
        – А вось камуніст, работнік рэдакцыі прэтэндуе. – Гукан адступіў ад Шыковіча, павярнуўся да свайго намесніка. – Дзеля гэтага ён гатовы выкінуць дзяцей... Чаго хочаш... Абы даказаць сваё...
        «Ох і дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе», – думаў Шыковіч, але пад выразнымі позіркамі і жэстамі сябра маўчаў.
        – А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? – неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкі, але, чалавек сумленны, просты і шчыры, адчуў, што праўда на баку хірурга і пісьменніка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру.
        Гукан аж крутнуўся на адной назе – да намесніка:
        – Ты можаш даць?
        – Магу, – з добрай усмешкай адказаў Кушнер. – Роўна праз тыдзень рачнікі здаюць дом па Элеватарнай. Напішам ім гарантыйнае пісьмо, і яны пазычаць адну кватэру. Такі выпадак!
        – Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Ёсць партыйны і грамадскі кантроль.
        – Які ж тут шахер-махер? Вынесем на выканком. Папросім таварыша Яраша далажыць. А я тым часам дамоўлюся з рачнікамі. Яны хлопцы добрыя, зразумеюць. – Спакойная разважлівасць Кушнера неяк адразу ўтаймавала ўсіх. Нават Гукана. Але, забыўшыся, Кушнер нахіліўся ў адчыненае акно і сарваў зялёны калючы плод каштана. І тады Сямён Парфёнавіч закрычаў вісклявым, як у істэрычнай бабы, голасам:
        – Не рві каштанаў! Абшморгаў усё дрэва!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.